Ніна ЧАРНЕЙКА нарадзілася ў 1966 годзе ў вёсцы Перавалока Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Перавалоцкую СШ, Мінскае медыцынскае вучылішча № 2. Працавала ў 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Друкавалася ў "Першацвеце", "Маладосці", у газетах "Піянер Беларусі", "ЛІМ".
СУАДПАВЕДНА ДУШЫ
Чарговая кніга яшчэ адной паэткі...
Не хацелася б усё ж дзяліць паэзію на мужчынскую і жаночую, бо як быць тады з многімі жаночымі імёнамі, якія талентам сваім змусілі пачціва схіліць галовы геніяльных мужчын. А прыкладаў такога многа. Існуе проста паэзія з яе нечаканымі законамі, таямніцамі, варажбой і, вядома ж, адкрыццём. Думалася так, гартаючы ды і рэдагуючы старонкі першай кнігі Ніны Чарнейка "Грамнічная свечка".
Не трэба шукаць у зборніку нейкіх вясёлых, бесклапотных матываў, бадзёрай узнёсласці, якія часта ўласцівы маладым. Тут вельмі многа самотнага і разумнага. Нават цнотнае часта мяжуе з самотным. Бо так на душы, так у асабістым лёсе паэткі. Усё тут суадпаведна душы. А таму вершы яе чытаюцца з глыбокай павагай і разуменнем. Яны кранаюць і змушаюць задумацца:
Глыток бы радасці! Ну хоць адзін глыток,Не, крыку душы тут няма. Тут больш роздуму, суперажывання, маўклівай лагоды. І самае галоўнае, што ў кнізе ёсць паэт. Пажадаем жа ёй шчаслівага паэтычнага лесу.