Іншы сьвет

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Частка другая - Пакута за веру

Пад канец лістападу 1941 г., праз чатыры месяцы пасьля абвяшчэньня амністыі для польскіх вязьняў у Расеі, калі я ўжо ня меў ніякай надзеі дажыць да вясны й разьвітаўся канчаткова з думкаю аб вызваленьні зь лягеру, я вырашыў абвесьціць галадоўку пратэсту.

З амаль дзьвюх сотняў палякаў засталося нас у Ерцаве шэсьць чалавек. Штодня праз цэнтральны лягер праходзілі дзясяткі вязьняў з Маставіцы, Астраўнога, Кругліцы, Няндамы й абедзьвюх Аляксеевак. Лягер спусьцеў трагічным для нас чынам. Здавалася, што калі мы хутка не памрэм, то падзелім лёс „старых палякаў” з Украіны, якіх адарвала ад роднага краю рэвалюцыя 1917г. і якія падчас амністыі 1941 г. ужо ўважаліся за расейцаў.

Мая галадоўка была ня гэтулькі актам адвагі, колькі адчайным крокам, які меў выгляд цьвярозага разьліку. Я падыходзіў да апошняе стадыі цынгі й поўнага зьнясіленьня, а старыя вязьні давалі мне ня больш за паўгады жыцьця; зь іншага боку, галадоўка ў Расеі была нечым зусім невядомым і не практыкаваным нават у нармальныя часы — а ня тое што падчас вайны! — яе трактавалі як сабатаж, які караўся другім прысудам або нават сьмерцю; я ня мог спадзявацца, што мой арганізм умацуецца пасьля некалькіх дзён бязь ежы й пітва. Пра ўсё гэта я ведаў ня горш за маіх турэмных прыяцеляў, якія адгаворвалі мяне ад гэтага рашэньня. Але пераважыла жудасная думка, што, паміраючы празь некалькі месяцаў, я буду горка ўсьведамляць, што паддаўся без барацьбы. Да таго часу, пакуль хоць адзін паляк праходзіў празь Ерцава на волю, яшчэ існавала мінімальная надзея, мінімальны шанец нагадаць пра сябе актам самазьнішчэньня. Я рызыкаваў тым, што скарачаў сабе жыцьцё на нейкія пару месяцаў, але, хоць і такое рашэньне вымагае сьмеласьці, стаўка была занадта высокай, каб я мог вагацца. І ўрэшце, чалавек, якога пахавалі жыўцом і які раптам апрытомнеў у труне, ня надта разважае; калі нават ведае, што безнадзейным біцьцём абсоўвае на сябе ўсё больш сьвежаўскапанай зямлі, ён б’ецца акрываўленымі рукамі ў вечка труны з усяе сілы свае роспачы.

Ня так лёгка было пераканаць маіх таварышаў, а бязь іх галадоўцы неставала б характару салідарнага выступу. Мы некалькі вечароў зьбіраліся ў куце аднаго з баракаў: інжынэр лясное гаспадаркі М., настаўнік са Станіславова В., паліцыянт са Шлёнску Т., банкаўская работніца зь Львову З., уладальнік тартаку на ВіленшчынеЛ. і я. Яны вагаліся паміж перабольшаным страхам і перабольшанай надзеяй. Яшчэ ня ўсё страчана — даводзілі яны, — а галадоўка — злачынства, зьдзейсьненае ўжо па амністыі — пагоршыць нашу сытуацыю й выключыць нас зь дзеяньня палітычнай амністыі. Апрача таго, хто ж заручыцца, што нават пасьля падпісаньня ў Лёндане польска-савецкай дамовы нас будуць трактаваць ня як сваіх грамадзянаў, а галадоўка й адмова ад працы ў Расеі караецца сьмерцю... Не, ня ўсё яшчэ страчана. Уся надзея на Бога... Ня можа таго быць, каб затрымалі ў лягеры сапраўдных палякаў, выпускаючы на волю людзей, якія яшчэ да нядаўняга часу адмаўлялі сваю польскасьць...

Аднак гэтак і было. Складанасьць нашай спрэчкі палягала ў тым, што абодва бакі паслугоўваліся ў ёй ад безвыходнасьці цалкам ірацыянальнымі аргумэнтамі. Мае таварышы верылі ў справядлівасьць Божага суду й у моц міжнародных абавязальніцтваў, а я — у магчымасьць пераламаць лёс шляхам яго правакаваньня. Увечары 30 лістападу, калі мне здавалася, што я амаль гатовы да таго, каб распачаць галадоўку адзін, я апошні раз зайшоў у наш супольны кут у бараку В. Інжынэр М. сядзеў, як звычайна, у найцямнейшым куце ніжніх нараў, апусьціўшы худы аскетычны твар на далоні, і глядзеў на мяне гарачымі вачыма са спалоханай прыязнасьцю. Настаўнік са Станіславова, афіцэр рэзэрву В., які пасьля пачатку расейска-нямецкай вайны сядзеў у цэнтральным ізалятары й толькі нядаўна быў выпушчаны ў Ерцава з Другой Аляксееўкі, здавалася, шукаў мітусьлівым позіркам выйсьця з аблавы й пазьбягаў маіх вачэй. Т. і Л. гулялі ў шашкі, а пані З. склала на жываце дробныя рукі й зьмярцьвелымі вуснамі шаптала малітвы. У цьмяным сьвятле бараку яны выглядалі як група заблукалых турыстаў у скальным праломе, якія рыхтуюцца да апошняга, адчайнага высілку, калі праваднік возьме на сябе поўную адказнасьць за вынік. Я стаў каля іх, таксама агорнуты страхам, ня ведаючы, што рабіць.

— Нагадваю вам сваю гісторыю з Махапецянам, — сказаў я нарэшце. — Хто з вас можа быць упэўненым, што яго таксама не затрымаў у лягеры нейкі абсурдны данос? Пасьля падпісаньня пакту Рыбэнтропа—Молатава нямецкія камуністы абвесьцілі ў маскоўскай турме галадоўку. І што ж? З шасьцісот галадоўнікаў выпусьцілі пяцьсот і некалькі дзясяткаў, і той факт, што я на ўласныя вочы бачыў пад канец лютага трох з затрыманых, найлепей сьведчыць пра тое, што нікога не расстралялі.

Гэтыя два аргумэнты зрабілі нечакана моцнае ўражаньне, і праз хвіліну я пашкадаваў, што яны так хутка паддаліся. Аднак было позна. Мы пагадзіліся, што ў галадоўцы ня будзе браць удзелу інжынэр М. — цяжка хворы на сэрца й адзіны сярод нас паляк, якому мы маглі даверыць данесьці на свабоду вестку пра нас, калі гэты бунт падвядзе нас пад ваенны трыбунал, а яму наканавана будзе ацалець. І ў той жа вечар мы занесьлі свой хлеб і карткі на баланду ў кантору Самсонава. Памятаю, што мы паклапаціліся пра адзіны сродак перасьцярогі— кожны сам занёс хлеб зь інтэрвалам у поўгадзіны. Мы таксама дамовіліся не сустракацца ў зоне, бо ведалі савецкі кодэкс: любы выступ супраць расейскіх правілаў аўтаматычна стаецца недаравальным злачынствам, калі набывае арганізаваны й кансьпіраваны характар. Косьці былі кінутыя.

Пэрыяд перад галадоўкаю дазволіў мне ўведаць дзьве цікавыя рэчы аб самым сабе. Пасьля амністыі, калі вызваленьне, здавалася, было толькі справаю часу, я адчуваў у дачыненьні да маіх расейскіх таварышаў штосьці кшталту згрызотаў сумленьня, што я выходжу на волю з-за таго, што я паляк (а ня як звычайны вязень) у імя абароны таго парадку рэчаў, які быў прычынай іхнага зьняволеньня й пакутаў. Затое цяпер брама лягеру, зачыніўшы ад нас шлях на волю, закрыла мне дарогу й да спагадлівасьці. Незаўважна для самога сябе я пачаў ненавідзець іх ад усяго сэрца, з найглыбейшага дна майго няшчасьця, быццам яны былі адказныя за тое, што сталася са мною. Быццам яны трымалі мяне нябачнымі рукамі за крысьсе бушлату, усё глыбей уцягваючы ў сваё котлішча роспачы, каб і я ніколі не пабачыў сьвятла дня, раз іхныя вочы дарэмна спрабавалі прабіць цемру начы. Я стаў падазроны, раздражнёны й замкнёны; унікаў самых блізкіх сяброў і з хваравітай недаверлівасьцю прыймаў усе знакі зычлівасьці. Гэты псыхічны стан, ня менш чым цьвярозы разьлік і адчай, штурхаў мяне да галадоўкі. Я хацеў засьведчыць сваё апошняе права на свабоду, якога яны — вязьні-нявольнікі — ніколі не наважваліся патрабаваць. У маіх паводзінах было нешта абразьлівае й прыніжальнае, аднак я ня мог нічога зьмяніць, бо чалавек безабаронны перад самім сабою. Ні да таго, ні потым я ня падаў у лягеры так нізка, як тады, калі прагнуў адпомсьціць маім таварышам па няволі толькі за тое, што мне пагражала назаўсёды падзяліць іхны пракляты лёс.

Сярод шасьці чалавек, якія пагадзіліся на галадоўку, стасункі складваліся таксама не найлепшым чынам. Нягледзячы на прыязьнь і блізкасьць, якія стварае супольная барацьба, мы адзін аднаму ня верылі й чакалі, хто з нас здрадзіць або зламаецца першы. У асьляпленьні й страху перад выпрабаваньнем, якое нас злучыла, мы падазравалі кожнага, што галадоўка можа стаць для яго падставаю для вызваленьня за кошт іншых. Так, напэўна, паводзяць сябе ахвяры караблекрушэньня, якія плывуць у адзінай ацалелай лодцы да невядомага й далёкага прыстанку; кожная пара рук можа абслужыць пару вёслаў, але затое кожны вясьляр спрыяе хутчэйшаму вычарпаньню невялікага запасу прадуктаў. Так і мы: праўда, што распачаць галадоўку аднаму азначала адлучыць сябе ад рэшткі палякаў, што засталіся ў лягеры; але гэткая ж праўда, што сумесную галадоўку маглі расцаніць як арганізаваную акцыю. А што будзе, калі нехта з нас зломіцца? Ці ўратуецца, утапіўшы гэтым іншых, ці дапаможа ім перамагчы? Нашыя лёсы былі зьвязаныя, як увогуле лёсы людзкія на зямлі, — кожны рух у кірунку вызваленьня спараджаў чыесьці пакуты. Мы бачылі з пранізьлівай яснасьцю маўчаньня тое, што хаваецца ў сэрцы кожнага чалавека: рэдкі дар шляхетнасьці ў хвіліны параўнальнай бясьпекі й зерне заняпаду перад абліччам сьмерці. Больш, чым нашая сьмеласьць, нас лучылі нашая нікчэмнасьць і баязьлівасьць. Мы вырашылі дзейнічаць, калі гэты маўклівы шантаж мог нас або незваротна разьдзяліць, або пакінуць кожнага ў самоце. І не было нічога выпадковага ў тым, што мы, паціскаючы адно адному рукі на знак згоды ў пранізьліва жахлівы лістападаўскі вечар, вырашылі ня ўцягваць у змову інжынэра М., каб ён застаўся зарукай нашай шчырасьці ў гэтым апошнім выпрабаваньні. За вокнамі бараку шалела завея, а на століку ля нараў В. трымцела залатое полымя каганца. В. кіўнуў галавою, але па ягоным бледным твары прабегла горкая ўсьмешка.

У маім бараку, у які я вярнуўся, аднёсшы хлеб, мяне сустрэла цішыня. Раптам змоўклі размовы за сталом, найбліжэйшыя суседзі па нарах адсунуліся ад мяне як ад зачумленага, прыяцелі быццам не заўважалі маіх позіркаў і неахвотна адказвалі на пытаньні. Зьвестка пра нашую галадоўку ўжо разьнеслася па лягеры, выклікаючы зьдзіўленьне й страх. Пачуцьці маіх расейскіх таварышаў мусілі быць такім ж цяжкімі, як і мае. З часоў амністыі да мяне ставіліся з халадком і амаль нелюбоўю, бачачы ледзь не парушэньне лягернай салідарнасьці ў пэрспэктыве датэрміновага й цудоўнага вызваленьня. Доўгія месяцы чаканьня, павольная страта надзеі зноў наблізілі іх да мяне, але дакладна з тае самае прычыны аддалілі мяне ад іх. Бо я падазраваў, што яны хочуць не паспачуваць мне, а парадавацца, як асуджаныя, якія чэрпаюць слабую пацеху для сябе ў роспачы іншых. Такія самыя рэакцыі выклікала й галадоўка. Ня мог ня ўзрушыць і не захапіць той факт, што нехта асьмельваецца замахнуцца на ўладарную моц няволі, супраць якой не падняўся ніводны, нават слабы, рэфлекс пратэсту; але адначасна дзейнічаў інстынктыўны страх, што і іх прыплятуць да справы, якая пагражае ваенным трыбуналам. Хто ведае, што сьледзтва ня зоймецца размовамі, якія „бунтовщик” вёў у бараку адразу ж пасьля зьдзяйсьненьня злачынства? Хто заручыцца, што неабачлівае слова падтрымкі або салідарнасьці не ператворыцца ў слова закліку да бунту ў вуснах даношчыка? Не, не! — лепей трымацца ад гэтай справы здалёк, пакуль Трэці Аддзел ёю ня зоймецца. Прытым дзейнічалі й іншыя, больш схаваныя матывы. Наш бунт быў бунтам замежнікаў. І калі ён ня ўдасца, гэта будзе дадатковым доказам, што нават „людзі адтуль” ня ў стане праламаць турэмны мур, што адгарадзіў Расею ад астатняга сьвету. Калі ж нам пашанцуе, то ці ня будзе гэта доказам таго, што нават і ў лягеры правы іншаземцаў іншыя, чым правы сваіх? Ці не апусьціць гэта ў яшчэ большую безвыходнасьць тых, каго ўважаюць за сваіх? У безвыходным становішчы найлепей усьведамляць, што выключэньняў з правілаў лёсу няма. Нішто так не пацяшае ў няшчасьці, як выгляд няшчасьця чужога; і нішто так беззваротна не адбірае надзеі, як думка, што права на надзею маюць толькі абраныя.

Такім чынам, я быў адзін. Лежачы на нарах, я назіраў за жыцьцём бараку з пачуцьцём самоты й страху. Як звычайна, вязьні рыхтаваліся да сну, шэпчучыся паміж сабою, сушачы анучы пры печы. Некалькі чалавек гатавалі пры агні ў кацялках бульбяное лушпіньне й гнілую рэпу, што павыграбалі на сьметніку ля кухні. Голад усё не праходзіў, але, здавалася, раптам стаўся неадчувальны й падобны да атрафіі ўсяго арганізму. Надыходзіць хвіліна, калі галодны чалавек пачынае адчуваць больш чым фізычны голад — голад уяўленьня. Усё, пра што ён думае, укладаецца ў непрытомныя мроі пра ежу, а галоўным пачуцьцём робіцца страх перад сьмерцю й усыханьнем цела. І падаецца, што магчымасьць ашукаць голад важнейшая за магчымасьць яго наталіць. Нават сьнег тады набывае кансыстэнцыю: яго можна есьці як кашу.

У сфэры людзкіх пачуцьцяў існуе дзіўная зьява, якая ёсьць нечым большым за простую звычку, — гэта згубная праява псыхічнага безуладзьдзя. Я хачу сказаць, што на самым дне людзкое бядоты здараюцца хвіліны, калі любая магчымасьць зьмены— хоць гэта была б і зьмена на лепшае — выдаецца чымсьці рызыкоўным і небясьпечным. Я чуў пра жабракоў, якія ставяцца да сваіх дабрадзеяў тым больш недаверліва, чым болей ім даюць па-за звычайнай міласьцінай — дах над галавой або працу замест капеек, кінутых у шапку. У чалавека, які апускаецца ніжэй пэўнага ўзроўню жыцьця, утвараецца нешта кшталту фаталістычнай прывязанасьці да ўласнае долі, штосьці кшталту горкага досьведу, што любая зьмена — на горшае. „Дайце мне спакой, — здаецца, кажуць яны, — і гэта ўсё, што трэба, каб я не памёр”. Людзі з кансэрватыўнымі поглядамі робяць з гэтага выснову, што не належыць нікому рабіць дабра безь ягонай волі. І маюць рацыю з аднаго пункту гледжаньня: таму, хто бярэ, шчасьце ніколі не здаецца тым самым, чым яно здаецца таму, хто дае. Але як бы там ні было, чалавек у нястачы пачынае паціху паддавацца ейным чарам і падазрона ставіцца да магчымасьці выбрацца зь яе, навучыўшыся цаніць толькі такія абароты лёсу, якія выклікаюць дробныя, але трывалыя й пэўныя зьмены ў ягоным жыцьці. Я ў лягеры быў блізкі да веры, што, калі чалавек асуджаны на свой лёс, ён не павінен бунтаваць супраць яго. І дзіўная рэч: лежачы на нарах, я глядзеў на сваіх таварышаў з горыччу за тое, што яны хацелі назаўжды прыкуць мяне да свайго ўласнага лёсу, а адначасна, спрабуючы ад іх адарвацца, я раптам адчуў неакрэсьлены жаль. Дастаткова было зірнуць на іхныя твары, каб пераканацца, што праз год бальшыні зь іх ужо ня будзе ў жывых, але наколькі бясьпечней я адчуваў сябе зь імі побач. Зь імі я быў менш самотны перад абліччам сьмерці, чым бязь іх у сваёй апошняй пагоні за жыцьцём! Бо ў выглядзе гэтых людзей сапраўды было нешта канчатковае й трывалае, калі яны, босыя, з чырвонымі ад агню й пакрытымі шорсткай шчацінай тварамі пільнавалі сваіх кацялкоў, бяздумна грэбаючыся кійкамі ў вогнішчы, або клаліся спаць на нары, углядаючыся скрываўленымі ад стомы й голаду вачыма ў мутнае сьвятло лямпачак. У бараку ў гэтыя хвіліны было ўжо ціха; часам нейкі вязень зь цяжкасьцю злазіў са свайго лежбіска й, ківаючыся, як п’яны, чапляючыся за зьвіслыя адусюль ногі, ішоў да цабэрка хвоі, каб наталіць прагу. Нары ў куце, на якіх вечарамі сядзеў у маўчаньні Дзімка, цяпер былі пустыя — нашага „дневального” нядаўна адаслалі ў Трупярню. Набліжалася ноч, я быў адзін, жахліва адзін.

Тае начы я ня змружыў вока. Ляжаў на сьпіне на мулкіх дошках, закінуўшы рукі за галаву, і яшчэ раз намагаўся спарадкаваць у думках тое, што сталася. Апоўначы барак ужо паглыбіўся ў сон, лямпачкі паліліся слабей, а з усіх нараў — з долу, з бакоў і насупраць — пачуліся першыя начныя крыкі, памяшаныя зь невыразным трызьненьнем і сухім перарывістым плачам, які нагадваў то кашаль, то вуханьне соваў у лясной глушэчы. Было душна, таму я — як і мае суседзі — адкінуў бушлат і сквапна хапаў разагрэтае паветра. Прыкрыўшы вочы, я быццам чуў паміж крыкамі й плачам вячэрняе шлёпаньне карпаў у апусьцелых ставах, расплюшчыўшы вочы, бачыў напаўадкрытыя вусны, зь якіх нават на адлегласьці паўз спарахнелыя зубы плыў саладкавы смурод гнілізны, бачыў бялкі, што паблісквалі ў глыбокіх вачніцах. За вокнамі распасьціралася белая ноч, прыпаўшы да вакна ледзянымі лістамі папараці. Снапы сьвятла, што патрулявалі зону з рэфлектараў, прабівалі барак наскрозь, праз роўныя прамежкі часу, асьвятляючы на ніжніх нарах твары сонных вязьняў, і бліскавічна зьнікалі, як шаблі, што працінаюць мяккую заслону ночы.

Больш чым галадоўка, страшыла адмова ад працы. У савецкіх лягерох г. зв. „отказ” лічыцца адным з самых сур’ёзных злачынстваў супраць унутранага рэглямэнту. На Калыме, дзе з-за аддаленьня лягероў ад кантынэнту існуе небывала жорсткі рэжым, рэгуляваны мясцовымі загадамі, адмова ад выхаду на працу караецца не судом, а расстрэлам на месцы; у іншых лягерох вязьня распранаюць дагала й выстаўляюць на мароз, пакуль не скарыцца або пакуль не памрэ; яшчэ ў іншых — караецца найперш ізалятарам на вадзе й хлебе, а ў выпадку рэцыдыву — судом і другім тэрмінам: пяцігадовым для звычайных злачынцаў, дзесяцігадовым — для „палітычных”. У Ерцаве „отказников”-рэцыдывістаў празь некалькі месяцаў забіралі ў цэнтральны ізалятар па-за зонай, і ніхто ніколі ня ведаў, дзе іх падзелі. Аднак існавалі сур’ёзныя дапушчэньні, што чэргі з аўтаматаў і стрэлы зь вінтовак, якія мы чулі час ад часу за зонай, далятаюць не са стрэльбішча для пэрсаналу лягера, як нам казалі, а з закрытага двара ізалятара. З пачатку расейска-нямецкай вайны лягерныя ўлады не хавалі ад нас таго, што ў жыцьцё ўвайшлі новыя правілы, што надалі звычайным мясцовым судам правы часовых ваенных трыбуналаў — практычна поўную ўладу над жыцьцём вязьняў. Да самых цяжкіх злачынстваў, якія можна было зьдзейсьніць пасьля 22 чэрвеня 1941г., належала пашырэньне ваеннай панікі й адмова выйсьці на працу, якая па законах ваеннага часу трактавалася як сабатаж абароннай прамысловасьці. Усё гэта было так, але нягледзячы на гэта, заставалася пытаньне: у якой ступені дамова Сікорскага—Майскага вырывала нас, палякаў, з-пад мэханізму савецкага ваеннага права? На гэтай апошняй тонкай нітцы павісла ўся нашая галадоўка. І не было ніякага сумневу, што першыя гадзіны дня, які ўставаў за матавымі шыбкамі, дадуць нам на гэтае пытаньне вычарпальны адказ. У гэтым ураўненьні менавіта згаданае пытаньне было адзіным невядомым, і ад яго залежала, ці знак роўнасьці зьвернецца супраць нас, як дзьве рулі карабінаў, ці складзецца ў расчыненую насьцеж браму лягеру.

Перад сьвітанкам я заснуў так моцна, што праспаў пад’ём. Мяне абудзіў толькі рэзкі рывок за ногі. Ля маіх нараў стаяў Зыскінд і моўчкі, кіўком галавы загадаў мне ісьці за сабою. Я зьлез, надзеў шапку, перапаясаўся й выйшаў за ім з апусьцелага бараку на зону. У зоне было ціха й спакойна, „дневальные” адкідвалі ад баракаў сьнег, з кухні, з каморкі, дзе гатавалі кіпень, і з лазьні ішоў шырокімі загонамі дым і, размазаўшыся па дахах, адрываўся ад комінаў, як адпушчаны зьвіты рулён паперы. Дарогай ад кухні павольна ехалі да брамы сані з пустою бочкаю, на якой раскірэкаю сядзеў прыгорблены й сумны вадавоз Коля, паганяючы аб’інелага гнедку кіем зь ядлоўцу. Пабачыўшы мяне з Зыскіндам, ён павярнуўся, быццам хацеў нешта крыкнуць, але потым згорбіўся яшчэ болей, пацягнуў да сябе лейцы ды ляснуў каня дубцом. Каля амбуляторыі ўжо стаяла некалькі хворых вязьняў. Ранак быў марозны, сухі й пранізьліва рэзкі — сьнежань.

Заміж таго каб весьці мяне ў ізалятар, Зыскінд абыйшоў са мною ўсе баракі, дзе жылі астатнія галадоўнікі, і толькі потым— ушасьцярых — мы пайшлі да канторы начальніка лягеру Самсонава. Самсонаў прымаў нас па адным, але размовы былі аднолькавыя. Ён сядзеў за сталом на тле вялізнай мапы Савецкага Саюзу, партрэтаў Сталіна (вялізнага) і Бэрыі (значна меншага), нейкіх дыяграмаў вытворчага пляну й схемы лягеру й глядзеў на мяне з-пад футранай шапкі спакойным, амаль бацькоўскім, дакорлівым позіркам, у якім, аднак, хутка зьявіліся першыя пробліскі халоднай нянавісьці.

— Хто цябе падгаварыў на галадоўку?

— Ніхто. Я рашыўся сам.

— Чаго ты галадуеш?

— Я дамагаюся вызваленьня зь лягеру на падставе амністыі для польскіх грамадзянаў, зьняволеных у Расеі, або кантакту з прадстаўніком Польшчы пры савецкім урадзе.

— Ці чуў ты пра спэцыяльныя трыбуналы, якія падчас вайны маюць права расстрэльваць вязьняў за адмову ад выхаду на працу?

— Так.

— Падпішы вось тут, што ты пра гэта ведаеш.

— Не падпішу. Ад часу заключэньня польска-савецкай дамовы ў Лёндане я грамадзянін саюзнай краіны й не падлягаю савецкаму праву.

— Маўчаць! Зыскінд, забяры гэтую польскую сволач у ізалятар!

Зыскінд спружыніста ўскочыў у кабінэт і з крыкам: „Так точно, гражданин начальник!” — выводзіў нас пад барак. Мы глядзелі адно на аднаго моўчкі, з выразам палёгкі на тварах. І толькі пані З. зьбялела й уся трымцела, а В. рукавом абціраў лоб. Каля дзявятай мы ўсе ўжо былі ў ізалятары. Унутраны ізалятар месьціўся ў куце зоны, каля дратоў і „бусла”, побач зь якім выглядаў як куратнік. Невялікі мураваны будынак з закратаванымі вакенцамі велічынёю з чалавечую галаву, ён быў аточаны дадатковым дротам, каб не было ніякага сумневу, што дамок гэты ёсьць турма ў турме. Вязьні заўсёды абміналі яго здалёк, не азіраючыся на гэтыя сьцены з шэрага каменю, папрабіваныя адтулінамі, зь якіх зеўрала чорная пустка. Часам зь ізалятару даляталі сьпевы альбо крыкі, і тады мы прыпыняліся на сьцежцы сьпіною да муроў ізалятару, тварам да баракаў, каб, не выклікаючы падазрэньняў, паслухаць — можа, нашыя таварышы хочуць нам нешта сказаць, чагосьці дамагаюцца. Ва ўнутраны ізалятар вязьняў садзілі за невялікія злачынствы, зьдзейсьненыя ў зоне, або за злачынствы паважныя — перад тым, як адаслаць вінаватага ў зьнешні ізалятар, які быў ужо сапраўднай турмой, што абслугоўвала й вольных грамадзянаў Ерцава. Варта апісаць хаця б коратка варункі ўтрыманьня ў ізалятары, каб ня склалася ўражаньня, быццам ён быў не такі й страшны, бо выконваў адну са шматлікіх мараў вязьняў — пазбаўленьне ад пакутнай працы ў лягеры. Па-першае, вязень у ізалятары атрымоўваў толькі 200 грамаў хлебу й ваду, па-другое, вакенцы ў малых камэрах не былі ані зашклёныя, ані абабітыя дошкамі, таму тэмпэратура была толькі трохі вышэйшая, чым звонку. Па-трэцяе, вязень меў права ўзяць у ізалятар толькі тое, у чым ішоў на працу,— коўдры, сяньнік і папоны заставаліся ў бараку. У некаторых выпадках кара ізалятарам датычыла толькі начной пары— вязень выходзіў, як звычайна, на працу й вяртаўся ўвечары проста з вартоўні ў сваю камэру, але атрымоўваў, у адрозьненьне ад іншых, „первый котёл” — 300 грамаў хлебу і дзьве талеркі самай рэдкай баланды. Таму ізалятар быў страшнай карай, і вязьні неаднойчы зь дзіцячым плачам абяцалі выправіцца, абы толькі іх адтуль выбавілі.

Вакенца маёй камэры выходзіла на зону, і, прыткнуўшыся тварам да халодных кратаў, я мог ахапіць поглядам частку зоны з кухняю й лазьняй. Каля мяне, у суседняй камэры, пасадзілі Т., паліцыянта са Шлёнску, простага й шчырага чалавека з шырокім, трохі мангольскім тварам, які зь нейкай нагоды хаваў у лягеры сваё сапраўднае прозьвішча й прафэсію. Яго лічылі за „шахтэра”, і ён быў адным з найлепшых „лесорубов”. Камэра Т. — па правую руку ад маёй, калі стаць тварам да вакна, — прылягала да камэры пані З., а празь яе да камэраў астатніх галадоўнікаў; зь левага боку сядзеў электратэхнік з Растова-на-Доне Гарбатаў, якога пасадзілі ў ізалятар за абразу вольнага чыноўніка на ерцаўскай электрастанцыі. Вакенца Т. было за рогам і выходзіла на шлях, што вёў з гораду ў лягер; адтуль былі часткова бачныя хаты Ерцава й адгалінаваньне дарогі да цэнтральнага ізалятару. Мая камэра была такая нізкая, што я мог дастаць столь рукою, і такая вузкая, што я адным крокам мог перайсьці ад сьцяны Т. да сьцяны Гарбатава. Палову камэры ў даўжыню займалі двое нараў — верхнія й ніжнія — зьбітыя зь негабляваных дошак і зьвернутыя ўзгалоўямі да вакна. На верхніх нарах нельга было нават сесьці, не ўпіраючыся сагнутымі плячыма ў столь, а на ніжнія можна было залезьці толькі рухам нырца, што кідаецца галавою ўперад. Злазіць трэба было, адпіхваючыся — як плывец на мяліне, — рукамі ад дошак. Адлегласьць паміж краямі нараў і дзьвярыма, каля якіх стаяла параша, была ня большай за палову сярэдняга кроку. Таму пасьля доўгіх роздумаў я абраў верхнія нары (хаця на іх і дзьмуў пранізьлівы сівер з адчыненага вакна, навяваючы ля падваконьня слой сьнегу), бо яны былі прастарнейшыя, шпацыр жа на шматку голай зямлі памерам крок на паўкроку пагражаў вар’яцтвам. Абедзьве бакавыя сьцяны з чырвонай цэглы дазвалялі больш-менш вольна паразумецца з суседзямі — нават ня стукам, а гучным шэптам праз шчыліны, зь якіх павыпадала скамянелая вапна. Перад тым як ісьці на абед, Зыскінд яшчэ раз праверыў дзьверы камэры. Заскрыгітаў ключ у замку, адкрылася заслонка „вочка”, і мяккая хада валёнкаў паволі аддалілася, тонучы ў халаднаватай цішы.

Першы дзень я правёў, азіраючы камэру й зону праз маленькае вакенца над верхнімі нарамі. Дзіўна было глядзець з вакна турмы ў турме на таварышаў па няволі, што сьпяшаліся ў баракі, затрымліваліся на сьцежках, здароўкаліся: яны здаваліся амаль вольнымі людзьмі. Але я ім не зайздросьціў. Пасьля гэтулькіх месяцаў статкавага жыцьця самота зноў была для мяне — як некалі ў шпіталі — асьвяжальным і аднаўляльным пачуцьцём. Мне было пранізьліва холадна, аднак голаду я не адчуваў. Дзесьці на дне сьвядомасьці хавалася жарынка гонару, быццам я ўжо атрымаў з такой цяжкасьцю вырваную свабоду. Тысячы людзей на сьвеце змагаюцца за розныя справы, але не падазраюць, што нават магчымасьць паразы неяк узмацняе й суцяшае, калі набывае рысы пакутніцтва. Людзі, якіх перамаглі ў змаганьні за нешта, у што яны вераць, з ахвотай прымаюць на сябе пакутніцтва як горкую ўзнагароду за сваю самотнасьць. Справа, аднак, у тым, што мала людзей, у якіх трываласьць цела роўная моцы веры. Адразу ў першы вечар, калі ў маёй камэры запалілася лямпачка і я пачуў з зоны бразгат кацялкоў, я раптам адчуў голад і неакрэсьлены жах, і з таго часу— нягледзячы на тое, што я нават ня піў, — аж да канца галадоўкі ў мяне выцякала мача разы са два на суткі.

Уночы я кепска спаў, сьніў такія загадкавыя, няўлоўныя й бязладныя сны, што, нягледзячы на ўсе адчайныя спробы, ня здолеў прыгадаць іх нават адразу ж пасьля абуджэньня. Калоцячыся ад холаду, я ўціснуўся ў кут верхніх нараў як надалей ад вакна, падкурчыў ногі каленьмі да жывата, схаваў галаву пад бушлат і далоні ў рукавы. У гэтай пазыцыі на баку я мог улежаць ня болей за гадзіну, але яна мне здалася самай разумнай і найлепей ахоўвала ад холаду, таму я не зьмяніў яе ўжо да канца побыту ў ізалятары. Назаўтра раніцай голад мінуў, затое ўзмацнілася пачуцьцё самоты. Я зьлез з нараў і трохі патузаўся для разагрэву на шматку зямлі, упершыся ў бакі камэры рукамі. Калі нарэшце адчуў, што кроў пачынае кружыць па целе, я пастукаў у камэру Т.

— Як ты? — запытаўся я.

За сьцяною пачуўся гучны грукат, быццам звалілася цела, потым асьцярожны шкробат у шчыліне, і нарэшце спакойны голас адказаў:

— Жудасны холад, але вытрымаць можна. А ты?

— Добра. Што з астатнімі?

— Не адказваюць.

Я зрабіў крок да процілеглай сьцяны й зноў пастукаў.

— Колькі ты ўжо сядзіш, Гарбатаў?

— Пяць дзён. І яшчэ засталося столькіж.

— Цяжка?

— Голадна. Жраць ахвота, а хлебу на адзін зуб. Ты звар’яцеў з гэтай галадоўкай. Ня вытрымаеш.

— Не твая справа...

Я сеў на беражок ніжніх нараў, бяздумна пазіраючы на парашу. Але Гарбатаў аказаўся больш гаваркім за Т.

— Ведаеш, хто ля мяне сядзіць?

— ?

— Тры сястрычкі за веру.

— Маніш!

— Так, так. Сьпяваюць і моляцца. Спрабаваў зь імі размаўляць, але не адказваюць. Правільныя, — Гарбатаў засьмяяўся й зайшоўся кашлем.

Як праз туман я прыгадаў гісторыю, пра якую шапталіся ў зоне, пра трох манашак, вугорак, якіх ніхто з нас на вочы ня бачыў. Казалі, што іх прывялі ў ерцаўскі ізалятар зь Няндамы, дзе яны сядзелі з 1938 г. Яны старанна працавалі аж да восені 1941 г. і раптам адмовіліся выйсьці на працу, не жадаючы „служыць сатане”. Вязьні ў Ерцаве шмат гаварылі пра гэта, але ў кастрычніку ўся справа сьціхла, і я быў перакананы, што тры манашкі альбо ўжо нежывыя, альбо сядзяць у цэнтральным ізалятары. Бо ваеннае становішча надавала іхнаму таямнічаму вар’яцтву рысы самагубства.

З камэры Т. пачуўся стук.

— Што там у цябе так цурчыць? З даху цячэ?

— Не, гэта я адліваю.

— Ты п’еш ваду?

— Не.

— Дык ты са страху?

— Не, відаць, пухір хворы.

Т. засьмяяўся й яшчэ нешта сказаў, але я ўжо адарваў вуха ад сьцяны. Доўгі час я стаяў, абапёршыся аб нары, адчуваючы, як мая колішняя ўпэўненасьць у сабе саступае месца неспакою, я ліхаманкава шукаў ратунку ў гонары. Бываюць у жыцьці чалавека хвіліны — асабліва пасьля таго, як доўга запаўняеш унутраную пустку адважнымі намерамі, — калі калені падгінаюцца, быццам ватныя, і адзінае, чаго сапраўды хочацца, дык гэта ўцякаць без аглядкі.

— Ведаеш, хто сядзіць у ізалятары? — пастукаў я зноў да Т.

— Ну?

— Тры манашкі ад Сатаны.

— Усё яшчэ? І чаго хочуць?

— Пакуты за веру, — раптам адказаў я, не раздумваючы, нават не ўсьведамляючы, што пазычыў гэтае вызначэньне ў Дастаеўскага.

— Так, як мы, — сказаў ён.

— Ты перабольшваеш, мы толькі хочам на волю, — адказаў я з палёгкай, але адразу пастукаўся ў другую сьценку.

— Гарбатаў, перадай тым тром сястрычкам прывітаньне ад галадоўнікаў-палякаў.

— Ты здурнеў? Я хачу выйсьці адсюль. Хопіць, Зыскінд ідзе...

Сапраўды, на сьцежцы перад ізалятарам пачуліся крокі, а потым уваходныя дзьверы з грукатам расчыніліся. Зыскінд нешта соўгаўся з хвіліну на калідоры і ўрэшце, заскрыгітаўшы ключом у дзьвярох мае камэры, зайшоў і моўчкі паклаў на верхнія нары скібку хлебу. Дакладна тое ж самае, відаць, ён зрабіў і ў іншых камэрах, бо я чуў далёкі скрыгат ключа й раўнамерны грукат адкрытых дзьвярэй. Я доўга прыглядаўся да сьвежага хлебу, але голаду не адчуваў; і нягледзячы на тое, што Зыскінд прыносіў яго штодня ў адзін і той жа час, я рэагаваў на ягоныя візыты ўсё большай абыякавасьцю.

Вечарам дзьверы мае камэры зноўку адчыніліся. Некага штурхнулі ў камэру так, што ён бухнуўся, як вялізны анучны мяч, і ўляцеў у яму ніжніх нараў. Прайшло хвілін пятнаццаць, дзьверы камэры прачыніліся, і Зыскінд усунуў праз шчыліну спачатку талерку гарачай баланды, а потым скарынку хлебу. Незнаёмы сарваўся зь месца, гопнуўся галавою аб верхнія дошкі, вылаяўся й зваліўся на падлогу. Ён еў сквапна й похапкам, чвякаючы, хлебчучы й сёрбаючы гарачую вадкасьць, бліскавічна жмякаючы хлеб. Гэта доўжылася ня больш за хвіліну— бо праз хвіліну пачуліся характэрнае цмоканьне языка, якім вылізвалі талерку, звон пустой бляшанкі, кінутай на падлогу, і жывёльнае задаволенае мармытаньне — але гэтага было досыць, каб я адчуў клейкі смак сьліны, кропелькі поту на лобе й слабасьць, блізкую да млосьці. Калі я ачомаўся, незнаёмы ўжо хроп пада мною, выпускаючы з пранізьлівым сьвістам паветра й булькаючы праз сон. Раніцай яго забралі на працу, а вечарам зноў прывялі ў маю камэру. І хаця мы прабавілі разам пяць начэй, мы ніколі не сказалі адзін аднаму ні слова, і я ані разу ня бачыў ягонага твару. Калі ён еў, я ляжаў на верхніх нарах і бачыў хіба толькі шматок падлогі ля дзьвярэй і парашу; калі ён сыходзіў, я спаў або прыкідваўся, што сплю. Увечары я толькі на долю сэкунды бачыў ягоны цень, скурчаны, скамечаны, якога моцным ударам шпурлялі проста ў яму ніжніх нараў. Не было сумневу, што ён мусіў адыграць ролю злога духа-спакусьніка, але нягледзячы на гэта я да яго прывязаўся, бо ў неміласэрна маруднай плыні часу ён быў адзіным трывалым пунктам, за які я мог зачапіць выедзеную шкарлупіну ўяўленьня.

На чацьвёрты дзень галадоўкі я аслаб так, што зь цяжкасьцю сыходзіў да парашы, а рэштку дня нерухома ляжаў на нарах, дрэмлючы неспакойным, канвульсіўным сном. Гэты ліхаманкавы сон даваў мне пэўную палёгку, быццам больш поўны смак самоты, але адначасна паглыбляў мяне ў дзіўныя станы страху й паволі адбіраў пачуцьцё рэчаіснасьці. Я не адчуваў ані голаду, ані нават холаду, затое часта прачынаўся ў паўкрыку, ня ведаючы ў тое імгненьне, дзе я і што раблю. Больш выразна, чым раней, я адчуваў у рэдкія хвіліны прытомнасьці смутак і гаркоту паміраньня. Марна спрабуючы згадаць сваё папярэдняе жыцьцё, я быццам шукаў суцехі ў гэтай магчымасьці зірнуць апошні раз у твар чалавека, які некалі насіў маё імя — быў мною. З усіх праяваў сьмерці гэты працэс адлучэньня ад уласнае асобы, мабыць, самы страшны й найбольш спрыяе пакоры. Бо што ж застаецца, калі нават ня верыш, што некалі, на тым беразе зямной вандроўкі, адбудзецца зваротнае цудоўнае пранікненьне цела, пакінутага на дошках пакуты, і зьмесьціва жыцьця, што выцякае, як кроў з жылаў? Гэта былі хвіліны, калі я шкадаваў, што так закарэў у лягеры й не магу маліцца; я быў як бясплённая скала, высушаная да пораху, зь якой ня пырсьне здаровая крыніца, пакуль не даткнецца да яе Божая ласка.

Каля апоўдня дзьверы адчыніліся, і ў іх стаў незнаёмы служака НКВД у мундзіры, крыж-накрыж скрэсьлены партупэяй, у чырвона-блакітнай шапцы з залатым савецкім гербам. Празь ягонае плячо ў камэру зазіраў Самсонаў у сваім футравым каўпаку й зашпіленым да горла футры.

— Прозьвішча? — рэзка кінуў мне незнаёмы, разгарнуўшы крысьсе плашча гэтак, што было відаць руку на похве пісталету.

Я зь цяжкасьцю ўзьняўся з нараў і павольна вымавіў прозьвішча, але мне раптам падалося, што незнаёмы адкрывае похву, расшпіліўшы залаты гузічак, і абхоплівае дагледжанымі пальцамі рукаятку пісталету. Сэрца маё гвалтоўна зьбілася з рытму, а ўся кроў, здавалася, сплыла ў раптоўна набухлы пухір. Я прыкрыў вочы. Як стрэл, выбухнула наступнае пытаньне:

— Спыніш галадоўку?

— Не! — імгненна адказаў я роспачлівым крыкам. — Не, не! — хутка паўтарыў я й зваліўся на нары, абліваючыся потам, адчуваючы, што пухір зараз трэсьне, як прабіты мяч.

— Ваенны трыбунал! — пачуў я быццам скрозь сон.

Дзьверы з грукатам зачыніліся. Ня ведаю, як доўга я спаў, але было ўжо шэра, калі мяне абудзіў стук у сьцяне камэры Т.

— Пані З. самлела, — сказаў ён усхвалявана, — яе забралі ў шпіталь...

— А астатнія?

— Ня ведаю. Няма як зьвязацца праз пустую камэру. Чуў я крокі на калідоры. Думаў, што цябе таксама няма, бо стукаю ўжо гадзіну. Табе пагражалі?

— Так.

— Трымаесься?

— Так, — адказаў я пасьля паўзы.

Пад вечар Зыскінд прынёс мне порцыю хлебу і, замест таго каб выйсьці, як звычайна, моўчкі, усунуў мне ў руку аркуш. Я падыйшоў да лямпачкі. „Мы ўсе трое ў шпіталі, — пісаў Б., — спыняйце галадоўку. Цяпер ужо ясна, што яна нічога ня дасьць”. Я перадаў зьмест ліста Т., але ён павітаў яго толькі праклёнам. Я з палёгкаю скруціўся для сну, калі цераз парог з грукатам пераваліўся незнаёмы й праз хвіліну пачаў сквапна хлябтаць на зямлі сваю баланду.

Назаўтра я прачнуўся зь дзіўным пачуцьцем, што задыхаюся. Я зь цяжкасьцю лавіў паветра, рукі й ногі, здавалася, разьдзіраюць вопратку, і кавалкі мяса вылазяць наверх, а ўсё цела было моцна сьцягнутае, быццам пастромкамі. Ня рушачыся зь месцу, я паднёс да вачэй руку — яна распухла так, што згін запясьця цалкам зьнік, на абедзьвюх бакох далоні ўтварыліся мяккія, налітыя падушкі. Я павольна прыўзьняўся й зірнуў на ногі — яны пераліваліся празь берагі гумовых чаравікаў. А значыць, справа была такая: я пачынаў пухнуць з голаду. Я расшнураваў боты, вызваліўшы пакрытыя скрыжаванымі перацяжкамі ступні, і пачаў з напружаньнем разьдзіраць па швох калашыны ватовых нагавіцаў. Кожны рух суправаджаўся вострым болем, бо я мусіў аддзіраць ад скуры ссохлае шкарлупіньне крыві й гною, але я не спыняўся, пакуль ня ўбачыў дзьве голыя чырвоныя калоды ног, пакрытыя язвамі, зь якіх павольна сачылася жоўта-ружовая вадкасьць. Я кратаў тыя ногі, як не свае — палец спачатку тануў у пульхным цесьце цела, а потым адскокваў, як ад напампаванай аўтамабільнай камэры. Каб зьняць бушлат, я вымушаны быў зьлезьці з нараў. Толькі тады я сеў на падлогу, абапершыся плячыма аб сьцяну. Цяпер я мог свабодна пухнуць, бо зноў меў досыць прасторы. Мне не было холадна, я адчуваў толькі слабасьць, млосьць і галавакружэньне. І я не заўважыў, як заснуў, апусьціўшы галаву на дзьве мяккія й мокрыя падушкі ног.

Мабыць, было не пазьней за чацьвёртую вечара, бо праз малое вакенца яшчэ прабіваўся прамень сьвятла, калі з боку сьцяны Гарбатава пачуўся нават ня стук, а нэрвовы грукат. Амаль не зьмяняючы позы, я адстукаў яму й прыклаў вуха да шчыліны.

— Толькі што вывелі сясьцёр, — сказаў ён хутка, — а я вечарам вяртаюся ў зону. Всего хорошего.

Я перасунуўся да процілеглай сьцяны.

— Паглядзі ў сваё вакенца, — сказаў я,— толькі што вывелі сясьцёр.

— Добра, — адказаў Т., — пастукаю пазьней і распавяду табе.

Я чакаў, ахоплены незразумелым страхам і ўзбуджэньнем. Галава мая была цяжкай, як сьпелая дыня, раны на голых нагах засохлі падчас сну, але, загноеныя, выклікалі такі невыносны сьверб, што я іх зноў пачаў разьдзіраць, бяздумна бавячыся тонкімі струпкамі. Было мне душна, і я зноў адчуў перапоўненасьць пухіру, але не было сілы ўстаць... Адначасна з хваляю цяпла ў нагавіцах я пабачыў на падлозе лужыну.

— Я бачыў, — сказаў Т.

— Раскажы ўсё, — папрасіў я.

— Павялі іх за зону, у бок цэнтральнага ізалятару. Больш не відаць, ужо цямнее...

— Як яны выглядалі?

— Нармальна. Тры кабеты са страшэнна раскалмачанымі валасамі. Здаецца, яшчэ маладыя.

— Вялікі канвой?

— Два стрелка са штыкамі.

— Раскажы яшчэ. Як яны ішлі?

— Нармальна. Я нічога больш ня бачыў. За зонай ужо амаль цёмна. Дабранач.

Я ўзьлез на нары, калечачы свае ногі аб краі дошак, і ўціснуўся ў свой кут. Так нерухома я й праляжаў хлеб Зыскінда, грукат цела незнаёмага й ягоную зьвярыную вячэру на зямлі. Час цяпер плыў хутка, бо я ўвайшоў у стан соннага здранцьвеньня на яве. Было ўжо, мабыць, каля паўночы, калі з боку стрэльбішча разьлегліся тры кароткія стрэлы. Я яшчэ пасьпеў, як бляск стрэлу, усьведаміць гэтую асьцярогу, і адразу мяне ахапіла цемра.

Удзень Лёвэнштайн, які адведаў мяне ў ізалятары, не хаваў праўды.

— Мой дарагі, — сказаў ён, карыстаючыся часовай адсутнасьцю Зыскінда, — у цябе здаровае сэрца, але нават самае здаровае сэрца ня здолее доўга пампаваць кроў да такіх апухлых і гнойных ног. Раю табе спыніць незаконную галадоўку, — лёгка ўсьміхнуўся ён, — і вярнуцца да галадоўкі дазволенай і нават рэкамэндаванай законам. Пажывеш сабе тры месяцы ў цяпле й цішыні Трупярні, а там, можа, што й зьменіцца...

Я пакруціў галавою. Я адчуваў сябе трохі лепей, нават зьлез з нараў, каб правесьці старога лекара да дзьвярэй. Але ў гэтую самую ноч — сёмую ад хвіліны пачатку галадоўкі — я адчуў рэзкі боль у сэрцы й пранізьлівы страх. Няма нічога горшага, чым беспрадметны страх, страх перад невядомым, перад грознаю таямніцай, якая, здаецца, тоіцца паўсюдна — абок цябе, ля горла, ля пальцаў ног, зь левага боку грудзей... Незнаёмы пада мной заварушыўся ў сьне й цяжка ўздыхнуў. На хвіліну ўпэўненасьць вярнулася да мяне, але, калі ён зноў сьціх, я раптам невядома чаму падумаў, што ён памёр, і хутка зьлез зь верхніх нараў на зямлю. Я страшэнна доўга — цэлую вечнасьць!— грукаўся ў сьцяну Т., увесь час баючыся, што на адлегласьці выцягнутай рукі ляжыць труп, баючыся адвярнуцца туды хаця б на імгненьне, аж урэшце адчуў паміж канвульсіўна сьціснутымі пальцамі нешта ліпкае й перастаў стукаць. Ніхто не адказаў. Значыць, і той памёр? Я ўжо зьбіраў дыханьне для апошняга роспачнага крыку, быццам хацеў выдраць яго з найглыбейшых вантробаў гэтай агоніі страху перад сьмерцю, калі збоку данесься спачатку стук, а потым пытаньне:

— Што здарылася?

— Ох, ты жывы! Жывы!

— Кепска пачуваюся, саслабеў...

— Давай перапынім галадоўку, мы прайгралі, калі тыя адыйшлі... Манашак расстралялі...

— Я не перапыню, — адказаў ён зь нечаканаю моцай.

Я ня рушыўся зь месца. Але калі незнаёмы зноў уздыхнуў і штосьці закрычаў скрозь сон, я моцна заснуў пад сьцяною — упершыню за шмат тыдняў з пачуцьцём супакою.

На восьмы дзень вечарам незнаёмы не прыйшоў, як звычайна, у камэру, затое Зыскінд адчыніў дзьверы й загадаў мне падрыхтавацца да выхаду.

— Куды? — запытаўся я.

На калідоры я пачакаў, пакуль Зыскінд адчыніў дзьверы камэры Т. Калі той нарэшце выйшаў, я прыгледзеўся да ягонай ацяжэлай галавы й вычытаў у ягоным позірку намаганьне, якое звычайна ўзьнікае ў вачох людзей, якія зь цяжкасьцю пазнаюць знаёмы твар.

— Канец? — ціха запытаў ён.

— Ня ведаю, — я паціснуў плячыма, — стралкоў няма.

На вартоўні мы ў прысутнасьці афіцэра Трэцяга Аддзелу падпісалі тэкст дэпешы да прафэсара Ката, амбасадара Рэчы Паспалітай у Куйбышаве, і рушылі з Зыскіндам у шпіталік, які нядаўна адчынілі ў другім канцы зоны. Мы ішлі, трымаючыся пад рукі, зь дзіўнай лёгкасьцю, быццам меліся праз хвіліну адарвацца ад зямлі. У зоне ішоў густы сьнег, засыпаючы баракі аж да гарачага сьвятла вокнаў. Было ціха, пуста й спакойна.

*

Жыцьцё нам уратаваў маўклівы „стары паляк” з Украіны, доктар Забельскі, які насуперак атрыманым інструкцыям даў нам заміж звычайнай порцыі хлебу й баланды па два глыткі малака. Такім чынам мы пазьбеглі імгненнага завароту кішак. І пад вечар наступнага дня, зьеўшы першую за дзесяць дзён талерку рэдкай кашы, я пайшоў у прыбіральню. У малой каморцы, абы-як зьбітай з пары дошак, я перажыў найвялікшую ў жыцьці фізычную пакуту, калі сьцьвярдзелы, як камень, шлак, зь якога за восем дзён галадоўкі мой арганізм высмактаў усе сокі, прадзіраў сабе дарогу праз кішкі, ірвучы іх да крыві. Як шкадобліва я мусіў выглядаць, прысеўшы на кукішкі на абледзянелай дошцы ў падбітым ветрам бушлаце, узіраючыся ў засмужаную сьнежную раўніну вачыма, зь якіх ліліся сьлёзы болю й гонару!