Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Свет у кішэні

Уладзіміру Рыгоравічу Правасуду

Скінутая звыш у зямны вырай нейкім збратным людству ўсеваладаром духоўшчына, тая самая духоўшчына несканечнага цугу пісьменнікаў і навукоўцаў, праблукаўшы бесхацінкаю ў бяздарных сутарэннях, асялілася нарэшце ў душы Міколы Кавальчука; яна бяссонна явілася паэтнымі мроямі, і хлопец вымалёўваў тыя мроі на паперы вершаванымі слупкамі. Ён прыехаў у гарадок працаваць у тутэйшай газеце, калі па Нёмне толькі зачынала плысці пара заслёпнага спакою і адушнае ды святое дабрыні. Тады хлопцу паэцілася ўсімі зямнымі істотамі; і кахалася ўсімі паэтамі сусветнае разлегласці таксама, тады; “... калі ж усё гэткае камарынае і для душы замалое, дык няхай жа хаця ў сэрцы каханне ды паэты будуць...”

У хуткім часе сталася гэтак, што сябе зрабілася аж да нясцерпу зашмат для зашчасліўленага спакоем выраю і ягонае бяздарнасці, якая сям-там пракідалася між сытых і задаволеных вачэй. “Ну, хіба ж гэта справядліва, – думаў збянтэжаны Мікола Кавальчук, – што я большы за ўсё, а ўсё гэткае малюпатае, што аж нельга на язык накласці, каб як асмакаваці”; сапраўды, наваколля было на камарыны чых, а Міколы Кавальчука – аж на несканечную хвіліну вечнасці; хлопцу не ставала заўсёды нечага; не ставала зямных словаў ды пачуццяў, або не ставала паперы для вершаў, або дней і ночаў для дней і ночаў; і было яму замала ручаёў з жанчынаў і хмелістых напояў. Вось тады ў гэты здрабнелы сусвет і зазірнуў старшыня аднаго з наднёманскіх калгасаў Адольф Карлавіч Зыгмунт. Ён з'явіўся ў рэдакцыйным кабінеце перад Міколам Кавальчуком і пачаў жаліцца, схіліўшы долу вялізны багрысты твар:

– Алі цяжко мне! Не магу я, Коля ты мой любы!.. Кандыдацкую ж яшчэ неяк агораў, а дохтурскую аніяк, Колічак, не змастачу. Усярэдзіне ў мяне нешто ўсё аніяк не прарвецца, каб палілося, нешто клапанэ заело, а ў галаве неяк слабо, і думаці не хочацца, – і Адольф Карлавіч Зыгмунт бездапаможна выдыхнуў: – То, Міколка, га, памажы мне. Напішы жа ты мне дысертацыю, га?

Адольф Карлавіч Зыгмунт вахіліўся як бліжэй да Міколы Кавальчука і прама ў здзіўлёныя вочы загадкава, па-змоўніцку прашаптаў сваёй чырванню:

– Га, Міколка? Памажы... напішы, як боб цвіце ўлетку. А яшчэ лепей... у мяне прамо ў воку стаіць... раскажы-тка ты, Міколка, у навучнай рабоці, што зачэм гэта з семачак гарбузэ вырастаюць неўзабаве...

Дык Мікола Кавальчук доўга не думаў:

– Давай, Карлавіч, бяры кабана на плечы ды чым запіці і пры сюды – то будзеш тады і дохтурам.

І Адольф Карлавіч Зыгмунт, учырванелы ад натугі і здароўя, прытарабаніў да Міколы Кавальчука на плячах мех, поўны сяброўскага падмаслення, ды сшытак, у які старшыня з году ў год занатоўваў уласныя гарбузовыя назіранні і здагадкі. “Хрэн з ім, зраблю доктарскую, – думаў хлопец. – Трэба чалавеку дапамагаці, калі ж чалавек – ёлупень”. Заедак той з запіткам доўга не марнаваліся – Мікола Кавальчук іх хутка ператварыў у натхненне, праглынуўшы ўсё на пару з Адольфам жа Карлавічам Зыгмунтам; дый дысертацыя вылецела з-пад рукі паэтна і імкліва, як ластаўка з палону; і Адольф Карлавіч Зыгмунт зрабіўся доктарам.

Пра пісьменніцкі талент хлопца пайшоў па свеце розгалас; да Міколы Кавальчука пакаляініўся цуг усялякіх просьбаў: ішлі замучаныя аспіранты, якія аніяк не маглі патрапіць у тую шчасную долю, каб напісаць дысертацыю, ішлі начальнікі вялікія і малыя, якія праглі выступіць з артыкулам у якой-колечы цэнтральнай газеце, ішлі недапечаныя начальнікі-публіцысты – ім патрэбяая была палымяная брашура пад уласным імем, у якой палымянілася б услава роднага гарадка і асабістага працоўнага подзвігу, прыходзіла час-парою і Вераніка Аркадзеўна Базар па даклад на сесіі ці на свяце; “ай, трэба людзям дапамагаць, – думаў Мікола Кавальчук, – калі ж ёлупы”; і дапамагаў.

Па пэўным часе ён вымкнуў з гарадка і паляцеў да сталіцы; але ж і .там вузкі кульцяпісты свет быў замалы для стопаэтнае душы Міколы Кавальчука, і там было поўна бяздольных і замызганых ёлупаў з крывымі пальцамі і з затупленымі абухаватымі думкамі; і там трэ было ратаваць, дапамагаць, цягнуць за вушы з ямы на святло. І Мікола Кавальчук, напісаўшы чарговую кніжку сваіх уласных вершаў, браўся за кніжкі ёлупаў; Мікола Кавальчук заточваў ёлупам мазгу, выпростваў іхнія пальцы, мыў іхні закарэлы лыч і, надаўшы ім больш-менш прыстойны выгляд, выпраўляў іх ці то ў творчы саюз, ці то ў вялікую навуку, ці то ў вялікую гісторыю; ёлупаў было шмат – тысячы і болей, але Міколу Кавальчуку тое зусім не замінала: і тысяча-, і мільённа-, і мільярднадурагалоўе было для яго ўсяго нейкай дробнай парушынаю ў нейкім дробным кішанёвым сусвеце; “...аж крыўдна бывае, што свет – з камарыны нос... як мне ў яго ўціснуцца?..”

Калі-небудзь Мікола Кавальчук прыязджаў у гарадок з няблізкае, амаль цюменістае сталіцы, каб праведаць сваякоў; тады ён браў чарку з участковым Байдам, які суседзіў з ягонай радзінаю, і на пытанне міліцыянта “чэм займаісся?” шчыра адказваў у напханы разяўленым здзіўленнем і захапленнем рот сумоўніка:

– ... от, тут адному свінтухайлу зборнік гумарэсак перапісваю... хай будзе... трэба дапамагаці чалавеку, калі ж ён свінтухайла...

– ... ай, дысертацыю пішу пра атамны рэактар... трапіўся мне тут адзін тупалобы, дык трэба ратаваці ...

– ... бізнесмену ўспаміны шрайбую, як той калісь у астрозе сядзеў... шкада неяк чалавека: грошай шмат, а мазгі аніякае вяма...

А было, што Мікола Кавальчук ратаваў іначай, не пісьмом, і рот участковага Байды звісаў аж да падлогі спанталыжаным сквапным невадам; рот лавіў вялізазныя ляшчы-бываліцы пра тое, як Мікола Кавальчук апантана выцягваў з астрога нейкага свалачугу (“... шкада зрабілася свалачугу за тое, што свалачуга ж ён...”), як кагосьці падымаў з магілы заморскімі лекамі, як выбіваў камусьці кватэру...

...Агорнуты сусветнай безладдзю, Мікола Кавальчук усё адно не рашчыняўся ў дробязях, бо быў большы ад іх і быў вялікшы нават, чымся сам-жывы; гэты бязладны свет стаўся адно забаўкаю, кішанёвай прыналежнасцю Міколы Кавальчука; пасівелы ад гадоў, перапіўшы і ўсё роўна недапіўшы Нёмнаў хмель усімі сваімі бясконцымі паэтамі і ўсімі сваімі бяздоннымі вершамі, мужчына штодня выцягваў з кішэні няўладжаны гарадок і сусвет, страсаў з іх пыл, парадкаваў, чысціў, ахайваў і, вясёла падкінуўшы ды злавіўшы, апускаў іх назад, у сваю кішэню.

І толькі ў вачах участковага Байды адная Кавальчукова дробязь выклікала незагойную запасоку; міліцыянт ніяк не мог даўмецца, як жа гэта сталася, што Мікола Кавальчук сам не паступіў ні ў якісь пісьменніцкі саюз, ні ў якіясь прафесары, ні ў якіясь дактары... Бадай што гэтае і Мікола Кавальчук не мог уцямна растлумачыць, дый не надта ён імкнуўся шукаць на тое тлумачэнні; урэшце, гэтая драбяза была самая дробная сярод тых драбніцаў-хібкоў, якія ён штодзённа і нястомна выпраўляў; гэтае забыццё на сябе ўрэшце можна дараваць чалавеку, які заняты добраўпарадкаваннем свету і які заўжды і вечна выпускае з набрынялае сусветнай духоўшчынаю душы птушыныя чароды-кніжкі, пазначыўшы на іх уласнае імя, і выпускае птушыныя зграі-кніжкі, напісаўшы на іх няшчасныя імёны ёлупаў. Ва ўсялякім разе несправядліва, калі далёкі бог-брат не абдзеліць хаця чым чалавека, зрабіўшы яго пры тым неабдымным, як творчасць, і бясконца жывым, як глыбіня, даўшы натхненне на кожную зямную дробязь і на кожную незямную вечнасць.