Сваякі


Вершы

Успамін

Да вайны людзі у вёсцы,
А таксама абы-дзе,
У пастаяннай жылі тросцы,
Часам нават у бядзе.

Хоць патрэбу мелі вельку,
Цяжка было грош здабыць;
Ішлі ў лес і на арэльку,
Каб канец з канцом стачыць.

Хоць зямля пакрыта снегам,
Хоць зіма, усё адно
Ў воду ўлазілі з адбегам,
Як не хопіць шрык за дно.

Убівалі ў бераг леску,
У Тыкоцін задам ішлі,
І ў пушчу Белавежску
На плячах клумок няслі.

Вытапталі ўсе дарогі,
Па далінах і гарах
Шматпакутніцкія ногі
У гумовых пасталах.
25.04.1976



Валасы
Многа годзікаў ужо маю,
А здаецца — малады.
Маладым не патураю,
Не нашу я барады.

Вусы часта падбрываю,
Падстрыгаю валасы,
Каўтуноў не адабраю,
Каўтуны не для красы.

Для выгляду, для парадку
Касцюм, туфлі і часы,
А калі яшчэ краватку —
Яна будзе для красы.
25.04.1976



Варочалка

Варочалка, варочалка —
Між калёс валок крывы,
А на ім такія вілы,
Бы у чорта пазуры.

А пакоцяцца калёсы,
Як дасі каню пад хвост,
То, бы дзесяць чарцей босых
Паварочвала пракос.
13.06.1976



Зайцы

Папрасіў я сёння жонку:
— Ты схадзі каровам даць,
А я пайду у нагонку
Зайцаў у сеці заганяць.

Мы ішлі нага за ногу
Густым шэрагам, як плот,
Было снегу надта многа,
Аж па самы, па жывот.

Назганялі зайцаў у сеці,
Пільнавалі па баках.
Зайцы плакалі, як дзеці,
Спавітыя ў пеленках.

Налавілі шэрамызых
Чуць не цэлы самаход.
Прадалі іх за дэвізы,
Гэта добры быў даход.
9.01.1977



Конкурс

Над сабою я смяяўся:
— Славы мала, у горад прэ.
У Беласток я дабіраўся
На конкурс у БГКТ.
А дабраўся, на лёс здаўся.
Толькі сталі выклікаць,
Да таго ж усхваляваўся,
Што хацеў стуль уцякаць.

Людзей было поўна хата,
Пачалі ў далоні біць.
А Гайдук шчэ апаратам
На мяне пачаў свяціць.

Ано я за скрыпку ўзяўся,
Каб зайграць „Вішнёвы сад”,
Як на тое папсаваўся
Гайдуковы апарат.

Стрэфіў тут і я таксама,
Пачаў граць „Скажы мне, мама”.
І зусім у дурным гуморы
Урэзаў „Залатыя горы”.

І зноў пляскалі ў далоні,
Аж па сэрцы гук хадзіў.
Я падумаў: „Чаму лоні
На конкурсы не хадзіў?”

Музыканты граць умелі
На розныя галасы.
Уручылі ўсім партфелі,
А мне яшчэ і часы.

Калі будзе конкурс новы,
Зноў паеду, няма мовы.
Надта ж добрае журы...
Чую: — Дзядзька, не дуры!
30.04.1978



Дайце партрэт Кваса!

І ў горадзе, і ў вёсцы,
Так у вас, як і у нас,
У „Ніве” на сваёй „Палосцы”
Выступае дзядзька Квас.

Квас наш добрага выробу,
Чысты, не за кіслы —
Лечыць нават бракаробам
Хворыя умыслы.

Напісаў бы можа йначай,
Каб быў я паэтам —
Ніхто „Ніву” шчэ не бачыў
З Квасавым партрэтам.

У Рыбаках нашы жанчыны
Цікавяцца моцна:
— Гэты Квас мусіць з цытрыны?
— А мо гэта воцат?

Квас! Не кісні і не плесней,
І зімой, і на прадвесні.
Свежым будзь праз цэлы год! —
Прашу я і ўвесь народ.
11.02.1979



Токар

У Бандарах стаіць слясарня
Недалёка ад вады,
А ў слясарні той такарня.
Точыць токар малады.

А як точыць! Не праскочыць
На адзін, на валасок.
І жалеза, і сталь сточыць —
Два кускі ў адзін кусок.
9.09.1979



Рост

Справа росту вельмі проста,
Няма тут іншых прычын —
Невялікага я росту,
Бракавала вітамін.

Выйшаў не са светлай казкі,
Ледзь на свае ногі стаў —
Еў мякініны каўбаскі,
Слязамі іх запіваў.

Вітамін цяпер нямала,
Еш усяго на поўны рот —
Зноў у гору не пагнала,
А пагнала у жывот.
6.11.1983