Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Уцёкі

Невялікі фінскі дом, дзе дваццаць гадоў пражыў начальнік мяснога цэха Мечыслаў Глінскі, мясціўся каля ціхага ручая, што цёк цераз шмат якія вулкі гарадка. Потым мужчыма пакінуў гэты прытулак, хаця вельмі ўпадабаў свае жытло і часта з акна спачывальні заглядаўся на стары бэз. Гэтая расліна дажывала век пры беразе ручая і апошнімі веснамі нараджала квецень без водару і бляклую лістоту.

Мужчына, гледзячы на бэз, згадваў сваю маладосць, калі пакахаў высокую мажную дзяўчыну і ажаніўся з ёю. Яны пражылі колькі гадоў, а потым у іх з'явілася дачка Ядзя. Вось тады яны і пераехалі са старога барака ў фінскі дом. Палова вокнаў выходзіла на бэз, астатнія — на брудную вулку гарадка. Ды хутка жонка памерла, і Мечыслаў прысвяціў сваё жыццё дачцэ. Зрэшты, некалькі разоў ён прыводзіў у хату якую-небудзь гаспадыню. Ягоныя абранніцы былі заўсёды дужа маладзенькія. Яны са смакам елі выразку, якую Мечыслаў непрыкметна браў са свайго цэха. Апетыт быў бязмеры, і часта мужчыну здавалася, што каханне гэтых дзявуль хаваецца ў іхных ненажэрных страўніках. То было, напэўна, няшчасце гэтага даўгалызага паляка — ён надта кахаў нябожчыцу жонку, каб зведаць шчырыя пачуцці да яшчэ каго-кольвек. І расстанні з маладзіцамі былі небалючымі для Мечыславага сэрца.

Калі Ядзя падрасла і зрабілася нявестаю, падобнай да сваёй маці дзяўчынаю, дык у хату пачалі завітваць малады лекар Юркевіч і інжынер з мясцовага завода Стэфан Боцька. Мечыславу болей падабаўся Юркевіч; характар у яго быў вельмі спакойны, а вочы задуменныя. Стэфан Боцька, наадварот, характар меў няўрымслівы, і ўтрапёны позірк вачэй сведчыў не пра задуменнасць, а пра звычайныя пажадлівыя думкі, што часта родзяцца ў маладосці. Ядзя, гэтаксама як і бацька, упадабала болей лекара Юркевіча. Яна спадзявалася, што той прапануе ёй пабрацца шлюбам, ды Юркевіч усё сабе думаў нешта, рэдка і паволі гаварыў якіясьці словы і маўчаў пра вяселле. Затое Стэфан Боцька, калі заставаўся з дзяўчынаю без сведкаў, усё далдоніў пра каханне. Калі ён прапанаваў пайсці ёй за яго замуж, яна адразу згадзілася, бо зразумела: Юркевічавай прапановы давядзецца чакаць дужа доўга, а магчыма, зусім не дачакаешся. Вяселле Мечыслаў зрабіў багатае, сабралася шмат гасцей. Ды мінулася з паўгода, і Стэфан Боцька пачаў выганяць цесця з хаты. Ён крывіў свой нос, канапатую бульбіну, дзьмухаў слінаю на твар Мечыславу ды казаў:

— Я цябе пасаджу, корч ты стары. Не магу жыць разам са злодзеем,— і дадаваў, хітаючы галавою на Ядзю: — І з курваю тваёй таксама.

Нейкага разу ён выцягнуў з кішэні нагавіцаў блакнот і пачаў чытаць занатоўкі пра тое, што Мечыслаў пацягнуў са свайго цэха, ладзячы дачцэ вяселле, у якія дні і колькі ён прыносіў з працы мяса, кілбасаў, сала, якія і ад каго ён атрымліваў падарункі. Чытаў Стэфан Боцька доўга, урачыста і радасна. Здавалася Мечыславу і Ядзі, што іхны новы сваяк нічога ў жыцці больш радаснага і не чытаў.

— Прызнавайся, падла, дзе грошыкі хаваеш! Выносся з хаты, рабаўнік! Не магу з табою разам жыць! — злосна крычаў Стэфан Боцька.

Ён напісаў ва ўсе інстанцыі пра тое, што цесць хабарнік і злодзей. У цэх прыехала адразу некалькі праверак. Мечыслава выклікалі ў міліцыю на допыт, і ўчастковы Байда, сустрэўшы яго ў калідоры, уздыхнуў ды мовіў:

— Мушу вам, як старому знаёмаму, таварыш Глінскі, сказаць, што дрэнныя ў вас справы.

Са слязьмі на вачах прыйшоў з міліцыі Мечыслаў. Стэфана Боцькі не было. Стары дрыготным голасам прамовіў:

— Ядзечка, дачушка. Я цябе вельмі прашу. Давай з'едзем. У Цюмень. Кудысьці яшчэ. Падалей ад гарадка. У мяне ёсць грошы. Нам хопіць, каб пачаць новае жыццё, хопіць даастачы.

Ядзя згадзілася. Яна пачала збіраць клункі. Мечыслаў скіраваў да старога бэза. На развітанне яму пад ногі ўпала некалькі жоўтых восеньскіх лістоў. Рыдлёўкаю ён адкапаў поліэтыленавы мех, што быў прыхаваны паміж карэння дрэва. У мяху ляжалі грошы, якія Мечыслаў назбіраў для сваёй дачкі, гандлюючы крадзенымі з цэха кілбасамі. 3 рознай надобаю, што спешкі сабрала Ядзя, ды з гэтымі грашыма і з’ехалі начным цягніком стары ды маладзіца ад дурнога зяця і мужа падалей, кінуўшы яму невялікі фінскі дом і сабранае дабро. Яны зніклі без знаку. Ніхто і ніколі ў гарадку не даведаўся, куды павялі шляхі гэтых улюбёных адно ў аднаго людзей.