Куля для прэзыдэнта

Падгол Уладзімір


Касьмічны хлопчык

Крык дзіцяці кроіў паветра быццам гіганцкая цыркулярка -- бясконцы бохан. Шыбы радзільні, дзе некалькі дзён таму зьявіўся на свет гэты хлопчык, вібравалі ад ягонага крыку так, што цясьляр нават праверыў, ці ёсьць запас шкла. Ён падчас вайны перажыў не адно бамбаваньне й інстынктыўна нарэзаў з газэтаў палосак, каб заклеіць шкло.

У бліжняй царкве на трэцьці дзень пранізьлівага крыку, які пачынаўся акурат з пачаткам службы, сьвятар прачытаў адмысловую малітву за здароўе немаўлят і пазбаўленьне іх ад пакутаў. У навакольных дамох гаспадыні па ягоным крыку спраўджвалі час і спачувалі маці будучага опэрнага сьпевака – такую будучыню прарокаваў шмат хто зь нявольных слухачоў.

Дзіва, але амаль нікога крык не раздражняў. У ім не было болю, ня чулася гістэрыкі. Голас быццам клікаў кагосьці далёкага, нябачнага.

Крычаў ён роўна 30 хвілінаў і, як жартаваў стары хірург, які ў юнацтве марыў стаць касманаўтам, немаўля трапіла ў радзільны дом проста з космасу. Бо яно крычала столькі, колькі пралятае над імі касьмічны спадарожнік. «Гукавы маяк!» – ці то жартаўліва, ці то сур'ёзна казаў хірург, заходзячы да хлопчыка. Яшчэ адзін доктар, які ў юнацтве скончыў музычную вучэльню, сцьвярджаў, што так не крычаў ніводзін навароджаны, і што ў пранізьлівым голасе можна разабраць гучаньне нейкай сымфоніі. Іх абвяргаў заўхоз -- былы вайсковец- сувязіст. Ён сьцвярджаў, што голас перадае інфармацыю, бо ў ім гукі -- азбука морзэ, толькі знакі расьцягнутыя ў часе.

Галоўная мэдсястра, якая пакутвала ад раўнівага мужа, сьцьвярджала, што хлопчык крычыць, прагнучы волі, імкнучыся пазбавіцца спавітасьці, сьценаў і ўвогуле зямнога цяжару – ён прагне волі.

У першыя дні ад крыку разьюшваліся толькі ўладальнікі аўто ў суседніх дварох ды жыхары, бо спрацоўвала ахоўная сыгналізацыя. Урэшце яе адключылі.

Кухарка радзільні казала, што немаўля, відаць, хоча сваім чароўным голасам пакроіць бясконцы бохан шчасьця, каб ягоным кавалкам адарыць кожнага. “Той бохан сьпечаны Богам з зерняў усіх добрых чалавечых пачуцьцяў, – казала яна і, крыху падумаўшы, дадавала – а д’ябал укінуў у цеста зерне спакусы й гора, як кідаюць у цёплае малако хлебныя скарынкі, каб сыр быў з плесьняю. Вось шчыры голас, кроячы шчасьце, і пакутуе, калі трапляе на зло...” Намаляваны рамантычны вобраз ніяк не стасаваўся да заўжды сквапнай на словы кухаркі, і раздатчыцы ежы разносілі ейны твор па больніцы, уражваючы ўсіх.

І сапраўды вакол зямлі лётаў нябачны ні воку, ні прыборам гіганцкі бохан, а зьблізу, калі бачыліся дзіркі, можна было сказаць, што лётае сыр. За дзевяць месяцаў да народзінаў хлопчыка на зямной арбіце, значна вышэй ад спадарожнікаў зямлян, зьявілася касьмічная станцыя. Яна прыляцела з-за межаў Сонечнай сыстэмы. Гэта быў міжплянэтны выведніцкі цэнтар, велічынёй з футбольны стадыён, наладаваны электроннай апаратурай. На станцыі былі дзясяткі касьмічных караблёў, яны адляталі й вярталіся праз дзіркі-тунэлі. Абалонка станцыі паглынала промні радараў. Калі да яго ляцела ракета з Зямлі, карабель плаўна мяняў ейную траекторыю, ракета абмінала разведцэнтар, а потым ён яе выпраўляў.

Цывілізацыя, якая паслала дасьледчы карабель, была старэйшая за зямную. Тамтэйшыя істоты нагадвалі людзей, але характарам адрозьніваліся. Шмат год яны жылі бяз дрэнных звычак і пачуцьцяў, што псуюць нэрвы. Яны дасьледавалі больш за палову Сусьвету, але не разумелі аднаго: чаму прылётнікі, папрацаваўшы на Зямлі некалькі гадоў, не хацелі вяртацца. Яны дасылалі інфармацыю ў свае цэнтры. Па відэафоне гутарылі са сваімі жонкамі й дзецьмі, душарэтрансьлятар замацоўваў у родных надзею на хуткае вяртаньне, але яны -- не вярталіся.

Невяртальцы працавалі нават лепей, чым у першыя гады адаптацыі на Зямлі. Спэцыялісты па кадрах апрацоўвалі сваіх астранаўтаў, угаворвалі вярнуцца, але згодных набіралася чалавек дзесяць з тысячы. Вярнуўшыся, яны хварэлі, іх адольвала туга, самота, душыла скруха. І празь нейкі час яны зноў ірваліся на Зямлю. Тыя, каму не пашчасьціла вярнуцца, паміралі.

Астранаўты на караблі мелі такія душы, што ў выпадку разбурэньня звыштрывалай абалонкі карабля, душы імгненна б злучаліся і праменілі пачуцьцё, якое ўтварала абалонку для цел і апаратуры. Тады яны маглі яшчэ пэўны час працаваць. Пасьля таго, як кампутары перадалі б апошнюю інфармацыю ў пазасонечную цывілізацыю, яны б трансфармавалі дамоў і астранаўтавы душы. А пасьля кампутары й целы самазьнішчаліся б, каб дамоў у выглядзе астранаўтаў не трапілі ворагі ці вірусы.

На караблі працавала некалькі групаў. Адна, навуковая, з Цэнтра касьмічных даследваньняў, мела за мэту выявіць прычыны захворваньня астранаўтаў, выпрацаваць мэтады прафіляктыкі й лекаваньня.

Другая група адказвала за бясьпеку цэнтра выведкі.

Трэцюю групу даслалі з аховы Прэзыдэнта іншаплянэтнай цывілізацыі. Яны мусілі падрыхтаваць інфармацыю аб мажлівасьці сяброўскага візыту свайго Прэзыдэнта на Зямлю. Плянавалася першая сустрэча з Прэзыдэнтам асноўнай зямной цывілізацыі – беларусаў -- і заключэньне Дамовы аб інтэграцыі, стварэньне міжплянетнага Саюза – першай касьмічнай дзяржавы. Гэта было патрэбна прэзыдэнту той цывілізацыі для перамогі на прэзыдэнскіх выбарах.

Беларусы славіліся на ўвесь космас імкненьнем інтэгравацца. Яны пераўтварылі здольнасьць інтэгравацца ў выгодны бізнес, а прэзыдэнты тых краінаў, якія ішлі на Саюз, умацоўвалі ў працэсе інтэграцыі з беларусамі сваю ўладу, бо ў беларусах бачылі ідэальных рабоў.

Візыт рыхтаваўся напярэдадні чарговых выбараў Прэзыдэнта іншаплянэтнай цывілізацыі і мог, у выпадку заключэньня Дамовы аб інтэграцыі дзьвюх цывілізацыяў, забясьпечыць яму перамогу над спадужнікамі.

Посьпех візыту залежаў ад узроўню бясьпекі Прэзыдэнта пазасонечнай цывілізацыі. А пагроза магла быць як ад тэрарыстаў, так і ад хваробы, як ад стыхійнага бедства, так і ад псыхатропнага ўзьдзеяньня. Усё павінны былі прадугледзець прэзыдэнтавы ахоўнікі, нават пагрозу невяртаньня ягонай душы.

Асноўную частку зямлянаў на час прылёту разведцэнтра складалі беларусы. Было таксама вядома, што беларусаў калісьці было 10 мільёнаў, праз стагодзьдзе, пасьля катастрофы ў Чарнобылі засталося крыху болей за сто. Потым нешта здарылася, і колькасьць беларусаў пачала павялічвацца неверагоднымі тэмпамі, і ўрэшце беларуская мова загучала па ўсёй зямлі.

Было вядома, што с цягам часу беларусы скарылі жывёльны свет і падпарадкавалі сабе хітрых пацукоў. Прусакі таксама трапілі ў залежнасьць ад беларусаў, якія пачалі засяляць іншыя планеты і казалі, што некаторыя зухі ўжо кіруюць іншымі цівілізацыямі.

Раз-пораз з выведстанцыі дасылаліся на зямлю мінікараблі-выведнікі. Караблі зьбіралі інфармацыю, розныя пробы, часам дастаўлялі на станцыю і людзей, дасьледвалі – і вярталі назад, папярэдне выцершы памяць аб перажытым.

На станцыі працавала яшчэ адна група. Усе звалі іх віжамі і пабойваліся, бо ніхто нават не здагадваўся аб іхняй мэце. Яны мелі на станцыі свой касьмічны карабель, здольны вярнуцца дамоў самастойна. Звышзасакрэчаных астранаўтаў паслаў асабіста Прэзыдэнт пазасонечнай цывілізацыі. Яны мусілі вызначыць стан беларускай душы і кантраляваць бясьпеку немаўляці.

За суткі да народзінаў хлопчыка астранаўты адстыкавалі свой карабель ад станцыі й завісьлі над Беларусьсю. Праз некалькі дзён крыку прылётнікі ўключылі нейкі прыбор і хлопчык больш не крычаў. Ягоная маці са зьдзіўленьнем заўважыла, што немаўлятка раз-пораз да нечага прыслухоўваецца.

А на станцыі слухалі абсалютна ўсе каналы сувязі, праглядалі ўсе тэлеперадачы. Дасьледчыкі ўваходзілі ў электронныя сховішчы бібліятэкаў. Але беларуская душа хавала свае таямніцы. Хаця ўсе падставы, каб адкрыць іх, былі. Роднай мовай пазасонечных астранаўтаў, як ні дзіўна, была беларуская, і ніхто зь іх не ведаў, адкуль такое супадзеньне.

Таямніца беларусаў была схаваная ў адмысловай Кнізе. Яе трэба было знайсьці й дасьледаваць. Яе доўга шукалі. Шмат хто чуў пра яе, нехта чытаў розныя вэрсіі гэтай кнігі, але аўтэнтычнага тэксту ніхто ніколі ня бачыў. Меркавалася, што ў Кнізе зашыфраваныя культурныя коды беларускай нацыі. Расшыфраваўшы гэтыя коды, можна было знайсьці й прычыны невядомай хваробы.

Казалі, што Кніга вяртае беларусам чалавечыя душы, і прылётнікі мусілі раскрыць сакрэт вяртаньня душаў.

Некаторыя нават параўноўвалі кнігу з Бібліяй, дзе быў свой Богаў сын – беларускі Хрыстос, шлях на беларускую галгофу і нават укрыжаваньне Хрыстовай Душы.

І вось урэшце сапраўдны асобнік даставілі на станцыю. Кнігу знайшлі на другім краі Зямлі, ў ЗША -- ў Лесі -- дачкі перакладчыка Васіля Сёмухі, што жыў у Менску. Жыла Леся і хавала кнігу ў прыгарадзе Вашынгтона “Падаючая царква”. Лесява сабака па мянушцы Саша кожны дзень абсцыкала сусецки плот. У хуткім часе дом за плотам купіў прыстойны і таленавіты амерыканец.

Невядома ці то Лесяў характар меў чароўныя ўласьцівасьці, ці то нават беларускія сабакі могуць уплываць на лёсы і гістарычныя падзеі, альбо чаравалі паганскія багі з прыхаванай кнігі, але так здарылася, што дзярждэпартамэнт прызначыў суседа амерыканца амбасадарам ЗША ў Беларусь і той за некалькі месяцаў вывучыў беларускую мову.

А бадай усё разам і паўплывала на Амерыку. А потым і на лёс беларускага прэзыдэнта. Першы беларускі касьмічны спадарожнік завіс над ЗША, над прыгарадам Вашынгтона і плотам Лесі і амбасадара і фіксаваў кожны падыход з абодвух бакоў да плота, кожную прыўзьнятую лапку сабакі Саша…

Выконваўся загад прэзыдэнта Беларусі па адсочваньню шляхоў дастаўкі Кулі ў Беларусь і збор доказаў аб далучанасьці ЗША да Кулі і любові да яе пасла…

Лёсавызначальныя падзеі чакалі і прылётнікаў пасьля доўгачаканай знаходкі. На касьмічным караблі пачалася праца. Кнігу чыталі дасьледчыкі. Кожны меў сваю мэту. Чыталі псыхолягі, біёлягі, фізыкі, астраномы. Чыталі спэцыялісты ў галіне невядомых культурных аб’ектаў і містыкі, парапсіхолягі, уфолягі, а таксама спэцыялісты па паранармальных зьявах. А пілёты і тэхнічны персанал чыталі проста так. Тэкст увялі ў кампутар, і той пачаў аналізаваць яго па шэрагу парамэтраў. Кіраўнікі дасьледных калектываў мусілі прад'явіць вынікі дасьледваньня камандзіру карабля, а той павінен быў прыняць рашэньне: ці вяртацца назад на родную плянэту, ці працягваць дасьледаваньне, пасадзіўшы карабель на Зямлю. Чальцы каманды бясьпекі экіпажу ня толькі чыталі й вывучалі Кнігу самі, але й сканавалі душы чытачоў, улучаючы камандзіра карабля. Яны замяралі парамэтры арганізму ўсіх чальцоў экіпажа ў адпаведнасьці з фрагмэнтамі кнігі, і прыборы пісалі кардыёграмы, асцыляграмы функцыянаваньня ўсіх сыстэмаў арганізму.

Прыборы паказвалі, што ва ўсіх дасьледнікаў зьмяніліся фізыялягічныя парамэтры. І кіраўнік бясьпекі касьмічнага разведцэнтра ўвёў для мэдпэрсаналу рэжым падвышанай гатоўнасьці.

Сама назва Кнігі ды ейны пачатак насьцярожвалі нязвыклых да эмоцый іншаплянэтнікаў.