Маленькі сшытак Лявона Вашка

Першы выпуск

Вашко Лявон


Карабель сноў

колькіслоўе да выдневаў

Прапанаваныя ніжэй снапісы – дзённік ў літаральным сэнсе гэтага слова; занатоўкі ўяўляюць з сябе спробы аднавіць-зднеіць наранку начныя снавідмы, “прачытаць” іх літаральна, выклаўшы пабачанае на паперы, апаняццявіўшы тайнавобразы; то пасляночныя радкі, у якіх выдняваюць аскялёпкі-урыўкі міжвольных вобразаў, рэчаісніцца ўнутранасветная нярэчыўная існасць. Напісанне дадзеных выдневаў ёсць хутчэй паслямастацкі чын, для якога ўласціва не самая творчасць, а канстатацыя творчасці, не самое вытварэнне выявы-жывакарціны, а фатаграфічная “рапрадукцыя” яе, – і гэткую натоўку можна параўнаць з пісьмовым выкладаннем-пераказам тэксту ў школе напроці ўласнага сачынення.

Улегчы ў паняццёвае выяўленне сваех снавобразаў мяне спасобілі розныя акалічнасці; філасофская праблема сну вымагае загадваць самому сабе розныя жывыя пытанні – што сон, а што ява? дзе мяжа між імі? а дзе сужыццё? а дзе рэчаісная замена адно адным?.. – і то цікавы занятак; псіхічны неразгад гэтае з’явы пры мэтанакіраваным сузіранні сну ўва мне і мяне ў сне спрыяе вычуванню свае глыбежы, што таксама даволі нясумна; ёсць тут і літаратурная цікавосць – ранешняе, чытацкае другаперажыванне сюжэтнага, рухавага свету прывідных персанажаў; і ёсць цікавосць літаратуразнаўчая – аналіз снатвораў, іхняе метафарыстыкі і кампазіцыі; урэшце існуе ў маех памкненнях да вобразаапаняццяўлення проста невытлумная прага ашчадзіць снавідмы, занатаваць іх у дзённік.

Снатворчасць ёсць абсалютызацыя свабоды, калі вобраз творыцца незалежна ад твайго наўмысу, ад партыйнага загаду, ад дзяржаўнага заказу…; снатворчасць – свабаднейшая за мастацтватворчасць, і снатворчасць – вечны ідаал мастацтватворчасці. Кіруючыся гэткім меркаваннем, што ў прапанаваных выдневах няма ані мае віны, ані мае заслугі, а ёсць толькі імкненне выпанятаваць наўмысна вобразаадчутае мімаволі, я адразу ж хачу папярэдзіць чытача наконт “свабоды” ад мяне пабачанага мною і, значыць – наконт мае “неадказнасці” за пабачанае; ненаўмыснае сведчанне – гэта саўдзел невінотніка: няварта вінаваціць карабель у тым, што акіян салёны, няварта вінаваціць Адысея ў тым, што цыклопы галодныя на людажэрства, няварта вінаваціць сонніка, што ён бачыць сон… Прапанаваны дзённік – проста сведчанне факту, проста адысея на караблі свядомасці па тайнічым акіяне самога сябе; гэта штораніцовая барацьба з уласнымі прынцыпамі, з маральнымі перакананнямі, з комплексамі непаўнавартасці і лянотаю пры панятаванні-запісу (а бывае, што і -незапісу) пабачанага ўночы.

Дадзеная публікацыя змяшчае ў сабе выдневы (з невялікімі неабходнымі радахтарскімі скарачэннямі там, дзе дужа люта бярэ за горла маральнае табу – з’ява пэўнаневытлумачальная і рэч адносная, але ўжытая ў радагаванні з майго загуменнага розуму), у якіх дзеюць ці прысутнічаюць раальныя асобы, і сабраныя тут сны на “літаратурна-мастацкія” “тэмы”; вядома, гэта ўмоўнае распарадкаванне, бо сюрраалістыка сноў размывае межы тэмаў, сюжэтаў, крамянкое раальнасці, і часцяком ты існуешся кімсьці іншым і нехта іншы існуецца табою, а вялікія ідэі і сусветныя падзеі пражываюцца праз аддалены і неўяснёны вобраз нечага як бы нязначнага і спрошчанага… Некаторыя запісы не маюць даты – адноўленыя яны па памяці пасля збою ў кампутарнае праграме, калі згубіўся ключ да патрэбнага файлу.

летапіс сноў

№ 2. 1997. Бачыў сон: Напiсаў матарыял пра казахстанскiя сельскую гаспадарку, стэп i горы i здаў у “Нашу Нiву” С. Дубаўцу. Вялiзную ўснежаную гару я бачыў дужа выразна, прычым бачыў уадначассi i з узножжа, i зверху, як усё роўна што знаходзiўся над ёю. Матэрыял С. Дубавец забракаваў толькi напалову. Ён бы i ўсё астатняе забракаваў, але ж справа ў тым, што я здаваў для “Н. Н.” жыллёвае памяшканне, прыдатнае i для размяшчэння радакцыi. Таму ён мяне не зарэзаў цалкам. Тут жа, у радакцыi я сеў за свой кампутар дапрацоўваць артыкул…

Яшчэ пасварыўся з нейкiм нашанiўцам; той папрасiў, каб я яму зварыў кавы; я ж гуляў у шахматы з нейкiм майстрам, якi зайшоў у памяшканне разам з маiм аднакурснiкам Ю. Бясцвiцкiм, i зусiм забыўся на ягоную просьбу; калi той нашанiвец, якi, дарэчы, кудысь спяшаўся, нагаварыўшыся з радакцыйнымi хлопцамi, даведаўся, што кавы няма, дык узяў ды збунтаваў усе нашыя шахматы на дошцы; я ўзлаваўся, пачаў на яго брыдка лаяцца i абазваў мiж iншым “казёл ё...”; ён пакiнуў памяшканне; потым ён, здаецца, яшчэ раз з’явiўся, высунуўшы галаву з-за дзвераў. На мяне нiхто дужа не пакрыўдзiўся, зноў жа, з прычыны, што я здаваў для “Н. Н.” плошчу. Яшчэ бачыў С. Дубаўца, якi абмяркоўваў з нейкiм замежнiкам нейкi праект, пасцялiўшы на падлозе цi то мапу, цi то паперы; i С. Дубавец, i замежнiк поўзалi над паперамi; гурма нашанiўцаў стаяла пры дзвярох. Я прамiнуў гурму, абышоў С. Дубаўца i замежнiка са спiны i скiраваўся да свайго кампутара.

№ 3. 1997. Бачыў у сне аднакурснiка Г. Барбарыча i ягоных цётак. Гасцяваў у iх. У кватэры было душна. Цёткi паскардзiлiся на гэтае; яны ляжалi на канапе i глядзелi талявiзар. Я адказаў, што так яно заўсёды: або сцюжа вымарожвае, або паляць гэтак, што не ўседзець у хаце, а нармальна, дык нiколi i не бывае. Пра дыктатуру апавядаў штось Г. Барбарыч.

№ 4. 1997. Бачыў у сне С. Дубаўца; у яго былi мужалюбскiя поцягi (мужалюбства – слова, якое прыдумалася ў сне).

№ 6. 1997. Бачыў у сне забойства Дж. Кенадзя. Здзеялася яно ў даволi адмысловы спосаб – забойцам быў Б. Клiнтан. Я знаходзiўся ў Амерыцы i даманстраваў, магчыма, перад крыміналістамі кiнастужку, на якой было добра вiдаць, як Б. Клiнтан, едучы ў машыне двухрадкаю па левым радзе ў калоне аўтамабiляў, рэзка выйшаў на правы край дарогi, дзе транспарту не было i стрэлiў з пiсталета ў мiргач на скрыжаваннi (здаецца, у чырвонае, а мо’ якое iншае вока) з даволi вялiкае адлегласцi, а тады адразу ж вярнуўся назад, у левы рад. У часе гэтага стрэлу i быў забiты Дж. Кенадзь, якi знаходзiўся непадалёк светлафора, перад скрыжаваннем з левага боку дарогi, у адкрытай машыне. На стужцы было вiдаць, як ён упаў мёртвы (нейкая жанчына, магчыма, жонка хацела яго, здаецца, абняць). Крымiналiстаў уражвала вытанчанасць забойства: 1) здзiўляла трапнасць стрэлу Б. Клiнтана пры нязручнай пазiцыi i вялiкай адлегласцi, выказвалася меркаванне, што Дж. Кенадзь быў забiты гукам, якi выйшаў з мiргача ў часе патраплення ў яго кулею, 2) выказваўся дамнеў, што стрэл Б. Клiнтана – то падманнае дзеянне, у часе якога нехта iншы забiў Дж. Кенадзя.

№ 11. Масты. Мая працоўня. З 20 на 21 лiстапада 1997 году бачыў шматсюжэтавы сон. Спачатку размаўляў з С. Дубаўцом у “Н. Н.” (памяшканне ТБМ), у ягоным кабiнеце. Праўда, кабiнет той быў значна большы, чымся насамрэч; апрача нас, у iм былi яшчэ нейкiя людзi. Гумор у С. Дубаўца быў не дужа вясёлы, хутчэй – наадварот. Ён жалiўся на тое, што, па ўсiм вiдаць, хутка ўсёй беларушчыне прыйдуць капцы; яшчэ наракаў на дрэнныя справы ў выдавецтве “Н. Н.”, якую выдаваць усё цяжэй ды цяжэй, i хутка, мабыць, работа спынiцца зусiм. Мы з iм развiталiся; я выйшаў у iншы кабiнет i там з кiмсьцi размаўляў. Тады ўспомнiў, што нечага яшчэ не папытаў у С. Дубаўца. Зайшоў у ягоны кабiнет зноўку, але пытанне сваё прыпомнiць не здолеў. Зноўку пакiнуў кабiнет. З кiмсь размаўляў у суседнiм кабiнеце яшчэ; увайшла нейкая паэтка-першацветаўка. Я ўспомнiў, што меўся папытаць С. Дубаўца, каб той даў ракламу “Першацвету” ў “Н. Н.”. Дык зайшоў да яго i папытаў пра тое. Ён згадзiўся. Памятаю, усяго часу ў С. Дубаўца, нягледзячы на дрэнны гумор, быў трохi блазнаваты твар.

Затым я апынуўся ў сваёй Менскай кватэры па Лагойскiм тракце. Мы знаходзiлiся ў ёй з А. Белакозам. Размаўлялi пра беларушчыну. Я яму падпiсаў сваю кнiжку “Гiстарызацыя свядомасцi”. (Аднаўляючы начныя вобразы на яве, мне чамусьцi выразна i неадчэпна яснiўся ў думцы Купалаў радок: “... мне сняцца сны аб Беларусi.”)

№ 16. 1997. Масты. Мая працоўня. З 1 на 2 снежня 1997 году прыснiў: Спачатку бачыў размову памiж людзямi, якiх не магу з’яснiць. Яны былi ўдваёх. Адзiн з iх сказаў нейкае дужа глыбока-вобразнае выслоўе (яго таксама не з’ясню), якое мяне ўразiла сваёй парадаксальнасцю i сваiм шчыраадкрыццём. Мне падумалася ў сне, што гэткае выслоўе я магу праўна прысабечыць, нiчога i нi ў кога не крадучы, бо размова гэтых людзей – то размова маех уласных персанажаў майго ўласнага сну.

№ 17. Масты. Мая працоўня. З 4 на 5 снежня 1997 году бачыў сон: Меў у сваёй мастоўскай хаце госцi. То былi лiтаратары – А. Федарэнка i яшчэ нейкi пiсьменнiк суфедарэнкаўскiх узросту i скiраванасцi (мо’ якi А. Наварыч?). Мы знаходзiлiся ў гасцёўнi: я сядзеў у мяккiм услоне, што каля сцяны з акном, А. Федарэнка – быў пры талявiзары i процiлеглым акне (талявiзар, здаецца, рабiў), а дзе трэцi – цяжка мне прыгадаць (магчыма, у мяккiм услоне, што знаходзiцца пры дзвярох). А. Федарэнка крытыкаваў “Першацвет”, спасылаючыся пры гэтым на нейкага крытыка i ягоны артыкул; гаворка была пра нейкi празаiчны твор i нейкага празаiка. Высновы А. Федарэнкi былi гэткiя, што ў “Першацвеце” друкуюцца даволi слабыя рэчы; пры сваiх словах А. Федарэнка перамясцiўся ад акна да мяне i сеў на канапу, што побач з мяккiмi ўслонамi.

Я спрэчыў яму, кажучы, што пэўныя недахопы ў прозе, пра якую iшла гаворка, абавязковая непазбежнасць у “Першацвеце” – часопiс бо ставiць на мэце друкаваць пачаткоўцаў, а не сталых лiтаратараў, ён ёсць лiтаратурная вучоба, першыя спробы маладога творцы заявiць пра сябе; пры гэтым я сказаў, што ў часопiсе надрукавалiся больш як 700 аўтараў. Здаецца, А. Федарэнка пагадзiўся са мною. У гэтым часе з’явiлiся новыя госцi: радахтар Мастоўскае раённае газеты “Зара над Нёманам” С. Звяровiч, загадчык сельгасад’дзела гэтай жа газеты М. Павядайка, яшчэ нейкiя людзi, сярод iх былi жанчыны. Я запрасiў да стала, але С. Звяровiч сказаў, што да стала пойдзем пазней, а зараз трэба кудысь ехаць, бо iснуе пэўная “культурная праграма” i ад яе гасцям адхiляцца няварта. Здаецца, пра гэтае ён казаў маёй мацi. Памятаю, адным з пунктаў гэтае “праграмы” было купанне ў Нёмне; нягледзячы на тое, што на двары прымарожвала (наранку, калi я прачнуўся, на двары было мiнус пяць паводле Цэльсiя), памятаю, я з прыемнасцю падумаў пра купанне i ўявiў, як халодны Нёман, па якiм плылi першыя крыгi, апякае цела. Мы ўсёю гурмою рушылi на вулiцу (у гэтым часе былi вобразы паляўнiчага пакою, дзе апошнiя гады жыў мой бацька – з чым сувязаныя тыя вобразы, не магу выяснiць). Я трохi затрымаўся ў хаце, i калi выйшаў на двор, дык гасцей ужо не было. Я мала пакруцiўся на двары i збiраўся вяртацца дахаты, як па-за плотам з’явiўся апельсiнавага колеру “Бэнц”, мабыць, дызель, гадоў пятнаццацi ўзросту, кабiна якога была гэткая, што ўлучала ў сябе багажнае ад’дзяленне. Я падышоў да машыны, за стырном у ёй сядзела невысокая светлавалосая жанчына, адная з маiх госцяй, на апошнiм сядзеннi былi яшчэ тры кабеціны. Я папытаў, цi ёсць для мяне месца; мне адказалi, што ёсць. Я адчынiў дзвёрку, сеў на апошняе сядзенне; мы паехалi. Здаецца, у гэтым часе на двары не было снегу, дый прымаразку таксама я не прыпомню.

Перад гэтым сюжэтам (а магчыма, i пасля яго?) бачыў яшчэ падзеi, якiя, напэўна, чымсь сувязаныя з папярэднерасказанымi. Адбывалася тое ў Менску. Памятаю, мяне замучылi бясконцыя п’янкi, ад якiх я маральна знясiлiў. Пiлi мы ў радакцыi часопiса “Родная прырода”, у якiм я колечы працаваў на яве i ў якiм, па ўсiм вiдаць, падчас сну рабiў таксама. Памятаю ў сне супрацоўнiкаў часопiсу А. Казаннiкава i М. Аўсіевіча. Радакцыя часопiсу знаходзiлася ў нейкiм сучасным будынку з вялiзнымi вокнамi, на вышынi; з вокнаў бачыўся кругаглядны вiдарыс: былi ўнiзе дрэвы, вада (магчыма, рака), вугал высознага сучаснага дому з блiскучымi цёмналюстранымi вокнамi. У пакоi быў вялiкi круглы стол з ежаю i пiтвом, я думаў, як бы гэта кiнуць пiць ды папоставаць; пры ўсiм гэтым адчуваў бесклапотнасць i тайнiчую задаволенасць ад часамарнавання. Яшчэ бачыў, што я iду па Менску, каля нейкага сучаснага разбегу дарогаў (магчыма, вул. Маскоўская); замест таго, каб пад’ехаць на аўтобусе, я вырашыў прайсцi прыпынак пешшу; куды iду? – хто мяне ведае; можа, у краму па гарэлку?

№ 21. Масты. Мая працоўня. З 14 на 15 снежня 1997 году бачыў у сне А. Лойку, была размова паводле мае працы (наяве я беспрацоўны). Памятаю, у сне падчас размовы я працаваў недзе (цi не ў Акадэмii Навук?).

№ 23. Масты. Працоўня. З 18 на 19 снежня 1997 году прыснілася: Было адчуванне, што я персанаж свайго ж мастацкага, нейкага фантастычнага твору. Я знаходзiўся ўнутры касмiчнага карабля, памяшканне тое было даволi вялiкае. Усчаўся вецер (мабыць праз разгерметызацыю), усё ляцела кобарам кудысьцi прэч. Чуўся моцны шум ветра, загучала музыка, ад якой зрабiлася вусцiшна.

№ 25. Масты. Працоўня. З 20 на 21 снежня 1997 году бачыў сон: Выдаў сваю кнiжку. Яна была вельмi вялiкая i таўстая, падобная да старога фотаальбому маех бацькоў, якi ёсць на яве ў нашай хаце; ашытая кнiжка была цi то карычневым аксамiтам, цi то карычневай iрхою. На вокладцы знаходзiлася светлакарычневая выява будынкаў, сярод якiх праглядалася i вежа нейкага храму. Старонкi кнiжкi разгортвалiся ў адмысловы спосаб: яны лучылiся мiж сябе нейкiмi паскамi – пры разгортваннi гэтая кнiжка раскладалася, чыста веер, а старонкi нагадвалi шухлядкi якогась куфэрку цi якогась валiзка, якi часцяком маюць пры сабе майстры-сантэхнiкi цi -слесары, i выязджалi адно з-пад аднаго. З гэтай кнiжкаю я быў у Менску ў майго кiраўнiка дысяртацыi А. Лойкi; я прыйшоў да яго ў госцi, але не ў тую кватэру, дзе ён жыве наяве, а ў нейкую iншую – дужа сучаснага дызайну з вялiкiмi квадратнымi вокнамi, чыста паказ у краме, на першым паверсе. Яшчэ быў у яго ў гасцёх Р. Лапушын; я падпiсаў iм абодвум свае кнiжкi. А. Лойка з Р. Лапушыным абмяркоўвалi ягоную дысяртацыю (мабыць дохтарскую?), i А. Лойка даваў багата заўвагаў. Пайшоў Р. Лапушын раней за мяне. Хутка i я выйшаў; памятаю, у кватэры шэфа я пакiнуў цi то тры, цi то пяць асобнiкаў свае кнiжкi. Я скiраваўся да “Жыгуля” пятае мадэлi майго бацькi, сеў у яго i падумаў, што перад тым, як яго прадаць, я паспею яшчэ адзiн раз з’ездзiць на iм у Масты i назад (наяве я яго прадаў яшчэ ў лiстападзе расейцам з Чувашыi).

№ 26. Масты. Працоўня. З 21 на 22 снежня 1997 году бачыў ў сне некалькi сюжэтаў. Вось што з’яснiў: Разам з А. Масарэнкам i яшчэ кiмсь (магчыма, Г. Мыслiўцом) мы прыехалi на пушчу, на радзiму майго бацькi. Пры гэтым краявiд, дзе мы запынiлiся, не дужа паходзiў на тую занядбаную бацькоўшчыну; мы знаходзiлiся на беразе ляснога дзiкага возера, сядзелi (верагодна, пры вогнiшчы). Потым я пайшоў у чашчобу, нечага шукаючы. Затым мы ўсе ўтрох апынулiся ў нейкiм вялiкiм, падобным да храму, лясным будынку. Перада мною было высокае, як i столь, вялiзнае акно, без шкла, закратаванае, (магчыма, краты – раўнабочныя прастакутнiкi, прамалежныя адносна падлогi i ўтвораныя з перакрыжавання таўстых драўляных прэнтаў). Быў нечы голас, якi гучаў невядома скуль; голас сказаў, што зараз адбываецца год Белага Пацука. Пры гэтых словах з’явiлася белае воблака па-за кратамi, велiчынёю на ўсё бачнае неба; яно рухалася “самое ў сабе”, а тады знiкла, растапiўшыся ў цемры. Быў неўяснёны вобраз смерцi майго бацькi. У часе белааблочнага руху гучала музыка, падобная да арганнае; музыка хвалявала i не палохала, у ёй была нейкая невытлумная фiласофiя-глыбежа. Яшчэ памятаю: прыгаданыя падзеi ў храме чымсьцi сувязаныя з жыццём майго бацькi ў iншасвеце; аднак пэўных выяваў, якiя б вобразадзейснiлi гэткую сувязь, я не магу з’яснiць.

№ 29. Масты. Працоўня. З 26 на 27 снежня 1997 году бачыў сон: Я быў у Менску, магчыма, у гасцiнiчным нумары, двухпакаёвым, на высокiм паверсе. У гасцёх у мяне быў А. Аркуш i з iм нехта яшчэ з лiтаратараў – невысокi, хударлявы хлопец. Размаўлялi аб праблемах лiтаратуры. Калi гаварыў з А. Аркушом, дык звярнуў увагу, што на ягоным твары чырвоная пляма; яна знаходзiлася над носам i брывом (мабыць правым) i дасягала вока i нiжэй. Потым А. Аркуш у лёгкасцi адмыў гэтую пляму, заўважыўшы яе на сабе. Потым мы ўсе апынулiся ў вялiкiм памяшканнi, напоўненым людзямi; грала музыка, адбывалiся танцы; я рушыў паўз дзяўчатаў, якiя хутка танчылi, сярод iх заўважыў сваю аднакурснiцу па навучанню ў аспiрантуры А. Шуст. Потым я заснуў i прачнуўся дзесь тут жа; памятаю, па абудзе ў маiм жа сне, мне прыйшла думка, што абавязкова трэба запомнiць вобраз з А. Аркушом; прачнуўшыся ў сне, я зноўку пайшоў туды, дзе адбывалiся танцы; там напаткаў двух сваех аднакурснiкаў, В.Вашкевiча, i А. Бярсуцкага, якi зараз у ЗША. А. Бярсуцкi ўжарты стукнуў В. Вашкевiча ў жывот, той адхiлiўся; А. Бярсуцкi заўважыў свайму сябруку, што той дрэнна блакуе ўдар; яны зачалi iмiтацыйную, жартаўлiвую бойку мiж сябе.

№ 32. Масты. Працоўня. З 1 на 2 студзеня 1998 году бачыў сон: Радыяталяфон, якi належыў, напэўна, мне. Я па iм, здаецца, гаварыў з кiмсьцi; ва ўсялякiм разе трымаў яго ў рукох у раскладзеным выглядзе; таляфон быў невялiкi, чорнага колеру. Гэтае адбывалася ў Менску, у Доме лiтаратара, у памяшканнi “Першацвету”. Яшчэ быў там мой пляменнiк З. Мыслiвец. Мы пра штось размаўлялi, калi ж высветлiлася, што ў З. Мыслiўца неўзабаве ўкралi ягоны ўласны аўтамабiль, “фольц” “Гольф” сiняга колеру, магчыма, трохдзверны – яго ён пакiнуў пры Доме лiтаратара. Мы паталефанавалi ў мiлiцыю i заявiлi аб угоне; справа ў тым, што адная з частак радыяталяфону (базавая) знаходзiлася ў машыне, яна вылучала радыясiгналы, i па iх можна было выкрыць аўтамабiль. Мiлiцыянт адказаў, каб мы чакалi ягонага званка ў “Першацвеце”, у выпадку бо раскрыцця злачынства, ён паталефануе нам. Мы сталi чакаць. Хутка ён паталефанаваў i паведамiў, што машына выкрытая на вулiцы Горкага i хутка будзе запыненая. Мы сталi зноўку чакаць. Урэшце прыгода з машынаю скончылася ўдала.

№ 33. Масты. Працоўня. З 3 на 4 студзеня 1998 году. Засынаючы, бачыў некалькi вобразаў: 1) друкаваны знак “зорачка” – “*” – на чорнае асноведзi; знак быў выразны i вялiкi, белы; магчыма, чорная асноведзь – экран майго старажытнага IBMаўскага кампутару; сiгнал суправаджаўся кароткапрацяглым пiшчэннем – гукам, якi нагадвае паведамленне “выключы талявiзар”, 3) пачулапабачылася новае слова – удужна; удужна – у значэннi няцяжка, няўтомна, лягчэй, чым дагэтуль (прыклад, якi пачулапабачыўся ў сне: несцi (груз, валiзу?; відаць, у выпадку нейкага пэўнага ўдасканалення прыёму?) зрабiлася ямчэй i ўдужней.

Уначы прыснiлася застолiца. У ёй удзельнiчалi А. Масарэнка, нейкi няўпамятны чалавек i я; пiлi гарэлку ў кабiнеце (я не пiў – на яве вырашыў устрымацца ад алкаголю пэўны час); заходзiлi i выходзiлi людзi (магчыма, начальства), што, зрэшты, не шкодзiла нашаму адпачынку. Я еў нейкую няўпамятную ежу; калi ўсё – бутэлька белае гарэлкi – было выпiтае, мне захацелася пад’есцi хлебу; я са смакам з’еў вельмi многа, хiба што з ладныя паўбоханы; што засталося, памятаю, таксама хацеў даесцi, але не зрабiў тое, бо цi было няёмка перад прысутнымi праз свой ненаедак, цi з прычыны, што мы ўсе кудысь спяшалiся; рэшты хлебу прытка ўладкавалi ў цалафанавую торбу.

№ 36. Масты. Працоўня. З 6 на 7 студзеня 1998 году была цiкавая ноч. Спачатку прыснiў, што iду да храму (з выгляду ён выдаваў на каталiцкi касцёл, але насамрэч то была праваслаўная царква). На падыходзе да храму было шмат гразi, гною, саломы, як перад калгаснаю фермаю ўдождж; слiзкi цвёрды (чыста ўледавелы) зеленкаваты дол; iсцi было па гэтым брыдка; iдучы, я пераскокваў, чыста па купiнах на балоце, слiзгаўся на дарозе; памятаю, нейкае дрэннае невытлумнае адчуванне самога сну – як усё роўна што нудзьга, выклiканая гэтаю дрэннаю дарогаю, уплывала на сам стан майго сну, на самое маё самаснапачуванне; калi можна так сказаць, спаць было “цяжка-нудна”. Я ўвайшоў у храм, i цяжкануднае пачуццё, здаецца, мяне пакiнула; храмапамяшканне было вялiкае з аграмаднымi раўнакутнымi слупамi, якiя дзялiлi храм на шмат схаваных ад вока сусекаў; людзей унутры было шмат, але гэтае не замiнала нiкому – прасторы ўсiм хапала ўдосыць, i кожны стаяў адзiн ад аднаго на вялiкае адлегласцi. Я iшоў “упоперак” царквы, гэтак, што алтар у мяне быў з правага боку, а малiтоўцы з левага; я прамiнуў кагосьцi, каго не запомнiў, тады прайшоў паўз светароў, барадатых мажных людзей у чорных высокiх шапках-круглячах i ў чорных святарскiх строях. Мiнуўшы iх i вялiзны слуп-раўнакут, я апынуўся каля людзей, ад якiх патыхала сатанiзмам. Я не дужа памятаю ўсе вобразы (iх было шмат), якiя выяўлялi сатанiзм тых чартоў; запомнiўся вобраз: двое людзей, узяўшы мiж сябе за рукi трэцяга (трэцi чалавек – палова паставы, “верхняя” частка: ад пупа i вышэй), шалёнахутка авяртаюць яго па крузе; лётаючы, той жывы чалавек-палова, утвараў сваем рухам кола; пры гэтым усе ўтраёх нейкiм чынам малiлiся. Я пачуў у сабе ўадначассi прыкрасць i жуду; я пакiнуў iх; павярнуўшы назад, прайшоў зноўку каля святароў i скiраваўся цi то да тых, каго не запомнiў, цi то, увогуле, сышоў з храма.

Потым быў вобраз разгалiстага дрэва, на якiм я абначаваўся з адною знаёмкаю. Мы спалi на дрэве (магчыма, з прычыны таго, што паламалася машына, якою мы кудысь ехалi), а на ранку заўважылi, што можна было размясцiцца мiж галiнаў з большаю ўтульнасцю, як мы гэтае зрабiлi. Непадалёк з дрэвам было гробiшча (пры гэтым мы добра ведалi пра яго, яно было нам знаёмае, аднак тое, што мы апынулiся непадалёк яго, сталася для нас адкрыццём); то быў склеп з прахам Iсуса Хрыста, якога пахавалi год таму назад. У тым часе прыспела пара дастаць ягоныя косцi, каб здзеiць нейкае святое шэсце. Сабралiся людзi. Памятаю, людзi анiяк не маглi патрапiць з верхняе часткi склепу ў нiжнюю, дзе знаходзiлiся святыя астанкi; некалькi чалавек узiралася ў драўляную падлогу, з дошак, пакрытую карычневай алейнай фарбаю, шукаючы лаз, ды дарма; яны спрабавалi проста атадраць некалькi дошак, але тое плёну таксама не прыносiла. Я пачаў iм дапамагаць у пошуках i ў хуткiм часе выкрыў той лаз. Паўстала задача яго адчынiць. Я спрабаваў выцягнуць некалькi цвiкоў з тых, што былi ўвагнаныя паабапал уваходу, гваздадзёрам (яго знайшлi тут жа, у пакоi, ён быў сагнуты дугою, лiчы, кругам, i дрэнна выдзiраў цвiкi); некалькi цвiкоў я выцягнуў напалову. Ажно, падумаўшы, я зразумеў, што лаз адкрываецца дужа проста – трэба толькi падкавырыць пэўныя дошкi ломiкам. Гэтак i зрабiлi; напаўдасталыя цвiкi загналi назад. Мы адкрылi лаз, i адтуль выскачыла цяля (калi хавалi Iсуса Хрыста, разам з целам ягоным пакiнулi цяля, а з цялём багата сена i зерня – магiчны рытуал?); цялё было невялiкае – мне папояс, можа, трохi вышэй,– чорнага колеру, з даўгою i рэдкаю поўсцю – жывучы ўсяго часу (год) у цемры пад зямлёю, яно марнела. Я апусцiўся ў склеп у пошуках астанкаў Iсуса Хрыста; я iх знайшоў у другiм пакоi, што быў побач з тым першым, куды я патрапiў адразу. У тым часе, калi я збiраўся вяртацца, нехта ўпусцiў у склеп карову шэрабелага колеру; карова была худая. Я сустрэў яе ў першым пакоi, трохi спалохаўся ад нечаканасцi, адхiснуўся, i вылаяўся мацюком (паслаўшы яе на х). Я адышоў назад, у пакой да Iсуса Хрыста; карова пайшла за мною; выганяючы яе вонкi, я ўжо гэтак не сердаваў, як дагэтуль, i справаджваў яе ласкава, з угаворамi, але ж i настойлiва.

Гэтае мне пабачылася аб першае часткi майго сну. Уначы бо я прачынаўся. Пасля гэтага я заснуў зноўку, але ўсю ноч бясконца стараўся аднавiць для сябе пабачанае, каб не забыцца даранку. Гэтае бясконцае снааднаўленне ў сне было яшчэ адным сном; узнiкала шмат розных вобразаў, якiя я стараўся адкiнуць ад першапабачанага. Магчыма, шмат якiя наслаеннi тых вобразаў прысутнiчаюць у во толькi выкладзеных сюжэтах, i, магчыма, акурат яны выконваюць галоўную ролю ва ўтварэннi тых сюжэтаў. Ва ўсялякiм разе, я не ўпэўнены ў дакладнасцi, паслядоўнасцi вобразаў пры выкладаннi першапабачанага. Хутчэй, тое, што я аднаўляю зараз – сукупнасць вобразаў, якiя неаднаразова паўтаралiся ноччу ўва мне ў розных варыянтах. Добра запомнiўся начны вобраз-адкрыццё: “рэлiгiйная” таматыка маех снавiдмаў чымсьцi сувязаная з Ражством Iсуса Хрыста, якое святкуе ў гэтую ноч праваслаўная царква.

№ 37. Масты. Працоўня. З 7 на 8 студзеня 1998 году бачыў сон: Надумаўся выдаваць уласны лiтаратурны (для Камiтэту па друку зрабiў вызначэнне – лiтаратурна-грамадскi) часопiс. Прапанаваў М.Вiчу ў iм працаваць. Па даведку аб парадку заснавання часопiсу стаў у касу, у чарзе да якой па грошы стаялi тры мае аднакурснiцы; касiрка сказала ўзяць адпаведны бланак, запоўнiць i здаць у касу i паведамiла мне, што з гэтым бланкам яна пойдзе да мiнiстра ў чацвер або ў пятнiцу – днi, калi разглядаюцца падобныя справы (унутрысонныя падзеi, напэўна, адбывалiся ў панядзелак). Папытаўся, цi ўкладуся я ў паўтары мiллёны, плоцячы за заснаванне, i касiрка сказала, што гэткiх грошай аж задужа шмат. Я падышоў да нейкага прывалку, па-за якiм было шмат усялякае друканiны – лiчы што, нейкi кiёсак “Саюздруку” – i папрасiў жанчыну, што стаяла побач, падаць патрэбны мне бланак, а тады дадаў, што хай бы яна падала мне два бланкi – будзе запас, калi раптам адзiн змарную; жанчына была высокая, мне падалося, што яна да мяне заляцаецца. Яна падала мне некалькi бланкаў – тры, i яны былi каляровыя – i адзiн з iх упаў на светлую каменнаплiтную, з мармуровае крышанкi, падлогу, якая была мокрая i брудная. Калi я падняў бланак, дык ён змок, збрудзiўся i да яго прылiплi тры чорныя сланечнiкавыя семачкi; ад гэтага мокрага намоклi i два тыя сухiя – я бо склаў бланкi разам. Тады я iх расклаў на шырокiм, з акладное маблёвае ДСП, падваконнi, пад якiм, па ўсiм вiдаць, былi радыятары, i меўся запаўняць. Я задумаўся над назваю часопiсу (меркаваныя варыянты былi наступныя: “Кумы”, “Шпакоўня”) i вырашыў пайсцi дахаты i там, запаўняючы, добра падумаць з усяго, у тым лiку i з назвы; маўляў, часу ў мяне яшчэ ёсць да чацверка – падумаў я сам сабе. Памятаю, прапанаваў супрацоўнiчаць у часопiсе У. Арлову, С. Дубаўцу.

№ 38. Масты. Працоўня. З 8 на 9 студзеня 1998 году бачыў у сне, што апынуўся ў гасцёх у А. Масарэнкi, якi чамусьцi жыў у Вялiкай Бераставiцы, у кватэры шматпавярховага дома; я прыехаў да яго наранку, а ён спяшаўся на працу – у школу, выкладаць урокi. Ён сказаў, што вернецца блiжэй да абеду, дзесьцi а першай гадзiне, i каб я аб гэтым часе адпачыў. Я адказаў, што з прыемнасцю паблукаю да гэтага часу па В. Бераставiцы. Аднак паблукаць мне не давялося, бо, крыху пакруцiўшыся па кватэры, глянуў на гадзiннiк i ўбачыў, што ўжо без пятнаццацi гадзiна, цi каля таго. Памятаю, была ў мяне з кiмсьцi размова наконт бiлета на аўтобус з В. Бераставiцы ў Масты.

№ 44. Масты. Працоўня. З 16 на 17 студзеня 1998 году бачыў у сне аднакурснiка Г. Барбарыча, якi гасцяваў у мяне ў Мастох. Ён гатаваў локшыны ў мяне на кухнi: раскатваў цеста на блiны, каб потым iх рэзаць на паскi. Я заўважыў яму, што блiны даволi таўстыя (яны былi таўшчынёю з палец, жоўтага колеру, глёўкiя); я сказаў: маўляў, не дужа моцнае цеста, таму яно i куляшыцца, а не раскатваецца, а я дык раблю памацней i катаю натонка.

№ 47. Масты. Працоўня. З 21 на 22 студзеня 1998 году бачыў сон: Быў у рэдакцыi газеты “Зара над Нёманам”; сустрэў там цiкавую навiну: радахтар газеты С. Звяровiч быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдахтара абласное газеты “Гродненская правда”, а нам. радахтара “Зары над Нёманам” А. Сабасцян – радахтарам мастоўскае газеты; сыходзячы ад iх, прамiнуў застолiцу, якую супрацоўнiкi “Зары...” ладзiлi ў кабiнеце сельгасаддзелу.

№ 49. Масты. Паляўнiчы пакой. З 24 на 25 студзеня 1998 году бачыў у сне як з бацькам мы селi ў сiнега колеру “Вольва”-дызель i мелiся кудысь ехаць. Я сеў за стырно, а бацька побач. “Вольва” не заводзiлася, тады Г. Мыслiвец пацягнуў яе сваёю машынаю, i мы завялiся з прычэпу (я заводзiўся, памятаю, з трэцяй хуткасцi); ён дацягнуў нас аж да балатоў, што блiзу чыгуначнага вакзалу. Аднак, як мы спынiлiся, “Вольва” зноў заглухла. Тады я паспрабаваў завесцiся самастойна, i – атрымалася; Г. Мыслiвец сказаў, што прычыны непаладкаў – мароз (наяве пачалiся на двары маразы), у вынiку чаго згусла салярка; гэтак жа падумаў i я. Мы паехалi; бацька сказаў, што паедзем у нейкi населены пункт (не магу прыпомнiць назву; магчыма, Далiняны ў Шчучынскiм раёне), але спярша завязем у Слонiм чалавека (ён сядзеў па-за нашымi спiнамi, быў хударлявы, лысы), а вяртацца будзем праз Дзятлава. Пры гэтым мы паглядзелi на прыборы, цi не трэба нам заправiць палiва; прыбор паказваў 200 лiтраў (але не поўны бак), i бацька сказаў, што гэтага дастаткова. Я ж прапанаваў, з нагоды нашага падарожжа ў Слонiм заехаць да А.Лойкi; яму я меўся аддаць навуковы артыкул, якi напiсаў па тэме дысяртацыi; бацька пагадзiўся. Памятаю, мы размаўлялi з А. Лойкам наконт маех двух артыкулаў (якiя наяве я аддаў яму на чытанне). Потым з бацькам мы ехалi паўз Дзятлава на Масты, i я спытаўся, кудою лепей ехаць: на В. Волю i Азёркi цi на Пацаўшчыну i Галубы?

№ 57. Масты. Паляўнiчы пакой. З 4 на 5 лютага 1998 году бачыў сон: Iшоў па Менску. Спаткаўся з Н. Гiлевiчам. Была з iм размова. Ён жалiўся на нядобры стан беларускае лiтаратуры i на тое, што ў матэрыяльным сэнсе дрэнна жыве. Я яму паспачуваў. Мы разышлiся. Ён пакiраваў на банкет (банкет адбываўся ў нейкае будынiне; мае атаесамленні кажуць на тое, што будынiна мясцiлася на месцы нямецкага пасольства, што па вул. Захарава; i разам з тым нейкiя асацыяцыi падказваюць, што будынiна гэтая была на плошчы Перамогi, на месцы дамоў, што цугам стаяць да цантральнага ўваходу ў парк Горкага; памятаю ганак будынiны, каваныя жалезныя поручы на ганку, людзi, задаволеныя i вясёлыя – у кампанii былi i жанчыны). Я ж папрамаваў па нейкiх сваiх справах (магчыма, разам са мною быў мой стары шэра-жоўты заплечнiк). Пасля гэтага бачыўся яшчэ нейкi сюжэт, але аднавiць яго ў памяцi не магу.

№ 60. Масты. Паляўнiчы пакой. З 7 на 8 лютага 1998 году. У сне бачыў вобраз: працаваў на кампутары, у нортане, у праграме Word 5; манiтор быў чорна-белы. Набраў нейкi тэкст, было адчуванне (не дужа скрушнае, нават чулася пэўная задаволенасць) марнасцi патрачаных часу i высiлкаў – тэкст, што я набiраў знаходзiўся ў нейкае кнiжцы i яго можна было сканiраваць. Потым я дзеля цiкавосцi сканiраваў нейкi тэкст i спрабаваў яго перавесцi ў кампутарную графiку. Даючы каманды кампутару, я ўсяго часу меў праблемы з блокавызначэннем: то, ад’значыўшы тэкст блокам, я не мог зняць тое ад’значэнне, то ў часе зняцця ад’значэння яно не здымалася цалкам, i асобныя словы “свяцiлiся” на экране, то, здымаючы ад’значэнне слова, я заўважаў, што яно, ад’значэнне, “пераходзiла “ на наступны радок, на якое-небудзь слова iншае...

№ 61. Масты. Паляўнiчы пакой. З 8 на 9 лютага 1998 году бачыў шмат снасюжэтаў; вось якi аднавiўся: А. Федарэнка прапанаваў мне згуляць у шахматы. Спачатку я адмаўляўся, казаў, што не дужа ўмею гуляць (наяве я, сапраўды, гуляю нядужа – зяваю), аднак яму карцела са мною пагуляць, i мы селi за шахматную кратаванку. (Здаецца, спачатку мы звярталiся адзiн да аднаго на Вы, а тады перайшлi на ты.) Магчыма, ён сядзеў за чорнымi, а я – за белымi. Ён гуляў “правiльна”, па нейкае сiстэме, соўгаў шахмаціны, “прыкрываючы” iх iншымi. Я ж гуляў – абы гуляць. Памятаю становiшча на дошцы: быў ягоны слон, “прыкрыты”, магчыма, адразу ж вышнiкам i краляю, кралю “прыкрываў” конь, нейкую ролю выконвалi i нiжнiкi (адзiн, два, тры? – неўпамкi мне дакладна). Здаецца, я хацеў павалiць кралю i ваяваў сваёю; памятаю, я то iшоў уперад, то адступаў (хаця, наяве правiлы гэтае забараняюць) трыма сваiмi нiжнiкамi. Па пэўным часе нам надакучыла гульня, i мы вырашылi згуляць у шашкi; А. Федарэнка растлумачыў i паказаў на кратаванцы, якiм бы ён чынам выйграў у мяне бой, калi б мы яго працягнулi; паводле ягонага плану, шанцаў у мяне не было анiякiх, аднак я адказаў: маўляў, у жыццi не ўсё так проста, як яму здаецца. Памятаю, ён расстаўляў на кратаванцы чорныя шахматы ў шашкавым парадку – гэтак мы збiралiся шахматамi гуляць у арцабы.

(Гэтага ж дня, працуючы над п’есаю “Сэкс па перапiсцы”, раптоўна крыху аб’яснiлiся яшчэ сякiя-такiя снавобразы, адчутыя ўначы; адбывалася мая размова з кiмсьцi няўпомным (асацыятыўна мне здаецца, што гэта маглi быць А. Федарэнка або В. Шнiп); я пытаўся пра тое, якiя ёсць у Менску таатры, дзе б можна было паставiць маю п’еску. Мне падказалi некалькi таатраў, назвы якiх я чуў упершыню i не ведаў (памятаю, яны называлiся замежнымi словамi). Я спытаўся, а цi можна прапанаваць п’есу ў таатры “Альтарнатыўны” або “Вольная сцэна” i пачуў адказ, што гэта вельмi добрыя таатры. Псiхiчная асацыятыўнасць, у вынiку якой адбылося ўспомназ’ясненне, як мне падаецца, нарадзiлася праз маю працу над п’есаю: п’еса – твор лiтаратурна-таатральны, i гэтая акалiчнасць магла адпаведным чынам паўплываць на асацыятыўнае ўспомназ’ясненне “таатральных” снавобразаў.)

№ 65. Масты. Паляўнiчы пакой. З 14 на 15 лютага 1998 году бачыў сюжэтаблытаны сон. Удзень пятнаццатага лютага, лёгшы драмануць у паляўнiчым пакоi, пабачыў сон: прапанаваў Ж. Лашкевiч паглядзець сваю п’еску “Сэкс па перапiсцы” з прымерам, каб яна параiла, куды гэтую п’есу аддаць для пастаноўкi; у нейкiм пакоi мы абмяркоўвалi яе; здаецца, ёй п’еса спадабалася, але былi нейкiя бязглуздыя заўвагi наконт мовы; была нейкая дужа бязглуздасцярвозная спрэчка паводле ўжывання ў беларускае мове асобных словаў; памятаю спрэчыва паводле аквiваленту слова туалет – уборная, прыбiральня...

№ 70. Масты. Паляўнiчы пакой. З 18 на 19 лютага 1998 году. Увечары, п’ючы пiва, успомназ’яснiў у сабе: радахтарам новаўтворанага часопiса, прысвечанага песням (магчыма, ён так i называўся – “Песня”) быў прызначаны М. Шавыркiн.

№ 71. Масты. Паляўнiчы пакой. З 20 на 21 лютага 1998 году – блытанасюжэтныя вiдмы. Вобразаўрыўкi сатанiзму, нейкi чалавек, падуладны сатане. У сне падумалася, што пабачанае можна скарыстаць у п’есе “Сатана”, аднак наранку “драматургiчныя” снаадкрыццi не з’яснiлiся выяўна, вытлумна.

№ 74. Менск. Начаваў у знаёмых. З 28 лютага на 1 сакавiка 1998 году бачыў у сне вобраз, якi ўважаў за фiласоўскае адкрыццё. То быў нейкi сiмвал светатварэння; сiмвалiзацыя чалавека i сусвету: круг з пустотаю ў сярэдзiне, кола. Магчыма, у сне прачытваўся гэты сiмвал як: чалавек, то нейкае асяроддзе, што творча спасцiгае пустоту ўнутры сябе.

№ 75. Заслаўе. З 2 на 3 сакавiка 1998 году абначаваўся ў прыдомку. У сне бачыў свой кампутар. Я знаходзiўся ў Мастох, у сваёй працоўнi. Падключыў кампутар да радыябегунка – паказчыку хваляў на радыяпрыймачы; у залежнасцi ад таго, на якую хвалю трапляў бегунок, на манiторы кампутара з’яўлялiся выявы тэлепраграмаў; iх было шмат. Я са здзiўленнем ад’значыў, што тэлевыявы каляровыя (яны былi то невыразнабарвовыя (каламутнаватыя), то даволi насычаныя колерамi – манiтор жа мой у сапраўднасцi чорна-белы, дык гэтае мяне i вымагала на здзiўленне; сам змест выяваў я не памятаю. Потым знекуль (магчыма, проста з акна) з’явiлiся ў маiм пакоi людзi (гурма); разам з iмi, апозадзь ішоў галоўны радахтар “Першацвету” А. Масарэнка. Ён сказаў, што прывёў акскурсiю; яны, наведнiкi, пайшлi ўсе з майго пакою, магчыма, на кухню, а магчыма што, i, увогуле, сышлi з хаты. Я глянуў у сваё акно, там унiзе па-да мною было мора з чорна-сiней вадою. На моры, пры беразе гайдаўся вялiкi човен (шлюпка, ял); мора дужа хвалявалася, бо быў шторм.

№ 77. Масты. Паляўнiчы пакой. З 14 на 15 сакавiка 1998 году. Магчыма, бачыў вобраз майго першага радахтара В. Вялiчкі.

№ 78. Масты. Паляўнiчы пакой. З 16 на 17 сакавiка 1998 году бачыў шмат вобразасюжэтаў. Наступны сюжэт сувязаны з А.Масарэнкам. Разам з iм мы майстравалi i выпрабоўвалi нейкiя лятальныя беспiлотныя сістэмы. Яны рухалiся за кошт сумешчаных рухавiкоў – унутранага згарання i раактыўнага. Адзiн з самалётаў-ракетаў выбухнуў у небе ў часе лёту; здаецца, разам з А. Масарэнкам мы знарок запраграмавалi яго на выбух.

Быў яшчэ цiкавы снасюжэт, з якiм я прачнуўся наранку (здаецца, ён меў крымiнальны характар), але зараз я яго не здолею з’яснiць; памятаю, там таксама быў вобраз А. Масарэнкi.

№ 80. Масты. Паляўнiчы пакой. З 26 на 27 сакавiка 1998 году бачыў сон:

Справа была ў Менску. З А. Аркушом мы дамовiлiся сустрэцца аб другой гадзiне ў пад’земным пераходзе на круглае плошчы; ён пакiнуў мне свой таляфон, але назваў яго не лiчбамi, а лацiнскiмi лiтарамi. Я завiтаў у Дом лiтаратара, у “Першацвет”, пабыў трохi там. Часу да сустрэчы яшчэ было, i я вырашыў прайсцiся па вулiцы; падумаў, што трэба паталефанаваць А. Аркушу, i дамовiцца пра месца сустрэчы ў “Першацвеце”. Аўтаматаў паблiзу нiдзе не было, i я зайшоў у хлебную краму, што на круглае плошчы; там, у сярэдзiне памяшкання, дзе наяве месцiцца буфет, у самым канцы пакою былi два таляфоны-аўтаматы; яны былi адгароджаныя аздобчымi кратамi. Я зайшоў па-за краты i скiраваўся да таляфону, што быў ад мяне ў правым куце. Я ўзяўся набiраць нумар А. Аркуша; набiраць было цяжка, бо ён быў не лiчбавы, а лiтаравы, i я бунтаваўся; тады я згадаў, што Аркушоў таляфон у лiчбах ёсць у маем карычневым нататнiку. Я дастаў нататнiк, набраў нумар i пагаварыў з А. Аркушом; пасля размовы я згадаў, што зноўку не дамовiўся пра месца сустрэчы, як хацеў. Я яшчэ быў пачаў набiраць нумар таляфону, аж зноў збунтаваўся. Гэтым часам падышлi нейкiя людзi, здаецца, дзве дзяўчыны, i я iм саступiў таляфон; потым, як яны пагаварылi, я зноўку пачаў набiраць нумар i зноўку збунтаваўся, палез па свой карычневы нататнiк у сваю карычневую скураную сумку; згадаў, што Аркушоў таляфон запiсаны i на маёй сумцы, у сярэдзiне, проста на кiшэньцы для самапiсак, стаў учытвацца ў той нумар; аб гэтым часе я пачуў, што нехта набiрае нумар таляфону, а тады нехта ззаду ўзяў з маех рук трубку i пачаў у яе гаварыць; я азiрнуўся i ўбачыў нейкага цi то араба, цi то якогась турка. Я саступiў i яму; падняўся i пакрочыў да таляфону, што мясцiўся ў iншым куце – ён стаяў на невялiкiм стале, падобным на касу ў краме, вакол яго былi нейкiя паперы, i я падумаў, што ён службовы; у тым часе да араба-турка падышоў яшчэ адзiн гэткi ж, чарнявы, i яны пра нешта загыргыталi. Я набраў нумар, але што далей, не ўспомню.

Потым я пайшоў па вулiцы i завiтаўся ў “Нашу Нiву”; у кабiнеце ТБМа размаўляў з С. Дубаўцом; быў яшчэ нехта, прозвiшча каго я забыўся, хоць i меў з iм знаёмства наяве. Сам сабе я ад’значыў, што С. Дубавец дужа пасыцеў; ён быў непазнавальна таўсты, вусы ягоныя былi сiвыя, валасы светлыя, апрануты ён быў у бэжавы пiнжак i белыя нагавiцы; той, другi, быў апрануты ў белую вайсковую кашулю – гэткiя носяць на флоце,– на якой былi пагоны; на пагонах мясцiлiся дзве вялiкiя зорачкi, палкоўнiцкiя, аднак была адная паска – летананцка-капiтанская; потым гэты другi кудысь знiк. Мы гаварылi з С. Дубаўцом пра нешта; тады ён сказаў, што напiсаў кнiжку (здаецца, мастацкую) i папрасiў, каб я даў на яе рацэнзiю ў “Нашу Нiву”. Я згадзiўся. Потым ён сказаў, што не мае часу, бо заняты, i мы развiталiся. Я выйшаў на вулiцу; iдучы па Румянцава ў бок “ЛiМу”, падумаў, што варта было б напiсаць на С. Дубаўца штось разгромнае, проста дзеля наругi, проста дзеля “шыла ў зад”; пры гэтым я подленька хiхiкнуў сам сабе. Насустрач мне iшоў з “Першацвету” В. Шалема, i я папытаўся, цi не завiтаў А. Аркуш у радакцыю – я так да канца i не быў упэўнены, дзе мы сустракаемся, цi ў Доме лiтаратара, цi ў пад’земным пераходзе. Былi вобразы булак – з павiдлам i макам, аднак цягам якiх падзеяў (цi мо’ асобна ад усялякiх падзеяў?) не прыпомню.

№ 83. Масты. Паляўнiчы пакой. З 30 на 31 сакавiка 1998 году бачыў тры сны i шмат снасюжэтаў ды снавобразаў, і сёе-тое – з літаратурнага бытавання. Было пахаванне паэткi (магчыма, з iмем “Валянцiна Тарас”, хоць наяве вядомае імя – Ніна Тарас?). Тым не менш у мяне ў часе сна i пасля была нейкая неўразумелая асацыятыўнасць з тым, што хаваюць Валянцiну Аколаву (якой хай Бог дасць шмат гадоў). Людзей было шмат, чыста хаўтуравалi Брэжнева цi кагось яшчэ з сусветнавядомых. Людзi iшлi цугам паўз труну. У гэтым жа жалобным шэсцi i я браў удзел. Побач са мною iшоў, магчыма, В. Шнiп. Папярэдне нам хтось растлумачыў, што паэтка памёрла ў нейкае нязручнае для трунапакладзення позе ды гэтак во i засцерпла; у труне яна ляжала як бы на баку – ногi, прыўзнятыя ў каленях, парушаючы спароўнасць абыклага хаўтурнага ляжання, былi павернутыя ў левы бок, калi глядзець ад мяне, а галава – закiнутая ў правы. Iдучы паўз нябожчыцу, нехта, магчымы В. Шнiп, шапнуў мне: маўляў, глядзi – варушыцца. Я супакоiў яго, сказаўшы, што яму падалося; ажно неўзабаве яна, i сапраўды, пачала варушыцца: спачатку разняла рукi, а тады павярнулася на iншы бок гэтак, што спамерна паўтарыла сваю ж ранейшую позу, аднак з парушэннем спароўнасцi ў супрацьлеглых да ранейшых накiрунках. Усiх гэткая акалiчнасць уразiла; я сказаў не ведаю каму – мабыць усiм адразу, – што трэба выклiкаць лекара, бо яна жывая. У адказ штось дужа беларусапамяркоўнае прамовiў магчымы В. Шнiп; сэнс ягоных словаў быў такi, што ён як бы i не супраць выклiку лекара, але i не за. Нейкi чалавек, мужчына, пачаў даводзiць мне, што паэтка памерла, а гэтыя рухi – вынiк не жыцця, а якойсь механiчнае фiзiкi: проста, маўляў, iдзе скарачэнне нежывых цягліцаў у адпаведнасцi з нейкiм прыродным законам. У тым часе паэтка ўвогуле, падняўшыся, села, а тады кульнулася з труны на падлогу; яе паднялi i паклалi назад у труну. Я гучна казаў, магчыма, крычаў, што трэба выклiкаць лекара, бо яна жывая, аднак нiхто дужа не рупiўся клiкаць медыкаў. У тым часе паэтка зноўку села ў труне; запомнiлiся ейныя вочы: яны былi вялiкiя, карычневыя, i глядзелi па-вар’яцку, неяк напалову жывым позiркам i напалову мёртвым, нябожчыцкiм. Мне запомнiлася думка, што як бы там не было – цi закапаюць яе, цi не, – ажно для гэтае паэткi падобныя скон i пахаванне будуць сведчыць на ейную карысць як мастачкi, арыгiнальнае творчае асобы.

Далейшыя снавiдмы я ўважаў за фiласоўскае асансаванне пабачанага. Унутрысоннарозумна я паўтараў ранейшыя вiдмы, каб не забыцца iх па абудзе. Нехта мужчынскiм голасам назваў лiчбу, i я баяўся яе забыцца таксама, i паўтараў, i ўрэшце, з’ясняючы па абудзе, маю некалькi варыянтаў гэтае лiчбы: 1) “шэсцьдзесят поўна” – што, магчыма, можа азначаць “70”, 2) “шэсцьдзесят усё” – з гэткiм жа, магчыма, значэннем, 3) “шэсцьдзесят шмат” – магчыма, у значэннi “больш, чым 65, i менш, чым 70”, i, апрача ўсяго 4) асацыятыўна згадваецца лiчба “67”, якая нiбыта таксама магла паўтарацца мною.

№ 87. Масты. Мая працоўня. З 10 на 11 красавiка 1998 году бачыў у сне шмат снасюжэтаў i вобразаў. Бачыў I. Сцяцко ў акне кухнi нейкага дому. Прыснiлася iдэя-сюжэт п’есы: аўтар працуе на кампутары, ствараючы ў iм свой вертуальны свет; па часе ў вынiку творчасцi ён сам ператвараецца ў частку гэтага свету, трапляе фiзiчнадухова ў кампутарную раальнасць i пазiрае з глыбiнi гэтае раальнасцi праз шкло акрану на самога сябе раальнажыццёвага; нейкая ключавая фраза на акране кампутара: яна зацягвае ў гэтую раальнасць таго чалавека; iдэя твору чымсь асацыятыўна падобная да Набокавага “Сузiральнiка”. У сне я асабiста перажываў гэтую трансфармацыю рэчаiснасцi з раальнае ў кампутарную; iначай, я быў як бы аўтарам п’есы i адначасова ейным персанажам; у часе пераўтварэння рэчаiснасцi, “зацягвання” ў кампутар, я адчуў нейкi неўразумелы стан самога сябе: нейкi шалёны “рух” у галаве, нейкiя адначасовыя “палёт” i “бязважкасць” мазгоў.

№ 88. Масты. Працоўня. З 13 на 14 красавiка 1998 году ў маім сне былi вобразы беларускiх пiсьменнiкаў. Жылi пiсьменнiкi i я сярод iх у гатэлi цi ў нечым падобным да яго: калiдор, пакоi... Памятаю, нейкiм жаласцiвым голасам нешта мне казаў А. Глобус; я спытаўся ў яго: як называць яго – Адам цi Ўладзiмір, ён адказаў – Адам.

№ 89. Масты. Працоўня. З 16 на 17 красавiка 1998 году бачыў у сне невялiкую жаночую кайстрачку на даўгiм вераўчаным рэмнi; кайстрачка была нейкая “карункавая”, як бы сплеценая з вяровак i ўся наўскрозь празрысцiлася ўзорыстымi дзiркамi; усярэдзiне гэтага празрыстаўзоракарунку мелася невялiкая кiшэнька, якая ўласна i надавала сабою дадзенаму прадмету паняцце кайстрачка. Гэткiя кайстрачкi былi выдадзеныя кiмсьцi (цалкам магчыма, празiдэнтам А. Лукашэнкам) беларускiм пiсьменнiкам – членам Саюзу пiсьменнiкаў; адмысловасць падобнае выдачы i прыняцця ў тым, што паўсюдныя навакольнiкi неадчэпна атаесамлялi кайстрачкi з атрыбутыкай прастытутак: маўляў, па iх, “карункавых” кайстрачках i вызначаюцца ў наваколлi згаданыя дзяўчаты-весялухi. Адную з тых кайстрачак, памятаю, я разглядаў разам з мясцовымi журналiстамi ў радакцыi Мастоўскае газеты “Зара над Нёманам”; я раскрыў кiшэньку, у ёй было шмат дробных рэчаў, сярод якiх знайшлася i губная памастка чырвонага колеру; памятаю, усе ў радакцыi абуралiся чыiмсьцi (магчыма, празiдэнта А. Лукашэнкi) курвавыяўным карункападарункам беларускім пісьменнікам, а мне дык было смешна да непрыстойнасцi.

№ 92. Заслаўе. Спальня на мансардзе. З 8 на 9 траўня 1998 году бачыў сон “у спосаб кiнастужкi” – усе падзеi бачылiся то панарамна, то асобнадэталёва, сканцэнтравана на пэўных дэталях; усе вобразы былi дакладныя, яркаколерныя, “шырокафарматныя” i “шырокаэкранныя”. Памятаю, быў палон у нейкага ўсходняга народу (татары, туркi, арабы?) вялiкае колькасцi людзей; паланянцы – сярод iх быў i я – знаходзiлiся ў вялiкiм лагеры гэтага народу i ў вялiкiм прыгоне; памятаю наметкi ў выглядзе чумаў, памятаю коней, неграў, арабаў; была нейкая сутычка. Мы паўсталi, секлiся шаблямi; лiлося шмат крывi; ...вершнiкi на конях у карычнева-стракатых вопратках...; здаецца, мы перамаглi. Сон свой я аднаўляю ўвечары, ладна нарабiўшыся на агародзе; апрача гэтага, падняўся я дужа рана i адразу ж мусiў ехаць у Менск. Таму ад сна мала што “засталося” на час ягонага аднаўлення-занатоўкi.

№ 93. Заслаўе. Спальня на мансардзе. З 18 на 19 траўня 1998 году бачыў у сне, што мой антыкварны кампутар пачаў рабiць збоi; я ўнёс нейкiя праўкi ў п’есу, а кампутар знiшчыў частку твору. З кампутарам разбiраўся С. Дольнiк; ён зазначыў, што збоi адбываюцца з-за таго, што галава кампутара “поўная словаў” – гэтае зразумелася мною як поўназагружанасць iнфармацыяю цвёрдакружэлкi. Я прапанаваў сёе-тое сцяць-заархiвiраваць, каб вызвалiць месца... Памятаю, на маiм чорна-белым акране з’явiлася вiхура каляровых кропак-”зорак” пасля нейкiх няўпомных дзеянняў на клыпажкох; зоравiхура праляцела iмклiва па экране i згусцiлася ў хуткiм яскравым верчы. Аднаўляю ўвечары, пасля ладнага забыцця.

№ 97. Масты. Працоўня. З 26 на 27 траўня 1998 году апынуўся ў сне на сустрэчы з празiдэнтам А. Лукашэнкам. Ён выступаў на ганку нейкае, здаецца, драўлянае аднапавярховае будынiны – вясковая хата?; я сядзеў на ганку тае хаты; калi ж А. Лукашэнка пахiснуўся i павалiўся долу, на пясок (вулiца, як мне падаецца, была нямошчаная). Я падхапiўся i ўсхвалявана звярнуўся да яго з пытаннем, цi ўсё з iм ладна?; пры гэтым я назваў яго “Аляксандар Грыгор’евiч”. Ён падняўся, аднак твар ягоны быў дужа напалоханы; усё ягонае аблiчча сведчыла пра моцны перапуд. Я запытаўся, чаму ён гэтак напалохаўся i няўжо ён верыць у розныя забабонныя прыкметы; ён адказаў, што дужа верыць у iх. Потым ён паклiкаў нейкага варажбiта (цi варажбiтку?) на гаданне далейшага лёсу; перад гаданнем А.Лукашэнка сцяў у сваёй руцэ лязо сцiзорыка гэтак, што з яе палiлася кроў; ён пачаў пiць тую кроў, смокчачы яе з раны – то быў нейкi таемны абрадак перад гаданнем. Запомнiлiся мне ягоныя вочы на напалоханым твары – яны былi ненатуральнамаленькiя, вельмiдужа-дробныя, цi блiзкаштоненатуральнавельмiдужамаленькiя.

№ 98. Масты. Працоўня. З 3 на 4 чэрвеня 1998 году бачыў у сне А. Лукашэнку, якi быў без лысiны i з даволi прыстойнай чупрынаю на галаве, зачасаную направа – у парыку. Снiлася шмат усялякае каламуцi, лютае забойства аднаго чалавека, якi як бы мне сваяк, ну i г. д.

№ 101. Масты. Працоўня. З 12 на 13 чэрвеня 1998 году бачыў у сне, здаецца, незнаёмага мне ражасцёра таатру; разам з iм мы некалькi разоў прысутнiчалi на п’янцы ў нейкiм даволi цесным памяшканнi (вагончык?); пiлi з артыстамi, што граюць на вяселлi; памятаецца, былi каньяк, якi мне спадабаўся, хаця я стараўся не дужа пiць, i заедак даволi смачны (смажанае цi печанае мяса), якi таксама я стараўся паменей пхаць у рот – наяве надумаў скiнуць з сябе кiль дзесяць, а мо’ i болей. Потым на нейкае кухнi ў чыёйсцi кватэры размаўляў з артысткаю (таксама незнаёмаю мне), якая мусiла граць Таццяну Сакалоўскую ў маёй п’есе; яна, паклаўшы на куханны стол рукапiс п’есы, друкаваны на кампутары машынапiсным шрыфтом, збiралася ўслых чытаць ролю. Здаецца, на кухню заходзiлi нейкiя хлопцы, таксама артысты. Хутчэй за ўсё, снападзеi адбывалiся ў Мастох.

№ 104. Чэрвень-ліпень, 1998 г. Заслаўе. Шпакоўня, спальня на другiм паверсе. Я знаходзiўся на прам’еры майго спяктаклю; быў дзесь за кулiсаю; паказвалi версiю “Сэксу па перапiсцы” (магчыма, апошнюю, над якой я зараз працую – “Палёт какадука”); неўзабаве я заўважыў, што ў п’есе не толькi прапушчаныя пэўныя даволi iстотныя моманты, а яшчэ i напрыдумляна кiмсьцi абы-чаго; ...нейкiя банальныя i бязглуздыя словы гаварылi на сцэне артысты...; я абурыўся. Пасля паказу спяктаклю я выказаў свае абурэннi галоўнаму ражасцёру (чалавек наяве мне невядомы, з гладкiм паголеным тварам, усмешлiвы, невысокага росту) i патрабаваў як аўтар, каб спяктакаль быў або зняты ўвогуле, або пастаўлены як мае быць, улiчваючы мой аўтарскi тэкст; ...галоўны нiбыта паабяцаў, што паставiць маю п’есу ў адпаведнасцi з маiм тэкстам.

№ 109. Масты. Паляўнічы пакой. З 25 на 26 ліпеня 1998 году бачыў, не разбяруся, ці то вострасюжэтны досціп ці то дасціпны вострасюжэт. Мы сядзелі ў памяшканні Дома літаратараў, хутчэй за ўсё ў кабінеце У. Някляева – яго аднога я і запомніў сярод іншых; ён еў, пасцяліўшы на стале газету (газеты?). Тады я кашлянуў. Пасля гэтага кашляння (магчыма, з мае рукі?; ва ўсялякім разе, я дакладна памятаю сваю прыналежнасць да наступных падзеяў-прадметаў) на стале, побач з расцеленай газетаю, калі не на ёй, з’явіліся дзве невялікія і адна зусім малая (а магчыма, тры невялікія і адна зусім малюпатая) какешкі; былі яны нейкія жоўтакарычневыя і, апрача гэтага, цвёрдасухія. Бачна было, што герою нашага відму-мімалёту гэтае прыйшлося даспадобы не дужа; але, не гледзячы на ўсю блявотнасць навакольнага адбывання, У. Някляеў і выгляду не казаў, што побач ляжыць дзярмо; ён змусіў сябе даесці, што еў; хаця і было яму брыдка, ды ён усё роўна еў у наругу свае брыдзе і цераз сілу, робячы выгляд, што дзярма як бы і няма пад носам. Потым ён кудысьці выйшаў; я пэўны час нешта рабіў, а тады згадаў, што трэба было б неяк ахаіць стол ад друхла; я вырашыў, што збяру з’едкі са стала і разам з газетамі ды друхлом, а тады іх выкіну ў сметніцу; калі я згортваў газеты са з’едкамі, дык заўважыў, што друхла на стале няма ані граму – была думка, што яго ўжо нехта выкінуў. Памятаецца, нягледзячы на нейкую маю абавязковую і таемнаневытлумную прыналежнасць да гаўнюкоў, У. Някляеў ставіўся да мяне ветліва і з прыязнасцю.

№ 110. Масты. Працоўня. З 3 на 4 кастрычніка 1998 году бачыў у сне М. Віча ў сувязі з чымсь непрыемным або непрыстойным, аднак дакладна ўзгадаць снападзеі я не здужаю.

№ 111. Масты. Працоўня. З 4 на 5 кастрычніка 1998 году бачыў у сне вобраз дулі – яе паказваў чалавек, які сядзеў на крэсле, рука з хвігаю ляжала на ягоных каленах; у мяне яўнае адчуванне, што я болей, глыбей ведаю гэты сюжэт, аднак не магу аднавіць-апаняццявіць гэтую сваю “веду”.

У сне спрачаўся, магчыма, са сваім аднакласнікам С. Дольнікам наконт А. Глобусавых словаў у лімаўскім інтар’ю, дзе, у прыватнасці, А. Глобус называе прычыны свайго “сыходу” з жывапісу: маўляў, жывапіс загінуў, бо страціў сваё культавае значэнне і ў яго папрыходзіла шмат непадрыхтаваных да мастацтва людзей, якія сваёй творчанедасканаласцю абясцэнілі жывапіс. У спрэчцы я прыгадаў творы-малюнкі А. Глобуса як прыклад гэтае забойчае непадрыхтаванасці і заўважыў аб “непрычыннасці”, псіхічнасці мастацтва: маўляў, калі ёсць унутраная патрэба тварыць, дык “смерць” мастацтва не з’яўляецца прычынаю “сыходу”, сам сыход немагчымы, ненатуральны насуперак творчасці; сыход можа адбывацца, хіба ў выпадку адсутнасці творчасці, але тады, калі адсутнічала творчасць, ці быў прыход у мастацтва?

№ 112. Мая менская кватэра, Лагойскі тракт. Па начох з 14 па 17 кастрычніка 1998 году бачыў шматавата і няшматавата запомніў.

Сустрэўся на вуліцы (магчыма, менскае) з М. Вічом і Л. Шчэрбаю; яны ішлі мне насустрач; мы павіталіся.

Ехаў на “джыпе” С. Сокалава і разам жа з С. Сокалавым; я сядзеў за стырном, а С. Сокалаў побач; здаецца, мы ехалі з Менску ў Масты з Баранавіцкага боку, мінуўшы Слонім. Каля нейкае вёскі падабралі спадарожнікаў – жанчына і дзяўчына (або дзяўчынка); мы падвезлі іх да патрэбнае вёскі і выйшлі з машыны разам з імі на вуліцу; мы апынуліся на сялянскім падворку, пра штось гаварылі з вясковай кабетаю – гаспадыняю; потым С. Сокалаў зажадаў нарваць кветкаў – беларужаў; кветкі раслі на высозным дрэве пры хаце, я прыгледзеўся да іх і заўважыў, што гэта не ружы, а язьмін; я здзіўлена папытаўся ў гаспадыні, чаму ў яе квітнее язьмін аб гэткае позняе пары (цалкам верагодна, што быў канец лета), і яна адказала: бо расце ў ценю; памятаю, я хадзіў ці то па даху, ці то па страсе блізка каля кветкаў, у руцэ ў мяне быў рухавік ад Сокалаўскага “джыпу” – рухавік, не цяжкі, нагадваў даўгаваты нешырокі валізак (паходзіў формаю на імпартовыя алектраахайнікі, што ракламуюцца па талябачанні спрэс); з гары я падаваў рухавік С. Сокалаву, а той яго ўнізе прыймаў.

Прыбачыўся мне У. Ленін; з’явіўся ён двастанна, ці дакладней, і станна, і быйна; ва ўсялякім разе, у мяне ўадначассе было пачуванне, што перада мной і ўмаўзалеены мярцвяк, і жывы чалавек; я пільна прыглядаўся да яго: ён меў пукаты лоб і маленькія вочкі; апрануты ён быў у штось светлае; паўстаў ён не ўсей, не цалком, а бачны быў толькі па грудзі; магчыма, мы пра штось гаварылі.

№ 113. Масты. Паляўнічы пакой. З 19 на 20 кастрычніка 1998 году спрачаўся ў сне з кімсь (здаецца, былі побач са мною маці, Г.Мыслівец) пра А. Лукашэнку. Нехта пераконваў, што той надоўга апразідэнціў Беларусь, я ж казаў, што – мігам знікне і што, цалкам верагодна, яго ўвогуле чакае суд; я казаў, што, не гледзячы на тое, што народу ўпарта заганяецца ў галаву думка праз усялякіх астролагаў ды прадказальнікаў, нібыта ён надоўга засеў, ён у хуткім часе пакіне свой трон.

№ 115. Масты. Паляўнічы пакой. З 3 на 4 лістапада 1998 году бачыў у сне некалькі сюжэтаў. Былі нейкія блуканні і пошукі; я хадзіў па заводзе, шукаў нейкую дарогу, нейкі ход; памятаю, ехаў у ліфце. Потым я збіраў грошы на кніжку; спачатку на заводскай прахадной (Менскі трахтарны завод) з кімсьці размаўляў; сярод людзей памятаю Н. Гілевіча, які нешта гаварыў; потым я падняўся на нейкі паверх да дырэхтара (здаецца, разам са мною быў Г. Барбарыч). Я прасіў у дырэктара долараў 500 на кніжку; той сказаў, можа дапамагчы толькі сотняю, што мяне нечакана ўзрадвала, бо я не спадзяваўся і на сотню; запомніўся дырэхтар – твар алкагалічны, вялізны чырвоны нос, на стале ў яго стаяў паўлітровы словік з півам; потым мы з ім спаткаліся па-за заводам; я ішоў на прыпынак аўтобусу, каб ехаць на сваю менскую кватэру (маршрутны нумар аўтобусу “13”), і напаткаў дырэхтара; той мне распавядаў, дзе ён жыве.

№ 116. Масты. Паляўнічы пакой. З 16 на 17 лістапада 1998 году бачыў у сне, як з кімсьці ехалі на аўтобусе па горадзе ўздоўж дубоў; я быў у нейкае ролі, падобнае да акскурсавода; дубы гэтыя былі незвычайныя: таўстыя, яны вырасталі з вялізазных, фантастычных памераў пнішчаў, як усё роўна калісьці шырачэзныя камлі колішніх дубоў былі спілаваныя, а на пні, у цэнтры, з’явіўся адрост, які пайшоў развівацца ў вялізнае дрэва, але яшчэ далёка не дабраў да ранейшых дрэвапамераў; я назваў гэтыя навадрэвы на старапнішчах-пляцоўках нейкім словатворам, у аснове якога было слова пень (адпнішча ?); нехта, хто ехаў разам са мною (магчыма, жанчына), сказаў іншы словатвор з асноваю калода – хутчэй за ўсё адкалоднікі.

№ 117. Масты. Паляўнічы пакой. З 18 на 19 лістапада 1998 году бачыў у сне В. Іпатаву. Сюжэт быў такі, што Дом літаратара мясціўся насупраць мае сядзібы ў Заслаўі. Падзеі адбываліся цяперашняю марозліваю парою. Каля гэтага Дому напаткаўся я з В. Іпатавай, і яна прапанавала мне гарбаты, але я адмовіўся і прапанаваў ёй зайсці да мяне ў госці і папіць там; яна адказала, што зойдзе ўвечары, пасля працы. Тады я прапанаваў проста зараз жа зайсці ненадоўга ды глянуць, як я атайбаваўся. Мы пайшлі, і В. Іпатава здзіўлялася, што каля Дому літаратара набудавалі неўзабаве дамоў, а яна і не заўважыла. Мы ўзыйшлі на нейкую гару – яна была на тым месцы, дзе стаіць дом № 50, які належыць У. Гейну, і з яе пазіралі на мой падворак; на гэтае гары стаяў аднак дом № 46, які належыць С.Аляхновічу; па даху нейкае гаспадарчае пабудовы мы спусціліся ўніз, на мой агарод, і я паказаў сваё жытло. Потым мы вярнуліся праз дом С. Аляхновіча, і, калі выходзілі на вуліцу, напаткаліся з ягоным сынам. Я падумаў пра тое, што трэба падрыхтавацца да гарбатаў, прыбраўшы ў маім прыдомку, у які я звычайна з надыходам халадоў перабіраюся з хаты.

№ 119. Масты. Паляўнічы пакой. З 22 на 23 лістапада 1998 году бачыў у сне радакцыю часопіса “Першацвет”. Яна мясцілася на высокім паверсе; цалкам верагодна, што гэта дом № 2 па вул. Кастрычніцкай у Менску, дзе я некалі жыў – студэнцкі інтарнат. У пакоі памятаю А. Масарэнку, Н. Кузьміч, першацветаўскую машыністку Л. Рамашыну; прама ў пакоі я капаў яму; былі нейкія вобразы, сувязаныя з печкаю (магчыма, металічнаю). У пакой зайшоў мой колешні аднакласні Ю. Пяцэвіч (калісьці наяве ён пісаў вершы), у нас адбылася размова; я пытаўся, дзе ён і што ён; ён адказваў, а тады падпісаў мне самавыдадзеныя кніжкі са сваймі вершамі.

№ 120. Масты. Паляўнічы пакой. Неяк пры канцы лістапада 1998 году прыбачыўся мне ноччу В. Шніп. Сустрэча нашая адбылася ў Менску; В. Шніп жыў на Скарынаўскім праспекце блізу плошчы Я. Коласа, а мо’ і на ёй; я завітаўся да яго на нейкі высокі паверх (не першы), пазваніў у дзверы; размова нашая адбывалася ў пад’ездзе; я запрасіў В. Шніпа паехаць на маю менскую кватэру і замачыць яе (наяве В. Шніп дапамагаў мне яе атрымліваць); той згадзіўся; у сне памятаю, што ў яго былі тры дачкі – адная з іх вельмі высокая дзяўчына; я яшчэ падзівіўся-пажартаваў, у каго гэта яна ўдалася? Потым вобразы з В. Шніпом размываюцца (і, магчыма, знікаюць) у іншае вобразадзеі; я з’язджаю з марское стромы на сваем “гольфіку” і ледзь паспяваю затармазіць каля самае вады – марскі падол вільготны і вельмі коўзкі; са мною ў машыне яшчэ нехта з гасцей – мы прыехалі да мяне дахаты; мой дом стаіць на марскім беразе (нейкае паўднёвае мора, магчыма, Чорнамора), пры затоцы (“лімане”), якая чымсь выдае на Нёманскую затоку; дом з высокім сутарэннем; там, дзе ганак, зробленая павець, а, магчыма, гэта вялікія-абсяжныя сені, у якіх змесціцца некалькі легкавікоў; я тлумачу камусь, што дом гэты пабудаваў для мяне мой бацька, калі быў жывы; потым я кажу, што шмат машынаў, з’язджаючы са стромы, падае ў затоку, не паспеўшы затармазіць; я выходжу з сенцаў – здаецца, мы збіраемся кудысь ехаць, – і аб гэтым часе ў затоку на хуткасці ўлятае легкавая машына; памятаю незнаёмых людзей, мы гаворым, як выцягнуць машыну на бераг, я кажу, што гэткая аварыя тут здараецца вельмі часта.

№ 121. Масты. Паляўнічы пакой. З 29 на 30 лістапада 1998 году бачыў у сне, што знаходжуся ў Наваёрку. Невядомы мне наяве чалавек вядзе мяне і яшчэ кагосьці да сябе ў госці. Мы прыехалі ў Наваёрак з нейкаю нагодаю; краявіды мяне чымсь расчароўваюць, бо не маляўнічыя, нейкія як бы не “наваёркаўскія”. Усяго часу хачацца пабываць на акіяне; мы заходзім да майго знаёмага ў пад’езд – насупраць ягонага дому я заўважаю пяціпавярховік рыхтык тыповапраектная беларуская хрушчоўка з панэляў – і здзіўляюся, як яна сюды прыблукала; у сваім пад’ездзе невядомы знаёмец раптам кажа, што ў ягонай хаце ройла, і ён адвядзе нас кудысь яшчэ. Потым вобраз Р. Лапушына, які падручыўся падвезці на машыне да беларускае каталіцкае місіі; мы едзем, і ён кажа, што ў Наваёрку танней ездзіць на сваёй машыне, чымся ў грамадскім транспарце. Потым я доўга іду па нейкай наваёркаўскай вуліцы і ўрэшце пачынаю блукаць; потым бачу будынак з праваслаўным крыжам; я ўваходжу ў яго, і насустрач мне ідуць маладыя хлопцы ў чорных вайскавітых адзяванках з адмысловаю сімволікаю (нейкія суплёты некалькіх аляментаў) на рукавох, якая азначае расейскіх фашыстаў; сярод сустрэчнікаў трапляецца як бы мой даўні знаёмы – наяве я яго не ведаю; я кажу, што шукаю беларускую каталіцкую місію, і ён бярэцца мне дапамагчы; мы ідзем да яго дахаты, і ён расказвае, як бы апраўдваючыся, чаму ён патрапіў да фашыстаў (прычыны, якія ён называе, я не памятаю); потым ён паведамляе, што місія знаходзіцца побач, малюе план як мне дайсці да месца і пазначае будынак місіі малюнкам звону – акурат па звоне каля будынку, кажа ён, ты пазнаеш каталіцкую місію. Я іду па плане, бачу будынак з аграмадным звонам і ўваходжу ў дзверы; там мне тлумачаць на польскай мове, што патрапіў я ў каталіцкую місію ўвогуле, а ўваход у беларускую каталіцкую місію знаходзіцца з адваротнага боку будынку; гэтае мяне раздражняе; усяго часу існуе адчуванне нейкае свае “неадпаведнасці” з прычыны таго, што я праваслаўны; я заходжу ў беларускую місію, там нехта ёсць з літаратараў; размова са святарамі; нам паказваюць абраз; я падпісваю свае кніжкі.

№ 122. Масты. Паляўнічы пакой. З 30 лістапада на 1 снежня 1998 году явіўся мне ў сне т. Сталін. Я напаткаў яго, павярнуўшы з вул.Кірава ў Менску, па-за корпусам наргасу, на вул., на якой знаходзіцца гатэль “Менск” (назву не памятаю); я абагнаў двух людзей – адзін малады мацак, другі – быў сталы і меў чорныя вусы; трохі прайшоўшы, я зразумеў, што той вусаты – Ё.Сталін. Я вярнуўся, і ў нас адбылася размова ў часе сумеснае хады дзесь да касаў стадыёну “Дынама”; мы гаварылі пра нешта, і генералісімус некалькі разоў сказаў некалькі трапных досціпаў, якія мяне рассмяшылі; гаварыў ён з акцэнтам, паліў трубку, быў у вайсковым шынэлю, выгляд меў годны, ганаровы; было адчуванне, што ён не памёр, а знаходзіцца на пенсіі. На развітанне я падпісаў яму кніжку “Паэты-цары”, якую меў пры сабе ў сваёй скураной сумцы; асадкі ў мяне не было, і ён мне даў два алоўкі (яны былі простыя ў асяродавіках і сінія звонку); я падпісваў нейкія шчырыя словы і добрыя пажаданні, а ён мяне прыспешваў, бо кудысь пільна наважваўся; падпісаўшы яму, я вырашыў падпісаць і тому другому, мацаку, які быў генералісімусавым ахоўнікам; я дастаў з сумкі яшчэ адную кніжку “Паэтаў-цароў”(яна ўжо была падпісаная камусь) і спытаўся, ці не супраць той, калі я вырву ліст са старым аўтографам, а пакіну новы; той быў нясупраць; калі я спытаўся, як яго завуць, ён назваў нейкую мянушку, якую я не запомніў, а не сапраўднае імя – маўляў, засакрэчаны.

Была яшчэ вобразасюжэтавая каламуць, якую дасканала прыгадваць не хочаца дый лянота. Калі пакаротцы, дык я зрабіўся забойцам у доме № 51 па вул. Савецкай у Мастох (№ кватэры, цалкам верагодна, 1?). Я забіў спачатку жанчыну, а тады кватаранта-уятнамца, а магчыма, наадварот, спачатку ўятнамца, а тады жанчыну; уятнамца я пасёк на кавалкі, і галаву ягоную хаваў у нейкім шкуцці ў куту на падлозе. Пасля нейкім чынам высветлілася, што забойства ўчыніў усё ж не я, а А. Аркуш; нейкі хлопец, запасочыўшы А. Аркуша, у забойстве, укінуў яму ў кампутар адмысловы вірус: калі А. Аркуш адкрываў свае тэксты, дык на чорным акране побач з тэкстам выбягаў надпіс “Забойца”, часам па-за надпісам з’яўляліся нейкія кручкі. Я паабяцаў А. Аркушу, што знішчу вірус, запусціўшы “Дохтара Вэба”. Усё скончылася тым, што я дасылаю ў астрог да А. Аркуша сваю новую кніжку, да выхаду якой ён спрычыніўся, і пішу яму словы падтрымкі.

№ 123. Масты. Паляўнічы пакой. З 4 на 5 снежня 1998 году бачыў у сне, як знаходжуся ў памяшканні Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны. Памятаю М. Віча і ягоную жонку Л. Шчэрбу, якія сядзелі на кукярэчках на падлозе ў пакоі старшыні Таварыства; потым памятаю вобраз майго аднакурсніка Г. Барбарыча; ён ішоў па Румянцава ў бок “Кнігарні пісьменніка”, спяшаўся, і я яго паклікаў з ганку ТБМ; разам з ім мы ўвайшлі ў ТБМ, у нас адбылася нейкая “кампутарная” размова, потым было ўзгаданае імя А. Глобуса; Г. Барбарыч сказаў, што Глобусава пісьменства “творыцца нейкімі ўрыўкамі”.

Потым быў вобраз У. Арлова; ён прыехаў да мяне ў госці – пры гэтым я жыў чамусьці ў Слоніме; мы вырашылі паклікаць у госці яшчэ і В. Мудрова (магчыма, хаця дакладна не памятаю, таксама і А.Аркуша) – пры гэтым ён жыў чамусь у Баранавічах; я паталефанаваў да В. Мудрова; запрашаў яго, але той спасылаўся на даўгі шлях, на што я сказаў, што ад Баранавічаў да Слоніму дызелем ехаць з нейкую гадзіну; размаўляў па таляфоне з В. Мудровым і У. Арлоў; яшчэ мы меліся запрасіць у госці С. Астраўцова з Гародні.

№ 124. Масты. Паляўнічы пакой. Нейкае снежаньскае ночы 1998 году спытаўся ў сне ў С. Дубаўца нешта наконт дабра і зла. Той спачатку блазнаваў, а тады пачаў разлягацца наконт гэтага, і зачалася нават нейкая спрэчка. Здаецца, меркаванні наконт дабра і зла мы стараліся разглядаць нейкім чынам скрозь прызму ўласнае асобы чалавека.

Нейкае ночы ў снежні 1998 году бачыў у сне А. Сушу; праз сваю ляноту адразу не запісаў атаесамленні і сюжэцік, а цяпер ужо не прыгадаю.

№ 128. Масты. Паляўнічы пакой. З 3на 4 студзеня 1999 году бачыў у сне А. Аркуша; было шмат людзей, і наранку я іх усіх памятаваў, ажно ўвечары вобразы зняпомніліся; я меўся радагаваць кніжку А.Аркуша; той прыехаў да мяне ў Масты, ажно ў мяне не было часу ўзяцца за кніжку – нейкія пільныя справы,– дык я папрасіў А. Аркуша, каб той трохі пачакаў, пакуль я параблю сваю работу; той пайшоў кудысь у дубы за маёю хатаю, пакінуўшы мне свой рукапіс. Калі ж я прыйшоў да А. Аркуша ў дубы, каб паведаміць яму, што бяруся за радагаванне ягонае кніжкі, дык высветлілася, што рукапіс той і ёсць кніжка – пакуль я займаўся сваім, дык рукапіс ужо ўкнігавалі. Кніжка была шырокага фармату, даволі аб’ёмістая, са шматлікімі раздзеламі. А. Аркуш папытаўся, ці спадабалася яна мне, але я адказаў, што яшчэ не прачытаў яе. Памятаю, мы ўсё разварочвалі ў дубох мой прычэп “Зубраня”, а ён не хацеў стаяць і раз-пораз каціўся з гары.

№ 131. Масты. Паляўнічы пакой. З 14 на 15 студзеня 1999 году ў сне знаходзіўся ў Менску ў нейкае кватэры на высокім (не першым) паверсе. Хутчэй за ўсё, гэта праспект Францішка Скарыны ў раёне Зялёнага лугу. Быў чацвер.У кватэры былі, акрамя мяне: М.Віч, ягоная жонка Л. Шчэрба, нейкая жанчына. Потым пакой нейкім чынам трансфармаваўся ў вялікую людную аўдыторыю, падобную на школьны клас (магчыма, гэта і быў мой колешні клас у Мастох, у СШ № 5, ва ўсялякім разе ў мяне сувязаныя з ім нейкія асацыяцыі: вялікія вокны, колер сценак, сталы – усё, чыста калісьці ў маёй школе; здаецца, быў вобраз майго аднакласніка А. Гетмана).

№ 133. Масты. Паляўнічы пакой. З 20 на 21 студзеня 1999 году бачыў безліч снасюжэтаў і снавобразаў. Запомнілася, як я быў у нейкім вялізазным, з хмарачосамі, горадзе ЗША (цалкам верагодна, што ў Наваёрку). Горад быў засмечаны высокай радыяцыяю, і жыхары хаваліся ад яе ў кватэрах і пакідалі места; памятаюцца безлюдзь жалезна-бятонных вуліцаў гораду, запаленыя вокны кватэраў. Быў вывоз людзей, а я ўсё не згаджаўся ад’язджаць і, здаецца, прычакаў апошняга авакуацыйнага рэйсу; у горадзе, памятаецца, заставаліся людзі – то нейкія чужынцы-прыхадні ды чужынцы-тутэйшыя, якія мірыліся з радыяцыяю, не дужа ўважаючы на ейныя пагубныя вынікі. Мы перасяляліся кудысь на поўнач Злучаных Штатаў; памятаецца рака, горы, чыстае паветра, літарацкае асяроддзе з беларускіх высяленцаў. Была размова з нейкаю жанчынаю пра маю творчасць; яна сказала, я выгодна вылучаюся з беларусаў тым, што маю ў Злучаных Штатах шмат публікацыяў сваех твораў і адпаведна грошай; я штось ёй адказваў, але не памятаю што. Быў вобраз аўсянага кісялю, які я еў (наранку, калі прачнуўся, на стале на кухне заўважыў у металёвай талерцы аўсяны кісель, які прынесла цётка).

№ 136. Масты. Паляўнічы пакой. З 24 на 25 студзеня 1999 году бачыў у сне шмат-безліч вобразаў і падзеяў. Сярод іх было гэткае, што пазнаёміўся з невысокаю дзяўчынаю някідкае кепнасці – месца знаёмства прыгадаць не магу; дзяўчына жыла ў Бярэсці, яна мела свой адрас у Інтарнаце і паабяцала мне даслаць аляктронны ліст на мой інтарнатаўскі адрас. Быўшы ў Менску, я атрымаў ад яе караценькі ліст, напісаны лацінкаю; я адказаў ёй пакаротцы і таксама лацінкаю, мяркуючы, што наш лацінапіс выкліканы найперш праграмнымі праблемамі перадачы адно адному кірылічнае графікі. Тут жа ад яе прыйшоў адказ – ліст ў лацінцы з адным сказам у кірыліцы; да гэтага ліста было дададзена шмат чорнабелых графічных малюнкаў, якія зрабіла тая дзяўчына; я думаў напісаць ёй кірыліцаю, каб конча перайсці на яе ў нашым ліставанні, і дадаў на ўсялякі выпадак невялікае суправаджэнне лацінкаю; ейныя малюнкі чамусь вельмі ўразілі мяне нейкаю няўцямнаю трывогаю, нават жудасцю, якія ішлі ад іх – сярод іх запомніў я размаляваны твар, падобны да маскі, і серыю малюнкаў, на якіх было паказанае “вырастанне” бярозаў з вады: дзве бярозіны намаляваныя адна пры адной у розную пару іхнага сталення, яны вырастаюць адна пры адной, абвіваючы адная адную, а потым, на апошнім малюнку, яны паўстаюць як абвітыя адна вакол адной дзяўчыны; нехта, той, хто разглядаў малюнкі разам са мною, выказаў меркаванне, што мая знаёмка – вар’ятка; трывога мая не давала мне спакою, мяне хвалявала думка, што, калі я буду працягваць знаёмства з дзяўчынаю, дык нашая сувязь можа ператварыцца для яе ў хваравітае памкненне быць заўсёды разам са мною і што парыванне з ёй у гэткім разе прынясе ёй большую шкоду, чымся ў выпадку нашага “раззнаямлення” цяпер; каб больш дасканала даведацца наконт вар’яцтва дзяўчыны, я вырашыў параіцца з адным сваім знаёмым ўрачом-псіхалінгвістам, паказаўшы яму малюнкі.

Дзесь нараніцы, каля 8 гадзінаў, прыбачыўся ў сне вобраз майго навуковага кіраўніка А. Лойкі; з ім мы размаўлялі па таляфоне: я быў у Мастох, а ён – напэўна, у Слоніме. Ён спытаўся у мяне наконт таго, ці перапрацоўваю я дысяртацыю, і я нешта адказаў. Потым мая маці папрасіла ў мяне, каб я даў ёй пагаварыць з А. Лойкам; у гэтым часе сувязь з ім перарвалася, і маці абурылася, што гэта па суседству мая стрыечная сястра Л. Мыслівец падняла слухаўку таляфону і такім чынам выклікала перарыў сувязі (на яве ў нас з імі паралельны таляфон); маці падалася да акна ў маю працоўню і стала рабіць суседзям нейкія знакі; потым яна вярнулася да таляфону, узяла слухаўку, каб размаўляць з А. Лойкам, а я пайшоў у паляўнічы пакой; я не чуў, каб яна прамовіла хоць слова, аднак праз некалькі хвілінаў, як я выйшаў з пакою, яна мне сказала, што пагаварыла ўжо з маім шэфам.

№ 137. Масты. Паляўнічы пакой. З 27 на 28 студзеня 1999 году бачыў прам’еру мае п’есы у нейкім таатры (хутчэй за ўсё, у Маладэчні); было шмат людзей, пілі спіртусовыя напоі ў сутарэнні-бары, размаўлялі; сярод знаёмых запомнілася А. Радкевіч, хаця, у мяне такое адчуванне, што знаёмцаў там было багата; я паспачуваў А. Радкевіч з прычыны смерці ейнага бацькі Я. Радкевіча (які наяве нядаўна, напачатку студзеня, памёр); з А. Радкевіч мы падняліся з сутарэння; яна знаёміла мяне з дзвюмя высокімі ці дзяўчынамі, ці жанчынамі; потым я блукаў па будынку таатра з нейкімі справамі, у гэтым часе пачынаўся спяктакаль; я апынуўся зноўку ў сутарэнні – там было некалькі чалавек; памятаю, я здагадаўся, што спазніўся на спяктакаль; …былі вялікія драўляныя дзверы, нібы брамы, з-за іх гучалі галасы крытыкаў, якія абмяркоўвалі п’есу. Было яшчэ ўсялякіх вобразаў процьма, але не запомніў. (П’ючы палудзенную гарбату, прыгадаў, што ў часе сну, спаткаўшыся з А. Радкевіч, запытаўся ў яе, ці перадала яна гадзіннік С. Сокалаву-Воюшу (наяве я яго выпадкова звёз з Прагі, а потым прасіў А. Радкевіч, каб тая завезла яго назад.) Здаецца, А. Радкевіч мне яго вярнула.

№ 138. Масты. Паляўнічы пакой. З 28 на 29 студзеня 1999 году бачыў у сне, што завітаўся на прам’еру майго спяктаклю ў Маладэчню. Але высветлілася, што прам’ера пераносіцца на іншы дзень. Памятаю, ражасцёр М. Мацкевіч праводзіў мяне да майго “гольфіка”, нешта тлумачачы; потым я сеў у “гольфік” (пляцоўка насупраць таатру з боку стадыёну) і падаўшыся наперад, зачапіў буферам буфер “джыпу”, што стаяў мне носам у нос; я крыху ад’ехаў і выйшаў з машыны, каб паразумецца з уладальнікам “джыпу” – той падыходзіў да машыны з боку таатру і на твары ў яго была запасока, што я нібыта збіраюся ўцячы; я павінаваціўся перад ім, і мы, зірнуўшы на буфер “джыпу” – там была ледзь прыкметная прымяціна, – паразумеліся без сваркі і абышліся без грашовае кампенсацыі; я скіраваўся да свае машыны.

№ 139. Масты. Паляўнічы пакой. Наранку 30 студзеня 1999 году згадаў, што забыўся нейкага дня занатаваць снавобраз; некалькі разоў ён паўставаў з памяці, а тады неяк “губляўся” і я забываўся яго занатаваць; цяпер жа аднаўляю. Нейкае блізкае ночы – магчыма, з 27 на 28 студзеня сустрэўся ў сне з І. Герменчуком. Ён ішоў мне насустрач па нейкае гарадское, асфальтаванае вуліцы (што за горад – не ведаю; мо Менск?); я пазнаў яго раптоўна, калі ён апынуўся перада мною; вітаўся ён неяк на хаду – парукаўшыся са мною, ён зараз жа падаўся далей; прамінуўшы ўжо мяне, ён, павярнуўшыся, адказаў на маё зычлівае пытанне, што жыве нармальна; выгляд у яго быў нярадасны, заклапочаны.

№ 141. Масты. Паляўнічы пакой. З 31 студзеня на 1 лютага 1999 году бачыў у сне безліч снавобразаў і снасюжэтаў. Памятаецца, быў у Маладэчні, сустракаўся з М. Мацкевічам; я спытаўся ў яго, якім чынам зазвычаена праводзіць прам’еры, і колькі маех знаёмых запрашаць на яе; здаецца, ён адказаў, што можна запрашаць, колькі захачу. Потым мы выйшлі з таатру, і я, збіраючыся на Масты, прапанаваў падвезці яго сваім “гольфікам” дахаты; я доўга шукаў вачыма свайго “гольфіка”, аж не мог знайсці, – і гэтае мяне нават напалохала, бо падумаў, што яго ўгналі; аж потым успомніў, што я яго перафарбаваў з чырвонага на бела, і зараз жа пабачыў сваю машыну; калі мы сядалі, запомнілася, што ён быў пафарбаваны бела не ўсей, а часткова і з хібамі. Потым мы апынуліся на пункце ДАІ, і М. Мацкевіч ператварыўся ў міліцыянта, на ім была фуражка старога ўзору; у маім сне ён сумяшчаў прафесію міліцыянта і ражасцёра; ён за нешта хацеў штрафаваць мяне і яшчэ нейкага чалавека; я ў яго прасіўся, і ён штрафануў мяне па самым нізкім тарыфе; ён жартаваў, і казаў лагодна; я жа, зразумела, сам сабе падумаў пра яго не дужа добра. (Удзень прыгадалася яшчэ трохі вобраззя: Перад тым, як выйшлі з М. Мацкевічам з таатру, мы глядзелі спяктакаль нейкае правінцыйнае трупы, якая выступала ў Маладэчні – здаецца, быў нейкі фестываль; М. Мацкевіч быў не ў захапленні ад іхняга выступу; запомнілася сцэна са спяктаклю, калі артысты, стаўшы лінейным карагодам уздоўж сцэны, спявалі песню і танчылі – падумалася тады, што гэткую самую сцэну я надумаўся стварыць у адной са сваех меркаваных, але не пісаных яшчэ п’есаў; потым М. Мацкевіч сказаў, што бачыў ужо гэтых артыстаў, і ўсё наперад ведае, і пасярод спяктаклю падняўся і пайшоў з залі; я падаўся за ім; вось пасля гэтага мы і выйшлі з таатру.)

№ 142. Масты. Паляўнічы пакой. З 4 на 5 лютага 1999 году. Гэтае, а хутчэй за ўсё мінулае ночы бачыў сон, што быў у Л. Юрэвіча ў Наваёрку; я знаходзіўся ў ягоным пакоі, які выдаваў на пакой савецкага інтарнату; ён дзесь адсутнічаў; у акне былі два шматпавярховыя цагляныя дамы, рыхтык у нас на Беларусі; на іх была раклама, напісаная лацінкаю; памятаю, па талябачанні перадача перарвалася ракламаю на беларускай мове; было адчуванне, што прыхварнуў на прастуду – балела горла, і я падумаў пра тое, што не аклематызаваўся як след; калі я прачнуўся, у роце было адчуванне сухасці – магчыма, праз гэтае снілася “хворае горла”; а магчыма, сухасць была праз гэты снавобраз-хворагорла.

№ 144. Масты. Паляўнічы пакой. З 20 на 21 лютага 1999 году бачыў у сне Дж. Стэйнбіка (аблічча не памятаю – магчыма, яго, увогуле, “не было”, – а запомнілася проста мая неўяснёная апрыёрная ўпэўненасць, што прысутнік ёсць Дж. Стэйнбік); прысутнасць Дж.Стэйнбіка была сувязана з вобразамі мастоўскага стадыёну “Нёман”; акрамя яго, прысутнічаў яшчэ нехта (магчыма, асоба жаночага полу з літаратурных колаў); мы кудысьці ішлі, былі словы, размова.

№ 145. Масты. Паляўнічы пакой. З 4 на 5 сакавіка 1999 году, сярэдначы, бачыў у сне, быццам бы знаходжуся ў астрозе – вязніца аддзеленая ад даволі абсяжнага памяшкання прастападнымі металёвымі прутамі. Разам з нейкім чалавекам мы наважыліся збегчы; мы злучылі на прутох аляктрычныя драты (іх было, здаецца, два – магчыма, “плюс” і “мінус” – і яны цягнуліся да нас аднекуль з “глыбежы” памяшкання; а мы датачылі да іх два кавалкі і працягнулі іх у “глыбежу” свае вязніцы) і меліся разарваць пруты выбухам. Аднак у выніку нейкае выпадковае памылкі (якая не залежала ад нас; а ад каго яна вынікала, не памятаю – кагосьці наўзбочнага, магчыма, з турэмных служакоў) выбух адбыўся дзесь у турэмных нетрах, а не ў пажаданым для нас укратаванні; разам з тым было адчуванне нейкае магчымасці ўцёкаў, якая не спраўдзілася з прычыны навакольных, незалежных ад нас абставінаў. Была высокая радыяактыўная забруджанасць, што ўтварылася ў выніку таго выбуху; мяне разам з рознымі людзямі прымусілі разграбаць абломкі і чысціць ад друзу нейкія абсягі; мне падумалася пра згубнасць гэтае працы і спалохала блізкая непазбежная смерць праз радыяактыўнае атручэнне; памятаецца, мяне спалохала не самая смерць як такая, а ўсведамленне, што ўсё ненапісанае мною не будзе мною напісанае; марнасць існавання, мая неўспатрэбленасць праз блізкую смерць выклікалі ў мяне адначасова жах і адчай – пры гэтым была нейкая апозадная думка, што мне наўзвыш наканавана пражыць дзесьці гадоў за дзевяноста (92-95), і гэтая мая прымусовая праца на радыяцыі несправядліва пазбаўляе мяне майго наканавання; памятаюцца атрутны пыл на маех аголеных рукох і плячох, пыл на вопратцы (здаецца, куртка чорнага колеру), раптоўная здагадка-недацям, чаму гэта нам, прыганятым, не выдалі процігазавыя маскі і хім’абарончыя касцюмы – гэтае магло б нас нейкім чынам уратаваць.

Потым размаўляў з нейкімі людзямі, магчыма, літаратарамі пра малако (нейкія цямныя закуткі ў адновах сну павяртаюць мяне да меркаванняў, што сярод тых людзей быў Г. Далідовіч); быў вобраз невялікае колькасці малака (паўлітровы словік); здаецца, мне прапаноўвалі яго папіць, а я адмаўляўся з прычыны Вялікага посту; потым высветлілася, што малако тое казінае, і я распавёў пра нашую казу Дашу (якая наяве здохла летась); магчыма, я распавядаў і пра нашага казла, якога таксама ўжо няма (хіба, мо’ засталася ад яго якаясь выпадковая тушонка); я пахваліўся пра дайлівасць нашае козкі, сказаўшы, што давала яна больш як калгасная карова – восем літраў (пры гэтым я прыбавіў, бо насамрэч надойвала маці ад яе ў самыя лепшыя часы сама болей 5,5-6 літраў, што вельмі-вельмі добра, і гэтае пры тым, што козка нашая толькі раздойвалася, бо не мела яшчэ і трохгадовага веку).

№ 147. Масты. Паляўнічы пакой. З 10 на 11 сакавіка 1999 году бачыў у сне, як да мяне прыехалі Р. Барадулін і А. Камоцкі (памятаецца заслаўскі краявід, ажно падзеі адбываліся ў Мастох); я меўся дамовіцца наконт іхняга выступлення ў Мастох, а яны прыехалі загадзя – я яшчэ ні з кім не вёў перамовы; як яны мне патлумачылі, мэта іхняга прыезду перамовіцца наконт выступлення; я запрасіў іх у хату да стала. Памятаю, на вуліцы было шмат людзей; сярод іх А. Лойка; яго таксама я запрасіў да стала; мы ўвайшлі ў памяшканне – гэта было маё жытло, аднак ягоны вобраз не адпавядаў насамрэчнаму майму жытлу ў Мастох, яўнаму; я падняў на падлозе дзвёрку-люк, па-за якой зеўрылася памяшканне, у якім я меўся прыймаць на пачостку госці; пры ўваходзе стаялі драбіны – дзве, а мо’ і тры лесвіцы; нехта спусціўся па іх уніз; я паспрабаваў быў лезці, але заўважыў, што драбіны дрэнна стаяць і папрасіў некага, каб той паставіў іх роўна; ён іх паставіў, але як я палез, дык драбіны захісталіся, і я ледзь паспеў выкараскацца назад; я зноўку папрасіў, каб драбіны мне паставілі як мае быць; і той нехта зноўку іх паставіў; ажно гэтым разам спуск трансфармаваўся са “стромы” ў больш адхоннае ўшэсце; яно было зямлянае, і драбіны ляжалі на ім; я ж, як толькі пайшоў па іх, дык каўзануўся і стрымгалоў з’ехаў на дол па слізкае зямлі; тады, як азірнуўся наверх, дык пабачыў, што адхон зусім знястроміўся; я паклікаў госці за сабою, а сам падумаў, што варта будзе зрабіць бятонныя сходы, дарма што ўшэсце цяпер пакатае. У памяшканні мая маці ставіла на стол; запомнілася, што на стале багата было ўсялякае ежы.

№ 149. Масты. Паляўнічы пакой. З 13 на 14 сакавіка 1999 году бачыў у сне, што, быўшы ў Менску, прыехаў разам з маці ў нейкую фірму (здаецца, яна знаходзілася ў звычайнае кватэры крэйдацаглянага шматпавярховіка (магчыма, пяці-); нейкі чалавек, кіраўнік фірмы, прапанаваў усталяваць на мой “гольфік” проціўгонную сігналізацыю; я адмаўляўся, бо не было грошай; ён жа настойваў і казаў, што зробіць даволі танна, аднак за колькі не казаў, не гледзячы на мае пытанні; потым ён загадаў камусь са сваех работнікаў -- невысокі, малады, светлавалосы і таўсматы хлопец (ён не дужа хацеў брацца за працу) -- пачаць устаноўліваць сістэму (замкі на дзверы, блакіратар на рухавік, і сігналізацыю; а таксама нейкае прыстасаванне, сувязанае з люстэркамі па бакох машыны); гэты хлопец падаў мне стос нейкіх кляйчастых круглых, празрыстых і аластычных, чыста з палітылену, клапцяў; я ж іх пачаў адлапліваць адно ад аднаго і класці на падлогу; тады гэты хлопец крыкнуў-перасцярог, што іх нельга класці адзін на аднаго – і сапраўды, на падлозе яны зрабіліся гарачыя, з іх зачаўся дым (праўда, да агню не дайшло), і я пачаў іх раскідваць у розныя бакі. Потым хлопец і кіраўнік выйшлі ў іншы пакой, і мы з маці засталіся ўдваёх; яна мне сказала, што калі скажуць плаціць долараў сто пяцьдзесят, дык трэба згаджацца; я ж сказаў, што больш ста нельга ім абяцаць. Потым я апынуўся ў даволі абсяжным калідоры гэтае кватэры. Там былі людзі, сувязаныя нечым з літаратураю; былі сярод іх і М. Віч, М. Гіль, Н. Гілевіч. Мне паказалі кніжку, да ўкладання і выхаду якой я чынна спрычыніўся, пра што і гаварылася ў выдавецкае познатцы на кніжцы; я як бы пажаліўся камусь з сумоўнікаў (магчыма, то быў мой аднакурснік У. Абрамовіч), што шмат высілкаў аддаў на тое, каб гэтая кніжка выйшла (згадаў, што адпачываючы ў пісьменніцкім доме-творчасці “Іслач”, я некалькі разоў ездзіў да Менску па кнігавыдаўскіх справах), а грошы мне не заплацілі ані капейкі, затое даволі нядрэнна заплацілі М. Вічу і М.Гілю, якія спрычыніліся да працы сама мала; у гэтым часе з’явіўся перада мною Н. Гілевіч, і я, стараючыся не пакрыўдзіць ягоныя сваяцкія пачуцці, тактоўна распавёў пра толькі што згаданыя несправядлівыя акалічнасці; ён слухаў і адказваў не гледзячы на мяне; выгляд ён меў трохі фанабэрлівы; ён сказаў, час цяпер гэткі, што сапраўдная работа не цэніцца, але праца мая не прападзе, і гісторыя ды будучыня адновяць справядлівасць; (аднекуль ад кагосьці ў нейкім часе праімкнула думка, што работа, якую я зрабіў, увогуле, не павінна аплочвацца, бо зазвычай яна выконваецца на грамадскіх асновах).

№ 150. Масты. Паляўнічы пакой. Удзень 21 сакавіка 1999 году, папісаўшы крыху, лёг па абедзе паспаць пад хмурнае надвор’е і мокры снег і пабачыў даўгі і вельмі выразны сон, які аднак у хуткім часе, па абудзе пераўтварыўся ў некалькі ўрыўкавых вобразаатаесамленняў. Бачыў я ў сне У. Арлова і, магчыма, В. Аксак; гэтае маё бачанне сувязанае чымсь з вандроўкаю на поўнач; быў скалісты паўночны пяйзаж – Фіншчына, Нарвежчына, бераг Лёдаакіяну?; палёт над гэтым абсягам (магчыма, на вераталёце); здаецца, я збіраўся на даволі грунтоўную вандроўную вылазку кудысь у накірунку да полюсу; быў вобраз: тампература паветра сямідзесят градусаў ніжэй ад нуля; запомнілася, як У. Арлоў і я сустракаліся з нейкім паўночатамтэйшым змагаром за зберажэнне прыроды; мы былі ў музеі, які ён стварыў – абсяжнае памяшканне з вялізнымі пакоямі і высачэзнаю столлю; ён чамусьці апавядаў нам на расейскай мове. Памятаецца вобраз нейкага вялікага Дому культуры (вельмі падобнага да гэткага, як у Слоніме), познаночны час; я пагрукаў у дзверы, і ніхто мне не адказаў, і тады я ўвайшоў сам; насустрач мне выйшлі некалькі жанчын; яны спыталіся нешта, я нешта адказаў і спытаўся ў іх, яны нешта адказалі (магчыма, размова была пра нейкіх людзей, якіх я хацеў бачыць).

№152. Менск. Лагойскі тракт. З 6 на 7 красавіка 1999 году бачыў у сне Ё. Сталіна. Я знаходзіўся ў Маладэчні пры таатры, меўся быць спяктакаль па мае п’есе; я чакаў госці з Мастоў – мае аднакласнікі-аднакласніцы; здаецца, я іх дачакаўся. Потым я апынуўся ў памяшканні таатру; памятаецца М. Мацкевіч; у нейкім пакоі я размаўляў па таляфоне з гінералісімусам – гаварыў я па-беларуску, ён жа па-руску з грузінскім акцэнтам; я папрасіўся, каб той дапамог мне знайсці працу; і той запытаўся ў мяне наконт майго стаўлення да камунізму; я адказаў, што прынцыпы камунізму нядрэнныя, аднак я не згодны з метадамі ягонага дасягнення і ўсталявання; тады таварыш Сталін запытаўся, якія я ведаю прынцыпы камунізму, і я адказваў, але блытана; мне пачаў падказваць нейкі хлопец, што знаходзіўся са мною ў пакоі, і я скарыстаўся з ягонае ласкі, ажно хутка зразумеў, што падказы ягоныя не зусім дакладныя, і тады я зноўку пачаў тлумачыць прынцыпы камунізму са свайго розуму. Генералісімус паабяцаў дапамагчы мне з працаю, і на гэтым таляфонагавор наш завяршыўся. Аднак у хуткім часе ён працягнуўся, бо Ё. Сталін паведаміў, што бярэ мяне на працу ў Крэмль; сувязь была дрэнная, і я шмат чаго недачуваў з ягоных словаў; я паклаў слухаўку і сам набраў нумар генералісімуса; калі той падняў слухаўку, я папрасіў прабачэнне і растлумачыў, што нічога не чуў, таму і перарваў размову; той жа мне сказаў, каб я з’явіўся ў Крамлі аб адзінаццатай гадзіне дня; я сказаў, што ніколі не бываў у Крамлі і таму не ведаю, якім чынам і праз якія брамы патрапіць да генералісімуса; той жа мне не дужа тлумачыў, адно сказаў, што знаходзіцца на чацвертым паверсе; размова скончылася. Я глянуў на гадзіннік (што застаўся мне ад майго бацькі – “Гроднааблдарбуд. 50 год.”): было 12.00; “11.00 па старым часе,– падумаў я.– Паспею, хаця ўжо і спазніўся.” Мне падрадзіўся дапамагчы з’арыентавацца ў Крамлі нейкі хлопец (магчыма той, што быў разам со мною ў пакоі), ён жа заабяцаўся падкінуць мяне да Крамля машынаю (падеі як бы перанесліся ў Маскву, але ж разам з тым яны адбываліся ўадначассе і ў Маладэчні); разам з ім мы прайшлі паўз гурму наведнікаў спяктаклю, якія чакалі пачатку – сярод іх было нямала маех былых аднакурснікаў; ідучы да выйсця, я падумаў пра тое, што забыўся сказаць М. Мацкевічу пра бутэльку гарэлкі, якую пакінуў у ягоным кабінеце; але вяртацца ўжо не было часу, і я скіраваўся наперад.

№ 153. Масты. Паляўнічы пакой. З 8 на 9 красавіка 1999 году апынуўся ў сне ў літаратурным акаленні. Я знаходзіўся ў радакцыі (дзе яна мясцілася калісь наяве – Дом літаратара) часопіса “Першацвет”. Быў М. Віч і ягоная жонка Л. Шчэрба; яна сядзела пасярод пакою на зэдліку, а М. Віч стаяў над ёю і расчэсваў ейныя валасы – яны былі кароткія проці тых, што яна мае наяве; Л. Шчэрба праз нешта крыўдавала на М. Віча, а той яе ўлагоджваў; М. Віч прапанаваў Л. Шчэрбе пайсці на вуліцу прагуляцца, і яна дала згоду; М. Віч узяў яе на рукі і панёс; запомнілася, Л. Шчэрба была загорнутая ў коўдру. У хуткім часе яны зноўку з’явіліся і разам з Л. Дранько-Майсюком ды ягонаю жонкаю; як яны ўвайшлі ў памяшканне, дык спыніліся пасярод пры дзвярох; усе яны былі агорнутыя коўдрамі і, магчыма, без верхняе бялізны; паклаўшы адно адному рукі на плечы яны ўтварылі кола і гэтак стаялі абняўшыся; потым М. Віч пакінуў кола і раптоўна падышоў да мяне; ён стаў гаварыць да мяне блытана, дрыжлівым голасам, каб я пакінуў “Першацвет” (апрыёрна было вядома: ён -- радахтар часопіса, што адпавядае яўнае насмрэчнасці, і што я знаходжуся ў часопісе на чвэрцьстаўкі, што даўно ўжо яўнае насамрэчнасці не адпавядае; ён мяне прасіў гэтае зрабіць, і некалькі разоў прагучала слова прашу; ён стараўся растлумачыць прычыну, чаму ён хоча, каб я пайшоў, але гаварыў настолькі блытана, што прычыну я не даў рады зразумець). Я заабяцаўся напісаць заяву на звальненне і тут жа стаў шукаць аркуш паперы; аднак чыстых аркушоў не траплялася; мне пачала дапамагаць колешняя першацветаўская машыністка Л. Рамашына; здаецца, яна дала мне аркуш; я напісаў заяву; перад сваім сыходам я вырашыў прыхапіць-пазычыць крыху, які стосік, чыстае паперы (А4), з якою наяве ў мяне вечны недахоп, і пачаў шукаць, сказаўшы пры гэтым па-руску: “З паганай аўцы хоць шэрсці клок”; у шафе я знайшоў невялікі карычневы скрутак паперы – калі я яго разгарнуў, дык пабачыў перад сабою стос таўстых, што рагожкі, карычневых паперынаў са шматлікімі адмысловымі плюскаватымі “наростамі-лямцамі” на іх; паперыны-рагожкі я таксама вырашыў прыхапіць з сабою, залічыўшы іх у згаданы “клок”, і зноўку іх згарнуў; потым, калі знайшоў і ўзяў чыстае паперы, я падыйшоў да рагожкаў і ўбачыў, што скрутак набыў даволі вялікія памеры – ён нагадваў згорнуты дыван.

№ 154. Масты. Паляўнічы пакой. З нейкага чысла на нейкае 1999 году бачыў у сне сюжэт, як намеснік радахтара мастоўскае газеты “Зара над Нёманам” А. Сабасцян стукнуў токам Р. Барадуліна, які гасцяваў у Мастох; пры гэтым стук той быў зроблены ў адмысовы спосаб: А. Сабасцян аднаразавым шпрыцом ушміліў Р. Барадуліна ў руку, у вену, зманіўшы, што робіць нейкі дужа добры ўкол – насамрэч гэты “лекарскі” ўчынак і выклікаў моцны аляктрычны разрад, які дужа трасянуў Р. Барадуліна; памятаецца, Р. Барадулін крыўдаваў, а я абураўся з прычыны незразумелых паводзінаў А. Сабасцяна.

№ 155. Масты. Паляўнічы пакой. З 15 на 16 красавіка 1999 году бачыў цікавы сюжэт, як, знаходзячыся ў Доме творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач”, меў пільную патрэбу да тае творчасці, аднак урэчаісніць яе было цяжка, бо ў пакоі, дзе я атайбаваўся, жылі некалькі чалавек (акрамя мяне, магчыма, яшчэ два); М. Міхноўскі павёў мяне ў нейкае памяшканне – ягоны былы кабінет, паведаміў ён, які цяпер пуставаў; кабінет той мясціўся на першым паверсе, быў даволі абсяжны, аж задужа, абсталяваны старой мэбляю – старая канапа стаяла тарчма, былі стол вялікі, некалькі сталоў меншых, мяккія крэслы, – на шырокіх вокнах віселі жалюзі. У пакой увайшлі У. Някляеў і У. Мачульскі: пацікавіліся, як я размясціўся; я поркаўся каля мэблі і адказаў, што няблага; У. Мачульскі быў здзіўлены, што гэткае вялікае памяшканне пуставала; У. Някляеў таксама дзівіўся, ён сказаў, што я магу папрацаваць у ім, пакуль не знойдуць пакою якуюсь успатрэбу – пры гэтым ён паспадзяваўся, што ўспатрэбу тую адшукаюць праз якіх пару дзён (гэткі тэрмін мяне не дужа ўзрадваў, бо я мяркаваў пра большы час); потым яны пайшлі, і калі У. Някляеў быў ужо ў дзвярох, я прапанаваў замачыць маё наваселле (у мяне была ў прыпасах пляшка самагонкі); той лагодна ўспрыняў ідэю, але ад самае прапановы адмовіўся, бо, здаецца, спаслаўся на нейкія пільныя справы. Як яны пайшлі, я ўзяўся станавіць-парадчыць мэблю: я ладзіўся, раз-пораз соўгаючы мэблю, падстаўляючы да вялікага шырокага стала меншыя столікі; канчаткова я размясціў сталы наступным чынам: шырэзны стол я паставіў на сорак пяць градусаў да далёкага кута пакою і пры гэтым жа куце, па бакох паставіў меншыя, але даволі шырокія столікі, а спераду прысунуў да шырэзнага стала стол-даўгун для наведнікаў; на стол я паставіў свой кампутар; потым пайшоў аглядаць пакой; у ім было шмат закуткоў: у адным з закуткаў мясцілася прыбіральня, у другім, што быў па-за маім сталом і чымсь нагадваў “мясціны” “Вольнае сцэны” каля грымёркі, – мыйня; я падумаў, што ў гэтым пакоі можна не толькі працаваць, але і начаваць; падумалася, што шмат працы будзе ў мяне ісці на прыбіранне пакою алектраахайнікам – дужа абсяжны.

№ 158. Масты. Паляўнічы пакой. З 19 на 20 красавіка 1999 году бачыў у сне вобраз “ідэі”, якую тут жа ў сне падумаў, трэба будзе скарыстаць у працы; сэнс гэтае ідэі ў тым, што развіццё навукі на пэўным этапе ёсць выяўленне вобразу “духовы стан” чалавецтва – адсюль і “беспамылковасць” навуковых дасягненняў: яны найболей адпавядаюць свайму часу. Насамрэч гэты мой снавобраз настолькі глыбокі, што вычуваецца на яве, па абудзе бязмоўнахвалёўна, не тым прыкладным сэнсам, які прамоўлены вышэй, а невымоўным прадчуваннем.

№ 160. Масты. Паляўнічы пакой. З 29 на 30 красавіка 1999 году бачыў у сне вобразы А. Камоцкага (сувязаны вобраз з помнікам ягонае маці), Р. Барадуліна; апаняццявіць канкрэтна не магу. Магчыма, папярэдняе ночы я таксама снабачыў гэтыя вобразы, а магчыма “бачанне ў папярэдняй ночы” – таксама снавобраз, што прымроіўся мінуланоч.

№ 161. Масты. Паляўнічы пакой. З 14 на 15 траўня 1999 году бачыў у сне Г. Барбарыча; той падвёз мяне і яшчэ кагосьці да патрэбнага нам месца (магчыма, маё жытло); вёз ён нас на машыне вельмі падобнай да “газона” – школьнага аўтобусу; гэта быў дызель; я падзівіўся, што Г. Барбарыч купіў сабе аўто; мы запрашалі яго ў госці, але ён адмовіўся, бо кудысь спяшаўся, і з тарахценнем дызелька паехаў; краявіды ў сне – падобныя да Менскіх (перакрыжаванне Я. Коласа, Валгаградскай і Лагойскага тракту), але пры апаняццяўленні ёсць аддаленае адчуванне, што падзеі адбываюцца дзесь у далёкім замежжы.

№ 163. Масты. Паляўнічы пакой. З 20 на 21 траўня 1999 году бачыў у сне Р. Лапушына. Спачатку я апынуўся ў харчовае краме – магчыма, гэтае было ў Мастох; там за галоўнага быў нейкі жыд – пацешны дзядзька сталага веку, ён гаварыў на поўным сур’ёзе і разам з нейкім наівам штось цяпер мне няўпомнае і выклікаў нейкую падспудную сімпатыю; звалі яго Аляксандар Якаўлевіч; па-сутнасці ён мяне ўгаварыў купіць у гэтае краме сухое віно, і я купіў; усяго часу было адчуванне, што я зашмат заплаціў (дакладна лічбу не прыпомню, але за дзвесце тысячаў рублёў, магчыма, пад трыста тысячаў); віно (жоўтае, каламутнае, магчыма, яблычнае) я нёс дахаты ў палітэленавае плёнцы – краі я загнуў і яно пялёхалася ў гэткае імправізаванае “торбе”; калі ж я яго прынёс, дык высветлілася, што, акрамя віна, у торбе ёсць некалькі боханаў круглага хлеба, гэткага, што прывозяць да Мастоў з Гародні, набор нейкіх пластмасавых рэчаў, падобных на бялізнавыя прычэпкі і яшчэ штось (потым, у часе нейкага ўрыўкавага вобразу, маці збіраецца ў краму па хлеб і малако, а я ёй паведамляю, што гэтае я ўжо купіў, – высветлілася, што ў торбе да таго ж былі дзве бутэлькі малака) – дык падсумаваўшы, я падумаў, што й нядужа прагадаў, купіўшы тое віно за тыя грошы. Потым віно апынулася ў палітэленавае пляшцы, а падзеі перанесліся, верагодна, у Менск, у маю кватэру на Лагойцы; была гадавіна па былому цесцю, прыходзілі нейкія людзі; потым прыйшоў Р. Лапушын, мы ўзрадваліся сустрэчы і абняліся ды пацалаваліся на прывітанне; здаецца, я прапанаваў выпіць таго жоўтавіна, а ён адмовіўся; я спытаўся, як ён апынуўся тут – бо наяве ён жыве ў Амерыцы, – і ён адказаў, што ён пакуль не з’ехаў у Амерыку; потым ён мне паказаў свае кніжкі – іх было шмат, таўстыя і тонкія, большасць кніжак – зашараваныя, закамечаныя, як бы старыя; былі і часопісы з ягонымі публікацыямі. Потым зноўку з’явіўся вобраз Аляксандра Якаўлевіча: я купляў у ягонае краме круглы гарадзенскі хлеб (гэтым разам, мне здаецца, крама была ў Менску) – хацеў узяць тры боханы; ён назваў цану за іх – больш як дзевяноста тысячаў (мне падаецца, што – дзевяноста восем тысячаў); падумалася, што гэта шматавата, але і разам з тым няшмат – я аддаў яму грошы і пайшоў да хлебных паліцаў; круглага хлебу амаль не было, і я шукаў-выбіраў яго сярод іншага – забраў апошнія тры боханы; памятаю, я еў гэты хлеб: ён быў вельмі мяккі, духмяны і дужа смачны.

№ 164. Масты. Паляўнічы пакой. З 22 на 23 траўня 1999 году бачыў у сне: Я апынуўся ў Маладэчні ў таатры; прыехаў я з Менску не сваім “гольфікам”, а аляктрычкаю; глядзелі “Сэкс па перапісцы”; мне падалося, што ранейшая, першапачатковая канцоўка – выхад артыстаў на сцэну – лепшая, чымся ў другім варыянце; пра гэтае я хацеў сказаць М. Мацкевічу; пасля спяктаклю я пайшоў да артыстаў; за кулісы рушыла шмат людзей – прыхільнікі, яны мяне абганялі; за кулісамі было шматлюдна, артыстаў віншавалі; я таксама дзякаваў ім: добра памятаю А. Ларыёнаву, І. Камышаву, А. Рахмангулаву, А. Пашкевіча; М. Мацкевіч сядзеў за кулісамі на канапе з нейкім чалавекам, яны размаўлялі; я сказаў М. Мацкевічу, што нядрэнна было б замачыць спяктакаль, ён адказаў, што кудысь спяшаецца.

Прысніўся мне нейкі мой сваяк – на яве я такога не ведаю; ён быў маленькага росту, худы, з кароткаю прычоскаю; ехалі мы (мне трэба было заехаць кудысь) з ім па Менску маем “гольфікам”, ён паказваў мне шлях; мы апынуліся перад перакрытаю вуліцаю – яна рамантавалася; паехалі аб’ездам; па дарозе мы спыніліся, выйшлі, прайшліся, каб папытацца ў кагось аб’яздны шлях, папыталіся, вярнуліся да машыны, – ён ішоў дужа шпарка, я ледзь паспяваў за ім (пры гэтым, для мяне было зразумелае, як аб’ехаць, ажно на роспытах настойваў ён); мы прыехалі да месца (здаецца, быў вобраз мае цёткі Раі); мы апынуліся ў кватэры на высокім паверсе; гэты мой сваяк паказаў мне свае апавяданні – яны былі ніштаватыя, напісаныя па-руску; я яму сказаў, каб ён пісаў па-беларуску; ён мне паказаў “афішу” – вялізны аркуш паперы, памерамі з таатральную афішу, на якім была раклама ягоных твораў, каляровыя фатаздымкі аўтара; мне падумалася, што трэба гэткім жа чынам зладзіць прапаганду маех твораў.

№ 165. Масты. Паляўнічы пакой. З 23 на 24 траўня 1999 году ў сне быў на “Вольнае сцэне”, глядзеў гульню артыстаў (здаецца, на сцэне былі два мужчыны); упраўдзіць кагось не магу.

№ 166. Масты. Паляўнічы пакой. З 24 на 25 траўня 1999 году бачыў у сне звяржэнне А. Лукашэнкі; усіх навокал здзіўляла хуткасць ягонага сыходу; было адчуванне нейкае душэўнае лёгкасці; А. Лукашэнка некуды ўцёк; я знаходзіўся ў гэтым часе ў Менску, у нейкае кватэры на высокім паверсе; ...прысутнасць няўпомнае жанчыны; я набраў нумар таляфона А. Лукашэнкі, і пачуў ягоны голас; гаварыў ён прыблізна наступнае: еслі ў вас есць што-нібудзь саабшчыць для міня, то гаварыце, а інача палажыце трубку; падумалася, што голас ідзе з аўтаадказчыка; я паклаў трубку.

№ 167. Масты. Паляўнічы пакой. З 25 на 26 траўня 1999 году бачыў у сне нейкія “філасоўскія” вобразы: запраграмаванасць свету на самазнішчэнне; падумалася па абудзе, што трэба гэтыя вобразы скарыстаць; памятаю, ліставаўся з нейкім кітайцам.

№ 168. Кватэра на лагойцы.З 30 на 31 траўня 1999 году бачыў у сне, як у кампаніі таатральшчыкаў кірую на нейкі таатральны фестываль, што адбываецца дзесь у глыбокае правінцыі – у нейкім далёкім горадзе металургаў; мы выйшлі з цягніка і пешшу кіруем паўз балаціну па нейкае чорнаглебнае (тарфянае) сцяжыне, якая спрэс у лужынах, таму даводзіцца скокаць па сцяжыне, мінаючы мокрыя месцы; потым мы шыбуем па індустрыяльнае вуліцы гораду, па краёх вуліцы высозныя цыліндрычныя гмахі чырвона-карычневага колеру, у якіх варыцца жалеза; у адным з цыліндраў гэты вар клёхнуў – запомніліся яскравы выбух расплаўленага жалеза наверсе цыліндра, воплеск вогненае вадкасці, які ападае прама наперадзе нашага шляху каля нейкага чалавека (ці некалькіх чалавек?), які па-звычцы не дужа ўважае на воплеск лавы; мы ж у неспакоі стараемся як хутчэй прамінуць гэтае месца, хоць нешта нам падказвае, што воплескі бяспечныя, і, увогуле, яны – з’ява тут абыклая; існуе пачуццё трывогі. Потым мы знаходзімся ў памяшканні таатру, які насамрэч месціцца ў іншым памяшканні, а часова – тут, у актавае зале металургічнага заводу; адбываецца нейкая размова. Потым памятаю гульню па мае п’есе (нейкія падспудныя атаесамленні падказваюць, што гэта “Сэкс па перапісцы”, але сюжэт твору іншы, невядомы мне – там ёсць роля нявесты); памятаю, ролю нявесты выконвалі дзве артысткі (ці ва ўсялякім разе, прысутнічала адная з тых артысткаў, хто выконваў гэтую ролю раней) – такім чынам, як бы існавала дзве пастановачныя версіі мае п’есы; памятаецца, адная з артысткаў, што грае ў спяктаклю па мае п’есе (яна з таатру, у гасцёх якога мы знаходзімся) перапранаецца прама ў зале ў белую падвянечную сукенку, пры гэтым яна распранаецца нагола, а я заўважаю, што яна даволі вабна выглядае ў гэткім стане; у мяне ёсць магчымасць параўнаць дзве пастаноўчыя версіі, і я схіляюся да першага, ранейшага варыянту, які ідзе ў іншым таатры і да гульні іншае, першае артысткі; потым адбываецца размова з ражасцёрам таатру, у якім мы знаходзімся, ён пытае ў мяне якуюсь маю п’есу для пастаноўкі і паведамляе мне, што таатар у хуткім часе маецца перабірацца ў іншае памяшканне і ў іншы горад; выгляд ражасцёра: невысокі, хударлявы, чарнявы (валасы на галаве, вочы), чыста паголены. Памятаецца вобраз І. Чэркаса; магчыма, быў вобраз М. Мацкевіча.

Нейкія далёкія атаесамленні сувязаныя з маім выбарам у сне між здачаю і няздачаю свае крыві дзеля нейкіх мядычных прычынаў (хутчэй за ўсё, ратавання людзей) (наяве наранку, па абудзе, пачуўшы па радыё жалобную музыку, паталефанаваў Г. Барбарычу, каб запытацца, што здарылася: гэтак даведаўся пра задушэнне людзей на Нямізе).

№ 171. Масты. Абначаваўся ў садзе ў наметцы. З 13 на 14 чэрвеня 1999 году бачыў у сне шмат вобразаў; запомніўся вобраз С. Астраўцова. Я завітаўся да яго – жыў ён чамусь у Менску, кватэра мясцілася пры Цантральным аўтобусным вакзале; мы пра штось размаўлялі, была ягоная жонка; здаецца, пілі гарбату; запомнілася, што С. Астраўцоў ляжаў дзесь “зверху”, як бы “на халадзільніку і печы”; калі ён падняўся і пайшоў па кватэры, дык ішоў неяк нязграбна, кульгаючы; ён быў апрануты ў белую кашулю і ў гаматныя чорныя нагавіцы; я запытаўся, чаго ён кульгае, а С. Астраўцоў адказаў, што ўсё нармальна; потым мы з С. Астраўцовым выйшлі на вуліцу, і пайшлі ў напрамку да трамвайных калявіцаў; пераходзячы праз дарогу каля кутняе крамы, што насупраць аўтавакзалу, я запытаўся, што ён зараз робіць?; С. Астраўцоў адказаў, што кінуў журналістыку; я запытаўся, дзе ён зараз робіць?; С. Астраўцоў адказаў, што ў нейкае арганізацыі (завод?); я запытаўся – кім?; ён адказаў: поварам у сталоўцы; затым растлумачыў, што ў часопісе “Вясёлка” – адкуль ён сышоў з журналістыкі – ён не спрацаваўся з радахтарам (радахтаркаю?), і пасля сыходу аніяк не мог знайсці добрае журналісцкае працы, таму і падаўся на повара.

№ 172. Масты. Абначаваўся ў садзе ў наметцы. З 14 на 15 чэрвеня 1999 году бачыў блытанае снасюжэцце, у якім сёе-тое блытанавыясняю. Я апынуўся ў нейкім Менскім таатры, дзе на сцэне адбывалася нейкая рабочая пастаноўка мае п’есы, якая была пастаўленая ўжо (мо’ якаясь прагонка, ці што?); артысты гралі на сцэне; у зале было трохі людзей; я ўвайшоў у залю і адразу падаўся паўз праход на далейшыя месцы, ажно там было шматавата людзей, хаця і вольных месцаў хапала; я вырашыў пайсці паўз залу перад сцэнаю, на якой гралі артысты, і далей процілеглым мне праходам на якіясь рады; гэтак я і зрабіў; здаецца, быў вобраз Т. Арловай – з ёю мы гутарылі тут жа, у зале; памятаю вобраз І. Чэркаса; потым я пайшоў да сябе ў пакой – то быў інтарнатаўскі пакой, дужа абсяжны, як мне падаецца, не меншы за трыццаць квадратных метраў, калі ж не ўсе пяцьдзесят (двухпакаёўка ў адным пакоі), мясціўся ён у той жа будыніне, дзе і таатар, прыязджаў я ў яго часова і раз-пораз, наскокамі; памятаю, у пакоі, апрача неабходнае мэблі, стаялі два металёвыя ложкі чорнага колеру, якія былі як бы “лішнія” – напэўна я меркаваў іх кудысь выставіць, каб выслабаніць памяшканне, абсталяваўшы яго ў сучасны модны спосаб. Памятаю вобразы І. Камышавай і А. Рахмангулавай; мы спаткаліся ў маем інтарнаце – высветлілася, што яны таксама жывуць у ім. Дзесьці зусім побач са мною; здаецца, я жыў на пятым паверсе, а яны дзесь пада мною.

№ 173. Масты. Наметка ў садзе. З 15 на 16 чэрвеня 1999 году. Прыснілася, што будаваў дом; рабіў нейкія каналізацыйныя справы: ці то меліярацыйныя, ці то займаўся ўладжаннем адводу бытовых адтокаў. Я запытаўся Р. Лапушына – ён будаваўся побач, – як ён накрыў каналізацыйны калодзеж, і той адказаў, што знарок набыў адпаведны жалезабятонны латок (пры гэтым, памятаю, я ўвачавідкі бачыў гэты латок). Каля свайго дому – памятаю вялізную бятонную сцяну (па-за ёю былі раздзеленыя капітальнымі сценамі памяшканні – гэта і былі “дамы”, якія мы будавалі) з аднога боку і высокі цагляны плот (магчыма з адшалупленаю пабелкаю) з другога боку; абсяг між муроў быў вузкі і неўладкаваны; з кімсьці, каго я не з’ясню, мы капалі каналізацыйную яму – задача была прабіць шнэкам пласмо гліны, дабрацца да жвіру і ўставіць у свідравіну асбеставую трубу: я меркаваў дранаваць участак, каб панізіць на ім узровень вады; высветлілася, што жвір залягае вельмі блізка ад паверхні, тым не менш я сказаў, што трэба патачыцца яшчэ, бо, магчыма, гэта проста тонкая пераслойка; мы пакруцілі шнэк яшчэ, і я пайшоў па невялікі кавалак асбестацаменкавае трубы-соткі; я ўзяў яе і паставіў у свідравіну, але высветлілася, што яна закароткая; тады я пайшоў па іншую трубу; я ўзяў, здаецца вузейшага дыяметру як сотка, і калі прыйшоў да свідравіны, дык убачыў што яна ператварылася ў даволі абсяжную яміну; я паставіў трубу на трубу, і верхняя асбестацаменціна пахіснулася і павалілася ў дно ямы; я пайшоў па іншую трубу; былі вобразы кавалкаў пластыкавых трубаў, магчыма, і металічных. Памятаю, я прыйшоў зірнуць, як зробленая каналізацыя ў Р. Лапушына: “жалезабятонны” латок насамрэч выглядаў ці то няновым жалезным кодабам, ці то няноваю жалезнаю бодняю, укапанаю ў зямлю; ад гэтага “латка” адыходзілі нейкія трубы.

№ 174. Масты. Абначаваўся ў наметцы ў садзе. З 16 на 17 чэрвеня 1999 году ў сне апынуўся ў Менску; спачатку я знаходзіўся дзесь сярод вялікае колькасці людзей, адкуль скіраваўся да царквы; яна была, магчыма, вуніяцкая, а магчыма, поўнакаталіцкая – дакладна, беларускамоўная; мясцілася яна дзесь у цэнтры Менску, непадалёк, як мне падаецца, ад праспекту Францішка Скарыны; каля ўваходу ў яе стаялі людзі – беларускамоўная інталягенцыя. Я падышоў да прадавалы свечкаў (мужчына? жанчына? – не памятаю); узорныя свечкі ляжалі на стале, магчыма, у скураное гамэтцы з нашытымі паскамі-кішэнямі, накшталт гэткае, як бываюць гамэткі з наборамі іструмантаў для алектрыкаў; ля кожнае ўзорнае свечкі была напісаная цана; запомнілася, што ля адной тонкае свечкі была цана “1 000 рублёў”, дык я яе і папрасіў, але пачуў адказ, што гэткіх свечкаў ужо няма; тады я папрасіў што таннейшае, і мне далі свечку за “150 000” – была яна невысокая, таўшчынёю з палец, востраверхая, з жалезным стараватаметалёвага колеру падсвечнікам; я вырашыў яе не браць з прычыны ейнае дарагоўлі. Я ўвайшоў у царкву і здзівіўся нейкае ейнае “нязвыкласці”: людзі сядзелі ў ёй на лавах, як гэта зазвычаена ў каталіцкіх ды ў якіхсь пратэстанскіх малітоўнях, абразоў было малавата (калі ж, можа, і зусім не было), фарба на сценах зашаравалася і быў нейкі адчутак несамавітасці. Я падышоў да алтара і пераксціўся ў праваслаўны спосаб; нейкі святар, што сядзеў праваруч ад мяне, пачаў са мною размову, і я паведаміў яму, што праваслаўны (кім і з’яўляюся наяве); пры гэтым я яму сказаў, што нясупраць пахрысціцца ў каталіцкі спосаб, але пры гэтым каб не страціць свае праваслаўнасці; ён адказаў, што гэтае магчыма з пункту гледжання каталіцызму, але як на тое паглядзяць праваслаўныя светары, невядома; я ж сказаў, што не паведамлю ім пра сваё другое хрышчэнне, дык яны ніяк і не будуць глядзець; ён сказаў: маўляў, на споведзі ўсё адное давядзецца прызнавацца; я ж адказаў, што і на споведзі я пра тое памаўчу, бо не ўважаю гэтае за грэх, і таму няма ў чым каяцца. Памятаецца, у храме былі С. Абламейка, які штось гаварыў з алтара ў мікрафон, сп. Беленькі (у чорным) і нейкія таўстыя светары ў чорным. Потым адбылася служба; служыў нейкі святар у чорным (магчыма, той, што са мною размаўляў), ён быў дужа вялікі, ненатуральнавысознага памеру; пры гэтым служыў ён не з алтара, а з правага боку ад алтара, калі стаяць да яго тварам; я заняў месца гэткае, што апынуўся спінаю да ўсіх вернікаў, і таму не мог падгледзець, што трэба мне рабіць, каб патрапляць патрабаванням рытуалу; ён мне падказваў раз-пораз; потым ён сказаў, каб давалі грошы, і нехта яму перадаў грошы, і даволі немалую колькасць (як мне падаецца пры аднаўленні, два з паловаю міллёны, і нейкая няўцямная асацыятыўнасць разам з гэтым, кажа мне на лічбу "250 000”); я ж дастаў дзве чырвоныя паперкі па пяцьсот тысячаў рублёў (тая ж няўрозумная асацыятыўнасць кажа мне, што вартасць тых паперкаў – “50 000”) і даў светару; помню, я стаяў на каленах, ён падаў мне руку, і я яе пацалаваў; бацюшка ж растлумачыў мне, што я зрабіў гэтак, як зазвычаена ў праваслаўных, а тут трэба, калі даюць руку, казаць па-польску “Чэсць!”; тады я падняў правую руку вышэй галавы, як гэтае, бывае, робяць пры вітанні і сказаў: “Чэсць!” Яшчэ запомнілася думка, якая адбылася ці то ў сне, ці то пасля абуды, ці то ў “сне праз абуду”, што, пахрысціўшыся ў каталіцтва, мне давядзецца нейкім чынам спасобіцца трымацца абодвух календароў: пачынаць раней за праваслаўных посціць і разгаўляцца пазней за каталікоў; думка мяне аніяк не засмуціла, і я помню сваю гатоўнасць існавацца гэткім чынам.

№ 175. Масты. Наметка ў садзе. З 26 на 27 чэрвеня 1999 году бачыў вобразы сувязаныя з пастаноўкаю мае п’есы (назва была, здаецца, даўгая, у некалькі словаў і яе, дый самую п’есу, дый самую пастаноўку я з’ясніць не магу.)

Удзень 27 чэрвеня, прыехаўшы з ягадаў, папалуднаваў і дзесьці аб 16. 00 лёг драмануць. Пабачыў у сне пастаноўку спяктаклю па мае п’есе; ставіў М. Мацкевіч; памятаю А. Пашкевіча і А. Рахмангулаву, якія на сцэне (памяшканне падобнае да мастоўскага кінатаатру “Сучаснік”) гралі сцэну “полавага акту” (з чаго я высноўваю, што гэта быў “Сэкс па перапісцы”, хаця маю нейкія асацыяцыі з іншым, невядомым мне спяктаклем); памятаю, артысты выяўлялі акт нейкімі сімвалічнымі дзеяннямі, якія подобіліся да танцу і казалі неверагодныя рухавыя фігуры, што прыводзіла ўсіх у захапленне. Потым я і М. Мацкевіч выйшлі з залі (цераз кінатэатравы “Выхад”) і падаліся да гатэлю, які мясціўся ў сённяшнім будынку заводапраўлення АТ “Мастоўдрэў”.

№ 176. Менск.Кватэра на Лагойцы. З 6 на 7 ліпеня 1999 году (Купальская ноч). Бачыў у сне Л. Юрэвіча на каляровых здымках; здымкаў было некалькі -- анфас і профіль; быў ён апрануты ў белую кашулю, валасы меў чорныя,курчавыя, зачасаныя гэтак, што лоб быў адкрыты; пастава – тонкая, хударлявая.

№ 177. Заслаўе. Вялікі пакой на мансардзе. З 7 на 8 ліпеня 1999 году бачыў у сне К. Камоцкую і А. Камоцкага; К. Камоцкая спявала на сцэне нейкае залі, трымаючы ў руцэ мікрафон; апранутая яна была ў купальнік; спяваючы, яна зрабіла сальта цераз спіну (магчыма, у зале гэтае выклікала апладысменты і гул). Потым я размаўляў з А. Камоцкім; я сказаў, што не люблю рок (гэтая мая заўвага, магчыма, нейкім чынам тычылася выступлення К. Камоцкай); А. Камоцкі нешта мне адказваў, але што -- зараз я не аднаўлю.

№ 182. Заслаўе. Апачывальня на мансардзе. З 20 на 21 ліпеня 1999 году пабачыў у сне А. Аркуша. Ён прыслаў мне ліст, а я яму пісаў адказ (здаецца, напісаў “палову” ліста, а астатняе меўся дапісываць “потым” – наступным днём, наступным часам, пасля нейкага “невялікага перапынку”?). Я знаходзіўся ў вёсцы маех дзеда і бабы, у Мокравічах Бялыніцкага раёну Магілеўскае вобласці (магчыма, у хаце дзеда і бабы – наяве хату тую даўно продалі, і яна разабраная і кудысь перавязёная); неўзабаве ў памяшканні з’явіўся А. Аркуш; ён мне расказаў гісторыю пра А. Мінкіна (наяве той у Расеі трапіў у зубы да бандытаў); я адказаў, што чуў тую гісторыю ад У. Арлова; я заўважыў, што Расея – вельмі крымінальная краіна і ў ёй жыве шмат крымінальных людзей; пры гэтым я сказаў, што і сярод беларусаў нямала сустракаецца падонкаў, ажно з Расеяю – няма ніякага параўнання; потым я згадаў некалькіх знаёмых мне людзей, якіх (і гэтае было наяве) забілі ў Расеі; здаецца, быў вобраз: мы ідзем разам з А. Аркушом па мокраўскай вуліцы.