Наш брат - Зло

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Гарачы подых пустэльні

I

Празь некалькі дзён пасьля сардэчнай завалы, у кардыялягічным крыле шпіталю San-Paulo я пачаў цікавіцца калегамі па хваробе. Пакой налічваў з тузін ложкаў. Справа ад мяне ляжаў ксёндз, які рэагаваў на завалу бесьперапынным сном, ён спаў удзень і ўночы, прачынаўся толькі для таго, каб выпіць шклянку вады і пасьнедаць. Пасьля сняданку яму, як і ўсім, рабілі кардыяграму. Шпітальная сястра не чапала яго нават у часы абеду й вячэры, прадпісаныя парашкі сама ўтыкала яму ў рот, ня будзячы. Падчас дзённага абыходу хворых лекар абмінаў ягоны ложак, адно заглядаючы хуценька ў кардыяграму й на крывую ціску. Гэта, напэўна, азначала, што галоўнымі лекамі для яго быў сон. Такога змучанага, ажно набрынялага пакутай твару я ня бачыў ніколі, хіба што сярод бамжоў (па-італьянску барбонаў). Вонкава ён нагадваў сьвятога барбона з мэталёвым крыжам, заціснутым у сплеценых далонях. Сардэчная завала спасьцігла яго падчас споведзі, трывогу падняла старая кабета, занепакоеная маўчаньнем за краткамі й ціхімі адгалоскамі быццам бы стогну.

Насупраць мяне, ля супрацьлеглае сцяны, прыцягваў увагу малады, гадоў, можа, дваццаці пяці хлопец, які нерухома сядзеў, абаперты аб сьцірту падушак, з позіркам, уткнутым у столь. Часам ён апускаў вочы, і тады нашыя погляды на імгненьне сустракаліся. Ягоны погляд быў такім тужлівым, спалоханым і зьдзіўленым! Па сярэбранаму кубку на століку я здагадаўся, што ён быў спартоўцам, якому завала падрэзала крыльле на ўзьлёце. Час для наведваньняў быў вызначаны пасьля зьмярканьня, акурат перад вячэрай. Да яго штодня прыходзіла прыгожая дзяўчына. Не зважаючы на астатніх хворых, яна амаль клалася на ягоны ложак і абцалоўвала яму твар, шыю й рукі. Пасьля візыту яна плакала ў хустачку за вёрткімі шклянымі дзьвярыма палаты. Гэтага ня мог бачыць яе каханы, але добра бачыў я.

Чаму я апісваю гэта, калі ў маёй аповесьці істотную ролю грацьме нехта іншы, а менавіта мой сусед зьлева? Я падазраю таму, што адпачатку хацеў бы стварыць атмасфэру хваробы, усё, пра што я буду пісаць далей, у значнай меры будзе тычыцца гэтай часткі людзкога жыцьця, якую хворы прадчувае рэшткамі свайго інстынкту (або перажывае несьвядома), — раптоўнае зацямненьне перад павольным альбо хуткім сыходам у зямлю. Хвароба, цяжкая хвароба, натуральна, мае розныя абліччы, але заўсёды на гэтых абліччах блукае грымаса, што зьвястуе адыход.

Мой сусед зьлева ня быў ані маўклівы, ані гаваркі. Калі мы заводзілі хаця б кароткую размову, я захапляўся бліскавічным інтэлектам паўднёвых людзей, здольнасьцю адказваць на пытаньні, якія яшчэ не былі пастаўленыя, але ўжо віселі ў паветры; падавалася, быццам іхны розум увесь час канцэнтраваўся на сапраўднай сутнасьці закранутых у размове пытаньняў. Назаву яго Людавіка. Шмат год ён быў сьледчым судзьдзём у Vallo della Lucania, сталіцы акругі Cilento, у ягоную юрысдыкцыю ўваходзілі таксама Paestrum і вельмі блізкія Agropoli. Здаўна аўдавелы, ён меў адзінага сына, архітэктара ў Нэапалі. На схіле бацькавага жыцьця сын (здаецца, запеклы стары кавалер) вывез яго ў Нэапаль у сваю кватэру на Santa Lucia. Ужо гады са два як судзьдзю адправілі на пэнсію, а адзінокае жыцьцё Vallo della Lucania прыемным не назавеш. Сын быў заўзятым архітэктарам, вечна занятым, ён рэдку прыходзіў да бацькі ў шпіталь, затое штодзённа прысылаў аднаго са сваіх клеркаў з торбаю садавіны. Судзьдзя Людавіка быў па другім завале, першы, параўнальна лагодны, разьбіў яго падчас апошняга працэсу ў Vallo, да якога ён рыхтаваў сьледчыя матэрыялы і пратаколы допытаў. Другую, неапалітанскую завалу, лекары акрэслілі (як і маю) accuto. На шчасьце, сын быў акурат у хаце і завёз яго на "сырэне" ў San Paulo, дзе меў сябра-кардыёляга.

Нарэшце прыйшоў дзень поўнага і канчатковага абуджэньня ксяндза. Не выпускаючы з рук крыжа, ён варушыў вуснамі, шаптаў малітвы. Я нават не спрабаваў пагаварыць зь ім, бо ён быў пагружаны ў малітву і нагадваў жавога тапельца, толькі што выцягнутага на бераг. Падчас абыходу ён коратка, ледзь чутным голасам адказваў на пытаньні лекара. Але затое ягоны шэры, набрынялы твар сьвяціўся добраю ўсьмешкаю.

Тлумныя шпітальныя палаты спрыяюць суседзкім стасункам. Калі ўрэшце нам дазволілі па паўгадзіны гуляць па калідоры, неяк натуральна мы ўтварылы тройку: сьледчы судзьдзя Людавіка, ксёндз (назаву яго Зэна) і я. Мы хадзілі павольна, асьцярожна несучы нашыя сэрцы, як кулі з крохкага шкла, ад дзяжуркі лекара да вялізнага акна, якое замыкала калідор краявідам: зарослая быльнягом пустка, а на ёй хлопцы граюць у футбол. Ксёндз Зэна ішоў крок у крок з намі, спыняўся, калі мы спыняліся, але маўчаў, слухаючы нашыя гутаркі. Я ня ведаў, ці ён сапраўды слухае, ці заняты ўласнымі думкамі. Але ён слухаў. Калі аднойчы мы з судзьдзём разважалі пра найцяжэйшыя хваробы старасьці — натуральна, сэрца і анкалёгія — ксёндз Зэна раптам шапнуў ціха: "амнэзія", — і яшчэ цішэй дадаў: "Гарачае дыханьне пусткі, une respiro caldo del deserto". Судзьдзя зірнуў на яго зь несхаваным зьдзіўленьнем.

II

Ноччу, пасьля адной з такіх прагулянак, каля другой гадзіны (я ня мог заснуць пасьля апошняй порцыі пігулак) я пачуў з правага боку ціхія енкі, здушаныя, быццам ксёндз Зэна, нягледзячы на боль, стараўся нікога не абудзіць. У слабым сьвятле начной лямпачкі я разглядзеў, што ён адчувае нешта большае, чым мімалётны боль. Ягоны твар быў пакрыты потам, вялікія кроплі сплывалі з ілба да вачэй і ніжэй. І боль, мусіць, быў вельмі страшны, бо я заўважыў, што ксёндз Зэна выпусьціў з рук свой крыж і сутаргава заціснуў іх на жалезным біле ложка. Я не сумняваўся, што так выглядала мая завала. Я націснуў кнопку. Заспаны санітар ачнуўся адразу ж, калі кінуў позірк на хворага. Празь дзьве хвіліны цэлая каманда адцягнула ложак ксяндза, адгарадзіла яго шырмаю. Я чуў ціхую размову. Прынесьлі кропельніцу. Адзіным словам, якое далятала да маіх вушэй, было tardi. Аднойчы голас лекаркі падняўся да драматычных вышынь, яна выразна й гучна сказала: troppo tardi, "запозна". Я нерухома ляжаў з адкрытымі вачамі, астатнія спалі. А трэцяй за шырмаю апусьцела. Я выцягнуў руку на ўсю даўжыню і адсунуў шырму. Але мне ўдалося адсунуць яе нязначна, толькі нагэтулькі, каб пабачыць накрытую прасьцірадлам галаву памерлага. Відаць, не жадаючы трывожыць хворых, мэдыкі не кранулі цела. Яго вырашылі зьвезьці ранкам. Перад сьвітанкам я моцна заснуў, ня сніў ані сцэн, ані карцін, я сніў слова. Гэтым словам была амнэзія. Яно гучала з такой сілай, быццам яго паўтараў раскалыханы звон. Калі санітарка пабудзіла мяне на сьняданьне, перад якім давалі першыя лекі, я пабачыў побач чысты, засланы ложак. Мой сусед зьлева сказаў: "Хворае сэрца падобнае да начнога злодзея. Сьмерць падкрадаецца на дыбачках".

Нашая лекарка была сястрой майго нэапалітанскага знаёмага і таму я быў "рэкамэндаваны" (у Італіі гэта вельмі важна). І таму сястра, калі-нікалі, пераважна па абедзе, сядала на мой ложак пабалбатаць. Ад яе я даведаўся, што ксёндз Зэна быў пробашчам беднай, пралетарскай, са значным дамешкам злачынцаў і прастытутак, парафіі на ўскрайку гораду. Яна параўнала яго са зьбітым ушчэнт ботам і дадала: "Цуд, што ён дажыў да сваіх сямідзесяці гадоў". Тым большы цуд, што некалькі гадоў ён рэгулярна і надоўга дзесьці прападаў, яго прывозіла дадому паліцыя, у стане разгубленасьці, бяспамяцтва й страху. Ён ледзь помніў, як яго клічуць, дзе ён працуе, не пазнаваў сваіх парафіян. Яго павінны былі адаслаць ў прытулак для старых і хворых сьвятароў, але хто б згадзіўся прыйсьці на ягонае месца ў гэтым праклятым раёне, аж чорным ад дыму зь блізкай ліцейкі? Ня выключана, што чацвёртая завала (якая звычайна запальвае чырвонае трывожнае сьвятло), паразіла яго ў касьцёле ў той момант, калі ён заблукаў у лябірынтах свае памяці. Не, паратунку яму не было, шпіталь мог толькі працягнуць пэрыяд перад пятай, фатальнай завалай. Яму дазволілі шпацыр па калідоры, каб ён перад сьмерцю меў хаця б нейкую ілюзію, што стае на ногі.

Невядома зрэшты, ці хацеў ён выжыць, магчыма, яго вабіў толькі доўгі перадсьмяротны сон, які скончыўся б узьнясеньнем.

Аповед лекаркі быў досыць цьмяны, быццам яна за нешта апраўдвалася. Але гучаў ён праўдападобна. Я ўспомніў сабе выгляд бязьмежна спакутаванага ксяндза на суседнім ложку.

Мяне выпісалі са шпіталю амаль перад самым Божым Нараджэньнем. Судзьдзя Людавіка не хаваў свае зайздрасьці. І на разьвітаньне даў мне свой адрас на Санта Лючыя.

ІІІ

Лічыцца, што шпіталь, войска, турма зьвязвае людзей, стварае супольнасьць, якая доўга яшчэ трымаецца "звонку", пасьля выйсьця з прымусовай ізаляцыі. Гэтая зацёртая думка, можа, у якіх выпадках і мае падставу, але не ў маім. Я не люблю сустракаць былых таварышаў па зброі й турме, а сьвежая хвароба пераканала мяне, што й таварышаў па палаце — таксама. Гэта фобія (можа свайго рода кляўстрафобія) чыста асабістая, зьвязаная з маім буяным індывідуалізмам. Паказальна, што я хутка забываў прозьвішчы людзей, зь якімі лёс злучаў мяне ў месцах статкавага пабытаваньня.

Магчыма, таму я не зьвязваўся з судзьдзём, а калі б зьвязаўся, то даведаўся б, што па раптоўнай трэцяй завале ў шпіталі Людавіка вывезьлі ў санаторый у Швайцарыі. Ён правёў там год. Мы сустрэліся выпадкова ў пагодны дзень на надморскім бульвары, на вышыні Piazza Vittoria. Я з гэтага высокай кропкі пачынаў аздараўленчы шпацыр па плоскім маршруце аж да рыбацкага порту Mergellino, ён выбраў тую ж самую трасу, сыходзячы на пляц Перамогі са сваёй сьвятой Лючыі. Абодва мы паслухмяна выконвалі рэкамэндацыі нашых кардыёлягаў.

Мы ўяўлялі сабой дастаткова дзіўную пару. Каля нас гойсалі на роварах (па ходніку, прызначаным для пешых) маладыя хлопцы, на мурку, які адгароджваў ходнік ад вялізнага каменнага хвалярэзу, сядзелі закаханыя, абсалютна адключаныя ад сьвету пацалункамі й пяшчотамі, у вырвах паміж каменьнем паскоквалі паплаўкі рыбакоў, якія абапіраліся аб мур, а мы йшлі паволі, час ад часу спыняючыся, каб паглядзець на затоку, каб у сонечны чысты дзень паўзірацца на Капры ў даляглядзе, каб павітаць прыбрэжныя выспачкі, пакрытыя белымі коўдрамі чаек, каб на сярэдзіне маршруту нацешыцца з рыбаў і васьміногаў, выстаўленых у маленькіх балейках на імправізаваным кірмашыку, каб, ужо блізка каля мэты, забавіцца на прыстані для кацяркоў і яхтаў.

Няма чаго хаваць, гэта былі нудныя і манатонныя шпацыры, хаця ў апісаньні і здаюцца вельмі прыемнымі. Мой спадарожнік быў нудны й манатонны, хаця й мілы, інтэлігентны ды шляхетны. Здавалася, доўгае лячэнне ў Швайцарыі прытупіла вастрыню ягонага розуму. Ён цешыўся жыцьцём, прагулянка (гаварыў ён) была адзіная даступная яму радасьць, дома ён вёў жыцьцё пэнсіянэра, ахутанага сваімі дробнымі звычкамі: раскладваў пасьянсы і часам (рэдка) бываў чацьвёртым партнэрам у брыджы, амаль цалкам страціў даўнюю любоў да чытаньня, толькі што прачытваў мясцовую газэту, вечарамі драмаў перад тэлевізарам. Пры пэўным падабенстве я быў у лепшым становішчы, для мяне раньняя прагулка над морам была толькі лекамі. Але за два месяцы я прывык да Людавіка. Калі здаралася, што ён не прыходзіў на спатканьне, я хуткім крокам ішоў у бок Маргеліна, нідзе па дарозе не спыняючыся, з пачуцьцём, што мне чагосьці моцна бракуе. Я дапускаю, што й ён адчуваў тое ж самае ў дні маёй адсутнасьці.

IV

Аднойчы мы пайшлі далей, аж на мол за рыбацкім портам. Па дарозе мы мінавалі шкляную капліцу, якую рыбакі паставілі ў гонар свайго сьвятога патрона. Наколькі я ведаю, там ніколі не адбываліся ніякія набажэнствы ці малітвы, перад малым алтаром проста клалі вянкі. Але зараз мы пабачылі прыклеены з боку бульвару да шкляной сьценкі аркуш зь нязграбным подпісам: "Padre Zeno. Ксёндз Зэна. Апякун убогіх. У першую гадавіну сьмерці ад удзячных рыбакоў з Маргеліна". Значыць, ён і сюды прыходзіў, з далёкага чорнага Баньёлі да прыстані, выкупанай у зялёна-блакітным моры? Як? Чаму? Навошта? Стары рыбак, які цыраваў сетку, седзячы па тым баку парапету на пяшчыстай высьпе, ахвотна распавёў: "Так, прыяжджаў або прыходзіў пешшу раз на месяц, што нават выклікала непрыязь пробашча зь мясцовых касьцёлаў Маці Божай Сьнежнай і Маці Божай Нарадзіўшай. Прыходзіў, прыходзіў, а потым казалі, што ён захварэў, што Бог памяшаў яму ў галаве. Аднак не было чалавека, лепшага за яго, такога зычлівага, заўжды гатовага дапамагчы. Цяжка сказаць, чаго ён прыходзіў, бо ў Маргеліна ёсьць свой ксёндз, а з Баньёлі так далёка ісьці. Можа, проста з добрага сэрца, а можа, хацеў падыхаць сьвежасьцю, ён часта ў пагоду сыходзіў да мора, доўга мыў твар і рукі, закасаўшы рукавы. Браў у нас трохі рыбы й малюскаў. Мабыць, аддаваў іх іншым, адразу ж вярнуўшыся ў Баньёлі".

Мы моўчкі пераглянуліся. Перад вачамі ўстала палата ў San Paulo, ложак, на якім так цяжка спаў ксёндз Зэна, перш чым яго забіла пятая завала. "А ці памятаеце вы нашыя прагулкі ўтраіх на калідоры?" — запытаў Людавіка. "Памятаю. Памятаю, як вас зьдзівіла заўвага ксяндза Зэна аб амнэзіі". — "Недарэмна. Мая апошняя перад хваробай судовая справа датычыла выпадку цяжкай амнэзіі".

З таго часу нашыя супольныя прагулкі сталі зусім інакшыя. Судзьдзя расказваў, я слухаў, рэдка перапыняючы яго пытаньнямі. Выглядала на тое, што магчымасьць скінуць зь сябе "цяжар" давала яму палёгку. Мая цікавасьць расла зь дня на дзень, я быў падвойна раздражнёны, калі мусіў з-за кепскага надвор’я прапусьціць шпацыр. Я з радасьцю назіраў вяртаньне судзьдзі Людавіка да даўняй формы: ён быў разумны, праніклівы, спраўны й жывы розумам.

Я задумваўся, як пераказаць ягоную аповесьць ў разьдзелах (ён апавядаў мне яе кавалкамі два тыдні). Я рабіў пасьля кожнага шпацыра падрабязныя нататкі, якія зараз ляжаць на маім стале. Урэшце я пакінуў намер пісаць ад першай асобы і падзяліць аповесьць на разьдзелы, якія адпавядалі б нашым прагулянкам. Я пастанавіў увесьці ўласны парадак, максымальна яе скандэнсаваць, наратару выступіць ад трэцяй асобы, а на разьдзелы пабіць паводле лёгікі й храналёгіі падзеяў.

V

Cудзьдзі Людавіка было паўгода да пэнсіі, калі ў Агропалі выбухнула справа мужа і жонкі Портэр. Яму даручылі яе адразу ж, і менавіта ёю ён хацеў скончыць сваю кар’еру.

Дэрэк і Ваялет (італьянскія сябры звалі яе Віялета Портэр) былі археолягамі. У дваццатыя гады, адразу ж пасьля сканчэньня навучаньня ў Оксфардзе, яны прыехалі ў Paestum на археалягічныя раскопкі. Абое працавалі вельмі ахвотна, без заробку, і маглі сабе гэта дазволіць, бо паходзілі з заможных сем’яў. Купілі й адрамантавалі домік у Агропалі, каля руін слаўнага Замку, ля нізкага абрыву над морам. Ім было гэтулькі ж гадоў, колькі самому дваццатаму стагодзьдзю, і яны былі парай, пра якую часта гаварылі: "Рэдка сустрэнеш такіх закаханых". Яны прыехалі ў Італію, добра ведаючы італьянскую мову, таму ў Агропалі іх вельмі хутка сталі лічыць "сваімі". Нават антыангельскія схільнасьці фашызму не ўплывалі на гэтыя адносіны, а мясцовыя ўлады ў Агропалі і акруговыя ў Vallo della Lucania да іх не чапіліся.

Затое не пайшла іхная археалагічная праца ў Пэстуме, група археолягаў, што працавала на раскопках, ставілася да іх непрыязна. Пасьля ім далі зразумець, што італьянская група не хоча даваць працу, хоць і бясплатную, іншаземцам. Портэры сьцярпелі гэты афронт з добрай мінай, тым больш, што меркавалі разьвітацца з археалёгіяй. Ваялет пачала маляваць, а Дэрэк стаў скульптарам. Жылі яны ў вялікім каханьні, вельмі палюбілі Агропалі і ягоныя ваколіцы, вельмі рэдка выяжджалі нават туды, дзе маглі нагледзецца на шэдэўры італьянскага мастацтва. "Гэта мы спраўдзілі падчас сьледзтва, — дадаў судзьдзя Людавіка не без адценьня гордасці. "Навошта? — вырвалася ў мяне. — Гэта мела нейкую сувязь са справаю?" — "Не, але мы пастанавілі дакладна ўзнавіць увесь час, што Портэры жылі ў Італіі. Судовае расьсьледаваньне падобнае да сотняў рэнтгенаўскіх высьветаў, і ўсё для таго, каб выявіць нейкую схаваную плямку. Памятайце, што размова йшла пра вельмі незразумелае забойства. Прынамсі, у першых стадыях сьледзтва". Малюючы і ваяючы, Портэры не імкнуліся выстаўляцца. Яны прадавалі за медны грош (не для заробку, бо ён ім быў непатрэбны) карцінкі й мініятурныя фігуркі на кірмашы Vallo della Lucania. Судзьдзя Людавіка неаднойчы бачыў іх (да трагедыі) на штотыднёвым кірмашы, акружаных багатымі сялянамі з Чылента. На тым кірмашы, зборыску ўсялякага дабра, ад ежы да вопраткі й мэблі, яны сьмехам гандляваліся, каб набіць цану сваім "шадэўрам" (так і казалі: i nostri capolavori). Сяляне-пакупнікі любілі іх і не шкадавалі грошай, а часам плацілі натураю, напрыклад, кавалкамі масла, яйкамі, курамі, трусамі. Людавіка, праходзячы паміж яткамі да свайго суду, бачыў іхныя "шэдэўры". Ваялет спэцыялізавалася ў пэйзажах, паступова яны набывалі характар ілюстрацыяў да казак. Дэрэк вырэзваў ці ляпіў з гліны дробныя, дзіўныя фігуркі мужчын, жанчын і дзяцей, якія выразна мелі падабенства да экспанатаў з музею Пэстуме.

Так плылі гады, Портэры сталі часткай краявіду Агропалі і Вальлё, жыхары абодвух мястэчак прывязаліся да пары "сымпатычных ангельцаў", спакойна глядзелі на іхныя працяглыя любошчы ў публічных месцах, і ускідалі ім на вочы толькі адную рэч: бязьдзетнасьць. На поўдні Італіі дзіця — гэта каронны доказ Божага багаславеньня і ўзаемнага каханьня бацькоў. Бязьдзетныя шлюбы выклікаюць гэтак званыя "зьмяшаныя пачуцьці". Але нават гэта не ўплывала на адносіны да "нашых Портэраў", i nostri Porter (так іх урэшце пачалі называць).

У траўні 1939 году, калі над Эўропай павісьлі цёмныя хмары, Портэры выехалі ў Брытанію. У Лёндане яны й правялі ўсю вайну, ён — чыноўнік нейкай ваеннай канторы (меў слабае здароўе), яна — санітарка ў вайсковым шпіталі.

VI

Пасьля вайны яны два разы пісалі суседзям у Агропалі, што хутка вернуцца. "Пісалі" — недакладнае акрэсьленьне. Аўтарам абодвух лістоў быў Дэрэк, а подпіс Ваялет здаваўся дзіўна нязграбным, дрыготкім, быццам надрапаны курынаю лапаю. Раз Дэрэк абмовіўся, што "ваенны досьвед падарваў духоўныя сілы маёй жонкі".

Гэты сказ, па-старасьвецку вытрыманы, судзьдзя Людавіка працытаваў даслоўна, бо лічыў яго першым запісам пра хваравітую зьмену асобы Ваялет. Абяцаньне хутка вярнуцца ў Агропалі аказалася заўчасным. Яны вярнуліся толькі ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў. У першыя ж хвіліны жыхары Агропалі былі ўражаныя выглядам Ваялет. Яна была бледная, схуднелая (некаторыя казалі "высахлая"), амаль празрыстая. На першай прагулянцы праз кожныя некалькі крокаў шукала апоры або месца, на якім можна было б прысесьці. Яна вітала ўсіх стрэчных, але так бясколерна, так абыякава, што тыя сумняваліся, ці яна сапраўды іх памятае. Дэрэк ішоў за ёю, налева й направа раздаючы ўсьмешкі, але кемлівы чалавек ня мог не пабачыць цёмных водбліскаў у ягоных вачох.

Далейшыя сьведчаньні, што сабраў Людавіка, датычыліся ўжо не выгляду, а паводзінаў Ваялет. З кожным днём рабілася ўсё больш зразумела, што шматгадовых знаёмых яна бачыць як за мглістай заслонай. Аптэкар з Агропалі гэта акрэсліў так: E assente, immersa nel suo sogno di cui non riece a svegiarsi, яна непрытомная, пагружаная ў сон, зь якога ня можа выбрацца. Але гэта было яшчэ туды-сюды, паводзіны Ваялет прыпісваліся ейнаму "творчаму ўяўленьню". Тым больш што яна, як і раней, раніцай у пагодныя дні малявала, але ў яе пэйзажах нічога не нагадвала тое, на што яна глядзела; яна натуральна рухалася сярод загадкавых відзяжоў і мрояў, дзе мора і неба былі сплавам бязьмежнай, жоўта-чырвонай пустэльнай прасторы. Аднойчы яна ўвогуле ня выйшла з дому. Судзьдзя Людавіка памятаў гэтую дату, 14 верасьня 1958 году: у гэты дзень Ваялет пакінула Агропалі і замкнулася ў доме, тады пачалася ейная "хвароба", як гэта назваў Дэрэк.

Ягоны твар быў з гэтых часоў для жыхароў Агропалі адбіткам яе стану. Калі можна гаварыць аб паступовым, нястрымным росьце смутку з адценьнямі страху, нават панікі, менавіта гэта адбівалася на твары Дэрэка Портэра. Усё часьцей ён выпраўляўся ў Вальлё і ў Нэапаль, замыкаючы дом. Усё часьцей прыяжджалі ў Агропалі "госьці зь вялікіх гарадоў" (італьянскіх і замежных). У іх жыхары Агропаля пазналі лекараў. І усё выразьней, усё шырэй расьпінала свае чорныя крылы Марнасьць. Задаваліся пытаньні, чаму Дэрэк Портэр не выводзіць жонку паляжаць у гамаку, чаму не выводзіць на прагулянкі. Ніхто ня мог знайсьці на гэта адказу (ён унікаў размоваў пра Ваялет), бо ня ведалі, што за хвароба такая ў яе. А ці ведаў сам Дэрэк, калі вымаўляў з націскам гэтае слова? Ці ведалі "госьці зь вялікіх гарадоў"?

Мы наблізіліся да каплічкі рыбакоў на Маргеліна. На яе грубай шкляной сьцяне ўсё яшчэ вісеў аркуш з выцьвілым на сонцы надпісам аб гадавіне сьмерці ксяндза Зэна, і судзьдзя Людавіка стаў перад ім у глыбокай задуме.

VII

Як вынікала з прызнаньняў Портэра падчас сьледзтва, "хвароба" Ваялет сталася й ягонай хваробай. Няможна было падманвацца больш: у жонкі амнэзія ў вострай, хуткай форме, з кожным днём хвароба пажырала чарговую плату памяці. Лекары ўжо ня мелі сумневу адносна дыягназу, але бездапаможна разводзілі рукамі, калі размова заходзіла аб спробах стрымаць працэс. "Гэта невылечна, можна верыць (але толькі верыць), што пяшчота, уважлівасьць і інтэлігентнасьць атачэньня могуць трохі разьдзьмуць некаторыя іскры памяці. Аднак, калі шчыра, то ёй застаецца толькі апека і пастаянны нагляд, асобы з амнэзіяй не ўсьведамляюць, што робяць. Мэдыцына дагэтуль ня ведае прычынаў узьнікненьня хваробы й спосабаў лячэньня".

Портэр спрабаваў знайсьці прычыны. Падчас вайны Ваялет была энэргічнай санітаркай у ваенным шпіталі ля Гілфарду, спраўнай і ўсьмешлівай. Яе любілі й цанілі. Ён, працуючы ў адной зь Лёнданскіх ваенных установаў, мог жыць ў іхнай старой кватэры на Чэлсі. Яны бачыліся штотыдзень або штодэкады.

Не, не, нічога не паказвала на тое, што віною быў "ваенны досьвед", як ён пісаў у першым лісьце да Агропалі. Толькі праз год пасьля вайны першыя праявы хваробы схілілі яго адкласьці вяртаньне ў Італію. Гэта былі яшчэ нявінныя праявы, якія ён лічыў расьсеянасьцю. Але калі б ён уважліва прыгледзеўся, то напэўна б пабачыў, што яна робіцца іншаю: у хатнім жыцьці, перад мальбэртам, у размовах, у каханьні. А найперш — у чытаньні. Яна зь дзіўнай прагнасьцю глытала літаратуру аб вайсковых злачынствах, зь якімі амаль не сутыкалася ў правінцыльным шпіталі, якія ведала толькі з бомбавых налётаў на Лёндан. Яна не хацела пра гэта гаварыць, чытаньне сталася яе прыватнай справай. Яна штовечар закрывала кніжку з тварам, як здавалася, асмаленым полымем. У ложку была халоднай, напружанай, не дазваляла наблізіцца да сябе. Ён перастаў езьдзіць у Оксфард, дзе яго ўпрошвалі заняцца выкладаньнем археалёгіі. Проста баяўся пакінуць яе адну ў кватэры. Адной з праяваў зьмены, якая ў ёй адбывалася, быў страх выходзіць з дому. Перад вяртаньнем у Агропалі, на якое ён падсьвядома ўскладаў вялікія надзеі, настала пагаршэньне. Раніцай яна цэлымі гадзінамі сядзела перад напятым на мальбэрце палатном, дакранаючыся да яго дрыготкім пэндзлем, паліла папяросу за папяросай, потым адкладвала палітру й пэндзлі, накручвала локан на выпацканы палец і доўга сядзела ў самнамбулічным здранцьвеньні. Ён баяўся выводзіць яе з гэтага здранцьвеньня, бо памятаў зь дзяцінства, што самнамбулы, абуджаныя дотыкам рукі, падаюць, як калода, і могуць параніцца. Таму ён сядзеў за сталом, ляпіў з плястыліну свае фігуркі й не адрываў ад яе вачэй. Ён тады пачаў пісаць нешта кшталту дзёньніка, хутчэй дзёньніка трансфармацый Ваялет і свайго адчуваньня ад яе, чым уласных думак.

Яна абыякава прыняла праект вяртаньня да Агропалі, яна, якая падчас вайны часта сьніла сьцежку, што вяла да дому на замкавым пагорку, сьніла мора, якое калыхала прыточаныя да берагу чоўны рыбакоў. Але не спрачалася, нават часам дапамагала пакаваць торбы і куфры. Аднак Портэр ня мог пазбавіцца да думкі, што вязе ў Італію бязвольны прадмет, а не жывую істоту.

VIII

Два дні непагоды заблекавалі мяне ў хаце. Як часта бывае ў Нэапалі, прырода ўзяла рэванш за доўгую сонечную пару: бесьперапынку ліло, неба прыгняло горад сьвінцовымі хмарамі, аўтобусы і машыны павольна паўзьлі ў плынях залевы. Бліснула думка затэлефанаваць судзьдзі, бо апавядаць можна й па тэлефоне. Бліснула й адразу ж згасла; Людавіка-наратар зросься са шпацырамі на надморскім бульвары.

Паўзу я вырашыў выкарыстаць для перапрацоўкі гісторыі Портэраў, ужо здагадваючыся, дзякуючы расьсеяным тут і там тропам судзьдзі, да чаго яна хіліцца. Я хутка пакінуў гэты намер, у мае думкі недарэчы й пастаянна ўбіваўся ксёндз Зэна. Што азначалі словы нашай лекаркі, быццам час ад часу ён недзе надоўга прападаў, што ў Баньёлі яго прывозіла паліцыя, атакаванага раптоўным прыступам амнэзіі, якую ён незадоўга да сьмерці назваў "гарачым подыхам пустэльні"? Адкуль ён узяў гэтае выслоўе? Колькі ў ім праўдзівага выразу ўласных адчуваньняў, а колькі запазычанай рыторыкі? Мяне гэтае выслоўе зачаравала інстынктыўна, як здараецца з паэтычным тропам, зачараванасьць якім апярэджвае пранікненьне ў ягоны сэнс. Я ня ведаў яшчэ, наколькі блізкім да рэчаіснасьці быў гэты сэнс. Тымчасам усё быццам зьмяшалася — успаміны аб апошняй, сьмяротнай завале ксяндза Зэна й ягонае кружэньне па бязьлеснай раўніне, па сьвежавыпаленым полі (які мне паслужліва намалявала ўяўленьне): вось ён ідзе, гледзячы перад сабой, вяртаецца, спыняецца й далонямі засланяе чырвоны твар, зноў ідзе наперад крокам п’янага й зноў вяртаецца, хістаючыся, чалавек самотны, чалавек, адштурхнуты сьветам, чалавек, які не ўсьведамляе свайго існаваньня.

IX

На падставе сьведчаньняў Портэра судзьдзя Людавіка ўстанавіў у хваробе Ваялет крытычны пункт, пасьля якога пачалося скочваньне ў абрыў безь ніякіх ужо тармазоў. Гэта было летняй ноччу, калі Ваялет раптам абудзілася з жахлівым крыкам: "Дзе я?!" Портэр абняў яе, яна дрыжала, як малая птушка са зьвіхнутым крылом. Ён быў патрэсены. Ён паўтараў машынальна й бездапаможна: "Дэрэк. Агропалі", — абсыпаў пацалункамі яе разгарачаны твар. Аднак яна не рэагавала на гэтыя пяшчоты, хаця й прытулілася да яго. Пасьля сарвалася з ложка, села ў куце пад мальбэртам і ціха паўтарала: "Дзе я? Дзе я?", — не зважаючы на ягоную прысутнасьць, благальным тонам малітвы. На сьвітанку яна заснула седзячы, ён асьцярожна перанёс яе ў ложак.

Людавіка спыніўся й абапёрся аб парапэт, ён быў стомлены, а можа, і ўсхваляваны. Моўчкі мы глядзелі на затоку, у праём паміж каменьнем хвалярэзу, дзе ў сонцы бавіўся статак чаек; яны абціраліся брушкамі аб паверхню мора і пырскалі ў неба як белыя ракеты. "Так, — сказаў, уздыхнуўшы, судзьдзя, — так, цяжка ў гэтым ня бачыць пераломнага пункту. Ня бачыць, ня ведаць, дзе ты ёсьць! Якая пакута! Але ці адчувала яе ў поўнай меры Ваялет? Мне падаецца, не. Яна ўжо пераходзіла на той бок. Але Дэрэк Портэр думаў інакш".

Ён верыў, што яшчэ існуе шанец затрымаць Ваялет, схапіць яе за руку, прымусіць ачнуцца, як гэта калісьці рабілі з самнамбуламі. Судзьдзя лічыў, што нягледзячы на ўсялякія высновы й дыягназ, нягледзячы на тое, што ўласнымі вачамі ён бачыў, як прагрэсуе хвароба, Портэр не хацеў або быў ня ў стане паддацца рэчаіснасьці. Урэшце, што такое надзея? Бясьсільны бунт супраць роспачы. Хто цьвердзіць, што няможна жыць без надзеі, цьвердзіць, што няможна жыць безь нястомнага бунту.

Лёгка сказаць "бунт", "супраціў". Штодзённыя факты, што сьведчылі пра ўсё большае й хутчэйшае пагаршэньне, узводзілі паміж Портэрам і ягонай жонкай гладкую матавую сьценку, якую нельга было разбурыць, нельга было нават прабіць. Калі яна глядзела на яго, яе вочы былі нерухомыя, як у сьляпой, або запытальныя: хто ты? Ён яе апранаў і распранаў, мыў, расчэсваў валасы, карміў яе — яна згаджалася на ўсё без супраціву, але калі б нічога не рабіў, то яна б ня мела ніякага руху ўласнай волі, акрамя аднаго: вечнай, ненасытнай смагі. Яна выпівала цэлыя літры вады й сокаў, быццам ляжала на распаленым сонцам пяску. Аднак гэта не ўплывала (прыкра пра тое гаварыць) на патрэбу ўжываньня прыбіральні: калі ён ня ўмешваўся своечасова, то яна брудзілася пры поўнай адсутнасьці пачуцьця абаняньня. Ён спрабаваў выцягнуць яе са здранцьвеньня ўспамінамі, кожны эпізод зь мінулага папярэджваючы сакрамэнтальным "ці памятаеш?". Не, яна ня памятала і нават не было пэўнасьці, што чуе яго, быццам накрытая шкляным каўпаком. Часам ён саджаў яе перад белым палатном, напятым на мальбэрце, і ўтыкаў ёй у руку пэндзаль і палітру з фарбамі. Яна доўга сядзела непарушна, а потым хуценька, раптам, быццам нават з шаленствам, пакрывала палатно пісягамі, плямамі, каракулямі, якія можна пабачыць у малых дзяцей, якіх бацькі прымушаюць маляваць.

Плыў час, у Агропалі паступова прывыкалі бачыць толькі Портэра, калі Дэрэк, замкнуўшы дом на ключ (схаваўшы запалкі і павярнуўшы курок ад бутля з газам), выходзіў у мясцовыя крамы або выяжджаў у Вальлё па пакупкі.

Тое, што яна дайшла да дна і пагрузілася ў амнэзію, ён зразумеў зь яе пытаньняў, хто ён і як яе завуць. Яна не магла сама адказаць на падобныя пытаньні. "Яны абодва спыніліся ў часе, — шапнуў судзьдзя Людовіка, — яна з пакорай спаралізаванага чалавека, а ён — змагаючыся ўсё слабей, усё менш спадзеючыся выцягнуць домік у Агропалі зь мёртвай цішы".

X

Надышоў дзень, якога Дэрэк Портэр не чакаў. Ён быў ужо згодны зь невылечнасьцю хваробы, паддаўся, адчуваў, што з полымя бунту ацалілі толькі рэдкія вугольчыкі, ведаў, што адзінае, што ён можа яшчэ для Ваялет зрабіць — гэта апекавацца над ёю зь нястомнай пяшчотай да ейнай сьмерці. Верыў і разьлічваў на тое, молячыся сам сабе, каб так і было, каб ён яе перажыў і не пакінуў адну. Думка пра тое, што ён мог бы памерці раней, а яна ў самотнасьці жыла б далей, ня ведаючы, хто яна і дзе знаходзіцца, была крыніцай ягонай мукі. Затое найчарнейшыя яго страхі ня бралі ў разьлік зьявы, напэўна, цалкам неспадзяванай, больш за тое — неверагоднай. Ці мог ён прадбачыць, што амнэзія заразная? У той страшны дзень на пачатку восені, у дзень упартай дэпрэсіі, ён сядзеў на ложку каля вакна, ад часу да часу пазіраючы ў кут, дзе ў ложку спала яшчэ Ваялет. І раптам усьвядоміў, што матэрыя ягонай памяці робіцца падобнай да страпанага й сатлелага сукна, якое хутка пачне разлазіцца. "Я добра разумеў, — пасьпяшыў растлумачыць судзьдзя Людавіка, — што ў ім гэты працэс мае іншы характар, ён не адбітак, а вынік хваробы жонкі". Яны былі так глыбока зьвязаныя ад першага спатканьня на студыях, так заўсёды стараніліся атачэньня, так ізаляваліся ад сьвету (падчас вайны, не кажучы ўжо пра побыт у Італіі), што мінуўшчына Портэра праглядвалася ў мінуўшчыне жонкі й наадварот. Хвароба Ваялет зрабіла для яе абсалютна непатрэбным люстра Дэрэка. Яна ж пабіла на дробныя кавалкі люстра Ваялет. Ён быў вырачаны на страту памяці, калі страціў удзельніка й сьведку сваёй мінуўшчыны. Дзіўна гучыць — заразіўся амнэзіяй. Аднак у сьледзтве, у паказаньнях Портэра гэта выразна паўтаралася неаднойчы. Ад таго восеньскага дня ён усё часьцей усьведамляў, што ягоная мінуўшчына скурчылася да пэрыяду хваробы Ваялет. Людзі, паражаныя амнэзіяй, трацяць усьведамленьне страты памяці, жыцьцё ўсыхае для іх да дробных матэрыяльных фактаў, якія толькі што адбыліся і ўжо хуценька ўсыхаюць. Портэр ня страціў гэтага ўсведамленьня, ён ведаў, што своеасаблівасьць ягонага зьвязку з Ваялет выракла яго суправаджаць яе ў хваробе.

— Паслухайце, — спыніўся раптам судзьдзя Людавіка, — якую ён ужыў мэтафару. Ён казаў: "Калі амнэзію можна параўнаць з выразаньнем платаў памяці, то апэрацыя Ваялет адбывалася пад наркозам, у сьне, а мая — жыўцом, на яве".

Дастаткова выразныя, хоць і павольныя зьмены адбываліся ў яго стаўленьні да Ваялет. Ён ніколі не забываўся пра свае абавязкі апекуна й санітара, з той жа пільнасьцю займаўся доглядам, але з усіх ягоных дзеяў кропля па кроплі выцякала пяшчота. Ён адчуваў зьмену, але, да ўласнага зьдзіўленьня, не было ў ім згрызотаў сумленьня. Прайшла восень, надышла зіма, у гэтых краях ня так халодная, колькі прасякнутая вільгацьцю. Большую частку дня ён сек дровы й грэў дом.

Калі на поўдні Італіі прыходзіць добрая, чыстая вясна, прырода выбухае зь незатарможанай раптоўнасьцю і шчодрасьцю, надыходзіць быццам суперніцтва паміж зелянінай, блакітам неба і вясёлымі зелянкава-блакітнымі гульнямі мора. Портэр, каб перарваць манатонію свайго жыцьця, выходзіў рана лавіць рыбу, сядаў на скале ля малой затокі, мог адтуль акідваць поглядам дом, у якім яшчэ спала Ваялет.

XI

Судзьдзя Людавіка: "Ён лёгка даваў паказаньні (не ўпіраўся), быў уважлівы, праўдзівы й просталінейны. Аж да галоўнага вузла, да якога вяло сьледзтва крок па кроку. Вось тады ён упёрся, закрыўся ў сабе, напружыўся, калі й не зьнямеў цалкам, то ня шмат да таго бракавала. Не, не спрабаваў пярэчыць ці хлусіць, але зь цяжкасьцю, з болем у вачох вырываў з горла скалечаныя словы або гукі. Апошні допыт забраў шмат часу й высілкаў. Дэрэк падпісаў пратакол, не чытаючы".

У ноч з 22 на 23 красавіка ён прачнуўся перад сьвітанкам з пачуцьцём жаху, які выклікаў начны кашмар, ён ня памятаў, што яму сьнілася. Сеў у фатэль, сэрца вельмі моцна білася, ён угледзеўся ў Ваялет. Тая спала спакойна, дыхала роўна. І (гэта было ілюзіяй, пустой мрояй) ён пабачыў на яе вуснах усьмешку. Можа, сутарга прабегла па схуднелым твары, бо апошнім часам яна амаль перастала есьці. Ён памятаў, што гэтая праўдзівая ці ўяўная ўсьмешка спарадзіла ў ім нешта накшталт гневу, быццам яна была абсурдным довадам, што Ваялет адмыслова яго заразіла. Ён устаў у трансе, узяў з ложка сваю падушку, палажыў яе на твар соннай і націснуў з усяе сілы. Ня трэба было той сілы, Ваялет нават не здрыганулася, толькі пасінелі яе голыя рукі. Пасьля адняў падушку. Ваялет была мёртвая. Ён зноў сеў у фатэль, і бліснула яму дзікая думка, што так мог бы зь ёю яшчэ доўга жыць, што мог бы кахаць мёртвую Ваялет. Прыкрыўшы падушкаю ейны твар, ён выйшаў з дому. Усё яшчэ ў трансе, павольна пайшоў па скальных прыступках да мора, глядзеў на заружавелы гарызонт і зразумеў, што ўжо добра сьвітала. Не разьбіраючы, ён пайшоў у мора, холаду не адчуў, наадварот — яго быццам біў гарачы вецер. Ён ішоў усё глыбей і глыбей, уцякала з-пад ног камяністае дно, вада залівала вочы й вусны, і да сёньня ён успамінаў сваё сэрца, перапоўненае радасьцю тапельца. Яго ўратавалі рыбакі, што вярталіся з начных ловаў. Як пазьней выявілася, яны моўчкі, ня ведаючы, што ён намерваецца рабіць (экстравагантнасьць іншаземцаў!) сачылі за ім з-за скальнага выступу.

XII

Судовыя разборкі ў Вальлё доўжыліся адзін дзень. Портэр пацьвердзіў свае паказаньні, адказаў ціхім голасам: "Сolpevole, вінны" на пытаньне старшыні трыбуналу. Здавалася, што ён і не цікавіўся судовым працэсам, сядзеў на лаўцы асуджаных з апушчанай галавою. Паціснуў плячыма й маўчаў, калі нахіляўся да ягонага вуха наняты ўладамі адвакат, падняў галову і з выразам сымпатыі на твары слухаў прамову абвінаваўцы. Прысяжныя вырашылі — вінаваты, старшыня трыбуналу прачытаў вырак: чатыры гады з залічэньнем паўгадавога папярэдняга зьняволеньня. "Я заслужыў пажыцьцёвы вырак і сам сябе асуджаю на яго", — сказаў Портэр. Таго ж дня, вечарам, судзьдзя Людавіка адведаў яго ў камэры. За тую размову, пра якую ён не хацеў бы расказваць, ён заплаціў у тую ж ноч першай завалай. Портэр адсядзеў толькі год у Асколі, рэштку яму даравалі за добрыя паводзіны й адаслалі ў Ангельшчыну. Падобна, што ён зашыўся ў нейкім правінцыйным мястэчку ў Шатляндыі. Ці жывы яшчэ? Ці адседжваў сваё пажыцьцёвае зьняволеньне? Домік у Агропалі ён падарыў лёнданскаму таварыству археолягаў. Туды прыяжджалі калі-нікалі прафэсары й студэнты зь Лёндану. Апошні такі прыезд скончыўся трагічна: ноччу, па выезьдзе групы ў Англію, домік у Агропалі згарэў дашчэнту ў пажары, выкліканым, відаць, нядбайнасьцю жыхароў. Тэрыторыя, засыпаная чорным вугольлем, кавалак чорнай пустэльні, засталася ўласнасьцю археалягічнага таварыства.

Упершыню за час нашых шпацыраў я ўзяў судзьдзю Людавіка пад руку, бачачы, што ён палез у кішэню па пігулку нітрагліцэрыну й хуценька ўсунуў яе пад язык.

Прыпякала сонца, мы пайшлі на самы канец молу з марскім ліхтаром, дзе можна было каля падножжа гэтага ліхтара сесьці на шырокай сходні ды спакойна падыхаць цёплым паветрам затокі.

Люты 1993 году.