Паганскае кола

Дарафейчук Ірына


Купальле

* * *
Ты Богам быў.
Як Бог –
Усё ты мог...
Пад позіркам тваім
Мая дзяржава гіне...
Ты Богам быў.
Як Бог –
Усё ты мог,
Але
Не захацеў
Зрабіць мяне
Багіняй...


СОН

Гэта ноч папросіць сад цьвісьці
І жалобу зь белых косаў выплесьці...
Прывітаньне!..
Можна мне зайсьці?..
Я за ўсьмешкай не хаваю хітрасьці.

Ты ня верыш у сапраўднасьць сноў?
Гэта ноч. Ёй нечага саромецца,
Бо віно – і ў Афрыцы віно,
Як і я – паўсюль – твая любоўніца.

Прагані, ці сам з дарогі збоч –
Мне ўсё роўна, ш т о табе прымроіцца.
Гэта ноч, мой любы, проста ноч,
Ёй ня трэба лгаць, каб супакоіцца.

Шчасьце мы паставілі на кон –
Я і ноч, дурніцы непапраўныя...
Гэта сон, мой любы, проста сон,
Дзе ня я, а ноч цябе падманвае...


* * *
Пагавары са мной, пагавары
Пра лес, дзе мы ніколі не былі,
Пра лес, дзе невядомыя зьвяры
Сьлядамі ўсе сьцяжынкі замялі...

Ах, я сама даведацца магла б,
Як хораша у лесе тым жывуць
Зьвяры, ў якіх няма драпежных лап,
Зьвяры, што сьпіны жоўтыя ня гнуць.

Гарыць вясёлым золатам іх поўсьць
І цішыня аж сьвеціцца між дрэў...
А я – у гэтым лесе – толькі госьць,
І мой агонь няўбачаным згарэў..

Адкрасаваўшы, згасьне пачуцьцё
І толькі сэрца бачыць, як гарыць
Вясёлым звонкім золатам лісьцё –
Ліняюць невядомыя зьвяры...


* * *
Ёсьць толькі Лёс.
Ёсьць толькі Бог.
І мне –
Хоць добрай,
Хоць паганай –
Наканавана.
Быць сабой,
Любіць цябе –
Наканавана.

Я
Легкадумнаю была,
Шалёнай,
Злой,
Неўтаймаванай...
Любіла,
Верыла,
Жыла –
А ўсё было
Наканавана?

Нясьцерпнай адзіноты жах,
Смуга халоднага спатканьня,
І дзён цяжар,
І сноў цяжар –
Няўжо
Былі наканаваньнем?

Складу
Мазаіку
Са слоў.
Мая
Адзіная загана:
Ня веру я,
Што Лёс –
Сіло.
І б’юся аб “наканавана”.


* * *
А я не шкадую. І ты не шкадуй,
Што лета павольна сплывае на восень,
Што з вуснаў пякучую сьцерці бяду
Табе не ўдаецца, як мне не ўдалося.

А я не шкадую. І ты не шкадуй,
Што ўсё несапраўднае хутка мінае.
Мне хтосьці нашэпча на соль і ваду,
А я ўспамінаю.
Цябе ўспамінаю.

А я не шкадую. Хоць, можа б лягчэй
Было без тае нагаворанай солі.
І ты не шкадуй, бо амаль не пячэ
Мой боль учарашні пад заўтрашнім болем.

Куды б мая сьцежка мяне ні зьвяла –
Зіме не сурочыць вясну маладую.
Я можа зусім неразумнай была...
Ды ты не шкадуй,
Бо і я не шкадую.


* * *
Мне заўсёды, мне заўсёды будзе сьніцца:
Ты карміў мяне з далоні, як сініцу.
Як сініца я табе глядзела ў вочы,
Ты мне долю – як сініцы — напрарочыў.
Ты карміў мяне з далоні цішынёю,
Цёплым голасам, усьмешкаю – маною...
Ты карміў мяне спакоем і падманам...
Жураўлём тваім ніколі я ня стану.


* * *
Нам столькі дадзена начэй,
Што падлічыць хапіла пальцаў
Адной рукі. Але ад пяльцаў
Удачу адарві хутчэй,

Бо шые нам шляхі яшчэ
Па аксаміце зорным танцам.
Нам столькі дадзена начэй,
Што падлічыць хапіла пальцаў,

А гэты аксаміт цячэ,
І не дазволена застацца
Хоць на хвілінку – разьвітацца...
Ды сьлёз няма з маіх вачэй:
Нам столькі ДАДЗЕНА начэй.


* * *
Ты любіш мяне – як школьніцу,
Што вывучыла урок.
Трымаеш мяне нявольніцай
У коле сваіх дарог.

Ты любіш мяне – як возера
У летні сьпякотны дзень,
Як вогнішча ў ноч марозную,
Як дрэва, што дорыць цень,

Як сьнег, што цяплом агортвае
Насеньне ў тваіх палях,
Як прыцемкам – поўню жоўтую,
Што твой асьвятляе шлях...

Вавёрка-душа прытоміцца
У коле тваіх дарог...
Ты любіш мяне – як школьніцу,
Што вывучыла урок.


* * *
I, нібы зноў апошнюю магчымасьць
На шчасьце выпускаючы з далоняў,
Ты богам быў: ляпіў мяне – жанчыну –
Зь цяпла, жаданьня, з болю і бяссоньня.

І таяла тугая адзінота,
Сьцякала воскам з прывіднага цела...
І плакала ўва мне дзяўчынка ўпотай –
Жанчынаю рабіцца не хацела.

Дыханьне крыжавалася з дыханьнем,
Па небу месяц бессаромна крочыў,
І несла ноч нямое спачуваньне,
Рукою цёплай мне закрыўшы вочы...

Пужлівая, тужлівая, чужая
Дзяўчынка станавілася жанчынай
І плакала. Ад болю ці ад жалю,
Што яваю рабілася магчымасьць.


ЭЎРЫДЫКА

1.
Што адчувала Эўрыдыка,
Калі, зьнясіленая болем,
Крутых прыступак не лічыла,
Спускаючыся ў царства ценяў?

Што адчувала Эўрыдыка,
Калі, аплакваючы шчасьце,
Арфей ішоў за ёю сьледам
Вяртаць няўлоўнае былое?

Што адчувала Эўрыдыка,
Калі сьпяваў перад багамі
І перад ценямі памёршых
Арфей свайго каханьня песьню?

Што адчувала Эўрыдыка,
Калі вярталася да сонца,
Да кветак, да зямлі, да птушак
І да таго, каго любіла?

Што адчувала Эўрыдыка,
Калі – ўжо на парозе шчасьця –
Амаль магчымую надзею
Разьбіў Арфей міжвольным рухам...

Што адчувала Эўрыдыка?..

2.
Што адчувала Эўрыдыка?
А тое, што і я адчую,
Калі тугую адзіноту
Мне разаб'е знаёмы голас
3 халоднай тэлефоннай трубкі.
І я, накінуўшы на плечы –
Якую трапіцца – хусьцінку,
Каб захінуцца ад залевы,
Ад злога ветру, ці ад сцюжы
Ці, нават, ад чужога вока,
І за сабой не зачыніўшы
Ні вокнаў, ні дзьвярэй, ні сэрца,
Рвануся за табой адчайна
У белы сьвет – як у капейку –
У павуціньне сноў і вуліц...
Дзе на мяжы сьвятла і ценю
Ты пройдзеш паўз маю усьмешку...
Ты пройдзеш і –
н е а з і р н е с ь с я…
Што адчувала Эўрыдыка ?..


ТРЫЯЛЕТЫ ЛЕТА

* * *
Ты сам аддаў мяне
У іншыя далоні.
Сціскае памяць скроні:
Ты сам аддаў мяне.
Лаўлю вачэй бяздоньне:
Гуляў ты мной, ці не?
Ты сам аддаў мяне
У іншыя далоні.


* * *
А я табой хварэю вечна:
Як тодькі ўбачу – рэцыдыў.
Лёс замяце твае сьляды,
А я табой хварэю вечна.
Так недалёка да бяды:
Твой боль цяжкі, але вылечны,
А я табой хварэю вечна,
Як толькі ўбачу – рэцыдыў.


* * *
Пакідае лета сьлед
На сьцяжынках, на палянках.
Налвячоркам, ноччу, зранку
Пакідае лета сьлед.
Што ні ноч, то калыханка,
Што ні дзень, то трыялет –
Пакідае лета сьлед
На сьцяжынках, на палянках.


* * *
Якое гарачае сонца,
Якое халоднае лета...
Як хораша зьзяе над светам,
Якое гарачае – сонца.
Мой голас табой не сагрэты,
І я паўтараю бясконца:
Якое гарачае сонца,
Якое халоднае лета...


* * *
Ты ня дрэнны, ты проста – ня мой.
Вінаваціць былое ня трэба,
Разумее халоднае неба:
Ты ня дрэнны, ты проста – ня мой.
Заплаціўшы-заплакаўшы срэбрам,
Як даўмецца мне ўрэшце самой:
Ты ня дрэнны, ты проста – ня мой,
Вінаваціць былое ня трэба.


* * *
Прыдумваю цябе – спакойнага і сумнага –
За кніжкай, ля вакна, на возеры, у сьне...
Каб гэтак не было безабаронна мне,
Прыдумваю цябе – спакойнага і сумнага.
І ўсё маё жыццё у прыдумках міне...
У цішыні лясной, сярод натоўпу тлумнага
Прыдумваю цябе спакойнага і сумнага.
За кніжкай. Ля вакна. На возеры. У сьне.


* * *
Што, не пабольшала сяброў?
Ды не паменшала надзей...
Мне сведчыць кожны новы дзень,
Што не пабольшала сяброў.
Да новых сьцежак павядзе
Самотны лёс. І ўбачу зноў,
Што не пабольшала сяброў,
Ды не паменшала надзей...


* * *
Я выцягну ўсё, што можна
3 гарачых сонечных промняў.
Разважліва і нястомна
Я выцягну ўсё, што можна.
Спакой, цішыню, бяссоньне,
Даверлівасьць, асьцярожнасьць –
Я выцягну ўсё, што можна
3 гарачых сонечных промняў.


* * *
Ўсе адценьні ад чырвонага да белага
Сонца перамерае за дзень.
Зайчыкамі скачуць па вадзе
Ўсе адценьні ад чырвонага да белага.
Кропляю зь вясла майго ўпадзе
І да берага бяжыць сьцяжынка сьмелая...
Ўсе адценьні ад чырвонага да белага
Сонца перамерае за дзень.


* * *

Цябе няма, а ёсьць маліны...
Алесь Жыгуноў.

Цябе няма, а ёсьць маліны,
І лес, і возера, і лета...
Ня ведаю, ці добра гэта –
Цябе няма, а ёсьць маліны.
Я зноў няўрымсьлівы падлетак,
І зноў мне восень шчасьце вінна –
Цябе няма. А ёсьць маліны,
І лес, і возера, і лета...


* * *
Я цябе ніколі не паклічу,
Як бы час пасьпешліва ні цёк –
Я цябе чакаю ўсё жыццё...
Я цябе ніколі не паклічу.
Трапяткое гэта пачуццё
Не паменшу і не павялічу:
Я цябе ніколі не паклічу –
Я цябе чакаю ўсё жыццё...


* * *
А чаго хочаш ты,
Адкажы, калі ласка...
Я ізноў хачу казкі.
А чаго хочаш ты?
Вецер – гойдацца ў красках,
Торгаць промняў ніты...
А чаго хочаш ты,
Адкажы, калі ласка...


* * *
Ці гатовы ты да птушкі адгукнуцца
Як да роўнай і назваць сваё імя?
Вось яна пачне мелодыю сама –
Ці гатовы ты да птушкі адгукнуцца?
Ты, што ў лесе прытаміўся і сасьмяг,
Ты, што ў лес прыйшоў да Лесу дакрануцца,
Ні гатовы ты да птушкі адгукнуцца
Як да роўнай і назваць сваё імя?