Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Першы хіп

Ад дзяцінства ў Славіка Крука былі вераб'іныя вочы — скачма скакалі па гарадку, жвава і няўпынна — покі не засыналі. Ажно потым ён пакахаў сакатуху Лёдзю Карась, з якою вучыўся ў адным класе, і вочы здоўгу спыняліся на дзяўчынцы: яны зрабіліся цёплыя і светлыя. Лёдзя была хударлявая дзяўчынка з маленькім, завернутым высока ўгору носікам. Яна казала хутчэй за сакатанне шытнае машынкі і нат хутчэй за трактар. Пры гэтым у ейных словах сыкаў гук «ш», а «с» — свісцеў, а на языку ў дзяўчынкі, як той казаў, жыдкі атайбаваліся,— «р» было пустое, без косткі. Аднак да яе шмат хто заляцаўся, і аднойчы Славік нат пабіўся за дзяўчынку са сваім кашнікам Толікам Сабаленкам.

Лёдзя Карась вельмі хацела пакахаць якога-небудзь неўтаймоўнага, хвацкага хлопца і таму ўпадабала Славіка Крука. Славік быў тым чалавекам, які першы ў гарадку пачаў адрошчваць валасы не таму, што была лянота стрыгчыся ці часу не ставала, а каб напляваць на грамадства. Дырэктар школы Максім Пятровіч Крывулька, пабачыўшы гэтае, завёў Славіка ў свой кабінет, узяў нажніцы ды абамберыў хлопчыка пад гарбуз.

— У кожнага з нас свой пратэст,— растлумачыў Максім Пятровіч Крывулька.

Лёдзя адно мацней упадабала Славіка. За пакуты. Ёй спадабалася, што хлопчык шмат ведае пра хіпаў і што ён апантаны ідэяю напляваць на ўсе астатнія ідэі. Праз каханне дзяўчынкі Славік пачуваўся за дужа шчаслівага чалавека. Ягоны позірк яшчэ больш святлеў ды грэў сяброў і знаёмцаў. Каб яшчэ больш падабацца Лёдзі, Славік абрэзаў нагавіцы на два пальцы вышэй ад чаравіка — тады гэта была ў гарадку сама мода. Хлопчык папрасіў бацьку і маці купіць яму чырвоныя шкарпэткі.

Праз чырвоныя шкарпэткі Славік разлічваў цалкам завалодаць Лёдзяю: ён жадаў дзяўчынку, але яна саромелася нават цалавацца. Бацькі пашкадавалі яму грошы. Ён падаўся з просьбаю да сваёй цёткі Волькі. Аднак і цётку Вольку жадоба ўела — не схацела яна купіць яму шкарпэткі. Тады Славік нарабіў Вольцы ўпаду — адцяў ад цётчынае чырвонае кофты рукавы. Ён уздзеў іх сабе на ногі замест шкарпэтак і падаўся на спатканне. Аднак Лёдзя і гэтага разу пасаромелася цалавацца. А цётка Волька, угледзеўшы шкоду, забедавала, пусціла слязіну ды выдыхнула скруху:

— А Славачка, а дзетачка, а што ж ты ўтварыў! Лепей бы я іх табе купіла!..

Ажно гэта была яшчэ не бяда. Як толькі скончыў школу, Славік зрабіўся сапраўдным хіпам — і валасы вылезлі на плечы, і падзёртыя джынсы абляпілі ногі, і на барадзе мяккае ахвосце зарунела. Лёдзя сказала яму, што кахае, і нат пацалавала яго. Ягоны позірк засвяціўся праз той пацалунак двума зыркімі ліхтарамі і болей ужо зусім не скакаў, адно нерухома свяціў удалячынь.

Хлопцу заманулася па-сапраўднаму плюнуць на грамадства. «Грамадства — то статак казлоў,— разважаў Славік. — От, казлы гэтыя! Бягуць сабе статкам немаведама куды, прыдумляюць сабе казліныя багі ды свой казліны лоб гатовыя разлупіць дзеля прыдуманых божышчаў. А трэба проста спыніцца пузам проці сонца і жыць сабе ў гэтым спыне. Грэцца, ды ўсё». Ён падбухторыў сябрукоў выйсці на гарадкоўскія вулкі з пратэстам: маўляў, далей бегчы не дамо рады — задыхаемся, маўляў. Славік неўпрыкмет ад цёткі Волькі скраў ейнага пеўня, і хлопцы напаілі птаха, выскублі яму хвост, пасадзілі на ланцуг і выйшлі разам з ім на вуліцу. Яны былі апранутыя ў зрэб'е. Ішлі ўпяцёх, і здурнелы галапун на ланцугу — шосты. Хлопцы як маглі абражалі грамадства. Яны крычалі:

— Казлы вы смуродныя! Спыніцеся пузам проці сонца! Не будзьце сукамі, а будзьце людзямі!

Грамадства, што сустракалася на цэнтральнай гарадкоўскай вулцы, пакутліва глытала іхныя словы. Твар у грамадства дурнеў і люцеў, барада выязджала з галавы ўперад на паўметра, варушылася, трэслася, вытрасала з рота пострахі і праклёны, заклікала «па-ставіць у рамкі» нягоднікаў, плявалася рускім матам. Гэта адно распаляла хлопцаў, і яны яшчэ горш лаялі грамадства. Покі не прыехалі на грузавіку з будкаю ўчастковы Байда, сяржанты і абыякавая, з сумам у вачах аўчарка Цэзар. Участковы схапіў Славіка за валасы і даў яму каленам пад пах. Сяржанты пабралі хлопцаў. Аўчарка Цэзар самотна кусянула мітуслівага галапуна, аж той варонаю загракаў. Увесь хаўрус прывезлі ў аддзяленне. Тамака ўчастковы распачаў следства. Ён запісваў імя, прозвішча і адрас хіпаў. Потым пачаў высвятляць, колькі хто мае гадоў. Запытаецца, пачуе адказ дый кажа:

— Сцягай штаны, хіпік ты паганы, ды кладзіся на падлогу. Буду табе, адонак ты грамадства, новыя порткі кроіць!

І шлангам з-за пляча. Колькі гадоў — столькі і навукі. Славіку гэтак наўскладаў, што той на чорную столь палез. А Толік Сабаленка прыдумаў, што яму на два гады менш, чымся на самай справе. Кажа:

— Шаснаццаць мне, таварыш Байда.

Ажно не дапамагло. Акурат на апошнім, шаснаццатым, удары ў Толіка Сабаленкі цярпенне ў жываце трэснула і вывалілася на паветра. Участковы Байда аж разгубіўся.

— От, нарабілася,— кажа. — І што зараз прыдумаць? — Задумаўся трохі дый гаворыць: — Пэўна што, забірай ты адсюль сваю радасць ды ідзі хоць у балота. Адпускаю цябе.

Толік Сабаленка падхапіўся і панёс сваё багацце ў прыгаршчах падалей ад участковага. А астатніх хлопцаў пастрыглі налыса ды — у камеру журыцца. І галапуна да іх, каб спаць не даваў. Але галапун больш за ўсіх умаркоціўся. У часе першага куракліку ягоны ашчыканы азадак пасінеў, грэбень апаў, і галапун неўзабаве назаўжды сцяў дзюбу: ці то ганьбы не стрываў, ці то зубы аўчаркі Цэзара з-пад касцей азваліся. (Калі цётка Волька даведалася пра смерць пеўня, яе як варам абварыла: мех слёзаў пасеяла, паўтараючы:

–– Пецё ты мой, пецё! Пецё ты мой, пецё! Пецечка ты мой!)

У астрозе Славік думаў адно пра Лёдзю. «Як выйду, яна ад мяне не выслізне»,— нягучна прамаўляў ён у закратаванае неба.

Адседзеўшы пятнаццаць сутак, хлопец выйшаў на волю і даведаўся, што Лёдзя болей не кахае яго, а кахае Толіка Сабаленку.

Толік Сабаленка хадзіў па гарадку ганарлівы і шчаслівы. Ледзя пакахала яго таму, што бацькі купілі яму мапед. Хлопец і дзяўчына ездзілі на мапедзе да лесу і цалаваліся тамака. Толік Сабаленка пасля гэтых сустрэчаў усхвалявана думаў: «Мая ты Лёдзечка! Нікому цябе не аддам!»

У Славіка сэрца шчымела. Ён сказаў Лёдзі, што ейнае каханне не на тым лузе асела. Хлопец распавёў, што Толік Сабаленка абгадзіўся ў аддзяленні міліцыі і што яна кахае сруля, ажно дзяўчына не паверыла яму. Яна загалгавіла на Славіка сваімі хуткімі словамі, нагрэтымі злосцю: маўляў, ейныя любошчы з Толікам Сабаленкам — не Славікава носа палоса, каб забыўся на Лёдзю і не прыдумляў усялякае брыды пра ейнага каханка. Пасля гэтых словаў Славікавы вочы пачалі чахнуць і ўрэшце зрабіліся халодныя і драўляныя. Ён пайшоў у войска, а Толіка Сабаленку не ўзялі, 6о той зрабіў Лёдзі двойню і пабраўся. Праз тое Славікавы вочы гэтак удзеравелі, што глядзелі на ўсё навобмацак, спусцела.

Ён вярнуўся з войска, і яму прызналася ў каханні Вера Аладка. Яна сказала, што даўно кахае Славіка, але ніколі яму пра тое не гаварыла, і Славік пашлюбіўся з Вераю Аладкаю. У іх з'явіліся два сыны. А Лёдзя ў тым часе нарадзіла свайго мільярднага дзіцёнка. Яна нараджала штогод, і ўсё — паўдуркаў, з зачуханым выглядам, з замаруджанымі, з глухімі, бы з зямлі, кугікамі зверанятаў. Яны падрасталі, і іх звозілі з гарадка ў школу для дзетак, слабых на галоўку. Лёдзя з Толікам Сабаленкам прапілі мапед і ўсё, што можна было прапіць. Лёдзя часта валялася п'яная каля бара, і Славік называў яе калябаранткаю. Ён сам нямала часу бавіў у бары, таму што яму ў жыцці хутка ўсё надакучала — і праца, і жонка, і дзеці,— а ў бары жыццё забывалася. Калі грошай не было, ён пытаўся іх у цёткі Волькі. А тая зараклася шкадаваць яму хаця капейку. Яна ўздыхала і, згадваючы замучанага пеўня і парэзаную кофту, выцягвала з панчошыны грошы. Аднойчы Лёдзя папытала ў Славіка, што такое калябарантка, і Славік растлумачыў:

— Здрадніца.

Ён ненавідзеў Лёдзю, яна бо была заўжды гідкая, брудная і лапатала хутка і няўцямна ўсялякай прапітай лухтою. «Забіў бы цябе, поскудзь»,— думаў Славік, калі яна гундосіла, па-сабачы зазіраючы яму ў рот:

–– Ну, дык што, хіпак, пакінь мне глыток піва.

Славік пакідаў і сыходзіў прэч. Цягаўся па гарадку п'яны і змрочны, з вачыма, якія выгнілі і глядзелі гніллём. Яму ўсе апрыкрала на гэтым свеце: і жанчыны, і дзеці, і гарадкоўскія сабакі, і ідэі. Яго не хвалявала нават жаданне спыніцца пузам проці сонца. Адзіна ненавідзеў Лёдзю — усё, што яму яшчэ падабалася рабіць. Ён чуў нейкую нез'яснёную асалоду праз гэтую нянавісць. І калі Лёдзя прасіла ў яго рубля ці глытнуць піва, яму хацелася плюнуць ёй у твар, паваліць з ног ды забрыкаць. Гэтае заўсёднае нянавісці было ў ім дастаткова, каб дарэшты не забыцца на жыццё, каб слаба думаць і трохі марыць пра лепшае.