Мова-нескладанка віхурылася паэзіяю і ў чулай душы Сяргея Барысавіча Ярэмчыка. Яшчэ ў дзяцінстве, калі маці прымушала Сяргея Барысавіча Ярэмчыка хадзіць да школы, ён спрабаваў пісаць гаротныя вершы пра тое, як яму цяжка вучыцца; вучыцца не хацелася і зусім не маглося, і Сяргей Барысавіч Ярэмчык крывымі пальцамі і пакутнымі думкамі панарадзіў вершаў-слёзаў з ладнае неба; ён плакаў з прыдуркаватых настаўнікаў, якія пнуліся павярнуць хлопчыка на вучнёўскі тор, са сваіх кашнікаў, якія пілі навуку, што цёплы з прыпахам каровінае дабрыні, сырадой, плакаў і са свае каменнае нагі, якая часта не прыводзіла хлопчыка да школы, а цягнула на самае дно свабоды і спакою – у лясныя нетры. “Калі ўжо гэтая школа скончыцца, – думаў хлопчык, – калі ўжо вырасту я, каб ніколі больш не быць малым. Калі, калі, калі...”
Калі Сяргей Барысавіч Ярэмчык падняўся з малалецця, дык паўстала вайна і хлопца забралі на фронт. Ён біў гітляроўцаў і не складаў вершы. Аднойчы, вяртаючыся з вайны, ён выпаў з вагона на чыгуначнай станцыі гарадка, і яму захацелася пагнаць у зямлю карэнні. Пасля ваенных грымотаў яму спадабаўся гэты ціхі наднёманскі гарадок, у якім пахла спакойным ранкам колішняга чалавечага дзяцінства. Але то быў толькі пах-водгук прамінулага і непаразумелага шчасця.
Учорашні ваяр згадваў малыя гады і пакутаваў, што іх болей няма, а ёсць толькі цень ад іх – памяць, задужа сонечная, задужа праўдзівая, свая. “Вось каб на хвіліну стаці гэткім, як быў”, – думаў Сяргей Барысавіч Ярэмчык, блукаючы па вулках; ён прыгадваў свае дзяціныя вершаванні, радкі і словы якіх, што каснікі ў косы, паўпляталіся ў даўнюю пару і разам з хвілінамі, вечнасцямі і той парою збеглі з зямлі і з нябёсаў у нябыт. “Усё прапала, усё пагінула, як у багну ўвалілася. Дык навошта ж тады яно было? Каб болей не быць? Ці што? Ці чаму?”
Аднойчы, гэтак наблукаўшыся, ён запыніўся над Нёмнам, які зносіў з гарадка час і ўвогуле ўсялякую пражытую быўнасць; падумалася, што перамагчы гэтую плынь можна, адно вершуючы свае пачуцці, адно распырскваючы дух свой боскі па паперыне, і дзяцінства забалела па-за сэрцам прыемнай стрэмкаю; ён пабег дахаты, еў там вачыма шэрую паперу, малюючы на ёй паэзію; твар ягоны высыхаў ад думак і пачуццяў і ператвараўся ў твар пакутніка на крыжы; ён чырыў на шэрані словы, пакутліва глынаючы сліну і думкі: “А калі пойдзе ўсё прахам – і словы мае вершаваныя, і папера, і час мой... Шкада мне ўсяго, і гэтае хвілі шкада”; але глынуўшы пакуты, ён з няменшым болем думаў: “Ну, і няхай! Гары яно ўсё прахам! Ды з паўхвіліны пабудуць вершы мае і душа мая. Няхай, няхай жывуць. Хоць будзе чаму прапасці, калі што якое”. І ён чырыў і чырыў.
Сяргей Барысавіч Ярэмчык спачатку працаваў землеўладкавальнікам, а тады яго прызначылі старшынёю гарадкоўскага Савета.
Свае вершы Сяргей Барысавіч Ярэмчык пісаў збольшага ў рускай мове, бо чуў у ёй адмысловы смак, і пісаў на адзіноце, сам з сабою ды з начнымі зоркамі, або з Нёмнавай хваляю, або яшчэ з чымсь вартым даверу і любові; ён нікому не паказваў сваю паэзію, адно калі-нікалі чытаў жонцы тое-сёе; яго і палохала, і шчасціла, і заядала адзінота – было і боязна адкрываць сваю паэзію гарадкоўцам (“а калі не поймуць – што ж тады будзе? засмяюць мяне і вершы, затопчуць, ногі выцяруць...”), і радасна (“сам я сабе пясняр, сам я слухач – жыву без людзей, таямніцаю”), і згрызотна (“ніхто не ведае мае душы, маех вершаў”). Аднойчы згрызоты перамаглі, і Сяргею Барысавічу Ярэмчыку засвярбела пасеяць сваю душу ў душы гарадкоўцаў, і засмылела яму ў сэрцы гэткім неадольным схочам, што ён не стрымаўся і голасна зрынуўся са свае адзіноты да людзей. Верш той быў прынагодны, а нагода здарылася немалая – адкрываўся клуб “40 гадоў БССР”. На адкрыцці тым выступоўцы выказалі людзям шмат цеплыні; а тады са словам у людную залу клуба звярнуўся Сяргей Барысавіч Ярэмчык.
– Шчас я вам, друззя, – сказаў ён усхваляванай птушкаю, – прачытаю сціх, каторы сам жа і сачыніў у чэсць пастраення клуба “40 лет БССР”.
Усе аціхлі; ніхто не думаў, што старшыня піша вершы; Вераніка Аркадзеўна Базар падазрона зірнула на яго. Ён выцягнуў з кішэні паперыну, зашамрэў ёю, пасля выструніўся, абапёрся на яе вачыма, загаварыў паволі і выразна.
Там, гдзе ветры ў зад нам дулі, –захістаўся ўрачыстаю рукою, як дрэва ў навальніцу, Сяргей Барысавіч Ярэмчык, –
Налятая, точна звер,Ён пачаў чытаць пра тое, якое было раней няўдолле, пакуль не збудавалі ў гарадку клуб “40 гадоў БССР”, як гаротна было людзям і як цёмна, а цяпер усё павярнулася на іншы лад, пайшло на людскае. Прысутныя праглынулі словы старшыні задуменна і маўкліва; пасля чытання яны запляскалі ў ладкі і закрычалі: “Правільна!”
Аднак Вераніка Аркадзеўна Базар узлавалася; пасля свята яна паклікала прыхмялелага ад святочных застоліцы і радасці Сяргея Барысавіча Ярэмчыка да сябе ў кабінет і дала прачуханца: маўляў, значыцца, ужо і зусім жыцця не было людскага ў нашым гарадку хоць і год таму назад? і чаму ў вершы ветры дуюць “у зад”, а не “ў ліцо ілі грудзь?”, і чаму вецер, “точна звер?”, і г. д. і г. д.
Сяргей Барысавіч Ярэмчык задумаўся ад словаў Веранікі Аркадзеўны Базар; яму было крыўдна і балюча, што жанчына прыстукнула ягоную душу, як муху. “Не дала пажыці ані паўвечару! Няма на свеце вечнасці!” Ён падумаў: “А калі мяне гэтак кожная кузюрка будзе катаваці, дык што? Як жа мне тады не прапасці назусім? Што? Усё маё, крэўнае, сыдзе без знаку? Навошта ж тады быці і плакаці?” І ён насуперак нягодам-пераменам выступіў з вершам на паседжанні, дзе разглядалася праца гарадкоўскага Дзяржстраху. На паседжанні было поўна начальнікаў з усяго свету і са сталіцы таксама, і Сяргей Барысавіч Ярэмчык, папрасіўшы слова, прамовіў:
– Я вам, таварышчы, шчас свой сціх прачытаю. Как трудна быці агентам у Гастраху.
Начальства аціхла цішэй, як народ у клубе “40 гадоў БССР”. Сяргей Барысавіч як мага няспешнее выцягнуў з вялізных гаматных нагавіцаў паперыну, раскамечыў яе, скамяніў, што аж пабялелі, свае губы і грымнуў з іх усім голасам, на поўныя грудзі. Ён казаў вершам, што цяжка рабіць агенту ў Дзяржстраху, але агент праз гэтае не плача, а стараецца дапамагчы людзям у іхняй бядзе. І якая б бяда ні напаткала чалавека, агент заўжды напагатове, каб прыйсці на дапамогу. Прысутныя зашапталіся, – хтось пырскнуў пырскамі, нехта засмяяўся ручайком, а Вераніка Аркадзеўна Базар моўчкі пачырванела.
Прыйдзёт агент! Я ў эта веру! –Сяргей Барысавіч Ярэмчык сціснуў у кулак левую руку і замахаў ёю над сваёй галавою.
Прыйдзёт, как ласкавы прыліў.Нехта зарагатаў конікам, нехта па-сабачы заскуголіў; а нехта і не смяяўся, але кусаў сабе кулак; толькі Вераніка Аркадзеўна Базар сядзела каменна і сувора – яна дужа прагнявілася праз паэзію Сяргея Барысавіча Ярэмчыка.
На апошнім чатырохрадкоўі ўсе конікі паваліліся галовамі на стол, а ўсе сабачкі пападалі з крэслаў на падлогу, а ўсе тыя, хто не смяяўся, а кусаўся са сваім кулаком, паад'ядалі сабе рукі аж па плечы; толькі Вераніка Аркадзеўна Базар зусім знерухомела, зрабіўшыся бронзавым помнікам і гранітным падножкам. Сяргей Барысавіч Ярэмчык і сам адчуваў, што ў апошнім чатырохрадкоўі ў яго не ўсё ладна з рыфмаю, але яму дужа карцела прачытаць верш даастачы; чамусьці там, у апошнім чатырохрадкоўі, ён лічыў, укладзены самыя галоўныя, самыя шчырыя і самыя нязгасныя сполахі ягонае душы. Таму ён прачытаў алошняе чатырохрадкоўе, перакрыкваючы смех начальства:
Прыйдзёт агент! Я эта чую!Выступленне Сяргея Барысавіча Ярэмчыка раззлаваная Вераніка Аркадзеўна Базар ацаніла як паэтычны несур'ёз, і з прычыны гэткага несур'ёзу жанчына вырашыла зняць яго з пасады. “Трэба яго трохі падкуртачыць, – думала яна. – Каб не псаваў нам болей нашыя мерапрыемствы”. Яна ўжо хацела звяртацца да ўчастковага Байды, каб той упільнаваў нечаканага паэта на якойсь п'янцы, але ў гарадку парвала водаправод, ды гэтак, што вада падмыла пясок пад ледзь жывой хатаю Анціпа Барановіча, і мужыкова халупа, чыста тое парася на лёдзе, параспаўзалася нагамі да розных берагоў. “Ага, Сяргей Барысавіч! – падумала Вераніка Аркадзеўна Базар. – Дабіў ты наш гарадок, што аж хаты ападаюць”.
І Сяргей Барысавіч Ярэмчык змушаны быў пайсці са старшыні Савета на начальніка бойні і прарабіць там да пенсіі. Ён запісаўся ў гарадкоўскае літаб'яднанне і разам з іншымі паэтамі ездзіў па вёсках і выступаў у клубах. Ягоныя вершы складаліся з сумленных і радасных позіркаў шчырых гарадкоўскіх працаўнікоў, з усмешак даяркаў, з жартаў рабочых, з няўрымслівага памкневня ўрачоў, бібліятэкараў, настаўнікаў, касманаўтаў, страхавых агентаў і іншых работнікаў дапамагчы ўсяму чалавецтву ў любой бядзе. Яму аднойчы падумалася, што гэтыя позіркі, жарты, жаданні, улучаныя ў моўны танец вершаў, – таксама ягоная душа. “Няўжо ж і яно, усё гэтае прападзе? з дымам пойдзе?” Калі Сяргей Барысавіч Ярэмчык выйшаў на пенсію і ягоны твар пачаў бялець і высыхаць, для яго гэтае пытанне зрабілася яшчэ больш балючае; ён бесперастанку развітваўся з тым старым і любым светам, што акаляў яго сваёю няўпыннай пагібеллю, а цяперачы чым скарэй крышыўся і гінуў кавалкамі; пустка заставалася ад звычайнага свету, і на пустцы падымалася незразумелая трава-навіна.
Аднойчы, збіраючыся памерці пад гэтым наватраўем, Сяргей Барысавіч Ярэмчык паклікаў да сябе ўжо дарослых дачку ды сына; ён ляжаў на ложку і быў амаль жывы. Слаба гаворачы словамі-пёрхамі, ён ціха растлумачыў-паскардзіўся, як гіне разам з ім ягоны свет і як шкада, што не застаецца ад яго, Сяргея Барысавіча Ярэмчыка, і ягонага свету ні каліва – ані позірку, ані плачу, ані голасу... Яшчэ ён сказаў, маркотна пакідаючы гарадок, свае самыя, як яму падалося, галоўныя словы; яны былі галоўнейшыя нават за ягоную паэзію, і не толькі таму, што былі апошнія, – у іх бо, апрача ўсяго, гучала самая моцная і самая безнадзейная на зямлі вера. Паміраючы, Сяргей Барысавіч Ярэмчык папрасіў слабым дыхам: маўляў, вершы па смерці паэтавае не выкідайце, дзеткі, а ў гарадкоўскую бібліятэку іх трэба перадаць, маўляў, нельга, каб на вершы забылася людства – яны, маўляў, паэтаў след на пяску, то і няхай жывуць, няхай хаця чатыры літары застанецца ад гарадкоўскага паэта...
– Не трэба мне назусім паміраці, – прасіпеў Сяргей Барысавіч Ярэмчык. – Не чатыры, дык няхай хаця дзве літары па мне будуць... хаця б кропелька крыві ад усяго майго мора.