Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Колікі-манголікі

Колікі-манголікі — гэта два браты-блізнюкі, якія вырашылі нажыць багацце, мінуючы закон. Ды нічога ў іх не атрымалася. Бурштын ранішняе расы на траве, срэбра свежага снегу, золата сонечнага прамення — вось які капітал дастаўся Коліку ды Іллі Цыбулям. Але то быў менавіта іхні скарб, бо, акрамя яго ды ўсялякае таннае дробязі (працавітыя рукі і кемлівыя галовы, невялікая колькасць адзення і яшчэ, мабыдь, штосьці), браты анічагуткі не мелі.

3 дзяцінства прычапілася да іх мянушка Колікі-манголікі. Знаёмцы звычайна звярталіся да абодвух братоў, бо вызначыць, хто — Колік, а хто — Ілля, было дужа складана. Аднаго і другога клікалі Колікамі. А манголікамі — гэта таму, што вочы — з вузкім ростулам ды чорныя і валасы — нібы ў сажу ўпэцканыя. (Няйначай, убіўся да роду Цыбуляў якісьці татарчук.)

У маленстве Колікаў-манголікаў нат родная маці не заўсёды адрознівала, але ў маладосці Іллі ў часе бойкі стукнулі нажом па галаве, і з тых часоў застаўся шнар. Ды ўсе адно хлопцаў адрозніваць ніхто са знаёмых не захацеў: усе прызвычаіліся да таго, што дзецюкі аднолькавыя.

Аднойчы Ілля, утрапёна гледзячы на брата, прапанаваў:

— Братачка, давай самі накавайма грошай. Уяўляеш, у нас яны будуць весціся мяхамі. А мы

зробімся бы сапраўдныя паны. Варта парабіць трохі, і кожны з нас будзе багацей.

Было то яшчэ за Полыпчаю. Змайстравалі хлопцы прыладу ды набілі злотых. Аж няшмат яны на іх купілі. Хутка ў гарадку заўважылі падробак, і паліцыянт Байда паспяшаўся, каб распачаць вышук ды заарыштаваць злачынцаў. Зачынілі іх у пастарунковае сутарэнне ды пачалі на допыты цягаць.

У гарадку Колікаў-манголікаў шмат хто ведаў, аднак усе здзівіліся з таго, што браты даўмеліся нарабіць фальшыўкі. Ніхто не думаў, што хлопцы маюць гэткія здольнасці.

А хлопцы надта засмуткавалі. Дый прычына на тое мелася. Усе ж з мехам грошай былі, марылі пра шчаслівае жыццё, пра вялізарны хорам, пра пекных дзяўчатак у ім, пра мора пітва і горы ежы, а во зачыніў пад зямлёю іх паліцыянт Байда і яшчэ невядома, чым усё гэта скончыцца.

Аднак усе скончылася для братоў няблага. Неяк на двары аркестр марш зайграў. А па якой гадзіне дзверы ў вязніцу адчыніліся, і з рэўнаганам у руцэ ўвайшоў камісар Прохараў (гэтак ён сам назваўся).

— За что сидите, граждане? — запытаўся камісар Прохараў.

— За праўду, пан камісар,— адказаў адзін з Колікаў-манголікаў.

— Какой же я пан? — сказаў камісар Прохараў. — Попрошу назвать фамилии с именами, а так-же ответить, почему сидите?

Тут сцямілі Колікі-манголікі, што трэба казаць гэткую прычыну, за якую б як меней пакаралі. Вось першы і кажа:

— Завуць мяне Колік Цыбуля. Супоню я ў пана Главінскага ўкраў. Таму і пасадзілі.

— А мяне клічудь Ілля Цыбуля. Я п'яны быў, за гэта мяне заарыштавалі.

— Значит, политические,— падумаўшы, вызначыў камісар Прохараў братавыя злачынствы. –– Выходите, товарищи. Вы свободны.

За Саветамі браты каваннем грошай не займаліся. Яны ажаніліся, сцішыліся і жылі сабе гэтак, як атрымлівалася. Не марылі яны ўжо пра багацце. Але да самае старасці Колікі-манголікі чулі жарты гарадкоўцаў наконт фальшывых грошай. Калі былі маладзейшыя, дык абражаліся, а потым жарт гарадкоўцаў ім спадабаўся.

— Гэй, дзеду, накавай пару рублёў. Да пляшкі манапалёвай не хапае,— часта казалі каму-небудзь з братоў, якія ператварыліся ўжо ў амаль нямоглае староцце.

Тады адзін з Колікаў-манголікаў самотна паказваў старадаўні зуб, апошні ў пустым роце, другі Колік-манголік гэтаксама самотна крывіў шнар на левай шчацэ. Яны ўсміхаліся, згадваючы маладосць, калі дужа хацелі быць багатымі і шчаслівымі. Думкі пра незваротны час грэлі сэрцы двух людзей, бо кожны з іх разумеў, што недалёка тая хвіліна, калі давядзецца назаўжды панесці свае ўсхваляваныя ўспаміны ў краіну цішы: у бурштыновую халодную расу, срэбны снег, залатыя сонечныя прамяні...