Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Мярзотнік і бядак

Зімовага надвячорка Марыся Гоцка, як заўжды разам са сваім мужыком, вярнулася дахаты са змены на заводчыку, які мясціўся ў цэнтры гарадка. Жанчына стамілася. Яна пачала гатаваць штосьці на кухні. Васілю — свайму мужыку — кажа:

— Схадзі, Васілёчак, па хлеб. Купі два боханы.

— Ну,— адказаў Васіль Гоцка, патрос дробяззю ў кулаку, залез рукою ў заднюю кішэню сваіх зялёных нагавіцаў (там толькі дваццацьпятка ляжала), апрануў зімовы палітон, захутаў шыю ў шалік і пайшоў з хаты.

Гэтак пайшоў, што ажно праз год вярнуўся. Вяртанне, як і сыход, было незвычайным. Увайшоў нячутна Васіль на кухню, наблізіўся непрыкметам да жонкі. Гаворыць:

— Гэта табе,— падаў два боханы. — Быў непадалёк ад крамы, дык вырашыў купіць.

Марысі аж мову заняло: ужо не спадзявалася, што Васіль жывы, ужо і міліцыя шукаць кінула. А во стаіць сабе, увесь твар шчэццю пазарастаў, вочы блішчаць і есці просяць, а сам схуднеў за гэты час, ссох. Дзеці ж — хлопец з дзеўчуком — хоць малыя, ды адразу прызналі бацькаў голас, павылёталі са свайго пакоя і ў абдымкі пайшлі да Васіля. Абдымаюць малечы тату і неўпрыцям ім, што па бацьку краты плачуць. Ды па часе, праз колькі гадоў, яны даведаліся пра пакуты, якія перажыла Васілева душа.

Гісторыя, якую часта распавядаў ён не толькі сваім дзецям, але і знаёмцам (менавіта таму аб ёй даведаўся ўвесь гарадок),— пра мярзотныя паводзіны Адама Барана. Праз гэтага маленькага, не большага за метр з паловаю, чалавека Васіль Гоцка, выпіўшы колькі кілішкаў, уздыхаў і ўпарта паўтараў:

— Але й дурны ў мяне лёс. Не лёс, а няшчасце. Кляну таго дня, калі напаткаўся са сволаччу.

Ды лепей бы не меў аніякіх справаў з Адамам Бараном, які за сваё жыццё нікому нічога добрага не зрабіў. 3 Васілём таксама нягожа атрымалася. Неяк Адам прыехаў да яго на матацыкле — старой іржавай ламаце без нумара і ліхтароў. Завітаўся ў хату, валасы распатланыя — без шалому ехаў, вочы ветліва ўсміхаюцца.

— Братка, дапамажы. Дужа трэба мне тры літры гарэлкі. Собскай. Дастань, калі дасі рады. Дастань тры літры і яшчэ пляшку. Вельмі прашу. Трэба адну справу зрабіць. Вось, грошы адразу магу аддаць,— Адам выцягнуў з кішэні банкноты. — Тры літры я сабе забяру, а бутэльку мы з табою разам вып'ем.

Васіль патыліцу пачухаў, кажа:

— Ёсць у мяне адна прыяцелька. У яе можна здабыць. Як хочаш, давай матацыкл, з'езджу.

Адам Баран кажа:

— Давай.

Сеў на матацыкл Васіль Гоцка, паімчаў па вузкіх вулках гарадка, стырнуючы між ямінаў. Праз паўгадзіны вяртаецца. Што трэба прывёз. Селі. Зрабілі па чарцы.

— Дзякуй табе, братка. — У Адама Барана ад гарэлкі пашклянелі вочы. — Дзякуй, што дапамог. Не забуду. Аніколі.

— Адамачка, братка,—адказаў Васіль Гоцка, самагонка моцная была, і яго добра разагрэла. — Мы заўсёды павінны адзін аднаму дапамагаць.

Дык і дапамог Адам Баран Васілю Гоцку нажыць ліха. Выйшаў пасля застоліцы, сеў на матацыкл, ды на першым павароце супыніў яго ўчастковы Байда.

— Чаго ты без шалому лётаеш? — запытаўся міліцыянт.

— Спяшаўся я, таварыш Байда,— пачаў тлумачыць Адам Баран. — Забыўся надзець.

Ды старога міліцыянта не абдурыш. Наблізіўся ён да матацыкліста, пацягнуў носам.

— Дык што,— кажа,— сволач, ты яшчэ і напіўся?

— Ані кроплі ў рот не браў, таварыш Байда.

— Ну, то паехалі ў міліцыю.

Селі яны на матацыкл — Байда за руль, Адам Баран — ззаду, а на рулі кайстра з самагонкаю вісіць. Згледзеў гарэлку ўчастковы ды разам з сяржантам Ніканавым у аддзяленні міліцыі ўчыніў допыт: дзе, маўляў, браў, колькі заплаціў? Але Адам Баран не адказаў, як было на самой справе. Адно лгаў:

— Ехаў па лесе. Насустрач дзядзька ідзе. Мяне ўбачыў, спалохаўся. Кінуў слоік, а сам уцёк. Вось я паглядзеў, ажно ў слоіку самагонка. Вырашыў у міліцыю завезці, ды вы самі мяне напаткалі.

Але Байда зайшоў да Адама Барана са спіны, сціснуў кулак ды з усяе сілы даў па карку свайму арыштанту. У таго ажно галава захісталася. Хістанулася яна гэтак во — злева направа і справа налева — ды падумала: «Зараз зусім затаўчэ, падла!» А Байда гаворыць:

— Паслухай, быдла, мяне ўважліва. Ты п'яны за рулём быў. Яшчэ самагонку ў цябе знайшлі. Як не скажаш зараз праўды, дык я табе год гарантую. Кажы, як усё было, і дахаты пойдзеш. Нічога табе не зробім. Карацей, выбірай.

Пасля гэткіх слоў панурыўся Адам Баран ды мовіў:

— Васіль Гоцка мне прадаў. І напаіў мяне ён: каб яго расперла!

Байда з Ніканавым у Васіля Гоцкі ўсю хату абшасталі. Гной, што ў хляве ляжаў, участковы віламі паразграбаў. Няма самагонкі. Адно пляшку манапалёвай знайшлі, якую Марыся прыхавала ад мужыка ў жаночай бялізне.

— Скуль узяў гарэлку, што Адаму Барану прадаў? — запытаўся Байда.

У Васіля Гоцкі нявыкрутка, але і знаёмцы шкоду не хочацца рабіць.

— Сам я гнаў, таварыш Байда,— прамовіў ён.

— Значыць, з мэтай продажу рабіў,— Байда прымружыў позірк вачэй. — Дрэнна табе будзе.

«Няма чаго мяне палохаць,— падумаў Васіль Гоцка,— усе роўна адказваць давядзецца». Ён нават усміхнуўся міліцыянтам — чамусьці гэтая думка яго падбадзёрыла. Але, мабыць, не след было бадзёрыцца. Як пачуў Васіль Гоцка на судзе, што павінны пяцьсот рублёў штрафу заплаціць, дык ледзьве не самлеў. Затое Адам Баран, які за сведку быў, хутка паказаў дробненькія зубкі з апошняй лавы. Васіль Гоцка выйшаў ад суддзі хісткаю хадою, рукі дрыжаць, у вачах слёзы. Ён пасунуўся па гарадку і ўсё думаў: «Але падла гэты Баран!» 3 гэткай высноваю і скіраваўся па крывенькіх вулачках да Барановай хаты. Дзверы былі не замкнёныя, і Васіль Гоцка ўвайшоў без груку.

Адам Баран сядзеў на ўслонцы каля стала і еў. Ён раптам убачыў перад сабою раз'юшанага чалавека, які злосна сіпеў носам. Адам Баран хацеў куды-небудзь шмыгануць, ды Васіль Гоцка схапіў яго за каўнер і стукнуў па галаве, потым пачаў біць у жывот і пад пах. Жах апанаваў паўтараметровае Баранава цела. Невялічкаму мужчыну здалося, што ён хутка загіне, і таму драўляная хата напоўнілася разгубленым лямантам.

— А божачкі! — закрычаў Адам Баран. — А не забівай мяне!

Дый не хацеў Васіль Гоцка яго забіваць, а проста набіў ды пайшоў сабе дахаты. А наступнага дня паштальёнка прынесла паведамленне ад участковага: маўляў, Байда чакае для пільнае размовы. З'явіўся да яго Васіль Гоцка, а міліцыянт кажа:

— Справу на цябе заводзім, сукін ты сыне. Мала таго, што самагонку вырабляеш, дык яшчэ і над сведкам расправу ўчыніў. — Надта ж зазлаваў Байда, гаворачы гэтыя словы: твар пачырванеў, губа ніжэйшая надзьмулася і схацела пырскнуць асцою. — Вось, глядзі,— ён патрос нейкаю папераю перад Васілёвым носам,— гэта заява на цябе ад Адама Барана, і медыцынскае пасведчанне есць наконт пабояў.

Выйшаў ад участковага Васіль Гоцка не ў гуморы. На дварэ пачалася завіруха, і снег ляцеў на змерзлую зямлю. У гэткай завірусе напаткаў Васіль Гоцка суседа Сямёна Бадака і распавеў пра сваю бяду. Ён доўга гаварыў пра мярзоту Барана, стрымліваючы слёзы.

— Сусед, родны, дзе ж праўда? — маркотна прагучалі ў снежнае віхуры словы.

Сямён Бадак доўгага часу працаваў юрысконсультам на мясцовым заводзе і ведаў законы. Яму зрабілася шкада Васіля Гоцку: вось дык нешанцунак у чалавека. І тады ён параіў:

— А ты знікні часова. Нікому нічога не кажы, схавайся, быццам не жыў у гарадку. Няхай забудуцца на цябе, а там і справу тваю закрыюць.

Гэтак Васіль Гоцка і зрабіў. Выйшаў з хаты нібыта па хлеб, а сам — у Цюмень. Праз год толькі абвясціўся ў гарадку. Мінулася колькі дзён пасля вяртання, і зноўку яго паклікаў Байда.

— Дык што ж ты, поскудзь, уцякаеш, калі з цябе міліцыя цікавіцца,— усчаў крык участковы, як толькі Васіль Гоцка зайшоў у ягоны кабінет. — Я табе зраблю астрог! Арыштую! Паездзіш яшчэ па этапах!

На Васіля Гоцку замарока найшла, ледзь з ног не пакаціўся. Як супакоіўся трохі, дык адразу да свайго суседа пабег. Ускочыў да яго ў хату і, не павітаўшыся, распавёў пра свае справы. Сямёну Бадаку няёмка: гэтак параіў чалавеку, што толькі горай сталася. Кажа:

— У цябе зараз толькі адзін паратунак. Ідзі ды памірыся з Адамам Бараном. І яшчэ дамоўся з ім: няхай ідзе да Байды ды гаворыць, што, маўляў, тады, пасля суда, ён на цябе з ломам пайшоў. А ты бараніўся. Даў яму ў лыч ды наўцёкі.

Дужа не хацеў ісці да Адама Барана Васіль Гоцка, але мусіў. Прыйшоў з паўлітэркаю манапалёвай, кажа:

— Давай, братка, вып'ем. Хачу памірыцца.

— То сядай,— адказаў Адам Баран.

Яны выпілі, і Васіль Гоцка распавеў пра свай жыццё ў Цюмені, пра тое, як не дае яму спакою міліцыя. Ён шмат гаварыў, пахіліўшы ад сораму галаву, і голас ягоны дрыжэў.

— Ты ўжо прабач мяне, дурня,— пакорліва папрасіўся Васіль Гоцка.

Адам Баран на хвіліну задумаўся пра штосьці. Ён не любіў прабачаць, бо ніколі не забываўся на крыўды. Згадваючы, як Васіль Гоцка збіваў яго, ён задуменна сказаў:

–– Не. Таго, што было, я табе не дарую. Аніколі.

Васіль Гоцка, перасільваючы сорам, ізноў папрасіў:

— Не крыўдуй. Калі ласка. Дурны я. Даўбень. Прабач. Гэта ж не цяжка. Мяне пасадзяць, калі ты не прабачыш.

–– Няхай саджаюць. Зарабіў,— быў такі адказ.

Васіль Гоцка адчуў, што нічога не атрымаецца з ягонай просьбы. І яшчэ ён зразумеў: Адам Баран папросту пасміхаецца з яго. Васіль падхапіўся, узяў гэтага маленькага нягодніка загрудкі, узняў руку, каб стукнуць, і пачуў тое, што чакаў пачуць. 3 напятага горла Адама Барана вылецеў немы енк:

–– А божачкі! А не забівай мяне!