Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Уцюканыя твары

Пакуль здымшчыку Пеціку Качэбрыку не ўвалілі, як каню сечкі, у яго не было аніякае любові да мясцовае газеты. А потым, пасля таго, калі раз'юшаныя мужыкі зацягнулі яго ў пазагуменне і адзванілі, бы шалудзьку Шарыка, адбыліся ў ягоным арганізме нечаканыя змены. Палюбіў ён газету і сам, і ягоная пячонка да яе любоў пачула, і залозіца, і пуп, і кожная крывінка...

Як усялякі сапраўдны журналіст, здымшчык Пецік Качэбрык патрапіў у газету выпадкова. Яму дужа спадабалася працаваць у рэдакцыі, хадзіць па гарадку, ездзіць па вёсках ды прымушаць галіцца працоўны люд перад тым, як цюкнуць яго са свайго «Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага». Ён з асалодаю гатаваў рошчыну для ўцюканых твараў, варыў іх у ёй, потым сушыў, выпякаў на уніброме... Ажно самае цікавае — сесці ўвечары ў хаце каля жонкі, узяць газеціну і задаволена ацаніць сваю працу.

— Глядзі, Марыська,— захоплена казаў Пецік Качэбрык, паказваючы пальцам на партрэт нейкага механізатара. — Глядзі, як сядзіць за стырном і не міргае, чыста ў дазоры. Гы... Пагранічнік. Глядзі, Марыська, глядзі, пазірае, бы рапуха на маланку, і вусны ў дуду звёў. Гы... Дудар.

Яны рагаталі з жонкаю, ажно пішчэлі ад смеху.

— А гэты во,— тыц пальцам у ветэрана вайны пры медалях,— гэты во, глядзі. Нібы пастромак. Сядзіць, не варухнецца, не дыхне, і вочы ў яго не бегаюць. Гы... Абяліск.

От весела ім было з уцюканых твараў!

— А во, палянь, Марыська,— паказвае ёй нейкую швачку,— палянь, як усміхаецца. Нібы за дзве гадзіны да смерці. Шчэрыцца во ікламі, як ваўчыха.

Дужа цешыўся Пецік Качэбрык з уцюканых твараў. Яны былі не гэткія, як у нармальных людзей, а нейкія з дурнаватым адбіткам. «Вось дык людзі вакол мяне жывуць,— думаў здымшчык. — Вось дык лычы! Смех, дый годзе. Як пабачыць каторы «Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага», дык гэткае мурло выверне, што хоць ты на таполю ад смеху лезь». 3 кожнага дурота па-рознаму выходзіла. У адных на твар выбягала трохі злосці, у другіх — суворасці, у трэціх — глупства, у чацвёртых — сур'ёзнасці, у пятых — смеху...

Гэтага ніколі не заўважаў Пецік Качэбрык, калі працаваў у атэлье. Тамака здавалася, што ўсе гарадкоўцы — жанчыны і мужчыны, дарослыя і дзеці — маюць адзін-адзіны лапавухі і бульбаносы твар. Гэты твар заходзіў у атэлье штодня, каб зрабіць здымак на пашпарт, або шлюбнае фота, або яшчэ чагосьці, і Пецік, робячы выгляд, што хоча знайсці нейкі ўдалы ракурс або вобраз, прымушаў наведніка круціцца ці ўсміхацца. На самай справе Пецік стараўся пазбыцца як хутчэй ад надакучлівага наведніка, а важдаўся з ім таму, што ненавідзеў гэтую заўсёдную пысу і хацеў паздзекавацца з яе. Ён навучыўся весяліць твар, каб той усміхаўся. Пецік смяшыў завучана, думаючы пра нешта сваё; пэўна ведаў, будзе твар рагатаць, што яму ні скажаш.

— Усміхніцеся, калі ласка,— казаў Пецік,— гэтак, як я! — і рабіў пачварны твар, вытыркнуўшы на гарадкоўцаў крывыя верхнія зубы.

І заўсёдны твар радасна ўсміхаўся. На пахаваннях гэты твар быў журботны, ажно той самы — адзіны на ўсіх у гарадку. І Пецік стараўся яго хутка перасадзіць на стужку, а потым гэтак жа хутка, нават не гледзячы яму ў вочы, распляміць на паперы. Не любіў ён здымаць хаўтуры. Нейкага разу, здымаючы пахаванне старой Аўдоцці Галоўкі, ён падумаў: «Чаму ж гэта нават у мерцвяка твар як ува ўсіх? Нічым ён не розніцца ад астатніх». Ён сказаў сабе ў думках: «Каб вам хаця параспірала насы і вушы, не магу бо глядзець на вашыя аднолькавыя сячкарні». 3 гэтымі адчайнымі словамі ён паставіў сваякоў пры труне Аўдоцці Галоўкі. Ён агарнуў галаву думкамі і зусім забыўся на тое, што здымае хаўтуры. Пецік, думаючы пра сваё, завучана прамовіў:

— Усміхніцеся, калі ласка, гэтак, як я! — і выкруціў з носа, вачэй і пляскатых губ дульку.

Маленькі ссохлы касцей, што стаяў над чалом Аўдоцці Галоўкі, рагатнуў. Але болып ніхто не засмяяўся. Мужыкі вылюцелі і пайшлі на Пеціка. Ён хацеў даць цягу, ажно не паспеў. Яго схапілі за рукі і павялі ў пазагуменне. Пецік растлумачыў, што ў яго гэтае атрымалася выпадкова, але яму не паверылі і распачалі лупцоўку. І тут ён заўважыў, што твары ў іх розныя: гэткія пачуццёвыя твары ніколі не залазілі ў фотаапарат. Вось дык тыпажы — іх так не ставала Пеціку ўсяго часу. Асабліва розніўся ад усіх той маленькі касцей, што рагатнуў пры труне. 3 ягонага рота лілася пена, вочы ятрыліся і дзёрлі Пеціка рысямі.

— На во, падла, за маю цётачку! — крычаў касцей і балюча біў Пеціка кулаком па твары.

Можа, яго забілі б і зусім, ды ўчастковы Байда адратаваў. Міліцыянт выпадкова апынуўся на суседскім падворку і ўбачыў калатнечу. Ён развёў мужыкоў і нат хацеў каго-небудзь арыштаваць. Але яму растлумачылі, чаму надавалі лупсякоў здымшчыку, і ўчастковы прамовіў:

— Ну, і слушна зрабілі, што далі. За гэткае хрыбціну зламаць мала!

Ад таго часу Пецік Качэбрык вырашыў кінуць атэлье. Ён прапанаваў свае паслугі рэдактару Зміцеру Ігнатавічу Шэўку. Агледзеўшы здымкі ветэранаў і даярак, якія Пецік Качэбрык прынёс у рэдакцыю, рэдактар вырашыў, што твары ўцюканыя па-майстэрску, і ўзяў здымшчыка на працу.

Хлопцу палюбілася ў рэдакцыі. І чым болей ён цюкаў твары, тым больш яму падабалася ягоная прафесія і тым больш яго паважалі ў гарадку. Шмат якія гарадкоўцы хацелі з ім пазнаёміцца, каб патрапіць у вока «Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага» і зірнуць на тутэйшы люд са старонак мясцовае газеты. І ніхто, акрамя самога Пеціка Качэбрыка і ягонае жонкі Марыські, не заўважаў вяселую таямніцу здымшчыка: няма нічога смяшнейшага на свеце, як падманутыя твары гарадкоўцаў, твары, што не навучыліся хлусіць і якія шчыра ды нецярпліва намотваюцца на кароткую і здзеклівую стужку гарадкоўскае гісторыі.