Прасейванне імглы

Руско Барыс


Частка першая

І

Бяссонніца

Хачу зысці з вачэй
пад балдахінам цішы,
дзе ў скоках матылі,
і ад хады святла
трашчаць
сасновыя іголкі.
Пусці ў світанне,
мая доўгая ноч.



На малітоўны круг

Дарога вядзе ў пушчу,
на малітоўны круг,
дзе зелень алтаром,
а ў гомане Усявышні,
а цернякі — сукі,
а раса — чырвань болю,
а на падносе пень —
сярэбранік Іуды.



Перад світаннем

З розных бакоў
бягу ў цішыню пушчы.
Світанне шалясціць пад
нагамі, а дрэвы сонныя,
белыя,
як факелы святла.
Узнімаю вочы ў неба,
употай, каб не спугнуць
павекамі зорак,
што ўбілі зрок свой
у зямлю.



Плыву...

Плыву скрозь дрэвы
і дрэў вены,
скрозь алёс
і цела алёсу —
напалавіну птушка,
напалавіну святло,
напалавіну ручай —
у струнах паветра,
у шуме лістоты
плыву,
імглу збіраючы і расу.



Над адкрытым лугам

Дакранаюся да жывога лугу,
як да полымя колераў
і спеву крылаў,
і мовы світання,
і вечара,
і дня,
і ночы,
і зноў сонца,
і зноў месяца.
Над гэтым палатном
шчыраваў не абы-які майстар.
Крышыцца ціш на бясконцыя
песні.
Усё існае ў песні,
у шматцветнасці лета.



Над крыніцай

Стужка вады ўпарта
абмотвае жывы корань.
Побач манашкай
прысела папараць.
І толькі птах крыклівы
муціць настрой абуджэння.
Сонца
памалу распальвае
зелень,
а ў цяні дрэў
маўчыць крыніца.
Аб вейкі
аціраецца
сакавітасць красак
і гасне ў ручайку
крыштальнае вады.
Пачалася
лясная літургія.



Цераз парог

Дакранаюся да галін,
якіх не бачу,
а колер бронзы,
а лес на каленях.
Дакранаюся да каранёў,
да якіх не дастану,
а бронза паблякла,
а лес маўчыць.
Дакранаюся да лісцяў
за цішшу плячэй,
а красак няма,
а лес стогне.
Дакранаюся да імглы,
нічога не бачу.



Падслухоўванне

Узгорак. Дубы і сосны
ў сонечным спляецнні.
Плыве жывая, радасная нота.
І на каленях птах,
святло бруіцца ў новыя
карціны.
Як лёгка з небам у жмені.



Блакіт

Колькі ў блакіце адценняў неба,
ведае толькі сонца і
мастак, што смела кідае
святло ў прастору.
А возьмем птушкі —
як расцягнулі світанак,
зерне за зернем.
А я нялётны,
у блакітным капелюшы
на галаве.



Пасаг

Далоням не кранаць
блакіту неба,
і кветак,
і кахання —
прывідны рух.
Каханне само ў сабе —
блакіт у блакіце.
А кветка толькі жэст кахання,
будзь яна нават усіх колераў
палітрай.
Неба блакіт заўжды
аднолькавы, бяздонны,
як студня,
у якой пачатак усяго.
Не ведаю, хто першы
ўзяў у пасаг блакіт —
неба,
кветкі,
каханне?



Між слаямі

Між гушчынёй спацелых дрэў
і адчыненым акном лесніковай хаты
— імглісты кучаравіцца лес.
Між багаццем зялёных лісцяў
і плынню падземнай ракі —
пачатак жыцця.
Між іголкамі хвоі і вожыкам
выступае з берагоў
маё захапленне.



Пушча

Праўдзівае тут усё,
як кожная галінка,
як танец у лісцях сонца.
І спеў, і трэск, і шолах,
і кропля цішыні
на раненую скронь.
Тут усютка гасіць смутак,
як зелень злыя вочы,
вада сухія вусны...
Кара бярозы белай,
звярыны добрай крокі
і згушчаны блакіт
у вячэрніх крылах сну.
Тут усё ў колеры ясным,
як дрэў жывое слова,
як убор святочны кветак,
вятроў гульні гарэзнасць,
імглы гаюча бель,
і хор успамінаў цёплых,
якія згарнуў час.



Сумненне

Не ведаю,
ці гэта яшчэ пушча,
што птушкай у палёце малюе
радасць і смутак,
мае ўцёкі
і вяртанні,
сон,
да якога не ўмею даткнуцца.
Ведаю,
стаім на каленях поплеч,
прыкідваючыся,
што ўсё ў парадку.



Праява

Адшукаю дзверы ў гушчары
дарог
і адчыню іх да змроку,
і прад світаннем,
і ноччу, калі не да сну,
і днём мітуслівым,
і проста,
калі ўбачу, як нехта
паўз полымя і попел
бяжыць па жменю слоў.



Пытанні

1
Пытаюся
пра дарогу да крыніцы,
пра сонца ў пячоры кажаноў,
пра дождж у зорную ноч,
пра слова бадзёрае прад адыходам.
І тыя, што маўчаць —
пытаюцца, толькі ніхто іх не чуе.
2
Пытанняў мноства,
зямныя кнігі ўсе запісаны,
адказаў некалькі.
І ў гэтым нічыя віна.
Ні тых, хто пытае,
ні тых, хто адказвае.
Бо свет празрысты —
адказаў не відна.
3
Я да прыроды неабыякавы,
жыву і думаю.
І прагну ведаў,
каб смялей глянуць
праўдзе ў вочы.
Таму шукаю тых адказаў.
А не знайду —
сабе прабачу,
бо ўсютка здзейсніў,
каб спазнаць слова
нявыказанае.