Сваякі


Вершы

Што рабіць, каб доўга жыць

Хочаш жыць не менш ста лет,
Так, як мой нябожчык-дзед,
Талковыя чытай кніжкі,
Рэдка заглядай у кілішкі,
Мыйся ў лазні па суботах,
Не хадзі у цесных ботах.
Прыйдзе час — жаніся, браце,
Будзеш мець парадак у хаце.
Любі жонку маладую,
Не ўглядайся на чужую;
Пра дастатак штодня дбай,
Ні ў чым маху не давай.
Не грашы й не спавядайся,
Спакусіць злому не дайся,
Спажывай спажыву тлусту:
Боршч, гарох, куццю, капусту,
З салам смажаным аладкі —
Будзеш, як гладышка гладкі.
Спатрэбяцца вітаміны —
Пі пунсовы сок з маліны.
І яшчэ адзін сакрэт:
Пі гарачы ліпаў цвет.
Ну й штодня па кварце мёду —
На гумар і асалоду.
Уставай рана, чуць свет —
Пражывеш не менш ста лет.
6.12.1959



Наша слабасць

Любіць пітво наш народ.
З роду ў род, з роту ў рот
Пераймалі гэту цягу —
Нагном жлукціць з дзежкі брагу.
Людзі! Хто тут вінаваты?
Няўжо трубкі, апараты,
Што у закутку стаяць
І паціху булькацяць?
Продкі пілі мёд пахучы,
А мы — самагон брыдзючы.
Ды яшчэ — якое дзіва! —
Запіваем яго півам.
Трэба нам за розум узяцца,
Змею лютаму не дацца.
Адвядзем народ ад згубы —
Алкаголю ані ў губы!

Льецца струйкай у лейку з ватай
Самагонка распраклята.
7.02.1960



Коля

Коля рос Калюткам у хаце:
— Адзін сын, — казала маці.
— Еш, Калютка, еш і пі,
А не выспаўся — паспі.
Коля еў, Коля спаў,
Калі выспаўся — гуляў.
Сталі вусы высявацца,
На дзяўчат пачаў углядацца.
Хутка Колю трэ жаніць,
А чым жоначку карміць?
Спрабаваў поле араць,
Выараў ано „яць-маць”.
Баляць рукі, баляць ногі,
Жонка яшчэ ўставіць рогі.
Памахаў касою. Трэба.
Спіна баліць, баляць рэбры.
Не, Калютцы не гадзіцца
З плугам і касой вазіцца.
І сказаў Калютка: — Тату,
Купі ў Беластоку хату.
Бацька — гаспадар багаты —
Купіў пляц, паставіў хату,
Пасадзіў яшчэ й садок...
Пыльнуў Коля ў Беласток.
У Беластоку памалютку
Ў нову ролю ўрос Калютка.
Што хацеў, тое дастаў,
Панам Мікалаем стаў.
Бацька ж з велькае тугі
(Людзі кажуць, што з натугі)
Не мог есці, не мог піць,
І адрокся ўрэшце жыць.
З таго часу яго поле
Цаліною вочы коле.
А Калюта раз’язджае,
Ураджайнасць падымае
І пускае ў вочы дым:
— Прагрэс будзіць і уздым.
12.06.1960



Гарасім

Быстрыя ў Гараські вочы,
А да працы неахвочы —
Лёганька ён хоча жыць,
А яшчэ й гарэлку піць.
Мо таму Гараська наш
Любіць ездзіць на кірмаш.
Хіба калі хворы быў,
То кірмаш ён прапусціў.
А як чуецца здаровы,
У сераду прэ ў Міхалова,
У чацвер — у Беласток,
У аўторак — у Гарадок.
На кірмашу Гарасім
Горкай рэдзькай уеўся ўсім.
Усё таргуе: парсюка,
То кароўку, то быка.
Галоўную ролю водзіць,
Таргашоў да згоды зводзіць.
Пляскае далонню шпарка
(Мо на згоду будзе чарка).
А ў хаце жонка плача,
Праклінае лёс сабачы.
Ой, Гараська, Гарасім,
З глузду з’ехаў ты зусім.
Пусткай свеціцца твой двор,
А ў будынках сто падпор.
Ці ты плот загарадзіў,
Ці ты дрэўка пасадзіў.
Ой, Гараська, Гарасім,
Не радзіўся б ты зусім.
19.06.1960




Каўпакі

У Каўпаках вяселле. Гучна.
Бубен б’е. Моладзі зручна
Віраваць. Хто не ахвочы
Танцаваць пад „Чорны вочы”.
Ды бяда, мала гулялі,
А мазгі паадбівалі.
Шум усчаўся. Й немалы.
Паваліліся сталы.
З мэбляў умомант сталі граты,
Рушыла вяселле з хаты.
Хтось кагосьці дзесь нагнаў,
Нехта лаяўся, стагнаў.
Гэта Толіка дагналі,
Сем нажоў у бакі ўвагналі.
Што ж то за народ такі?
Бязмозгія каўпакі.
18.12.1960



Адкрыты ліст Яшу Буршу

З вёскі шлю пісульку гэту
Ў „Ніву”, моднаму паэту,
Гэта значыць, Буршу Яшу;
Ведай, Яша, думку нашу.
Ну, мастак ты адмысловы,
Творча дух усвоіў новы,
Але твае вершы, Яша,
Галава не скеміць наша.
Каб іх крыху зразумець,
Твае веды трэба мець.
:
Толькі ведае тварэц,
Дзе пачатак, дзе канец.
Рыфма з рытмам „бугі” скача,
Хто чытае, ледзь не плача.
Адно гора, бяда наша
Сцяміць, што напішаш, Яша.
Я праект унёс бы ў „Ніву” —
Вершы Яшы здаць архіву,
Але ці нашчадкі нашы
Расшыфруюць вершы Яшы.
14.01.1962



Палеміка

(Голас у дыскусіі „Мары аб свеце адзіноцтва”)

Паўлючук мройным Дзямянам
Угнявіў Чыквіна Яна.
Чыквін бух Валодзю ў сіта,
Прасеяў: — Ніткамі шыта,
Да таго шчэ й белымі,
Рукамі няўмелымі.
Рудчык сам не свой. Грымуча
На сябе вяроўку суча:
— Трэба ж гэта дапусціць,
Каб у нас Дзямян мог жыць!
Рэлікт гэты з псіхапатаў,
У Харошчы яму хата!
Дзе ж тады наш калектыў?! —
Гукнуў, стукнуў і застыў.
Голас узяў Гайдук Мікола:
Роўна, гладка, наўкола
Спрэчную рашаў праблему,
Змякчаў адзіноцтва тэму.
Памылковы зрабіў ход,
Быццам дуляй сунуў у плот.
Дваракоўскі „разабраўся”,
Гробіць мройніка ўзяўся,
Дзікую лупцоўку даў,
Ну, а Маньку... апраўдаў.
А мараль? Яе граніцы?
Апраўдаў чорта ў спадніцы.
Чыя ж тады перамога?
Індык сам, а пеўняў многа.
І скажу вам пад канец,
Што Паўлючук маладзец.
Тэму высунуў у час,
Бо Дзямянаў многа ў нас.
31.01.1966



Баязліўцы

Ужо такім Антось удаўся,
Баязлівым узгадаваўся.
Як у Агату ўлюбіўся,
З перапуду ажаніўся.
Тры сыночкі — о-го-го! —
Удаліся у яго.
Вось пачулі раз яны:
— У вёску едуць цыганы.
А, як пагаворка кажа,
Дзе цыган, там і пакража.
Цыгана, як угнявіць,
Вёску можа падпаліць.
У пік злога узбуджэння
Антось склікаў пасяджэнне.
Маці мовіць: — Ты, Прахор,
Найсмялейшы — пільнуй двор.
Цыган можа і за дня
З-пад замка спыліць каня.
Найтрусліўшаму Ягору
Пільнаваць далі камору.
— Цыган сала красць ахвочы,
Глядзі, сынок, ва ўсе вочы.
А найменшаму, Рыгору,
Сцерагчы трэба гару.
— У хаце я, бацька на ганку!
Будзем вартаваць да ранку.
Вы зладзюгу не лавіце,
Забіць можа, „гвалт” чыніце.

На пасты ўсе чынна сталі
І да поўначы не спалі.
Як схапіў сон па паўночы,
Наш Рыгорка сплюшчыў вочы.
Бацька спаў, заснула маці —
Са сном цяжка ваяваці.
Толькі Прохару не спіцца.
Двор не хата, ён баіцца.
Ноч, як год. Бядак стаміўся,
Як і дзе прылёг — забыўся.
Акружылі яго мары,
Страшныя віруюць твары.
У злыдняў вострыя нажы,
Усё шыпяць яму: — Ляжы!
Натужыўся, выдаў крык,
Быццам у разніцы бык.
Схапілася са сну маці:,
Лямант узняла у хаце.
На ганку бацька зароў,
Бы нехта яго калоў.
Прахор узвыў на двары,
Рыгор енчыў на гары,
А труслівенькі Ягорый
Зайцам пішчаў у каморы.
Рэзаў гук цішу начную
На тры мілі ўкругавую.
Ляскатала жахам рэха,
Выгнала народ з пад стрэхаў.
Хто тапор схапіў, хто лом —
На ратунак прэ сяло.
А прыбеглі — усе здаровы,
Сям’я, конь, свінні, каровы...
Скуль узнік перапалох,
Высветліць ніхто не змог.

Баязліўцы, дык уначы
Вам ад страху не ўцячы.
28.02.1965



Кабыла вінавата

Сёння Філімон на рынку
Тлусценькую прадаў свінку.
Змёрз парадкам Філімон,
У гасподу суне ён.
Толькі смачна выпіў чарку,
Чорт прынёс адкульсьці Марка.
З’явіўся і Юрка з „кулка”,
Змантавалася суполка.
І па чарцы, па адной —
Разгарнуўся баль гарой.
За ўсё плаціць Філімон,
Сёння ж свінку прадаў ён.
Літраў пару асушылі
І дамоў ехаць рашылі.
Усім ужо нутро гарэла.
— Да жанок! Пара! Наперад!
Філімон хоць не калека,
Ледзь залез на свіна-клетку.
Свіснуў пугай фурман Марка,
Скочыла кабыла шпарка,
Воз к адхону шуганула,
Свіна-клетку варухнула;
Філімон, задраўшы ногі,
З ходу грымнуў уздоўж дарогі,
Марка бокам упаў на брук,
Юрка з „кулка” — на трыбух.
А спалохана кабыла
Панясла і воз разбіла.
Ці шчаслівы лёс ці Бог
Ад калецтва ўсё ж збярог.
П’яныя, хоць пастагналі,
Хоць з пакутаю, а ўсталі
І пяшком у ноч пайшлі,
І да вываду дайшлі,
Што ўсяму кабыла вінна —
Дык свядомай быць павінна,
Яна свінскае натуры,
Ні сораму, ні культуры —
Вываліць людзей уначы,
Да таго шчэ й уцячы!
14.01.1973



Гаспадарка

Віця вёску палюбіў.
Тут ён нарадзіўся, жыў.
А прыйшла пара жаніцца,
Як шчупак аб лёд стаў біцца.
Хацеў узяць за жонку Маньку,
Сватаўся ў яе да ранку.
Манька ранкам адказала:
— Каб у горад, то хоць зараз.
Спрабаваў намовіць Дарку,
Дарка ў крык: — На гаспадарку!?
Лепей дзеўкай старой стацца,
Чым у тваёй зямлі капацца!
Адмовіла і Людміла,
Хоць тайком Віцю любіла.
А стракатая Алёна
Кажа: — Я шчэ не шалёна.
Падзялёненую Мілу
Хоць кладзі ты у магілу.
Нават удава Святлана
Вычэквае з места пана.
А цыбатая Таіска
Нат не падпусціла блізка.
Вось вазьмі і ажаніся!
Хоць ідзі ў дунай утапіся.
Аднак Віця не паў духам,
Крунуў вусам, павёў вухам,
Апрануўся франтавата,
Абуў модны боты „Бата”,
І ў мадэрным капелюшы
На ваяж у горад рушыў.
А там, сярод чынадралаў,
Аграномка цаца Ала
Роду-племені не знае,
Працы ў горадзе шукае.
Віця, як сапраўдны дока,
Пусціў у Алу „пэрске” вока,
Потым увайшоў у віраж,
Узяў яе на абардаж.
— Taxi! — клікнуў. І, вядома,
Прывёз у хату агранома!
Толькі цаца Ала
Не тое шукала.
21.07.1974



Каліна

Міхасю Хмялеўскаму

Слова не аб той каліне,
Што расце ў гаю ў даліне,
Маё слова аб Каліне,
Што начальнікам у гміне,
Што падобныя каліны
Быць у начальстве не павінны.
Ён такую слабасць мае,
Грамадзян не паважае,
Увайшоў у высокі стан,
Усё роўна „ясны пан”.
У наш час такое дзіва!
Пацікавілася „Ніва”,
Паімчаўся журналіст,
Міхасёк, наш актывіст.
У кабінет ён увайшоў,
Гутарку пра час павёў.
Злосцю закіпеў Каліна,
Гукнуў — анямела гміна.
(О, у Каліны дысцыпліна,
Муха послух мець павінна):
— Чаго ўлез не ў час, не ў пору,
Без дазволу, дагавору!?
Прэч да яснае халеры! —
Шпурнуў Міхася за дзверы.
Вылецеў Міхась на двор,
Вось які тут дагавор.
О, Каліна, пан „муровы”,
Звонку і нутром здаровы,
Боксу толькі дай адточку —
Усё! Кладзі на смерць сарочку.
Ды Каліна з іншым густам,
Замкнуў дзверы на два спусты,
Выгадна ў крэсла сеў
І глядзіць, бы ў клетцы леў.
Барані Бог, людзі вас
Ад Каліны...
Дзядзька Квас.
20.07.1975



Дзядзькі

І ў будні, і ў свята
Дзядзькамі „Ніва” багата.
Толькі ўзышла, зарунела,
Дзядзька Левана займела.
Фельетоны ён тварыў,
„Нівай” дыхаў, „Нівай” жыў.
Дзядзькі Левана не стала —
Страта „Ніве”. Сумна стала.
Але ў гэты час якраз
Аб’явіўся дзядзька Квас.
Аўтар ён сякі-такі,
Лепшы ўсё ж, чым ніякі.
Толькі гэты патрыёт
Пастарэў у апошні год.
Слабне, небарака, нікне,
Мабыць, у хуткім часе „кікне”.
Быццам нам зваліўся з неба
Дзядзька Фёдар. Усё як трэба.
З недалёкіх Рыбакоў,
Мастак добры з усіх бакоў.
Да таго яшчэ й паэт,
Жыві, зямляк, многа лет!
Любі „Ніву” і народ,
Твары вершы да ста год,
Услаўляй нашу старонку
З глыбіні нутра і звонку.
6.06.1976



Пеўні

Незалежна ад пароды
Між пеўнямі няма згоды,
Агрэсіўныя натуры,
Жыць не могуць у культуры.
Ніякага няма дзіву,
Што ўпляліся яны ў „Ніву”,
Пеўні-забіякі,
Злосныя ваякі.
Хто яны і як іх зваць?
Адзін „ся”, а другі „яц”.
Як шляхцюкі-лодыры,
Ходзяць горда ходырам.
Сустрэліся незнарокам,
Певень пеўня чыркнуў бокам.
Ваяцкая кроў ускіпела.
Лабамі пайшлі наперад.
Зоркі ўбачыўшы ўгары,
У ход пусцілі кіпцюры,
Дзюбы вострыя, са сталі —
Кроўю аблівацца сталі.
Ляціць пер’е, ляціць пух,
Ледзь не выскачыць з іх дух.
За што Бог іх пакараў,
„Уму-разуму” не даў?
Пайшлі пеўні ў люты бой
Не за справу, а за гной;
Каб хоць за парожні мех,
А то так, курам на смех.

Няма каршуна на вас!
Збянтэжаны дзядзька Квас.
20.06.1976



Аб фальклоры

Алесь Барскі, сын народа,
Стварыў кніжку сяго года.
Аб фальклоры. Яе ў свет
Пусціў універсітэт.
Чыквін чытаў кніжку гэту,
Погляд свой падаў у газету:
Быццам твор то і не твор,
А грубых памылак збор.
Я той кніжкі не чытаў —
Бракла часу, жыта жаў.
Таму ў справе дурнаваты,
Чый тут верх, хто вінаваты.
Крытык Чыквін? Аўтар Барскі?
Рассудзі, злітуйся, Снарскі.
29.08.1976



Заячы рэзерват

Пішу праўду, вер — не вер,
Пра тутэйшы пэгээр.
Тут аруць — гара, даліна,
Ці пясок сыпкі, ці гліна.
І з птушынага палёту
Сеюць попел самалётам.
Хутка сеюць у густым смогу
На раллю, лугі, дарогу,
На пустыр і на хваіну,
Усюды, куды вокам кінуць.
А як дойдзе да уборкі,
Дык лёс ураджаю горкі.
Камбайнеры жнуць высока,
Не па меры, а на вока,
Каласочкі не зразаюць,
Зерне наўкол рассыпаюць —
У зямельку, замест у мех.
Ці ж то не смяротны грэх?
Мо дырэктар у пэгээры
Глядзіць толькі у паперы?
Умела чыркаць меўшы хватку —
Выйдзе ўсё чысцютка, гладка;
На нішто звядуцца страты,
І ніхто не вінаваты.
Умела скрыўшы канцы ў воду,
Не віну, трымай „нагроду”.
А што відна? Во што відна:
Сад садзілі восем тыдняў.
Паставілі агароджу,
Драцяную сетку. Божа,
Колькі коштаў улажылі,
А пра зайкаў вось забылі!
Плошча мо гектараў дзвесце —
Гуляй, зайкі, ёсць што есці!
Агароджа з усіх бакоў
Ад сабак і ад ваўкоў.
Камфорт зайкам. І прыплод
Маюць 100 працэнтаў у год.
Паміж яблынь без кары
Поўныя гаспадары.
Хто на гэты сад ні гляне,
Ставіць слушнае пытанне:
Ці сапраўдны гэта сад,
Ці заячы рэзерват?
10.10.1976



Іка!

Неспадзеванка вяліка,
Прывітанне шле мне Іка.
Верш у „Ніве” прысвяціла,
Пахвалы не паскупіла.
Пахвалы я той не варты,
Хіба, што сказала жартам.
Ці ж не жартам Іка міла
Мяне чарамі ўляпіла.
Я ж не веру ў чары-мары,
З імі мне ніяк да твару.
А што я нібы ўсёзнайка,
То пустая з пустых байка.
Хто з людзей усе веды змог?
Ніхталютка, адзін Бог.
А і то, здаецца мне,
Альбо знае, альбо й не.
Усё ў матэрыі, яна вечна,
З рухам злучана бясспрэчна.
На сваім бязмежным улонні
Крые таямніц бяздонне.
Гінуць, родзяцца сусветы,
Галактыкі і планеты.
Так зрадзілася Зямля,
Усё жывое, ты і я.
Загваздка тут не адна,
А веды — сезам без дна.
Знаўцам усяго не лічуся
І за славай не ганюся,
Я ж не старажытны Крас,
Селянін я, дзядзька Квас,
Пахвалу мне дастаткова
Выказаць у простых словах:
„Дзядзька Квас — то чалавек,
Не дарма пражыў свой век”.
У гэтых словах, вер мне, Іка,
Філасофія вяліка.
У ёй знаходжу я апору
У час радасці і ў горы.
За прачуленыя вершы
Хвалю цябе, мо й не першы.
Дык пішы і шлі ў „Ніву”
Усю лірычную тужлівасць,
Бо то „Ніва”, ведай, Іка,
Наша сіла й моц вяліка.
13.11.1977



Гаўрыла

З глузду з’ехаў наш Гаўрыла,
Замест жонкі — гара мілай.
Як апошні грош прап’е,
У хаце сварка, гаршчкі б’е.
Жонка, дзеля згоды ў хаце,
Стала грошыкі хаваці.
А без іх што? Няма цудаў,
Пахудзеў Гаўрыла з нудаў.
Стаў задзёрысты, нервовы,
Гумар страціў, забыў мову.
А жонка не гаравала,
Здалёк грошыкі трымала.
Цёмная ў Гаўрылу сіла
Увайшла і абдурыла.
Узяў шнур, выйшаў за дзверы,
Пачапіўся на бар’еры
Барадою за пруток,
Голасна захроп знарок.
Выскачыла з хаты жонка
І загаласіла тонка:
— Ля, сканаў! Туды й дарога!
Знайду сябрука другога...
Як пачуў гэта Гаўрыла,
Злосць да пят яго схапіла,
Загучаў: — Ну, не, мадама,
Буду жыць на тое сама!

Ад гарэлкі так Гаўрыла
Жонка мігам адвучыла.
23.04.1978



Ніна

Раскажу сёння пра Ніну,
Прыгажуню на ўсю гміну.
Раз яна — таго не знала —
Як у летуцень упала.
Вечарам была падзея,
Ніна ў фатэлю сядзела,
Утапіўшыся ў мары:
Век дзесяты, ноч Купалы,
Цёмны лес і шум карон,
Вакол моладзь, я і ён.
Агонь ярка палахціць,
Дым калматы ўверх ляціць.
Песні, скокі, карагоды —
Лада-лада! Годы-годы!
Мы з каханым так скакалі,
Што ў папараць упалі.
Наш настрой быў моцна ўзняты,
Папараці цвет самяты.
— Любы, мілы! — я шаптала.
— О, чароўна ноч Купалы!
Раптам нас, бы хто ўрок,
Мілы пыльнуў на уцёк.
Я, пачуўшы лёгкасць цела,
За ім куляй паляцела...
Уніз з фатэля галавой.
А што з Мілым? Знік герой.
— Ах, каб ты прапаў, Купала!
Я ж заснула і упала.

А да раніцы ўся гміна
Знала, як упала Ніна.
25.06.1978



Парнасец

— Я — Пушкін! — выгукнуў паэт,
Каб знаў аб гэтым цэлы свет.
Потым падумаў, пагадаў.
— Я — бог! — дадаў.
— Я — бог! Я — дух!
Я ўсё — матэрыя і рух.
Куды схачу, туды й узлячу,
Толькі патрэбніцу ўключу.
Бывайце, пакідаю вас
І ваш размулены Парнас.

З экстазу ўпаўшы у азарт,
Паэт уключыў узнясенне. Старт!
Напружваўся і так і сяк,
Узняцца ўзвыш не змог ніяк.
Каб выканаць зацею гэту,
Прыйшлося скарыстаць ракету.

Ляціць, ляціць паэта-бог,
Не скручвае з дарогі ўбок,
Ляціць маланкава ўпярод,
Прабыў у палёце ўжо год.
Ляціць з сусвету у сусвет,
Шукае пад свой густ планет
З жыццём-быццём, бы на зямлі,
Нат адпачыць няма калі.
Планет з жыццём ён не знайшоў,
Да розуму аднак дайшоў:
— Не наша справа богам быць,
У пустэчы адзінока жыць.
Жыццё якое без людзей —
Хаос, канца няма нідзе.
І, даўшы сам сабе загад,
Рашуча павярнуў назад.
У галактыку сваю ўляцеў,
Блакітны шар зазіхацеў.
Пазнаў: — Любімая Зямля!
Там мой народ, мая сям’я,
Там дзейнічае наш Парнас
І вершы керпае Д. Квас.
І стала сэрца гулка біць,
І сталі вочы слёзы ліць.

Паэт над шарам пакружыўся,
Пайшоў у піке і прызямліўся
Каля Мацейкавай Гары,
Скуль бачна вёску Бандары.
8.10.1978



Апошні верш у „Ніву”

Эх, дала ж яна, дала —
Шчырасць мяне падвяла!
У „Ніве” за агляд няўдалы
Я ўвайшоў у стан апалы.
А ўвагнаў хто? Дзед Кастусь!
Аднадумец мой, клянусь.
Стварыў версію такую,
Што я „Ніву” толькі псую.
Буйная душа ўскіпела,
Рубанула Кваса ўмела.
Дзед, а можа садануць,
Што ні пікнуць, ні дыхнуць.
Я таго не спадзяваўся.
Дваццаць год пісаў, стараўся —
Выйшла дышла, да таго ж
Дзед увагнаў у спіну нож.
Дык з за дзеда Кастуся
Катавасія уся.
Неабходнасць, цёмна сіла
Дзеда на прысуд схіліла.
Яго доля цяжкавата,
Доля Понція Пілата.
Як-ніяк, я гонар маю,
З „Нівы” — цешся дзед! — знікаю.
Хай трывога знікне ўся
У ГП і ў Кастуся.
Хай, чытаючы газету,
Не трыножацца паэты —
Дадаісты, дэкадэнты,
Ліцэісты і студэнты,
Крытыкі і бюракраты,
Іх сімпатыкі і сваты.
Гуляйце ліхія ролі,
Лавіце вецер у полі.
Дзядзька Квас ужо не пікне,
Назаўсёды з „Нівы” знікне.
Не віню я тут нікога,
Ані чорта, ані Бога,
Ані дзеда Кастуся,
Мая шчырасць — віна ўся.
Шчыра ў шчырасці вінюся,
Чытачам усім кланяюся.
Даруйце і выбачайце,
І ліхам не ўспамінайце.
Даруй й ты, маё пісанне,
Гэты верш — то верш расстання.
Сталася. Як кажуць, трудна.
Крыху крыўдна, трохі нудна.
Я ж люблю „Ніву” і вас...
Няўцешны дзядзька Квас.
21.10.1979



Аб сябрах

Нарабіў я амбарасу,
Ну й улупілі хлопцы Квасу.
Спазнаў я пачом пуд ліха
І вырашыў сядзець ціха.
Але сябры пажурылі,
У адзін голас заявілі:
— Не бываць такому дзіву,
Каб Квас раптам кінуў „Ніву”,
Жыўшы ёю з даўніх год,
Стары ніўскі патрыёт.
Прачытаўшы сёння зрання,
Сябры, вашае прызнанне,
Мне цяжар з душы зваліўся,
Ажыў я і адрадзіўся.
Зразумеў жыцця сакрэт —
Грунт здабыць аўтарытэт.
Як здабудзеш, то нідзе,
Вер — не вер, не прападзеш.
І галоўнае на свеце —
Добрых сяброў трэба меці.
Дзякуй Богу, я іх маю,
І сёння ім абяцаю
Пісаць у „Ніву” — нумар у нумар —
Вершы, артыкулы, гумар.
Хай гучыць, сябры, у нас
Мова родная...
Д. Квас
9.12.1979



Яцвягі

Хай і будзе гэта звяга,
Пагаворым аб яцвягах.
А чаму цяпер якраз?
Дык яны жывуць між нас.
Яцвяг для сваёй выгоды
Зменіць нацыю штогоду.
Абы грошы, абы слава,
Абы смачненькая страва,
Яцвяг можа стаць прыдуркам,
Украінцам, немцам, туркам,
Мову родную забудзе
І па-воўчаму выць будзе;
І забрэша па-сабачы,
Зарохкае па-свінячы.
Для палёгкі, для выгоды,
Каб пазбавіцца нуды,
Усе яцвягі ў нашы годы
Пруцца з вёсак у гарады.
Там знаходзяць працу лёгку,
І жывуць шыкарна ў блёку,
Каля парку траву топчуць
І з бутэлькі піва жлокчуць.
Яны толькі шпэцяць нас,
Беларусаў...
Дзядзька Квас
16.12.1979



Заклік

Паўсур’ёзна, напаўжарт
Крапаю пра авангард.
Чаму сталі вы лянівы,
Скупа пішаце у „Ніву”,
Нашы перадавікі,
У чым справа, сябрукі?
Ну, Валодзя Сідарук,
Што, абрыд табе ўжо друк,
Сталася штось не да рэчы,
Мо ўпала баба з печы,
Мо на службе непаладка?
Адгукніся хутчэй, братка.
Ты ж прыкладны беларус,
Пісаць у „Ніву” табе мус.
Байко Пётр. А ты, Пятруха,
Не паказваеш нат духу.
А мо ты ўжо змарыўся,
З пратоптанай сцежкі збіўся,
Белавеж — вялікі лес,
Заблудзіўся, у крэкаць улез?
Альбо ты, Натураліст,
Хоць чыркні кароткі ліст.
Занатурыўся, зацяўся,
Узлаваўся ці зазнаўся?
І Петручук прыстае,
Штось яму недастае.
Дзе ж твая дысцыплінарнасць,
Мо ўключыўся ў „Салідарнасць”?
Што ж атрымалася ў нас —
Скарочваем „Ніве” час.
Кепска з вамі, хлопцы, будзе —
Ці вы людзі, ці не людзі?
То ж не хі-хі, то не жарт,
Закульгаў наш авангард.
Таму вывад мой такі:
Падцягнуцца, сябрукі!
5.07.1981



Ногі, ногі...

Ногі, жаночыя ногі,
Ад вас толькі дзве дарогі —
Да дабра і зла. Спрадвеку
Вы — спакуса чалавеку.
Старажытныя багі
Ужо за вас вялі баі.
З тых пор людзі на зямлі
Звычай той перанялі.
У слабога, значыць, пола
Прывабная лытка гола.
А калі баба ў скоку
І чорцікі гараць у воку —
Усё, амін! Быць ці не быць —
Можа нат святы зграшыць:
Скочыць сатане на рогі,
Замест раю, возьме ногі.
Ногі белыя над намі,
Простымі і каралямі.
Супраць сілы вашых ног
Быў бяссільны часам Бог.
Дык за Герада-тырана
Галава зляцела з Яна.
Каб не вы, не было б гора
І крыві пралітай мора.
Аднак белых ножак чары
Крыюць-мыюць усе ахвяры.
Нам без вас — з бедаў бяда —
Не жыццё — адна нуда.
Як заснеш, усё сняцца ногі,
Аж да поўнае знямогі.
Ці ўва сне, ці на яву
Лезуць ногі ў галаву.
А дасягнеш вабнасць ног —
О, тады ты цар і бог.
Ногі! Во казус для нас,
Мужчын дурных...
Дзядзька Квас.
25.07.1982



Ад рэнтыстаў

Адказваю сябруку,
Міколу Панфілюку,

Які клопат з намі мае,
У „Ніву” пратэст высылае.
Гучыць: — Рэнту ім сарваць!
Замест грошай — дулю даць!
Во табе і мой адказ:
Не кармі ты дуляй нас.
Дарма, браце, на нас крэкчаш,
Як-ніяк, а мы — старэчы.
Працавалі, век тужылі —
І на дулю заслужылі.
Голую, нават без маку —
Лізні й не пачуеш смаку.
Ёй цана — зламаны грош,
Паважаны лістанош!
Ці ты блёкату наеўся —
Дзе твой гонар, куды дзеўся?
Чалавекам будзь для нас,
Людзей працы...
Дзядзька Квас
17.04.1983



Хай жыве згода

Ох, Крыніца ты, Крыніца,
Тухлая твая вадзіца!
Разлад з бойкай у пары йдзе,
Да дабра не давядзе.
Мы да сваркі надта скоры,
Ды не скоры на ўгаворы.
То загана ад прыроды
Ўсяго нашага народа,
Клінавалі дзеяў сродкі
Незгаворлівыя продкі,
Свайго цэнтра не стварылі,
Таму з усіх бакоў нас білі.
Пераможцы-ўладары
Назоў нам тады далі
Пагардлівы — „мужыкі”.
Таму й склаўся лёс такі.
Стукні ў лоб сабе, Крыніца,
Унікні ў сутнасць, што чварыцца,
Вокам кінь улева, управа —
Адзін боль, адна ў нас справа.
Не ўбівай між нас ты клін,
Трэ яднацца ў адну плынь,
Каб, як і ў мінулы час,
Не разбіла немач нас.
На каго ты ўзняў меч,
Каго з „Нівы” гоніш прэч.
Схамяніся, не гані,
Прыгавор свой адмяні.
Дазволь пісаць адгалоскі,
Кваса не пазбаў „Палоскі”.
Хай крыжуюцца пагляды,
Хай знікаюць нашы вады.
Гэта працэс велькай вагі —
Гінем, як калісь яцвягі.
8.01.1984



Галавакружэнне

Мінулі гады нядолі,
Мужыкі хлябнулі волі
Небывалай. І таму
Нам ускружыла галаву,
У горад паплыў карагод,
Пыльнуў у блёкі наш народ.
Пахаваўшы канцы ў воду,
Кінуў мову свайго роду —
У сучасных гарадах
Простай мове прыйшоў крах.
Не шукай дарма Івана,
Знойдзеш Яна, проша пана.
Не шукай, не знойдзеш Ніны,
Усе яны — пані Яніны.
Імя колішнія рэдкі —
Мужыцкія. Цяпер дзеткі
Звуцца Элі, Марыёлі,
Яркі, Міркі ды Каролі.
Ім мамусі затаілі,
Їe ich babcie w wiesiech їyіy.
А ўжо тое весь-сяло
Пустазеллем зарасло.
6.05.1984