Цвёрды позірк блакітных вачэй былога дырэктара школкі Максіма Крывулькі мякчэў і рабіўся вадкі ад слязінаў, што збіраліся па-за вейкамі, твар выцягваўся, таму што барада ехала ўніз разам з тоўстаю губою — гэтак разяўляўся ягоны рот, поўны зубовых пратэзаў, якія ўставілі без чаргі па спецыяльным мандаце ад аддзела народнае адукацыі гарадка. Надта ж непрыемна было чуць Максіму Крывульку імя Веранікі Аркадзеўны Базар! Менавіта праз яе ён мусіў пайсці з пасады дырэктара школы, і таму вельмі хваляваўся, калі хто-кольвек пры ім распачынаў размову пра гэтую высокую, з напоўненымі, быццам барылы, грудзямі, з глыбокім голасам, самаўпэўненую жанчыну. От трэсла Максіма Крывульку, от круціла.
Раней жа былы дырэктар школкі, якая ў гарадку атрымала кароткае найменне «№ 1», быў памяркоўны з характару. У ягоным жыцці рэдка здараліся істотныя перамены, якія б выклікалі пакуты ці сумненні — нат ажаніўся Максім Крывулька, усё як след узважыўшы. Дырэктарам зрабіўся спакваля, пачаўшы працаваць у школцы настаўнікам геаграфіі. Дырэктарскай пасадаю, якую яму даверылі ў аддзеле народнае адукацыі, вельмі ганарыўся. Ён лічыў, што дасягнуў сваёй мэты ў жыцці, і часта думаў пра людзей, якія паміралі на значна ніжэйшых прыступках грамадскае лесвіцы ды нічога не дасягалі. Разважлівы характар даў Максіму Крывульку шмат: як настаўніку — любоў да дзяцей, як дырэктару — уменне разумець калег і пазбягаць з імі сварак. Праз сваю прыроду ён не мог ненавідзець ды канфліктаваць, а таму быў чалавекам з сэрцам і са шчырай душою.
Зрэшты, існавала ў ягоным жыцці адно захапленне. Максім Крывулька прыахвоціўся да малявання. Ён быў партрэтыстам-самавукам і намаляваў шмат партрэтаў. То былі выявы слынных навукоўцаў, літаратараў, вайскоўцаў, мастакоў, спевакоў, кампазітараў, палітыкаў, а таксама членаў палітбюро і ўраду. Партрэты, па задуме мастака, мусілі ўпрыгожваць калідоры школкі і граць выхаваўчую ролю.
Неяк у школку на бяду Максіма Крывулькі завітала Вераніка Аркадзеўна Базар. Яна прыйшла, каб пацікавіцца, з якімі думкамі жывуць педагогі, што іх хвалюе ды якія маюцца праблемы. Разам з Веранікай Аркадзеўнай Базар прыйшоў участковы Байда. Ён меў сабе на мэце паглядзець, як выконваюцца ў школцы правілы пажарнае бяспекі ды ці добра робіць сігналізацыя ў класе вайсковага навучання. Максім Крывулька павёў гасцей па калідорах, паказваючы, якім чынам ён аформіў школку.
— Вось тут я палітбюро змясціў,— распавядаў дырэктар,— а тут у нас славутыя ваяводы. А вунь там класікі марксізму-ленінізму.
Сэрца ў Максіма Крывулькі натхнёна трымцела — ён жа паказваў уласныя творы. Мусіць, адмысловая выстава падабалася Вераніцы Аркадзеўне Базар, бо яна колькі разоў паўтарыла:
— Ай як гожа! Ай як добра!
Байда ў тым часе ішоў ззаду і шныпарыў вачыма па столі — глядзеў, каб добра мацавалася электраправодка. Каля класікаў марксізму-ленінізму яны супыніліся. Вераніка Аркадзеўна Базар паўзіралася трохі, а потым запыталася:
— А побач з класікамі хто? Што там за галерэя пайшла?
— То розныя мастакі,— адказаў Максім Крывулька.
–– Мастакі? Цікава. А той першы, гэта хто?
Максім Крывулька крыху пачырванеў. То быў ягоны аўтапартрэт, але чамусьці Вераніка Аркадзеўна Базар не пазнала ў выяве дырэктара.
— То мастак,— сціпла ўсміхнуўшыся, адказаў самадзейны творца.
— Я разумею, што мастак. Як яго імя?
— То я,— адказаў ён і яшчэ болып сціпла ўсміхнуўся.
— Вы?! — Чорныя бровы Веранікі Аркадзеўны Базар спаўзлі на нос. — Ды як вы маглі гэткае ўчыніць! Вы, шмакадзяўка! У вас нават патрэбнае адукацыі няма, каб маляваць партрэты знакамітых ды велічных асобаў! А маральнае права? Ці можа яно ў вас быць, калі вы на такія ўчынкі здатныя? Сёння пачцівых людзей ганіце, а заўтра на што наважыцеся? Не-э. Не ведаю, хто вас у дырэктары вылучыў. Усё зраблю, каб і духу вашага на гэтай пасадзе не было.
Максім Крывулька разгубіўся. Яму зрабілася боязна за свой лёс. Ён, бы ў тумане, убачыў, як сыходзіла па шырокім калідоры Вераніка Аркадзеўна Базар, і яму захацелася ўкленчыць і голасна скалануць школьную цішыню:
— Даруйце мне! Я памыліўся! Я болей гэтак не буду!
Ці то сілы ў яго не набралася, ці то сорамна было прасіцца, ды толькі сціснуў ён свае пратэзы ў роце ды пракаўтнуў сліну. А ў калідоры прагучаў голас участковага Байды. Ён гмыкнуў і прамовіў, сыходзячы ўслед Вераніцы Аркадзеўне Базар:
–– Ну, ты й шкет марнованы, аказваецца.