Макатразмы

Макацёр Сідар


Факсы

Нязбыўная мара
Будзь ты найхваткі і найпярэдні,
Усіх не прычэшаш адным грэбнем.

Вечная дылема
Сапраўдным трэба быць паэтам,
Каб дагадзіць і тым, і гэтым.

Збалелая думка
Усяму свой час,
Ды не ў нас.

Першаснасць
Найвострыя церні
Вырастаюць з цемры.

Закон
Хто не з намі,
Таго мацюкамі.

Шарада
Жыццё — маскарад.
Маска. Кара. Рад.

Зоркі
Не цягне іх далеч зямная,
Халодная яна ім, нямая.

Маталогія
Каронны ход:
— Я і народ!

Нораў макатранца
За сваю няўдачу
Грамадзе аддзячу.

Непрыстасаваны
І залатая сярэдзіна
Жыццё яму звярэдзіла.

Інфантыльны
Не апаў духам
І пад абухам.

Дугадум
Ведаў сабе цану:
— У дугу яго сагну!

Прагматычны
Грошай на подкуп не транжырыў,
Даваў у лапу па ранжыру.

Прыземлены
Хадзіў не чуючы пад сабою ног.
А ўзляцець не мог.

Сейбіт
Ён самы здольны ў мройнай сяўбе —
Усіх паставіў ніжэй за сябе.

Праметэй
Да свайго „Я”, як да скалы прыкуты,
Сябе і выставіў на пакуты.

Прабіўны
Грукаў спераду, грукаў ззаду —
І ў „залатую” увайшоў плеяду.

Біяграфічная даведка
Мысляр выдатны. Салонны леў.
Ператварыў салон у хлеў.

Скачкападобны
Праз перманентнае абнаўленне
Уступіў у мутацыю сумлення.

Губчаты
Ён злеплены з нячыстай гліны,
Увесь прасяк памыйнай тхлінай.

Трохчлен
Махляр, нахабнік і хамут,
А пасадзілі вось на кут.

Містыфікатар
Без супачыну блытаў сляды
У прышлае Нікуды.

Прынцыповы
Не мяняе поглядаў, увесь у барацьбе.
Раней жыў сабою, цяпер — для сябе.

Тактык
Прылашчваў, узводзіў у рангах.
І па абодвух рубаў флангах.

Смачна есці!
Ад грому воплескаў аглух —
І думаў толькі пра свой трыбух.

Рэальнасць
Вярэдзіш, уява, душу маю —
Што маю, тое і даю.

Лаўрэат
Быў недапечаны, выйшаў з нізоў,
І з недапёку лаўры знізаў.

Рубам
За якія пернікі
Узвялі яго ў Капернікі?

Агрэсіўная шэрасць
Пры духоўным бясхлеб’і
Слова розум праследуе.

Цуглі
Асела злосць на дне душы.
Сканай, мяне не варушы.

Дарадчы голас
— Неабходная гульня?
(Пасля роздуму)
—Гульня розуму.

Мацачкі
Упэўненых у сабе
І чорт не саб’е.

Павадырам
Адпусціў павады —
Чакай бяды.

Мур-сон
Быў сон. Быў мур. Штуршок — руіны.
Значыць, быў гмах не з глейкай гліны.

Вяроўка помсты
Гісторыя ўкруг лідэраў скача,
І таму мы іх сабачым.

Цвёрдая парода
Потам і крывёю
Шліфуем гісторыю.

Празрысты намёк
Не падабаецца лад —
Каленам пад зад.

Лёсам мілаваныя
Не ведалі смаку папругі
Чорт, кат і другі.

Шаман
З добрых намераў
Народ зняверыў.

Звалка вятроў
Жыццёвыя замеці
Адкладаюцца ў памяці.

Пазіцыя
Старое адкідаў ён прынцыпова,
Заўсёды жыў па запаветах новых.

Смяльчак
Каб чорным сілам не скарыцца,
Кінуў чырвоным рукавіцу.

Жывучы
Не праваліўся ў злашчаснай трубе
Уладарны прынцып: ты — мне, я — табе.

Спустошаны
— Чаму апалі крыллі?
— Ад жолаба адбрылі.

Зацыклены
Чакаў ад мройных сноў гудзення
І адэкватнага абуджэння.

Без намёку
Генетычны шэраг —
Шэрасць нараджае шэрасць.

Між вальнадумцамі
Падмануў нас век дваццаты —
Замест волі, сняцца краты.

Эстафета загубы
Пераймае паліцу з веку ў век
Ад чалавека чалавек.

Недамат
Адмацюкаў нас век прыматаў,
Пакрыць яго не стае мата.

Між ёлупамі
Да ганебнага слупа
Адсталага ёлупа!

Старое — новае
Уздыхі сірэн, даўно не чутныя,
Лунаюць над намі, еўрачмутамі.

Выродлівы птах
Як ні кармі, сваё дзяўбе:
— А каб цябе! А каб цябе!..

Нізкае і высокае
— Усё адносна ў гэтым свеце, —
Сказаў флюгер аб ракеце.

Пагадзіўся
Пакорлівы да свайго лёсу,
Плаціў даніну Бахусу.

Дальні
І адышоў у дымную даль,
Дзе сатана спраўляе баль.

Самазаглыблены
Адбіўшыся ад прамоў,
Пазіраў у глыбінь вякоў.

Век падсумаваны
Разбіў Масу, спляжыў Расу,
Узвёў на высі Касу.

Сварожыч
Палымяны сын Сварога
Упадабаў зямнога бога.

Давай рынак!
Яшчэ полацкі Скарына
Саматужна ішоў у рынак.

Не адставаць
— Усё будзе ісці да лепшага, —
Пацяшаў конны пешага.

Папутчык
У чаканні свайго цягніка,
Прысеў да Пазняка.

Патайная плавільня
Шлях адзіна правільны
У Віскулях расплаўлены.

Трыумвірат смалакураў
Смалою спаяны
Белавежскія Каіны.

Інкубатар
У дэмакратыі дрэмле панура
Прэстыжны вірус — дыктатура.

Суверэноіды
Пад суверэнаву дудку скакалі —
І суверэна абкакалі.

Прыродны нораў
Спакон веку так вядзецца —
Блазан з розуму смяецца.

Звіхнуты
Мазгі паставіў на задні ход.
— Ту-ту! Паехалі!
І ў плот.

Паэт
У лужыне, замест амёбаў —
Вылаўліваў асколкі неба.

Апантаны
Выганяючы з сябе адвечнага раба,
Біў дыфірамбамі ў абарыгенны барабан.

Сявец
Па інерцыі
Сеяў трывогу ў сэрцы.

Новы Герцэн
Каб не згубіцца ў былым,
Думы прызначыў на калым.

Прастора духу
І злы геній
Працуе па натхненню.

Сабачы дэвіз
Няважна — з кім, няважна — на каго.
Абы пагаўкаць — дэвіз яго.

Пераступіў у вякі
Узаемапакусваннем затузаны,
Лёг між нязломнымі і мужнымі.

Спрадвечная
І ў дзікуна
Ідэйная мана.

Цоштоковіч
Выводзіўся з двух вытокаў —
Адным „цокаў”, другім „штокаў”.

Непапраўныя аптымісты
Наводшыбе жыцця, з бравадай
Шукалі згубленую радасць.

Асцярожнае
З аглядкаю выбірае сяброў
Дабро.

Борзая парода
Вернападдана віляючы хвастом,
Спазнаў сваю слабасць і сваё хараство.

Дзе-нідзе
Выпрастаў спіны
Вывадак змяіны.

Павернуты
Разам з пакаяннымі стогнамі
Дэмакратычна свяціў сцёгнамі.

Дзяжурны паэт
Стаяў на „Варце міру” ён.
Шажок — і шэпча „Верую”.

д-р З. Янюк
Спеў пад парпісцкімі гужамі.
Зараз — катахэт заслужаны.

Здольны
Зрабіў круты віраж
У новы міраж.

Ліхач
Скакаў казак з ізму ў ізм,
Прыскакаў у капіталізм.

Высокашыротны
Пазіраў на ўсё з высоку
„белавежскі” ясны сокал.

Вышынная хвароба
Залез высока, не кажы —
Не бачыць ужо крутых сцяжын.

Кесар
Бушуе стыхія. Пасад гарыць.
А ён, што нямы: стаіць і глядзіць.

Капітан
Узяўшы курс, трубіў адно:
— Ідзем, хлопчыкі, на дно.

Назойліваму
Мой храм у маёй душы.
З прыходу ўласнага мяне спішы.

Фарысеі
Пакуль жывём, датуль і будзем
Мараль абмотваць словаблуддзем.

Кулінар
Мовай абкатанай, гладкай,
Расплешча справу на аладку.

Выступовец
Маю гонар! Ад імя!..
Вітаю!.. Мя-мя...

Рэфлекс барацьбы
Глядзеў на ўсе вочы
Павадыр воўчы.

Здзелка з сумленнем
Абяцаў на ўсё забыцца
Помслівы, злапомны гіцаль.

Твар у твар
Голас сумлення для лайдака,
Што плахта чырвоная на быка.

Сонцалюбівы
Пакуль сонца не пагасне,
Будзе жыць як сыр у масле.

Кампенсацыя
Адборны мат павіс над ім —
Вялікім, мудрым, дарагім.

Мастадонт
Усё алавянымі слоўцамі часціў,
На чужым горы будаваў шчасце.

Мікіта
Правадыру за блазна быў,
А ў свіце козырам хадзіў.

Моцныя наперадзе
Трымалі ўладу, княжылі, уладарылі,
А ў Лету — тварам у гразь ударылі.

Учарашні
Адматваючы назад свае гады,
З імпэтам адышоў у нябыт.

Носьбіт
Нёс праз гады, сістэмы і чыны
Замест твару свайго — пазычаны.

Шукальнік
У змроку гадоў шукаў са знічам
Сваё прыватнае аблічча.

Імітацыя
Па даўнім сцэнарыі, ва ўсе званы,
Новапрызначаныя б’юць званары.

Дэмакрат-рэфарматар
На вашу радасць ці на бяду
Я свой парадак навяду.

Адстаўны агент
Ні з таго, ні з сяго
Рассакарэцілі яго.

Перакоўка
Замест у капыты, кавалі
Уганялі ў голаў вухналі.

Высокія вартасці
Жаданне палкае наследніка —
Паставіць крыж на папярэдніках.

Якім быў, такім застаўся
Адвакат д’ябла, наменклатуры,
Цяпер у праведных халтурыць.

Сценачнікі
Задзірыстыя крыкуны
Народ ставяць да сцяны.

Бацькі і дзеці
Дзеці выбіліся ў людзі,
А бацькі ўсё вярблюдзяць.

„Яны” і „ён”
Гнідамі ў нас гаці гаць,
А я чысты, вашу маць!

Улагодзіў
Не па дарозе нам, на жаль, —
Жывы з мёртвым разважаў.

Плячо да пляча
Жадаў і ў прадонні злегчы
Між лепшымі з лепшых.

Акселерацыя
Пагалоскі рост:
— Накруці ёй хвост.

Ненасытны
Падказваў галаве жывот:
— Шырэй рот! Шырэй рот!

Танцор
Выйшаў на круг
Абух.

Ветлівы
— Праходзьце наперад!..
У нерат.

Праходчык
Праз агонь, ваду і медныя трубы —
У кацёл бяздушша і загубы.

Самаваршчык
Заварыў чай —
Глытай!

Прызнанне людаеда
Болей за ўсё люблю вас, людзі!
І гэту цягу час не студзіць.

Алкаш
Ад духоўнага запою
Успыхнуў німб над галавою.

Сляпое захапленне
Куды ні глянь — пекне —
Здзіўляўся Марак у пекле.

Эпітафія
На зваротным у рынак шляху
Сканаў ад празмернага страху.

Дзень у дзень
Куды ні сунься —
Усюды ўюнься.

Нігіліст
Што сцягі,
што палошчуцца густа,
Калі ў кішэні пуста.

Празрэнне
Спазнаўшы марнасць гэтага свету,
Нырнуў у бутэльку, як у Лету.

Стойкі
Не выкідаў слоў з песні
Кляпам заткнуты веснік.

Непітушчы
Да чаркі не прыгубляўся наш Фядот.
Перакуляў яе кідком у рот.

Падпора
Герой нашых дзён
Пад плотам відзён.

Фальклорны тып
Падкаваны на ўсе лапы,
А вядзе сябе, як лапаць.

Непатапляльны
Хіпак з нахабнасцю салодкай
Плыў ад малодкі да малодкі.

Сэрцавед
Не мог спасцігнуць парываў жонкі,
А быў жа псіхолаг душэўны, тонкі.

Спагадлівы муж
Павініўся перад ёю
Пад зямлёю.

Атаясаміўся
Дзеля бяспекі — які жах! —
Насіў за пазухай вужа!

Адметная
Пяе — як дыхае,
Агідны дых яе.

Бутэлька
Вас многа, я — адна.
Дык да дна!

Генная цаца
Ганяў яе па агародах
І макатранскі продак.

Зман
Падагрэла іскрыстай усмешкай
Недапаленая галавешка.

Старая лярва
Геніяльна віхляе азадкам,
А глядзець гадка.

Недзе ў нас
Круць улева — адны феі,
Круць управа — карыфеі.

Ваяжор
Прыабняў яе за талію —
І ўбачыў Італію.

Хуценькаму
Не адразу!
Не адразу!..
Да экстазу.

Абсурд
Стары грыб,
А прэ ўглыб.

Літгільдзеец
Пасівеў ад літхады,
А ўсё ходзіць у маладых.

Літкансультацыя
Пытаеш, што выбраць. Скажу, не сакрэт:
Пішы без падказак, калі ты паэт.

Паэзія
Малодка затаеная, ветлая.
Прыслухайся, кажа: — Бяры, я твая.

Муза
Толькі на кліч моцны, гарачы,
З’явіцца, як у сне, і аддзячыць.

Згубленая радасць
Цягнула за сабою воз
Поўны слёз.

Провады
Тысячагоддзе
на злом крочыць.
Каб яго нам не сурочыць.

Сабе
Не цікуй маю душу,
Я сам яе задушу.