Ёсць фяномен беларускага мастацкага ўзвышэння. Народжаны ён у вынiку лiтаратурнага тварэння беларускае гiсторыi, у вынiку глабальнага вытварэння мастацкага вобразу гiстарычнага беларуса. Бязмежны нацыянальны вобраз надае беларускай мастацкавытваранай гiсторыi ўласцiвасць iмкнуць па-за межы сябе, бясконца шырыць межы свае творчае магчымасцi, цi iначай – уласцiвасць трансцандантальнасцi. Гэтая асаблiвасць вынiкае з самой iдэi творчасцi, з неўтаймоўнага бязмежжа духавання; i беларускi гiстарычны шлях – заўсёднае мастацкае ўзвышэнне над ужо мастацкастворанай рэчаiснасцю.
Разгледзім гэтае на прыкладзе творчасцi Янкi Купалы i перадусiм зробiм невялiчкi экскурс у мiнулае ды прыгадаем даўняе палямiчнае выказванне Алега Лойкi, звернутае да Рыгора Бярозкiна. Для нас у гэтай спрэчцы найперш iстотнае тое, што ў ёй выяўна акрэсленая iдэя мастацкага ўзвышэння над рэчаiснасцю. У сваёй працы “Беларуская паэзiя пачатку ХХ стагоддзя” Алег Лойка пiша: “Тэзiс, з якога сыходзiць i якi неаднойчы паўтарае Р. Бярозкiн, гучыць так: “Купала ўзнiмаўся разам з народам, а не iшоў да яго, як гэта можна сказаць пра заснавальнiкаў iншых лiтаратур”. На першы погляд, крытык нiбы мае рацыю: Купала сапраўды ўзнiмаўся разам з народам, але якiм чынам? Купала стаў, напрыклад, – успомнiм вобразны выраз Гарэцкага, – “як вярхоўны жрэц, з нязвыклым натхненнем малiцца сонцу”. Дык што – на такую ж ступеньку ў сваiм развiццi ўзняўся народ? I цi можам мы сцвярджаць наогул, што працэс фармiравання нацыянальнай свядомасцi ў даравалюцыйнай Беларусi настолькi ўзняўся, што Купала быў толькi яго выразнiкам, а не будзiцелем, фармiравальнiкам?” Ва ўзнятай Рыгорам Бярозкiным i Алегам Лойкам праблеме не цяжка заўважыць адную з характэрных супярэчлiвасцяў беларускага быцця: неадпаведнасць беларускае гiсторыi ў дачыненнi да самой сябе. Iначай кажучы, навiдавоку пярэчанне памiж гiсторыяй-мастацкiм вобразам i гiсторыяй-сапраўднай рэчаiснасцю, якая зьяўляецца вынiкам мастацкага вобраза, ягоным каменным адбiткам. Сапраўды, Янка Купала – выразнiк мудрага, вялiкага, нацыянальнасвядомага народу, якi, аднак, iснуецца не рэчаiсна, а вобразамастацкi, ідаальна; гiсторыя гэтага народу, ягонае нацыянальнае самасцвярджэнне, ягонае памкненне адрадзiць сваю старажытную культуру, самая старажытная культура ягоная – неабсяжны, расхваляваны мастацкi вобраз; гэта ўнутраны свет самаго Янкi Купалы. Такiм чынам, развiваючыся, iдучы да вышыняў свае творчасцi, паэт, вядома, развiваецца i iдзе разам са сваiм унутранавобразным, унутранасветным народам; народ гэты, ягоная свядомасць – трансцандантальныя, як самая творчасць Духу. Аднак жа пры гэтым ёсць яшчэ рэчаiсная выява гэтага народу, якая анi ў якай ступенi не адпавядае мастацкавобразнаму, ідаальнажывому, сакральнаасветленаму народу. I гэтая неадпаведнасць беларуса да беларуса, чалавека-адбывальнiка да чалавека-духоўнiка – характэрная рыса беларускага фенамянальнага свету. Яна i праявiлася сутыкальным каменем у спрэчцы Алега Лойкi з тэзiсам Рыгора Бярозкiна. Так, Янка Купала ўздымаецца як прарок-абуджальнiк над цёмным, забiтым “тутэйшым” народам-рабом, якi iснуецца ў вакольнай рэчаiснай гiсторыi; i ўадначассе Янка Купала зьяўляецца выразнiкам вялiкага, духаасветленага народу, які iснуецца нароўнi з расчуленай душою паэта ў гiсторыi мастацкавобразнай. Пры гэтым заўважым, што тое Купалава ўзвышэнства яшчэ не ёсць у поўнай ступенi нацыянальная мастацтватворчасць; то ўсяго першы крок-узвышэнне. Мы можам гаварыць пра ўзвышэнства Вiнцука Дунiна-Марцiнкевiча цi пра ўзвышэнства Яна Чачота, але яно сапраўды знаходзiцца на ўзроўнi iлюстравання, “выразнiцтва” “тутэйшасцi”. Янка Купала ж – выразнiк высокаадухаўлёнага народу i, апрача гэтага, ён узвышаецца над “тутэйшасцю” як фармавальнiк гэтага свайго ўнутрыдуховага народу, выразнiкам якога ён зьяўляецца. Калi дабагушэвiчаўская лiтаратура дае адно малюнкi з жыцця негiстарычнага народу, дык Янка Купала адухаўляе гэты “тутэйшы” народ беларушчынаю, ствараючы мастацкi вобраз наванацыi. Гэта, як мы ўжо сказалi, першы крок у Купалавым узвышэнстве.
Другi крок – то ўжо не ўздым над рэчаiснай “тутэйшасцю”, а ўзвышэнства над самiм мастацкагiстарычным вобразам народу, створаным лiтаратураю i ўрэчаiсненым наяве. Тлумачыцца гэтае ўрэчаiсненне тым, што беларуская мастацкавобразная гiсторыя адбываецца не толькi праз абуджаную душу-творчасць пiсьменнiка, але ж i праз мастацкую сакральную сутворчасць чытача. Iначай кажучы, праз мастацкае слова, звернутае да людзей, “тутэйшыя”, найбольш сакральначынная iхная частка, абуджаюцца i прыходзяць у тую нацыянальную гiсторыю, якую стварыла i стварае беларускае думнiцтва. Яны прымаюць мастацкi вобраз народу, пялёхнуты з сакральна абуджаных грудзей мастакоў; яны праз напiсанасць вобразаўяўляюцца ў рэчаiснасць, пражываючы сабою беларускi мастацкi свет. Пра гэтае мы знойдзем характэрную заўвагу Максiма Гарэцкага ў аповесцi “У чым яго крыўда?” Гярой твору Лявон Задума – як бы рэчаiснае ўвасабленне беларускае мастацкае iдэi-гiсторыi; мастацкiя кнiжкi “Песнi-жальбы” Якуба Коласа i “Жалейка” Янкi Купалы перавяртаюць ягоны ўнутраны свет, прыводзяць яго да свядомай беларушчыны; Максiм Гарэцкi наконт гэтага заўважае ў сваёй аповесцi: “...Гэтыя-то кнiгi многiх той парою зусiм збiлi з даўнага тору, а некаторых, прынамсi, звялi з яго на ўбочныя дарожкi i пацягнулi iхнае блуканне на тых убочынах на значна большы час, як тое магло быць у перадгэтую апоху”.
Пра гiстарычную чыннасць паэта-адраджэнца гаворыць Якуб Колас у сваiм вершы “Песняру”; аўтар уважае пяснярскую творчасць за сакральнае тварэнне свету праз абуджэнне сакралу ў душах сутворцаў-слухачоў. Якуб Колас паатычна звяртаецца да песняра як да духоўнага пераўтваральнiка быцця са словамi:
А той мут, што жыццём называем,З гэтае нагоды ёсць што сказаць i Максiму Багдановiчу; у вершы “Песняру” ён таксама звяртае ўвагу на паатычнае рэчаiснатварэнне быцця, на псiхiчную манiпулятыўнасць верша, у вынiку якой сакральна пераўтвараецца сутворца-чытач:
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзейПраз паяднанне ў сакральным вобразе думнiкаў i чыннай часткi народу шырыцца беларускi рух, гiстарызуецца свядомасць “тутэйшых”. Пра гэтую лучнасць людзей i творцаў народу чытаем у вершы Янкi Купалы “Наш летапiсец”, якi прысвечаны паэтам беларускаму гiсторыку Ўсеваладу Iгнатоўскаму. У вершы абсалютызуецца творчая роля нацыянальнага летапiсца, якi праз сваю сакральную дзейнасць нараджае беларускi гiстарычны свет, “творыць творы”, “вызначае шлях наперад – дзе кудой iсцi нам лепей”. У вынiку гэтага мастацкага светанараджэння адбываецца вобразаўяўленне людзей ў навасвет.
I ўзбуялi нашы людзi,Паяднанне ў мастацкай творчасцi, калi мастакi стварылi нацыянальны вобраз народу, а людзi, у тым лiку i самi мастакi, увасобiлiся ў гэты вобраз, можа сведчыць за свядомае гiстарычнае быццё беларуса. Яно разгортваецца напоўнiцу дзесь ад пачатку стагоддзя, ад таго часу, як, кажучы словамі Аляксандра Ўласава, “гарачыя, цяжкiя i афярныя даты ад 1906 г. у Вiльнi, калi беларускi рух трэба было цягнуць за валасы, прайшлi. З крынiцы, ручайка, ён зрабiўся ракой, каторая рабiлася ўсё магутней i пiталася ўлiвамi шырэйшых мас”. I ў гэтым разе мы i сапраўды бачым, як гiстарычная частка народу ўзнiмаецца над “тутэйшасцю” разам з песнярамi. Аднак якраз гэтае ўвасабленне народу ў напiсанасць як бы “прызямляе” творцу, прыраўноўвае яго да агулу. Вось у гэтым выпадку мусiць адбывацца i адбываецца яшчэ адзiн уздым – другi крок-узвышэнства; калi створаная духоўнiца пераўвасабляецца ў народнае жыццё, народапражываецца, робiцца масавай зьяваю, пясняр вымушаны ўзысцi над гушчамi, пялёхнуць з сябе на адухаўлёны праз мастацтва “натоўп” новы i больш магутны воплеск Беларускага Духу. Таму нездарма беларуская нацыянальнасвядомая лiтаратура ад самага пачатку спрабуе выйсцi па-за свае ж межы, адначасна зьяўляючыся i мастацтвам, i рэчаiсным прататыпам новага духатварэння – у гэтым выяўляецца трансцандантовасць вобразнай беларускай гiсторыi-рэчаiснасцi.
Купалава другаўзвышэнства на пачатку ХХ стагоддзя бачыцца акурат у нязменным стваральнiцтве. Янка Купала – выразнiк народу, які ён сам стварае, фармуе i клiча ды вядзе за сабою “з цемры да святла”. Гэтае заўсёднае паяднанне з народам i ўзвышэнства над iм адбываецца ў Купалавай творчасцi праз пачаткаванне новых тэмаў, настрояў, iдэяў, праз філасоўскае асансаванне iх. Ізноў звернемся да назiранняў Алега Лойкi, якi, як бы працягваючы гаворку пра беларускае паатычнае ўзвышэнне, гаворку, што распачалася у палемiцы з тэзiсам Рыгора Бярозкiна, заўважае ў ранняй паэзii Янкi Купалы, на нашу думку, заканамерную асаблiвасць беларускага трансцандантальнага шляху-гiсторыi.
Тэзiс, што ў купаллi “выяўлена “двайная гiсторыя” чалавека – i тып “з сацыяльнай гiсторыяй” i iндывiдуум “з асабiстай гiсторыяй”, мы можам праўна перанесцi на ўсю беларускую гiсторыятворчую лiтаратуру пачатку ХХ стагоддзя i на ўсю беларускую мастацкавытвараную гiсторыю, для якiх пошук нацыянальнага я ёсць блуканне памiж сваiм i агульным. Пры гэтым лёгка ўбачыць, што iндывiдуальнае ў беларускiм разуменнi гiстарычнасцi знаходзiцца заўжды ў пярэчаннi тыповаму – урэшце гэтае i ёсць перадумова трансцандантальнага, вечнатворчага мастацкага вытварэння i спасцiжэння свету. Не цяжка заўважыць, што шлях беларуса ў сваю нацыянальную гiсторыю – гэта акурат сыход ад агульнае “сацыяльнае” гiсторыi да гiсторыi “асабiстае”, псiхiчна абумоўленае, ад “тыповага” да “iндывiдуальнага”, ад чужога да свайго. Тыповае ў гiсторыi на Беларусi бачыцца лiтаратарамi як чужацкае, якое iмкнецца сцерцi адметныя iндывiдуальныя рысы маладога беларускага народу. Янка Купала ў вершы “Роднае слова” жыццё беларуса ў “тыповай” гiсторыi, у рэчышчы чужое культурнае традыцыi ўважае за “лямку беспрасвецця”, якую цягне беларус, гэтак заняпаўшы, што “аж не нашай наша бацькаўшчына стала”; каб яна зрабiлася “нашай”, патрэбны iндывiдуальны, беларусавыяўлены чын, свядома процiпастаўлены “агульнай” чужынскай рэчаiснасцi творчымi нацыяналамi; таму паэт i гаворыць:
I радзiмым словам, рукой мазалiстайДобрым узорам гэткага ўзаемапрасякнення i ўзаемапроцiпастаўлення ў лiтаратуры тыповага (агульнага) i iндывiдуальнага (асабiстага) можа быць развiццё самой лiтаратуры, iдэi якой, нарадзiўшыся як iндывiдуальная астэтыка, шырацца, робяцца зьяваю масавай. Гэта таксама прыклад сакральнага тварэння рэчаiснасцi, калi сакрал мастацтва пераiсточваецца ў рэчаiснасць, а лiтаратура-дзея, лiтаратура-тварэнне – у лiтаратуру-прадмет, лiтаратуру-кантэкст. Мы бачым, як мастацкая iдэя гiстарызму Максiма Багдановiча, Максiма Гарэцкага, Вацлава Ластоўскага, Антона Навiны, Янкi Купалы, Якуба Коласа i iншых яскравых аўтараў-iндывiдуалiстаў знаходзіць рэчаiснае пацверджанне ў самiм лiтаратурным працэсе – у масавай лiтаратуры пачатку ХХ стагоддзя: iндывiдуальная вобразная астэтыка нашых першых песняроў знаходзiць рэчаiснае пацверджанне ў новых творцах, якiя сабою “напаўняюць” фiзiчна, раальна вобразы сакральныя, мастацкiя.
Мы бачым, як маладыя ўлiвы раальна, гiстарычна напаўняюць сабою сакральныя вобразы першае мастацкае беларушчыны i, напоўнiўшы iх, зьяснiўшы, развiваюць iх у сваёй творчасцi. Такiм чынам, адбываецца далейшая гiстарызацыя свядомасцi, дый самая гiсторыя беларускай лiтаратуры. Напрыклад, творчасць Сяргея Палуяна – гэта ўжо не проста сакральны чын мастака-адраджэнца, а адначасовае пражыванне сабою сакральнае беларушчыны, народжанае мастакамi-папярэднiкамi, i вобразная новасакралiзацыя створаных iмi святынь; нарыс “З нашага жыцця”, артыкулы “Пра нацыянальную школу на Беларусi”, “Беларуская вечарынка” – яскравы ўзор гiстарызацыi свядомасцi, выпрацоўка прынцыпаў сакральнае беларушчыны ва ўлоннi самой сакральнае беларушчыны.
Тое ж, i яшчэ ў большай ступенi, можна сказаць пра творчасць Канстанцыi Буйло i пра яе зборнiк “Курганная кветка”; астатычныя пошукi паэткi падлеткавага ўзросту – гэта рэчаiснае ўвасабленне ў святыя беларускiя мастацкiя вобразы, рэчаiснае жыццё ў тых вобразах i разам з тым новасакральнае гучанне тых вобразаў; гэта ўсё тая ж сакральная дзея “ва ўлоннi”, што i вытварае раальны беларускi гiстарызм. З аднога боку мы змецiм у зборнiку “Курганная кветка”, кажучы словамi Алега Лойкi, “водгукi сумлiвых песень “Жалейкi” Я. Купалы, “Песняў-жальбаў” Я. Коласа, асаблiва коласаўскiх зваротаў да вобразу ветру – “брата па долi”, ды “хапае ў кнiзе i агульных для перадавой будзiцельскай беларускай паэзii заклiкаў-перапеваў”, але “сярод вершаў выразнага грамадзянскага гучання ёсць у зборнiку i цалкам арыгiнальныя па вобразах i тэме”. “Цалкам новыя вобразы i матывы ў беларускую лiтаратуру пачатку ХХ стагоддзя несла К. Буйло сваёй iнтымнай лiрыкай. Ёю менавiта пачата ў роднай лiтаратуры так званая дзявочая паэзiя.” Канстанцыя Буйло, працягваючы традыцыю, засноўвае яе: жанадаргiзм Цёткi скiраваны болей супраць сацыяльнага прыгнёту, царызму – жанадаргiзм Канстанцыi Буйло выразна грунтуецца ўжо на створанай першымi лiтаратарамi нацыянальнай мастацкай астэтыцы, якая мае на ўвазе абавязковую прысутнасць у творчасцi свядомага нацыянальнага беларускага ідаалу. Гэтым ідаалам прасякнутыя ўсе вершы Канстанцыi Буйло, гэты ідаал лiрычна развiты паэткаю, праспяваны ёю хвалёўна, чула, беларусатворна:
Да працы, гэй, браты!Або:
Гэй, ўсе да работы!Пачатак лiтаратурнага лёсу Канстанцыi Буйло вельмi падобны да лёсу Жаны Дарг: у змрочны, безвыходны для нацыi час свядомы чын дзяўчыны маладога веку бязмежна ўзвысiў гэтую нацыю; праўда, у рознiцу ад Жаны Дарг, якая ўзначалiла паход на абложны Арліян у семнаццаць гадоў, Канстанцыя Буйло свой першы верш надрукавала ў “Нашай Нiве” ў дзесяцігадовым веку, свой праграмны верш “Люблю”, прасякнуты шчырай любоўю да бацькаўшчыны i патрыятызмам, – у дванаццаць гадоў, свой першы зборнiк – у пятнаццаць. Бадай што, з гэтага жыццёвага, рэчаiснага ўвасаблення маленькай дзяўчынкi ў сакральныя вобразы беларускага рэчаiснатворнага мастацтва, з гэтага шчырага новасакральнага тварэння ў тых вобразах развiваецца, сталее традыцыя жанадаргiзму ў роднай лiтаратуры: мужнасць, ахвярнасць, патрыятызм – лепшыя рысы нацыянальнае жаночае паэзii, адметнымi прадстаўнiцамi якой зьяўляюцца Наталля Арсеннева, Ларыса Генiюш, Данута Бiчэль-Загнетава, Вольга Iпатава, Яўгенiя Янiшчыц, дый шмат якiя нашы нацыянальныя паэткi.
Гэткае ж сакральнае вобразаўвасабленне мы ўбачым у М. Арла. Ягоныя артыкулы “З нашага жыцця”, “Што гаворыць п. Мачульская аб беларусах i iх нацыянальным адраджэннi”, “Да беларускай моладзi”, “Аб нашай песнi” сведчаць пра адданае жыццё ў народжаных мастацтвам вобразах. М. Арол прыходзiць у лiтаратуру, як i Канстанцыя Буйло, у 1909 годзе, калi беларуская гiсторыя ўжо даволi акрэслiлася ў святых вобразах мастацтва, i, як кожны неафiт, ён пачынае шчыра, аддана пражываць гэтыя вобразы; адсюль i паэзiя М. Арла – навеяная вобразамi неўтаймоўнае сакральнае творчасцi Якуба Коласа ды Янкi Купалы; уплыў гэтых вобразаў заўважыць не цяжка:
Гэй ты, цёмны люд бяздольны,I разам з тым жыццё ў гэтай сакральнай мастацкай рэчаiснасцi нараджае шчымлiвыя, новасакральныя, непаўторныя ў сваёй iндывiдуальнасцi творы; вось паэтавы радкi пра здраду беларуса сваёй бацькаўшчыне, прасякнутыя глыбокаасабiстым болем:
Сэрца ад гневу маё разрываецца,Урэшце можна прывесцi храстаматыйны прыклад жыццёвага ўвасаблення ў сакральны вобраз – фенамянальны прыход у беларускую лiтаратуру Максiма Багдановiча; рэчаiснае ўцелаiсненне ў святы мастацкi вобраз спараджае новы выбух сакралу – Багдановiчава паатычнае тварэнне нацыянальнага свету. Прыйшоўшы ў беларускi свет, прыняўшы святы мастацкi вобраз, паэт трансцандантальна пашырае гэты вобраз. Максiм Багдановiч яшчэ ў 1911 годзе самаўсвядомлена гаворыць пра гэтае трансцандантальнае святое беларусатварэнне ў лiтаратуры; у сваiм артыкуле “Глыбы i слаi” ён пiша: “Прыглядаючыся да навейшай беларускай пiсьменнасцi, можна лёгка прыкмецiць адно цiкавае i карыснае зьявiшча. Яе аднакалёрны слой, што злiўся з сотняў пiсьменнiкаў – наследнiкаў Багушэвiча, найчасцей знiкаўшых пасля аднаго цi двух твораў, – гэты слой стаў патроху дзе-нiдзе сцясняцца, у iм зьявiлася колькi ядзер, сабраўшых у сябе ўсю яго яркасць, з кожным годам усё болей узрастаючых i ў сваiм развiццi прымаючых больш-менш асабiстыя колеры. Значэнне гэтага руху вельмi важнае, бо толькi пры iм лiтаратура мае змогу не таптацца на адным месцы, а расцi ўшыр i ўглыб. Не трудна зразумець, чаму гэта так. Усякi выяснiўшыйся, абасобнiўшыйся пiсьменнiк хоць бы праз адно гэта стаiць на крок уперадзе пiсьменнiкаў-аднаднёвак, вабiць iх сваёй яркасцю, як аганёк матылькоў, i, прывабiўшы, гуртуе вакол сябе, творыць лiтаратурны кiрунак. Так, у руху развiцця пiсьменнасцi адкладаюцца новыя наслаеннi – пад колер тых глыб, што яркiмi плямамi ўрэзалiся ў iх”.
Такiм чынам, з гаворанага вышэй бачна, што масавы прыход у нацыянальнае мастацтва новых лiтаратурных сiл з аднога боку гiстарычна ўрэчаiснiвае сакральныя выбухi Беларускага Духу, а з iншага ўзмацняе гэтыя выбухi, робiць iх яшчэ больш святымi. Менавiта праз гэтыя працэсы – урэчаiсненне мастацкага вобразу i ягоную новасакралiзацыю – адбываецца гiстарызацыя свядомасцi беларуса.
Нацыянальная мастацкая лiтаратура як аснова нашага гiстарычнага чыну прыводзiць “тутэйшых”, масы да свайго, да iндывiдуальнага – беларускасцi. Мастацтва разняволiла беларуса, дало яму неабмежную творчую свабоду. Дзякуючы гэтай свабодзе беларус можа агораць усё: ён перамагае сваю неiстапраўднасць у раальным свеце, сваю “адсутнасць” у свядомасцi iншых народаў, сваю негiстарычнасць ва ўласным сэрцы, сваё чужэнства ў навакольнай рэчаiснасцi. Менавiта гэтае ўнутранае пярэчанне самому сабе – супярэчлiвасць мiж рэчаiснапрыняволеным сабою-тыпажом i духавызваленым сабою-iндывiдуальнасцю – абумоўлiвае ўсё далейшае вытварэнне мастацтвам нацыянальнае гiсторыi i ўсё далейшае станаўленне нацыянальнае гiстарычнае свядомасцi беларуса. На руiнах тыповага нараджаецца праз маладую лiтаратуру свет беларускiх псіхічных фяноменаў, якiя якасна трансфармуюць гэтае тыповае i сакральна, творча развiваюць яго ў сваё, асабiстае – iншымi словамi, адбываецца лiтаратурна-мастацкае асваенне мёртвай, чужынскай рэчаiснасцi-матарыялу жывой і творчай душою.