Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Чорнае вуха

Неяк незаўважна, цягам гадоў хаваючыся ад змроку і святла, у душы Стася Сака спеліўся недавер наконт шчырасці гарадкоўскіх берагоў дый неба і вады; Стась Сак запасочыў, што ва ўсёй вакольнай узнёсласці жыцця тоіцца начной птушкаю дзесь у небачноце, а бывае, шкрабецца, як тая мыш у падхацці, крывіна. І аднойчы запасока ператварылася ў перакананасць. То здарылася таго дня, як крывіна вялізным чорным вухам вылезла з-пад чыстага снегу; дык Стась Сак і ўпэўніўся ў жыццёвай мане тады.

Чорнае вуха бязлітасна вытыркнулася са снегу велічэзным лапцем на падворку загадчыка нарыхтоўчае канторы Казіміра Іосіфавіча Курыловіча. Стась жа Сак таго дня глядзеў Курыловічаву каналізацыю, якая чамусь заглынулася, і позірк сантэхніка раптам спатыкнуўся з чорнай адзінокай патырчакаю. “Ля, а чаго гэта яно тама тырчыць, і пасярод агарода?” – зацікавіўся Стась Сак. Ён скіраваў да вуха, пацягнуў за яго, і з-пад снегу выйшла аграмадная, з пакутаю на мызе бычыная галава; “няўжо?!"; лапцяватае вуха да таго ж было і не пустое і адзінокае: на ім завушніцаю вісела пластмасавая калгасная познатка-таўро; і Стась Сак улет усё зразумеў: крывыя гарадок і жыццё, манюшчыя, няма нідзе шчырасці...

“Што, Казімір Іосіфавіч? – падумаў крывяністай гарачынёю Стась Сак. – Скушаў ты калгаснага бычка? Увагнаў бодзю ў бруха?” Мужык азірнуўся: ля дрывотні, пад паветкаю, валялася драная радзюжка; “...пачакай жа, сволач... ляксаю з цябе засвішча тваё жраннё... калом яно табе стане...” Пад брэх сабачае гайні (у загарадцы па-за агародам Казімір Іосіфавіч Курыловіч зрабіў сабачнік і панаразводзіў злыя зубастыя вочы) Стась Сак загарнуў у радзюжку цяжкую бычыную галаву; ён шпарка вылецеў прэч з двара ды наўгрунь, каб не дагналі і не злапілі, пабег па вуліцы.

Ён уламіўся ў кабінет да Веранікі Аркадзеўны Базар, мінуўшы звягі сакратаркі і абурэнні чаргі; Вераніка Аркадзеўна Базар у тым часе размаўляла з адзінокай, старой і няшчаснай Груськай Шкіркаю пра бяду і, як Стась Сак убіўся ў дзверы, сувора і магутна насупіла-наносіла ўладарныя бровы. Але мужык на гэтае і не паглядаў. Ён задышна прамовіў, не вітаючыся:

– Во, довада прыпёр насілу! Засмярдзела ў нас нячыста, Аркадзейна! Не ўсё ў жыцці гэтак светла, як мы думалі!

І ён прама на стол да Веранікі Аркадзеўны Базар грымнуў закручаны ў радзюжку ўледавелы доказ.

– Зачэм гэта? – папыталася яна і сярдзіта, і разгублена.

– А вы жа самі радзюжку пагарніце, – крывяніста гарэў Стась Сак. – Інцярэснее будзе!

Вераніка Аркадзеўна Базар разгарнула радзюжку і адскочыла – бык бадануў ёй у вочы двума прыпаленымі ў цялячым дзяцінстве рагамі-гузакамі.

– Зачэм гэта вы! – яшчэ болей усердавала і ўюшылася жанчына.

– А людцы! – слаба прастагнала Груська Шкірка.

Стась Сак распаліўся яшчэ горш: кроў ягоная ўзварылася агнявым кіпнем. Ён распавёў пра ўсё, і крэслы ў кабінеце раптам аціхлі; усё наўкола збянтэжана маўчала, толькі мужык бедаваў амаль крычма:

– Глядзіце, ля, на вуха, Аркадзейна!.. Штэмпаль, ля, калгасны!.. Змалоў Ёсіпавіч бычка, і разам з касцямі!.. Паўтоны мяса!.. Нясветла ж усё і нячыста!.. Фэ!..

Саслабелая на немач Груська Шкірка раптам таксама наахвоцілася маўчыню папароць; следма за бедаваннямі Стася Сака яна заплакала слязьмі і слінаю ў вуха Вераніцы Аркадзеўне Базар:

– А божа-божа! Змалоў Ёсіпавіч бычка!.. А ў мяне ж дроваў – ані палена. А як мне да вясны не замерзнуці? Скажы жа, Стасічак. Аркадзейна, га? Няма ў мяне брыкету... Памерці я хачу...

А Стась Сак у другое вуха Вераніцы Аркадзеўны Базар зарычэў ваўком:

– Паўтоны мяса, Аркадзейна!.. Хіба ж гэта чэсна!.. Хіба ж можна, калі во людзей сцюжа вымарожвае!..

Вераніка Аркадзеўна Базар і самая ўсхапілася гарачай крывёю: “Алі, Іосіфавіч гэты! такі ўжо пусталобы! нават красці не навучыўся!”; яна паабяцала Грусьцы Шкірцы, што тая не прападзе, а Казіміра Іосіфавіча Курыловіча вырашыла грунтоўна праверыць, ды з міліцыяю.

Аднак калі ўчастковы Байда правёў следства, дык высветлілася, што Казімір Іосіфавіч Курыловіч не краў і не еў; бык быў здохлы, і яго збіраліся везці ў яму ды паліць, ажно Казімір Іосіфавіч Курыловіч умовіўся з калгасным начальствам, каб забраць мяса на скорм сваім нялічаным сабакам – загадчык заготканторы быў запальны паляўнічы і гадаваў ганчакоў без меры, пад кожны лясны пень.

– Што я, дурны ці вінаваты, каб тую хваробу есці!.. – апраўдваўся Казімір Іосіфавіч Курыловіч перад начальствам. – Верце мне, Вераніка Аркадзеўна! Ані граму ў рот сабе не паклаў – усё пайшло сабакам! Што вы думаеце, мне есці няма чаго, акрамя як здыхату? Ці што?

І ўсе пагадзіліся з ім, ды Стась Сак – не; не даваў веры мужык; ён бесперастанку скардзіўся Вераніцы Аркадзеўне Базар, пакуль не дацяміў, што ўсё дарэмна... Тады ён напісаў кудысьці ў вышыню скаргу: “...Нічаго нільзя прыдпрыняці, бо гэтая Базар Вераніка Аркадзейна і Ёсіпавіч любюцца, хоць е ў іх сынкі і муж, і жана е. І тая і гэты вялікія зладюшкі. Гэта нівазможна. То прыіжайці да нас і мы будям радыі іх наказаці штобы прыйшоў да нас навекі мір і харошая дружба”. Але і праверка, што прыехала адкульсьці звыш, была дарэмнаю – Казімір Іосіфавіч Курыловіч ад таго зусім не пацярпеў. “Упёр, свалачына, быка ў бруха, – думаў пануры Стась Сак, – а цяперка яшчэ ўсіх і падкупіў”.

Ён напісаў яшчэ, а тады яшчэ; але Казіміра Іосіфавіча Курыловіча не садзілі.

У тым часе надышла вясна, і бычыная галава, якую Стась Сак трымаў на сваім гаўбцы і якую ён насіў на ўсе праверкі, што зляталіся ў гарадок на ягоныя скаргі, пачала нядобра патыхаць; давялося яе закапаць; Стась Сак адно пакінуў сабе таўро.

Ён слаў і слаў лісты кудысь у невядомую краіну, думаючы аб страчаным шчасці, калі ён усяго толькі здагадваўся пра няшчырасць гарадкоўскага жыцця, але не даваў веры, што яна, няшчырасць тая, вядзецца; як жа вярнуць той старадаўні прысмак? – думаў ён. Аднак праверкі спыніліся нейкага дня, і на ягоныя лісты пайшлі кароткія гультаяватыя адказы пэўна што, на думку Стася Сака, падкупленых Казімірам Іосіфавічам Курыловічам чыноўнікаў. Мужык маркотна збіраў гэтыя лісты на нейкі невядомы, заўтрашні і, магчыма, бясконцы бой за праўду; часта мужыку не верылася, што можна вось так лёгка ўраз увапхнуць у чэрава ўсю гарадкоўскую справядлівасць і ператварыць яе ў кучу смярдзючых чыноўніцкіх папер. Разумеючы сваё слабасілле ў спробах асланіць рэшткі апошняе веры, ён толькі цяжка ўздыхаў, разганяючы па жылах скрушную, гарачую думку; яму нічога больш не заставалася ў ягоным змаганні, як, спаткаўшы на вуліцы Казіміра Іосіфавіча Курыловіча, тыцкаць пальцам у магутнае конскае пуза загадчыка і як грамчэй, каб чула вуліца, крычаць у ачырвонены, збянтэжаны твар:

– Алі ўжо ў вас і гарбуз!.. Во нагадаваў! То выпускайце, Ёсіпавіч, бычка! Няхай, ля, пабегае трохі! Хай па траўцы паходзіць! Пусцеце яго з бруха!.. Алі! Не наясцёся вы аніяк! Самы вы галодны!.. Выганяйце жа, Ёсіпавіч, бычка з хлява свайго брухастага!..