Ля чужых берагоў

Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў


Мастацкая проза - Апавяданьні

Лёрэтанскія званы

...Андрэй яшчэ раз падхапіўся і, прабегшы пару крокаў, рынуўся ў якісь равок. Была апошняя хвіліна, бо зараз-жа над ім загудзеў густы рой валавяных чмялёў. Цэлым пеклам нячысьцікаў завыла сэрыя нэбэльвэрфэраў. Андрэй зрабіўся плоскі, як блін, і ўсёй сілай мускулаў хацеў уліпнуць у зямлю. Як-жа ён хацеў, хаб зь цела карэньні ўрасьлі ў сьцюдзёны грунт! Каб ня трэба было падымацца, каб ня чуць гэтага сьвісту, выцьця і трэску.

Ён баяўся, як і ўсе, бо няма такіх, што не баяцца сьмерці, залежыць толькі, як хто можа дзяржаць свае нэрвы ў руках, ад яго пачуцьця абавязку, эмацыянальнага стану. Ужо самая сьведамасьць фізычнага болю, калі зялеза будзе разрываць жывое цела — пужае дастаткова.

Такая зялёная, сьвежая трава ў раўку! Яшчэ навет сонца ня выпіла ўсей расы — так прыемна студзіць заліты потам твар! Ах, каб можна было цяпер заснуць! А трэба ісьці, падымаць жаўнераў, бо пакуль ён ляжыць, яны ня пойдуць. Трэба іх весьці ўперад, туды, дзе за насыпам у кустох злосна кашляе і плюе волавам спандаў і некалькі шмайсэраў.

На беразе раўка крывавіцца некалькі красак маку; рупны чмель увіхаецца на іх, як працавіты селянін на сваей гаспадарцы, і бубніць ціхенька. Яго вайна ня цікавіць, а валавяныя чмялі ня пужаюць. Вінаградная лаза чапляецца простага пня морвы, як кволая дзяўчына апіраецца на моцным плячы дзяцюка. Зьверху — эмалія неба і пякучае, ліпнёвае сонца.

Каб ня гэта сьмерць, што гудзіць над галавой!

З-з-з! — сэрыя волава загудзела так нізка над зямлёй, што аж краскі маку закалыхаліся мацней, а чмель, адарваўшыся ад іх, забурчэў злосна.

Нехта ззаду заенчыў страшна, другі нехта крыкнуў: “санітары!”

Ах, яшчэ на хвілінку прылажыць галаву да сьвежай травы! На кароткую хвіліну, напрыклад, пакуль далічыць да пяці, а пасьля бегчы ўперад...

— Не, трэба падыймацца. Задоўга ляжу...

Левую нагу падцягнуў пад грудзі, правай моцна ўпёрся ў зямлю, каб мацней адбіцца і шпарчэй скочыць.

Раптам недзе здалёку справа даляцела стройная мэлёдыя званоў. Андрэй аглянуўся. Далёка, на высокім узгорку, на эмаляваным фоне неба сінеўся рэнэсансовы купал, а на ім постаць жанчыны. Ніжэй, паміж двума ўзгоркамі, блішчэў Адрыятык.

Дзіўны, быццам-бы з гэтага сьвету, супакой, мэлёдыяй званоў расходзіўся ад гэнага купала з статуяй Добрай Маткі на шчыце. Андрэй загледзіўся ачараваны. Гэта нешта знаёмае, дзесьці бачанае. Калісь даўно на якімсь малюнку. Але дзе? Што гэта? Што гэта? Змучаны маршамі і акцыяй, ён мала зьвяртаў увагі, дзе ён быў. Дык цяпер кінуў вокам на карту: вось тут аб’ект, які ён мае здабываць, тут кірунак наступленьня, а што там на права?

Маленькія літаркі надпісу выкрычалі яму слова, знанае мільёнам сэрцаў і ў мільёнах сэрцаў знаходзячае водгук:

Лёрэто!

Дык гэта-ж слаўнае, цудоўнае Лёрэто!

І у тэй-жа хвіліне перад вачамі зьявіліся даўно забытыя вобразы, якія нат’ ужо перасталі сьніцца ў гэтай бязьмежнай валацузе: вясковы, дзеравяны касьцёл паміж аграмадных ясеняў і таполяў. Вечаровыя багаслужбы ў траўні. У касьцёле пахне бэз, воск і кадзіла; у вячорную цёплую вусьціш вырываецца нястройны, але натхнёны і шчыры сьпеў вернікаў:

“...Аздараўленьне хворых,
Прыпынішча грэшных,
Пацеха сумных
Маліся за нас!...”

І:

“Тваей абароне аддаемся!...”
Лёрэтанская літанія.

Пасьля: за зубатай чорнай сьцяной лесу тухнуць апошнія зоры. Вечар ап’яняе водырам бэзу і салаўінай песьняй. І душа, перапоўненая першым каханьнем і надзеяй шчасьця, пяець натхнёны гымн моладасьці і Залатавалосай Казцы...

Андрэй глядзеў у захапленьні на купал цудоўнай сьвятыні, а вусны нясьведама, у такт званоў, шапталі даўно забытыя словы малітвы.

Новая артылерыйская кананада прыклікала яго да рэчаіснасьці.

— Божа! Я задоўга ляжу. Трэба ўперад!

А да насыпу, адкуль плююць волавам скарастрэлы, яшчэ больш ста мэтраў чыстым полем. Гэта сьмерць. А трэба. Абавязак!

Зноў прыгатаваўся скочыць і ўжо зьбіраўся крыкнуць: “За мной, наперад!” — раптам ззаду голас радыстага: “Затрымацца!” Зараз пачуўся глухі нарастаючы грукат.

Андрэй азірнуўся і аж крыкнуў з радасьці: на падмогу прыціснутай густым агнём пяхоце ішлі танкі. Церазь некалькі хвілія страшны раскудахтаны скарастрэламі вал замоўк.

Толькі справа расходзілася стройная, мяккая музыка Лёрэтанскіх званоў...

Каляды на чужыне

Карспляц раве гістэрычна какафоніяй нэонаў. Натоўпы людзей таўкуцца ў карытах вуліц, месячы і мяшаючы з балотам бязупынку падаючы сьнег. Кажны сьпяшаецца ўсхваляваны, аб’ючаны пакункамі. Прапіхаючыся цераз натоўп і бачучы, што людзі нясуць ялінкі і якіясь бліскучыя фінціклюшкі для ўпрыгожваньня гэных дрэўцаў, я толькі цяпер прыпомніў, што набліжаюцца Калядныя Сьвяты. І ўспомніўшы, прыпомніў, што калісь і я перажываў гэта — тады, калі меў свой дом, сям’ю і... Каляды...

Калі-ж гэта ўсё было? Так даўно, што аж здаецца няпраўда...

14 гадоў... У дачыненьні да вечнасьці, гэта дробязь, капля ў акіяне, зярнё пяску на Сахары, але ў жыцьці чалавека... Тымбольш што гэтае жыцьцё толькі адно...

Дзікі боль журбы запусьціў войстрыя кіпці ў сэрца. Пачуўся такі адзінокі, як-бы заблудзіўся ў бязьмежнай тайзе. Так я зажадаў вырвацца з гэтага раскрычанага, чужога натоўпу.

Быццам-бы як калісьці ў нас: белы рой сьняжынак круціцца ў паветры і ціхенька засыпае лябірынты дарожак у Englischer Carten. Тут зімой, ды яшчэ ў зьмярканьне можна блудзіць цэлыя гадзіны, не спатыкаючы чалавека і ня чуючы гарадзкога шуму. І тут я ў цішыні ды пустцы парку правандраваў думкамі па ўсіх дарогах чатырнаццацігадовай бяздомнай валацугі. На акране памяці, як жывыя, замітусіліся вобразы краін, людзей, здарэньняў, перажываньняў...

1939. ВЯЛЕЙСКАЯ ТУРМА

Першы раз у жыцьці дзень 24 сьнежаня прайшоў спакойна: ніхто не загадваў цёрці маку, бегчы купляць цукяр ці насіць дровы.

Нашая 21 камэра — свайго роду дэмакратычная рэспубліка: усе нутраныя праблемы паддаюцца пад агульную дыскусію і вырашаюцца бальшынёй галасоў. Сяньня бальшыня пастанавіла ляжаць цэлы дзень на нарах. Дык і ляжым спрасаваныя, як селядцы ў бочцы. Пачынаюцца гутаркі на кулінарныя тэмы: якія стравы прыгатаўляліся на Куцьцю, колькі дзён мусіў вісець застрэлены заяц, каб “скрушэў”, якім соўсам паліваць смажаную качку і г. д. Наагул кулінарныя тэмы — найпапулярнейшыя сярод галодных вязьняў.

Самаабман няшкодны, — але ня вельмі прыемны... Цераз завешаныя дзераўлянымі кашамі вокны зімовы дзень цадзіў мутнае сьвятло, якое чуць-чуць забельвала згушчаны смурод камэры. Хвіліны паўзьлі, як спараліжаваная чарапаха або вошы за каўняром. Напасьледак недзе згас яшчэ адзін для нас няперажыты дзень. На калідоры загрукаталі катлы і сорак восем чалавек хутка сарваліся зь бярлогаў. Апалонік мутнай цёплай вады, у якой плаваюць кускі мерзлай бручкі — вячэра. Хто болей ашчадны, выцягвае з пад сяньніка закручаны ў ганучку ці хустачку кусок чорнага, як зямля, хлеба, які заашчадзіў з раньняга пайка на вячэру. Куцьця!

Вячэра прайшла бяз слова. Углядаючыся ў твары сувязьняў, бачу глыбокі цень суму ў упадзінах вачэй, з грудзей вырываецца цяжкі ўздох. Не адзін сьлязьмі дасаліў нясоленую зупу...

Пасьля вячэры старшыня камэры запрапанаваў:

— А цяпер, сябры, давайце зробім паляваньне. Заўсёды на Куцьцю паны мелі звычай паляваць з нагонкай.

Гэта штодзённая, усімі ўстаноўленая, усіх абавязуючая “паўгадзіна гігіены”. Кажны сьцягвае зь сябе рызманы, імітуючыя бялізну, і пачынаецца паляваньне. На недахоп зьвярыны наракаць ня можна, і кажны паляўнічы мае “на раскладзе” шматлікія трафэі.

У камэру ўбягае стражнік з паперкай у руках:

— Хто на літару “ы”?

— На “ы”? Хіба на “і”...

— Усёроўна, хай на “і”. Хто?

— Іваніцкі. Інглёт...

Стражнік круціць галавой, напасьледак пакрывае нас густым матам і выходзіць. Церазь некалькі хвілін вяртаецца і, паказваючы ня мяне:

— Цябе як завуць?

Кажу сваё прозьвішча.

— Дык што-ж ты такі ды гэтакі не адклікаешся, калі я пытаю?

— Бо ты пытаеш на “ы”, а я на “с”, а толькі другая літара “ы”...

— Тут табе не акадэмія, дык і без навуковых дысэртацыяў! Давай на дапрос!

Да гэтага часу я хадзіў на сьледзтва даволі ахвотна. Мой сьледчы быў чалавек зусім культурны, мацюжыў у меру, ня біў ніколі ды даваў курыць добрыя папяросы. Здаецца, штодзень-бы хадзіў — толькі дзеля гэных папяросаў.

Таму хуценька нацягнуўшы на плечы вашывую сарочку, я быў гатоў і, паводля рэгуляміну, залажыўшы рукі назад, чакаў ля дзьвярэй. На калідоры стражнік перадаў мяне байцу. Той зарэцытаваў мне добра ведамую формулу перадасьцярогі, якую мы, крыху перакручваючы, травэставалі: “Крок улева — правакацыя, крок управа — агітацыя, крок уперад — буду лічыць пабегам і ўжыву аружжа. Давай уперад!”

Пярвей я быў апытаваны ў сьледчым аддзеле турмы, цяпер-жа баец загадаў мне ісьці за вароты. Тры месяцы ня быў я на дварэ, дык цяпер, хапіўшы сьвежага марознага паветра — упіўся. Сярдзіты мароз кінуўся на мяне быццам ліхі зьвер. Паветра было, як сярэбраны звон, сьнег скрыпеў пад нагамі, а гэты скрып будзіў сваё рэха пад глыбокім, набітым зорамі, скляпеньнем. На вуліцы ня было жывога чалавека, толькі ў дамох вялікія, незакратаваныя вокны былі поўныя сьвятла, у іх прастакуніках прасоўваліся цені, можа накрывалі стол на куцьцю... Вунь там з боку знаёмы дом і ў вакне мітусіцца сьцень — можа Лена...

Улучаем з байцом шпарчэйшы ход, бо мароз, як сабака, скубець за цела. Вось і будынак сьледчай установы.

Сьледчы мой сяньня не ў настроі. Зь месца глушыць мяне абшырным лексыконам адборных расейскіх камплімэнтаў. За мной становіцца нейкі тып, выгляд якога ўзбуджае фізычную пашану: здаравенны дзяціна з даўжэзнымі рукамі, закончанымі кулакамі, кажны з добрую булку хлеба. Сьвіныя вочкі міргаюць пасьвіному абыякава. Лёгка было дадумацца, што зь інтэлігенцыяй хлапец нічога ня меў супольнага і ня прысутнічаў, каб мяне дапытваць. Яшчэ раз глянуў я на яго кулакі і мае гадунцы за каўняром захадзілі неспакойна. Папробваў я падкутць салодкай усьметкай гэнага гарыла, але твар яго быў быццам каменнага Сфінкса, толькі вочкі міргалі пасьвіному.

— Гэта балдавешка адкоціць мне сяньня Куцьцю. Хіба на бублік сатрэць... — прышла мне ў галаву невясёлая думка.

Але ня было часу аддавацца мэдытацыям, бо сьледчы Максіменка гнуў аднаго мацюга за другім. Нашая канвэрсацыя была выняткова кароткая: ён быў зашмат цікавы, а я ніяк ня мог гэнай цікавасьці задаволіць.

Яшчэ ён раз праехаўся ўздоўж і ўпоперак па матушцы-Расеі, што я пакорна выслухаў. Пасьля ён зашыпеў:

— Дык ня скажаш? Чуў Іван?!

Пакуль я здолеў дадумацца, што цяпер наступіць — Іван вухнуў...

Цэлы рой зорак — толькі ня Бэтлеемскіх — быццам-бы камары мак затаўклі, замітусіўся ў маіх вачох і я клясычным краўлем сплыў з крэсла на падлогу. Адылі ня доўга там аставаўся, бо Іван падняў мяне, як шчанюка, за каўнер і пасадзіў на крэсьле.

— Ну, можа цяпер будзеш толкам гаварыць? — паінфармаваўся Максіменка.

Я хацеў штосьці адказаць, але, замест слоў, з роту выляцелі два зубы.

— Гэта пачатак, увэртура, а канцэрт я яшчэ табе дам! Іван, адаслаць яго ў камэру!

— Як на увэртуру, зусім хлёстка! — думаў я, выходзячы з кабінэту, папіханы ўслужным Іванам. — О, гадзіны! І гэта ў ноч паяднаньня й прабачэньня!.. Вот табе et in terram pax hominibus bonem voluntatis...

Баец, які мяне чакаў, глянуўшы на мой франтон, ухмыльнуўся:

— Здорава! Ну нічога, жыць будзеш, толькі...

Далейшая частка сэнтэнцыі была менш пацяшаючая. Канвойны ведаў, што ў такіх выпадках рабіць: завёў мяне ў нейкую каморку і пасадзіў над чэрапам, каб адхаркаўся.

Па дарозе ў турму неяк мяне дзіўіна сьцягвала на правы бок, быццам параплаў наладаваны нераўнамерна на адзін борт.

— Нічога, наступны раз атрымаю на другі бок і будзе раўнавага, — пацяшаў я сябе.

Бо чым іншым мог пацяшацца?..

1940. БАЛЬНІЦА Ў ЛЯГЕРЫ ЛЯ ВАРКУТЫ

Паўтарагадзінны дзень прасунуўся незаўважна і, ня прынёсшы ніякіх уражаньняў, распоўзься ў сутоньнях тайгі. Каляровыя істужкі палярнай зары замітусіліся на небе. Мароз даціскаў 40 градусаў.

У залі, дзе ляжалі цяжэй хворыя нашы людзі, сабраліся мы ўсе, каторыя маглі хадзіць, каб супольна правесьці гэты ўрачысты вечар. Хтось прывалок з двара ялінку. І дзіва! Кажны з нас меў найменшы тэрмін 8 гадоў лягераў, але бязь ценя шаблёну ці позы жадалі адзін другому, каб наступную Куцьцю праводзіў на волі. Хаця ў сьвеце нічога на гэта не паказвала, у нас была нейкая вера, што нешта мусіць здарыцца, перамяніцца. Сьмерць, якая люта кінулася на нас зь першых дзён прыезду ў лягер, прытупіла сваю касу. Мы пачалі акліматызоўвацца і адчулі, што перажывём... Пасьля паўголасам сьпявалі каляднія песьні. Настрой быў паважны, але ня журботны.

Расейцы, якія ня мелі ўяўленьня аб гэтых сьвятах, глядзелі на нас зьдзіўленыя, але ніводзін не закпіў. Толькі Белой, заядлы камуністы, які адыёзна ненавідзеў усяго заходняга, гаркнуў:

— Паразіты! Сухапутныя піраты! Буржуйскія забабоны адкалываюць!

Але іншыя аблажылі яго дваццаціпавярховым матам і ён дэманстрацыйна адвярнуўся да сьцяны.

З найбольшым зьдзіўленьнем глядзела на нас дзяжурная сястра Паліна. Хаця яна не разумела зьместу, яе субтэльная жаночая душа інтуіцыйна вычула, што тут дзеецца нешта няштодзеннае. Калі мы пачалі разыходзіцца, яна затрымала мяне на калідоры:

— Вы сумныя?

— Вельмі! Цяжка мне перажываць гэту ноч тут і аднаму...

Я больш прыкінуўся, чым было ўзапраўды.

— Вы ня можаце ўпадаць у дэпрэсію. Хадзіце, памажыце мне мерыць хворым тэмпэратуру і разносіць лякарствы, а пасьля раскажыце мне пра сяньняшнюю ноч...

*

— Так! — сказала яна недзе пасьля поўначы. — Гэта было штось чароўнае. Хай навет легенда, міт, але прыгожы, якога другога я ня чула. Прамэтэйскаму да яго далёка...

*

Золак дня застаў нас яшчэ ў дзяжурцы. Жыцьцё і моладасьць тут таксама мусілі сказаць сваё слова і жадаць сваіх правоў...

Так у жудасным савецкім лягеры, пад марозным, разьзіхацелым палярнымі зорамі небам завязалася гарачая, шчырая прыязьнь, якая мела пераможна прайсьці ўсе цяжкія пробы нявольнага жыцьця, зрасіць балючай сьлязой дэкрэт, які прыносіў мне волю, і застацца чароўным успамінам на ўсе часы...

1941. КАЛГАС ПАД САМАРКАНДАЙ (УЗБЭКІСТАН)

На каго Гэра, на таго і ўсякая халера...

Не памагло нам, што мы зь першым сьняжком на Варкуце, 28 верасьня, з “амнэстыйнымі” дэкрэтамі ў кішані, уцяклі з паўночнай тайгі аж да падножжа Паміру — зіма дагнала нас і там. 20 градусаў марозу ў Узбэкістане — нешта ня штодзённае. Холад упіваецца ў нашы, скурай абцягнутыя, косьці, вострымі клыкамі, а лягерныя ватаваныя рызманы — раздольле вашэй, не ратуюць ад яго зубоў.

Савецкая ўлада адаслала нас з Ташкенту на работы ў калгасах: там маем чакаць на прыезд польскай арміі з Тоцкага і Бузулуку, якую перакідаюць у Узбэкістан. Узбэкі далі нам маленькі хляўчук на памешканьне. Некалькі ахапкаў саломы — цэлае ўмэбляваньне. Ізь сьцяны вынулі адну цагліну, каб упусьціць крыху сьвятла і паветра.

Пакуль была работа ў полі і мы хадзілі зьбіраць хлапок ды капаць бульбу, калгас даваў на рыла па 600 грамаў хлеба, бульбы ды крыху заправаў, як солі, цыбулі, лою і іншых. Апрача таго Узбэк, у якога хтось працаваў, таксама, часамі падкарміў... Але цяпер, як работы ня стала, атрымоўваем толькі 300 грамаў джугары, якую мусім малоць у жорнах і з гэтага кажны з нас два разы ў дзень варыць сабе зацірку. Гэта ўсё. Скардзіліся старшыні калгасу, што галадаем, але той адказаў нам савецкай прыказкай у ўзбэцкім жаргоне: “Ты не работаць, ты мало кушаць”...

Прабавалі ляпіць у праснакі бітае шкло, ды падкідаць козам ці авечкам: некалькі здохла. — Мелі баль, бо Узбэкі дохлага або хворага не ядуць. Але як гэта пачало паўтарацца за часта — схамянуліся і загразілі нам, што нас аддадуць у НКВД. Упалявалі пару сабак. Цяжка праходзілі цераз глытаўку, але голад ня цётка. Зноў паўсталі авантуры, бо Узбэк, бадай, лягчэй сьцярпеў-бы, каб яму забілі жонку, чымсьці сабаку ці каня.

Цяпер нас 20 чалавек сядзіць сьціснутых у цесным хляўчуку, кішкі гаркаюць, зубы ляскочуць, злосьць спаганяем на вашох. Вошы — стыхія! Ня ведама, скуль плывуць, як паводка — амаль заліваюць.

Я хаджу маляваць Узбэкам партрэты, за што яны плацяць емінай. Некаторыя плятуць нашы беларускія кошыкі — таксама за праснакі. Гэтак маем змогу ўтрымоўваць некалькі слабых і хворых.

Паміж нас, жыхароў узбэцкага хлява, недалёка ад гробу Тамэрляна — цэлая мазаіка тыпаў, шырокі маштаб клясаў і сацыяльных паходжаньняў: быўшыя абшарнікі, ахвіцэры, паліцыянты, урадоўцы, прафэсары. Але найбольш сялян — на шчасьце, бо гэта найболей спрытны, зарадны і вытрымалы элемэнт. Узбэкі аж цмокаюць з захапленьня бачучы беларускага дзядзьку пры рабоце: сякера ці чэкмэн, молат ці каса — зьмяняецца ў пярун у яго руках. Нашы кошыкі з лазы Узбэкі бачылі першы раз, увесь калгас зышоўся дзівіцца як на цуд. Цяпер заказаў — хоць разарвіся, толькі лазы не хапае.

Ня гледзячы на розьніцу паходжаньняў, сярод нас няма антаганізмаў ні ненавісьці. Савецкі бізун — ідэяльны штрыхулец, зраўняў усіх. Панская вош ссала мужыка, мужыцкая даіла пана, а цераз вашэй кроў мяшалася...

На куцьцю я скончыў маляваць Узбэку партрэт яго сына, каторы цяпер на вайне. Да двух мэдаляў, якія былі на фатаграфіі, я зь лёгкай рукі, ад сябе, дамаляваў яшчэ пяць. Убачыўшы такога гэроя, старыя аж прыселі з захапленьня. Абдзялілі мяне праснакамі, лоем, кішмішам, што ледзь дамоў давалок. Была багатая куцьця, чуць ня баль. У лоі смажылі праснакі, заместа агіднай заціркі з джугары, варылі кампот з сушанага уруку і кішмішу. Рыгор, дзядзька з пад Баранавіч, добра прадаў кошыкі і навет прынёс кубак мёду. Адразу пашоў да хворага Б., калісь собсьніка трох маёнткаў і адліў яму палавіну нэктару, кажучы лагодна:

— Еш, панок, можа калісь, як буду ісьці цераз твае лугі, ты мне палкай адудзячысься...

— Думаю, — сказаў я, — што калі Бог дазволіць нам вярнуцца дамоў, будзеце жыць па братэрску і вашы антаганізмы застануцца тут з вашывымі фуфайкамі. Нашы непраходныя Рубіконы сацыяльных розьніцаў цяпер вошы перапаўзьлі...

— Дай Божа! — згадзіўся бязь перакананьня Рыгор. — Але ня ведаю, ня ведаю...

Пан зьбянтэжаны маўчаў...

— Ну, браточкі, — дадаў Рыгор, — пры гэтым Сьвятым Вечары пажадаем сабе, каб Бог зьмілаваўся над намі, ды капянуў нас і мы выкаціліся з гэтага раю ў якоесь капіталістычнае пекла...

Мароз шчырыў зубы на дварэ.

Паводля савецкай прэсы, пад Масквой замярзала нямецкая армія. Мы-ж ня ведалі: цешыцца з гэтага ці сумаваць...

1942. ІРАЦКАЯ ПУСТЫНЯ ПАД КАНАКІНАМ

Як вокам сягнуць — палавая пустыня й палавое неба, так што цяжка разрозьніць, дзе канчаецца адно, а пачынаецца другое. Уся пустыня пакрытая палаткамі, паміж якімі ўдзень валочыцца нуда, ноччу выюць шакалы, ну і часьценька сьвярдзёлкі гамсінаў верцяць дзіркі ў небе. Ня раз можна бачыць дзесяткі слупоў пяску, якія, прабягаючы цераз пустыню, зносяць і комкаюць усё, што ім трапляецца па дарозе, пакуль вецер не пакрышыць іх на туманы дробненькага пылу, які праціскаецца ўсюды. Нездарма ў Курдыстане ёсьць няпісанае права, што калі гамсін дзьмець бязупынна пяць дзён, а Курд зарэжа сваю жонку — не адказвае за свой праступак. Гэта нешта жуткае, што рвець ня толькі ліны палатак, але й нэрвы.

Добры Бог зьлітаваўся над намі і вывеў нас з савецкага раю ў Бабілёнскую пустыню. У Касьпійскім порце Паглеві засталася стыхія вашэй, голаду й страху. Як у калейдаскопе замігцелі цудоўныя ў сваей дзікасьці пэрскія горы, блакітны Тэгэран, а цяпер ужо месяцамі трывае спракудлівая стыхія пустыннай нуды. Легендарны Ўсход, аб якім мроілася, начытаўшыся казак Шэхэрэзады, прынёс расчараваньне. Казкавы Багдад — бруд, смурод і бедната. Праўда, нейдзе за высокімі мурамі існуе роскаш і сунега зацішных гарэмаў, але туды гяўрам няма ўваходу. Ды і ў Багдад рэдка ёсьць нагода паехаць. На штодзень астаюцца: шакалы, скарпіёны, фалянгі, чорныя ўдавы, гадзіны, гамсіны ды мірахы (фатаморганы або “фатаміграны”) — міражы зроку й лятуценьняў...

Усё-ж нешта добры Кон даў нам пацеху. Гэта — арак. Хаця прыскам смаліць глытаўку, адылі, сьцёбнуўшы тройчы, чалавек ажыўляецца і, у залежнасьці ад тэмпэрамэнту, выяўляе гэтае ажыўленьне: адныя аплявушацца да крыві, іншыя ўзварушваюцца да сьлёз.

На Куцьцю палаткі прыбралі пальмовымі лапкамі. Далёка ім да нашых сьвежых, ядраных, пахучых ялінак!

Ежы — хоць расьперажыся, араку — хоць заліся!

Какандзеры абходзяць палаткі зьвязаў. Сыплюцца ўрачыстыя, баявыя прамовы, што паб’ём, пераможам, дойдзем, пяройдзем... Жаўнеры, знуджаныя гэтай рэторыкай, чакаюць, калі ахвіцэры пойдуць у свае палаткі і можна будзе распачаць штурм на арак. Урэшце пачалася агульная папойка, крыху калідуючая з дэмакратыяй, але згодная з вайсковай дысцыплінай: ахвіцэры асобна п’юць віскі і джын, жаўнеры ў сваім гэце хлышчуць арак.

Да мяне зьвярнуўся стары падахвіцэр — шэф:

— Калі ласка, пойдзем да мяне ў палатку. Я зрабіў нашую праўдзівую беларускую куцьцю, з макам. І шчупачка, таксама, прыпёк...

*

Сьлёзы мяшаліся з добрым віном, радасьць волі — з сумам і турботамі аб тых, што асталіся там, за Касьпійскім морам...

З палатак пачалі вырывацца песьні. Спачатку калядныя й даволі стройныя, калі-ж скончыўся запас калядак, сьпевакі перайшлі на патрыятычны рэпэртуар, які зьмяніўся ў дрындушкі. Паволі, у меру даліванага араку, сьпеў пераходзіў у выцьцё, якому заўторылі шакалы. Да іх далучыліся галодныя сабакі зь недалёкай курдыйскай вёскі.

Далёка за поўнач на пустыні разьлягалася нястройнае выцьцё людзей і зьвяроў, якое адбівалася ад нізкага, валавянага скляпеньня неба.

1943. БЭТЛЕЕМ, БАЗЫЛІКА НАРАДЖЭНЬНЯ

Дык гэта тут!.. Дзесяткі параў дзіўна мокрых вачэй уліплі ў сярэбраную зорку і ўбогія ясьлі ля яе ў падзямельлі Базылікі. Узварушэньне сьціскае горла. Гэта тут — 1943 гады таму нарадзіўся Той, Каму не знайшлося месца ні ў хаце, ні карчме, ні ў сэрцах людзей... Найвышэйшы Маестат зыйшоў найніжэй, бо аж у пастырскі хлеў, каб на зямлю прынесьці супакой і валадарства Божае...

Так тут ціха, што чуецца біцьцё сэрцаў. А недзе там, далёка, над сьветам шалее бура вайны, мільёны людзей гінуць у лягерах, кацэтах, крэматорыях, у пунях жыўцом гараць падпаленыя старыя, жанчыны, дзеці... У імя чаго?

Як цяжка слабым людзкім розумам зразумець глыбіню Божай мудрасьці і справядлівасьці!..

*

Базыліка Нараджэньня знаходзіццца ў руках праваслаўных манахаў, якія пры ўваходзе бяруць даволі салоную аплату за ўступ ад кажнага паломніка. Каб не абражаць рэлігійных пачуцьцяў розных веравызнаньняў, у капліцы Нараджэньня забаронена сьпяваць калядныя песьні, за выняткам... польскіх. Гэтая дзіўная традыцыя бярэ свой пачатак ад 1885 году, калі адна група польскіх паломнікаў, церазь недагляд адміністрацыі не папярэджаная аб забароне, засьпявала калядныя песьні. Так паўстаў прэцэдэнс, які стаўся правам. Разумеецца, Палякі не абняхайваюць выкарыстоўваць гэтае права.

Ня ведаю, як сьпявалі Нованароджанаму пастушкі, калі за зоркай Бэтлеемскай прыбеглі ў стайню, але нашыя калядкі маглі толькі Дзіцятка спужаць, бо ўсе галёкалі з такім энтузіязмам, што аж здавалася сьвятыня дрыжэла, а перапалоханыя манахі зьбегліся ў падзямельле. У дадатак, у цеснай капліцы даволі няпрыемна панесла перагарам араку: не адзін ваяка на вячэры ў Еразаліме або па дарозе ў Бэтлеем заглянуў глыбей у пляшку, каб гадней ушанаваць сьвятое месца. Аднак цяпер усе глыбока ўзварушаныя, калі кажны падае на калені й цалуе сярэбраную зорку перад ясьлямі.

*

Ужо на дварэ Эдзя Пракаповіч, да якога ніякімі спосабамі ня прышчэплівалася вайсковая дысцыпліна, пацягнуў мяне канфідэнцыяльна за рукаў:

— Ня мог гэта маленькі Ісус нарадзіцца ў нас, на Беларусі? Мы — народ лагодны, Яго-б дастойна ўшанавалі і ня ўкрыжавалі-б, як гэныя нехрысьці...

— Дык хоць сяньня аддай Яму належную пашану і ня ўпіся.

Зь кішэні Эдзявага плашча цікава вытыркнула галоўку бутэлька.

— Як-бы гэта выглядала, каб я, шавец, з шавецкай сям’і, ня выпіў у такі ўрачысты вечар? Гэта была-б Боская абраза!..

Як можна было дыскутаваць з гэнай шавецкай філязофіяй?

*

— Спадар лейтэнант, а нашто там, у капліцы Нараджэньня тырчыць узброены жыдоўскі паліцыянт ды яшчэ ў шапцы?

— Ён пільнуе, каб хтось ня ўкраў зоркі з пад ясьляў або каб манахі розных веравызнаньняў ня біліся між сабой, што пярвей часта здаралася.

— І то ў такім сьвятым месцы! О, злыдні! Ды й наагул, яны тут ізь сьвятасьцяў зрабілі кярмаш! — абураюцца жаўнеры.

— Браткі! — крыкнуў нехта баявейшы. — Давайце пойдзем ды выцягнем за вушы вон гэнага паліцыянта ад Ісусавых ясьляў!

Ахвотнікаў пабіцца за веру знайшлося шмат. Каб ратаваць сытуацыю, я мусіў даць войстры загад машыраваць да вазоў.

*

Цёмная, душная ноч навісла над Еразалімай. Ужо далёка па поўначы выходжу на балькон гатэлю. У Еразаліме абавязвае “блекаўт” і ўва ўсім горадзе ані сьвятла, але на ясьнейшым фоне неба справа чарнее вежа Давіда, насупраць-жа высіцца Гальгофа. Далей налева, над далінай Юзафата, узносіцца Гара Распусты, дзе калісьці стаяў палац 300 жонак і наложніцаў Салямона і аўтар Бааля. Пада мной сьпіць старая Еразаліма. Там, між беднымі, лепленымі з гліны хаткамі ўецца Крыжовая Дарога.

Растрэсеныя нэрвы ня хочаць успакоіцца. На чорным фоне ночы фантазія рысуе вобразы мінулага: выразна чую, як натоўп вые: “Вараву! Вараву!”, а Пілат усьцяж мые рукі і знуджаным голасам кажа: Ессе Homo! Лагодны голас Вучыцеля глушыць выцьцё натоўпу. Набожны сьпеў крыжаносцаў мяшаецца з крыкам забіваных імі жанчын і дзяцей. Над Гальгофай зьявілася рыцарская постаць Годфрыда дэ Буён і расплылася ў пустцы...

Pater, dimitted illis...

Было мне сумна й жутка...

Далёка, за Маабскімі горамі, на небе разьліваліся аблезлыя хварбы зары. Із стромкага мінарэту, быццам ракета, сарваўся зычны голас муэзіна, заклікаючы славіць Аляха. Еразаліма будзілася, штодзённае жыцьцё выбягала з муравейніка. І я выбягаю з гатэлю. Так хочацца мне прайсьціся вузкай “Via Dollorossa” — насустрач Чалавека з крыжам...

*

У садзе Гэфсімані — бальсам супакою. Шэрыя, старэнькія аліўкі, якія, паводля сказу, памятаюць Хрыста, быццам-бы абмёрлі — не скрануць галінкамі. Паміж імі сівенькі францішканін чуць рушыцца, паліваючы градкі.

Перада мной маленькая даліна Юзафата, далей Залатыя Вароты Старой Еразалімы. Усё тут: кажнае дрэва й камень, былі сьветкамі найвышэйшае хвалы і найніжэйшага паніжэньня Хрыста, і ўсё, здаецца, аб гэтым памятае.

Усё — за выняткам людзей...

1944. НА ФРОНЬЦЕ Ў ІТАЛІІ

Стыхійны град волава загнаў нас у хату заможнага італьянскага контадіно. Тыповы ў Італіі дом селяніна: на нізе сьвіран, пуня і хлеў, на паверху памешканьні. Цяпер палавіна страхі і паверху разьбітыя артылерыйскімі гранатамі, ля хаты відаць некалькі ямаў вырваных лятунскімі бомбамі. Хатка ня мела ніякага стратэгічнага значэньня і бачна, што ангельскі лятак выпаражніўся над ёй проста дзеля жарту, каб напужаць беднага контадіно і ягоных бамбінаў. Яшчэ калі мы падходзілі да хаты, было чутна рыканьне кароў, калі-ж ускочылі ў дом і каровы пачулі людзей — рыканьне падвоілася і сталася бязупынным.

Язэп, саракапяцігадовы дзядзька з Глыбоччыны, гаспадар ад дзесяткаў пакаленьняў, узьлез да мяне на паверх, скуль я наглядаў ваколіцу:

— Дазвольце мне дагледзіць каровак. Гаспадары паўцякалі, і бедная жывёлінка ўжо некалькі дзён мучыцца.

Атрымаўшы дазвол, дзядзька шпарка ўзяўся за гаспадарку і мне зьнізу чуліся яго бойкія загады:

— Васіль, ускубі сена. Пане Савіцкі, прынясі пару ахапкаў саломы. О, паршывы пасташутнік! Так бедную жывёлу абняхаіў!

Расставіўшы забясьпечаньні, я заглянуў у хлеў: у паасобных загародках тузаліся прывязаныя тры палавыя каровы і дзьве цялушкі. Ля іх увіхаўся ўвесь зьвяз: адны насілі сена, другія падсьцілалі сьвежую салому, хтось прывалок вядро пшаніцы. Падцёлкі ўспакоіліся, але каровы тузаліся далей.

Язэп недзе пабег і вярнуўся, нясучы тры вядры.

— Выдаіць іх, браткі, трэба. Хто ўмее даіць кароў?

Знайшліся і такія спэцыялістыя, але ў гэтай апэрацыі прыняў удзел увесь зьвяз, бо калі адны даілі, іншыя казычылі кароў за вушамі, іншыя дзяржалі хвасты, каб не сьцябалі дояк.

На гэту акцыю ўлез заступнік камандзера дывізіі. Я скочыў рапартаваць аб сытуацыі, але гэны стары ваяка мякка ўсьміхнуўся, загледзіўшыся на мітусьню жаўнераў каля жывёлы. Праўда, пасьля, адазваўшы мяне на бок, бурчэў, што зьвяз, заместа ляжаць на агнявых становішчах, доіць кароў, аднак яшчэ раз вярнуўся ў хлеў і сам пагладзіў па шыі адну зь іх. Перад адыходам паведаміў нас, што наступленьне затрымоўваецца на гэтай лініі, і мы можам тут на пару дзён загаспадарыцца. Гэта вестка выклікала шчырую радасьць.

— Хлопцы! — сказаў палкоўнік, далей казычучы карову за вушамі. — Заўтра распачынаюцца калядныя сьвяты, таму, пры нагодзе, што вас бачу, ужо сяньня жадаю вам, каб Бог дазволіў да наступных Калядаў вярнуцца цэлымі і здаровымі дамоў, да вашых...

Бадзёры адказ зашумеў у хлеве. Мы тут-жа віншавалі камандзера з нагоды атрыманьня генэральскай рангі. Як-бы на запярэчаньне нашага добрага настрою, ля сьцяны з трэскам разарвалася сэрыя з нэбэльвэрфэраў, аж параненая хатка парушылася неспакойна.

Адыходзячы, камандзер сказаў жартаўліва:

— Ну, пільнуйце вашай гаспадаркі, ды гэтай жывёле крыўды не зрабіце. Тым больш, што, чую, і куры пад страхой ёсьць. За цэласьць вы адказны, — звярнуўся да шэфа. — Калі-б было небясьпечна, перавясьці кароў на тылы, у футар пад гарой.

Разьвітваючыся зы мной, генэрал сказаў:

— На наступны год вярнуцца дамоў... Як гэта гучыць дзіўна і...

— І ня рэальна...— дакончыў я.

— Ну, трымайся!

Паціснуў мне руку і пачаў сходзіць з крутога абрыву ў вузкую далінку між гораў. Адышоўшы некалькі крокаў, адвярнуўся і кінуў:

— А людзей ашчаджай...

*

Я разглянуўся: навокал расьсьцілалася прыгожа зімовая панарама. Ззаду высіліся Апэніны, пераход якіх каштаваў нам столькі поту і крыві. Сьпераду горы тарасамі ўзгоркаў ападалі і пераходзілі ў даліну, якая цягнулася далёка на поўнач. Дзесь там за лініяй кругагляду Болёнія — мэта цяперашняй кампаніі. Паўкілямэтра перада мной, у даліне над рэчкай Сэньё — мястэчка Рыолё ді Банье. Там сядзяць Немцы.

Нічым ня спыненая, крылатая думка паляцела церазь нямецкія пазыцыі на паўночны ўсход — дамоў... Італьянскія ўзгоркі здаваліся неяк дзіўна падобныя да нашых беларускіх. Напружаныя болем нэрвы абвісьлі, воля зьмянілася дэпрэсіяй. У мутнай пэрспэктыве агульнай сытуацыі на сьвеце, як зрок у гэтым чужым даляглядзе, губляліся сэнс ахвяр і высілкаў для гэтай чужой вайны. Астаткам сілы волі я сабраўся ў кучу і павалокся да свайго зьвязу.

Там жаўнераў мучылі іншыя цяжкія праблемы: як і ўсё, гаспадарка давала шмат клапотаў, бо хаця кароў накармілі і выдаілі, яшчэ трэба было напаіць, а ў цэлым будынку ані кубка вады. Праўда, ля дому была студня з калаўротам, але да яе мэтраў дваццаць і зусім як на далані бачна Немцам зь мястэчка.

Язэп ня мог супакоіцца: “бедная жывёлінка мучаецца, ды й генэрал загадаў даглядаць”. Урэшце зьвяртаецца да мяне:

— Дазвольце папробваць...

— Пакінь, яшчэ галавой наложаш. Неўзабаве сьцямнее, тады нешта прыдумаем.

Але толькі я адыйшоўся ў другі канец дому, як затрашчэў нямецкі шпандаў, пасьля забразгалі вёдры і ў хлеве грукнулі дзьверы. Я ўскочыў у хлеў, а там Язэп з Савіцкім засопшыся абтрасаюцца ізь сьнегу.

— Што, папробвалі?

— О, гады печаныя! — адказаў Язэп, падмацоўваючы праклён няцэнзуральнымі эпітэтамі ў расейскай вэрсіі.

Палажэньне камплікавалася, бо каровы, убачыўшы вёдры, рваліся з ланцугоў, а жаўнеры сушылі галовы, як іх ратаваць. Да агульнай рады далучыліся ангельскія абсэрватары артылерыі, якія пасьля нас прывалаклі сюды свае тэлефоны, лярнэты ды іншае прычындальле. Яны таксама зацікавіліся праблемай і пачалі кратаць думніцамі. Раптам адзін малады падахвіцэр крыкнуў: “Бойс, ай ноў, ай гэв э гут айдія!” І пачаў выкладаць свой плян. Хадзіла аб тое, што трэба ськіраваць навалу палка артылерыі на нямецкія агнявыя становішчы, а ў часе гэтага ён скочыць зь іншымі выцягнуць вады. Ангельцы любяць газард, а яшчэ больш заклады. Зь месца пачалі закладацца: “ай бэч ю!”, “ай донт тынк соў”. Справа дайшла да іх капітана, які, крыху падумаўшы, буркнуў: “ол райт”. Я паказаў яму месцы, скуль бачыў агонь нямецкіх “шпандаваў” і ён пачаў прыстрэльвацца. Калі-ж агонь быў на мэце, капітан даў знак быць гатовым. Церазь некалькі хвілін цэлая бура зялеза праляцела над намі і ўрэзалася ў нямецкія пазыцыі, за ёй другая, трэцяя. Як толькі першыя гранаты разарваліся, Ангелец і двух нашых скочылі да студні.

Але, хаця навала артылерыі прыціснула і асьляпіла нямецкія кулямёты, з-за ўзгоркаў з выцьцём мільёна чарцей вырвалася сэрыя нэбэльвэрфэраў. За першай пашлі наступныя. Пекла закіпела ля хаты і наша экспэдыцыя ледзь з духам ускочыла ў хлеў. З чатырох вядзёр, усё-ж два былі поўныя. Ды што гэта было на пяць кароў?

Тут з помаччу прыйшоў малы Паўлючок, мой абсэрватар. Як абсэрватар у полі, быў ён слабенькі, за тое ў вышукваньні алькаголю ў паграбох — гэніяльны. Дык і цяпер, хапіўшы два парожнія вёдры, пабег недзе і церазь некалькі хвілін вярнуўся з поўнымі вёдрамі віна.

— У пограбе ёсьць вялізныя тры бочкі. Гэта зусім маладое, слабенькае, можна паіць навет дзіця ў калысцы — не пашкодзіць...

Памыліўся аднак, бо нашкодзіла: каровы ўпіліся і былі новыя прычыны да непакою.

У будучыні Язэп знайшоў выхад: як цямнела, раскладаў за ўзгоркам агоньчык і тапіў сьнег, а пасьля паіў кароў. Гаспадарцы ён аддаўся ўсей душой. Выходзячы на становішчы, даваў камусь загад, як і што мае зрабіць. Калі хтось нясучы сена, растрос жменьку на калідоры, Язэп, зьбіраючы, бурчэў: “Зь цябе гаспадар як... Дар Божы марнуеш”...

*

Назаўтрае была Куцьця. Шэрае неба нізка навісла над зямлёй і сеяла сьнегам. Рэдкі артылерыйскі агонь час ад часу разьдзіраў зімовую вусьціш. Апаўдні прыляцелі ангельскія самалёты і, няведама пашто, разбурылі некалькі бедных хатак на нямецкім баку.

Пад вечар, быццам на якісьці магічны загад, на ўсім фроньце залягла цішыня. Позна прывезьлі нам вячэру: кацёл зьмерзлай бульбы і бляшанку руму. Мул, які нёс біф, скаціўся ў протхлю. Ніхто ня ўзяўся ні за ежу, ні за водку. Вольныя ад службы жаўнеры сядзелі ў хлеве і шэптам гутарылі, або лепш — мроілі. Я выйшаў абысьці лініі забясьпечаньняў. Было ціха, аж званіла ў вушах. Раптам пачуўся стрэл нэбэльвэрфэра.

— Во гады! — падумаў я, прысядаючы ў роў. — Гэтакага сьвята не ўшануюць!

Але заместа разарвацца з трэскам, гранаты шпокнулі, быццам хтось адчыніў бутэльку шампанскага: прапагандовыя ўлёткі. Немцы жадалі нам вясёлых сьвятаў, але радзілі пераходзіць да іх.

Раптам я затрымаўся, ня веручы вушам. У мястэчку Немец пеў “Stille Nacht...”. Малады, мяккі барытон дрыжэў сэнтымэнтальнай журбой. Можа па каляровым Тыролі ці чароўным Райнляндзе...

Я стаяў ачараваны. Здавалася, што гэта пяе нехта блізкі, свой, што нічога ня перашкаджае пайсьці паціснуць яму руку і разыйсьціся ў імя Таго, што радзіўся сяньня, каб на сьвеце ўладалі любоў і супакой...