Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Байстручынае племя

Бяда Аліны Саковіч — нізенькай, з носам-бульбінай, з рэдкімі валасамі без колеру, з пацучковымі зубкамі, з лагоднымі вочкамі дзяўчыны — у тым, што яна заўсёды доўга думала, калі гэта рабіць было неабавязкова, і зусім не думала, калі варта было хоць крыху напрэгчы мазгі.

Яна пайшла рабіць у брудную і няўтульную рэстарацыю гарадка адразу пасля школы. А дзесьці праз год ёй зрабілася блага, і пад спевы «Бэд бойз блю» дзве сяброўкі дапамаглі дзяўчыне сысці з другога паверха рэстарацыі па засмечанай недакуркамі і запляванай лесвіцы ды сесці ў «хуткую дапамогу». Гэтак во і паехала яна, стогнучы, з застоліцы ды ў радзільню.

Аліна жыла з маткаю ўдзвюх у камунальнай кватэры. Маці (непісьменная жанчына, якая ў сваім жыцці зведала шмат мужчынаў і мала што болей) часта распавядала пра тое, як Алінавы бацька палез у рэчку ратаваць малога хлопчыка ды ўтапіўся разам з ім. Але на самрэч у дзяўчынкі ніколі не было бацькі, і яна была байстручкаю.

Пра гэта Аліна даведалася ад дзеда Петрыка, які жыў у драўлянай хацінцы на вузкай вулцы гарадка ды ніколі не хацеў сур'ёзна думаць і ні пра што не турбаваўся. Яна любіла свайго вяселага дзеда і часта прыходзіла да яго. Калі была яшчэ маленькім дзеўчуком, дзед Петрык прывячаў унучку словамі:

–– Любачка-байстручачка, курачка мая.

А потым яна падрасла трохі і аднойчы запыталася ў яго, што такое байстручачка. Петрык і растлумачыў.

— Дык што, мой бацька не ўтапіўся?

— Не,— адказаў дзед,— сабакам сена косіць. Цацанкі-мацанкі, як кажуць варшаўскія жыды. Запісалі замест твайго бацькі мяне: і імя маё, і прозвішча.

От, дык яна і зазлавала на невядомага мужчыну за тое, што ён не здолеў некалі зрабіць яе прыгожаю. Калі вучылася ў школцы, дык ніхто з хлопцаў не заляцаўся да яе. 3 тае прычыны дзяўчынка надта ж крыўдавала. А во пайшла рабіць у рэстарацыю, дык ад усялякіх зухаў адбою не было. Шмат якія наведнікі рэстарацыі ахвотна пачыналі размаўляць з ёю, настойліва патрабавалі выпіць. Яна саромелася, чырванела і адмаўлялася. Бадай што, самы ўпарты яе кавалер быў дыск-жакей Ігар Клімуць, вялізны, двухметровы хлопец. Дужа хацелася пакаціць яму маладзенькую афіцыянтку. Ён чапляўся да Аліны са сваімі гаюснымі прапановамі. Але яна аднеквалася, каб не прыняць іх. А ён яшчэ болып запальваўся. Такі ўжо характар у чалавека — як уваб'ецца ў што-небудзь, дык аніколі нё перайначыш. Вочы ў яго былі рыбіныя — пукатыя. Яны ажно на лоб вылазілі, калі хлопец гаварыў:

–– Ты будзеш маёю. Рана ці позна я цябе вазьму.

Ёй рабілася страшна, і яна пачала пазбягаць дыск-жакея і закахалася ў невялікага чорнагаловага мужчыну, якому было мо пад сорак гадоў.

Яго звалі Рыгор Сянюта. Працаваў грузчыкам на мясцовым заводчыку. Ягоныя вочы глядзелі не гэтак, як звычайна глядзяць у мужчын сталага ўзросту, а сумна. Некалі ў юнацтве Рыгор Сянюта любіў думаць пра каханне, пра сваё пакаленне і пра грамадства, у якім ён рос. Яму здавалася, што каханне вызначае стан вечнае творчасці, калі чалавек без супынку прагне новых пачуццяў ды ведаў і заўжды шчаслівы ў свеце гэткіх уцехаў.

Ён кахаў пекную дзяўчыну і ажаніўся з ёю. Яна нарадзіла трох хлопчыкаў — двух чорнагаловых, як бацька, і аднога з рудымі валасамі. А потым жонка пачала клясці мужыка з усялякае прычыны. А малыя, як падраслі, нападалі на яго: шчыкаліся, турзалі за валасы, па-вар'яцку крычалі — гэткія дурныя гульні ў іх былі. Ягонае пакаленне ў тым часе пасталела і ўжо не марыла нават звычайнымі будзённымі марамі. Яно папоўніла гарадкоўскае грамадства яшчэ адным атрадам нявернікаў, людзей без мараў і сумненняў — то была выснова Рыгора Сянюты, шлях да якой пачаўся яшчэ ў юнацтве.

Мужчына раптам адчуў, што ўсе ягоныя мыслярскія пошукі — лухта. І ён ужо не думаў гэтак, як раней. Ен пачаў жыць праз пустое, нічым не споўненае жыццё. І дарэмна Аліна, зазіраючы ў сумныя вочы Рыгора Сянюты, лічыла, быццам яго нешта непакоіць. Знешнасць мужчыны маніла. Нічога ў ягонай душы не было, акрамя пусткі. І афіцыянтчыны ласкі нішто ў ім не абуджалі, адно інстынкты. Некалькі разоў Рыгор Сянюта злаваў на Аліну Саковіч праз штосьці. Мужчына лаяў дзяўчыну, яны сварыліся. Але хутка зноў знаходзілі згоду, і Аліна паміж ласкамі ўсё гадала, што ўсё ж непакоіць сумны позірк ейнага немаладога кавалера. А потым ён гэтак зазлаваў, што, пасварыўшыся, і размаўляць з ёю болей не захацеў. То здарылася, як даведаўся, што Аліна зацяжарыла. А Аліна гэтаксама засердавала на палюбоўніка і пры людзях зараклася якімсьці чынам зрабіць яму што-кольвек нядобрае.

Яна нарадзіла дзяўчынку і пайшла жыць да дзеда Петрыка, бо ў камуналцы было дрэнна. Стары, як даведаўся, што яму прынеслі ў хату праўнучку, дык і прамовіў, цягнучы гукі, быццам праспяваў:

— Расце-расце байстручынае племя!

Стары больш як хто ўпадабаў немаўля. А вось Алінчынай маці не да сваяцкіх пачуццяў было. Яна ўсё падбухторвала дачку, каб тая падавала ў суд на аліменты. Месяц ці колькі дзяўчына вагалася, а потым звярнулася да суддзі. Вось дык закруціўся Рыгор Сянюта, калі даведаўся, якім чынам справы пайшлі. Тады і вырашыў звярнуцца да дыск-жакея Ігара Клімуця, каб той на судзе сказаў, што нібыта спаў з Алінай. Дыск-жакей меў вялікую крыўду на дзяўчыну праз тое, што яна не прыняла ягоныя заляцанні. Менавіта таму і засведчыў прад усімі ўрачыста:

— Грамадзянка Аліна Саковіч каго толькі не спакушала. Самі разумееце: такая работа, вакол п'яныя мужчыны. Вось і карысталася хвілінаю. Прызнаюся шчыра: я таксама грашыў, і неаднойчы. Дык што, кожны, хто з ёю быў,— бацька?

Нічога не дамаглася Аліна праз суд. Пайшла дамоў плачучы. А Рыгор Сянюта з Ігарам Клімуцём да рэстарацыі скіравалі. На вуліцы іх абагнаў участковы Байда. Ён таксама прысутнічаў на працэсе. Сядзеў сабе ў кутку, слухаў.

— Глядзіце, хлопцы, дагуляецеся,— прамовіў міліцыянт, праходзячы побач па вузкім тратуары. — Сёння афіцыянтак цягаеце — заўтра бардак наладзіце. Павінны вас сур'езна папярэдзіць: нічога добрага з гэткіх забаваў не атрымаецца.

Яны панурылі галовы. Калі ўчастковы Байда адышоўся на адлегласць, Ігар Клімуць прамовіў:

— Ну, я магу зразумець: яна маладая. Але ж ты — стары конь. Няўжо не мог ёй дапамагчы, растлумачыць? — голас у дыск-жакея гучаў раздражнёна: відаць, ён трохі псіхануў, што не яму, маладому і здароваму, даверылася Аліна, а гэтаму таўстому небараку, з якога адно парахня сыпецца.

–– Дык я тлумачыў,— адказаў Рыгор Сянюта, апраўдваючыся, і ў ягоных вачах сумна адлюстравалася вулка, засмечаная восеньскім лісцем, якое пачало ўжо гнісці. — Я ж папярэджваў яе. Я ж ёй казаў: у-у, с-сука!