Дзейнікі:
Апавядач (ягоную ролю раз-пораз “выконваюць” то Антон Чэмер, то чорт).
Антон Чэмер, мастак.
Чорт (ён жа Святаслаў Антонавіч Скатабаза) – першапачаткова мае выгляд містычнае істоты, з капытамі, свінскім рылам, вусамі, рагамі; між рагоў – лысіна, прыхаваная рэдкаю чупрынаю; далей ён зьяўляецца ў п’есе збольшага ва “ўчалавечаным” выглядзе.
Грыша, мастак, сябра Антона Чэмера.
Наведнік-навуковец.
Беражніца.
Пакупнікі карцінаў.
Чорны карлік.
Дзядуля Пракопка.
Прывіды чорных сабакаў, мерцвякоў, шкілетаў, чорнакарлікаў і рознае іншае містычнае пошасці.
Участковы Байда.
1.Эпас
(На сцэне апавядач; у інтар’еры мяккае крэсла, на якім сядзіць апавядач, таляфон.)
Апавядач. …Яно пачынаецца… Яго яшчэ няма, але… але пачатак ужо тут… Я адчуваю гэтае… Я памятаю нават тое, як раптам… а мо’ чакана… і вельмі звычайна загрыміць у майстэрні Антона Чэмера таляфон… і, як заўсёды, нейкі заблукалы голас з сучаснае, сённяшняе мінуўшчыны запытаецца: “Гэта ваенкамат?” (Замінка.) Вось… вось… (Грыміць таляфон.) Пачалося…
(Апавядач уздымаецца з крэсла і ідзе да таляфону – і ён ужо не апавядач, а Антон Чэмер; дзея як бы месцачасапераносіцца ў іншае вымярэнне: з абстрактнага “крэсла-таляфонавага” інтар’еру-часу ў інтар’ер-час “майстэрня мастака”. Антон Чэмер – з выгляду ён чымсь падобны да вар’ята, прынамсі бачна, што ён чымсь над’звычайна ўзрушаны,– падымае трубку.)
Антон Чэмер. Халё!.. (Замінка.) Не… гэта не ваенкамат (Замінка.) Так… нумар 262-99-09… (Замінка.) але гэта не ваенкамат… (Замінка.) Ужо дваццаць гадоў, як на гэтым нумары няма ваенкамату… Мяне завуць Антон Чэмер – нумар належыць мне… (Замінка.) Не ведаю… Запытайцеся па “нуль дзевяць”… (Замінка.) Проста вы карыстаецеся старым даведнікам… (Замінка.) Няма за што… (Кладзе трубку. Замінка.) Сто гадоў… сто гадоў, дзень пры дні, як яны мяне трыбушаць… гэтыя галасы з сённяшняга мінулага… роты… дывізіі… арміі… галасоў… Усім патрэбны ваенкамат… Містыка… І гэтае пры ўсім тым, што мне немінуча трэба намаляваць… (Ідзе да мальберту. Падыходзіць да яго. Спыняецца, узіраецца ў “пустоту” халста.) Як жа мне яго намаляваць?.. як жа мне яго намаляваць?.. як жа мне яго выштукаваць з навакольнае пустоты?.. Мне б толькі… адную кроплю сатаны… першую… і я яго намалюю… (Прыслухаецца.) Здаецца, дзесьці ён тут ходзіць, паскуда… (Бярэ квачок і спрабуе ім нешта маляваць. Ён прамаўляе малюючы.) Дай жа, дай жа мне намацаць тваю першую кроплю... Цікава… цікава…дзе яна?.. дзе?.. Хіба што яна ў акварыюмнай каламуці заплеснявелага горада... а мо’… у роспырсках святла i змроку на ўзвурдалачаным целе тралейбусаў?.. га?.. У чым яно – урагавенне гною?... У чым яно – ухвасцявенне склiзi?.. У чым яно – кроплебесюганне?.. (Невялiкая “вар’яцкая” замiнка. Адыход ад мальберта.) Пас-ку-да!.. У чым яно... што яно... навошта... Халера! Мне нiколi не хапае словаў... фарбаў... пальцаў… Я заўсёды лішні ў сваіх карцінах… (Невялiкая “вар’яцкая” замiнка.) І ўсё ж я адчуў яго… Зараз... зараз намалюю... (Невялікая “вар’яцкая” замінка. Вяртаецца да мальберту, узрушана малюе. Гаворыць з пэўнаю іроніяй.) Точка... точка... запятая... – во табе i чалавечык. (Далей – без іроніі.) Вось... Вось у гэтых бляклых кроплях ён, паганец... Вось у гэтых плямах гэты нячысцiк... Я яго, заразу, навобмацкi бачу... Тут ён... тут...; чую, як... як дыхае смярдзюшчым ротам... як хлюпае глёўкiмi кiшкамi... Пас-ку-да!.. Лыч, рогi, капыты, ноч, змрок... – усё ў iм сатанiскае, душабойнае... Вось... зырыць ён з цемрыва барваў глупястымi вачыма, вось... лапоча дурноты нягнуткiм языком з ацеслiвага вомраку малявiлаў, вось... вось... нечага не хапае, а чаго, дык i не дацямлю... Ага! Лысiна для жамярыны... лысiна для беспамылковае мухi i... i... рэдкая грыўка... чупрынка... пачынае расцi каля левага вуха i – аж да правага... Вось гэтак... А што яшчэ? Ага! Якi ж гэта сатана без вуса?.. На табе i вус... Быў лыч парасячы, а зараз – мурло прусача... Ну, здаецца, i до... Нарэшце... нарэшце... нарэшце... апошнi адыход (Адыходзiць ад мальберта на крокi чатыры назад.), i... Не, усё ж нечага не хапае! Нечага таго, сам не ведаю, чаго... сам не ведаю чаго... сам не ведаю чаго... Што ж, пакуль што ладна будзе i гэтак, а там паглядзім. (Замiнка. Узiраецца ў малюнак i прамаўляе, як бы чакаючы пачуць адказ.) Ну, здароў, сатана! (Замiнка. Чаканне адказу.) Здароў, кажу! Аглух ты хiба? (Замiнка. Чаканне адказу.) Ты што маўчыш, плюгавы? Не чую я адказу!.. А каб цябе халера! (Замiнка. Чаканне адказу. Стомлена адварочваецца ад мальберту.) Усё! Спаць!.. Спаць аж да ранiцы!.. Хаця... (Глянуўшы ў акно.) Неба ўжо залчэе... Ноч i небабель... Небасвецiва… без небасіні… Ранiца... пачалася ўжо... (Падыходзiць да канапы, кладзецца на яе.) Тады спаць аж... аж... да яснае галавы!.. Да сённяшняга ўжо заўтра, сатана!.. Спаць... спаць... спаць... (І ўмiг зняможана засынае.)
(Адбываецца замiнка ў дзеi, калі не лiчыць сапення Антона Чэмера. Затым, па замiнцы, з малюнка сыходзiць чорт. Ён спыняецца пасярод пакою i дапытлiва азiраецца па бакох. Падыходзiць да Антона Чэмера, разглядае яго, тады сям-там вывучае пакой, тады сядае на мяккi ўслон i, схiлiўшы галаву, пачынае драмаць. Часабег паскараецца – ухвiлю мiнаюць рэшткi ночы; па-за акном добра вiднее, аднак святло нейкае ненатуральнае, “акварыюмнае”, “зелянкавае”, з бракам сінечы. Б’е гадзiннiк, нарэшце Антон Чэмер абуджаецца, стогне.)
Антон Чэмер. Уй… Як тут халадно цёпламу чалавеку… (Утварае кароткі перарыўны гук чалавека, якому халадно.) Лепш бы я не прачынаўся…
Чорт. Эта ішчо ні холадна… Вот у Антаркцідзе, у сірадзіне полюса – там настаяшчы мароз…
Антон Чэмер (здзіўлены і ўражаны праз словы нечаканага прысутніка). Ля!.. Казёл... А ты?.. ты хто такi, скацiна?..
(Невялiкая замiнка.)
Чорт. Нiчаво сiбе... Эта лучча бы ты у сiбя спрасiл бы... (Пакрыўджана-дражліва.) Казёл!.. Нi нада мiня казлом называцi...
Антон Чэмер. А як?.. Як цябе… як цябе зваць?.. Ты хто такі?..
Чорт. Ты што, не ўзнаёш міня?.. Я тваё дзіцішчо… Сын я твой в полнам смысле…
Антон Чэмер. Сын... Якi яшчэ сын!.. Ты што вярзеш!.. Які ты мне сын!.. Скацiна!.. Няма ў мяне нiякiх сыноў... (Падымаецца з ложку, падыходзiць да сатаны, разглядае яго.) Фэ!.. Смярдзiш жа ты, сябра... чыста тхор... Ты хто такi, га?..
Чорт. Нiчаво сiбе... Гавару жа я цібе: сын я твой… А он міня скацінаю называіт…
Антон Чэмер. Ты што, дурыла, гаворыш!.. Якi ты мне сын!.. У мяне нiколi не было анiякiх сыноў!.. Ды ты... ты... – быдла рагатае!.. Ты адкуль узяўся?...
Чорт. Вот цiбе i на... Сам мiня заделал, а цiпер спрашывает... Аттудава я... пасматры (Паказвае на мальберт.)
Антон Чэмер (падыходзiць да мальберту, уражана ўзiраецца ў свой нядаўнi малюнак). ...Пуста... Я ж маляваў уначы... Ты што... згэтуль?.. ты згэтуль сышоў, парася?..
Чорт. Я не парася...
Антон Чэмер. Ты што, сышоў з малюнка?.. Ха!.. То чыесьцi хiтрыкi, не iначай... Жарт…Цябе хто сюды падаслаў... жартаўнiк... Ты хто, свiнарылы?..
Чорт (дражлівым тонам.) Шутка!.. Нічаво сібе… Эта настаяшчая жызнь!.. Я ў iё тудою iшол... – прама чэраз карцiну... Сам вiдзiш: пуста цiпер... (Паказвае на карціну.)
Антон Чэмер. Ты хочаш сказаць, што... што... Не... тут без шызафраніі не разбярэшся... (Моцна ўражаны i адначасова мала што цямячы, ён iдзе да канапы, сядае на яе. Невялiкая замiнка.) Чорт лазаты... Ты хочаш сказаць, што ўцелаiсніўся проста з майго малюнка?.. Ха!..
Чорт. Пачцi што так... Я вырас iс цiбя...
Антон Чэмер. Як гэта, з мяне!?..
Чорт. Да я і сам не панiмаю... Разве плод выбiраiт себе семя?.. А?.. Проста я запладзiлся там... в цiбе... i рос... рос... рос... чэраз цібя… Дажа i нi знаю, как цiбя ціпер лучча называцi – папа ілі мама... (Замінка.) Ваабшчэта, утроба фспамiнаецца мне очань мала... но крэпка... Цесна там была… Паследнiя годы я очань сiльна страдал iз-за цiснаты... Цесна ф цiбе была, как, iзвiняюсь, ф заднем выхадзе... (Хiхiкае. Невялікая замінка.) А гдзе вот эта?.. ну… эта… помню, жэншчына тут была… голая… Гдзе ана, а?..
Антон Чэмер. Якая яшчэ жанчына?
Чорт. Ну… голая такая… ы-ых!.. эта жэншчына ва многам мне памагла цібя ўзнаць… мы – ты і я – фмесце думалі аб ей мыслямі… чэснае слова… Гдзе ана, а?…
Антон Чэмер. Хто – яна?.. Чорт цябе ведае… цьху ты!.. хрэн цябе ведае, пра каго ты гаворыш… Мяне зараз іншае хвалюе… Што мне цяпер з табою рабіць?.. (Замінка. Доўга глядзіць на чорта, а тады гаворыць.) Вось… вось… Павярніся… (Падыходзіць да чорта і паварочвае яго за плечы.) Нарэшце я ўбачыў, чаго табе не стае… Як жа я ўчора не даў рады… (Падхопліваецца, ідзе па майстэрні, штось шукаючы.) Ага… вось яна… (Падбірае на падлозе пры шафе даволі таўстую вяроўчыну. Ідзе да чорта.) Ну тка ж, павярніся яшчэ… На во табе хвост на попу… (Прылеплівае хвост.)
Чорт. Спасіба, папа…
Антон Чэмер. Насі на здароўе… І не называй мяне “папам”…
Чорт. А как…
Антон Чэмер. А чорт цябе… Цьху ты!.. Хрэн цябе ведае… Заві…ну, не ведаю я… хаця б, дзядзькам…
Чорт. Харашо, дзядзя… Спасібка цібе…
(Антон Чэмер як бы робіць “выхад” з інтар’еру “майстэрня мастака” ў рэчаіснасць баюна і сядае на мяккае крэсла апавядальніка; зноўку адбываецца метамарфоза – Антон Чэмер ператвараецца ў апавядальніка, але пры гэтым інтар’ер “майстэрня мастака” не знікае, і чорт у ім зьяўляецца другараднай “жывой” асноведдзю аповяду, жываілюструючы аповядны дзеячас, як і іншыя прысутныя ў другарадзе персанажы.)
Апавядач. Гэтак чорт асяліўся ў мастакоўскай майстэрні. Антон Чэмер адвёў яму кут за шафаю, пасцяліў яму старых дзяружкаў, паставіў побач жалезную талерку… Праўда… цяжка было трываць смурод, але… прыцярпеўся… У хуткім часе чорт з хатняе жывёлы зрабіў кар’еру алектравеніка, а затым імкліва авалодаў прафесіяю таляфоннага аўтаадказчыка… (Чорт кідае алектраахайнік і бегма кіруе да грымлівага таляфона. Падымае трубку. Слухае.)
Чорт. Алё!… (Замінка.) Дзядзя, тут апяць ваенкамат просяць… Што ім саабшчыць…
Апавядач (бярэ на сябе ролю Антона Чэмера). Растлумач як заўсёды…
Чорт. Ізвінеце міня, но эта ціліфон художніка Антона Чэміра. А ваенкамату тут ужэ нету как дваццаць лет…
Апавядач. Хутка скаціна пачала праяўляць творчыя здольнасці…
(Чорт кідае алектраахайнік і бегма кіруе да грымлівага таляфону. Падымае трубку.)
Чорт. Дзядзя, тут апяць ваенкамат просяць…
Апавядач-Антон Чэмер. Ну дык растлумач…
Чорт. Ну какой жа тут можат быць ваенкамат, кагда эта масцірская художніка Антона Чэміра… (Замінка.) Залупу цібе на варатнік, штобы шэя ні пацела!.. Каз-зёл!… (Бразгае слухаўкаю.)
Апавядач. Чортам зацікавіліся… Спачатку госці… І найперш ягоны сябра… мастак Грыша…
Грыша. Во гэта папіхач!.. Во гэта туляга!.. У-у-х-х!.. Мефістофель!.. Неверагодна!.. Жывы вобраз… жывы вобраз… Але як табе ўдалося намаляваць смурод?.. Неверагодна… Жывы партрэт работы Антона Чэмера…
Апавядач. Потым пачалі завітваць розныя цікаўнікі: дацэнты з кандыдатамі…
Наведнік-навуковец. О! Это он! Я уже понял, что это он!.. Невероятно!.. Клонирование… клонирование при помощи живописи… Непостижимо!.. И ведь все признаки жизни при явных признаках разложения… Этот трупный запах… это холодное (Мацае чорта.) безжизненное тело… Мы обязательно соберём консилиум… через несколько дней…
Апавядач. А потым прыйшоў участковы Байда…
Байда. Ну, і ванішча ж тут у вас… Мыцца трэба, таварышч, як там вас…
Чорт. Антонавіч… Антонавічам міня завеце…
Байда. Мыцца табе трэба часцей, Антонавіч… А то во саседзі пазванілі… гавараць, труп за сценкаю ляжыць… Фэ!.. Да чаго ж ты апусціўся…
(Яны – Антон Чэмер і чорт – мяняюцца месцачасам: чорт сядае на месца апавядальніка і, такім чынам, робіцца баюном, а Антон Чэмер трапляе ў “выяўную рэчаіснасць” і робіцца жывым паказчыкам аповяду.)
Апавядач. Умесці с эцім художыственныі дзілішкі пашлі ў Антона Чэміра как блін па маслу… Партрэт “Художнік Антон Чэмір і івоны казёл” был проданы за трыста долараф, партрэт “Казёл атвічает на ціліфонны званок” за сімсот долараф… За карціну “Казёл і івоныі вошы” не пажалелі тысячу дзвесці, а за холст, с каторава сашол сатана, далі сразу тры тысячы… (У часе аповяду на сцэне зьяўляюцца пакупнікі, якія, разлічыўшыся, сыходзяць прэч з памянёнымі творамі.) К этаму біспорнаму успеху прысавакупляіцца і то, што чорт стал вадзіць у масцірскую русалачак…
Апавядач (заместа чорта). Ну, как цібе, дзядзя, русалка із меснава трубаправода…
(У майстэрні зьяўляецца маладая асоба жаночага полу ў абліччы беражніцы. Антон Чэмер ад нечаканасці збянтэжаны.)
Антон Чэмер. Ну… няблага… няблага… прыгожая німфа…
Чорт. Тагда вапросаў больша быць ні можыт… Палучы і распішыся…
(Беражніца падыходзіць да Антона Чэмера, сядае побач з ім на канапу, спакусліва абдымае яго.)
Беражніца. Дзядзя…
Антон Чэмер. Га…
Беражніца. Ты не будзеш проціў, еслі мы на цібя прызірваціў надзенем…
Антон Чэмер. На мяне?.. Мы?.. Я… я… я… не ведаю…
Чорт. Міліцыя… пасіціцілі… кансіліум… Не была нікакова кансіліума… В каторы дзінёк Антон Чэмір зашчолкнул дзверы на засоф і нікаво не пусціл… он і на званкі ціліфона пірастал атвічаць…А чорцік даўно бросіл работу ціліфоннава аўтаатвеччыка, а уж цем более дамашніва жывотнава: бісёнак усё большы і большы дзелал сібе кар’еру… Усе вастаргаліся чудзясамі, пускай дажа ат воні носам круцілі, но ніхто, кромі самаво Антона Чэміра, ні знал, што дзелаіцца ў іво масцірской па начом… А вы знаіці, што такоя чалавечаскі ужас?.. а вы знаіці, што такоя быць пішчынкаю ф міры і… букваю ф расказі?.. дзверы іво масцірской для вас ні закрытыі… (Замінка.)
Апавядач (не падымаючыся, беручы на сябе ролю чорта). Ну што, дзядзя… Пацімнела за акном… Пара ужэ, наверна, начынаць сон разума… А то іскуства здохне…
Антон Чэмер. Сцямрэла… Яшчэ не ноч!..
Апавядач. Іво сільна трывожыла цьма… Чорны карлік з зілёным клювам – вот іво пракляція… (На сцэне зьяўляецца чорны карлік з зялёнаю дзюбаю.) Ўпрочым, у іво была многа… многа… пракляцій… І карлік… з зілёным клювам…
Карлік. А эта я… Твой малінькі мучыціль…
Антон Чэмер (на карліка). Зноўку ты… Не ўсцерагчыся ад цябе…
Карлік. Кусь-кусь-кусь душонку… ням-ням-ням какашку…
Антон Чэмер. Яшчэ не ноч… яшчэ не ноч… Пайшоў!.. Пайшоў!.. Войча наш, іжа ісі на небясех… свят! свят! свят!.. (Хрысціцца.)
Карлік. Шчас кускамі… кускамі… кускамі… буду я рваць іс цібя лігушкі!.. Шчас… шчас… малінькімі шніцалямі… шчас… шчас… бальшымі рызінавымі адбіфнымі… сабачымі антрыкотамі і мышынымі фрыкадэлькамі буду жарыць я на скаварадзе тваю тошчую душу!.. (Падыходзіць да Антона Чэмера, з трэскам адрывае яму галаву або нагу, або яшчэ што-небудзь, і з хрумстам пачынае есці.)
Апавядач. А іво пракляція дзедушка Пракопка!.. (На сцэне зьяўляецца дзядуля Пракопка.) Очань уважаімы ў загробным мірэ чалавек, так как в жызні был полным падліцом, сукіным сынам, ворам, алкаголікам і маціршчыннікам, за што і умір ф сто сорак два года, замёрзнуф п’яным возлі каліткі…
Пракопка (па-старэчы маразматычна пазіраючы па бакох). Гэна… гэна… штойта тут рускім духам ваніць… (Цягне зморшчаным носам паветра. Падыходзіць, здымаючы дзягу, да Антона Чэмера і грозліва пытаецца ў яго.) Адкуды пахне, га?.. Гавары, ёптаць!..
Антон Чэмер (адступаючы). Гэта… гэта ён… гэта ён… гэта ад яго… (Ківае на чорта.) Зыйдзі!.. зыйдзі, дзед!.. Зноўку ты… Дай… дай… мне хаця б… хаця б глыток дня… адпусці мяне…
Пракопка (ён паўдуркавата прыслухаецца, недачувае і гаворыць абурана). Што-о!.. Дык ты яшчэ мне кажаш і-го-го!.. Злуплю скуру з жывога, птамаць!.. (Б’е дзягаю; Антон Чэмер уцякае, стогне і войкае.)
Апавядач. Очань смішной мір… мір полужывотных і полурасценій… мір полупрызракаф і полулюдзей жыл ф эціх сценах… стаі рыб с чалавечаскімі серцамі… апельсіны с кракадзілавымі зубамі… галава Ніфірціці с валасатымі нагамі із ушэй… Но больша ўсіво дзядзя пачаму-та валнавался… (Замінка. Пырскае смехам.) із-за абычных сабак…
Антон Чэмер (яго клычуць сабакі, і ён вырываецца з іхніх іклаў, адбіваецца ад іх). Пайшлі… пайшлі… прэч!.. Сабакі сабацкія!.. шакалы!.. шакалюгі!.. Прэч на бойню, антрыкотава мяса!..
Апавядач. Ані выідалі ў ім длінныі мышыныі дырачкі… залізалі ў ушы языкамі і лізалі… лізалі… лізалі… івоны малінькі напуганы мірок… і жралі… жралі… Он закрывал дзверы на засоф… і фортачкі на кручкі… но… ані ведзь прыхадзілі не аттудава… ані выпалзалі тараканамі іс іво глас… абтрасаліся блохамі іс іво валос… вырасталі дліннымі чырвікамі іс іво пальцыф… І аднажды івоны… казёл Антонавіч понял: самае фрэмя прышло, штобы спрасіць сільна глафны вапрос…
Апавядач (беручы на сябе ролю чорта). Дзядзя, скажы мне чэсна, как будта для папа, какая следуюшчая будзет твая карціна і за сколька долараф, а?.
Антон Чэмер. Я… я не ведаю… я… не ведаю… за… колькі…
Апавядач-чорт. Ну, ты не мілачыся… Дзела ведзь сір’ёзнаі… Прасі пабольша, дадут паменьша…
Антон Чэмер. Ну… ну… тысячаў дзесяць… даляраў…
Апавядач-чорт. Ну-у!.. Зарабатак стояшчы… Ну, што ж… нада прыступаць к рабоці… пака цана на іскуства дзіржыцца, а?
Антон Чэмер. Што?.. Вось так адразу?.. Трэба мне… трэба наладзіцца… сабрацца…
Апавядач-чорт. А чыво тут налажывацца долга… Натуршчыкі на месці… Так што, сабірайся с творчаскай мыслю і фпірот… Цем боліі, што рука ужэ набіта, а глас намётан…
Антон Чэмер (ідзе да мальберту, бярэ ў руку квачок). Паспрабую… паспрабую штось змікіціць…
(Замінка.)
Апавядач. І смікіціл… Ваабшчэ-та, таварышч он был саабразіцільны… Вот так і паявілся на свет партрэт “Сатана і іво художнік Антон Чэмір”, за каторы тут жа вылажылі дзесяць тысяч баксаф… (Зьяўляецца пакупнік і забірае партрэт. Замінка.) А патом, как будта асенні дождзь, прышла грусная пара раставанія…
(Апавядач падымаецца з крэсла і пераўвасабляецца ў чорта. Відмы – сабакі, дзед, карлік – знікаюць.)
Чорт. Ну, дзядзя… Я цібя на ногі паставіл… Абіспечыл састаяніім, а ціпер пара і чэсць узнаць… Ухажу я ф бальшую жызнь, но а цібе я не забуду… Паэтаму і не прашчаюсь, а гавару да свіданія… Крыпіся, старына… (Абдымае Антона Чэмера.) і помні сваіво беса… (Сыходзіць.)
Антон Чэмер (разгублена і затлумлена). Бывай… бывай…
(Антон Чэмер ператвараецца ў апаведача.)
Апавядач. Бывай… бывай… І ён пайшоў… І не забыўся на Антона Чэмера… І вярнуўся праз які месяц… Гладкі і сыты… Без рагоў… без капытоў… без хваста…
(У майстэрню заходзіць чорт; ён – без рагоў і капытоў, добра апрануты, па модзе, чупрына на лысіне прыгладжаная, прылізаная. Апавядач ператвараецца ў Антона Чэмера.)
Чорт. А я вот тут міма ехал… Думаю, дай забігу… паінцірысуюся…
Антон Чэмер. Цябе не пазнаць… учалавечыўся… (Замінка.) Рогі дзе свае падзеў?..
Чорт. Рогі?.. Здал в заготкантору, і ўмесце с капытамі… А вот хвост аставіл на памяць аб прошлым… (Дастае з кішэні хвост і паказвае.) А ты, я віжу, дзядзя, ніважна смотрышся… мішкі пад глазамі… Начні сваі почкі уважаць – эта мой цібе савет…
Антон Чэмер (разглядаючы чорта). …Учалавечыўся… не пазнаць… …жывая работа Антона Чэмера… вось толькі адыкалон не дапамагае… смурод застаўся… яго ў заготкантору не здасі… не прымуць… Ты хто цяпер, казёл?
Чорт. Ціпер я ўжэ ні казёл… (Дастае з нагавіцаў пашпарт, паказвае Антону Чэмеру.) а Святаслаф Антонавіч Скатабаза… Чалавек умсцвенны… Транспарт служэбны імею… (Пахіляецца да Антона Чэмера і шматзначна шапоча.) Скора ф гарсавет начну выбірацца на высокую атвецтвеннасць, еслі не ішчо дальша…
Антон Чэмер. Эх, казёл, казёл…
Чорт. Святаслаф Антонавіч…
Антон Чэмер. Усё роўна… усё роўна… не лезь ты нікуды… Мужык ты вясёлы, вядома, хоць і скаціна… Ну, дык і ідзі ў калгас… у заатахнію… Чаго ты ў гарсавет прэсся свінскім рылам?.. Рана ці позна хрыбет табе там пераламаюць… У калгас ідзі… на свежае паветра... да быдла... у стойла...
Чорт. Німа работы… Мне, дзядзя, умішча не пазваляет ф калхозі трудзіцца… шыбка умны я, штобы там работаць… Упрочым, спасібка цібе за заботу, но за мой пазваночнік ты не біспакойся… скора ты паймёш, што эта я каму нада спіну ізувечу, фместа таво, штобы мне міня вывілі із работаспасобнасці… (Замінка.) Ваабшчэ-та, я к цібе па нібальшому дзелу прышол… Я ў цібя хачу спрасіць…
Антон Чэмер. Ну…
Чорт. Ты помніш… помніш… у цібя жэншчына голая была…
Антон Чэмер. Якая жанчына?..
Чорт. Была… голая… я точна запомніл, кагда ф утробі сідзел…
Антон Чэмер. Ну, можа… і была… А якая?
Чорт. Я ж цібе гавару: голая.
Антон Чэмер. Ды хрэн цябе ведае, каго ты там запомніў.
Чорт. Слушай, дзядзя, не валяй ты дурака… Я цібе бальшыі дзеньгі заплачу… Аддай мне іё…
Антон Чэмер. Ды ідзі ты!.. Каго я табе аддам!.. Дзе я табе аддам!.. Няма ў мяне нічога!..
Чорт. Есць… Я точна запомніл… Бальшыі дзеньгі палучыш… ішчо большы, чэм за “Сатану с іво художнікам”… Падумай харашо…
Антон Чэмер. Слухай!.. Калі ты маеш грошы… ну, дык едзь да гатэлю… і выбірай па густу… а я тут пры чым…
Чорт. Ай… дзядзя… не панімаеш ты… мне іменна та жэншчына нада, каторая у цібя… Я, можыт быць, флюбілсі первы раз ф жызні…
Антон Чэмер (скептычна). Закахаўся ён…
Чорт (сыходзячы). Ну… ты, дзядзя падумай… фрэмя ішчо есць…
(Антон Чэмер зноўку пераўтвараецца ў апавядальніка.)
Апавядач. …Закахаўся ён… Антон Чэмер не даў рады і падумаць, што прадмет чортава кахання – прадмет… рэч… іначай жа і быць не магло!.. Мастак прыгадваў сваех знаёмак і цяму не даваў, каго гэта ўпадабаў чорт… А гарсаветаўская апапея неўзабаве скончылася тым, што яна не скончылася нічым… а пачалася яшчэ большым смуродам… Сатана, як заразлівая хвароба, хутка, вокам не міргні, распаўсюджваўся па вуліцах… установах… планеце… Ён рос над зямлёю неўтаймоўнаю ўладаю нячыстага… ён распіхваў локцямі рахманых пузатых чалавечыкаў, якія трапляліся яму на шляху, і зрынаў іх тварам у бруд… ён нахабна, самазадаволена глуміўся са святыняў і святых, і разам з тым нахабна і самазадаволена пераконваў усіх у сваім святапаклонніцтве… Ён паўстаў… Ад’еўся… Прыбраў да рук усю ўладу… Запанаваў… Узлез на царскі пасад у ашалелым царстве юродзівых падцаркаў… Яго зрабілася шмат… зашмат… задужа… залішне… Ён стаўся амаль што ўсім і ўсімі… Свету без яго проста больш не існавала… Ён вытыркаўся з кожнае дзіркі і з кожнае шчыліны і смярдзеў… і смярдзеў… і мянціў-бесюганіў сваім даўгім языком свае бясконцыя дурноты…
(У майстэрні запальваецца акран талявізара, і з акрана пачынае гаварыць чорт.)
Чорт. Пагаварым а жызні. Ана можыт быць ішчо хужа, как еслі бы іё не была… но не прывідзі гасподзь, штобы фсё рашылася за адну мінуту… нужны срокі… нужны годы… Я этава не пазволю і с уверанасцю смею заявіць, што мы найдзём срэдства і фсемі сіламі паддзержым падаюшчы рост…
(Апавядальнік ператвараецца ў Антона Чэмера.)
Антон Чэмер (ён хутка падыходзіць да талявізара і выключае яго). Замаўчы, паскуда… замаўчы…
(Голас чорта пачынае гучаць з радыё.)
Чорт. …Но неужэлі гаспада думают, што мы пазволім сібе срафніцца с німі… Бог ім судзья!.. Я прыкрасна знаю, каму сколька чыво есці і ф какія дні…
(Антон Чэмер спешна падбягае да радыё і выключае яго.Чорт зьяўляецца ў акне.)
Чорт. …Радзі бога, ні нада, прашу я вас, саздаваць паніку у людзей… Ведзь рана ілі позна кажды палучыт сваі яйцы…
(Антон Чэмер спешна падбягае да акна і запавешвае яго. Чорт зьяўляецца ў прыбіральні, высунуўшы галаву з ракавіны ўнітаза.)
Чорт. …Каровы запушчаны… заводы запушчаны… спасіба госпаду, фсё віздзе запушчана…
(Антон Чэмер падбягае да ракавіны, запіхвае ў яе галаву чорта, а тады змывае вадою.)
Антон Чэмер. Смурод… смурод паўсюль… Куды… куды схавацца ад яго… Яго не выгнаць… не выветрыць… не выдушыць… Смурод разам з імі… Яны… яны… забіраюць з мяне маё жыццё… чорныя сабакі… чорныя сабакі заходзяць… заходзяць у пакой… вось… вось у гэты пакой… вялізазныя чорныя сабакі… першы сабака… другі сабака… трэці… соты… Шакалы!.. Пайшлі!.. Пайшлі прэч адсюль!.. Прэч!.. (Адбіваецца ад сабакаў, вырываецца з іх зубоў.)
(Сканчаецца першая дзея.)
2. Лірыка
Апавядач. У жыцці здараецца жыццё… раптам… Раптам высвятляецца, што ўсё рухавае, навакольнае, якое выплюнула ў свой самасвет тваю душу – усяго толькі механічная пустота, усяго толькі пустое мёртвае напаўненне твае душы… Сусвет выцягнуў цябе за шкірку з патаемнае глыбежы вечнага духу, а далей ужо твая справа – ці сатварыць свой сусвет, ці згінуць у навакольным жыццеспадабненні… Усё вельмі проста: калі ты – гэта цела жабы… ну, дык памры на дождж… калі ты – гэта жывы дух… ну, дык духатвары дажджы і рэкі…
(Апавядач ператвараецца ў Антона Чэмера. Антон Чэмер дастае з шафы абрэз, разглядае яго, устаўляе ў яго набойму з патронамі – абрэз бо зроблены з пяцізараднага карабіну. Грыміць таляфон. Кладзе зброю пад подушку на канапе.)
Антон Чэмер (падыходзіць да таляфону і падымае трубку). Халё… (Замінка.) Так… гэта я… Здароў, Грыша. (Замінка.) Творчы запой… Замкнуў дзверы, адключыў таляфон, заткнуў вушы ватаю і пастараўся пачуць што-небудзь унутры сябе… (Замінка.) Не чутно… нешта бохае, як у пустой бочцы, а больш нічога… (Замінка.) Ды я і сам збіраўся паталефанаваць… Хачу пагаварыць… (Замінка.) Мо’ забяжыш?.. (Замінка.) Добра… (Замінка.) Слухай… Лазурку прыхапі, га… Трохі… грам…у мяне бо скончыўся зусім… ты ўжо даруй… (Замінка.) Добра… Чакаю…
(Антон Чэмер кладзе трубку. Падыходзіць да мальберта, спрабуе нешта маляваць, але нічога не атрымліваецца. Кідае квачык.)
Антон Чэмер. Як жа… як жа мне яго намаляваць… Сінечы… яўна не стае сінечы… Мне б толькі кроплю… кроплю… хаця б паўкроплі, каб было за што зачапіцца… Дзе мне сіньвы адшукаць?..
(У майстэрні негадана зьяўляецца чорт.)
Чорт. Эта, дзядзя, апяць я, апяць к цібе, апяць па дзелу… (Азіраецца.) Нівесіла тут у цібя как-та… фсё віздзе скучаіт… как-бутта ф ООН на савішчаніі нашчот таво, штобы бамбіць ілі не бамбіць… фстрахніся, дзядзя! ты жа ф аду жывёш!.. вісіліся… (Імітуе лёгкія баксёрскія ўдары – пуш-пуш – у жывот Антону Чэмеру.) Ну, чыво ты глядзіш на міня, как сыч?..
Антон Чэмер. Апрыкраў ты мне… і тваё паўсюднае невыноснае бесюганне…Ты!.. твой смурод!.. твае карлікі!.. ты...
Чорт. Фсё эта не маё… фсё эта народнаі… і я, і карлікі, і вонь… Но аб этам мы как-нібудзь ішчо пагаварым ф следуюшчы раз… А ціпер міня інцірысует прыдмет маей любві… Месяцы ідут, моладасць таіт, а я фсё флюбляюся крэпчы і крэпчы…
Антон Чэмер. Што ты… што ты… да мяне чапляешся з гэтай голай жанчынаю… чаўпе нейкую акалозіцу!.. што ты прыдумаў, дурыла!.. няма ў мяне аніякае жанчыны… голае… ну, няма яе!.. няма!..
Чорт. Есць! Я точна помню!.. голая… Ведзь я іс цібя ні слезу, пака не палучу сваіво…
Антон Чэмер. Што… што ты да мяне маеш!.. У цябе ж… у цябе ж – усё!.. І грошы, і бабы… і хуйвэнбіны ў жаміньжыбаўо… і чорныя сабакі ў пустых душах… і аўтамаччыкі з аўчаркамі… Што яшчэ?.. Якое яшчэ табе трэба бабы!.. Ты што, не бачыш, скаціна?.. Няма!.. Няма тут аніякае голае жанчыны!.. Хочаш, я сам раздзенуся і стану ракам!.. Не магу цябе больш бачыць і чуць… Брыда!..
Чорт. Ну, ні кіпіціся ты… Ты думаеш, мне ні надаела пашці што кажды дзень цібя спрашываць а чом-та адном… Но ты міня паймі, раз я гавару, што ана тут, значыт, ана гдзе-та тут… Я чуствам чуствую, хоць умом мне не панятна… Но ана гдзе-та тут… радам… Так што… давай… ішчы.., патаму што я ішчо забігу ф каторы дзінёк… Ведзь я і сам магу праверыць, без тваей помашчы… Думаеш, еслі ты міня нарысавал кагда-та, то я і разазліцца не імею права?.. Ты жа фзрослы чылавек, і должан саабражаць, што будзіт, еслі я абіжуся на цібя…
(Звініць таляфон; чорт падыходзіць да яго і здымае трубку.)
Чорт. Алё!.. Нет… эта ні ваенкамат… эта таварышч Скатабаза… Еслі нада рыла раскраіць ілі убітай тушай павісець, то прыхадзіце, ні сцісняйціся… (Пырскае смехам.) Вот цібе на… трубку пала-
жыл…(Кладучы трубку, звяртаецца да Антона Чэмера.) Ну, фопшчым, дзядзя,ты поніл міня, надзеюся… Думай і пішчы, но толька ішчы… А я пашол сібе гасударствіннымі дзіламі біспакоіцца… Пара… пара… Я сіводня ішчо канькамі не бегал… і вірталётам ні ездзіл. (Ідзе.) Прывецтвую цібя на прашчанія… (Сыходзіць.)
Антон Чэмер (застаўшыся адзін). Во намаляваў распіздзяя!.. (Замінка.) Цяпер ужо нічога не перафарбуеш… і грунтоўкаю не замажаш… Кожны дзень… кожны дзень ён прыходзіць да мяне… я зачыняю дзверы, а ён праходзіць праз іх… я выбягаю на вуліцу, а вуліца… вуліца… вуліца… – сатаніскае зеўра… яна праглынае мой бег… мае думкі… маю душу… Дзе б я ні быў – усюды ягоны палон… (Замінка.) Я ведаю… ведаю, дзеля чаго ён бесюганіць… гэта план у яго такі… (Гаворыць, таючыся, шэптам.) гэта геняральны план паўсюднага душабойства… план сліматага смокту вечнае душы з лушпавіннага цела… Гэты… гэты бздун жыве… жыве з нашых вечных душаў… ён харчуецца імі, перарабляючы нас на свае здані… робячы з нас свае пустые нічымненапоўненыя завадныя карлікі…
(У пакой уваходзяць чорныя карлікі; яны, блукаючы па майстэрні, гармідарна, няўлад гавораць “Кусь-кусь-кусь душонку… кусь-кусь-кусь душонку…” )
Антон Чэмер. …Ён пажырае… наш ясны час, засеяны жывымі зоркамі… наш ясны свет, расквечаны жывымі дрэвамі… пакідаючы на месцы дрэваў і зораў рухавыя бязрозумныя шкілеты…
(У пакой заходзяць шкілеты і мерцвякі. Разам з карлікамі яны ладзяць шабаш.)
Антон Чэмер. А чорныя сабакі… чорныя сабакі… чорныя… сабакі… сабакі… Яны… яны выгрызаюць мае жывыя вочы…
(У пакой забягаюць чорныя сабакі і далучаюцца да агульнага чортавага ігрышча.)
Антон Чэмер. Але… але я ведаю, што трэба рабіць… Я ведаю, чаго баіцца гэты смуродны карлікавы свет пустых зданяў… Сіньвы… Мне патрэбная сіняя фарба… лазурак… Хаця б кропля дня… хаця б уздых сапраўднага лазурковага неба…
(Здані ўміг знікаюць. Замінка. Званок у дзверы. Антон Чэмер ідзе адмыкаць. У майстэрню заходзіць ягоны сябра-мастак.)
Антон Чэмер. Грыша, здароў… Заходзь… заходзь… калі ласка… распранайся…
Грыша. Ну, слухай!.. нарэшце ачуўся… Я па знаёмых званіць пачаў… Кажу, можа, дзверы ў майстэрні ўжо час выламіць?.. месяцы ж ідуць…
Антон Чэмер. Творчы застой… замкнуўся і нічога не чуваць…
Грыша. Вось… фарбу прынёс… са старых запасаў… асабістых… недахоп сёння на лазурак – у крамах пуста… і свет пашарэў… Смуродна неяк усё… бясколерна… і перспяктывы няма, аб’ёму – усё блінам… не тварэнне божае, а пэцканне…
Антон Чэмер. Гэтае пасля таго пачалося… Пасля таго, як лукавы з малюнка вылез…
Грыша. Што пачалося?..
Антон Чэмер. Дакладней… нічога не пачалося… усё сканчаецца…. усё пайшло на скон… Ён з мяне ўсе мае вантробы выкаціў… Мне, бывае, хочацца яго забіць… Але як?.. Як жа яго забіць, каб рэшткі душы не спаганіць… Я… я… ўжо і абрэз адкапаў з-пад грушы… на бацькоўшчыне… стары… але б’е, як артылерыя… (Дастае з-пад подушкі зброю і паказвае. Гэтыя рэч і прызнанне ўражваюць і бянтэжаць сумоўніка.) Вось…
Грыша. Штука злосная… Але кінь дурное... Схавай ты яго кудысь далей…
Антон Чэмер. …Мне здаецца, прыйдзе ён чарговага разу, а я – лясь яму ў патыліцу цераз пярыну, каб без грому… ціха… а тады пасяку склюдам на кавалкі і – у яму… Я ўсяго часу пра гэтае думаю… пра забойства… і нядаўна… вось прама сёння я, здаецца, дацяміў… (Замінка.) Во акурат сёння, як размаўляў з табою па таляфоне, мне раптам зразумелася, што яго нельга забіваць… ні ў якім разе…
Грыша (разгублена). Ну, вядома ж, забіць – не самы лепшы намер…
Антон Чэмер. Ён… ён сам мусіць здохнуць… вось у чым рэч.
Грыша. Ну… вядома… гэта найлепшае выйсце…
Антон Чэмер. Ён… ён не мусіць нас сажраць… ты разумееш?.. ён не мусіць нас высмактаць… вось у чым рэч… Ён наўмысна сышоў з малюнка… і наўмысна пэцкае паўсюль… ён знарок наўмысляе, каб яго ўдаўбенілі з абрэзу… ён камізэльку пад кашуляю носіць абарончую… ён чакае стрэлу… (Замінка.) Замах на таварышча Скатабазу… і забойства – гэта частка ягонага плану сатаніскага… Ён аж дрышчыць, гэтак бо не дачакаецца… калі я яго ўходаю… Па вечарох ён аж сам сабе ў дзверы страляе… і шылам… шылам сабе ў задніцу… пора, гэтак бо не прыцерпіцца да жыцця…
Грыша. Ты лепш гэтае… гэтае… (Ківае на абрэз.) выкіні… або назад закапай… туды, адкуль адкапаў…
Антон Чэмер. Не хвалюйся… Сёння я раптам падумаў, што ён ніколі не дачакаецца ад мяне кулі… Ён мусіць іначай згінуць… у іншы спосаб… у гэткі ж, як і нарадзіўся… (Замінка.) Я… я… намалюю іншы свет… (Замінка.) …Дзякуй табе за лазурак…
Грыша. Малюй… калі ласка…
(Замінка.)
Антон Чэмер. Разумееш… разумееш… уся рэч у тварэнні… і ў сіньве… Плюгавы растопіцца, як сала… выскварыцца… калі не страляць… калі не забіваць…; яго – не забіць, бо, забіўшы яго, ты яго народзіш… халоднага і пустога… нежывога і смярдзюшчага… У сабе народзіш… Тварэнне патрэбнае… творчасць…; душа мая жывая…; трэба тварыць насуперак яму… (Замінка.) а я развучыўся, напэўна… Вось паглядзі… (Ідзе да карцінаў, якія стаяць у рамах стосам пры сцяне, і, гаворачы, расстаўляе свае малюнкі.) Вось… вось…
Грыша. Сапраўды… сінечы… зусім няма… Увогуле колеру як бы… няма… колеры ў цябе несапраўдныя…
Антон Чэмер. Я… я… не магу ўсё гэтае паяднаць у жыцці… Я малюю жывы свет, а ён распадаецца на валасатыя ногі і карычневыя вушы… Я спрабую стварыць жывы і жывінны твор, а ён рассыпаецца на мёртвыя пальцы і падраныя трусы з матузамі… Я ляплю… куляшу сваю планету, а яна развальваецца на штукі адгарэлымі чорнымі адколінамі… Сапраўды… сапраўды… не стае сінечы… зусім няма… Ёсць толькі мёртвыя чэлясы, якія калісьці суцэльнаядналіся і суцэльнажылі, зьявілі мяне самога ва ўсеагульнай неабдымнай жыццязьяве … А цяпер яны тут… на халсце… нікчэмна жыц-
цеўпадобіліся нейкімі паўацалелымі фрагментамі забальзаванае муміі… (Замінка.) Д’яблаў план на тым і палягаў – на чалесаванні жывога… Ад самых першых хвілінаў сваех плюгавы разабраў мяне на кавалкі… як кабана… Ён… ён… ніколі не гаварыў са мною… ён гаварыў з маімі дурнымі кішкамі пра кілбасу… і з маімі парасячымі вачыма пра здані… і з маім залупастым херам пра німфы… і з маёй недалужнай мазгою пра морач… але… але… ён ніколі не гаварыў з маёй душою… ён яе смактаў… еў… І вось цяпер я зразумеў, што мне трэба намаляваць… каб не ўмёрці… каб жыць… каб знішчыць сатану… і я… намалюю… і ты намалюй… і кожны… няхай кожны намалюе… жывую душу!..
(Замінка.)
Грыша. А лазурку хопіць, га?.. Тут толькі грам… ці не мала для душы?.. (Замінка.) Мала… Трэба… трэба яшчэ пашукаць…
Антон Чэмер. Пашукай… і знайдзі… і малюй… Ты… сам малюй… Ён баіцца жывога… Ты намалюй… ты намалюй…
Грыша. Паспрабую… пашукаю… Я табе яшчэ прынясу…
Антон Чэмер. Ты адшукай… знайдзі… Кожны… кожны… ды каб па чыстай кроплі… (Замінка.) Па кроплі… па кроплі… кроплямі… нараджаюцца сінія акіяны…
(Завяршэнне другое дзеі.)
3. Драма
Апавядач. А што, калі слова, якое ты прамаўляеш з сябе, – жывое сэрца, што б’ецца ў абдоймах закасцявелага свету?.. што, калі яно – духапланета ў каменных абцугох?.. А што, калі сіні колер, пялёхнуты тваёй душою на холст, – сяўба духу на ссохлым каменні?.. Паспрабуй не быць целам жабы, і – зразумееш: ты жыватворыш насуперак мёртвабыту, які паўстае супраць цябе тым болей, чымся большая сіла твайго тварэння… Чым мацней б’ецца жывое сэрца, тым крапчэйшая закаржэласць каменных абцугоў… чым вышэйшая сіла духасеву, тым цвёрдшае каменне пад гукамі жывога росту… Калі пачынаеш тварыць, ты сутыкаешся з сатаною …
(Апавядач падымаецца з крэсла і пераўтвараецца ў Антона Чэмера. Пасярод майстэрні стаіць запавешаная фіранкаю карціна. У пакой уваходзіць таварыш Скатабаза.)
Чорт (гаворыць камусь, хто ідзе па-за ім). …Он тут гдзе-та жэншчыну голую прачыт!.. я эта чуствую!.. (Далей гаворыць да Антона Чэмера.) А эта апяць я, апяць к цібе, апяць ні гавара “тук-тук-тук”… І на этат раз я ні адзін… (За чартом зьяўляецца ўчастковы Байда.) І апяць не устаю я спрашываць вапросам: гдзе жа… ?
Антон Чэмер. Ды пайшоў ты!.. поскудзь!..
Чорт. Вот цібе, бабушка, і Юр’еў член!.. Ты чыво эта міня пасылаеш!.. І ваабшчэ, дзядзя, пачыму ты са мною на ты… Мы с табою фмесці курэй ні варавалі... Што эта за панібрацтва… Ты лучша мне канкрэтна атвічай: гдзе мая жэншчына?..
Антон Чэмер. Ды пайшоў ты!.. быдла рагатае!..
Чорт. Спадар ні панімаіт чылавечыскава атнашэнія… Ну, што ж… Тагда пайдзём дальшы… (Замінка.) Таварышч Байда!..
Байда. Так точна, таварышч Скатабаза!
Чорт. Начынайце шмон!..
Байда. Есць, таварышч Скатабаза!
(Участковы Байда пачынае ператрус у майстэрні. Паміж Антонам Чэмерам і чартом у гэтым часе адбываецца гутарка.)
Антон Чэмер. Што ты… што ты… рыеш тут сваім рылам… Участковы!.. Байда!.. Шмон!.. Што ты тут свінячыш, свінтухайла… Гэтыя твае цені… гэтыя твае здані… твае сабакі і твой смурод… і твой шмон… Я… я… іх даўно адмяніў тут, у гэтым пакоі…
Чорт. Эта нівазможна… Фсігда так была і будзіт – вонь.. прызракі.. і шмон…
Антон Чэмер. Я для сябе адмяніў… Проста я не веру, што яно ўва мне ёсць…
Чорт (пырскае смехам). А ты што… ты што… хочаш сказаць… што у цібе ішчо есць і ты?..
Антон Чэмер. Ува мне… душа сіняя…
Чорт (пырскае смехам). Душа?.. Какая там можыт быць душа послі фсіво, што вакруг праізашло?.. Дзядзя, ачніся!.. Ты жа ф аду жывёш!.. Разві можыт быць душа там, аткудава вышал я?..
Антон Чэмер. Ува мне… нада мною… вакол мяне… душа жыве… вечная…
Чорт. Как жа так?… душа!.. Ты жа міня запладзіл і вынасіл… і вырадзіл чэраз сібя і самім сабою… Фсё, што ф цібе была, ты ужэ высрал… Я цібя дажа не іскушал… і фзяткі ні давал… Ты жа – сам…
Антон Чэмер. Вось-вось…сам… Я сам цябе намаляваў… – я большы за цябе… вячнейшы… Я намаляваў… – гэта творчасць была…
Чорт. Ну, ты, дзядзя-пеніс, как цёця-сука… Как загаварыл!.. творчаства!.. Ты жа із-за міня імя сібе заработал!.. з дзеньгамі фмесці!.. Ты проста паразіціравал на мне…
(Звініць таляфон. Чорт падымае слухаўку.)
Чорт (глыбоказначна). Да-да!.. (Замінка.) Да-да!.. (Замінка.) Нет, эта ні ваінкамат… Гэта морг для умсцвенных інвалідаў… (Пырскае смехам, кладзе трубку.) А ты гаварыш – творчыства… Ты са сваёй мазнёю… са сваім (Гаворыць пагардліва.) творчыствам… ты са фсем сваім эцім… і біз міня – дажа ні труп, а проста ноль… адсуствіе… несушчэственнасць…
Антон Чэмер. Усё гэтае (Паказвае на свае карціны.) я намаляваў… для памыйкі… яно… яно мёртвае адпачатна… я раптам зразумеў, што ўва мне ёсць сілы намаляваць штось іншае… жывое… І я намалюю… Я ўжо намаляваў!..
Чорт. Ужэ?.. намалявал?..
Антон Чэмер. Ды проста… я пачуў сябе… цёпла…
Чорт. Смішно на весь культурны мір і меснае сельскае свінавоцтва!.. Іму ціпло!.. Цібе ціпло патаму, што ты халодны!..
Антон Чэмер. Мне цёпла ўнутры… душою…
Чорт. Ты – халодны… Трыццаць шэсць і шэсць – ні больша… эта ні ціпло… Весь мір – халодны, а душа – абман… анігдот для цех, хто скучает ф аду… І ты этат мір… этат ад… ні сможыш атмініць… патаму што – эта прырода такая… Эта міханічыская прырода вішчэственных, цілесных прызракаф… Фсё візде – мацірыальны прызрак… фізічыская утвар ф віздзесушчым царстві сатаны… вілічыствінная плоць, прыхадзяшчая із нічыво і прападаюшчая ф нічом…Фсё віздзе заведзена залатым ключыкам патаму… патаму, што фсё віздзе цікаіт… цік-цік-цік… цік-цік-цік…
Байда (уражана, нешта знайшоўшы). А матка мая!..
Чорт (працягваючы прамову да Антона Чэмера).Ты… ты… – проста чорны міханічыскі карлік с пружынкаю ф попе… і ані, і фсе… Нічыво… нічыво… ф этым міры нету тваіво… фсё віздзе аб’ікціфнае… фсё эта віздзе обшчае, фсехнае… і прызракі, і сабакі, і народ фмесце са сваім запахам!.. фсё эта сквозь фсімірную плоць вонью прапітана… фсё эта – мой бал, гдзе я рышаю, каму, как і сколька танцываць…
Байда. А матка мая!..
Чорт (працягваючы прамову да Антона Чэмера). За фсё эта прагаласована каждай пішчынкай і фсё эта адобрана падавімшымся бальшынством галасоф… І ты за эта галасавал па маей ахоці.
Байда. А матка мая!.. Таварышч Скатабаза!.. Таварышч Скатабаза!.. Антонавіч!..
Чорт. Ну, што?.. Ну што, нашол?..
Байда. Ні храна сабе!.. Найшоў, Антонавіч, але не жэншчыну!.. А божа-божа!.. Шукаў голу жэншчыну, а найшоў пяцізарадну пушку… (Паказвае чорту пяцінабоявы абрэз.)
Чорт (да Антона Чэмера). Хто ішчыт, тот фсігда найдзёт… (Замінка.) Эта становіцца ішчо інцірэснее… Гаварыш, атмініць міня захацел – ні выйдзіт!.. Эта я цібя січас атміню!.. (Звяртаецца да Байды.) Таварышч Байда!..
Байда. Слушаю, таварышч Скатабаза!
Чорт. На сколька содзіт у нас народны суд за нізаконнае храненіе аружыя?..
Байда. Ад трох і да пяці ў розных случаях… А еслі суміраваць усё ўмесце, то палучаецца восем гадоў…
Чорт. Прафісіанальны атвет умнава чылавека… Сразу відна, што на гроднінскім юрфакі научылі…
Байда. Не…
Чорт. Што – не?
Байда. У мінскай школе міліцыі…
Чорт. Тожа ніплахой універсіцет… Хвалю!.. Маладзец!..
Байда. Служу прагрэсу і Магілёўскай вобласці!..
(Замінка.)
Чорт. Ф таком случаі ішчо раз маладзец!
Байда. Служу… э-э… Уральскаму храбту.. і… брацкаму савакупленню между народамі!
(Замінка.)
Чорт. Ну, тагда маладзец ішчо большы!
Байда. Служу… э-э... служу… э-э…
Чорт. Ну, дастатачна… дастатачна, таварышч Байда… Бірыцісь за глафную задачу… прадалжайце шарыць – ана гдзе-та тут…
Байда. Есць, таварышч Скатабаза!..
Чорт (да Антона Чэмера). Ні выйдзіт у цібя нічыво атмініць… Ні так эта проста атмініць, еслі фсё віздзе ваняет… мною!..
Антон Чэмер. Гэта мяртвота смярдзіць… пустка… падман…
Чорт. Эта ні абман… Я – ні абманшчык… Эта прафда… Эта… міханічаская прафда!… Эта мір хадзяшчых ног і гуляюшчых мазгоф!.. Эта вечны заапарк Вілікіх Імітатараф жызні, баяшчыхся ражацца, жыць і ўміраць па-настаяшчыму і паэтаму мёртвых ат раждзенія і да смерці… Мёртвыі ліцыдзеі!.. Пустыі насіцілі ліц!.. Святыі абманшчыкі, яфляюшчыі міру івоную настаяшчую прафду – двіжэнія членаф!.. Вот!.. вот… (Ківае на ўчастковага Байду.) адзін іс эціх вілічаствінна двіжушчыхся супавых набораф… (Звяртаецца да ўчастковага Байды.) Таварышч Байда! Пажалуста, атфлікіцісь на мінутку, падайдзіце к нам!.. Прашу я вас…
Байда. Слушаюсь, таварышч Скатабаза. (Кідае свой занятак і падыходзіць да размоўнікаў.)
Чорт. Таварышч Байда, атвецці, пажаласта, на вапрос, што есць для вас Закон?
Байда (задумаўшыся). Ну… матка, совісць і пастаянная зарплата, таварышч Скатабаза!
Чорт. Маладзец, таварышч Байда!
Байда. Служу…э-э… страіцяльству… э-э… хазяйства, таварышч Скатабаза!
Чорт. Маладзец, таварышч Байда! Прадалжайце шманаць – ужэ асталась палавіна дзела… (Звяртаецца да Антона Чэмера.) У міня… у міня сліза на глаз наварачываецца, кагда я сматру на наш народ… Эта проста чуда!.. І разві он…– народ, значыт…– не заслужывает сваіво шчасця? Атбіры у ніво (Ківае на Байду.), у цібя, у міня этат вілікі Смысл пафсімеснава двіжэнія членаф, ізбаф каждава із нас вазможнасці двігацца нагамі, шылісцець мазгамі, праізнасіць языком чэраз горла, а горлам чэраз рот, і – шчасце пагібніт і прыфраціцца ф муку… Разве ж эта шчасце, еслі нічэм ні двігацца… еслі ні быць шпунцікам у агромным міханізме фсіленнай… еслі ні быць калёсікам ф опшчым двіжэніі калёсікаф?..
Антон Чэмер. От, сатанюга! Хіба жа шчасце – у шчасці?.. Я… хачу ў таварыша Байды запытацца наконт ягонага дзярма … (Звяртаецца да Байды.) Таварыш Байда, падыдзіце, калі ласка, сюды і адкажыце, ці чуеце вы ў сваем пузе, акрамя свайго дзярма, штось вечнае… штось большае за гэтае дзярмо… ці чуеце вы ў сваем пузе сябе?..
Байда (адарваўшыся ад справы). Ну, аняўжэлі ж!.. Нешта ж там ёсць… (Памыкаецца падысці да размоўнікаў.)
Чорт. Малчаць, скаціна! Ты зачэм сюда прышол… штобы жэншчыну іскаць, ілі пра сваё дзірмо сказкі нам расказываць!.. Ты лучча шманай лучча – ішчо палавіна дзела асталась…
Байда (спалохана і пакорліва). Есць, таварышч Скатабаза!.. (Працягвае ператрус.)
Чорт (да Антона Чэмера). Ты – гаварашчы балванчык… ты – шчаслівы гаварашчы балван… а весь твой брэд нашчот цібя самаво – эта!.. эта!..
Байда (уражана). А мамачкі!…
(Замінка.)
Чорт. …эта!.. эта!..
Байда (уражана). А мамачкі!.. а родныя!..
(Замінка, у часе якой чорт зіркае на ўчастковага Байду, а тады зноўку пазірае на Антона Чэмера і спрабуе выказаць сваё меркаванне.)
Чорт. …эта!.. эта!..
Байда (уражана). А людцы мае!.. Таварышч Скатабаза!.. Вы толькі паглядзіце, што я найшоў!..
Чорт. Што?.. ана?..
Байда. Не!.. не яна!.. Але… але… Таварышч Скатабаза!.. Гэтае яшчэ хужэй, чым… чым… у первы раз!.. чым… чым… эта яшчэ хужэй…, чым пушка!..
Чорт. Што такое!..
Байда. Вы… вы толькі самі… паўзірайціся!.. Таварышч Скатабаза!.. Вы толькі ляньце – гэта ж настаяшчы сатанізм!.. (Паварочвае да чорта карціну, з якой ён зняў фіранку; на карціне сіняя выява чалавека на чорна-белае асноведзі. Замінка.)
Чорт. А госпадзі!.. (Хрысціцца.) Эта ішчо што!..
Антон Чэмер. Ды так… Душу маляваў…
Чорт. Душа… (Замінка.) Таварышч Байда… таварышч Байда… Госпадзі памілуй!.. (Хрысціцца.) А за эта… за эта сколька яму народны суд даст?..
Байда. За такое, таварышч Скатабаза, еслі па-чэлавечаскі, то хрыбет пераламіць мала… Но еслі чэраз суд народны, то гадоў пятнаццаць абяспечана…
Антон Чэмер. Адразу бачна міліцэйская школа…
Байда. Служу ўсямірнаму дурдому… і… э-э… ідэі… э-э… патрыацічаскага прысаідзінення!..
Антон Чэмер. Табе ж… табе ж… табе ж дыхаць не было як пры ім… А цяпер… цяпер ты яму служыш… Ты помніш, як табе смярдзела побач з ім?..
Байда. Смярдзець – гэта не праступленне, гражданін Чэмер… А вось абрэз пад падушку саваць – эта падазрыцельна… Я ўжэ не гавару пра тое, каб хімічаскім карандашом рысаваць усялякае кашчунства…
Чорт. Ты, как фсігда, фсадзіл ф самую точку, таварышч Байда!…
Байда. Служу… служу… э-э…
Чорт (не даючы Байдзе прамовіць). Ну, работайце… работайце… трудзіціся… Парыскайце ішчо… Ужэ сафсем мала асталась…
Байда. Есць, таварышч Скатабаза!
Чорт. Да-а!.. Вот как дзела павірнулась неажыданна… задам к смыслу быція і перыдам к аснафному вапросу філасофіі – што пірвічна, а што фтарычна: цюрма ілі правільная павідзенія… Восем лет за абрэз… пятнаццаць лет за кашчунства… І фсіво, значыт, трыццаць лет – полжызні!.. Можыт лучча сразу удавіцца?.. а?..
Байда. Таварышч Скатабаза!.. Таварышч Скатабаза!.. Найшоў!.. Найшоў голу жэншчыну!.. Во сматрыце!.. (Прыносіць партрэт аголенай жанчыны.) Во!.. (Паказвае. Замінка.) Ішчо дзесяць лет за парнаграфію!..
Чорт. Ана!.. Точна, фспомніл… Эта ана… А гаварыл, што нету нікакой жэншчыны!.. Я жа чуствам чуствавал, што здзесь ана, здзесь!.. Я із утробы іё запомніл… Віжыце іво, таварышч Байда!.. (Байда ўздзяе бранзалеты на рукі Антону Чэмеру. Чорт у тым часе ўважліва разглядае партрэт.) Хараша… хараша… Красівая жэншчына… Вот толька не пайму аднаво: чыво ана хочыт!.. А-а?.. Таварышч Байда? Што вы думаеце па этаму поваду?..
Байда (падыходзіць да партрэту). Ну… наверна… хоча… каб… каб… ну… каб… крэпка зжалі…
(Замінка.)
Чорт. Н-нет!.. Зачэм ей эта, таварышч Байда?.. Ана жа – карціна, а не курва… (Замінка.) Тут чывота чыста художасцвіннава не хватает… (Замінка. Разглядае партрэт.) Вот… вот… вот штобы ей чыво-нібудзь ф рукі ілі на грудзь… вот штобы панімалась фсемі так, што жэншчына эта ні проста сцерва, а – асвабадзіціль… вот тагда бы я ішчо сільнее іё палюбіл… Яфна не хватает ыліменту гіраізма. (Замінка. Звяртаецца да Антона Чэмера.) Што скажыш, дзядзя… Ні мог бы ты німнога дарысаваць?.. німнога гераічнасці ей прыбавіць?.. а?.. ылімент какой-нібудзь мужасцвенны – штобы афтамат на грудзь ілі знамя ф рукі… ілі бронетранспарцёр пад попу?.. штобы ана маладзёш на подвіг звала, а ні толька ім яйцы марочыла?.. а?.. сдзелаеш?.. я ведзь і прасціць цібя магу, срок убавіць ілі ваабшчэ выпусціць на свабоду… я ж ні жыстокі ф канцы та канцоф, а проста за парадак, каторы міня слушаіцца – ведзь цібе фсю жызнь на нарах барабаніць… ф лучшым случаі… а то ведзь можыш галавой ф леснічны пралёт нырнуць ілі ф дурдоме падушкай задушыцца… ты падумай…
Антон Чэмер. …Я пра іншае думаю… як бы цябе так намаляваць, каб вадою па трубе змыла... (Замінка.)
Чорт. Во барзеет!.. Ты што, пра сібя как пра вілікава художніка мічтаіш?.. Для бронітранспарцёра найду я мазілу і ні хужа, чэм ты…
Антон Чэмер. Табе не зразумець майго мастацтва… Зараз я растлумачу табе пакаротцы… Хадзі сюды…
Чорт. Чыво ты, дзядзя…
Антон Чэмер. Хадзі… хадзі… (Падыходзіць да чорта, бярэ яго пад ручку, вядзе за сабою.) Зараз ты зразумееш, што такое чароўная сіла мастацтва… Ну-тка ж… Станавіся тут… (Падводзіць да ўнітазу.) Прама ў ракавіну… (Бярэ чорта загрудкі, падсоджвае яго і ставіць у ракавіну.)
Чорт. Ты чыво эта, дзядзя… Вабшчэ ужэ…
Байда. Ну… гэта… гэта… гражданін Чэмер, пракраціце ісцярыю… (Спанталыжана і нерашуча пазірае.) Оей!..оей!..
Антон Чэмер. Зараз я цябе з дапамогаю аднаго мастацкага прыёму адпраўлю туды, адкуль гэтае ўсё смярдзіць… А ну-тка ж, шчаміся ў шчыліну… (Запіхвае чорта ва ўнітаз.)
Чорт (мімаволі лезе-запіхваецца ва ўнітаз). Не панімаю я… Вабшчэ ужэ…
Антон Чэмер. Давай, давай… (Запіхвае і змывае.)
Чорт (ягоны голас гучыць аддалена з трубы). …Спасіба госпаду, усё віздзе спушчана… усё віздзе спускаецца…
Антон Чэмер. Пайшло гаўно па трубах… Во такі нацюрморт…
Байда. Ні храна сабе!.. Змыла… Во гэта ілюзія!..
Антон Чэмер (прамаўляе як бы сам сабе). Гэтае ўсё – мана… і заканчэнне… А пачатак… а пачатак – у маленькай сіняй кроплі душы… Ніколі і нічога не позна пачынаць са свае душы, калі яна ў цябе ёсць…
Байда. Ні храна сабе… Во і павер у сілу ўласці…
Антон Чэмер. Павер… павер… (Замінка. Прамаўляе як бы сам сабе.) Ніколі не позна выкрапіць сіньву з шэрані ды з прозелені, з чырвані ды чорназмроку, з бэзавых роспырскаў і з ружовых словаў… І калі гэты навакольны сусвет адзеравеў, звугліўся і загінуў, ніколі не позна намаляваць яго аднова… пальцамі па даляглядзе… вуснамі па зямлі… вачыма па пустоце… не позна… не позна… І калі… і калі з цябе вырвалі язык, і здушылі тваё горла, і ты тысячу гадоў – нямко, ніколі не позна прамовіць голасам сваё, крэўнае… І калі тваё жыццё прамінула, і жыцця больш не вярнуць, і ты памёр, дык ніколі не позна нарадзіцца ізноў і жыць… і маляваць сінечаю… і прамаўляць… і тварыць… Ніколі і нічога не позна… Усё заўсёды можна пачаць ізноў…
(Антон Чэмер сядае ў крэсла і пераўтвараецца ў апавядальніка.)
Апавядач. …І яно пачынаецца… Яго яшчэ няма, але… але пачатак ужо тут… Я адчуваю гэтае… Я памятаю нават тое, як раптам… а мо’ чакана… і вельмі звычайна загрыміць у майстэрні Антона Чэмера таляфон… і, як заўсёды, нейкі заблукалы голас з сучаснае, сённяшняе будучыні запытаецца: “Гэта… жывая… гэта жыватворчая… душа цёплага чалавека?” (Замінка.) Вось… вось… (Грыміць таляфон.) Пачалося… (Грыміць таляфон.)
(Запавеса.)