Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Жаба

Магілка – то гэткае прадонне, у якое колькі ні валі гора ды пакуты, аніколі не заваліш даверху; безліч слёзаў і жальбы папаглынаў чорны, з выбітымі аб гарадкоўскі брук шчарбінамі, магільны рот; і мора смеху адтуль адрыгалася. Магілку называлі Магілкаю таму, што гэты заўжды самотны і вясёлы плакун-смяяка любіў праводзіць наўцоў аж да самага долу, а тады яшчэ і з надорваю рыдаць у яму развітальным “бывай!”. І свет аж халадзее ад тугі, калі Магілка стаіць на краі долу, плача ў зямлю, бывакае ў чорную дамавіну; гэтак галосіць, як быццам во зараз неба памрэ і не будзе чым дыхнуць, а сонца як бы ляжа ў труну і ў цяжкім жвіры знікне.

Сапраўднае ягонае імя было Антон Сісюкевіч; ён шмат каго ведаў у гарадку, пра кагосьці здагадваўся, а кагосьці і ў здогадах не меў, але ўсіх любіў сваёю магільнаю любоўю, і калі хто-колечы высыхаў ці агортваўся буцвежаю, гэты нізенькі рыпучы мужычонак плакаў так горка, што аж ціха, і праз слёзы мырмытаў у скрушны дзень адвіслымі ад гора губамі: “Бывай, бывай, дарагі дружа!” або “Бывай, бывай, дарагая сябровачка!” Ён спяшаўся ўвайсці ў вусцішна расчыненыя веснікі, прайсці праз сумны хаўтурны люд да труны і пацалаваць у лоб нябожчыка. Шчырыя ручаі, што выліваліся з ягоных поцемкаў, яшчэ больш размывалі размытыя слязьмі вочы-берагі хаўтурнага люду, і несціханы плач, адчай і сціснутыя каменнем сэрцы несуцешна раздзіралі душы жалобнікаў на маленькія душкі; Магілка ж плакаў па кожным нябожчыку, як па бацьку або як па матцы, ці плакаў, як плачуць па сястры, па сыну, па дачцэ... Ніхто ў гарадку не ведаў, адкуль ён дазнаецца пра смерці, што падаюць з нябёсных горкаў на дамы і хаты; ён і сам не дужа ведаў; “мабыць, такі ў мяне сабачы нюх, – думаў Магілка здагадкамі, – нічога не прапушчу, усё пачую”. І ён вынюхваў чыста, без памылкаў.

Антон Сісюкевіч нідзе не рабіў, а калі рабіў, дык нячаста, бо піў. Урэшце ён збольшага пракідаўся ад пахавання да пахавання. Ён і на вяселлі хадзіў бы, але туды яго не пускалі або ўпускалі, але тады стараліся забіць насмерць. “Чаго я туды пайду, на вяселле тое, – нейкага далёкага дня думаў Магілка, – што я тама буду сядзеці-глядзеці, калі ж тамачы ўсе ад шчасця п'яныя. Гэткія мяне не пашкадуюць, затаўкуць, як жабу”. Некалькі разоў ён, было, прысуседжваўся да вясельнае застоліцы, напіваўся, крычаў: “Горка!”, ператвараўся ў напорыстага цалуйку і шчыра настыраў усім сваімі бліскучымі, у тлушчы, і слінявымі губамі, і мужыкі з раз'юшанымі і чырвонымі ляпамі выводзілі яго на цёмны вечаровы двор ды біліся хто кулаком, хто брудным бацінкам, а хто і аглаблёю. “Ай, жаба ты! – крычалі ляпы, перш чым забіць Магілку насмерць.– На табе, кароста! Во табе! На! Лезе, ля, слюнямі ў вочы, а жаніху нічога і не падарыў! Дык на! Дык на! Дык на!..”

І праўда што – жаба. Адзіночнік ён быў, адзін-аднюткі, як жаба ў каляіне. Магілка рана асірацеў і ніколі не завёў ані жонкі, ані каханкі, ані кураняці. “Жаба я, жаба! Капцы мне! І ніхто мяне шкадаваць не стане!” Ён адзінотна думаў пра свой нешанцунак і плакаў гэтак жа, як плакаў па вябожчыках. А калі суцяшаў слёзныя думкі, дык весялеў і ўсміхаўся з-пад чырвоных вачэй: “Хі! Жабка я! Ну! І няхай мне канец – ці ж то вялікая бяда! Аж смешна, што я не чалавек!” І ён смяяўся з белых наўцоў, якія калісьці не хацелі памерці і ўрэшце памерлі, са сваіх чырваналяпых забойцаў, са сваіх слёзаў, нявартых слязы... Магілкаў гумар быў у тым, што ўсе людзі – гэткія, як і ён, жабы, адно думаюць на сябе, што людзі. І ён скрыва пасміхаўся, разважаючы: “Такі ж я дурны – спачатку плачу тамачы, дзе і пасмяяцца можна, а тады смяюся са свае слязы. Дурында! Жабіна душа!” І ён смяяўся са свайго плачу, а тады, наадварот, яму рабілася горка і адзінотна, і смех ягоны трывожна плакаў-крахаў у невылазнай каляіне-пастцы: і тады Магілка зноў заліваўся; а потым зноўку смяяўся; а потым яшчэ і яшчэ ліў слёзы... і гэта было бясконца і заўсёдна, спачатку і зноў, з рэдкім перадыхам на бяздумніцтва.

Гэтак жа было і на хаўтурах. ("Хаўтуры –– не вяселлечка. Хоць пост, хоць свята –– а нехта памрэ, і ўсе п'яныя, а думкі, каб забіць ад шчасця кагось, ніхто і не мае. І без запрашэння прыйсці можна, і дарыць нічога не трэба...”) І з Магілкі выцякала мора ды беглі пакутныя галасы, калі ён стаяў над чалом нябожчыка, валачыўся за труною, зняможана стагнаў у смяротна разяўленую яміну. А на памінках слёзы сціхалі, і пасля трэцяе чаркі яго ахінала весялосць; нахарчаваўшыся гарэлкаю, катлетамі і варанай бульбаю, весялосць сыцела і мкнула з вантробаў напаверх Магілкавага твару. Спачатку вылажала нясмела, і мужык закрываў крывы ўсмех кавалкам хлеба ці мяса, палахліва зыркаючы па баках; але хутка яе ўжо нельга было сцішыць, і ён больш не глынаў весялосць назад, у вонутры, бо не было рады, а зачынаў шчыра ванітаваць ёю, думаючы смешныя думкі: “Жабкі! Жабкі ўсе лупастыя! Хі-хі!” Памінальнікі яго ўшчувалі; “маўчы! – казалі яму. – Чалавек вуня памёр, а табе смешна”, а ён жартаваў з памінальнікаў, і памінальнікі яго ўшчувалі яшчэ болып; то ён на іхнія ўшчункі казаў адное і тое ж, прыкладна:

– А чаго цяперачы плакаці? Плакаці трэ было, як паміраў і як насілі. Як быў на свеце – во тады і трэба плакаці. А цяпера ўжо – усё! Няма ўжо! Дык чаго ж плакаці, калі ж ужо ў зямлю завярнулі... – і ён шчыра ўсміхаўся са свае глыбіні сытымі і вясёлымі кішкамі і трохі задуменна дадаваў: – А яшчэ і невядома: можа, яму тамачы ляпей у чатыры разы, як намака тутачы, га? Ён жа ўжо кепнуў, а мы ж яшчэ жывыя, га?

Было, Магілка занадта даваўся ў філасофію, або крычаў: “Жабы вы ўсе! І той, з сінімі пяткамі, быў жабаю!”, або кпіў з бяды і з нябожчыка, або гучна лаяўся па мацеры, дык тады яго выцягвалі за каўнер на двор і гналі прэчкі. Разы тры яго збівалі насмерць, чыста некалі на вяселлі. Ажно такога правіла на памінках не было, каб біць мужыка. і зазвычай яго адпускалі цэлага. Чаго яго забіваць, думалі людзі, калі ж ён і так няшчасны: мужык то сам дзе паваліцца ды паб'е зубы ці вока, то сабака цераз яго перабяжыць, нагу задраўшы, то патрапіць ён да ўчастковага Байды, і той на яго насварыцца і нават пасадзіць у КПЗ. Яшчэ не білі і праз тое, што прызвычаіліся да Магілкавых конікаў; іншага пацёрлі б на парахню, а яго – не; і таму, калі ён зачынаў рагатаць або мацярыцца на памінках, дык усім было не надта крыўдна і не надта балюча. Усе бо ведалі: не бывае, каб хтось у гарадку памёр, а Магілка праз гэтае не ачмурэў бы з гора і не здурэў бы з весялосці.