Грамнічная свечка

Вершы

Чарнейка Ніна


Увесь зборнік

ХЛЕБ РАДЗІМЫ

Адны кажуць,
што на радзіме
самае ласкавае сонца.
Другія —
што самыя духмяныя кветкі,
а іншыя —
што самы салодкі хлеб...

Я і зараз помню той хлеб,
такі мяккі, духмяны...
Здавалася,
што смачней за яго
няма нічога на свеце.

Адны
ламалі яго рукамі,
другія
кроілі нажом,
а іншыя
зубамі грызлі скарынку...

І зараз,
праз столькі гадоў,
я зноў на радзіме,
у роднай вёсцы,
дзе я нарадзілася,
і зноў я ем той жа хлеб,
хлеб,
смачней за які няма
нічога на свеце.
Але што гэта?
Ён такі ж мяккі,
такі ж духмяны,
але не той,
што быў у дзяцінстве.
Я адразаю
ад другога бохана,
які прывезла адтуль,
дзе зараз жыву.
Палову жыцця я жыла тут,
дзе нарадзілася,
а палову — дзе нарадзіла сама.

Я бяру гэтыя два
акрайчыкі хлеба ў руку
і адчуваю той жа пах,
той жа смак,
што і ў дзяцінстве.
І адчуваю,
што смачней за іх
няма нічога на свеце.
Дзве радзімы,
дэе я нарадзілася і дзе нарадзіла,
зліліся ў гэтым хлебе ў адну.

І я не ведаю ўжо:
каторы ж хлеб смачнейшы,
які ж больш духмяны —
той ці гэты?

Але разумею:
мне аднолькава дарагія

АБОДВА...


ДЗЕНЬ РАЗГАРАЎСЯ

Дзень разгараўся,
нібы патанчэлі
ружова-белыя,
амаль празрыстыя
аблокі.
Блакіт заззяў,
і адляталі,
зіхацелі
ад купала блакіту
іскрыначкі-іголкі.
Бязмежжа зіхоткае,
лугавое,
насычанае водарам
паветра,
вітаў аўсюк,
а сумнік галавою
махаў рамонку,
канюшыне,
цімафееўцы.
Дзень разгараўся.
Поўніліся грудзі
гарачым
летнім
чысценькім паветрам.
Цудоўны час!
Але чакалі людзі,
каб водар траў
развеяў
дожджык з ветрам.


АБЯЦАННЕ

Я адвязу цябе на мора,
дзе ты і я і нашы горы,
дзе ты і я
і пена хваль...

Збіраць мы ракавінкі будзем
і водарасці ўсе разбудзім
дзівоснай музыкаю мар.

На жаль, я не знайшла яшчэ насвеце
цудоўнага такога месца,
дзе ты і я
...і пена хваль.

Бо там, дзе горы,
там, дзе мора,
заўсёды шум, і крык, і рогат,
мільён вачэй
і людзі, людзі...
Мы там шчаслівыя не будзем!

Давай рабіць машыну часу,
каб
паляцець з табою разам
у светлы май,
у вечны рай.


ТЫ ПРЫСНІЎСЯ

Ты мне сярод ночы прысніўся,
як бэзавы цвет,
малады.
І ўміг белы свег прыпыніўся,
мы разам, мы зноў,
як тады.

І зноў, як калісь, — вочы ў вочы
і рукі вузлом — не разняць,
і сэрцы трымцяць
сярод ночы,
і ў цемрыве вусны гараць.

Шкада...
Тое шчасце не вечнае.
І ўжо не вярнуць тых начэй,
бо раніца стукае ў веснічкі
маіх
закаханых вачэй.


ЗАХАД НА ФАНСКІХ ГАРАХ

Хілілася сонца за Фанскія горы,
кідала на возера цень.
І вырваўся з сонца
праменьчык бадзёры
хацеў ён прадоўжыць
той дзень.

А бераг каменны
жывою істотай
да возера нібы прыпаў.
Азёрны крышталь
цалаваў ён употай
і цёмнае дно асвятляў.

Прамень варухнуўся
зялёнай, ружовай,
аранжаваю паласой.
Нібыта на хвалях
вады вечаровай
вясёлка
купалася ў ёй.

Заходзіла сонца за Фанскія горы
у ціхай,
ледзь бачнай журбе...
Нібыта люстэркі,
блішчалі азёры,
купаліся
самі ў сабе...


Д'ЯБЛАЎ ПІР

Ізноў вядуць мяне да плахі,
а пад нагамі —
снег і соль,
а галаву і рукі
птахі
дзяўбуць,
адчуўшы спелы боль.

І пах крыві маёй пачуўшы,
ушчэнт
гатовы разарваць,
ды за спіною крык:
—Дачушка!
Табе шчэ рана паміраць!

Адкуль жа крык той мог узняцца,
да болю родны,
да крыві?
Не разумею,
Бог ці маці
тады мне крыкнулі:
—Жыві!

Той крык — святлей
за сто маланак.
І знікла плаха
й д'яблаў пір
у чортава балота,
ў жвір.
...Зноў грэе сонца.
Лета.
Ранак...


МАЁ СЭРЦА

Калі маё сэрца,
даведзенае да адчаю і болю,
гатова расплакацца,
як малое дзіцятка,
я нясу яго
да штучнага возера,
што побач:
няхай яно, вольнае,

пабегае побач з ветрыкам,
пакорпаецца ў прыбярэжным пясочку.
пералічыць усе лісточкі на асіне,
паспявае разам з птушкамі,
сагрэе кожную сваю крывінку на сонцы.
...І калі,
знясіленае,
упадзе на зялёную травінку,

нібы кропельку расы,
каб не расплёскаць на далоні,
пяшчотна і асцярожна
я аднясу яго дахаты.


* * *

Станіславу ЖУКОЎСКАМУ

Гасцёўня.
Колер сцен ультрамарынавы,
на іх партрэты — рамы ў пазалоце,
ў чырвонай раме абразок — не адгалоссе,
а стыль александрыйскага ампіра.

Абрус і стол,
сурвэтак белых плямкі,
на іх ледзь бачна фосфар кубкаў ападае.
У вазах кветкі — флокса, бы жывая,
на падаконніку — любімыя фіялкі.

Тут жыў мастак — нявольнік прыгажосці,
і кветак, і загадкавай жанчыны.
І пад кашуляю халоднай без прычыны
ў час захаплення закіпала штосьці.

Халодны не кіпіць!
Ну што за свет...
3 палітрай за мальбертам у здзіўленні
паліў агонь
мастацтва і натхнення,
бо ён мастак, і крытык,
і паэт.


АДЗІНЫ МОЙ

Л.В.

Чаму з табою, быццам нежывая,
іду,
не заўважаючы людзей?
Чаму з табою ў сэрцы
ажывае
каменны замак
шчасця і надзей?

3 табой сабе я болей не належу,
твой голас — уладар маіх надзей,
бы зайчык сонечны, па цёмнай сцежцы
танюткай ніткай да цябе вядзе.

А я хістаюся, баюся, каб не ўпасці,
каб не сарвацца, не разбіць спакой
і гэты замак,
дзе жывое шчасце,
бо ў ім жа ты —
адзіны мой.


* * *

Попел ад кастрышча не запаліш,
боль, што адбалеў, не забаліць.
Дык чаму блакіт вачзй так раніць —
сушыць вусны, быццам хоча піць?

Тое, што згарэла, доўга тлее,
боль з вачэй адчаем упадзе.
Пройдзе час, і подых белай веі
ахалодзіць пыл маіх надзей.


* * *

Мароз
размалёўвае шыбы дамоў
думкамі,

і таму няма
зусім аднолькавых
малюнкаў.


* * *

Навошта ты сееш у сэрцы надзею?
Зярняты не вырастуць з лёду,
не ўзыдуць, дзе холад,
дзе сонца не грэе,
дзе быць і не можа пяшчоты.

Бо гэта дарэмна — душа адбалела,
адчай болей сэрца не коле.
Усё адышло,
паміж намі пралегла
нязгод і разладу вуголле.


СЛЯПЫ МУЗЫКАНТ

Іграе музыкант
у нізкай зале…
То задрыжыць,
то раптам затрасецца,
то разгарыцца
і цяплом апаліць
мелодыю
запаленая свечка.

Іграе музыкант...
Нямыя вочы
праз пальцы выліваюць
боль з душы,
і клавішы жывыя у цішы
яго разносяць
у пустэчу ночы.

Іграй, музыка!
Ну, іграй, іграй!
Хай перлінкаю лёгкай стане сэрца,
твой боль уздымецца
і разарвецца...
Іграй, музыка!
На ўвесь свет іграй!


* * *

Ты пайшоў —
я застаюся
гарачым сэрцам
на падушцы,
ў якім яшчэ
блукае шчасце...


* * *

Ізноў растану,
быццам шакалад,
ў руках тваіх,
пяшчотных
і гарачых...


* * *

У руках трымаю немаўлятка,
у якім гарыць жыцця святло,
а яно пялюшкі топча пяткамі,
ловіць рук нябачнае ц я п л о.

Асцярожна так, нібы зярнятка,
што пусціла малады расток,
аддаю я маці немаўпятка —
хай гадуе новы каласок.

Ахінаюць рукі асцярожна,
саграваюць незямным цяплом —
у матуліных руках-пялёстках
адагрэецца, утульны знойдзе дом.

Вочы маці — два маленькіх сонцы
немаўлятка слепяць
чысцінёй,
берагуць,
нібы анёлы,
вочы
гэты скарб
найдаражэйшы свой.


* * *

Жыву паміж Зямлёй і Небам,
гляджу ў бяздонне Таямніц,
шукаю сэнс у Незямным
і мару адшукаць Прыстанак
у Новым свеце, забыцці
за бясконцасцю Неба
ці на мяжы Жыцця.


СТВАРЭННЕ СУСВЕТУ

Сусвет і вакуум...
Маленькая часціца
з гіганцкай масай
шырыцца, расце.
І моцны выбух...
Атамы іскрацца.
3 матэрыі ўтвараецца Сусвет.

Сусвет, і выбух, і галактыка, і час.
Кірунак часу — ладзіць рух галактыкі.
Наперад рух — жыццё бяжыць у нас,
нясе прывычны нам зямны напрамак.

3 зярнятак вырастае каласок,
а з немаўлятак — вырастаюць людзі.
І крый жа, Божа, каб у іншы бок
галактык рух і час наш павярнуўся.


* * *

Мары мае — птушаняты-гарэзы,
хацелі ўзняцца,
ды позірк твой уміг абрэзаў
ім крылы шчасця.

Шкада, без крылаў лятаць не ўмеюць
трызненні-мары.
Зайшлося сэрца
І нямее, нібы ашпаранае...


* * *

Д.В.А.

Ты забраў святло маіх вачэй,
і твае за ноч заззялі зоркамі.
Ну якой дзівачкай трэба быць,
каб паверыць, што ты быў на працы?


ХВАРОБА АД НЯВЫКАЗАНАГА

У дзяцінстве,
калі я не бачыла перад сабою дарогі,
урачы, хвалюючыся за маё здароўе,
забаранілі мне пісаць.
...Ішлі гады,
і пачало збівацца з рытму сэрца.
Спачатку мне было цяжка бегаць,
яно задыхалася, калі я падымалася на паверх.
І вось, калі я ўжо не магла
падысці да маці,
якая, абапіраючыся на мыліцы,
сумна глядзела на мяне,
у яе вачах быў адказ,
які я шукала ўсё жыццё:
'Твая бяда ад нявыказанага!"

І з таго часу
я кожны дзень размаўляю
з паперай,
выказваю ёй свае думкі і мары,
крыўды і радасці.
І заўважаю:
хваробы паступова знікаюць,
а сэрца ажывае, нібы спалены лес
ад подыху часу.


* * *

Валасы твае — колер саломы,
супакойваюць часта мяне,
адганяюць і гора, і стому...
Непрыкметна й жыццё прамільгне.

Толькі я ні аб чым не шкадую:
што было — ўсё з гадамі сплыло.
— Супакойся! —
І вусны цалуеш...
Што было — не прайшло!
Ці прайшло?


* * *

Калі я зазіраю ў твае вочы,
здаецца, зазіраю і ў душу.
І бачу, што ў чаканні цуду хоча
згарэць яна...
Яе тушу
ільдом, што кідаюць твае вачніцы.
Стараюся адкрыць і не раструшчыць
тваёй душы іскрынкі-таямніцы
і словам,
рухам зноў іду насустрач.


* * *

Глыток бы радасці!
Ну хоць адзін глыток,
каб валачы далей
цяжар зямнога быту,
каб кожны дзень зямны,
які слязой абліты,
вяртацца з памяці хацеў каб і не мог.

Глыток бы радасці!
Ці часам ласкі простай,
ці дотыку гарачае далоні!
Калі душа заблытана ў палоне
людскога раўнадушша,
кпінаў, злосці.
Глыток бы радасці!
Глыток бы ласкі!
І разарве душа
цяжкія пасткі!


* * *

Я гляджу на цябе, ненадзейнага,
не магу зразумець —
ты ці не:
тваё сэрца на часткі
падзелена,
і палова адна — у мяне.

І каторы ўжо раз ты захочаш
праўду зноў пераліць
у хлусню,
ды мае непакорныя вочы
бачаць здрады тваёй
мітусню.


* * *

Як пустою цукеркаю, сэрца
паглядала на гэта жыццё,
а ў імгненне, здалося, парвецца
і змяцецца усё ў небыццё...
Ты падаў мне руку і суцешыў,
асалодаю вусны наліў...
Зазвінелі яны звонкай песняй,
загучаў іх шчаслівы матыў.


КРАІНА СВЯТЛА

Калі я заходжу ў храм,
мне здаецца,
што там неяк цёмна.
Я запальваю свечку
і разам з храмам
знікаю
ў дзівосную краіну
святла і чысціні,
краіну,
дзе я зазіраю
ў сваё сэрца
з надзеяй
знайсці ў ім
пясочак з крупінкамі золата.
Але, як заўсёды,
бачу ў сэрцы зусім іншае...
I, засмучаная,
іду дадому,
каб хутчэй вярнуцца
і зазірнуць у сваё сэрца!


МАСТАК

Ён кожнаму твару наўмысна даваў
свае непаўторныя рысы.
Адным ён знарок болей даў хараства,
другім — ад яго толькі пырскі.
А трэцім усю прыгажосць ён аддаў,
Іх твары старанна выводзіў,
найлепшымі фарбамі маляваў —
але ўсё дарэмна выходзіць.
А ноччу з-за зорак калі выплываў,
нібы карабель, поўны месяц,
старанна мастак з гэтых твараў
змываў
усю непаўторнасць,
адметнасць.


* * *

Я пакідаю краіну зданяў
пачварна-чорных,
дзе валадараць заўсёды
званні,
пагарда і грошы.

Я пакідаю краіну цемры,
іду да сонца,
дзе промень цёплы,
надзіва светлы,
не рэжа вочы.

Іду да шчасця,
іду паволі
да лепшай долі.
І не вярнуся сюды ўжо болей
я аніколі...


ЛОТАЎ ЯБЛЫК

Пакахала я Д'ябла,
быў добры
і пяшчотны, бы петні вечар.
Дык ніхто і ніколі ў свеце
яго ў дрэнным не мог западозрыць.

А ён кінуў мяне — колькі болю!
На талерцы знайшла я яблык,
яблык Лота духмяны, прывабны
адкусіла — ў грудзях закалола.

І забіла мне горла пылам,
а не водарам смачнага соку,
і калі пыл пабег па жылах,
Д'ябал мой
рагатаў каля плота.


МАГУТНЫ ДУБ

Ты падары мне мудрасць, дуб магутны,
якую я збіраю ад калыскі.
Ты падары мне мужнасць, дуб магутны,
каб хоць сябе магла абараніць я.

І на далонь паклаўшы жалудок,
бы птушанятка кволае, трымаю,
вачыма зацікаўлена, знарок
старанна і рупліва вывучаю.

Дубовы ліст — як перажыты дзень,
ляжыць на ім адбітак бед, няўдач.
Штогод кладзе людское крыўды цень,
затым лісцё здымае, быццам плашч.

Зямля няўдачы праглыне дыханнем,
у пекла кіне і шапне праклён.
Магутны дуб, прашу, дапамажы мне
і прыпыні жыццё няўдачных дзён!


ПРЫЦЯГНЕННЕ

Яшчэ ў дзяцінстве,
колькі сябе помню,
я хацела даведацца,
чаму ж восенню, з надыходам халадоў,
ластаўкі адлятаюць на бераг Ніла.
— Там вельмі цёпла, —
казалі адны.
— Там многа ежы, —
казалі другія.
Але ніхто не мог даць дакладны адказ.
А мяне ўсё здзіўляла,
чаму ж увесну птушкі вяртаюцца на Радзіму,
вяртаюцца, калі холадна.
Навошта? На Поўдні ж цёпла і многа ежы.
—Тут іх гнёзды,—
казалі адны.
— Каб выпусціць небу сваіх птушанят, —
казалі другія.
— Каб тут памерці, ––
казалі іншыя.
Але ніхто не мог даць мне станоўчы адказ.
А зараз і я, як тая ластаўка,
што адляцела на цёплы бераг,
адчуваю: прыйшоў час
вяртацца на Айчыну.
Але ж там не чакаюць мяне бацькі,
раз'ехаліся па свеце мае сябры,
і ў роднай хаце
жывуць чужыя людзі.
Дык што ж мяне так балюча
цягне на Радзіму?
— Магілы тваіх продкаў, —
кажуць адны.
— Успаміны, —
кажуць другія.
— Прыцягненне, —
шэпча зямля...


* * *

Зімнім вечарам
вокны дамоў,
асветленыя і запацелыя,
ператвараюцца
ў вялізных светлячкоў
і грэюць зрок
жывым святлом
свайго цела.


СТАРАЯ БАБУЛЯ

Некалькі разоў
да мяне прыходзіла старая бабуля,
худая і гарбатая,
з выцвілымі валасамі.
І кожны раз
прасіла ў мяне
маё басаногае л е т а ,
а я аддавала яго.
І на вачах
яе твар пераліваўся вясёлкаю,
яна ляцела ад мяне, нібы
праглынуўшы крышан шчасця...
Заўсёды пасля сустрэчы
на маім твары прарастала
маршчынка,
а за плячыма быў мех з каменнем.
...Я разумею: кожны раз
яна забірае маю м а л а д о с ц ь .
Я так не хачу быць падобнай на яе!
Але мне так шкада старую,
што і ў наступны раз
я аддам ёй тое,
чаго яна папросіць...


ПРЫЦЕМКІ

Прыцемкі збіраліся раптоўна,
шапацелі лісцейкам дубы,
а бярозкі сцішыліся, бы
месяц сустракалі,
круглы, поўны.

Кроны дрэўцаў квола расплыліся,
ў прыцемках захутваліся тых.
Мокрай акварэллю разліліся,
нібы на паперы, не ў бары.

Тыя, што рассыпаў вечар,
зоркі
месяц,
бы малюнкі,
расстаўляў.
А бярозак стан —
бялюткі,
тонкі —
прыцемак
у ноч
не адпускаў.


ЛЕТНІ ДОЖДЖ

Затрымцела
на бярозе лісце.
Бліснула маланка ––
зноў і зноў...
Стала цёмна...
Будзе навальніца!
Вось і дождж
застукаў у акно.

Гром грыміць
раскаціста і грозна.
Страшна кветкам,
птушкам і звярам!
І прытулку
не знайсці ўжо!
Позна!
Доўга сохнуць
давядзецца вам...


Я ПАДАМ НА ДАЛОНІ АГОНЬ

Я падам на далоні агонь,
ты не бойся,
не бойся пагрэцца,
дакраніся душой да яго,
цеплынёю сагрэй сваё сэрца.

Мы на вечным стаім скразняку
і таму замярзаем у спёку.
І ніхто не падасць нам руку,
калі мерзнуць ад холаду шчокі.

Мы не можам, не ўмеем сагрэць ––
гэта наша не лепшая якасць
чалавека, які ледзь не ўвесь
умярзае ў сваю абыякавасць.

Уласцівасць душы, ад якой
выгараюць жаданні, надзеі.
Падаю на далоні агонь.
Дык няхай ён цябе адагрэе!


БАЦЬКАВА ХАТА

Мне кожную ноч сніцца яна
і кожную ноч папракае мяне,
і я з вечара да ранку іду да яе,
але не паспяваю дайсці,
бо такая кароткая ноч.
Сёння вечарам я лягу спаць раней,
бо ты глядзіш на мяне
пустымі вокнамі,
бо ты глядзіш на мяне пустымі кроснамі,
ты завеш мяне дзіцячымі думкамі,
ты завеш мяне матчынай калыханкаю,
ты завеш мяне старэнькай газніцаю,
ты запрашаеш
на чыста вымыты ганак
і зноў папракаеш,
што я не зачыніла дзверы.
Дык вось сёння
я лягу спаць рана.
Я прыйду да цябе і зачыню дзверы,
каб у святыню бацькавай хаты
не заходзілі
няпрошаныя госці.


* * *

Ад лёду распранаецца рака
у сонечным вясновым задуменні.
Нібы дзяўчыны сарамлівая рука
здымае перад сном сваё адзенне
і ў думках просіць сонечны прамень,
каб той нутро халодна-ледзяное
наколькі зможа прыласкаў, сагрэў,
каб бегчы ёй вадзіцаю жывою.
Прасіла ветрык, каб ён час пагнаў
туды, дзе — траўка, краскі дзе і птушкі.
Туды, дзе летні дождж кахаць яе ўжо мусіць,
туды, дзе цеплыня ды сонца лье праз край.


* * *

Зноў бяссонне кружыць галаву,
і калі бяссонне гэтай ночы
упадзе расінкай на траву,
можа, хоць тады заплюшчу вочы.

Можа, хоць тады агорне сон
і прысню мінулага сцяжыну,
дзе калісь хадзілі я і ён,
пыл ляжыць, а ў ім — мае ўсламіны.

Аскалёпкі самай светлай мары,
ведаю, не склею... Сум на сэрцы
пра каханне выплача гітара,
ды, іграючы, адна струна парвецца.

Успаміны пакрысе растрачу
і схаваю боль свой і бяду...
Болей не чакай, што я заплачу,
болей не чакай — я не прыйду.


ГРАМНІЧНАЯ СВЕЧКА

Нават летам,
Калі — сонца і спёка,
мне бывае так холадна,
што, здаецца, кожная клетачка
прымерзла
да чагосьці невыносна-ледзянога.
Я спрабую сагрэцца
цудоўнай музыкай,
добрым вершам
ці светлым успамінам.
Але не саграваюся.
І тады
я запальваю сваю
грамнічную свечку,
якая сагравае кожную клетачку,
больш жвава гоніць маю кроў,
кожны дзень уліваючы ў мяне
святую любоў
да зямлі.


* * *

Аблокі,
бы кавалкі цукровай ваты,
вецер
мякка і лёгка мяце за гарызонт.
У кожным з аблокаў
мара ці пытанне
амаль нязбыўныя,
але зямныя.
Планета круглая,
таму чакаю:
калісьці мае воблакі прынясуць
адказ.


ТОЛЬКІ 3 ТАБОЮ

Толькі з табою побач
я —жанчына, я — прыгажуня, нават каралева.
Па вуліцы іду —
і ўсе мужчыны глядзяць на нас
і справа (ды і злева).

Калі адна — нікому непатрэбна,
ніхто не кіне на мяне пагляд.
3 табою побач —
людзі ў захапленні,
як нам зайздросцяць,
як услед глядзяць!

А я з табою побач, быццам фея,
гару ад прыгажосці незямной
і, што са мной, ніяк не зразумею...
Мо проста ад таго, што ты са мной!


* * *

Светпай памяці мужа,
які трагічна загінуў
І9 верасня 1997 г.

А жыццё — павуціначка тонкая,
невядома, калі абарвецца,
ў гэтым свеце зялёна-рамонкавым
застаецца працяг — нашы дзеці.

Адышоў так раптоўна і рана,
не паспеў развітацца ты...
Крываточаць балючаю ранай
нашых дзетак малыя сляды.


МАЛЮЮ ЦЯБЕ

Парванымі аблокамі
я малюю твой твар.
Не хопіць сілы,
тады засну,
каб прачнуцца
і…
маляваць ізноў.

Хачу ўбачыць
цябе ж ы в о г а .
Сярод аблокаў ці на зямлі.
Хачу ўбачыць
апошні раз,
хоць на імгнемне,
каб
развітацца.


* * *

Любы, паглядзі! Ну колькі руж!
На вяселлі не было іх столькі —
ўся труна засыпана. А з рук
крыж ірвецца ў свет іскрыста-тонкі.

Мілы і халодны твар цалую,
гладжу з сівізною валасы,
ты мяне пакінуў маладую —
ў трыццаць на руках дачка і сын.

І якою б ні пайшла сцяжынай,
не забыць пражытыя гады...
На зямліцы пад кустом ажыны
цёплыя
ад ног тваіх
сляды...


* * *

У сэрцы столькі болю намяло,
што не пазнаю сябе.
Ведала б, як цяжка мне
без цябе!
А. ЛЕШЧАНКА

Ведаў бы, як цяжка мне
ў гэтым свеце!
Зноў гукаю цябе ў сне
і чакаюць дзеці.

Кожны шолах ля дзвярэй і...
нямее сэрца.
Я жыву дзеля дзяцей
у шумлівым свеце.

Я жыву дзеля дзяцей —
маці ім патрэбна...
...Боль нясцерпны ўсё мяце,
дротам рве мне нервы.


* * *

Па-за Жыццём
ў празрыстасці Сусвету
між мелодыі зорак
гучыць Твой голас.
Хачу пранікнуць
па-за Зямлю,
ды за Бясконцасцю Сусвету
ніхто не чакае.
Нават ты.


* * *

Я так сціскала рукі твае,
яшчэ не верыла — ім не балець!

Адагравала шчокі твае,
не разумела я —
ім не гарэць!

І цалавала вусны твае,
о, як хацела я
іх запаліць!

Цябе будзіла я,
не дабудзілася —
бо ты неспіш!

А горыч з холадам
марозяць шчокі мне —
ты ўсё маўчыш...

У рукі жоўтыя
з малітвай светлаю
паклалі крыж...

А я чакала ўсё,
вось-вось устанеш ты
ў апошні міг...

Сляза гарачая
ільдзінкай стала ўжо —
застыў мой крык.


* * *

Напішу аб набалелым,
каб хоць крышку палягчэла.
Можа, час не так бы мучыў
раны памяці
пякучай?

Напішу аб набалелым...
Памяць,
нібы яблык спелы,
на кавалкі перарэжу,
па адным бяру,
бы ежу.

Па адным кладу нясмела
я на ліст паперы белай...
І чаму так часта памяць
не дае мне спаць
начамі?


* * *

Ноч пакрысе кладзецца мне на плечы,
санлівасць закружыла галаву.
А можа, не чакаць цябе, прылегчы,
закалыхаць адчай свой і тугу?
Закалыхаць стамлёнае чаканне. .
Няхай ізноў прысніцца светлы сон.
А ці ж засну?
Калі й засну пад ранне,
мне, супакоенай, ізноў прысніцца ён.
Зноў у душы маёй капацца будзе
абрыўкамі сваіх калючых слоў.
А позірк балючэй за словы студзіць,
церушыць снег
у лета маіх сноў


ПАВЕР АГНЮ
Калі табе бывае сумна,
то ты не падай у адчай...
3 песні

Калі аднойчы засумуе сэрца
ці без прычыны нападзе адчай,
калі няўдача мышкаю скрабецца,
не засмучайся, сябар, не ўздыхай.
Лепш усміхніся, будзь вышэй адчаю,
і ў добрым сэрцы (з самай глыбіні)
ужо святлее. Ты не адчуваеш
святы прамень цяпла і чысціні?
Цярплівы будзь, калі хвароба плечы
сціскае пасткамі з усіх бакоў,
лепш "Ойча наш" над цеплынёю свечкі
успомні моўчкі да сямі разоў.
Няхай малітва вэлюмам агорне,
агонь ад свечкі верне думкам чысціню.
Спалі свой боль, адчай, слязой прагорклы,
і не ўздыхай, не плач...
Павер агню!


МОЙ ДЗЕНЬ

Кожны мой дзень
прачынаецца з чысціні і пяшчоты,
якой мяне сагравае Бог,
і яны крочаць побач
да таго часу,
пакуль хто-небудзь
не сыпне на мяне
попел крыўды і болю.
І тады мой дзень
робіцца самым звычайным
і самым зямным.

Але кожны дзень
па маленькай іскрынцы
я стараюся пакласці на паперу
рэшткі
той ранішняй чысціні і пяшчоты,
каб імі сагрэць
калі не чыёсьці сэрца,
дык хоць бы маленькую
і кволую травінку,
каб яна дарасла,
прасціраючы свае
кволыя рукі,
да Бога.


РАМОНКІ

Рамонкі,
белыя рамонкі
табе,
каханая, нарву,
пах рэзкі кветак
запахне тонка,
калі іх маці падару.

А пялёсткі, а пялёсткі,
быццам снегапад,
вецер носіць, вецер носіць,
засыпае сад.

Ад рамонкаў, ад рамонкаў
мякка на душы.
Сонца свеціць цёплым промнем,
промнем залатым.

Не плач, любімая матуля,
забудзь нязгоды і турбу,
рамонкі белыя атуляць,
я ж з цеплынёю іх ірву.

Тваё бяссонне, як на крылах,
той пах рамонкавы змяце,
у сэрцы маці, светлым, мілым,
здароoе, шчасце зацвіце.


РУЖЫ І ДОЖДЖ

Ах, якія цудоўныя ружы!
Учора каханы іх падарыў!
Дожджык ішоў, і пабліскваў з лужын
зялёна-ружовы
ад руж пераліў.

Людзі стамлёна ішлі па дарозе
і пракліналі дажджлівы той дзень.
А з маіх руж нібы сонца лілося,
падаў на твар мой
шчаслівы іх цень.

Людзі здзіўляліся:
трэба ж — дзівачка,
і не сядзіцца ёй дома, у дождж.
Нібы дзяўчынка, праз лужыны скача,
кветкі ў руцэ, а сама — басанож.

Вось усміхнуўся сур'ёзны прахожы,
бліснула сонца ў бабулькі з вачэй.
Стомлены працай, угледзеўся дожджык
з хмаркі на ружы.
І дзень пасвятлеў.


* * *

Зямное жыццё—
выпрабаванне.
Як часта выкрэсліваю
тэлефоны,
што не вытрымалі
цеплыню людскіх пачуццяў
і веры ў любоў.


НАРАДЖЭННЕ ВЕРША

На мяне вершы наплываюць
хваляй гукаў і слоў.
Часцей за ўсе гэта бывае ноччу,
калі я папаўняю сваю энергію
ў аблоках сну.
Нібы звар'яцелыя,
накідваюцца рытмы і выразы,
цесна сатканыя ў косы,
якія не расплесці, не разарваць.
Накідваюцца,
як боль на жанчыну,
якая збіраецца сёння нарадзіць.
І гэты боль
то мацнее, то слабее,
і калі ён зусім сціхне,
я, нібыта згубіўшы прытомнасць,
засынаю.
Засынаю, так і не паклаўшы
на паперку ніводнага радка.
І так з дня ў дзень,
з ночы ў ноч...
І вось аднойчы,
як праменьчык сонца,
загараецца маё сэрца,
перапоўненае
цеплынёй і спакоем.
І на паперы
нараджаецца верш...