Куля для прэзыдэнта

Падгол Уладзімір


Пра кнігу

Першае выданне Кулі пад назвай “Ладдзя роспачы ў Санта-Балоце, альбо Як любіць Прэзідэнта” надрукавана ў газеце “Выбар”, № 20 (113), чэрвень 1997 г. Першадрукар “Кулі”: Барыс ХАМАЙДА.

Газета “Выбар” з творам арыштавана разам з галоўным рэдактарам Барысам Хамайдам і Ўладзімірам Плешчанкам 26 ліпеня 1997 года ў 22.45 ў вагоне за пяць хвілін да адыходу цягніка Полацк -- Баранавічы. Усе арыштаваныя “Кулі” (200 асобнікаў) міліцыянты перадалі ў КДБ.

15 жніўня 1997 г. Намеснік пракурора Віцебскай вобласці Жыгаленка адкрыў крымінальную справу па факце “Оскорбления высшего должностного лица в произведении ”...Як любіць Прэзідэнта” -- урыўку з кнігі “Куля для Прэзідэнта”.

У жніўні Б. Хамайда выпусціў чарговы нумар “Выбару” № 21 (114) з працягам твора.

15 верасня 1997 г. Б. Хамайда быў выкліканы на першы допыт у якасці абвінавачанага ў Пракуратуру. На допыце Хамайда адмовіўся адказваць на пытанні следчага Зайцава.

20 кастрычніка 1997 г. На допыт у Пракуратуру была выклікана дачка Ул. Падгола Алена. Следчы Зайцаў распытваў, што яна ведае пра кнігу бацькі і дзе знаходзіцца бацька. Алена на допыце паказала, што нічога не ведае.

20 лістапада 1997 г. У Пракуратуру быў выкліканы У. Плешчанка. На пытаньні следчага адказваць адмовіўся.

У снежні 1997 года ў газеце “Выбар” надрукавана трэцяя частка кнігі “Куля для Прэзідэнта”.

30 кастрычніка 1998 г. Капітан КДБ В.Дземяньцей і капітан А. Лебедзеў высачылі У. Падгола ў Віцебску і ўручылі яму позву ў Пракуратуру.

31 кастрычніка – 1 лістапада 1998 г. У Віцебскай Пракуратуры праведзены допыт У. Падгола па абразе прэзыдэнта ў яго кнізе. Следчы задаваў пытаньні: “Как возник замысел написания книги?”, “Какова роль отдельных героев книги?”, “Какова в книге роль цитат Лукашенко?” і г.д.

16.11 1998 года крымінальная справа прыпынена следчым пракуратуры Віцебскай вобласці С.Саўчанкам па артыкуле 5 ч.1 п. 3 УПК Рэспублікі Беларусь.

16.01. 1999 года крымінальная справа ізноў адкрыта…

У снежні 2004 г. у Менск трапіла «Куля для прэзыдэнта», выдадзеная ў Санкт-Пяцярбурзе.

У студзені 2005 г. Падгол дапытаны ў пракуратуры Менска следчым А.Пікаравым пытаньнямі: «Хто выдаў Кулю?», «Колькі каштавала выданьне Кулі?», «Колькі Куль выпусьцілі?», «Як Кулю даставілі ў Менск?».

На ўсе пытаньні ў пратакол запісаны адказы: «Ня ведаю, ня ведаю, ня ведаю».

У гэты ж час адбываліся і іншыя падзеі, якія потым сышліся ў адзін шэраг.

Але Куля для прэзыдэнта была выпушчана і зьмяніць яе траекторыю, ці спыніць мог толькі Бог.