Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Гоп

Здарылася, што старое, як самая кроў, пытанне крыві пайшло да Косціка Малочкі ў падпасавічы ягонае долі; пытанне гэтае на пэўны час сталася нават галоўнай жыццёвай прынукаю, якая падбізуньвала хлопца і... урэшце, праз некалькі стагоддзяў, ператварыла яго ў гультаяватага папіхайлу, якога трэ было ўжо не пугаю ганяць, а трэ было навязваць яму за вухам вужышча ды цягнуць яго па жыцці за карак. Зрэшты, гэтак яно і мусіць быць: кожнае пытанне калі-небудзь пераліваецца з жылаў нянавісці ў жылы расчараванняў; кожны Нёман па часе калі не счане, дык стане.

Косцік Малочка ніколі не быў паўдуркам ні на трошачкі, ні на крышачку; у галаве ягонай было багата ўсялякіх думкаў, але бракавала жыццёвага спрыту – таму ўсе навокал і лічылі яго няўдаліцаю. Ён заўжды рабіў не гэтак, як трэба, і несвоечасова, аднак шчыра; справы ў яго ішлі наўзбоч патрэбнае дарогі, але ж затое ішлі рукою: прыспее час калоць дровы – ён маленькім конікам цягае гной з-пад кабана, надыдзе пара бульбу баранаваць – ён шчапае дровы, аж стае спіна колам, а бывае, засядзе кабан па плечы ў сваёй спарожы, дык хлопец на ўсе ногі бяжыць шукаць барану... І ўсё ён робіць, і праз усё жыве са сваёй заўсёднай прыгаворкаю, на якую захварэў яшчэ ў школьніцтве і якую казаў пры кожнае нагодзе – і калі сонца, было, уставала, і калі не ўставала; апантана, з вачыма, у якіх поўна набегла няўчасных думак, ён бесперастанку клеіў сабе на губу: “Гоп, зялёвая дуброва!”

3 гэтай прыгаворкаю ён надакучыў выкладчыкам і студэнтам, калі вучыўся ў Цюмені на інжынера; у яго і тады розуму было, што не адмахаешся, а спрыту аніякага, дык і назаляў сваім гопаннем і яшчэ ўсялякімі недарэчнымі жартамі пра жанчынаў і пра каханне (хто ведае, можа, калі ён скончыў інстытут, дык шмат якія задураныя тамтэйшыя галовы з палёгкаю заўсміхаліся яму ў спіну).

Ён прыйшоў рабіць у гарадок інжынерам, у будаўнічую арганізацыю, якую ўзначальваў ягоны дзядзька Георгі Савельевіч Малочка. "Няхай робіць пры мне пляменька, – думаў Георгі Савельевіч Малочка, – будзе ў мяне свой чалавек пад бокам”, і неўзабаве ён зрабіў пляменніка сваім намеснікам. Аднак Косцік Малочка пачаў дзівачыць на гэтай пасадзе: яму Георгі Савельевіч Малочка казаў, каб той запускаў у збудаваны дом брыгаду на тынкоўку, а ён вёў тынкоўшчыкаў парадкаваць тэрыторыю арганізацыі; стрый загадваў вазіць цэмент з Ваўкавыска, а пляменнік увечары апраўдваўся: маўляў, зялёна дуброва, і вапна ж – не сабачае дзярмо, вапна ж нам таксама, дзядзя, прыдасца, ці, можа, скажаце, што не?! Дзядзька пасылаў зваршчыкаў водаправод варыць, а ён браў зваршчыкаў з водаправода ды вёз іх на чыгуначную станцыю разгружаць вагон з вуглём (вугаль – самае галоўнае, дзядзя, – апраўдваўся хлопец пасля таго, як зваршчыкі, звечарэлыя, што негры, і зняможаныя, бы калгасныя коні, прыйшлі ў начальнікаваў кабінет ды паскардзіліся на сваю паганую долю, – не будзе вугалю, дзядзя, то і нічога ўвогуле не будзе – ні водаправодаў, ні зваршчыкаў...) І'оп, зялёная дуброва!

“Во не думаў, што Косцік гэтакі таўкач! – бедаваў Георгі Савельевіч Малочка. – Што ж мне цяперачы рабіці? І ўніз не папхнеш – родны ж чалавек, і ўверх паднімаць няма ўжо куды”.

Ён вырашыў пакінуць Косціка Малочку на месцы, але не падпускаць яго блізка да справаў. І Косцік Малочка без працы пачаў сыцець; памалу ён аброс салам і згультаіўся. У яго вывернула навыкруць жывот, а сам ён ператварыўся ў мажнога сланаватага дзядзьку. Ён амаль нічога не рабіў; цягам марудных дзён ён талачыўся ў канторы, шалаўся з кабінета ў кабінет, чапіўся да людзей з надакучлівымі тупарэзнымі жартамі пра жанчын ды гопаў сваёй дуброваю, а бывала, знікаў куды-небудзь з вачэй, сказаўшы: “Пайшоў я на аб'ект паглядзеці”. “Во і вазьмі сабе Косціка, – думаў Георгі Савельевіч Малочка, – і зрабі яго намеснікам. Столькі ў мяне на гэтага гада злосці, што хоць ты яго параздзірай, як шмакадзяўку!”

Яшчэ Косцік Малочка прыахвоціўся піць гарэлку ды мыцца ў лазні. Лазня ў арганізацыі была добрая, з басейнам, і Косцік Малочка любіў, задурэўшы ад гарэлкі і гарачага духу, скочыць у ваду, вынырнуць ды гаркнуць на ўсе галасы “зялёну дуброву”. А яшчэ ён любіў – калі ў басейне вада белая, празрыстая (з хлоркаю); тады яна ператваралася ў сонечнае святло, і яе не было, а была проста чысціня, і Косцік Малочка валіўся прама пузам у чысціню, як лешч у раку-малітву, і прыемна тапіўся ў ёй.

Аднак гэтая шчаслівая пара некалі мінулася; Георгі Савельевіч Малочка, дбаючы пра сваіх крэўнікаў, пачаў прадаваць сваякам па сваяцкім кошце грузавікі, трактары, краны, цэмент і фарбу, што належалі арганізацыі. Праз тое яго знялі з пасады, і ён пайшоў загадваць курсамі шафёраў у ДТСАФ. На ягонае месца паставілі Вікенція Альфрэдавіча Шчуку, і Вікенці Альфрэдавіч Шчука займеў на Косціка Малочку крывату.

Адразу ж новы начальнік забараніў Косціку Малочку піць гарэлку і гэтак часта мыцца ў лазні. Вікенці Альфрэдавіч Шчука надаваў хлопцу тры тысячы даручэнняў, і Косцік Малочка пачаў іх выконваць, як гэта ён умеў, няўлад. “Мабыць, знарок, гадзіна, шкодзіць мне, – думаў начальнік, – помсціць, гадасць, бруха сабе надзьмуўшы, за дзядзьку свайго”.

І Косцік Малочка, завяўшы цягам доўгіх гадоў без працы, шкодзіў патроху, аднак ужо не гарэў, як калісьці, а рабіў усё гультаявата, з-пад прынукі, і таму праца ягоная ўсё часцей выдавала не на няўрымслівую дураватасць, як то здаралася раней, – выглядала яна як свядомае гадзючанне ў чыстай хаце. “Трэба выганяці крывапузага, – думаў Вікенці Альфрэдавіч Шчука, – пакуль апошняе не перапэцкаў... смярдзіць, ля, пад маім носам, як быццам у мяне сваіх пляменнікаў мала...” Калі зрабілася зусім неўцярпець, Вікенці Альфрэдавіч Шчука паклікаў да сябе Косціка Малочку і ціха з-за злосных зубоў прарычэў:

– Выжану я цябе адсюль, гадасць ты! Хіба што сам лепей ідзі, бо як не пойдзеш – буду цябе дымам труціці. Участковага Байду на цябе навяду, гад ты гадкі! Або сам цябе я задушу, як тую шмакадзявачку!

Ён пачаў штодня выклікаць да сябе Косціка Малочку і чыніць яму гразу: маўляў, прыдушу калі-небудзь уночы! ідзі ад мяне, каб і не смярдзела! Аднак ягоныя кляты ды яму ж і ў пяты: Вікенці Альфрэдавіч Шчука, наведваючы неяк будоўлю, пахіснуўся на прыступках, зачапіўся за якісь цвік ці дрот, паляцеў і гэтак выкруціў сабе нагу, што ажно лёг у шпіталь.

Як толькі Косцік Малочка даведаўся, што начальніка забралі да шпіталя, ён загадаў паліць у лазні; набраўшы як болей гарэлкі, ён ды іншыя канторскія радаваліся па-дзіцячы, пырскалі з кранаў ды лаганкаў вясёлай разліванкаю і смяяліся шчаслівымі голымі сядзючкамі. А потым ачмурэлы ад гарэлкі і гарачага духу Косцік Малочка злез з палка ды падаўся да басейна; ён п'янавата ўперыўся ў сонечную чысціню, што плавала ў басейне, а тады падскочыў і распешчавым бачкаватым жыватом бразнуўся ў яе. Але чысціня за гэтым разам была не вадзяная, а паветраная – ваду напусціць ці то забыліся, ці то штось у кране зламалася; і Косцік Малочка, чыста лешч аб цяжкое цвёрдае неба, пляснуўся пузам на бетоннае дно.

– ...зялёна-а дуброва-а! – прастагнаў ён з ямы ад нечаканасці, выпускаючы з сябе боль.

Хлопец паламаў руку і дзве рабрыны; яго адвезлі ў шпіталь, заглінілі там гіпсам ды паклалі акурат у той жа пакой, дзе ляжаў з выкручанай нагою ягоны начальнік. Вікенці Альфрэдавіч Шчука, учуўшы, што ад Косціка Малочкі тхне гарэлкаю, узмужнеў; ён падняўся з ложка і дрыготкімі рукамі ды мыліцамі дапяўся да тэлефона ў калідоры і сваімі тэлефанаваннямі паўстурыў палову гарадка; пра п'яное здарэнне свайго намесніка ён паведаміў у тым ліку і Вераніцы Аркадзеўне Базар, і яна мігам з'явілася разам з участковым Байдам у шпіталі, каб панюхаць хлопца. Вераніка Аркадзеўна Базар загадала зрабіць небараку выбарок, і з ацалелае рукі Косціка Малочкі адкачалі трохі крыві на тое, каб мець проці яго законны довад, што ныраў п'яны. “Трэба мне ўжо да дзядзі за ім жа ўслед падавацца, пакуль віламі не поруць, – думаў з-пад гіпсу хлопец, – мо якім інструктарам прыдамся ў дасаафе...”

Але самахоць пайсці не ўдалося; малочкаўская кроў, узняўшы Косціка Малочку да начальніцкіх вышыняў, гэтага разу зніжыла яго нізка – да бруку на цэнтральнае гарадкоўскае вуліцы; і Вікенці Альфрэдавіч Шчука звольніў яго па артыкуле на падставе гнілых, на думку начальніка, аналізаў, за п'янства.

Кроў жа Косціка Малочкі зленавалася, як кот на печы, і была колеру далёкіх мараў, адарваных ад зямлі; яна нагадвала лужыну ўкормленага, неглыбокага, але заўсёднага спакою; гэтую лужыну Вікенці Альфрэдавіч Шчука вырашыў пусціць скачам, і кроў скокнула, а мо гэтак толькі здалося; мо і не скокнула, а ўсяго толькі, шчабоўкнуўшы, пусціўшы кругі, патануў у ёй чарговы, мільённы сцёб пугі; “гоп, зялёная дуброва!”