Што ў сэрцы

Вершы

Саўчук Уладзімір


Увесь зборнік

* * *

Прыхваткам пішу:
— малако закіпела
белымі зубамі
ў талерцы ночы

дзеці ўжо паціхлі
накармілі пацерам душу
і ўспамінамі Бога

а Марыя ўсё бачыць
цяпер застукала ў шкло
што на іконе

а мне не верыцца
мы не святыя

я пішу
а пры мне
дзяжурны анёл
на сцяне цяньком аброс



Думка

Я тут
сярод вялікіх дамоў
будаўнік новага заўтра
свайго горада Беластока

Я тут
сярод усіх маладых
што вучацца новага жыцця
жыцця — чакання

Я тут
сярод усіх тых
што зракліся вясковага хлеба
бо цяжкая праўда
вяжа дзень з ноччу
а далонь з плугам

Я тут

Я ў Кузаве



Родны дом

Стаіць ён зусім падобны
да мае маладосці
зусім такі ж
як быў.

Прыехаў,
пацалаваў парог
бацькоўскіх слядоў.

А цяпер
успамінаў вечар,
а свечка плача
васковаю слязой.



Перадсонне

Даў абяцанне вярнуцца
таму забег на малую хвілю
бы вецер з цёмнага садка
што цягне перашэпты з восенню
ўсю доўгую-доўгую ноч

каб у сне маім тупацелі думкі
і падымаўся келіх мараў
да вуснаў расхінутых у бясслоўі

вось чую
як Госпад Бог
паўтарае пацер са мною



Сёння я еду

Блудны сын з мяне
абыякавы да літасці
пра якую ў хатняй кнізе
за іконаю павук начытаўся

пакінуў я гэты дом
як непатрэбшчыну ў кутку балагану
каб іншым было дзе кінуць грахі
і махнуў рукою на душу свету

а сёння вось еду назад
пакланіцца разваленым варотам
і той будыніне
што згорбілася ў старасць
ды нейкаму карыціску перад нябытам

гэта мой пройгрыш з часам

адзінае што засталося — усё жывая цешча



Бяда

Бяда
гэта хваробы дзіцячага ўспамінання
бо ніколі не бачыў грошай
а бацькі зрок холадам цягнуў
як востры грэбень

Бяда
гэта хвароба ўчарашняга віду
калі бачыў як сотні вошай
танцавалі на густым грэбені
без сораму
і холад пацягнуў за вушы
бо астрыглі мяне на калена

Бяда
яна крычала і крычыць
бо каго гэта ўсё абыходзіла
тады

але малітва
і вера мая праваслаўная
павялі маю душу простай дарогай
простай дарогай



* * *

Яшчэ
не дараслі вашы дзеці
ў паэзію жыцця духовага
і ў гонцы за грашыма
абкідаюцца балотам слоў
язычнікі і кнігазнаўцы

адвярнуліся плячамі
да святога хлеба
і цяпер валяецца
як пустынная душа
чакаючы халоднай ночы

і толькі голад
накорміць усіх сытых



Вечар

гутарыў як вецер з дубамі
на прасцягу нашых падляшскіх дарог

бацька драмаў чакаючы ночы
а мне ў вачах бабулін пірог

чаму так рэдка пытае маці
заглядаеш Валодзя на родны парог

вось табе хлеб адпачынак у хаце
здароўе і шчасце зялёны мурог



Усходняя сцяна

чатыры сцены
ліхтар і свечка
з горычы астылая
стаіць вартуе
васковы камісар
каб ржа
за нагу не хапіла
і дождж танцуе

па грудзях сцякла

заснуў агонь кучаравы
бяседы нашай сіла
замоўкла ўсё

астаўся толькі гонар
у белых чаравіках
ля хаты
згорблены
самотны



* * *

Чаму
так рэдка гучыць
роднай мовы дыялект?
Чаму ж я вучыўся
сакрэтных слоў
каб
цяпер іх пазбыцца
слоў маці

горад прыручыў цябе
як свайго барда
пяяць жыццё натоўпу

гоман слоў памяшаўся
ў чарзе
дзень бярэш голымі рукамі

а дзе малітва



Шляхам уяўлення

Жнівень адплыў
дзівуюся небу
срэбру вады
перад маімі вачыма
сцяжынкі
дзіцячага майго ўяўлення:
зорачкі — цацкі залатыя
хто вас завесіў там высока
зорачкі — душы маёй сяброўкі

чаму недаступны
мары маленства
чаму белы шлях
астаўся ўгары
калі адляцелі начныя кашмары

ды не журымся
вечар ціхамірны
агрэе
як кастром
наша расстанне



* * *

Жыццё маё ты жыццё
чаго ты мяне навучыла
я дваццаць гадоў дарастаў
мяне беззваротна зблудзіла
вучылі мяне тыя людзі
ў якіх я быў адзінокі
і маці ўвесь час паўтарала
— не забывайся сынок
вучыся сакрэтнае мовы
яна з дзеда-прадзеда наша
і вывучыў родныя словы
матчынае мовы Падляшша

І выйду раненько з косою
росою твар обмыю
на дві вырсты зачысався
тэпэр в холодку досплю



* * *

Вось гэты вечар
звязаў нас супольна
словамі чужой мовы

а праўда вялікая
як асенні сон
разгулялася на паперы
заглянула ў душу
свайго мінулага

цяпер іншыя ацэньваюць
мяне

за мае ўчынкі
за цяжкую руку
за дзіцячыя слёзы
за навуку
за дурнату
ад якой вярнуцца
няма як

за жыццё
без упэўненасці



Бывала так

Бывала так

сонца прысела
на прызбу за акном
а Ты
убірала вечар
у белую пасцель
лямпа лізала
залатой усмешкай
партрэт радзінны
на якім маці
хавала бяду ў вачах

а наша печка
тэпала цёплым дыхам
і выганяла холад
з бядою за парог



Сон

Спакойны вечар за акном
мяне паклалі ў сон глыбокі
вырасла рошчына ў дзежцы даўно
а я на чужыне ўсё адзінокі

спакойны вечар
і месяц
з-за гор вярнуўся
з далёкай эміграцыі
дванаццаць гадзін служыў багацею
без пераканання — ніякай рацыі

засеяў зерне — вырасла палова
упалі з калосся гарачыя слёзы
калі прабудзіўся прамовіў без слова
за вокнамі шчыра шумелі бярозы



* * *

Ах як прыгожа
спіцца зранку
дзень адсланяе
чорную фіранку
а тут ужо звоніць
будзільніка званок
ужо пара на працу
ўставай Іванок!



Прыстань

Заглянуў сягоння
праз дзверы старонкі,
падумаў хвілінку:
— А, можа, купіць?

Не змог аніяк,
таму што ў сэрцы
дзяцінства голас
наўкол так крычыць:
— Здавалася табе!

А я ж не босы
ў рай за прашэннем зайшоў! —
А Ты, як кветка ў вазоне
цвіла ў слабодскіх „парусоў”.
Думаў, дарога перада мною
сцелецца ружай знізу ўгару,
тут мая прыстань...

Вось тут і гора.
Сёння вячэры я сам навару.



* * *

Калыхалася ў люльцы дзіцятка малое,
калі сонца смяялася ў поўдзень глыбокі,
цешылася шчыра, ды толькі за тое,
што я ў матулі сынок адзінокі.

...Схілілася бяроза ў нізкім паклоне,
— Дзякую вельмі, — сказаў жалязняк, —
Мой гаспадар гуляе на загоне,
а я ўжо стары драбінясты бядак...

Не помню я добра гэтай размовы,
хаця я сцежкі ў полі таптаў...
Бярозу ўжо ссеклі сякерай на дровы,
жалезны мой сябра рэнту дастаў.



Наша заўтра

Прабудзілася адвага
ў душы маладой
вярнуўся загублены снежань

нам трэба прабіцца
і верыць ужо цяпер
у размер дэмакратыі свежай

а цяжка выкарміць
родны квартэт

у патрфель заблудзіў
і падатак галодны
на сценах пажоўклы
астаўся партрэт

блізкасць далёкага
ў вечар халодны



Без слоў

Сагнуў спіну пад фурай гною,
пацягнуў як мог гарбатым словам.
Цяпер прыйшлося мне прызнацца,
хто кіраваў маёй душою.

Калі прабудзіцца адвага
глянуць у запарнік п’янай праўды,
як усіх цягне гэта брага,
кажу вам гэта я! — аддаў бы!

Міша і Юрка як браты
штодзень замочаны ў маслянцы.
Калі не верыш, прыйдзі й ты,
дай зарабіць старой Майданцы!



* * *

Расце тут вяз, засеяны ў дубраве.
Маці казала: „Помні, сыне,
твой родны дом ёсць у Кузаве,
а ты ў мяне сынок адзіны”.
Мае сябры ўсе ў Варшаве,
а я рассохся, як чыгун,
сярод чужых душой, а ў слове
застаўся голы, як бізун.
Думаў, звязаць яшчэ магчыма
нават шнурком сваё жыццё,
а гусляром стаць успамінаў
у Беларусі родны схоў.



Дом у Слабодцы

Як цяпло сядзець ля печы
у дзяўчыны ў хаце,
калі грэе моцна ў плечы,
кругом ходзіць маці.
Бацька хворы, ён не можа
вельмі прарабляцца...
Мне шкада сягоння тожа
з вамі расставацца.
Не бядуйце толькі, маці,
вясны чакаць трэба,
не сама, а абыдвое
гнаць мы будзем сонца з неба.
Бацька нам паздаравее;
прыедзе дахаты,
гаспадарку адалее,
зноў дастойны і багаты.



Дзяцінства

Нядолю спазнаў я ўчора,
калі захварэла маці.
Ніхто не ратуе, вось гора,
няма каму ўспамагаці.
Дужманы хлапчына бядуе,
як жа цяпер цяжка ў хаце,
бацька далёка працуе,
няма каму ўспамагаці...
Узяў гаспадарку ў рукі,
дабытак, і працу ў полі,
пакаштаваў вось навукі,
дзяцінства смаку нядолі.
Сягоння не наракаю,
дык я змагаўся для справы.
Часта цяпер успамінаю
дзяцінства як сон. Цікавы.



* * *

Гэта мой фундамент
на ім я сваім словам спеў
чытаў дзіцячую фантазію
таму так хутка пасівеў



Дзяцінства дэмакратыі

Чаму так цяжка вам прызнацца,
Каму зварылі боршч з бяды?
Самі жылі вы вось у палацы,
Мне бракла хлеба і вады!



Эпіграма

— Скажы ты, мілы мой дружок,
як дарабіўся ты ў бядзе?
— Вярцеўся моцна на базарах,
круціўся, як той уюн у вадзе!



* * *

хоць ты вяртайся
зноў дадому!

ды не павернеш
голымі рукамі
голай будучыні



Жыццё

Прыходзіш да мяне
калі не бачу
пакідаеш мяне
і зноў не бачу

скажы
можа гэта сон
а можа ўся праўда
нашага няведу



На чужыне

Сярод чужых прыйшлося мне быць,
далёка на чужыне.
Тут я працую — трэба ж жыць,
і блізка пры дзяўчыне.
Цяжка мне стала вось самому
службу сваю разгрызаці,
цягнецца сэрца дадому,
там, дзе ў самоце маці.
Ды прывыкаю памалу
верыць, што і сам зможаш
выйсці адважна з падвала,
жыццё сваё выжыць прыгожа.



* * *

Эх вы, людзі мае дарагія,
ахапіла вас гордасць
і зайздрасць адзін другому.
Чакае вас цяжкае маўчанне,
калі ўжо зойдзеце дадому.
Эх вы, людзі мае дарагія,
грошы галаву сушаць і боль.
Дайце іншаму хоць жменю адвагі,
хай вырасце хоць літаратурны герой.

— І што з таго, што сёння пішаш? —
і што з таго ты будзеш мець? —
так у мяне пытаецца мая мілая.
Ды гэтых слоў не разумею.
Можа, не ўмею зразумець.



* * *

Хто вінаваты? — скажыце адважна
ці гэта не блудная дарога
чаму дзявочую і чыстую справу
пакінулі слугам ля парога —
чаму ў жыцці малога „заўтра”
усё рашаюць правадыры
жыццё яшчэ не нарадзілася
а вы
паводзіце сябе
як блудная маці
якая не можа зразумець вас
але ўсё-такі хоча ведаць
хто будзе „хрышчоным бацькам”
свайго „заўтра”
каб не ставаць за міласцінай
бо сягоння
страйк



* * *

папраставалі дарогі
павесілі святыя іконы
напісалі свае новыя законы
і выгналі дурноту з хаты

але
д’ябал чорны рагаты
пацягнуў за горб сваіх
— блудных сыноў

але тут кагосьці не хапіла
ў гэтых паноў
можа цярплівасць зблудзіла
а цярпелі раней з-за няўдач
цярпелі і за Бога

але разгулялася карусель
пачырванела зноў пасцель
цяпер няхрышчана дарога
і дзед Лукаш ды яго браць
па ўсёй Русі хочуць гуляць

прыляцелі гусі зброду
памуцілі ў рэчцы воду



* * *

Гісторыя:
чаго шукаем — праўды!

а яна мінае нас

і мы забываем
аб крыўдах сваіх
аб слёзах дзіцячых
аб чырвонай дружбе

і цяпер ужо
дзякуем суседзям

за жменю адвагі
за дэмакратыі свежыя сляды

але перад намі
яшчэ доўгая дарога
несці свой крыж
беларускі



На новай дарозе

Вясна прыйшла ў зялёных чаравіках
скрышыла лёд абцасам і падковай
смяецца сонца з дзетвары вясковай
што яны хаваюць белы снег за прызбу

Зблудзіў і май у той садок зялёны
вецер заткнуў белы грэбень у чупрыну
і Жэнік закахаўся ў Лёнцы нашай
так шчыра ён туліць да сэрца дзяўчыну

Мінуў і жнівень — месяц той багаты
ён скасіў сярпом зорачкі над намі
і гэтай ноччу заблудзіў у хату
цёплую галаву паклаў між грудзямі

Заехаў студзень у шытках дубовых
а тройка званкамі збудзіла прыход
і белым снегам сыпала і Словам
у новай радзіме на той Новы год



* * *

не наракайце на нікога
ўладу мы неслі на талерцы
ды чэрствай стала мне дарога
вясёла жыў у кавалерцы
вецер спаймаў мяне за рукі
пратанцавалі ўсё Падляшша
закаштаваў цяжкой навукі
такая была служба наша

чаму недаступны цяпер тыя мары
ці мо замнога праклалі дарог
такое ты шчасце! — нявестка з дарогі
як я праступіў жыцця той парог



У халодныя ночы

Вецер косы чорныя часаў
дзяўчатам што ішлі на прадкі
квартэт вясёлы рагулькі спяваў
вясковага брацтва астаткі

Гэта не спевы а размова
калі дзяўчаты ля кудзелі
суботаю пачнуць перадзімовай
спяваць да ранняе нядзелі

І выраслі
кветкі вясёлага брацтва
дарога адкрыла праўды старонку
суседкі кінулі сваё мастацтва

кінуліся замуж як у нагонку



Каханыя дзеткі

Прысвячаю
ўсім праваслаўным дзецям

Ах, дзеткі! — каханыя дзеткі
вы раслі як польныя кветкі
ад ранняга сонца
ад белай сарочкі
спелі
як у жыце васілёчкі

Ах дзеткі! — каханыя дзеткі
адцягнулі мяне аб „бярлогі”
ці ў маім — дзякую
не хапіла адвагі
ці можа сэрца пакінуў
ля нашага парога

Ах дзеткі! — каханыя дзеткі
ўжо адцвілі нашы
сінія кветкі
асталіся ў камп’ютэры
памяці
запісаныя словы
нашай простай
падляшскай мовы



* * *

Даруйце мне
зблудзіў я словам
і грэх схаваў за пазуху
а... мінаўся здаецца з суседам

не стала адвагі
апусціў галаву
як пазбыцца гэтага болю

тройчы перажагнаў
тое што зрабіў
і прасіў Бога:
— Ты не дазволь
каб зноў стаць зверам
у мяне яшчэ не згасла вера!



* * *

Жыхарам Слабодкі

На гэтай цаліне
вецер мух гоніць
— а то пякуць крывапіўцы!

На гэтай цаліне
крапіва вырасла ў пояс
і дзіч наўкол.

На гэтай цаліне
пастух Павел мог
расказваць
авечкам аб нядолі.

На гэтай цаліне
асталіся яшчэ кветкі,
якія прыехалі
здымаць замежнікі.

І з намі гэта будзе.

Гэту цаліну
людзі топчуць
як усю Беласточчыну.

Тут пот і слёзы
бацькоў
заараліся глыбока
ў душу.



А нам у дарогу

Хвароба ўчапілася за дзверы,
а нам тут трэба ад’язджаць
па свой хлеб.
А ўжо дзеці выраслі,
перараслі наша чаканне.
Цешча выглядае ў акно,
выцірае слёзы дажджу.
Пакутуе душа,
прывыклая
вяртацца ў родны схоў.
Не забывайце, кажа маці,
а мы спяшаемся,
бо ж яшчэ кавалак дарогі
ў нашу будучыню...
І толькі нас бачылі.



* * *

Цёмная ноч ціхая ды чорная
ды вясёлка свет акружыла
у прахоне зорачкі смяюцца
па-польску па-беларуску па-чэшску
а я прысеў ля акна адпачыць

я хачу гэту ноч перажыць
адсланіў ражок занавескі гляджу

а за акном месяц плыве
як у казцы Гаўрыла
плыў і думаў уголас:
— Дзе Ты, зорачка мілая,
усмешкі свае пагубіла? —



У грыбах

Імгла
распранулася ў лесе
і холад напіўся маіх слоў
ды ў цёплым сэрцы
ахвоча пульсуе мая
беларуская кроў

яна так шчыра плыве і плыве
магу паўтарыць вось з вамі
шкада толькі
згубленых у лесе слоў

і пустая карзінка
— я ж па грыбы сюды прыйшоў



* * *

Блудны сын шукаў дарогі
турма закрыла гоман вуліц
цвёрдага месца шукалі ногі
душа чакала родных слоў

разагналі бяседу без прычыны
цяпер чакаюць ля дзвярэй
ад панядзелка да суботы

пасякі цягнуцца дарогай
і мяккім словам
і мяккай душою
і мяккія дрыжаць ногі

вось бачыш браток
пустое гняздо
а зязюля
накукавала доўгія гады
на чужых гнёздах

і дзецям прыйшлося
дажываць
па-старому



А ты заўсёды

Скажы мне, мілы —
ці сябра пазнаеш па душы? —
словы якіх ты чакаў
растапіліся і адплылі
як слёзы бязвер’я.

Сапраўды
лягчэй жыццё скружыць
і аддзяліць палову
ад слоў, якія сееш
прыгаршчамі

— Не сорамна, што расце
беларуская мова
ў беластоцкім агародзе.

Няхай вярба шуміць,
няхай бяроза плача, і Ты
заўсёды будзь сабою.



* * *

Дабег
ужо дваццаты век
на стадыён праўды
а Ты
чалавек з аўтарытэтам
разгарні свае думкі
ці не памяшалася палова
з чыстым зернем слоў

па якой дарозе
праграма нашага жыцця
хто нам падказвае
куды павярнуць вочы
чаго слухацуь
калі пахіляць галаву
ў падзяцы:
за страву на талерцы
за цяпло мацярынскіх слоў
за споўненую ноч
і нядзельку
без грахоў



Не пытайце

Не пытайце мяне
куды я еду
душа схавалася
за палу чужога гора
ой цяжка цяжка
змяркае дзянёк
калі размова наша хвора

Не пытайце мяне
куды я еду
пустых слоў не адзене язык
раней
проста бяды я баяўся
а цяпер да ўсяго прывык

Не пытайце мяне
калі я вярнуся
мае коні гуляюць на волі
душа прывыкла цярпець адзінока
а не адзін я на гэтай дарозе
калі вярнуся
пакіну сляды
— старыя дождж абмыў
на парозе



* * *

Няма ў душы маёй
ні радасці ні смутку
няма ў маёй кішэні
ўжо грошай на распусту
рассохся родны вулей
на дарогах
а ў прагоні маёй
бусел прынёс у гняздо
новае жыццё

вось і вясна
заглянула ў Слабодку
і цёплы дождж
арасіў сівыя загоны
а вясёлка
завязала хустку
над лесам
бандарскіх сяброў



Просьба

Дачка мая мілая, —
шчыра просіць маці, —
ды Ты сумленне згубіла?
Я пайду шукаці.

Эх, жыццё, ты блуднае жыццё!
Хто паказаў табе дарогу?
Каму цяпер душа баліць,
Скажы, дарую я, ей Богу!

Ні з гэтага холаду хлеб
будзеш есці,
ні з гэтай малітвы човен граху.
Астыць, перадумаць, усё перанесці,
выкінуць гора ў мяшок пастуху.
Няхай той пастух на цаліне
рассее гора за гарою,
аб маёй не знаючы віне.



Сенажаць

Зялёныя прасторы
някошанай травы
і чмялёў размовы
ў загонах крапівы
а мы разбулі дзень
з цішыні світання
абмывае ногі срэбная раса
шуміць трава сырая
і поўзаюць туманы
музычная гадзіна
салаўя настала

вось цяпер пачулі
сілу звонкіх ранкаў
а чыгунка свішча
мчыцца ў Беласток



* * *

Цяжка
вымазаць грахі жыцця
калі ў сям’і
астаўся я на здымку
а мне не хочацца
і верыць

цёплы вечар зажурыўся
гарнуўся сном ад стомы
а мой сяннік зусім пусты
а думаў тут прылегчы
адпачыцць
замкнуць у душы адвагу

дык чорт якісь
крычыць:
няма тут твайго пасагу!



* * *

таполя
таполя
край дарогі
быццам поўнач
лягла на далоні
поўдзень сыты
накрыўся цяньком
вецер
косы бярозам пляце
а ў прагоні май
затрымаўся з дарогі
чмялі загудзелі
над чупрынай зялёнай
маёй
Мацейкавай Гары
Нарва
расхіліла свае вусны
і паплыла
сялянская бяда
ў Беласток



Без слоў...

пакіну труд
— чарвівае жыццё
замкну
дзяржаву слоў сваіх
навекі
няхай душа журбы
не знае
ў гэтым блудным свеце

служба мая
у бядзе і холадзе
зашумела словам
ціхім спакойным
шукаю свабоды
за недаступнаю мяжой

цяпер знайшоў
яе



* * *

Адплывае жыццё
а мы на беразе стагоддзя
чакаем
надаела ўжо паўтараць
што мы — Беларусы
і сваю мову маем.

карані нашы
глыбока ўраслі
ў грудзі зямлі
між Бугам і Нарваю

айчына



Сон

загрымелі вусны
гаспадарскім словам
зашумела пушча
сівых валасоў
радзіма мне сніцца
як блакіт світання
як загоны спелых
ягад буякоў

ды цяпер зіма
за акном мяцеліца
гудзе так магутна
у мой краявід
нічога няма
а мне так шчасліва
кончылася ноч
ў грамадзянскіх сценах
ціха і цяпло



Асеннія ранкі

калі певень запяе
прывітае дзень
маці з ложка устае
хавае ліхтарык месяц
зоркі ціха паглядаюць
на загон густой імглы
птушкі так ужо не спяваюць
лета тухне — дзень у пояс
лес запоўніўся багаццем
стаў ён дохтарам душы
ранак сцелецца туманна
а мы ў лес з дзяцьмі бяжым



Лустачка маладосці

Эх
дзяўчаты дзяўчаты! —
вашы вусны калышуць
слоў гарачынь
вашы вочы смяюцца
падарожжам сонца
калі цёплы вечар
вярнуў сілу
і салодкім сном прылёг

сягоння

успаміны вырастаюць
кветкамі слоў
маладых каханкаў
а наша жыццё
украла
красу мараў



Вярнуся яшчэ сюды!

За лесам дрымучым
разбегліся палеткі
згубіла лік свой
ракітная дарога
а луг зялёны
ўсё прыцягваў
магутны дзіцячы зрок

Заснулі мае мары
на доўгія гады
не прысягаў я сябрам:
вярнуся яшчэ сюды!

З’явіўся неспадзявана
як у белы дзень маланка

Убягаю душою
ў таямнічы ельнік
і белы бярозавы гай
дзе чмялі гудуць
і свет развідняе



Хто я...

іду праз жыццё неспакойным крокам
дарогі сплятаюцца з думкамі
мазоль учарашняга вечара
заціснуўся на душы

хто я!
цяпер
калі
пакідаю казарму дзяцінства
ды маладыя вочы свецяцца
яшчэ без перакананя яшчэ
зялёнае ўсё — расце
словы хвалююцца на лодцы перамен
усё спрабую пытацца

слуга вечны ў Бога
ці блудная авечка ў табуне
паэтаў

хто я



* * *

Калі ўвойдзеш у лес
чыстай сваёй душою
пакланіся жыццю
што цябе акружае
залюбуйся прыродай
прысядзь на пянёчку
адчуй перамену
усю магутнасць
лясных фактараў
цішыню світанкаў
зрошаных срэбрам галін
нерукатворны пейзаж
братоў нашых жывёлаў



* * *

Беласточчына мая
радзіма
схоў сцежак
у дрымучых лясах
Бельск і Гайнаўка
настой на чарамшынах

вяртаюцца ўспаміны
застылае дабро
тут цвіце ракіта
духмянаю мятлою
і плыве вада
крынічным серабром

часам ледзь знайсці
ракітныя дарогі
рай зарос
зялёнымі лясамі
толькі кузаўцы
цешацца дабром
і я прысяду
калі ласка
з вамі



Вясна

На зялёным лузе гнеды май танцуе
вясна пляце вяночкі залатыя
зрокам сонца вяжуцца берагі Нарвы
у зялёнай аснове салавей разжаліўся
што ў гушчавіне старое гняздо
чмялі нясуць жыццё
за раннім сонцам
і ў галаве зацвіў шахрай

стаю як стоўп
і слухаю
забыўся
чаго сюды прыйшоў



* * *

настаў падзел славянскай мовы
калі ўжо збракла светлых слоў
клёкат буслінае размовы
з-над Беларусі прынясло

што родны схоў кранулі сілай
сіня-зялёныя мундзіры
літаратура стала мілай
чытаюць толькі камандзіры

свае задумы і ўчынкі
ў чарзе за лысым пастухом
ад Чарнабыля ля адрынкі
і беларус стаў прымаком

скажыце: дзе шукаць прычыны
пагібель споўніцца як сон
сяло заснула ўжо ў палыне
цярпліва травіцца бетон

лугоў зялёных попел-пыл
заслаў дрымучыя дзве тоні
вось тут пагібель — Чарнабыль
бетонны яз маёй Пагоні



* * *

за намі змярканне
прылягла ноч
дождж абмывае вокны
слязамі грахоў
паляўнічы нашых думак
заседзеўся доўга
калі ўжо поўнач
туліцца сырая

Ізноў мы адны
сярод сцен журботы
вогнікі знікаюць
за пялюшкай мглы
трывожыцца сэрца
і пульс жыцця
б’ецца неспакойна

камянее маразм
дзіцячых мараў
няхай хоць ліхтарык
не згасне
— яшчэ не пара



Чарнобыль!

душу маю накрылі боль і скруха
хаця жыцця кавалак яшчэ перада мною
хто распароў да сэрца зямлі душу
заслаў нядолі славу за сабою
цяпер няма адвагі прызнавацца
каму зрадзілі свята ў цяжкі будзень
стомленай зямлі толькі наракаць
што многа зла злажылі ў яе грудзі
і многа слоў засеялі пустымі
бязвер’е нашым зрокам акружаем

Чарнобыль тая кветка на пустыні
цвіце цвіце — людзей хавае



Перад патопам

Наўкол вада срэбная вада
душу маю блакітам чаравала
на лодцы перамен
аддаўся цішыні
і бачыў свет
якога ты не знала

чытаў паэзію светлай цішыні
жыццё някранута рукою чалавека
і гэтай праўды дастойны краявід
недаступны яшчэ дваццатаму веку

дзе моладзь ліжа зло рукамі
і тэлевізар стаў ім богам
ну што ж хацелі быць панамі
зямля не выдала святога

не хоча Бог вячэраць з намі
яго згубілі мы без волі
ідзем дарогай за палямі
што ў ростань нас вядзе нядолі



* * *

Зачапіўся цёплы вечар
за слабодскія парогі
мгла схавалася за вербамі
і зялёны край дарогі

цяжка мне і душна
і сумна на душы
ды па сцяне з пялюшкі
нікуды не ўцячы

салаўі ўжо паснулі
поўнач туліцца сырая
мне так хочацца дадому
дзе матуля спіць старая

цяпер і цяжка прызнавацца
„што варта ціхая памылка”
трэба жыццё трымаць за лейцы
хоць старая ўжо кабылка



* * *

Гасне дзень — паэзія жыцця
сланяюцца з дарогі
сівыя платы
а
на бярозе
зацвіў эцюд
песняй салаўя
змярканне сонца
лізала цені гаю
згорбіўся вечар
у прагоне імгла
накрыла сляды маладосці

мы прыехалі
радзіма прывітала
дзіцячыя мары ўспеў адвязаць



Няпрошаная вясна

над зялёнай чупрынай хваіны
вецер хмары зганяе ў радочак
труцца поўзаюць вужамі слязнымі
падліваюць
малады маіх мараў садочак
што ў гарах я пакінуў
таму кахаем гарбатыя горы
ільдом акаваныя вусны крыніц
ды зялёныя кніжак прасторы
пыл заслаў нам наш краявід
там высока сонца ахрыпла
аграваючы густы кісларод
пульс жыцця загубіла нібыта
прастудзіўшы жоўты свой рот



Ізноў прачнецца дзень

Даспелым колерам
крычыць змярканне сонца
памалу тухне дзень
жыццё сціхае
і жураўлі вярнуліся з балота
дзе цёплы зрок
спакойна співае цішыню
з далоні ветру з далі
а бераг тоўсты травяністы
маўчыць як таямнічая хвароба
таму легенда ўтапілася
вада хвалюе сінюю душу

Ізноў прачнецца дзень
ізноў гадзіна стане даражэць
і вопытны настаўнік
ўсявышняй праўды
падкажа паціхеньку:
„малітвай сустракай дзянёк
і не спяшайся
жыцця ніхто не гоніць”



Сляды дзяцінства

Вечар шаптаў гадзінамі пустымі
згарнуўшы сон прыкрыты снегам
сляды жыцця сцяжынай уюцца
імкнуць у вачах знікаюць бегам
між елак белых шынялі
на шлях задуманай хваіны
між голля дубоў пасівелых
маладняку і гушчавіны

Ці гэта сон ці можа мары
дзіцячых уяваў аб зіме
сэнс слоўнік гэтых слоў забудзе
згарыць свабода і ўва мне



Бацькаўшчына

душу маю
прыкрыла хустка журботы
а кавалак жыцця
яшчэ перада мною
няма ўжо Цябе
асталася мне мова
якая сцеле
славу за сабою
вось гэтыя словы
насталі як свята
насталі як пульс жыцця
ў цяжкі будзень
таму і плача зямля
што столькі бяды
ўзвалілі на грудзі
што зернеткі слоў
застаюцца пустымі
вецер палову
гоніць аблагамі
старыя бацькі
угінаюць спіны
каб толькі дзеці
выраслі панамі