Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Саўкава пятка

Нешта сядзела пад пяткаю ў вялізазнага, угадаванага дзецюка Саўкі Ўласіка. Шаптала адтуль ціха, ледзь чутна: «Глядзі, Саўка, адаб'юць табе пячонку». Голас з-пад пяткі гучаў гэтак часта і гэтак упарта, што хлопец забаяўся.

Ён змеціў неўзабаве, што ўвесь сусвет супраць яго: пячэ злымі позіркамі гарадкоўцаў, цкуе раз'юшанымі словамі, крыўдзіць, абражае... Чужачы сусвет, не з Саўкавага агарода. «Чаго мне ўсцерагацца? — пытаўся ў сябе Саўка. — Я аграмадны і дужы дзяцюк, а вакол мяне столькі кволых стварэнняў, якія ніколі і нічога не баяцца... Дык з чаго мне хвалявацца?» Аднак голас з-пад пяткі страшыў: «Аёй, аёй, каб жа, братка, не было бяды! Глядзі, каб хаця цэлая была твая пячонка». І Саўка падазрона заглядаўся на сусвет: калі дзе ішоў папоцемку, ён азіраўся па баках, яго насцярожвалі ўсялякія нечаканыя гукі, і ў кожным чорным цені ён бачыў трывогу.

Калі Саўка закахаўся ў Светку Табалу, голас гэты спачатку біўся ў чаравіку звар'яцелым вераб'ем, а потым аціх — чаго калаціцца, калі цябе не хочуць чуць. Саўка сапраўды нібы аглух. Не хацеў ён слухаць нічыёй рады.

Ён саромеўся загаварыць са Светкаю, але аднойчы наважыўся і — пазнаёміўся. Яна была маленькая і худая. Яна болып маўчала, чымся гаварыла, а Саўка таксама ў ляскат не ўлягаў, і яны часцяком гулялі, не гаворачы анічога — маўчалі ды марылі.

Аднак неяк раптам — ні села ні ўпала — Светку пакахаў Генік Салавей. Ён быў такі ж худы і малы, як Светка, а мо яшчэ і меншы ад яе. Генік Салавей пры сустрэчах з Саўкам люта пазіраў на яго, гэтак люта, што з-пад Саўкавай пяткі некалькі разоў віскатам азваўся страшлівы голас. Але дзяцюк паспрачаўся з тым, што было пад пяткаю, сказаўшы: «Навошта ж мне нечага баяцца. Генік Салавей вунь якая здыхата, аж нічога не баіцца. Дык навошта ж мне баяцца?»

Аднончы Генік Салавей пайшоў да Саўкі ў бойку, але нічога ў яго не атрымалася: вялізны, з кулакамі, бы галовы, дзяцюк адно раз махануў — і Геніка Салаўя з ветрам панесла. Адляцеў, бразнуўся вобземлю, падскочыў, вякнуў нешта і збег. Таго ж вечара ён узяў цагліну і з ёю падпільнаваў Саўку, як той цёмначы вяртаўся дахаты ад Светкі. Саўка ішоў і думаў, як бы ажаніцца са сваёй каханкаю. Ён не пачуў, як да яго ззаду падкраўся Генік Салавей. Ён нават не пачуў, як яму ў галаву дзёўбнулі — адно ачуўся ў шпіталі.

Участковы Байда доўга распытваў яго пра гэтае здарэнне, і Саўка сказаў, што падазрае Геніка Салаўя. Ажно той ні ў чым не прызнаўся. Пакуль Саўка лячыўся — два з паловаю месяцы,— Генік Салавей узяў ды і прапанаваў Светцы пашлюбіцца. І яны ажаніліся.

Саўка выйшаў са шпіталя нейкі дзівакаваты. Ён пачаў пісаць вершы пра каханне і аддаваць іх у мясцовую газету. Вершы друкаваліся, і хлопец заганарыўся. Ён напісаў некалькі артыкулаў пра механізатараў, і яго ўзялі ў рэдакцыю журналістам. Саўка па-ранейшаму кахаў Светку. Спачатку, калі яны сустракаліся на вуліцы, Светка не віталася і адварочвала ад яго галаву, нібы і не ведала ніколі. Аднак па часе, калі ў яе нарадзіліся хлопчык і дзяўчынка, а сама яна патаўсцела, Светка пачала вітацца. Але віталася яна пагана — са злосным і пераможным усмехам. Саўку здавалася, што для яе няма большае радасці, як смяяцца з ягоных няспраўджаных пачуццяў.

Да сарака гадоў Саўка так і не ажаніўся. Тое, што сядзела пад ягонай пяткаю, болей нічога наконт пячонкі не казала, але часам папярэджвала: «Глядзі, Саўка. Не жаніся, братачка. Досць ужо адной дзірачкі ў патыліцы». І ён слухаўся таго голасу, ведаў бо, што не падмане. Увогуле, голас болей не страшыў яго сусветам, а, наадварот, расказваў усялякія байкі. Было, гэтыя байкі гучалі і ўдзень, і ўначы, і тады Саўка купляў квіток на аўтобус ды з'язджаў куды-небудзь з гарадка. Ехаў проста так, у нікуды, у свет. Потым Саўку адшуквалі, і лекар Юркевіч яму казаў:

–– Нічога, Савачка, трохі паколем — і ўсё міне!

І яно мінала, а потым калі-нікалі зноўку з'яўлялася. Урэшце да гэтага ўсе прызвычаіліся — і ў рэдакцыі, і ў гарадку. Толькі ніхто веры Саўку не даваў, што пад пяткаю ў яго нечы голас гаворыць.

— Не ў назе, Саўка, справа. Гэта ў цябе на патыліцы тасёмкі разбэрсаліся,— казалі яму.

Чамусьці ўсялякі ў гарадку лічыў, што лепш за Саўку ведае, што можа быць і чаго не можа быць пад Саўкавай пяткаю.