Гістарызацыя свядомасці

Навуковая публіцыстыка

Вашко Лявон


Мой народ — гэта я...

Толькi небадумнасць дае чалавеку жаданае, схаванае ў падспудных неспатольных памкненнях да самаасобнiцтва адчуванне пустоты; якраз у пустэльнi, пасля ўцёкаў з супольнабыту, прагна i прасякальна адчуваеш сябе: усё агульнае, неабдымнае, узаемазлучанае робiцца далёкаю часткаю душы. У пустэльнi ёсць усяго тры рэчаiсныя iстапраўднасцi: 1) ты-сам, 2) бязмежная свабода вакол цябе i ўнутры цябе i 3) неадоймнасць небаверху – тваех высокiх, сусветапранiзлiвых вобразасподумаў.

Пустэльня адкрывае табе цябе самога, i гэтае шчыраадкрыццё перавяртае дагары дрыкам нядаўнi, учорашнi, агульначужынскi свет, у якiм ты iснаваўся. Высвятляецца, што шмат якiя твае здольнасцi, умельствы, дадатнасцi – або смешнасць-непатрэбшчына, або твая загана. I наадварот, твае ўчорашнiя хiбкi, твая ўчорашняя нехлемяжасць – можа гэтак стацца, самыя найвялiкшыя якасцi-каштоўнасцi. У пустэльнi ты iншы ўжо, не чужы сабе, у ёй ты – сам.Гэта твая ўнутраная свабода выйшла па-за межы свайго астрогу.Акурат таму пустэльня дорыць табе i свабоду наўкольную. Нельга бясконца падымаць угору шматпавярховiк, прыладжваючыся да ягоных памераў, да абавязковага апiрышча-падмурку – калi-небудзь дом пахiснецца i павалiцца. Трэба iсцi на вольныя абсягi, як далей ад мёртвага агульнапрыгону, ад цяжлiвага самарабства; на некранутыя адлогi, на неўзараны шчырэц. Толькi там можа быць дойлiдства Духу, свабода працы.

У пустэльнi як найвыяўнее адчуваеш сваю паднебнасць i сваю споўненасць небам: неба над табою – гэта неба ўнутры цябе, i небадумнiцтва выяўляе ў табе светапрадонне. Сярод пустэчлiвых мрояў ты разумееш несканечнасць, змястоўнасць, усёахопнасць душы, i гэтае адкрыццё дазваляе натхнёна, з таемным жахам i з агнявай асалодаю шаптаць шчырасць-спамысленне богаўладна, сусветаства-ральна. Цяпер у тваiм я – псiхiчным свеце – усё, што ты з сябе выспамыслiваеш: зоры, свет, мастацтва, твой народ, мiллёны жыццяў, моваў, рытмаў...; усё гэтае, i яшчэ больш бясконцае за гэтае, – маленькая часцiнка цябе, пясчына ў тваiх глыбiнях.

Шлях жывiны – то шлях праз пустэльню ў пустэльню, шлях вычування ў сабе свае сусветнае бясконцасцi. Акурат на гэтую пуцiну ўзбiлiся першыя беларускiя духадойлiды-мастакi на пачатку ХХ стагоддзя i акурат гэтым дарожы-шчам самiх сябе крочыць сённяшняя беларуская духатворчасць. Новы час памалу выяўляе нашыя колiшнiя заганы як цяперашнюю дадатнасць, а сённяшнюю слабiну як сiламоц заўтрашняга дня; беларуская недагiсторыя-рэчаiснасць, на-прыклад, кажа на магутны сакральны выбух мастацтва, сучаснае недалужнае беларускае быццё выяўляе сiлу духаспамыслення творчае асобы. Пра гэтае – гаворка ў нашай кнiжцы; ужо даўно прыспеў час хаця трохi пагаварыць пра беларускае дойлiдства.

Будуецца беларускi Храм Духу бо.

Паўсюдна вакола нас нярушаны цалiк Сусвету; ён станецца намi, ён нецярплiва чакае гэтае хвiлi, а мы яе нецярплiва прагнем i самавытвараем.

Нам трэба ўзараць у нашых душах, i, значыць, паўсюдна, спрэс i скрозь, бясконцы i вечны шчырэц творчасцi. Дык мы яго ўзараем.