От крыўдаваў на дзядзьку па бацькавае радзіне Алег Крышчык. Трыццацігадовы дзяцюк, калі згадваў, як аднога разу дзядзька нарабіў нягожа, дык пунсавеў і ціха казаў некаму, мо толькі самому сабе:
— Дзядзё, дзядзё, а што ж ты, свінтух, напаскудзіў, га?
Алегаў дзядзька, Максім Крышчык, заўсёды любіў незвычайнае і быў чалавек несур'ёзны. Ён рабіў на заводзіку ў гарадку і жыў жытку, як яму здавалася, весела і шчасліва. Некаторыя людзі лічылі, што ён валацуга. Але то няпраўда. Проста Максім Крышчык ні ў чым не адчуваў мяжы і ўсё на свеце ўспрымаў натхнёна — і роднае наваколле, і гарадкоўскіх курваў, і сваю сям'ю, і крэўнікаў. Толькі ў стаўленні да людзей быў памяркоўны: ніколі ні на кога не зазлаваў. Таму і меў процьму прыяцеляў.
Часта Максім Крышчык гасцяваў у брата. Прапусціўшы колькі чарак, ён звяртаўся да пляменніка:
— Ну, дык што, Алег? — Максім Крышчык хітранька ўсміхаўся. — Калі ў сваты пойдзем?
Алег піў са стрыем нароўных і, калі сыпаліся пытанні пра шлюб, нецвяроза саромеўся: нахіляў як ніжэй твар — амаль у талерку з заедкам — сціскаў у кутках дзве вялізныя, бы ў дзяўчыны, губы.
— Не ведаю, дзядзё, што й рабіць,— было, казаў ён. — Кожнага году, ды што — году, кожнага дня ўсё цяжэй ды цяжэй. Падаюць стаўкі. Старэю.
Максім Крышчык чухаў патыліцу, уздыхаў і казаў:
— Знайду я табе дзеўку. І з грашыма, і гаспадыня каб добрая была. Будзе ў цябе дзеўка на ўсе сто. Не адчайвайся.
Яны напіваліся, марылі і разважалі пра Алегаву будучыню, а потым разыходзіліся спаць. Хлопцу дужа карцела ажаніцца. Ён быў высокі і светлавалосы. Праз сваю сарамлівасць не быў разбэшчаны кабетамі, і яму калі-нікалі здавалася, што ён дужа нешчаслівы, што, не ўмеючы размаўляць пра нешта з дзяўчатамі, аніколі не завядзе сабе прыстойнае жонкі. Пакутаваў ён. А дзядзька быў адно на абяцанкі ахвочы, ды павесці ў сваты чамусьці не спяшаўся. А во неяк усё ж завітаў да Алега ў святочным строі ды мовіў:
— Збірайся. Пойдзем да аднае пачцівае паненкі.
Яны скіравалі да тае спадарынькі, і дзядзька — ён ужо дзесь выпіў стограмоўку, мабыць, каб
здавацца за смялейшага,— па дарозе прамовіў:
— Жаніцца ці не — гэта вы ўжо самі вырашайце. Галоўнае, дай ёй пад хвост. Дасі, а пасля мяркуй: хочаш — жаніся, хочаш — сварыся.
— Я пастараюся зрабіць, як вы раіце, дзядзё,— адказаў усхваляваны Алег.
Маладзіца, да якой яны шыбавалі — яе клікалі Люськай,— аказалася нішто сабе. Паўнюткая, быццам бочка, ножкі — калодачкі, грудзі — кожнае з вядзерка, і вочы — чорны вугаль. От дзевачка, от, пульхненькая — Алег ажно запалаў, бо душу агарнула салодкае прадчуванне. Дый дзядзька падбухторваць пачаў, ушэпт ціхенька плявузгнуў:
— Але й дзяўчо! Цукерка! Я ж табе абяцаў: на ўсе сто. Абавязкова дай ёй пад хвост.
Бацькі ж Люсьчыны ўзрадаваліся, што дачку бяруць замуж — мітусіліся, гаварылі недарэчнасці. А потым усе напіліся, і Максім Крышчык распачаў аповеды пра рознае. Усе слухалі яго ўважліва, было, смяяліся, крыху сумавалі — чаго толькі не распавядаў дзядзька! Адзін толькі Алег не слухаў яго. Ён маўчаў і ўяўляў, як будзе прагульвацца са сваей ясачкаю пад ручку па вулках, хадзіць разам з ёю ў краму ды ў госці.
Люська спачатку шчаслівая была, што Алег маўклівы і памяркоўны, але хутка ёй усё надакучыла. «Ну, чаго табе заняло, даўбешка»,— падумала Люська. А ён летуценна пахіліўся да талеркі і ані слова. Адно разгаварыўся, як бацькі пачалі распытвацца пра ягонае жыццё. Вось тады і расказаў ён пра сябе трохі. А Люська, пакуль ен балбатаў, пайшла паказаць Максіму Крышчыку гаспадарку. Мінулася колькі часу, выйшаў на двор і Алег, шукаючы сваю нявесту. Ажно зазірнуў у пуню ды ледзьве не самлеў. У сене ён убачыў ногі — дзве худыя ды сінія былі дзядзькавы, а тыя, што таўстыя і гладкія,— Люсьчыны. Хлопца раптам пацягнула на ваніты — таму й схапіўся за жывот рукамі, каб утрымаць усё, што ў гасцях з'еў ды выпіў. Ён крыкнуў:
— Ай, дзядзё! То ж мая нявеста! Што ж ты робіш, ліхо на цябе!
Дзядзька ўскочыў, падцягнуў нагавіцы і разгублена прамармытаў:
— Каб яе, каб яе... Бач ты, не ўтрымаўся.
Алег павярнуўся ды пабег кудысьці. Максім Крышчык падумаў, што трэба неяк супакоіць пляменніка. ён крыкнуў яму ў спіну:
–– Ты не бядуй. Я знайду табе яшчэ якуюсь.
Схапіўшыся за жывот, Алег, бы шалёны, паляцеў па вуліцы. Насустрач яму напаткаўся ўчастковы Байда. Міліцыянт падазрона падумаў пра хлопца, ствараючы ўласную версію шпаркага руху нечаканага сустрэчніка. Ён пачуў нягучныя словы, якія зляцелі з вуснаў у дзецюка, і прыстасаваў іх да сваёй версіі. 3 Алегавай пакрыўджанае душы ў сусвет выправілася:
— Дзядзё, дзядзё, а што ж ты, свінтух, напаскудзіў, га?!