Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Гарачы напой

Злая доля атабарылася ў Клепачовай сям'і: бацька, Веня Кляпач, піў чалавечую кроў; ён гарачыўся людскай крывёю а тых хвілях, калі схалолая ў асалодлівае жудасці душа павучылася ззябла...

Праз гатае замужніца маленькага, з лютай кішкаю ў галаве мужыка ўсей свой жаноцкі век прахварэла на горкач у сэрцы; ейнае ціхае сэрца памалу памірала, горка і нягучна, як памірае трава, і вочы расплёскваліся крыўдлівымі, пакутлівымі рэкамі.

Для Вені ж то былі рэкі асалоды і ўнутранага шчасця, прыхаванага ў нейкай апошняй крывінцы ягонага сэрца. Спачатку, першыя гады пасля вяселля, ён біў жонку за малы пасаг; Веню здавалася, што яго падманулі, даўшы мала за нявестаю, і ён доўга думаў пра сваю крыўду, каўтаючы гарэлку; як браў, дык гару на возе ўпраўлялі, а як узяў – куфэрачак з прасцінямі падарылі; “...абяцалі ж рай, а я, дурань, чакаў-чакаў ды пачаканкі з'еў...” Аднак па часе яму абрыдла гэтая крыўда, і мужык пачаў біцца проста з таго, што п'яны.

Калі быў цвярозы, дык шчасця і асалоды ад бою ані, і ўсё знікала, апрача пустое гарадкоўскае маруды; а як вып'е, дык свет салодка брыняе неспадзеўнай-невытлумнай чэрыўнай збудаю. П'яное быццё было поўнае, як паводка, і Веню кідала хвалямі; і кулакі аж хрумсцяць – гэтак ім смыліць пайсці на малацьбу. Тады ён браў жонку за валасы і званіў аб сцены ейнай галавою, або хапаў за ногі і араў падлогу ейным самотным, заўжды сплаканым носам, або брыкаў яе пад дых, або рукі ёй на вузлы завіваў, або пушыў ейны твар кулакамі... Ён дыхаў замест паветра хліпамі і стогнамі невялічкага, як камар, жончынага цела; мужык надыхаецца гэтак поўна, што глынуць больш няма чаго, угрэецца, і тады твар вараным ракам схіляе над плачам: а што, Ганця, курва ты, чаму ж не кажаш дзякуй за маю ласку?; у самыя смачныя хвіліны крывапіўства Венеў твар нічога не гаварыў, адно варушыў злоснай губаю, блішчэў глумліва, скаламучанымі вачыма забягаў у гарованы позірк жонкі. “А чаму б не забраць трохі крыві, – зрэдку думаў Веня, – калі ж Ганця свой чалавек і мая”. Ён задумваўся са свае долі і, нахарчаваўшыся катаваннямі, казаў сабе калі-нікалі: я, можа, і не біў бы, але ж б'ю, і нічога тут не зробіш, доля бо ў мяне такая – таўчы.

І Ганця пакрысе памірала; ёй устыла жыць, і яна жыла толькі таму, што так трэба. Яна ціха, нікому нічога не гаворачы, адно замутнёнай у слязах столі, скардзілася на нешанцунак; ляжала, пускала рэкі – нібы слязьмі змыеш з сябе Веневы кулакі – і затопленай столі тлумачыла, чаму ёй няміла; “...хай бы ўжо насмерць закатаваў Венька гэты, бо ўсё б'е і ніяк не заб'е”. Яна думала некалькі разоў, што, відаць, гэткая ў яе доля – каб таўклі і не да канца. Аднойчы, разважаючы пра гэтае, яна пачула, як ейнае сэрца пайшло шукаць лад са светам; яно затахкала зусім ціхутка – гэтак ніколі не было, – а тады ўвогуле амірылася.

Доўгага часу Веня не знаходзіў усцехі з гэтага; ля жончынае труны яму самому плакалася не менш за колісь бітую Ганцю, быццам усё жыццё ён не грымачыў яе, а пеставаў. У першыя ночы пасля расстання ён прачынаўся і хліпаў у падушку: “Навошта гэты злом на мяне, усё роўна што меншае кузюркі, як Кляпач, не бывае на свеце, быццам больш няма каго заненавідзець”. Раніцаю мужык напіваўся, і ягоныя кулакі хрумсцелі, а Ганці не было; каго цяпер яму біць? і каго мілаваць? дзе слёзны Нёман? дзе ноўныя берагі гарачае і любае крыві? дзе Ганця, жывая і сплаканая? каго цяперачы хаця бы пакахаць?

Урэшце ён знайшоў сабе патолю – вялізную, як хмара, кабету; ён быў блыхою проці яе і адчуваў каханне. Мая ты Марыначка, – пасля працы на заводзе Веня туліўся да ейных грудзей-вядзернікаў, седзячы на нёманскім, яшчэ сіберным ад расталае зімы ветры, – як жа ж ты мне ўпала, аж не магу я больш. Марына заўжды была без хаты і таты, заўжды была без долі і ў свае сіроцкія сорак гадоў, асірацеўшы ўшчэнт пасля смерці паўдуркаватага мужа з заўсёдна сліматай губою, шукала, каб выйсці за каго замуж. Ёй было добра, што Веня туліцца да яе на рацэ, яна хвалявалася – хаця і стамілася за дзень працы на заводзе – і ўпошапт прамаўляла: і ты мне ўпаў, Вянё, аж не магу. Хутка ён прывёў Марыну дахаты і пашлюбіўся з ёю; “...божа-божа, – думаў Веня, – гэта ж колькі ў ёй можа быць нясплаканых і нявыпітых рэкаў”.

Шлюб іхні прыпаў акурат на вяселле Веневага сына, што скахаўся з маленькай чорненькай галубкаю, за якою абяцалі багата дабра. Мужык радаваўся за сына; “...абы б толькі не ашукалі, як некалі мяне”. Седзячы за ап'янелым вясельным сталом, Веня буслікі глынаў; ён накаўтаўся дагэтуль, што з галавою накрыла; яму з холаду ў душы заманулася не гарэлкі, а цёплае і роднае Ганцевае пакуты – от бы каб ну паўчарачкі! Але Ганці не было; затое сядзела Марына побач. Мужык думаў: “Алі Воўчык мой малайчына, а не гэтак, як ягоны татка. Хлопец дзеўку не проста падабраў, а ўзяў з зажыткам. А ягоны татка шго? Узяў сабе гэную Марыну, а што яна мае? Адно цыцкі, а апрача цыцак – пуза, як дзіравы мех: усё глынае ды глынае... І мяне, ля, праглыне зара... За другім разам ашукалі Воўчыкава татку...” А Воўчык таксама быў на падпітку; думаў ён п'яной радасцю: “Во прыпала ўсё адно да аднаго: і ў таты свята, і ў мяне свята, і куды плюнеш, там і свята...” І гарадок танчыў, і бручок на дарозе, і неба з аблокамі; а пеўні з курачкамі польку вытропвалі, а свінкі “Цячэ вада ў ярок” вялі, а камарыкі ж камарых за бокі шчыкалі – ай, вясёла! Ад таго было Воўчыку радасна, што ўсё ўсюды танчыць і гудзе, а Веню было ад гэтага крыўдна, і ён піў яшчэ і яшчэ, але пітво пілося не тое, не салодкае, не Ганцевым болем яно пахла. “Ані дохлага качаняці па-за той Марынаю, ані коткі блышывага – нічога няма. Во ажаніўся!” У ім усё болей прачынаўся той час, калі было так спатольна купацца ў Ганцевых рэках. Ягоная таемная крывінка занудзілася, укалола сэрца прыпамінкамі крывапіўства. Даўно ён не піў крыві, а тутака, ля, побач, Марынка-ашуканка сядзіць. Ён прычакаў часу, калі Марына паднялася з-за вясёлага стала ды пайшла за пуню; ён дагнаў яе на агародзе.

– Дык шго, Марыначка, хітрая ты! – прымружыў пад ілбом злыя вочы ачмурэлы ад гарэлкі Веня; ён падумаў: “Аёй, колькі ж у ёй усялякіх рэкаў!” – Палянь-тка: у мяне, ля, усё – і гаспадарачка, і гародчык. А ў цябе ж ані слівіны чарвівае. Дык што ж ты?.. Вуня Воўчыку абяцалі даць за жонкаю кароўку. А яшчэ, кажуць, пагледзімо, дык і парсючка да кароўкі прыладзім. А ты, хітрая, ля, са сваімі цыцкамі да мяне... То на табе!..

І тыц кулаком у жывот, аж войкнула разгубленая Марына, і тыц ізноў, а тады яшчэ; “...зараз во, яшчэ трохі – пальецца пітво...”; і ў квадратную пашчэмку цаляў, ды не дастаў – далёка. Але што той Веня як на Марыну – што жаба наўпроць капыта. Тая ачомалася трохі ад разгубы ды кажа:

– Калі ж ты гэтак, то на табе, Вянё, парсючка! – і дух у грудзі. – Ды на табе, каб ты, Вянё, хаця не думаў нешта не тое, кароўку! – і плясь па карку.

І махане, і махаве; то Веня і лёг у баразне. Яго адтуль перад разяўленымі гасцямі Воўчык падняў; твар у бацькі, як гусі пашчыпалі, – плямамі, і ў баразну твар гэны кіслым бураком глядзіць.

– Алі, тата, табе звяруга трапілася! – прамовіў Воўчык; а плямы на твары чырвоныя і белыя, вочы, як крапівою стрыкалі, усяго ці то баяцца, ці то стыдаюцца, ніжняя губа пустой торбаю вісіць; Воўчыку захацелася суцешыць бацьку, дык сказаў ён прама ў плямы, у вочы мітуслівыя, у торбу: – Нічога, тата, ні бяды, усе ж людзі трываюць з нечага, то і ты сцярпіш.

Веня замарокаю агарнуўся: некалькі дзён пасля вяселля хадзіў без душы, адно целам. Ён зноўку напіўся і падумаў: “Узяў сабе жонку – ні плоту, ні азяроду, дык яшчэ і пляскае мне кароўкамі ды парсючкамі. Во пабраўся!” Ад гэткае крыўды ён неяк увечары пайшоў ваўком на Марыну; хацеў яе хапіць за горла, каб задушыць, не да смерці, вядома, а так, хаця б напалову. Аднак Марына ўзяла яго за шкірку і дала аб сцяну, а потым дала аб печку, а потым бразнула аб падлогу, і Веня яшчэ больш умарочыўся; “Во доля, дык доля: і таўчы, здаецца ж, трэба, а няма як”.

Мінулася колькі дзён, і ён, было, ужо хацеў пагадзіцца з новым наканаваннем, але кулакі надта ж захрумсцелі – як жа ты тут пагодзішся. Нейкага дня ён зачапіўся на падпітку за Воўчыкаву галубку; яны былі ў хаце ўдваёх, і мужыковы кулакі трашчалі, як лабы на койданаўскай малатарні.

– А што, – прамовіў ён да нявесткі, – думаеш, як галубка, дык ужо і ўсё. А што нам з твае красы, калі ж мы і самі ай-ёй – не чорт намаляваў. Вось жывеш у нас, а дзе кароўка ды парсючок абяцаныя? Нямашака. Дык навошта ж было абяцаць? Ходзіць па хаце і думае, што я каўтун ды нічога не разумею. Мы ж цябе чэсна бралі, а ты што? Дзе, пытаюся я, іці яго раз, парсючок?.. А каб хоць сабачы хвост падаіці, дык і таго няма!.. Ашукалі капітальна!..

Нявестка хацела патлумачыць, што парсючок яшчэ не выпарасіўся – асенчука ж абяцалі, – а кароўку не даюць, бо ў яе яшчэ рога з-за вуха не ўбачыш – цяля-цяля яна ашчэ; навошта ж, тата, нам яе браць, каб пасля толькі мамкаю над ёю сядзець, – хацела сказаць нявестка. Але не сказала, бо Веня ўжо крывавы смак у роце збіраў. Ён наскочыў на яе з кулакамі і думкаю: “Ай, зараз натаўку за ўсе ейныя віны адразу”; ён біў яе дад дых, як некалі Ганцю, потым цягаў за валасы і за вуха; “доля ж у мяне такая – трэба таўчы”, – думаў Веня і араў падлогу сплаканым носам нявесткі. Увечары яна выплакала пра ўсё Воўчыку. Ён пашкадаваў сваю галубку ды растлумачыў ёй:

– Гэткая ў таты доля: не можа, каб не таўчы – трэба яму кроў піці. Дык і не плач, галубка ты, тата бо неблагі чалавек. Адно зрэдку б'ецца, а так ніштаваты.

Але яна плакала, і Воўчык пайшоў да бацькі са словамі:

– Алі ты, тата, п'еш усё кроў. Мала табе мамкі... Дык бы і піў са сваёй Марынкі, а не чужую. Ты сабе, тата, ажаніўся, а я сабе, таму ты сваю жонку хоць сякераю пашчапай, а я буду сваю гладзіць...

Невясёлы бацька паабяцаў нападаць адно на Марыну, аж праз тыдзень зноўку наскочыў на галубку, а яшчэ праз два тыдні гэтак стукнуў ёй у нос, што ўсей твар у дзяўчыны пачарнеў і спух. Воўчык сварыўся з бацькам, ды дармо – Веня адно абяцаў не ссаць кроў, а на самай справе біўся яшчэ горш; і сын вырашыў больш не сварыцца – тады тата не гэткі люты. Ён распавёў пра тое сваёй жонцы, і яна заплакала ды падумала: “Няхай ужо таўчэ, калі ж доля ў мяне такая – зубатычыны есці”.

Веневы ж напады не скончыліся і тады, як у ягоны двор спешна прывялі з двума гузамі замест рагоў цялятка і прынеслі ў рукавіцы мо заморанае, а мо неданошанае свінчо; усё адно гарачы прысмак у роце салодка хваляваў мужыка, і Веня вечарамі бадзяўся па хаце п'яным смокам; чакаў павучынага шчасця, каб аплесці нявестку балючымі і сцішнымі хвілінамі ды высмактаць з яе кроў.

І Воўчык гэтак жа п'яна і па-павучынаму прагна захадзіў па хаце пасля працы на заводзе; чакаў часу; ён падумаў некалі: “Як татка з мае жонкі кроў ссе, то ж я тады буду з таткавае”. І нейкага дня ён асеў Марыну; хлопец быў вышэйшы, як бацька, і дужэйшы і за адным махам пакаціў яе.

Ён высыпаў на яе з меху кухталі і ўсё крычаў:

– Гэта табе, гадаўка, за маю галубку!

Марына лямантавала. "Як чорт не ўзяў, дык чарцянё, – падумала яна і зарыдала ад крыўды, – пэўна, ужо гэткая доля мая сірочая – каб мяне ў чужой хаце нагамі закалыхвалі”. Воўчыку спадабаліся ейныя шчырыя слёзы, і ён пачаў напівацца ды біць сваю мачаху кожнага разу пасля таго, як бацька высмоктваў кроў з галубкі. Марына паверыла, што ейны адзіны лёс – паіць вечна галоднага хлопца гарачым напоем са слёзаў і крыві. І галубка думала пра сваю долю гэтак жа: трэба ўжо свёкра папаіць, а што зробіш? А Веня з Воўчыкам верылі, што іхняя доля п'янець ад гэтага напою, і яны п'янелі; бацька сыну сказаў неяк:

– А што, Воўчык, давай усяго часу гэтак: ты маю лупцуеш, а я тваю. Са сваёю бо я рады не дам, але і супроць долі пайсці не ўмею. Трэба мне кагосьці затаўкаць.

Бацькаў твар быў разгублены, быццам, як тады, з баразны падняўся, і Воўчык згадзіўся з Венем: як жа ты пойдзеш супраць долі? крок убок, а яна цябе назад заверне. І яны цярпелі сваё наканаванне, а Марына з галубкаю цярпелі сваё. Сталая, агульная для ўсіх гэтых людзей доля штодня і штохвілі варыла гарачы напой для сямейнікаў; былі дні, калі напой выліваўся з гарушчых жаночых сэрцаў і магутнай ракою бёг па хаце ў ачмурэлыя сэрцы мужыкоў. Спыніць гэтае нёмнішча ніхто не мог: ні Воўчыкава нашчадзь – у яго нарадзіліся два сыны, – ні нейкі далёкі бог, які завітваў у хату на рэдкія божыя святы, каб пад'есці, ні нават участковы Байда, які раз-пораз разам з сяржантамі прыязджаў у закратаванай машыне, расцягваў па розных кутках дзікі, трохі кашэчы віскат, валачыў у машыну бацьку з сынам, вёз іх па гарадкоўскіх бруках ды калдобах у аддзяленне; злая доля праз гэтае ўсё роўна не спынялася і не іначылася, нёмнішча ўсё роўна рушыла, пітво гатавалася...