Маленькі сшытак Лявона Вашка

Выпуск другі

Вашко Лявон


ДУМНІЦТВА - літаратурна-крытычныя артыкулы - „Нацыяналізацыя” рэчаіснасці

Беларускамоўная лiтаратура другой паловы ХIХ стагоддзя кладзе трывалы бутавы камень у падмурак айчыннае гiсторыi; у гэтым часе адбываецца якасная трансфармацыя лiтаратурна-мастацкае iдэi: з фальклёрна-народнiцкае яна ператвараецца ў магутную iдэю беларускага нацыянальнага раалiзму. Гэтая лiтаратурна-мастацкая iдэя спараджае беларускую нацыянальную гiсторыю, дый увогуле ўсей беларускi нацыянальны свет. У тым свядомым духоўным дойлiдстве мiсiя пачынальнiка наканаваная Мацею Бурачку, якi ўпершыню выказвае iдэю iснавання беларускай нацыi. Пачынаючы з творчасцi Францiшка Багушэвiча, можна гаварыць пра паступовую гiстарызацыю свядомасцi ў лiтаратуры, у якой “нацыянальнае”, асябечанае цi, iншымi словамi, атаесамлёнае з сакральным беларускiм я, вылучаецца на першую ролю i пазначае сабою ўсю беларускую гiсторыю.

Дагэтулешняя, дасвядомабеларуская старажытная, змярцвелая культура народу зьяўляецца грунтам, на якi ступае маладое беларускае думнiцтва. Праз новасакралiзацыю памерлае культуры, праз магутную сiлу мастацкага маўлення адбываецца гiстарычнае нацыянальнае пераўтварэнне фальклёрнага матарыялу. Па сутнасцi ўзнiкае новая нацыянальная рэчаiснасць-мастацтва – свет глыбокiх жывiнных вобразаў. На абломках старажытнае, мёртвае культуры падымаецца беларускi Храм Духу; i нацыянальнае мастацтва ператварае тыя абломкi ў жывую святыню i сталее, развiваецца на iх, вытвараючы свае ўласныя каштоўнасцi i меры вартасцi свае новае гiсторыi – нацыянальнае ў “тутэйшым” жыццi. Пра гэтае трапна пiша Янка Купала ў сваiм вядомым нашанiўскiм палемiчным адказе Юрку Верашчаку “Чаму плача песня наша?”: “Калi ў памятны 1905 г. зрабiлася завiруха, калi ў Расii ў кожнага чалавека стала будзiцца душа, то i ў беларуса будзiцца стала пачуццё свайго “я”, стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што i мы людзi”. Купалаўскi верш “А хто там iдзе?” з паэтавым прарочым поклiчам “людзьмi звацца” ёсць нацыянальная дакларацыя маладога беларуса; “людзьмi звацца”, паводле Янкi Купалы, – жыць паўнакрэўным нацыянальным жыццём, гiстарычна сцвярджаць сваё нацыянальнае я. Развiваючы тэзiс Мацея Бурачка аб беларускай мове як галоўным вызначальнiку беларускай нацыянальнасцi, Янка Купала пiша ў артыкуле “Цi маем мы права выракацца роднай мовы” (пры гэтым паэт бачыць у народнай мове бадай што адзiны спрадвечны гiстарычны чыннiк маладой нацыi, адпачатна заяўляючы пра тую даўнюю “моўную” беларускую рэчаiснасць як пра спрадвечны нацыянальны гiстарызм – i ў гэтым бачаннi праяўляецца як ярчэй заўсёдны i неўтаймоўны рамантызм нашага песняра): “Беларус часта мо’ i не здаваў сабе справы, чаму ён так трымаецца сваёй гутаркi, але не трымацца яе не мог: выракаючыся мовы сваёй, ён бы мусiў вырачыся самога сябе, выкрывiць пошусна сваю душу, выракаючыся, мусiў бы iсцi процi ўсяго святога, непадменнага на свеце, процi ўсяго таго, што паказвае адменнасць чалавека перад скацiнай”. Гэтае як бы падспуднае жаданне iснаваць адметна, у сваёй мове, клiча беларуса да нацыянальнага адраджэння; сам жа стан “моўнага” прыгнёту вызначае гiстарычную занядбаласць народу – пра гэтае Янка Купала кажа далей: “Усё ж колькiсотлетняя паняверка, валачэнне ярма чужога ўладарства на сваiм набалелым карку не прайшло для нас без нiякага знаку: яно ацямрыла i затрымала доўгiя вякi наша культурнае i нацыянальнае развiццё, пакiдаючы нам свае вучыльнi i свае “языкi”, увялiчыла нехаць к знанню, к прасвеце, к пазнанню вялiкiх думак людзей навукi i iдэi; асталiся мы на самым апошнiм месцы, нiжэй парога памiж усiх чыста славянскiх народаў; асталiся мы, як блудныя авечкi, без пуцця, без веры ў новую светлую будучыню”. I далей рамантычны Купалаў позiрк на нашую мiнуўшчыну як на “гiстарызм мовы” прыводзiць песняра да палымянага заклiку моўнага гiстарычнага адраджэння; калi Мацей Бурачок у сваiм часе заклiкае да невырачэння беларускае мовы, дык Янка Купала, апрача гэтага, – да свядомага, кнiжнамастацкага нацыянальнага будаўнiцтва, калi Бурачок бачыць у мове нацыянальную адметнасць, якую трэба не страцiць, захаваць, “каб не ўмёрлi”, дык Купала – творчы нацыянальны гiстарызм, з дапамогаю якога беларус не толькi не згубiць сваё ўласнае я, але i разаўе яго. Менавiта пра гэта сведчыць патас наступных радкоў: “Але ж такi асталiся i мы самi, як народ, як нацыя, i асталася пры нас наша простая родная мова, праз якую ўсе знаюць, знае свет, што мы не прыблуды якiя, а колькамiллённы народ – беларусы, засяляючыя сваю адвечную бацькаўшчыну – Беларусь. Ачуняць, глянуць па-арлiнаму смела, дружна на свет белы, загаманiць праўдай цэламу свету громка, свабодна мы зможам толькi тады, калi пад саламянымi стрэхамi нашых хат зойме пачэснае месца наша родная беларуская кнiжка. Праз памяць на магiльныя наспы i крыжы, пад якiмi бясчасна змарнеўшыя ў няволi спяць нашы дзяды i прадзеды, праз памяць на сваiх матак, каторыя нас сваёй грудзёй ускармiлi, – выракацца роднай мовы не маем права”. Якраз гэты патас, пачуццё ўласнага беларускага слова як каштоўнасцi нацыянальнай i як стваральнiка новай, нацыянальнай рэчаiснасцi, патас, багата выяўлены ў Купалавай паатычнай спадчыне, ператварае паэта не толькi ў нацыянальнага прарока, але i ў сакральнага творцу нацыянальнае рэчаiснасцi, беларускае гiсторыi, якую ён сам жа i прарокуе; патас бо гэты ў далейшым мае выключнае значэнне ў будаўнiцтве свядомагiстарычнага беларускага быцця.

З пункту гледжання нацыянальнага разглядаецца лiтаратураю паслейшаю, паслянашанiўскаю ўся вакольная рэчаiснасць. Нацыянальнае робiцца галоўнай мерай вартасцi жыцця, адштурхоўваючыся ад нацыянальнага развiваюцца наша лiтаратура i гiсторыя. Ужо на канцы другога дзесяцiгоддзя ХХ стагоддзя гэтая iдэя набывае пад сабою раальны трывалы грунт, на якiм iдзе iмклiвае развiццё нашай культуры.

Яскравым прадстаўнiком гэткага мастацкага “нацыяналiзму” зьяўляецца Антон Луцкевiч, чыя лiтаратурна-крытычная спадчына ёсць глыбокае філасоўскае асансаванне станаўлення беларускае мастацка-гiстарычнае свядомасцi. Вось як, напрыклад, з пункту гледжання нацыянальнага пазiрае ён на лiтаратурна-гiстарычныя працэсы ХIХ стагоддзя. “...Беларуская адраджэнская лiтаратура, – пiша ён у “Пуцяводных iдэях беларускае лiтаратуры”, – ад пачатку ХIХ ст. ажно да 80-ых гадоў выяўляе два iдаалы – i абодва яны не нацыянальнага, а грамадзянскага характару. З аднога боку стаяць нашы шляхоцкiя рамантыкi з iдаалам патрыярхальнай гармонii i згоды вёскi з дваром, iдаалам справядлiвасцi на грунце i ў рамках прыгоннага ладу; з другога – першыя нашы дамакраты-народнiкi, якiя супраць панства выстаўляюць мужыцтва, сялянства, як сiлу, роўную паном, сiлу, якая павiнна атрымаць належнае ёй месца ў жыццi краю.” I вось Мацей Бурачок выступае ў лiтаратуры са свядомым нацыянальным ідаалам. “... Яго захоплiвае iдэя не толькi палiтычнага i сацыяльнага вызвалення “простага” народу, але i нацыянальнага. Яго “праўда” – абшырнейшая, чым “праўда” Яськi з-пад Вiльнi: яна абнiмае i алямент свядома нацыянальны.” “... Ён першы развярнуў у сваiх творах гэткую шырокую праграму, паставiўшы сабе галоўнымi мэтамi: прабуджэнне ў мужыка самапашаны, пачуцця сваёй чалавечай i нацыянальнай годнасцi i вартасцi... Ён першы абвяшчае самаўцэннасць нацыянальнасцi i мовы беларускай.”

Такiм чынам, беларуская нацыянальная гiсторыя нараджаецца лiтаратурна i вынiкае не з мiнуўшчыны як свядомае пераемнiцтва, а з сённяшняга дня – з дня, у якiм адбываецца свядомае беларускае тварэнне духу. У гэтым тварэннi сённяшняму дню, сучаснасцi надаецца над’звычайнае значэнне – значэнне нацыянальнага дойлідства.

Нацыянальная цяпершчына – першы прытулак беларускiх лiтаратараў у гiстарычным бесчасоўi: па-за спiнаю забыццё, перад вачыма – незьяснёнасць. Цяпер паўстае як раальнасць без традыцыi, раальнасць, якая не ўтвараецца нацыянальна-гiстарычна, а вынiкае з сённяшняга сябе; мiнуўшчына вынiкае з нацыянальнае сучаснасцi, а не сучаснасць з нацыянальнае мiнуўшчыны: свядомасць гiстарызуецца акурат у цяпершчыне i, разумеючы сённяшнi дзень як самы напорны момант у гiсторыi, зачынае з яго сваё развіццё ў два бакi – ва ўчора i ў заўтра, якiя цягам таго, як сягае iх гiстарызаваная свядомасць, афарбоўваюцца нацыянальна, збеларушваюцца. У такiм адмысловым лiтаратурным вытварэннi хады падзеяў аснову беларускае мастацтванароджанае гiсторыi складаюць факты-прататыпы, якiя ажываюць у часе iхняга сакральнага адухаўлення. Гэтае “змякчае” ўражаннi ад падзеяў, пераводзiць iх з галiны непасрэдна жыццёвае ў галiну жыццёва-філасоўскую, што абварункоўвае пэўную гiстарычную “памяркоўнасць”. Такiм чынам, напрыклад, традыцыя нацыянальнага поклiчу ў беларускай лiтаратуры – гэта хутчэй пошук фiласоўскi, мастацкае светаспасцiжэнне, сакральнае вытварэнне рэчаiснасцi, чымся канкрэтная прапанова, звернутая да канкрэтных людзей: нацыянальны поклiч звернуты да мастацкавобразнага народу, а не да тых насам’iстых “цёмных” сялянаў, якiх аббеларушвае, абнацыянальвае, адухаўляе беларуская лiтаратура на пачатку ХХ стагоддзя; нацыянальнае ў маладой беларускай лiтаратуры – трансцандантальны вобраз, якi бясконца пашырае, глыбiць гiстарычная свядомасць.

Калi гiстарычнае iснаванне нашых суседзяў адбываецца згодна з “формулаю” “змяняючы свет, мы змяняемся самi”, дык беларуская лiтаратура развiваецца паводле собскае “мадэлi” – “змяняючы сябе, абнацыянальваючы сябе, мы змяняем свет”; у гэтым выпадку нацыянальны поклiч у роднай лiтаратуры – гэта ў першы чарод зварот да ўласнае душы, заклiк да нацыянальнага самаўдасканалення. У такой беларускай мастацкавобразнай гiсторыi паняцце цяпершчына набывае iншае адценне, не гэткае, як у гiсторыi суседнiх народаў, – асансаваная нацыянальна беларуская цяпершчына робiцца як бы пунктам адлiку гiстарызацыi часу; у гэтай нацыянальнай гiстарызацыi рэчаiснасцi не цяжка заўважыць адную дужа адметную асаблiвасць. То лiтаратурнасць, сакральная мастацкасць беларускае гiсторыi. Цяпершчына ў мастацкай творчасцi азначае сабою першаснасць, пачатак, духавыяўленне. Для чыста гiстарычнага разумення цяпершчына – то працяг мiнулага. Каб цяпер гiстарычна ўзнiкла, патрэбнае гiстарычнае ўчора. У мастацкай творчасцi гэткай учорападставы няма: цяпершчына зьяўляецца падставаю для самой сябе, яна не лучыцца нi з чым гiстарычна, бо яна – натхненне. Гэтае натхненне i запаляе лiтаратараў; натхненне, творчы сённяшнi дзень выспельваюць нацыянальныя гiсторыю, мiнуўшчыну i будучыню беларусаў; нацыянальныя мiнуўшчына i будучыня прыходзяць на Беларусь праз творчасць мастакоў-лiтаратараў. Кажучы словамi таго ж Антона Луцкевiча, “далёкая мiнуўшчына злiваецца ў iх (у беларускiх паэтах – заўвага да цытаты) з сягонняшнiм днём i працягваецца ў далёкую будучыну. У iх выяўляецца цэльнасць гiстарычнага iстнавання беларускага народу.”