Прасейванне імглы

Руско Барыс


Частка другая

ІІ

Хвала

Хвала праменням, што зелень далі лісцям
і чырвань кветкам,
вачам — блакіт.
Сонца, хвала табе за ласку, дорыш якой зямлю.
Хвала табе, хвіліна, што ўзнікла ты і
знайшла ў сабе месца для зорак і драбніц.
І табе, ціш, хвала, што цябе згледзеў Бог.



Скажы, варожка

Не ведаю, дзе б’е гусцейшы гром,
дзе стогне жаласней віхура —
у небе ці ў маім сэрцы?
Не ведаю.
Скажы, варожка, хоць паўшэптам...
Ты ж прачытала столькі кніг
складаных чалавечых лёсаў...
Скажы.
Скажы, як пагасіць пякучы жар,
і як здабыць іскру надзеі,
світанак як сустрэць барвовы,
смяяцца як, гуляць і плакаць як?



Зачацце

У папірусе Цішы доўгая,
як вечнасць, набрыньвае Мова.
Хвалі слоў б’юць у свае берагі,
кроплі становяцца плынню,
плынь разбіваецца ў віры парываў...
Абруч лопае.
Поўніцца пенай форма Майстра.
На адталым полі пад скібай
даспявае зачацце.



У замеці жыцця

У замеці жыцця я —
птах заблытаны
ў гушчары ночы,
шэпт у клаксанах вуліцы,
жэст у гульні
няўцямнай хвіліны,
цень з кінастужкі
лёсу.
У замеці жыцця,
у клешчах
прамяністай глебы
зерне прарастае
болем.



Яшчэ далёка

Калі адкрыю малітоўнік
палінялай веры,
я ў клопаце.
Пульс слова
ледзь б’ецца,
думкі выстуджаны.
Калі сустрэну таго,
каму давяраў, я —
спуджаны птах:
як пасівела праўда
вечна маладая!
Калі бачу свет
пад мікраскопам,
я ў аняменні.
Далёка да святыні,
каб запаліць у ёй
агонь хвалы
за ласку асвячэння.



Журба

З адлегласці бліжэй —
а так далёка —
да сцежак родных,
цішы зялёнай.
У восеньскай душы
ўспамінаў жар
з журбою
ў цеснай змове.
І пацяплела
ў каменым мяшку.



Парванае лета

Парваў на шматкі я
дні гэтага лета.
Баюся жалобных
харугваў,
бальзамаванага плачу
вачэй,
глухаты ў стогнах
і чорнага колеру
ў хаце,
на вуліцы,
на яве
і ў сне.
Баюся тых,
што бягуць у нікуды,
баюся застылых вуснаў,
калі вады па шыю,
баюся чакальні,
калі трэба ісці
зачыняючы за сабою дзверы.
А дні спякотныя,
як ніколі,
у белую б памяць
шолах сонца.
Не буду памятаць.
Парваў я на шматкі
лета,
лісткі нежаданага
календара.



Згуба

Згубіў я ўласны адрас
і блукаю
паміж дзвярыма
напалову чужымі.
Парог. След туфляў.
І некалькі пустых
слоў.
Патрэбны мне мой адрас,
каб на акне
павесіць завяшчанне
з забытым зместам.



Эпізод

Эпізод,
які трымаў для сябе,
згубіў.
Шукаю ў думках,
а ён безупынна ўцякае,
і толькі сумненне,
і толькі боязь,
і толькі акуляры паблізу вачэй
засталіся.
А жыццё,
некранутае розумам,
голае.



Неабдуманасць

Сумная ты
у акне світання.
Даткнуўся да цела,
акалечыў душу.
Лякарства ў сейфе,
а лекар у дарозе.
Не расцвілі яшчэ зёлкі
ў тваім агародзе.



Цікуючыя гадзіннікі

Цікуюць гадзіннікі ў быце нябыту.
Самааданыя.
Не.
Завадныя.
Не.
Цікуюць гадзіннікі ў застылым суме ўсмешкі.
Жывыя.
Не.
Мёртвыя.
Не.
Цікуюць гадзіннікі ў халоднай прасторы вачэй.
Мокрыя.
Не.
Сухія.
Не.
Цікуюць гадзіннікі на дне непрысутнасці.
Ціхія.
Не.
Шумныя.
Не.
Цікуючыя гадзіннікі чакаюць удару гонга.



Развітанне з бацькам

Развітаўся з Ім
назаўсёды. Не.
З Ім не развітваюцца
ніколі,
як не развітваюцца
з сонцам
і з любоўю,
і з пасеяным зернем
ў жыцця лоне,
як не развітваюцца
з крыжам
і з малітвай.
Развітаўся!



Твар прамінання

Дні адлятаюць за бацькам.
Пабранзавела сенажаць,
каса пакрылася іржою
і камень, на які сядаў, палопаў,
і сляды ног ледзь бачныя на сцежцы,
і сцежка вузкая, як нітка,
што абмотвае чорны пень —
ён памятае плач
народжанага сына.



Уцёкі

Ад папялішча да папялішча,
ад сумнення да сумнення,
ад абуджэння да абуджэння
гарыць свечка ў жывой далоні.
Няма слова падтрымкі,
толькі словы малітвы;
няма праклёнаў,
толькі роспач,
няма развагі,
толькі ўцёкі,
кароткім шляхам —
ад сябе,
ад свету,
улева,
управа,
у зман —
свінцом вывесці сум на рукапіс
жыцця.



Назіранне

На жывой вуліцы жабрую позірк
у разявакаў
скараходаў
кульгавых,
мажных,
згорбленых,
старых,
маладых.
Пытаю ўсіх і сябе:
— Прыкмецілі мяне?
— Астаўся след мой у вашай памяці?
Толькі след.
— Ці ўзновіце мяне? Хоць бы ў снах —
разяваку,
скарахода,
кульгавага,
мажнага,
згорбленага,
старога,
маладога.
Ці ўзновіце?



Без звароту

За плячыма рог месяца,
я не дапіў з яго яшчэ сонца.
Стаю ахмялелы
на скрыжаванні дня і ночы,
і шкада кожнай хвіліны
перажытай не да канца,
і кожнай утоенай перад сабой думкі,
і кожнага выцертага з памяці твару.
Жаль, што няма звароту
ў гэта самае месца.



Малітва

Госпадзі! Ляпіў Ты свет з сырца,
які меў пад рукою.
Відаць, не было лепшай гліны.
І не на тое Ты даў чалавеку
волю вольную,
каб ён спапяліў свой дом
і ўсё, што на зямлі.
Ты даў яму волю,
каб ён Тварэнне Тваё
удасканальваў —
на славу жыцця,
у якім гарыць агонь святы
Тваёй свядомасці.
Госпадзі! На дарозе Тварэння
чалавек —
ветка заўчасная.
Глянь на ўчынкі яго
і злітуйся над ім,
дазволь выпіць чару
з мора Твайго розуму
і адкрыць вочы і сэрца
і ўбачыць у любові
святло Тваёй задумы.