Паганскае кола
Дарафейчук Ірына
Каляды
* * *
Пахавалі надзею,
Дык што ж цяпер плакаць аб ёй –
Больш няма на зямлі
Ні багоў,
Ні паэтаў,
Ні зданяў...
Зорка ў шчасьце паверыла
I, загадаўшы жаданьне,
Зь неба чорнага
Скочыла
Ў адлюстраваньне сваё...
* * *
Бярозка бярозку штурхае плячом:
"Сястрычка, зірні!
Падзівіся хоць трошкі:
На даху, ля коміна маладзічок
Сядзіць, акуратненька зьвесіўшы рожкі!"
Бярозка бярозку бярэ за руку.
“Ну, што ты, сястрычка”, –
усхліпвае горка, –
“Вунь там, каля хмарынкі маладзічку
Мігціць-усьміхаецца юная зорка...”
* * *
Апусьціўся на зямлю маю верасень,
Сьпяць залевы у сасновым бары,
Зорцы ў восеньскае шчасьце ня верыцца
І таму яна так цьмяна гарыць.
На начлег заранка ў возера просіцца –
Хваляў дрыжыкі бягуць па вадзе,
Сонца восеньскаю ноччу намёрзьнецца,
Не паспее адагрэцца за дзень.
Верасьнёвая зямля, верасовая,
Над табою вецер хмары рассоўвае.
Верасьнёвая зямля, верасовая,
Зачарованая, сонная...
* * *
Зіма не грашыла адлігамі,
Вясьне не давала праходу.
І рэчка, цяжарная крыгамі,
Чакае яшчэ крыгаходу.
І сонца рукамі нясьмелымі
Яшчэ цішыню не кранае...
Але пад сумётамі белымі
Зіма ўжо паціху канае.
Р Ы С Ь
Я ня рысь, я горшае стварэньне –
Чалавек. Прычым – ня вельмі добры,
З гурбаю выключных недахопаў:
Зайздрасьцю, маной і – дзесьці – здрадай...
У сваіх незразумелых крыўдах
Блытаюся, нібы ў павуціньні,
Ўсё імкнуся некаму нашкодзіць,
І сябе перамагчы імкнуся...
Ды ў адзін неверагодны момант
Я – амаль фізічна! – адчуваю,
Як бярэцца плямінамі скура,
Як хада становіцца нячутнай,
Як пад лапамі спружыніць йгліца...
Галасы майго старога лесу
Чуюцца прыцішана-знаёма.
І ад крокаў сёньняшняй ахвяры
На вушах уздрыгваюць мяцёлкі...
Л О С Ь
Прыйду сюды старой зьвярынай сьцежкаю --
Дубровай, борам, маладым асіньнікам,
Ускрай балота, ля крывой алешыны,
Асіньнікам ізноў, пасьля – выжарынай,
Дзе тры гады таму шугала полымя,
А сёньня скрыпень палымнее сьвечкамі
Навыперадкі з тонкімі бярозкамі,
І ўрэшце ярам, дзе чаромха белая
Зялёнай стала, потым будзе чорнаю,
Каб зноў вясной убрацца ў бель дзівосную...
У гушчары прачнецца птушка раньняя,
І камарэча да мяне прычэпіцца,
І нават сонца, сонна пацягнуўшыся,
З-за небакраю выгляне, цікаўнае.
Я разаб'ю вады люстэрка чыстае,
І буду піць, пакуль дыханьне зоймецца.
А калі скончу, кропля недапітая
Зноў разаб'е вады спакой даверлівы.
І маладая усьміхнецца раніца...
3 крыніцы піць – дазволу не пытаюцца...
* * *
Пад ліпеньскім сонцам лавіла вачамі нябёсы...
На шкельца маіх акуляраў прысеў матылёк.
Ляцеў ён па мерках сваіх, безумоўна, здалёк,
Стаміліся крылцы...
Здарожаны, лёгенькі, босы...
Я не варухнуся, ты толькі сядзі, не зьнікай...
Уздрыгнулі вейкі – ўзьляцела прыгожае дзіва.
А што, калі б я не вось гэтак –
прыязна-шчасліва –
Калі б я зірнула зь нянавісьцю на матылька?..
* * *
Аднойчы ты таксама станеш камнем.
Чыёйсьці неразумнаю рукою
Узьняты на хвіліну над зямлёю
Ты плясьнесься з размаху у ваду.
Аднойчы ты таксама станеш возерам,
І ў твар табе абавязкова трапяць
Галінкі, камяні, паперкі, кветкі,
Што ты калісьці у ваду кідаў...
* * *
Шляхі свае ў сьвет раськідаю
І лёс захінаю сабою,
Бо ведаю: шчасьце складаюць
Зь цярпеньня, удачы, любові.
Ня звонкія трубы, ня срэбра,
А кропелькі трушчаць каменьне.
І болей, чым слава, патрэбны
Удача, любоў і цярпеньне.
Шляхоў вашых не перайначу –
Ня дзеліцца Доля на долькі –
Таму і жадаю вам толькі
Любові, Цярпеньня, Удачы.
* * *
Выплакала лецейка сінія нябёсы,
Адцьвілі прыгожыя сонечныя сны.
Ў ночы не дапросісься цёплае расы –
Вецер студзіць ножанькі, йдзе дадому босы.
Адбівае возера сумных зорак россып,
Прыхінуўся месячык да старой сасны,
Выплакала лецейка сінія нябёсы,
Адцьвілі прыгожыя сонечныя сны.
І хавае лецейка пад сівыя космы
Выцьвілыя шэрыя вочы да вясны...
Цішыня самотная ў лесе верасным.
Толькі задаволена усьміхнецца восень:
Выплакала лецейка сінія нябёсы.
* * *
А мне Дзьвіна заўсёды птушкай мроіцца –
Ўзьляціць спалоханая, – сьледу не пакіне.
Раськіне крылы над самотным Полацкам
І паляціць за жураўліным клінам.
Тужлівая, загадкавая, горкая,
Параненая нашым раўнадушшам,
3 адлюстраванымі сівымі зоркамі,
Пакрыўджаная незямная птушка...
Калі яна не адлятае ў вырай,
Дык толькі з-за таго, што нават сёньня
Яшчэ чыюсьці адчувае шчырасць,
Яшчэ сядае некаму ў далоні.
А мне Дзьвіна заўсёды птушкай сьніцца,
Уздрыгваюць вясёлкавыя крылы...
Ня кожнаму вада
Даверыць таямніцы,
Ня кожнаму зямля душу адкрые...
* * *
Перагартае
Старонкі вецер.
Што ён шукае
На гэтым свеце
Атлумна-чыстым,
У цёплым леце,
У тонкім сшытку...
На тых старонках
Няма набытку –
Там вершаў гронкі
Душу адносяць
Да думак стромкіх,
Ад лета ў восень...