Ля чужых берагоў

Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў


Паэзія - Вершы

Уладзімер Дудзіцкі нарадзіўся 8 студзеня 1911 году на Ігуменшчыне (Меншчына). Друкавацца пачаў у 1937 годзе. Адбыў тры гады ў канцэнтрацыйным лягеры (Новасібірск, Марыінск) і 1 год у ссылцы (Казахстан). Цяпер жыве ў Паўдзённай Амэрыцы.

* * *
Ня першы раз і не апошні, мусіць,
баліць душа, і рады не дасі.
Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі,
і ты, журботная азёраў сінь.

Туманы вільгаці балотнай, дзе вы?
І рунь мурожная аселіц дзе?
Сатлеў пад стрэхамі ўчарашні невад
і човен гойдаецца на вадзе...

А з хаты прышлыя укралі восьці.
Да сьлёз расчулены з такой бяды,
мой кот, прывучаны да рыбы, посьціць
і часта нюхае мае сьляды.

Зьбівае першыя сонца росы,
йдучы да рыбнага калісь карча...
Яму, дачуўся я, сягоньня млосна,
і ён чамусьці, перастаў бурчаць.

Ля вербаў моліцца мая уцеха,
і плача, стомленая, ля ракі.
Няўжо бязвусае юнацтва сьмеху
ня ўсьпеніць вёсламі і хваль пругкіх?

Няўжо ўпадзе яно на хвалі віру
і захлынецца непаўторны цьвет?...
Сьціскае грудзі мне бязбожны вырак,
і мой хістаецца, бы цень, шкілет.

Ня першы раз і не апошні, мусіць,
баліць душа, і рады не дасі.
Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі,
і ты, журботная азёраў сінь.

ДЫМЯЦЦА ХМАРЫ
Дымяцца хмары. Неба край
у нявыразным нейкім русе.
Даўно ўжо Лысая Гара
вяшчуе глум на Беларусі.

Глыбока ў ейную душу
упіўся чорны кіпець госьця...
Жалобу дня прыблудны шум
кляймом азначыў на пагосьце...

Над ім — у посягу згібань, —
накшталт мангольскага узору,
гараць на выкутым ілбе
крывёй палуджаныя зоры...

І стогне Лысая Гара:
як тую кроў крывёю сьцерці?
Галосіць нема родны Край
у танцы выскаленай сьмерці.

ЦЬМЯНЫЯ ПЛЯМЫ
Якое сьвету хараство!
На харастве — цьмяныя плямы.
Чыя-ж рука цудоўны Створ
пад сонцам мурзае вуглямі?

Якія контуры на тле
сьвятла выростаюць і рысы?
Яшчэ ня ўмёр, яшчэ ня стлеў
зарою высыпаны прысак...

Жыве ён... Корчыцца апад
красы ля брам ліхіх суцьмежжа.
Хто-ж гэта зноў, мой родны брат,
сады упокат хціва рэжа?

Чые-ж віднеюцца яшчэ
і ткуцца гэтак сілуэты?
Ці не касу сваю Кашчэй
над галавой заносіць сьвету.

І краем правага пляча
сьпірае збоі хмар гарбатых?
А мо’ гатуе стравы чар
сваіх магутная Гэката?

Ліняе сьвету хараство, —
мяняе колеры і блікі...
Глядзіць ачыма зораў Створ
на вобраз Януса двулікі...

АДМЕННАЯ ОДА
Твая слава ня мной расьпечана,
Хоць сама ты мяне й пякла...
Пакідаю цябе, Нямеччына,
Спапялеўшая ўся датла.

Не сьмяюся над горкай чашаю
І ня плачу, — прабач...
Скажы,
Хто учора за сьпінай нашаю
Нашай сьмерці каваў нажы?

Лашчыў сэрцы сьмяротным прысакам
На узьвівах свае вясны,
Каб ня сьмелі узьняцца высака
Залатыя у песьнях сны?

І пад сонцам,
Дзе мройна сьпелі ’шчэ
Наліўныя садоў дары,
Пакалечыў так зманнай веліччу
Сьвежы полыск людзкой зары?

І надзеі у грудзях матчыных
Хто зьняважыў — на глум атрос?..
Навет мора такое спадчыны
Ня прыймае ў сваё нутро.

І цяпер, як апошнім дотыкам
Вычуваю твой боль і сум, —
Над шпілямі халоднай Готыкі
Вусны гнеў мой табе нясуць.

Дзе нядоля мая прытуліцца —
Ня пытайся пакуль, — маўчы:
Да палацаў на родных вуліцах
Ты спаліла мае ключы...

ДУМКА
Хай што хочаць гавораць людзі,
не такі ўжо вялікі грэх:
сяньня тое злачынствам будзе,
калі думка чыя памрэ.

Не здалее ніхто на сьвеце
красавацца, як трэба, жыць,
калі ўзьлёт ейны злосьнік вецер
узапне на шпяні мяжы...

Чаго варта цяпер істота
у цяжкую жыцьця пару,
што наровіць, бы смоўж употай
прысмактацца да моцных рук.

Мо’ таму й душу боль сьціскае
і спадае сьляза з вачэй?
Толькі грэшнік чужымі рукамі
на ражне славу дзён пячэ...

У мінуласьці (час пражыты)
думку продкі радзілі дням,
каб да сонца крывёй абліты
гонар Бацькаўшчыны ўзьняць.

Шанаваць, сьцерагчы нам трэба,
гартаваць і далей расьціць,
каб пад родным блакітным небам
наканованы шлях прайсьці.

Хай шпурляе, ірве навальніца
набалелыя мроі надзей —
хоць падзем
(можа стацца так)
ніцма,
але Краю ня зрадзім нідзе!

Дык няхай і гавораць людзі, —
не такі ўжо вялікі грэх:
сяньня тое злачынствам будзе,
калі думка чыя памрэ.

І МАЛА СЛОЎ...
І мала слоў, каб выказаць настрой:
мая туга — бяз краю і бязь меры.
А кажуць мне: “Душу вазьмі, настрой,
і песьняй бі ў няходжаныя дзьверы”...

А дзе-ж яны, такія дзьверы, дзе, —
скажэце мне дасьціпныя дарадцы?
Ня лёгка, знаю, сэрцу без надзей
чырвоным цьветам маку загарацца,

а песьні-вольніцы зьвінець у сьне,
адольваць сум душы, галодны лямант...
Як мор, упарта, моўчкі па вясьне
паўзуць здаля густыя часу плямы.

І мала слоў, каб выказаць настрой:
і шлях сьвятла, і праўды сьвет зачынен.
Ня плацяць ані гроша за пастой,
а йсьці наперад сяньня — немагчыма.

ДАТЫ І ІКСЫ

Юрку Віцьбічу

Пакідаючы попел, узялі адно:
лусту хлеба і пляшку кляновага соку.
І як змрокі палёў засланілі відно —
прыкацілася песьня з дарогаў далёкіх...

Галасіла, расла, калаціла абшар
і стагнала ад крыўды над шчасьцем разьбітым...
Гэтак стогне, гавораць, зямная душа,
як плянэты, бывае, зьлятаюць з арбітаў

і шчапаюцца напал, імчацца на згін
у халодным сусьвету бяскрайнім разьміне...
Дзе-ж рунеюць шуканьняў людзкіх берагі?
Дзе шукальнікаў доля скупая пакіне?

На акрайцах зямель негасьцінных, а мо’...
пазяхаючых лавай дзікунскіх абтоках,
каб прыцьміла суровасьць ганебным кляймом
лусту хлеба і пляшку кляновага соку?..

І прыспалі у процьмах жахлівых гарбы
вострасьпінных абвалаў, маўклівых, бы сьфінксы,
жоўтатварыя цені рабоў і рабынь,
пакідаючы нашчадкам даты і іксы?..

Не гавораць вятры плачу тускнай зары,
што скрывавіла сэрца аб гострыя дзіды,
дзе спыняюцца сны: ля каралявых рыф,
ці на грудзях шчасьлівай у снох Атлянтыды...

Вэнэцуэля, 31.12.52 г.


СПРЫТНЫЯ ЖАРТЫ
Сонца, важкое і вельмі чырвонае, вечарам
смутак зямлі пакідала зь нежаданьнем упартым, —
нібы крывёй аблілі белы твар чалавечаю,
кажучы:
“Гляньце на нашыя спрытныя жарты —
квецікі сьціплыя... Ягадкі, моцна налітыя
сокам ружовым, зблізяцца... Зьнішчацца формы
і масьці”...
Неба чарнела. І хмары дзіравымі сітамі
зоры расьсейвалі, з громам самім каб ня ўпасьці.
Нам-жа нялёгка было на душы: нябывалая
зьява благое нешта сьвету й людзтву варажыла...
Ейная сіла — магутная — гнула і звала нас
стацца бясстрашнымі... Скоўвала сочыва жылаў.
Потым...
з крывёю і потам хвалі прынесенай
полымя прагнае хлынула ў цёплыя покуці
хатаў... Ружовыя квецікі страшнага месіва —
ягадкі — моўчкі глядзелі на сонца упокаце...

Вэнэцуэля, 31.12.1952 г.

НІ МАНІСТАЎ НІ ЗОРАЎ
Я адзін ля вакна у суворай сяджу камяніцы,
а гадзіна другая начы, — ані шуму, ні шэлесту
лісьця...
Толькі месяц, свавольнік, каб сіні нябеснай
напіцца,
із-за хмаркі, вандроўніцы сьвету, імкнуўся
употайкі выйсьці.
Я адзін ля вакна. Каля сьценаў зыбнуліся цені —
адзіноты і суму пакутнага звыклыя, блізкія
госьці, —
расплыліся і зьніклі у пругкім зялёным мігценьні,
і ў нямой цішыні нятрывалыя нейчыя хруснулі
косьці...
*
Я-ж адзін ля вакна... Скамянелі у позяху
ськівіц —
сутарэньняў — набраклыя жаху сьмяротнага
чорныя мязі...
...“Да сустрэчы... Бывай... Ня зьнішчальныя
душы людзкія...
І ніколі й нідзе голас нашай крыві не памрэ й не
завязьне”.

Я-ж адзін... Каля крат патанулі у мляўкасьці
стомы
нятрывалыя думак пякучых пярэстыя тонкія
ніці...
І грымелі, як звон, у мурох словы дзіўныя:
“Хто мы?..” —
ды маўчалі муры, быццам гром той у сэрца іх
стрэламі выцяў.
*
...Расьцьвіталі сады. Вецер пошчакам скроні
пакратаў:
на чаўнох залатых выплывалі асілкі з-за хваляў
агністых...
Частавалі і рукі сьціскалі, бы роднаму брату,
і да ног дыямантаў, цудоўных, як сонца, складалі
маністы...

На далонях зазьзяў нявыказны, як сполах
зарніцы,
цудадзейны вагонь, потым полымем стаўся адразу
гарачым...
На калені упаў, каб той сіле хоць раз памаліцца,
але хорам хрустальны паўстаў і раптоўна
жаданьні зьіначыў...
*
За бяседным сталом заліваліся песьнямі гусьлі, —
не змаўкалі ад хмелю далёкіх заморскіх краінаў
музыкі.
А як роскат прыціх і у хораме змрокі вячэрнія
згусьлі, —
адплывалі чаўны, асыпаючы зорамі сьлед свой
вялікі...

“Дзе-ж вы, сёстры, браты, засмучоная бедная
маці?..
Я-ж з маленства такі з вамі шчыры і сэрцам вам
заўжды адданы...
Хіба-ж мелі калі мо’ такое багацьце у хаце,
якім сяньня найменшы часьцямі нязнанымі
шчодра убраны...
...........................................................
...Зазьвінелі замкі. Ні маністаў, ні зораў...
Прысуд і кайданы...

КАБ ХОЦЬ РАЗ УСЬМІХНУЛАСЯ ШЧАСЬЦЕ
Каб ня рукі, а крылы магутныя меў, —
узмахнуў-бы я крыламі... Вышай,
у надзем’е крутое, — як сэрцу на ўме, —
дзе блакіт неба зорамі вышыт,
узьляцеў-бы і гора тугое зямлі
у бяздоньне, раскрытае насьцеж,
паміж хмараў набраклых у песьняў разьліў,
каб хоць раз усьміхнулася шчасьце;
каб у грудзі — да сэрца — з павевам вясны
уліліся гарачыя радасьці хвалі,
каб мае расьцьвілі ўсе найлепшыя сны,
што, прысьніўшыся, сьпяць, як і спалі...
Ды ня крылы, а цела нямыя кускі —
рукі — цяжка узьняць і пакратаць,
і ня цьветам, а пылам зялезнай лускі
асыпаюць душу Марыінскія краты....

ПЯКЕЛЬНЫ ДАР
У новы край, далёкі і нязнаны,
з пакункам дум — тугой набраклых мар —
нясу гадоў ліхіх пякельны дар —
скамененую горам немач раны.
Няўцешныя пэйзажы і экраны:
змардованы зямлі пакутны твар.
На тло крыжоў — глыбокі сьлед ахвяр —
мятуць віхры жарствы пясок каляны.
Губляецца ружовы небасхіл,
і пляміцца нябёс блакітны полаг.
У зьвівах хмар, над сумнішчам магіл,
калышацца агнёў трывожны сполах...
Нялёгкі шлях ізь пекла па касьці,
а мне-ж ісьці... Далёка ’шчэ ісьці...

НЯ СЫХОДЗЯЦЦА ГОРЫ З ГОРАМІ
Ня сыходзяцца горы з горамі,
ня збліжаюцца і узвышшы.
Навет думкам, цяжкім і змораным,
на спатканьне ніхто ня выйшаў.

Адзінокія, блудзяць сьцежкамі
спадзяваньні пад млосным небам.
І ня хочуць цьвісьці усьмешкаю
рытмы вуснаў на чэрствай глебе;

зь весялосьцю чужой ня мірацца,
ня ступаюць сумесна кроку, —
на журботнай у песьнях лірыцы
пакідаюць свой сьлед глыбокі.

Як упартасьць такую выраку
за марамі — на жоўтай высьпе?
Кажуць, голас ліхога выраку
над маёй галавою высьпеў...

Бо ня сходзяцца горы з горамі,
ня збліжаюцца і узвышшы...
Навет думкам, цяжкім і змораным,
на спатканьне ніхто ня выйшаў.

ПРЫДЗІ
З блакітнай вышыні прыдзі, малю, хутчэй
на землі нашыя, збаўленьня дух раскуты,
здымі з грудзей людзкіх скрыжованыя путы,
спакой вярні душы і бляск былы вачэй.

Мы-ж толькі ў цяжкім сьне — у цішыні начэй —
п’ем сінь нябёс Тваіх — ня хмель зямной
атруты...
І разьгінаецца касьцяк сьпіны прыгнуты,
і песьні сочацца выразьней і званчэй...

Ды сон, плыўкі і міраж, — нязьдзейсны плод
вязьніцы:
Мігне, бы стрэл пругкі агністай бліскавіцы,
і ў мур глухі спадзе каля зялезных крат.
Зьнікае ўпоруч зь ім спадзеў цьмяны збаўленьня:
красу вясны жывой настойліва на спад
вядзе няўмольная, жывая сіла тленьня...


З цыклю “Журботныя струны”

ВУСНЫ І ПЕСЬНІ
Прачніцеся, вусны і песьні,
каб думак у сэрцы ня сплесьніць;

каб подых вятроў і рэклямаў
дарожкі вузюткай ня спляміў, —

ня гэтай, што топчам і полем,
тае, што шлюбуецца з болем, —

няходжанай, з пахам чабору,
дзе вербы з жытамі гавораць,

дзе сочыцца ў мякішы ночы
халодны рабінавы почат

і плачуць па восені руннай
завеяў журботныя струны...

Прачніцеся, вусны і песьні,
каб думак у сэрцы ня сплесьніць.
Вэнэцуэля, 16.10.1949

ЖЫЦЬЦЁ
Шанаваў я цябе, кунежыў, —
захапленьне ня мела меж,
а ты сьціснула злосна межы,
каб маліліся д’яблу веж...
Не скарыўся. Ураньні — нашча —
прысягнуў шчыра Сіле сіл:
“Лепш прапасьці ці быць прапашчым,
як пад сэрцам вужа насіць”.
За упартасьць маю, няпослух,
за свае — не мае — грахі
звахтавала ў затоках вёслы
і шпурнула на грозны хіб
акіяну: “Плыві і кайся,
прыліпай да чужых зямель —
у Пэру, ля канадзкіх пасек,
і такое трымай на ўме:
за упартасьць тваю, няпослух,
за падняты угору сьцяг —
не прачнуцца у песьнях вёсны
на абломках скупых жыцьця...”
І як вырак, сухі і згуслы, —
непапраўны — із вуснаў зьбег, —
скамянеў, не крануўшы вуснаў,
пераняты у горле сьмех.
Вэнэцуэля, 5.6.54

ДАЛЕЙ І ДАЛЕЙ
Хвалі ад берагу — далей і далей...
Чым іх усьцешаць туманныя далі?
Спыняць, расьціснуць на сьпінах наплываў
дугаў тугія зялёныя грывы;
пенаю жоўтай на мелях затокаў
вецер прыгорне у краі далёкім;
буры сівыя глыбінь безьязыкіх
век закалышуць на поўначы дзікай...
Лепей употай на пальмавай высьпе,
пэрлавай занізьзю рос было высьпець,
кроплямі цёплымі — дожджыкам чыстым —
спорна разьліцца над краем вячыстым, —
краем, што стогне і б’ецца у русе...
Гора-ж і ім і маёй Беларусі...
Караібскае мора, 27.7.1950

НЕСПАДЗЯВАНА
Неспадзявана сьцішылі хаду.
Спыніліся. Ля вогнішчаў гарачых
варушыць ноч ня першую жуду
над чарапамі жоўтымі няўдачы.
Тугой брыняюць снасьці і чаўны...
Шчапаюцца раздвоеныя маршы,
і водгалас у пошчаку лясным
губляецца на ганьбу плыні нашай...
*
Мінаюцца кварталы і слупы —
паўторваюцца фарбы і рэклямы...
У роспачы ад вымыслаў скупых,
малярскі квач палотнішчы папляміў...

НЯПОСЛУХУ ДЗІВАЦКАГА САКРЭТ
Патоляй сьвет ня лашчыў нас ніколі,
і прыкрым быў чужы ля хаты сьлед.
“Ля родных стрэх шукайце, дзеці, волі”, —
пакінуты вучыў нас запавет.

А мы пайшлі такі у белы сьвет
пад націскам нясьцерпнай гідкай голі...
Як гнеў раба, сьціскаецца ад болі
няпослуху дзівацкага сакрэт.

І ганьбіцца зямлі ружовы цьвет,
зьнішчаецца на зыбкіх плынях золі...
Які-ж пакінем дзецям запавет,
пакутнікі зьнявераныя долі?

Паўторым нешанованы, а мо’...
...Сьмяротнае зямлі чужой ярмо.

Вэнэцуэля, 25.3.1954

ВУЗКІ СТРЫБ ДУГІ
Сонца плавіцца, а я, дзівак, бажуся,
што сьвет плыняю ільдзянаю ацёк,
што нязручна чалавеку у кажусе
разьмінацца з пакалечаным жыцьцём.

Прыдзівіцеся, як корчыцца між вулак, —
нібы старац... На далонях жоўтых рук
перад кажнаю пад поўсьцю тлустай мулай
падымае растаптаную зару,

на кавалкі пашматкованую ўчора...
У правалінах вачэй — вагонь і плач.
Мы, спыніўшыся, стаім на пляцы чорным
ля патухшага даўным-даўно цяпла,

або спорым у бязладнасьці таропкай
каля прасел збуцьвянелых вэрад жыл,
падстаўляючы пытальнікі пад кропкі,
а над клічнікамі — кропкі і крыжы...

Сонца-ж плавіцца... Вялікі почуў сілы
у крыві гарачай. Думак бег — тугі...
Падпаўзаем, як вужы, пад камень сівы
з прыладованай на вузкі стрыб дугі...

Вэнэцуэля, 31.1.55

СЯБРОМ
Мякка сьцелюць, ды мулка спаць,
і ніяк мне цяпер ня сьпіцца,
калі зноў, каб душу расьпяць,
калупаюцца ў сэрцы сьпіцай.
Не засну, — пастаю, пакуль,
абапруся на кій вішнёвы,
каб, зірнуўшы на цені куль,
сьцерагліся начныя совы...

Калі-ж, часам, нясцерпны змор
пераможа мяне, — скажыце,
што упала з плячэй ярмо,
калі сэрца сьмяротна выцяў...

Вэнэцуэля, 14.12.54

ЛЯ БЕРАГОЎ КРЫВІЦКАЕ НЯМІГІ
Уецца шлях гразкою каляінай,
а часам камяністасьцю ўстае.
Сьціскаецца, суродзічы мае,
ад гневу голас песьні сакалінай.

Бы грэшнік той, прад чорнаю гадзінай
малюся сонцу. Вельмі-ж не стае
журботнае, вазёрнае мае,
далёкае і блізкае — адзінай...

Калі-ж, калі зьнітуюцца з Радзімай
пад сонцам дум сьпялюткіх невады?
Заплодненыя сподзевам, сады

ўсупор зышліся з постыняй азімай...
І крышацца ільдоў грымотных крыгі
ля берагоў крывіцкае Нямігі...

Вэнэцуэля, 25.3.1954

НА ГАНЬБІШЧЫ СЛАВЫ
Прыляж да зямлі і паслухай, як кліча
апошняя змрочнага часу гадзіна...
Ля Сожу, Дняпра, каля Сьвіслачы, Пцічы
калоцяцца грудзі падбітай Радзімы;

і стогне, як гораў цяжкія абвалы,
як буры, як роскат магутны улевы,
ад гора, ад крыўды на ганьбішчы славы
гарачае цела, налітае гневам.

Рубцуе, бы вогненны выліў вулькану,
зьнішчэньне свой поступ на твары ста-
[годзьдзя.
Хто-ж выйдзе, каб боль наш у вечнасьці
[кануў,
і скажа апошняе: “Досыць-жа! Годзе!”?

Крывёю жаўнеры Крывіцкай Пагоні
шляхі паласкалі на бітнішчах пушчаў,
каб жоўтыя горды на руністых гонях
ня сьмелі спакою нашчадкаў разлушчыць,

кранацца вазёрнага звонкага плоду,
пяшчынкі адзінай, пылінкі ад спору;
каб рэчак блакітных жывільныя воды
ім сталіся пострахам скрутнага мору;

каб вобразы волатаў — продкаў — паўсталі
з байніцаў Нямігі, з Высокага места* —
каб голас мячоў зь беларускае сталі
азваўся на покліч нярадасных вестак:

Пачуў я, як моцна, упарта нас кліча
апошняя змрочнага часу гадзіна...
Ля Сожу, Дняпра, каля Сьвісчалы, Пцічы
калоцяцца грудзі падбітай Радзімы.

Вэнэцуэля, 21.7.1952
* Месца старадаўняй мены, пазьней Троецкая гара ў Менску Беларускім.

НА СКРЫЖАВАНЬНІ
На скрыжаваньні — тры крыжы,
усе ад даўнасьці сівыя;
над імі ў споласе дрыжыць
прамень зары... Журботна вые
вільготны подых. Ля ракі,
на камяністым плыткім плёсе,
вартуе, сеўшы, сьцень ракіт
сівая, згорбленая восень.

Зыбае плынь луску ляшча,
затокі мшысты бераг мые,
і рэжа косамі плюшчай
чароту выгнутыя шыі;
і плачуць мройныя кусты
калін, нячэсаныя вербы,
што неўзабаве ўбор густы —
прыпынак ценявы, дзе зьвер быў, —
руды аголіць лістапад
і замяце у кут-зацішак,
ці мо’ ракі шумлівы спад
на хвалях век іх закалыша.

Хінецца горбячы свой стан
вятрамі высмактаны блёкат.
Сьцякае з жоўтага ліста
каля карчоў бусьліны клёкат...
І шэлест гнецца у лісьці,
пачуўшы музы гэтай гукі;
разьмяк расчулены і сьціх
ад стомы мляўкае ля сука.

Над полем вораным здалёк —
празь цьвіль смугі ліпкой — аднекуль
бруіцца днёў самотных клёк —
адменны пах расьлінных лекаў;
паволі сочыцца, ідзе
да міражоў, дзе сьветлацені
прадуць на восенскай градзе
уток крылатых лятуценьняў...
І толькі зрэдзь яны адны,
нібы наструнены рукамі,
віхры пругкія — бягуны —
клубкамі коцяцца пад камень
і вырываюцца адтуль,
і да крыжоў імкнуцца бліжай, —
кранаюць дрэва на ляту
і пыл на грывы свае ніжуць.
І пахне хмеліва зямлі,
і журавы на поўдзень з хаты
нясуць, бы тыя караблі,
на крылах клопат свой багаты;
спакой азёрнае тугі
нясуць у край чужы і небыт, —
нялёгка безьліч міль тугіх
адольваць зорным шляхам неба!
Мінаюць шэрыя папар
і рунь азіміны із болем:
да пуху іхняга прыпаў
знаёмы, родны водыр поля.
Мінаюць гомельскі блакіт
і накіп воблачнага цэду...
Паўдзённай сьпёкі воск плаўкі
плыве птушыным сьвежым сьледам.
Гавораць шэрыя чужым,
што ў нас зь вясной сябруе восень,
што па нябожчыцы мяжы
палёў вятры цяпер галосяць,
і сьветкі даўнасьці жывой —
крыжы, бы тыя вартавыя,
стаяць маўкліва... Хмар сувой
даўно цяпло над імі веяў...

ДЛЯ НЕСЬМЯРОТНАЙ БЕЛАРУСІ
(з паэмы “Маіх уяў ружовых ранкі”)

Ад болю ўсё яшчэ гудзе
разгневанае цела краю...
Жыве яно, — не памірае:
употайкі цяпло грудзей
ягоных сьцеліць травы поля;
і як ні смаж іх, ні палі —
празь ськібы чорныя ральлі
яны зірнуць такі на волю;
крамянай сьвежасьцю вясны
умыюцца. Расой валогі
спалошча мораку цьвілога
зара усходу сьлед квасны,
і усьміхнецца поле хатам;
і як ні смаж іх, ні мары —
убачаць зноў гаспадары
сваіх клапотаў плён багаты.
*
І хмелем паху пульхны хлеб
змацуе пах акрас і варыў.
І сонца спогаднае хмары —
асеньніх днёў жалобны крэп —
спатоліць, даўшы волю спору.
І як ні смаж іх, ні чарні —
праб’юцца спору карані
у грунт зямлі, зьнябыўшы морак,
напояць сочывам руды,
асьмяглы, глейкі мякіш глебы;
і зашумяць у сінь, у неба
шырокалістыя сады,
налітыя крамяным воскам...
І як ні смаж іх, ні пячы —
яны — найлепшы супачын
гаспадару — тубыльцу вёскі.
*
І не спаружыцца з красы
краіны зводнік чалавека:
лугоў краса, гаі і рэкі,
азёры думныя, лясы —
найдаражэйшы скарб прыроды...
І як ні смаж яго, ні плюшч,
расьціме й жыць для насалоды,
але-ж ня зьверу, а людзтву,
бо зьвер, як быў, і будзе зьверам...
І я ня дам ніколі веры,
што мор надыйдзе хараству!
Усё, жыве і жыць што мусіць,
што сьпеліць зорная асець, —
на хвалях прышласьць прынясе
для несьмяротнай Беларусі!