Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Гаспадар

Ніна, жонка Казіка Белабародзькі, кабета была нішто сабе, хаця не скажаш, што надта пекная. Невысокая, зграбная, адно нос у яе мо занадта даўгі быў, а на носе нейкая гуля сядзела. Ды мужыкі на гулю ўвагі не звярталі і часта распачыналі з жанчынаю ўсялякія размовы. Пры тым яны мелі пэўны намер, а Ніна з характару была гэткая, што за асаблівы грэх не брала адысціся кудысьці падалей з кавалерам.

Казік Белабародзька кахаў Ніну. Яшчэ як кавалераваў з ёю, дык усё злаваў праз тое, што ягоная дзяўчына даспадобы іншым. «Мая яна,— думаў сам сабе Казік Белабародзька. — Нікому я яе не аддам». Ростам хлопец не перагнаў сваю каханку і быў вельмі худы, бы шчапер. Але ніхто з ім клопату мець не хацеў — надта ж Казік Белабародзька дурнеў у бойцы. Нават участковы Байда некалькі разоў папярэджваў яго. Казаў:

— Пасаджу, калі людзей біць не кінеш.

3 дапамогаю кулакоў хлопец хутка справадзіў ад дзяўчыны сваіх канкурэнтаў.

А потым, пасля таго як пабраліся, яна нарадзіла двух сыноў. От ужо Казік Белабародзька радаваўся. Пасля работы на заводзе ў яго адзіная была забава — пагуляцца з малымі. Ён хліпаў носам (да таго часу хлопец паспеў атрымаць хранічны насмарк, увесь час робячы ў цэху на скразняку), замілавана пазіраў на сыночкаў і гаварыў ім саладзенькія слоўцы. На сон ён чытаў дзеткам кніжкі або распавядаў ім казкі. Жонка з дзецьмі гэтак не валэндалася. Яна ўсе болей займалася гаспадаркаю, а ад дзятвы радая была б дзе пазбыцца: ці то дзеду з бабаю аддаць, ці то мужу — малечы ёй назалялі. Як пайшла з дэкрэту рабіць у страўню, ажно свабадней уздыхнула.

Пачала працаваць, дык вакол яе розныя дзецюкі закруціліся. Больш за ўсіх пры ёй Барыс Маскаль туляўся, высокі блакітнавокі шафёр з райспажыўсаюза. Казік Белабародзька спярша нічога не ведаў, а пасля пачаў падазраваць. А во неяк удзень — рабіць раней скончыў — завітаўся ён дахаты ды сустрэў у ёй Барыса Маскаля. Ну, узяў ён яго ды змалаціў да паўсмерці. Заадное і жонцы грымакі чатыры даў.

Увесь тыдзень прахадзіў ён зрушоны. Любоў і нянавісць перамяшаліся ў душы гэтага чалавека. Моцна ў ім сядзеў інстынкт гаспадара. Жонка, дзеці, кватэра, уласны дабрабыт — усё гэта, ён лічыў, створана дзякуючы менавіта яму, Казіку Белабародзьку. Ён Гаспадар у сваім невялічкім сусвеце, на які нікому не дасць замахнуцца. Вось які інстынкт. Ненажэрны і злы. Ён абуджаецца праз усялякую дробязь, ён ператварае чалавека ў дыктатара, які знячэўку заяўляе крэўнікам: або — усё, або — нічога. Вось што сказаў Казік Белабародзька сваёй жонцы:

— Я хачу дакладна ведаць, калі ты і надалей не будзеш мне вернаю, дык давай разыдземся. Я люблю сваіх дзяцей, ды я хачу, каб у нас была нармалёвая сям’я. Або давай жыць па-людску, або я згодны плаціць аліменты.

Ніна плакала. Яна прамовіла:

— Казе, даруй мне, золатка. Даруй. У нас усё будзе добра.

Мінула колькі тыдняў, і Казік Белабародзька пачаў забывацца на жончыну эпапею. Каторага дня ён зноўку вярнуўся дахаты раней за звычайнае. Адчыніў дзверы ў апачывальню і — вачам не вер! — убачыў на ложку два голыя целы. У ягонай галаве загуло, рукі затрэсліся. Казік скіраваў на кухню і схапіў тамака відэлец. «Але я яму дам!» — падумаў раўніўца. Ён нячутна наблізіўся да двух аголеных людзей, якія праз сваю юрлівасць анічога не бачылі і не чулі, затым ускочыў на мужчынаву спіну, хліпнуў хранічна хворым носам ды пачаў дзіравіць два худыя кумпякі.

— На табе, сволач! На! Атрымай! — крычаў раз'юшаны Казік Белабародзька.

Мужчына залямантаваў ад болю. А Казік Белабародзька, спароўшы і скрывавіўшы яму тыл, саскочыў са спіны і пабег у дзверы. Ен апынуўся на двары і хацеў пасунуцца абы-куды. А во бачыць, насустрач жонка ідзе. Казік Белабародзька ажно аслупянеў. Тая наблізілася ды кажа:

— Тамака ў нас госці. Ты бачыў? Брат твой з жонкаю з Цюмені ў адпачынак прыехалі.

— Не! — прамовіў ён. — Не можа быць!

Ніна здзіўлена зірнула на мужа.

— Нейкія вочы ў цябе дзіўныя, — сказала яна. — Ці не захварэў? Хадзем у хату. На во. Дапамажы,— яна працягнула кайстру. — Я іх спаць паклала. А сама ў краму пайшла. Трэба ж нешта згатаваць...

Казік Белабародзька яе болей не слухаў. «О Божа! Лепей бы ты мне здрадзіла!» — падумаў ён.