Маленькі сшытак Лявона Вашка

Выпуск другі

Вашко Лявон


Твораспакметы

Аб часе, калі другі выпуск “Маленькага сшытку” быў ужо змакетаваны і падрыхтаваны да друку, у творчую майстэрню Лявона Вашка прыйшлі наступныя выданні.

Кантакты і дыялогі. №7-8/2000. Інфармацыйна-аналітычная і культуралагічная білятэнь. Менск.

СТАСВЕТАВЕЧНАСЦЬ

Стасветы і вечнасць – беларускія абсягі. З рознакраёў і розначасоў зьявіліся на старонкі “Кантактаў і дыялогаў” беларусы, каб выдыхнуць паўсюднаБеларусь; рознакраі і розначасы ператвараюцца ў жывыя стасветы тады, калі яны вечняцца творчымі душамі.

Міхась Грыбаў. Былое ў сучасным.Апавяданні. Аб’яднанне “Ратуша”. Гародня, 1999

ЧАСАСПОВЕДЗЬ

Сучаснасць Міхася Грыбава глыбокапрасякнутая жывой мінуўшчынаю: ягоныя апавяданні – жыццепадрахунак аб пары мудрае сталасці, калі былое набывае асаблівы жыццёвы сэнс. У зборніку “Былое ў сучасным” мінулае і сённяшняе быццё ўчасавалася ў адзіналёс і прамовілася споведнай прозаю.

Ганна Брэская. Настурцыі. Першая кніга паэзіі.Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. “Полацкае ляда”. Полацак, 2000.

КВЕТКАПОЛЫМЯ

Беларускі свет у паэзіі Ганны Брэскай нараджаецца праз красоўнае полымя неўтаймоўнае квецені. Запаленыя на жывавогнішчы аквітных настурцыяў вершы паэткі чаруюць філасофіяй агністага жыцця і неўміручасцю сапраўдных пачуццяў. “На пялёсткі ў крыві чэрвень чары разліў, каб ізноў запылаць, зарумяніцца. Каб даць поўную цвець і прыгожа згарэць у вабнімках пунсовае раніцы.”

Пост №1.Люты 2000. Выданне з Новага Полацку.

ЗАЎТРАБРАМНІКІ

Літаратурная білятэнь “Пост №1” створаная маладымі літаратарамі, аб’яднанымі Ідэяю Новага Полацку і жыццём у мудравечнае паслясучаснасці: “Мы – Пост. Мы – Будучыня. Вы прыйдзеце ў Заўтра – там ужо будзем мы – брамнікі – на сваім Пасту. Гэта ёсць нашым агнявым рубяжом, а Слова ёсць нашай зброяй.”

Алесь Туровіч. Корпус. Вершы, проза. Зборнік не пазначаны часам і месцам выдання.

АКІЯНАКОРПУС

Кожны Апалон з цвёрдым “эр” на канцы зачынае Апалінэра, кожны маленькі Бум нараджае бясконцыя Бамы і Літы, кожная транслагічная нелагічнасць нелагічнатранслагізуе кожную лагічную лагічнасць у зборніку вершаў і прозы Алеся Туровіча “Корпус”, – то сапраўдны акіян без берагоў, без хваляў, без вады.

Ігар Сідарук. Квадратная варона. Аповеды. Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. “Полацкае ляда”. Полацак-Гародня-Кобрынь, 2000.

КВАДРАТАКРУГІ

Свет у зборніку апавяданняў Ігара Сідарука “Квадратная варона” кругаквадратамерны. Раальнасць сабраная ў ім з аскялёпкаў незвычайнага і фантастычнага, а незвычайнасць і фантастыка мудра напоўненыя раальным жыццём. Паяднаныя кругі і квадраты ўтвараюць бяздонную светаметрыю тайнічага філасоўскага бясконцаабсягу.

Платон Крэнь. Бывай, Ярашоўка. Успаміны,нарысы, вершы. “Беларускі кнігазбор”. Менск, 1999.

КНІГАПОВЯЗЬ

Немагчыма знішчыць чалавека, калі ён творыць: знявечаны лёс Платона Крэня стаўся падставаю для напісання беспадобных беларускіх успамінаў. Нельга знішчыць слова, калі яно духапрагне волі: Ірына Крэнь, дачка пісьменніка, зберагла і выдала таемныя пісьмёны свайго бацькі насуперак здратаванню беларускае мовы і задушэнню беларускае думкі. Дзеці за бацькоў, жывыя за забітых, словамі, шэптам, думкамі – гэтак няскорана моватворыцца вечнаБеларусь.