Прасейванне імглы
Руско Барыс
Частка чацьвёртая
IV
Я і цень
Я і мой цень
заўсёды разам.
Я — тут,
а мой цень —
там.
Трохвымерны
погляд
нуль значыць
у двухвымерным
існаванні.
Тут я —
канатаход,
заўсёды чуйны,
заўсёды хворы.
Там —
мой цень
у эйфарыі
шчасця.
Тут я
застылая
ў сваёй форме
геаметрычная
фігура.
Там —
мой цень:
змяняецца
ад нуля
да бясконцасці,
заўсёды ва ўцёках,
заўсёды ў вяртанні.
У трохвымерным
лабірынце
лепей быць
ценем.
Крокі
У блытаніне крокаў — дотык люстра
Крок першы — выток ачага
Крок у голасе — ачаг голасу
Крок у слове — голас слова
Крок у гульні — слова гульні
Крок у часе — гульня часу
Крок апошні — час канца
У дасканаласці на падушцы сну
Ляжаць у радах крокі
і
У блытаніне крокаў — дотык люстра
Крок апошні — канец ачага
Крок у часе — ачаг часу
Крок у гульні — час гульні
Крок у слове — гульня слова
Крок у голасе — слова голасу
Крок першы — голас вытоку
У дасканаласці на падушцы сну
Ляжаць у радах крокі
Трывога
Агонь на небакраі,
над небакраем,
прад небакраем.
Неба гарыць
і вакол неба,
зямля
і вакол зямлі.
Навокал.
Небакрай у агні,
цела ў агні,
душа ў агні.
Душа згаральная,
як ціш-воск,
як цень-воск,
як імгла-воск.
Цела ў клешчах,
розум у клешчах,
небакрай у клешчах.
Клешчы ў агні,
схапілі за горла.
Ратуйма сябе
і ў сябе іншых,
Ратуйма іншых
і ў іншых сябе.
Ратуйма душу,
каб не ўрасла ў камень,
у халодны дарожны камень.
Пошук
Паміж гарызонтам
плоскасць і піраміда,
а ў пірамідзе страсць.
Прад гарызонтам
парабала і бутон,
а ў бутоне святло.
За гарызонтам
крывая і ракавіна,
а ў ракавіне слова.
Пад гарызонтам
драбіна і ступені агню.
Над гарызонтам
гармонія і гульня,
а ў гульні варажба.
На гарызонце
капліца і ражок веры.
У гарызонце
згушчаная да нуля
бясконцасць.
Ля імгнення
Дзень уцякае ў ноч,
а ноч — у дзень,
кветка — у зерне,
зерне — у кветку.
А з майго цела
беззваротна
ўцякае час.
Адно думкі
і словы
спыніліся
разгублена
на імгненне.
Пахі
Столькі пахаў,
колькі і красак,
а можа і больш —
калі б было менш,
завялі б кветкі.
Столькі пахаў,
колькі і музыкі,
а можа больш —
калі б было менш,
памерлі б птушкі.
Столькі пахаў,
колькі і слоў,
а можа больш —
калі б было менш,
замоўклі б вершы.
Столькі пахаў,
колькі і зорак,
а можа больш —
калі б было менш,
Зямля ляжала б
на звалцы.
Ракавіна
У ракавіне зерне
гарызонту. Не.
Увесь гарызонт.
Кропля вады. Не.
Біблейскі патоп.
Шэпт струны. Не.
Гром неба.
Часцінка жыцця. Не.
Жывая галактыка.
У ракавіне святло слова.
Няўпэўненасць
Куды іду я?
цені спуталі ногі,
а імгла,
белая, як снег,
ля варот зрэнак спынілася.
Дзе тыя бакі свету?
Толькі захад
паўзе чорнай ноччу
і бездань пад нагамі.
Дзе братні гоман?
У вушах вецер калючы
і будняў шэрых хіхіканне.
Няволя
Вуліцы бягуць
як беглі,
і сонца свеціць
як свяціла,
а ночы
ўсё даўжэйшыя,
а думкі
ўсё больш мазольныя,
і гразнуць
ва ўласным свеце
цесным.
Прастора
Расцвілі кветкі прасторава,
і думкі кружацца прасторава.
Да Розуму звяртаюся —
вялікая адлегласць,
рукі кароткія —
і я, зярнятка на задворках —
у імгле імкненні ўласныя —
між зоркамі кружу,
шукаю месца на прастору.
Уяўны час
Шукаю Хокінга.
Час перпендыкулярны.
Зыходжу з гары
з кніжкай
набрынялай ведамі,
а свет без берагоў,
і смяротны.
Квадратура круга
Як убачыць:
у канечнасці — бясконцасць,
у месцы — прастор,
у хвіліне — вечнасць,
у нутры — вонкавасць,
у цемры — святло?
Як ажывіць
заштораныя безнадзеяй
вочы
і сігануць
за плечы зорак,
і на зямлі
угледзець неба,
і аб’явіць:
матэрыя і дух — блізняты,
як твар
у абодвух баках
люстра.
Плоскасць
Рух лініі рысуе плоскасць
плоскую, як мара пустэльніка.
І ўгнутую, як ніша памяці.
І хвалістую, як мяккасць шэпту.
І выпуклую, як крык разгубленасці.
І ўзлётную, як крыло роспачы.
І пакатую, як галіна ўрадлівая.
І акруглую, як бесцялесны більярдны шар.
І выгінастую, як фальшывая гутарка.
І зморшчаную, як адвага баязліўца.
І спіральную, як выказаны погляд.
Абмежаваную
і бясконцую,
каляровую
і бясколерную,
быструю
і застылую.
Плоскасць — чакальны пакой
трохвымернай формы ўяўлення.
Асіметрыя
Гаворыш,
а словы гразнуць у ілюзіі.
Паказваеш на мігах
нейкі змест,
а я не кемлю.
У ноч уцякаеш,
а след зацерла
непрысутнасць.
Чакаеш,
а думкі,
як дажджу кроплі,
убірае
порыстая глеба.
З’явіўся я,
а на стале тваім
выстаўлены рахунак.
Дасканаласць
У зрэнках плыве свет,
у дыханні — прастора,
абрыс узвышша,
стужка ракі
і вытанчанасць кветак.
І камень цвёрды
рэзбіць ступню
і чарку жыцця
перакуляе ў рот.
Ціш
Падай мне нотаў болей, ціш,
каб паплылі з іх залатыя песні.
Не ціхая ты —
з цябе мае словы і мая хада па зямлі.
Рэфлексія
Поўзаючы на адзіноце па Цішы,
не выгладзіш маршчын,
нават намацаўшы пульс зоркі
на грані свету, і злавіўшы ігру
прывідных струн у глыбіні неўрону.
Знімаю шапку перад Маўклівым
і чакаю Нечага, што так мала значыць,
а прымушае ўсё поўзаць па Цішы.
Крыніца моцы
Сярод зялёных старонак кнігі дрэў
шукаю слоў у падтрымку,
і мяккіх слоў,
бяспечных пераходаў праз
твань начэй і дзён.
Крыніцу моцы шукаю.
Адзінота
Крадком адзінота ўпіваецца ў душу,
ператварае вочы ў слязу,
вусны ў маўчанне,
а цела —
у марскую зорку:
паўзе паміж зубамі дня,
каб урэшце легчы
дарожнай выбоінай.
Цемра
Я
да канца
не перакананы
ў існаванні
крайнасцей.
Нават
у распаленым
гранічна святле
ёсць месца
на цемру.