вялесаванне
Літаратурная прэмія Таварыства Вольных Літаратараў “Гліняны Вялес-1997” была ўручаная Лявону Вашку за кніжку апавяданняў “Паэты-цары (Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў)” ў сакавіку 1998 году ў Полацку пры Барысавым камні каардынатарам ТВЛ Алесем Аркушом. “Гліняны Вялес” прысуджаецца штогод у галіне літаратуры за лепшую мастацкую кніжку. Лявон Вашко – першы з празаікаў, каго ўчцілі гэтай ганаровай узнагародаю.
звестка ад Біла Клінтана
прыйшла ў горад Масты ў творчую майстэрню Лявона Вашка. Празідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі дзякуе за зычлівы падарунак беларускага пісьменніка – кніжкі Лявона Вашка з аўтографам аўтара – і абяцае ўважліва разгледзець пытанне пра судзеенне беларускай духатворчасці. Звестка з далёкага кантыненту – адказ на прапанову Лявона Вашка дапамагчы беларускай культуры аб пары цяжкіх выпрабаванняў.
палёт какадука
Двухактовая камедыя Лявона Вашка “Палёт какадука” была прачытаная акторамі “Вольнае сцэны” ў Менску на творчым семінары, які раз-пораз ладзіцца ў таатры-лабараторыі. “Палёт какадука” – адная з пяці версіяў п’есы “Сэкс па перапісцы”, напісанай аўтарам у 1998 годзе. Аснову сюжэту складаюць пошукі саракагадовым навукоўцам-халасцяком невялікіх палюбоўных забаваў і вялікага кахання; сюжэт п’есы дынамічны, захапляльны, напоўнены ад пачатку да канца напружанымі камічнымі сітуацыямі. Як і празаічныя творы Лявона Вашка, камедыя “Палёт какадука” – гэта філасофія душы: шчырая духадзея, невымерная ейная сіла абуджаюць супраціў-абсурд навакольнае рэчаіснасці, якая процістаіць духовым памкненням.
у новы год – з новай п’есаю
“Эпас, лірыка і драма як жыццё цёплага чалавека” – так называецца новая трохактавая п’еса Лявона Вашка. Яна напісаная ў канцы 1998 і на пачатку 1999 гадоў. У ёй гучыць тэма духовага процістаяння творчага чалавека спусташальнай сіле вандалізму; духатворчыя памкненні мастака-жывапісца сутыкаюцца са светам аб’яктыўных механічных законаў, жыццё – з імітацыяй сакральнага існавання. П’еса мае цікавае кампазіцыйнае вырашэнне і захапляльны драматычны сюжэт. Яна ўздымае праблемы, якія ўласцівыя сучаснаму свету і асабліва Беларусі – праблемы духовага жыватварэння ва ўмовах знішчэння духовасці, надання ёй пустых імітацыйных формаў.
падтрымка БНФ і ТБМ
Грашовая прэмія за лепшую літаратурную публікацыю, якую прысудзіў Дзяржкамдрук Лявону Вашку, была скіраваная аўтарам на падтрымку Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны. Жаданне дапамагчы грашыма беларускім змагарам пісьменнік выказаў у часе ўручэння прэміі, якое адбылося на пачатку сакавіка 1999 году ў доме творчасці Саюзу беларускіх пісьменнікаў “Іслач”. Людзі, якія ў шэрагах БНФ і ТБМ змагаюцца сёння супраць спусташэння беларускае духоўнасці, ад’значыў Лявон Вашко ў сваім кароткім выступленні, – святыя, яны бо не адступіліся ад беларушчыны ў цяжкія для бацькаўшчыны хвіліны, таму хацелася б хоць такім чынам, грашыма, падзякаваць беларускім патрыётам за іхнюю стойкасць і мужнасць.
прам’ера “Сэксу па перапісцы”
прайшла з авацыямі 27 сакавіка 1999 году ў Менскім абласным драматычным таатры, што месціцца ў Маладэчні. Усцэніў яе ражасцёр Мікалай Мацкевіч, галоўныя ролі выканалі Ірына Камышава, Амілія Ларыёнава, Алена Рахмангулава, Алесь Пашкевіч; мастак-пастаноўшчык – Яўген Волкаў, кампазітар – Алег Залётнеў. Усцэненая версія “Сэксу” – гэта камедыя жарсці і драма пачуцця, яна арганічна спалучае ў сабе гратэскавую камедыю, шчымлівую меладраму і класічную трагедыю. Асноўную ідэю твора можна сфармуляваць наступным чынам: трэба вітаць жыццё ва ўсіх яго праявах і ненавідзець смерць. П’еса выклікала неверагодны поспех у маладэчняцкіх гледачоў. Сярод слынных беларусаў на прам’еры прысутнічалі Ўладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Марыя Захарэвіч, Алесь Камоцкі, Іван Чэркас, іншыя дзеячы нацыянальнае культуры.
тайналічбы
У траўні 1999 году нарэшце завершанае апавяданне “7-45”, праца над якім працягвалася некалькі гадоў. “7-45” – гэта сакральныя лічбы, выяўленыя праз мастацкае маўленне; гэта Кабала аўтара, праз якую ён выварожвае свет свайго маленства.
беларуская хірургія пры канцы ХХ стагоддзя
Новая п’еса Лявона Вашка “Ампутацыя міндалінаў”, завершаная аўтарам пры канцы траўня 1999 году, апавядае пра серыю ўнікальных хірургічных апярацыяў па перасадцы полавага чэлясу, праведзеных беларускімі лекарамі. Гэтая дзвюдзея-перасмеўка з захапляльным сюжэтам і жудаснасмешнымі сцэнамі ёсць сатыра на беларускі дзяржаўны заатахнізм, скіраваны супраць чалавека, ягонае душы, на спробы “сучасных” (тагачасных) афіцыйных чольнікаў правесці палітыку глабальнага аскацінення беларускіх грамадзянаў.
авацыі ў Мастох
Пры канцы чэрвеня 1999 году з поспехам прайшлі ў Мастох, дзе месціцца творчая майстэрня Лявона Вашка, гастролі Менскага абласнога драматычнага таатру. Таатральшчыкі прывезлі ў родны горад пісьменніка спяктакаль “Сэкс па перапісцы” па аднайменнай п’есе аўтара. Выдатная гульня артыстаў была сустрэтая авацыямі гледачоў у канцэртнае зале раённага Дому культуры. З беларускіх дзеячоў на спяктаклі прысутнічаў Алесь Белакоз. Завяршыліся гастролі бясёдаю за сяброўскім сталом у банкетнае залі ў дубох на Нёмне.