11.08.99. Учора падумалася, што добра было б у прадмове да “Маленькага сшытку” ўзгадаць якісьці незвычайны свой сон, асабліва каб сярод ягоных пэрсанажаў дзеяў сам Вашко. Але колькі не сіліўся ўзгадаць штосьці адпаведнае – не атрымалася. Нічога адметнага не сасьніў і ў гэтую ноч. Нейкая бязладная каламуць, якая ня мела ні сюжэтнай лініі, ні цікавага зьместу. Таму першапачатковы плян прадмовы паляцеў у кош. Так зьявілася наступная ідэя – напісаць уступ да кнігі ў форме дзёньніка.
Сёньня зранку дачытаў разьдзел “Карабель сноў”. Падзівіўся цьвярозасьці і лягічнасьці некаторых начных відмаў Лёніка. Асабліва ўразіла спрэчка з С. Дольнікам, у якой снатворца ў снарэчаіснасьці даводзіць аднаклясьніку, што Глёбус ня мае рацыі, калі тлумачыць свой сыход з жывапісу неспрыяльнымі ваколвыяўленчамастацкімі варункамі. Маўляў, якая сувязь паміж патрэбаю тварыць ды сытуацыяй у мастакоўскім асяродзьдзі разам са спажывецкімі адносінамі грамадзтва да жывапісу. Калі ёсьць поцяг маляваць – малюй, калі няма – не малюй. А калі малюеш дзеля “культавага значэньня сваёй працы”, дык ці можна гэтую працу назваць “творчасьцю”?
Падзівіўся колькасьцю вашкоўскіх сноў са сваім удзелам. Было б цікава выявіць сувязь гэтых сноў з асабістымі наступствамі-падзеямі. Але дакладна супаставіць дні і знайсьці нейкую, няхай і містычную сувязь, немагчыма – ня маю такой памяці, каб узгадаць, што адбылося летась 27 сьнежня або 27 сакавіка. І ўсё ж тое-сёе перагукваецца з маёй сапраўдшчынай – падрыхтоўка ўласнай кнігі, якая насамрэч неўзабаве выйшла, гісторыя з палонам Мінкіна, пра які я добра начуты і таму-сяму пераказваў яго жарсьці і г. д. Праўда, ніякага “ўятнамца” я, далібог, не забіваў, нават у думках. Увогуле, як мне падалося, агучваньне ўласных сноў досыць рызыкоўны занятак. Бо ў снох усплывае самае патаемнае, схаванае недзе ў глыбежах сьвядомасьці; калі гэта натуеш, ты як бы спрыяеш матэрыялізацыі начных відзежаў, прызнаеш іх адрасаванасьць, адгукаешся на покліч з цемры. Гэты занятак, на мой розум, роднасны да чараўніцтва і кантактаў з іншым сьветам. Неяк я сам у мастацкім творы выкарыстаў (“Vis Major”) апісаньне сноў галоўнага гяроя, але тое былі прыдуманыя сны, як і ўвесь сюжэт аповесьці. Адважыцца на натаваньне для друку сваіх сапраўдных сноў наўрадці я здольны. Таму вашкоўскія снапісы, як жанр шчырага спавядальніка, шмат кажуць і найперш – пра ягоныя стасункі з літаратурай. Толькі той чалавек можа наважыцца на такую “абсалютызацыю свабоды”, які стала жыве ў літаратуры і штохвіліны цікуе за тайнавобразамі.
12.09.99. Перачытаў вашкоўскія лісты да сябе. Магу засьведчыць, што яны надрукаваныя без істотных купюраў, што таксама задужа сьмела, бо, як правіла, у сяброўскіх лістох не шкадуюць эпітэтаў і іншых аксюмаранаў на адрас таго, з кім палемізуеш. Некаторыя лісты ад самага пачатку, ад задумы пісаліся для друку, таму яны неэпісталярна зьмястоўныя, грунтоўныя і эсэістычныя. Іншыя выконвалі чыста камунікатыўныя функцыі. Іх каштоўнасьць у фіксаваньні памкненьняў, справаў, жаданьняў. Як бачым, сярод жаданьняў вымалёўваецца галоўнае – набыць як мага больш творчай свабоды. Мастоўскі карэспандэнт нават у сяброўскіх лістох практычна не ўжывае слова ганарар. З улікам колькасьці эксклюзыўных тэзаў, філялягемаў і канцэптуальных выкладак “Маленькі сшытак” мае пэрспэктыву стаць галоўнай ідэалягічнай кнігай ТВЛ. Тут вы знойдзіце адказы на пытаньні: што такое творчая свабода? што значыць, у разуменьні тэвээлаўцаў, нонканфармізм? чаму тэвээлаўцы як чумы баяцца манапалізму (усё роўна якога – эспэшнага, нашаніўскага, etc.)? як можна рабіць літаратуру ў Мастох, Полацку і ў якім-небудзь па-за ўсялякамапавым Забалоцьці? чаму шкодна глядзець у рот дзядзькам з габінэтаў і нават з рэдакцыяў апазыцыйных газэтаў? што значыць быць нашчадкам Скарыны? што ёсьць беларуская духатворчасьць?
Найбольш канцэптуальным выглядае першы ліст да Аркуша. Наўрадці на ўсе сто адсоткаў я пагаджуся з тым, што піша Вашко, але агульны палемічны дух ліста мне вельмі блізкі, а галоўнае, мне падабаецца яго стваральны патас. Вашко крытыкуе, але аргумэнтавана, аспрэчвае, але не адмаўляе ў існаваньні, не пагаджаецца, але прапаноўвае нешта сваё.
Аднак усё ж карціць распачаць невялічкую палеміку. Асабліва адносна галоўнага тэвээлаўскага прынцыпу – неўваходжаньня ў СП. Справа ня ў тым, што нехта лічыць СП наўцом, а некаму прыносіць задавальненьне цьвеліць недалужную, старэчую арганізацыю. Наадварот, мы лічым, што Саюз павінен квітнець і квітнець буйным кветам. Да сёньняшняга дня на Беларусі ня можа быць (у прынцыпе) пісьменьніка бяз членскага білета СП (з адпаведнымі патрапленьнямі ў энцыклапедыі, хрэстаматыі па сучаснай літаратуры і г.д. – можна пацікавіцца: ці ёсць у новай БВЭ імёны Валянціна Акудовіча (!), Ігара Бабкова, Вінцэся Мудрова, Юрася Барысевіча, Лявона Вашка? Нейкім невытлумачальным чынам туды патрапілі толькі неэспэшнікі Сяргей Дубавец і Алесь Аркуш. Затое вы знойдзеце там безьліч іншых імёнаў, якія нават прафэсіянальнаму літаратуразнаўцу наўрадці што кажуць. Некалі, напісаўшы нешта, і патрапіўшы ў Саюз, яны атрымалі ўваходныя квіткі. Пажыцьцёва. Абсурд!). Гэтая падставовая ўмова грамадзкага прызнаньня пісьменьніка (абавязковае сяброўства ў СП) – несусьветная бязглузьдзіца і бюракрата-вар’ятніца, бо трэба мяркаваць па здольнасьцях і літаратурнаму наробку, а не па паперчыне зь пячаткай. Але так ёсьць. Калі Лера Сом пакідала ТВЛ, уступаючы ў СП, яна шчыра патлумачыла свой крок – маўляў, хоча атрымаць афіцыйны статус літаратара, набыць прызнаньне ў вачох калегаў настаўнікаў і чыноўнікаў з выканкаму. Не напісаць нешта супэргеніяльнае, ня выдаць чарговую кнігу, а атрымаць пасьведчаньне. З гэткім прыпадкам і не пагаджаюцца тэвээлаўцы, спрабуючы ўласнымі лёсамі перамагчы кашарную посттаталітарную завядзёнку. Нават Алеся Аркуша (няхай сабе і патрапіў у ВБЭ) у Полацку ў аддзеле культуры не прызнаюць за паўнавартаснага пісьменьніка, нягледзячы, што яго пераклалі ў адной толькі Польшчы больш, чым усіх сяброў Полацка-Глыбоцкай філіі СП разам узятых. (Не выхваляюся, а канстатую ступень прызнаньня па-за межамі гэтага бязмозглага парадку.) Пра якую тады літаратуру можна весьці гаворку, калі першым чынам у вас запытваюць: а дзе вашае пасьведчаньне? Як у такім разе выбудоўваць гіерархію мастацкіх каштоўнасьцяў? Таму мы будзем супраць, супраць і яшчэ раз супраць… Да канца.
І яшчэ мне хочацца абараніць архіялёгію. Не пагаджуся, што гэты занятак можна кваліфікаваць як “трупалюбства”. Няма больш магутнага пачуцьця, чым пачуцьцё еднасьці зь зямлёй, на якой жывеш, зь яе гісторыяй, традыцыяй, звычаямі. Я сам неяк незаўважна захапіўся гэтай справай (ці магчыма ёй не захапіцца, жывучы ў Полацку?). Маю ўжо добрую калекцыю каменных ядраў. Калі мне кепска і духовамлосна, я бяру ў рукі тыя абчасаныя пад шары камяні, важаю іх у рукох, слухаю, што яны мне кажуць, і, далібог, робіцца лягчэй, бо калі параўнаеш свае праблемы з праблемамі палачанаў сярэднявечча, дык… і тлумачыць няварта.
Чытаю вашкоўскія лісты амаль двухгадовай даўніны. Праблемы, якія ў іх ўздымаюцца, не састарэлі ні на жвірынку. Або мы іх так кепска вырашаем, або яны нас так учэпіста трымаюць у адоймах. Няма сумніву, што культурніцка-эстэтычная сытуацыя на Беларусі яшчэ доўга будзе спажыўнай для дзейнасьці ТВЛ.
13.09.99. Цэлы дзень займаўся іншай кнігай, якая таксама прысьпешвае са сваімі народзінамі. Але думалася і пра “Маленькі сшытак”. У нейкім сэнсе, гэта аповед пра ТВЛ, пра ягоныя клопаты, праблемы, стасункі між сябрамі, – як бы погляд з-за кулісаў. З тае нагоды ўзгадалася іншая нядаўняя кніга былога сябра ТВЛ, сканчваецца яна аўтабіяграфіяй аўтара, дзе ў пераліку жыцьцёвых вехаў экс-тэвээлаўца ні слоўца пра ягоны ўдзел у заснаваньні Таварыства, ні слоўца пра людзей, што выдавалі ягоныя першыя зборнікі, ні слоўца пра тое, што ў самы складаны час ягонага жыцьця ён атрымаў “Глінянага Вялеса”. Ці яму сорамна за тыя выпадковыя прыгоды-акалічнасьці, ці проста новыя, больш уплывовыя выдаўцы не хочуць рэклямаваць “канкурэнтаў”? Што можа атрымацца з такога літбудаўніцтва? Гэта яшчэ адна ілюстрацыя да таго “трупалюбства”, пра якое так хораша піша Вашко, калі кожныя пяць гадоў мы гатовыя руйнаваць усё, што стварылі раней… і, як правіла, стварылі ня мы самі.
14.09.99. Мушу колькі словаў сказаць аб правапісе кнігі. Гэта адное з самых балючых пытаньняў беларускага краснага пісьменства. Уласна я ў сваёй творчасьці карыстаюся клясычнай “тарашкевіцай”, бо мне, карэннаму гараджаніну, які і зараз знаходзіцца ў шчыльным расейскамоўным атачэньні, больш зручна карыстацца старым правапісам. Ён бароніць мяне ад іншамоўнай дыфузіі. “Наркомаўка” – правапіс кастрыраваны. Глухі, халодны, канцылярыйскі, няшчыры. Ва ўсялякім разе, так адчуваю я асабіста. Можа гэта няслушна, але пазбавіцца падобнага адчуваньня я не магу. Я ведаю толькі два ўнармаваныя правапісы. “Тарашкевіца” мяне таксама не задавальняе цалкам, відавочна яна патрабуе мадэрнізацыі. Але хто выканае такую адказную працу? Мяне ўразілі моўныя эксперыменты Вашка ў “Маленькім сшытку”. Неяк нават крыўдна зрабілася за літару “э”, якую амаль скрозь Лявон мяняе на “а”: апоха, таатар, ідаалы, аміграцыя, рааліі. Уразіла больш, чым калі я ўпершыню пачуў: філялёгія, плян, кляса. Тарашкевічанскае вымаўленьне зьмякчае мову, а вашкоўскі экспэрымэнт, мне здаецца, грубіць. Я чалавек не катагарычны і не дыктатар, акрамя таго, не філёляг па адукацыі, хто яго ведае, можа Вашко на праўдзівым шляху.
15.09.99. Гэтыя дзёньнікавыя заўвагі можна доўжыць да бясконцасьці, мне нават прыносіць задавальненьне іх рабіць. Але пара ўжо кнізе даваць зялёнае сьвятло. Няхай хтосьці іншы працягвае мой дзёньнік, няхай развагі, на які падштурхне “Маленькі сшытак”, чытачы дасылаюць аўтару, – атрымалася б яшчэ адна цудоўная кніга. Мы б яе абавязкова выдалі.
Усім шчасьліва!