Сваякі


Храністы часу

Гэтаму зборніку можна было б даць і іншае найменне. Напрыклад: „Дзядзькі, цётка і дзед”. Дык на дзядзькоў былі мы багаты, цётак і дзядоў таксама мелі. Ну, але ўсе гэтыя кроўныя повязі змяшчаюцца ў абранай назве.

Нашы сваякі — з вялікай ніўскай сям’і. Заснаваў род паклоннік „Сонькі-залатаручкі” дзядзка Лявон, чалавек з лагоднай усмешкай і прыхільнік камічнага. Калі род узначаліў дзядзька Квас, родавай асаблівасцю стала з’едлівае высмейванне розных адмоўных з’яў. Не зважаючы на эпоху канструктыўнай крытыкі, дяздзька Квас дыктаваў свае законы і тыраніў нават нашых парнасцаў. Здабыў вялікую папулярнасць. Дзядзькавы прыхільнікі стварылі нават вакол яго асобы культ.

— Дайце партрэт Кваса! — дамагаліся ад рэдакцыі.

А як дасі, калі нікому яшчэ не ўдалося спартрэтаваць тырана. Паехаў і я з Міхасём Хмялеўскім у Малынку. Пад’ехалі пад Квасаў хутар, прасігналілі — цішыня.

— Усё, схаваўся, — кажа Міхась. — Вы тут пачакайце, а я пайду разведаю.

Праз паўгадзіны вярнуўся. Знайшоў Кваса за хутарам, у бульбяным пограбе. Сапраўды схаваўся ад нас. Даведаўшыся, хто да яго прыехаў, наадрэз адмовіўся вылезці з пограба:

— Такі вялікі пан прыехаў, не пайду!

Вярнуліся з нічым. Змякчыў наравістага дзядзьку Рудчык — селядцамі, якія дзядзька любіў і да якіх наш Віктар меў доступ. Яму і ўдалося сфатаграфаваць Кваса. Урэшце культаўцы ўбачылі свайго куміра.

— Сапраўды, гэта селянін! — сказалі, і яшчэ больш даверыліся яму. А парнасцы пасмялелі: убачылі, што чорт бязрогі. Калі дзядзька Квас запрасіў у госці ўсю рэдакцыю, абодва лагеры насцярожана прымоўклі. А нас Дзядзька ачараваў сардэчным стаўленнем да „Нівы”. Відаць было, што ёю жыве і дыхае. Слаўна пасябрынілі ў цудоўным садзе. Закусвалі „рудчыкамі”, так называў Квас беластоцкія селядцы. Хлебасольнага займелі мы дзядзьку.

Дзядзька Квас быў вялікім арыгіналам. Колькі не ўгаварвалі прыехаць у Беласток, не прыехаў. Нават не адгукнуўся. Іншая справа — дзед Кастусь з Крушынян. Актывіст БГКТ і наш карэспандэнт. Заўсёды падцягнуты, часта гасцяваў у рэдакцыі. Сябраваў з журналістамі і „белавежцамі”. Ніколі не канфліктавалі.

Па арыгінальнасці, Фёдара Хлябіча з Рыбакоў можна паставіць побач з дзядзькам Квасам. Не заглянуў у рэдакцыю, а да сябе запрасіў — вершам:

У нашай вёсцы дваццаць хатаў,
А на поўнач расце лес.
Гуліца ў нас крывавата,
Чыста так, як буква „S”.

Уехалі з Янкам Целушэцкім у „букву «S»” і адразу ўбачылі хату дзядзькі Фёдара: дакладна з верша ведалі ў якім кутку „буквы” яна стаіць. Цікавы крынічны паэт, з доўгімі гадамі і малады душою. Прапануем яму ўсміхнуцца ў фотааб’ектыў, а ён махае рукамі:

— Што вы, што вы! У такім выглядзе?

Он уважать себя заставил. Найперш падстрыг вусы, адпрасаваў святочны касцюм, пераапрануўся. Вось цяпер гатоў! Фон і позу сам выбраў. А на развітанне ўрэзаў на скрыпцы „На сопках Маньчжурыі”.

Па дарозе скрунулі ў Ціванюкі да Аркадзя Леўшука, таксама паэтычнага „тапографа”. Тут усё адбылося без уступнага цырыманіялу, сфатаграфавалі нашага аўтара ў тым выглядзе, у якім і засталі, за сталом. Дружбак дзядзькі Фёдара, амаль сусед і блізкі па творчай манеры.

Душэўная блізкасць — характэрная рыса ўсіх „сваякоў”. Дык Фёдар Хлябіч і Аркадзь Леўшук не толькі адведвалі адзін другога, выбраліся яны на „рудчыкі” і да дзядзькі Кваса, аб чым склалі справаздачу (вядома, вершам) „Ніве”. А што пачуў я ад цёткі Мальвіны, калі яна ў ліпені буравеснага 1980 года ўпершыню завітала ў рэдакцыю:

— Рэдактар, трэба памагчы дзядзьку Квасу ў барацьбе! Выдзяляйце мне плошчу! Я баба хоць куды, чорту скручу рогі!

Так узнік „Гародчык цёткі Мальвіны”. Фёдар Хлябіч і Аркадзь Леўшук ужо мелі свае дзялкі, успамагалі дзядзьку Кваса рубрыкай „Ад родных ніў”. „Сваякі” верылі ў значнасць сваёй ролі, глядзелі на жыццё не праз блакітнае акенца тэлека, і значылі бачанае сваім пяром.

У зборнік увайшлі выбраныя вершы з гадоў 1959-1984 (панаванне дынастыі Кваса). Не стала вядучага дзядзькі, змоўклі і „сваякі”. Вершы размешчаны ў храналагічным парадку, паводле публікацыі ў „Ніве” (дата).

Хроніка часу? А чаму б і не. Сімптом: зборнік з’явіўся на парозе 45-годдзя „Нівы”.