Сваякі


Дзядзьку Квасу

Прачытаўшы сёння зрання
Ваша з „Нівай” развітанне,
Я здзівіўся: дзядзька Квас,
Чым жа так я скрыўдзіў вас?

Хоць вы напісалі гладка,
Аднак выйшла вельмі гадка.
Бо вы праўды не сказалі,
Толькі злосць на мне сагналі.

Дзядзька, пэўна, яшчэ мае
„Ніву” 21 з мая.
Дык вазьміце і аднова
Прачытайце слова ў слова.

Дзе там знойдзеце абразу,
Каб „Ніву” кідаць адразу?
У чым тут яна вінавата —
Трэфны нумар, трэфна дата?

Дапёк вам я — добра, злуйце,
У мой бок і злосць кіруйце.
Ваша крытыка паэтаў
Віной катавасіі гэтай.

Не ў той бок пайшла дарога,
Вы створаны для другога.
Паглядзіце ўлева, управа —
Многа ў нас іншых справаў.

Вось ляжыць у мяне, як свежы,
Ваш артыкул „Дух Яцвежы”.
Як напісана там лоўка,
Во дзе розум, дзе галоўка!

Пішаце вы, дзядзька, смела,
Што на сэрцы набалела;
І, як кажуць, адмыслова —
Вы вялікі мастак слова.

Кіньма тады ўсе нягоды
І падайма руку згоды.
Я ўжо сівы і вы сівы —
Трэба нам пажыць для „Нівы”.
11.11.1979