Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Нож

Нож горшы, чым забойца, свет горшы ад кары, любоў горшая, як горкі гор... Разнахватныя, з усяго бяссвецця, балючкі паначапіліся на душу і ўкрывілі крывой стагнотаю змаршчакаваты твар Соні Дужкевіч, адзінокай беззамужніцы. Балючкі паназбіраліся, што ваўчкі ў сабачыя каўтуны, з забольнага гарадкоўскага бруднатраўя, і жанчына ператварылася ў недалужную, з прыхварам-смерцю ваўчыху; яна самотна пакаціла па начах-магілах і днях-помніках сваё сэрца.

Смерць дваццацігадовага сына – ён быў у яе адзін і яго клікалі Юрчыкам – пахінула яе на гэтую пакуту; звестку пра забойства прынёс участковы Байда на панурым твары; разам з міліцыянтам, і з сякераю ў плячах, жанчына выйшла з хаты; упохіст яна дапялася да ўкратаванае машыны і села ў ейную астылую жудасцю морач. Яе павезлі да сына ў трупэрню, на ўгады. Чым бліжэй да шпіталя і хутчэй яны ехалі, тым усё болей, болей, болей халадзела ў сэрцы Соні Дужкевіч і ўсё глыбейшая была ейная морач.

А потым жанчына ўпала; з дна морачы яе даставаў лекар Юркевіч, прачыхваў яе духам сальміякавае разбаўкі і гугнявіў, супакойваючы, напэўна, разгубленага ўчастковага Байду:

– ...Будзе жыць! Самлела, дык і валіцца...

Юрчык быў без сэрца, з халоднай і безпаветранай думкаю, як быццам ніколі не нараджаўся; цела ягонае было пабітае нажом, і Соня Дужкевіч ляжала без памяці дробнай верабейнай і веразгубленай птушкаю на кушэтцы. Як лекар Юркевіч яе адчыхаў сальміякам і ўпусціў ёй у кроў нейкія сілы, яна зняверліва падумала: «...добра, калі мяне не бывае...»

Ёй не захацелася верыць у яву: не мог гэтак во, назаўсёды, схаладзець Юрчык! як жа ято адцяпліць? не можа быць Соня Дужкевіч адзінокаю – не зязюля яна!.. І бясконцыя катаванні яваю і нявера ў яву валілі жанчыну ва ўмерце, і яна падала, быццам тыя дрэвы-лесавіны, перагрызеныя жудаснымі жалезнымі зубамі; на хаўтурах яна млела над труною, і калі вярталася з амлеласці ў закрамянелую бачноту, дык усю яе балесіла гарованае мучэнне: у плячах варушыўся лесасечны зуб, сэрца торгалася ў задушных, у пекле каваных, абручах, душу крывянілі ўспаміны ды адчай; у яе адняліся ногі, і людзі насілі жанчыну следам за халодным адценнем Юрчыка, падсаджвалі на машыну да труны, здымалі, падносілі пад самую яміну. «Юрчык ты мой, – шаптала яна разгубленым вераб'іным ротам, – не ўмею я паверыць...»

Але ява ўсё ж намотвалася на вочы назойлівай, як прылобная муха, ганучаю; ява па часе ўжо гэтак, пад самы камель, не сякла; ногі жанчыны ачунялі, абручы трохі адпусцілі, і сэрца забілася надышнее, душа сцякла крывёю і пазакаржавела ад шнараў. Жанчына ўздыхнула, пагадзілася з нядоляю і пачала думаць пра сына гэтай сваёй пагодаю растаптанае нядольніцы. Ёй здалося, што сына забілі дзеля грошай, за Ленку Бялькевіч, з якой Юрчык хацеў пабрацца і якой з Амерыкі прыйшла дзядзькава спадчына. «Злодзеі гэтыя, – думала яна пра забойцаў, – каб яны спрахлі, як яны майго Юрчыка забілі!.. Мала ім усё грошай і людзей... А Юрчыка няма...»

Пра свае здагадкі яна распавяла ўчастковаму Байду, але той нічога не выкрыў; аднойчы ён толькі паказаў Соні Дужкевіч нож, які знайшлі ў лесе непадалёк ад мёртвага Юрчыка і якім нібыта быў забіты хлопец. «Каб жа тым нажом ды па вачох тым гадам!.. а я ж цяпера без сына!..»; часта з ейнага разгубленага вераб'інага рота выцякалі слёзы; бывала, зладзюганіла сякера ў спіне, рассякаючы жанчыну на штукі; забойцаў так і не адшукалі.

Пакрысе ява засмактала Соніны вочы гэтак, што навакольны злад зрабіўся нецікавы і прымярцвелы, чыста размаляваны плесняю камень; нейкага дня кабета зноўку занудзілася ваўчыным прыхварам-смерцю. Жанчыне марылася збегчы з праўдзівага, углыжэлага свету ў таямнічае засвецце, дзе б жылося з іншых правілаў, а не з гарадкоўскіх, дзе б жылося не з агульнае праўды, дый, увогуле, не з праўды, а са свайго трызненвя і дзе б жылося не з усіхняга над'зямельнага розуму, а са свайго свабоднабогага сэрца; яна шукала гэты дзівакрай пры Юрчыкавай магіле.

І ён, край той, нейкага дня расшугнуў перад Соняю Дужкевіч свае абсягі; гэта адбылося, калі яна, прыдушаная яваю, прагна ўглядалася ў магільны пясок; яна шукала вачыма ў жоўтай жвіровай глыбіні родныя косці; і раптам сын узяўся жывіннай заквеццю ў ейнай галаве, а тады расцвіў вялізнымі белымі півонямі. І жанчына зрынулася ў гэты знячэўна народжаны жвіровай маўклівасцю сусвет: яна прыходзіла да магілкі, рыдала, стагнала, енчыла, пакуль у пазаяўі не распалымляўся бел-кветам ейны сын; Юрчык прыходзіў жывы і цёплы, ён казаў што-небудзь: «...мамачка ты мая, во глядзі: не забілі мяне, а ты ўсё плачаш... не адная ты, разам мы...» На гадавіну па смерці Соня Дужкевіч усю ноч праседзела пры крыжы; яна абдымала Юрчыка і сваім птушыным ротам казала, як яна ненавідзіць яву.

– Мамачка ты, – казаў ёй Юрчык, – нашто табе тая ява, мы і без явы пражывем. Не адная ты, і я не без цябе.

Аднак ява абавязкова і начэпіста вярталася да Соні Дужкевіч; ява заўсёды выдзірала жанчыну з сынавых абдымкаў. Тады жанчына ператваралася на час, перад тым як зноўку сысці да Юрчыка, у гаротную знямоглую ваўчыху і бегала ёю па гарадку; яна кусала слабымі ад гора зубамі нож, знойдзены ў лесе, у лесе, у лесе ўчастковым Байдам і ў часы празрыста-асляпляльных сполахаў явы сквапна павернуты да жанчыны, ранілася і скавытала; у плячах яна насіла пакутную сякеру-зуб; яна бачыла ў сляпушчай празрыстасці, як смяротны нож працінае Юрчыкава цела, і курчылася ад болю, быццам рэзалі яе; і ява явілася страшным сном. Ява забівала Соню Дужкевіч не да смерці, і забойчы нож быў горшы, як забойца, нож быў люцейшы за лютасць; нож, мабыць, быў не менш зарэзны, чымся Соніна любоў да сына, якую жанчына насіла ў сваім падсякерным сэрцы; любоў тая падсякерная і ператварала ці то яву, ці то сон у жахлівую прымхліцу; а любоў была жудаснейшая за любоў – любоў была нялітасным і азвярэлым стокатам.