Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Наш дзень

Уладзіміру Арлову

Калі памірае штохвіліна-лушпа, нараджаецца штодзеячас новае мовы. Глыбокія, беспрадонныя блуканкі Сямёна Говара па могільніку, дзе ў немачным зміры спачывалі хвіліны чалавечага самападняволення, раптам прывялі яго з маркотнага, зарослага каменнымі заімшэлымі помнікамі жальніка на чыстае, яшчэ не сеенае ані смерцю, ані жыццём поле-светкавіцу. Хлопец апынуўся на гэтым полі надвячоркам, і неба, якое агасала святочна і са схоўным пазавочным змыслам, нагадала яму цёплымі барвамі пра чарговую, але ж не балючую, як кара, і не загубную, як каса, смерць – падумалася пра смерць-мыццё; “...столькі на сэрцы карэлае, мёртвае скуры!.. Як жа гэта паскідаць тую лушпу...” Твар Сямёна Говара – хлопец заўважыў гэтае – закрынічыў новым пачуццём; твар уваконіўся ў нетры закутага ў бяздарную апранаху ўчорашняга, удзеравелага ад стараверы і старасляпоты, карослівага ўсяладу; з тых нетраў прама ў акно, акурат у расшугнуты росчын прабівалася чыстай крынічнай кроўю яшчэ нікім не асмакаваная на поўную губу, новаведа; і сэрца здзела апранаху хутка, нават хутчэй аб тое, як прабягае праз жыццё чалавечая душа. Вечаровыя ж цені ў тым часе гляўчэлі навокал, іх рабілася ўсё болей, і было не схавацца ад іх – хіба што толькі самому ператварыцца дзеля смеху ў мудрыя і не вельмі пахавальныя змрочыны; і хлопец ператварыўся. Хутка ягоныя думкі, заблытаныя ў наднёманскім сувоі нялічаных гаслых выцемкаў, ссукаліся раптам, наснаваліся на пэўны парадак і ўсе разам выткаліся адным узорам, яднаннем.

Затым небная свечка скора ўпала ў залессе, і ў пакінутай сонцам прахалодзе Сямёну Говару думалася і думалася вечарам; “...і смех і грэх – гэтыя поцемкі-паміранне некалі бязлітасна-ўладарнае, а цяпер бяздарнае пары... і шчасце таксама – паміранне тое...”; хлопцаў твар, амыты ў дзвюплыні аднае ракі – у пагібелі і нараджэнні, – амыты і мудрасцю, і непатрэбшчынаю старых магілаў, амыты і болем, і асалодаю прарослага семя, вечарыўся-віднеў слепаночнымі адкрыццямі таямніцы тканага ўзору. Гэта быў паяднаны ў сукротнай чорнай сляпоце ўсё той жа малюнак усепагібелі, урошаны старавечнымі няўчытнымі і раптам з'яснёнымі пісьмёнамі; хлопец прачытаў іх лягчэй ад дзіцячае чытанкі; лёгка адгадваліся тыя нячыты! Гэтыя цёмныя знатамкі чалавецтва, якія праз мільёны вякоў ганьбілі людскую памяць і аплёўвалі ейную нядужлівасць, сталіся цяпер усяго далёкім прысмакам яшчэ пакуль не расхлыснутага на поўныя крылы мовавер'я – яшчэ дзесьці ў вышэзным светазорным магуце толькі падымаўся з бажанятаў той патрэбны для новасці, чаканы ёю бог (і бог ужо вяртаўся нячуткімі і смелымі крокамі, бог быў, ды быў жа ж для бога ўжо і храм – з-пад нежывога зрэб'я вылузанае сэрца). І даўнія пісьмёны, а таксама вочы, вочы, вочы мудрых і апантаных прабацькоў веры, веды і боства хвалявалі Сямёна Говара гэтак жа, як хвалююць неба маланкі; тыя пісьмёны, вочы, людзі таксама некалі бліскацелі між няздатнаю ні на што прамінуласцю і чаканым заўтрашнім богаднём; вылітыя з парэзанага ахвярнага горла ў агульнакрэўную раку прарокі – вось хто валодаў усім пяском, усім родам зорным, усёй вечнасцю між хуткіх промняў... і вечнасць цяпер прасілася да яго ў рабства.

Цяпер Сямён Говар браў тую вечнасць прыгаршчамі і мог забаўляцца з ёю, як дзіцёнак;

цяпер Сямён Говар бласлаўляў зорны род на адраджэнне;

цяпер Сямён Говар рассяваў пясок-жыта на спусцелую светаістасць.

А тады, з па-за змроку, зрынуўся з гарышча чарговы дзень. Быў ён дваднём: два сонцы свяціла ў ім – белае і чорнае, два небы там дыхалі – нябёснае і неба-капыто, два Нёмны там ліліся – кранон-веда і вада-балота...; жылі там два народы...; два гарадкі стаялі – пад адным падмывала бераг, а другі. яшчэ не нарадзіўся... Гледзячы на гэты рознабегі дзень, які правальваўся ў мярвовую, гнілую проедзь і які ўваскросліва мкнуў да вышыняў, Сямён Говар з сумным усмехам на твары слухаў рыпатую былбытню лыс-беса.

Плюгавы з'явіўся ў гарадку зноў жа дваяка – праз доўгае надакучлівае чаканне людцамі таго часу, калі ж нарэшце прыйдзе панам Чорт Мератавіч Д'ябаловіч, і праз нечаканыя, раптоўныя смаркоты; плюгавага разам са смаркачом знянацку выснікаў праставаты, як гарэзлівы шчанюк, аграмадны ганьбавінны нос тутэйшага дэмасу. Штось брудна-вясёлае, замілавальна-брыдкае, як показка пра Васілія Іванавіча, было ў тым чорціку: і вочы з блазнаватым цвыркачэннем-ззяннем, і дурні ў роце, якімі пустабрэшліва сеяў-размаўляў бесюган, і голкі ў седаўцы, якія не давалі яму ані хвіліны спакою, і шалёная, кручаная на калаўроце мазга, і рэдкая чупрына пустатраўя ад рожка да рожка, якая кожнага дня яшчэ больш радзела, вылазіла і агаляла лысы розум нячысціка.

Лыс-бес, ганяючы з плячэй мухі сваім расперазаным хвастом, швэндаўся па гарадку дзень пры дні і шукаў месца, дзе б гэта яшчэ наплюгавіць; мала што заставалася ў свеце неганьбавіннага, першаснежнага, нярушанага...; а ў новых храмах, што нараджаліся, лыс-бес быў без сілы; “...не магу я там надрыстаць, не палучаецца пачаму-та, хоць ты парвіся бздзючкаю на нямецкі крэст ілі, вабшчэ, на рэвалюцыю без начала і канца...”; у новых храмах плюгавы выдаваў або на блазна, з якога смяешся і – мала, або на жабрака, з якога ніколі не наплачашся, або на свінскага татку, якога, чым ні шкрабі, ніколі не адмыеш. Чуючы аслабу ў чарцянае душы, ён адно яшчэ горш чарцянеў і калі сустракаў на сваім шляху Сямёна Говара, дык віскацеў усімі апраметнымі сатанятамі:

– Перакрыю я цібе клапан!.. Пукну, а кіслароду не пушчу!.. Ілі вабшчэ ў мукулатуру здам! Верамовія он захацел, не прывядзі гасподзь! Я цібя, спасіба госпаду, научу языказнанію! І ні нада на міня, бог ты мой, глядзеці так! Мой эта дзень, а не твой, госпадзі памілуй!

Лыс-бес навуміў на свае ідэі ўчастковага Байду; ён падвысіў міліцыянту званне, сыпануў яму грошай, пачаў яго клікаць “хуйвэнбінчык ты”, і ўдвох яны часта гулялі ўподручкі па гарадкоўскіх вулках, гутарылі між сябе пра ганьбавінныя ідэалы і кпілі аж да зарагочаных жыватоў з Сямёна Говара. Участковы Байда палюбіў скруціць з вялізазнага ганьбавіннага носа тутэйшага дэмасу шчырую дулю і тыцнуць ёю ў вочы Сямёну Говару: “Во на: хвіндос пад нос!..”; хвіндос дэмасу здаровым чырвоным колерам гарэў на твары ўчастковага, хвіндос казаў пераможліва і з'едліва:

– Дык што? У мукулатуру, га? Або лепі газам задушыці? Бач ты яго! Моваверыя, ці гэна... верамовія... ці як яно... яму захацелася, не прывядзі гасподзь! Наш гэта дзень, а не ваш!.. Вон!.. Ня смець!.. Маўчаць!.. Наш ён!..

Бывала, калі хвіга дэмасу спатыкалася з вятраным агнём вачэй Сямёна Говара, якія агніліся новымі небам, моваю, ведаю, міліцыянт панталыжыўся, дуля на ягоным твары слабянела і няўпэўнена прамаўляла:

– Толькі ж во ня трэба гэтак на мяне глядзеці! Ну, можа, гэты дзень чуць-чуць і ваш... Во тачэнька – з паўкіпціка... Які, можа, грам толькі.. А ўсё астальноя, госпадзі ты мой, нашае...

Дваісты дзень сатанеў і бажэў; два шляхі гарадкоўцаў – з ачарнелага долу ў яснасвет і з прыяміны ў тхлань – спаткаліся, паўзбегліся, сумежыліся і развітваліся адно з адным. Два паэтацараванні размалёўвалі мыслярствам гарадок: тванню, тванню, тванню песні-плесні і трызнай, трызнай, трызнай змовы-слова. Сямён Говар пазіраў на гэтыя паэтацараваныя далягляды, у якіх разблытваліся апошнія гістарычныя поцемкі і ў якіх куляшылася-выкамечвалася штось падобнае на споведзь непрамоўленага пачаткавання, і ціхатраўна шаптаў у зацараваны аж да потазалітых і стогнаўкормленых гарадкоўскіх вачэй, шаптаў у каранаваны старым, пагрызеным мышамі саламяным капелюшом, паэталёс тутэйшага людства – яшчэ хамоў і ўжо багоў: “...усё, што было, яшчэ толькі будзе напісана і прамоўлена і ўсё, што напішацца і прамовіцца, – гэта і ёсць будучыня...” Слова белым сонцам наўставала над гарадком, бязмоўе чорным сонцам хінулася ў пад'зяменне. Усё – і мінуўшчына, і будучыня, і цяпершчына – ляжала перад Сямёнам Говарам непісаным аркушам паперы, ляжала ненабрынялай яшчэ аніякімі згукамі таямнічай зоранебнай усясвеціцаю, ляжала нясеяным ані смерцю, ані жыццём чыстаполем-светкавіцаю... Хлопец чуў у гэтай маўклівай, пустэчлівай, нябытнай моўчадзі знаёмы голас крыві; той голас тварыў пасвяту – хрысціў Сямёна Говара хрэстам незямнога братэрства; голас пасвячаў у племя празрыстых (як беласонцава душа) змоўнікаў; кроў племені – мова, яна выбягае з ахвярных ранаў; і цяпер мова фарбавала бела чырвоную агульнакрэўную раку.

Цяпер Сямён Говар чуў новамовы поўныя жылы і, бы дзецянё, пялёхаўся ў сваім сэрцы-акіяне.

Цяпер Сямён Говар кожан штоміг хаваўся ў адзіноце магільных помнікаў на старым забытым жальніку гарадкоўскае гісторыі; блукаў між аскялёпкаў чыіхсьці прамінулых, даўнажылых вачэй, натыкаўся на які-колечы зазубісты кавалак раструшчанае ўкасцелае хвіліны і выліваўся з ранаў ахвярнамоўем; хвалі крывяністае мовы пялёхалі на ссохлую мёртвасць, у астаялае людскае кроварэчча; і хлопец прамаўляў сусвет крывёю, ён браў доўгапіс і пісаў крывёю час.

...А вечнасць была цацкаю; ён чыхаў вечнасцю, раздзьмухаў яе, рассыпаў жывародным пяском; лёгкі няважкі жаўцяк успыльваўся і разлятаўся на ўзвей-вецер, калі хлопец, бавячыся, пераліваў вечнасць з кулака ў кулак. Усяго толькі парахнёю былі і звераватыя замкі з пыхаю ў таўстабабых вежах, і ганарлівая самавера княскіх палацаў у сваю несмяротнасць (курыная смерць гэтых мурашовых спарудаў, высветлілася праз забаўляльны ператрус векавечча, не большая, як смерць здарожанага дураватага беларускага лапця), і дураваты беларускі лапаць з жабрачым усмехам цераз дзіравы і парваны лыч...; уся гэтая магутная вечнасць, якая сядзела на гарадкоўскім карку і, закілзаўшы час і душы, кіравала ўсястогнам і ўсясапам, якая цягнула ці адпускала цуглі ў сваю хоць, уся гэтая насамрэч парахнявая гісторыя, смешная да апошняе слязіны ў воку і плачная да апошняе смехаціны ў горле, была нічым без прамоўленага Змоўніцтвам слова, была проста ветрапылам. І Сямён Говар прамаўляў; і з пылу, друзу, ветру ягонае слова нараджала і вечнасць, і палацы, і здарожаныя лапці; і Сямён Говар ствараў вечнасць, і не яна яго стварала; варта яму было зажадаць, і беларускі дзірчасты лапаць уздымаўся сэрцам-храмам над гісторыяю (жыццё лапця, высветлілася праз пылазбіранне векавечнасці, невымернабольшае, як жыццё палацаў і замкаў); у вуснасэрцым творыве Сямёна Говара гісторыя была летуценнем; усё ператварылася ў летуценне і ў адзін-адзіны дзень-ноч...; летуценнем былі і гарадок, і Нёман, і ўчастковы Байда...; яны былі бесчассю...; летуценне ж зрабілася праўдзівейшае за колішнюю праўднасць...

Адно ў сполахах чорнага сонца летуценная праўда смягла; ужо ўчорашняя істасць, надаядлівая, як спякотлівая муха, раз-пораз лезла сляпіцаю ў вочы. Ад яе не было рады адмахнуцца; яе трэ было проста забыць – сціснуць зубы ды перачакаць усяго некалькі імклівых стагоддзяў; і Сямён Говар чакаў, пазіраючы ў мушыную аблудную восень:

там жывым парахнеў і насалоджваўся з гэтага ганьбавіннага парахнення вечаровы гарадок (гэтак памірае дажджом і насалоджваецца смерцю чорная хмара перад тым, як пачысцець, выяснець і злучыцца з небам у празрыстай змове);

там паэты-цары, парваўшыся напал, стагналі ад пакуты і наталення; вершамі, бы сляпымі пальцамі, яны міжволі імкнуліся намацаць-адшукаць песню-выбаўленне;

там Сямён Говар думаў пра сённяшняе ўчора як пра мінуласць ужо: “...так было смачна люду даядаць сваё жахлівае сэрца...”;

“...там далягляд слязіўся, быццам вока, а ў храме вычвараўся сукін сын...”*

* Радкі з верша Анатоля Сыса.

“...там у ганьбавінаў багне патанула бязмоўе...” Велічнапачварнае, з прыгажосцю смяротнага канання, заканчэнне змывала з памяці-неба старыя сэнсы; адвечныя сугалоскі змыслаў размываліся, яны разбягаліся бруднай вадою, сцякаліся ў астоі, у лужыны з няўцямлівым і ўразлівым, глыбокім колерам палатняна-страшнага, сцішнага чалавечага бяздоння; паўз неба рушылі мільённымі натоўпамі прыгонныя цары, несучы на гарбах уладных неграў-рабоў, беглі разам з аблокамі чароўныя гукі жалейкі – то граў пранікнёныя жальбы сатана, – курчыліся ў крыві і пакутах з прастрэленымі душамі ды адсечанымі галовамі ўсемагутныя чалавечыя багі, закатаваныя гавьбавіннымі ордамі; у гэтым бруднаплям'і як дакор і як кара паўсталі і спрадвечная чалавечая мудрасць-турма, і невыносная чалавечая памяць-прыгон, і адушны людскі розум-шыбініца, і нялітасныя, хцівыя ідэі-каты, і раз'юшаныя надзеі-касталомы, і пакутлівая, як распяцце, спустошлівая свабода-рабства, і глыбокае, ліпушчае, невыблытнае, што смала ў пекле, жыццё-смерць. Блукаючы сярод гэтага разварочанага хвіліннага лушпавіння, крывянечыся аб яго, Сямён Говар прыслухаўся да голасу новамоўнага жыцця, ён яго чуў. 3-пад смерці голас той выбіваўся неўтаймоўнай сілаю травы; драны разам з мясам, кошаны, сечаны, голас той усё адно вырастаў насуперак старэчае сіле смерці; ён падымаўся, рассяваўся, удзірваньваўся ў глебу і, нішчаны ганьбавіннем, не знікаў, як свет, а, наадварот, разрастаўся. Урэшце голас той быў усім і адзіным сэнсам пагібелі, і, слухаючы яго, хлопец вычароўваў свой моваспеў; урэшце голас быў ім самім – Сямёнам Говарам; і такімі ж, як ён, Сямён Говар, – супляменнікамі празрыстага роду. Той няўкосны траваслоў настойліва, упарта, насуперак лыс-бесу (або нават і не насуперак, а проста ў бок белага сонца, увышыню) шаптаў сваё ціхааглушальнае запавесце:

– Гэта наш дзень... наш дзень... ён наш...

1994–1995