Вечарамі, калі я быў цалкам упэўнены, што брыгаду ўночы ня выклічуць на базу, я часта заходзіў у малы барак побач з вартоўняю, які называлі „пересыльным”. У ім праводзілі некалькі ночаў у чаканьні далейшага этапу прыбышы з турмаў, якім неласкавы лёс не дазволіў застацца ў Ерцаве. Дарога ад нас вяла на ўсе „лагпункты”, але найчасьцей гучаў назоў „Другая Аляксееўка” — найменьне невялікага карнага лягеру, бездані, у якую ішлі этапы вязьняў, каб ніколі не вярнуцца. Толькі аднойчы, пасьля амністыі, я спаткаў у „пересыльном” даўняга таварыша з гарадзенскай турмы, сымпатычнага рабочага-трацкіста з Варшавы, АнджэяК., які вяртаўся празь Ерцава на волю. З таго, што ён намёкамі й вельмі неахвотна распавядаў, вынікала, што Аляксееўка скіраваная толькі на выпрацоўку лесу й ня мае паловы тых умоваў, як у Ерцаве. Закінутая ў сэрца архангельскай пушчы, наводдалі ад людзкіх паселішчаў, у некалькіх дзясятках кілямэтраў ад найбліжэйшай чыгуначнай каляіны (ня лічачы ўнутранага шляху, якім ішла ежа з базы ў Ерцаве), яна была цалкам аддадзеная на літасьць вылюдка-энкавэдыста й ягонага невялікага штабу. Вязьні там жывуць у разваленых і напаўзатопленых бараках, атрымоўваюць „другі кацёл” (500 грамаў хлебу й дзьве порцыі рэдкай баланды), маюць толькі зношаную й падраную вопратку, працуюць у лесе па 13, а не па 12 гадзінаў, 2–3 месяцы чакаюць вольнага дня, па хваробе з-за адсутнасьці памяшканьня для шпіталю ідуць адразу ў Трупярню. Толькі ў ліпені й жніўні — у час, калі бясконцая паўночная зіма раптам выбухае кароткім, але гарачым летам, — багністыя лясныя засекі адкрываюць перад гаротнікамі-цынготнікамі раскошу ягад, расьлінаў і грыбоў, а зямлістыя твары, пакрытыя шкарлупінай бруду, і загноеныя вочы, у якіх яшчэ тлее іскрынка жыцьця, з новай надзеяй і падзякай уздымаюцца да сонца. Аляксееўка зьяўляецца „штрафным лагпунктом” толькі з назвы. Насамрэч туды, як касяк шпротаў у сеткі, адпраўляюць замежных вязьняў, якія яшчэ не пасьпелі нічым завінаваціцца ў лягеры, у тым ліку люмпэн-пралетарыят з паўночнага раёну Варшавы, які зьбег празь сьвятую раку Буг з гітлераўскага пекла ў савецкі рай. Гэтыя габрэйскія рамесьнікі мерлі ў Аляксееўцы як мухі, і Анджэй неаднойчы бачыў, як яны выграбаюць са сьметніку гнілыя лісты капусты або бульбяныя лупіны. У „штрафным лягпункце” часта выбухалі бунты, якія дазвалялі ex post легалізаваць парадак рэчаў, што існаваў здаўна. Бунты душылі не крывава, на пару дзён затрымліваючы выдачу лягерных порцыяў, і празь нейкі час за зону выносілі невялікія шкілецікі, абцягнутыя жоўтай, як пэргамэнт сьвятых кніг, скурай, не ўшанаваныя куляй пераможнай рэвалюцыі ў чэрапе. Прыгледзеўшыся да Ерцава, Анджэй, які, нягледзячы на свой трацкізм, меў дрэнную звычку вышукваць у Савецкай Расеі „пэўныя сьветлыя бакі”, зазначыў, што чым далей ад цэнтральных уладаў у Маскве, тым горшыя робяцца справы, што мусіла б азначаць, што „ідэя была добрая, але выкананьне кепскае”.
У „пересыльный” барак трэба было сыходзіць з драўлянай сьцежкі па высечаных у сьнезе прыступках, якія набылі колер бруднай падлогі ў сенцах; барак быў цёмны, брудны, без вады й „хвоі” — і значна ніжэйшы за іншыя, так што на верхніх нарах можна было размаўляць толькі лежачы або сагнуўшыся ў крук. На цьвіках, прыбітых да бэлек, што падпіралі дах і абрамоўвалі цесныя шуфляды лежбішчаў, вечна віселі мокрыя боты, а на зыгзагападобнай трубе печкі сушыліся анучы. У першыя хвіліны пасьля ўваходу наогул нічога не было відаць, і трэба было доўга прызвычайвацца да цьмянага сьвятла лямпачкі на процілеглай сьцяне, каб з паўзмроку выплылі два шэрагі голых ступняў, што тырчэлі з кучаў лахманоў, якімі вязьні акрываліся з галавою на нарах. Тры або чатыры цені выцягвалі далоні да разагрэтай бляшанай печачкі. Першы вечаровы прыбыш у „пересыльный” барак звычайна ажыўляў ягоных маўклівых жыхароў, паштурхаўшы іх у пяты чатырма пытаньнямі: хто, адкуль, куды й завошта? Часам пасьля такога ўступу з-пад купы бязладна наваленых анучаў вынырваў зблажэлы твар з паўвар’яцкім поглядам і, адапхнуўшы назолу разьюшаным „пошёл вон”, зноў хаваўся пад сьмярдзючай гарою лахманоў. Аднак некалькіх такіх спробаў навязаць знаёмства хапала, каб з нараў пачыналі падымацца прыгорбленыя постаці, ласыя на размовы й абменны гандаль. Пад вечар у „пересыльном” было ўжо ройна, як у вульлі. „Ерцаўцы”, абапіраючыся аб слупы нараў, абменьваліся перажываньнямі, назіраньнямі, навінамі, хлебам і махоркаю з „транзытнымі”, якія рэдка сыходзілі з нараў, трасучыся над сваім турэмным скарбам. Што мне найбольш падабалася ў „пересыльном”, дык гэта ягоная атмасфэра: маючы каліва ўяўленьня, магчыма было прыгадаць нешта кшталту звычайнай эўрапейскай кавярні. Бо тут можна было пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца, што чуваць у іншых турмах, купіць шчопаць махоркі, разам пашкадаваць аб паршывай долі і — last but not least — палаяць, карыстаючыся з малаверагоднасьці даносаў, Сталіна й ягоную прэтарыянскую гвардыю. Толькі пасьля вайны я з жалем, але ня без схаванай задаволенасьці, пераканаўся, што з гэтага пункту гледжаньня эўрапейскія кавярні сталі для мільёнаў людзей тым, чым для мяне быў транзытны барак у Ерцаве; што яны хутчэй нагадваюць драўляныя шпакоўні, якія на маёй радзіме прыбіваюць да дрэваў для шумлівых пералётных птушак, якіх раптоўны холад выганяе ў вырай, чым венскія Kaffenhaus’ы альбо парыскія cafes-chantans.
Транзытны барак выконваў у нашым лягеры таксама ролю Інстытуту Дасьледаваньня Палітычнай Кан’юнктуры з жывымі ілюстрацыямі нявольнічае працы й ідэалягічных адхіленьняў. Паводле аповедаў маіх таварышаў, у 1939 г. барак прытуліў парэшткі Вялікай Чысткі, што ўжо заканчвалася; гэтыя парэшткі падбіраліся хаатычна й бяспланава. Год 1940-ы быў сьведкам рытмічных прыліваў палякаў, украінцаў, беларусаў і габрэяў з Усходняе Польшчы, а таксама балтаў і русінаў з Закарпацкае Русі. У 1941 г. прыйшлі першыя этапы зь фінамі й чырвонаармейцамі „с финского плена”, якіх проста праз упрыгожаную зелянінай трыюмфальную арку ў Ленінградзе з надпісам “Родина поздравляет своих героев”, у такт маршу Будзённага адвялі на чыгуначную станцыю за горадам і рассадзілі ў заплямбаваныя таварныя вагоны. У першыя месяцы пасьля пачатку расейска-нямецкай вайны ў “пересыльном” зьявіліся недабіткі цалкам русыфікаваных паволскіх немцаў і групкі аслупянелых украінцаў і беларусаў, што ўцяклі ад фронту з родных вёсак углыб Расеі. Я нават памятаю пару мянушак, якія ў бараку інжынэраў выдумалі для гэтых ахвяраў ваенных дзеяньняў. Да нас, палякаў, прычапілі мянушку “антигитлеровские фашисты”, няшчасных чырвонаармейцаў назвалі “героями из финского плена”, а зьбеглых ад немцаў беларусаў і ўкраінцаў— “партизанами отечественной войны”.
У лютым 1941 г. я спаткаў у “пересыльном” трох немцаў, якія ад рэшты жыхароў розьніліся нязмушанасьцю жэстаў і параўнальна прыстойным эўрапейскім убраньнем. Самы нізкі, прытым мажны, брунэт з шырокім тварам і вострымі, як сьвярдзёлак, вочкамі, моцны й дужы, як цурбак, меў на галаве чорны бэрэцік з хвосьцікам; высокі й плячысты бляндын насіў на шыі спартовы шалік, а субтыльны маладзён з прадаўгаватым інтэлігентным тварам заўсёды быў у падкаваных лыжных чаравіках. Разам яны валодалі нечым кшталту разукамплектаванага турыстычнага строю й па сутнасьці, на першы погляд, маглі падацца тройкаю беспрацоўных інтэлігентаў на высакагорным курорце. Як жа я зьдзівіўся, калі пазьней высьветлілася, што толькі маладзенькі Стэфан вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Гамбургу, а астатнія два — рослы Ганс і прысадзісты Ота — працавалі мэханікамі ў майстэрнях у Дусэльдорфе. Мы пачалі размову па-расейску (усе трое зь цяжкасьцю карысталіся грубай і прарэзьліва немэлядычнай расейшчынай зь вялікім дамешкам украінскай), але пасьля перайшлі на нямецкую, і я ўзьлез да іх на верхнія нары, каб лепей адгарадзіцца ад чорнага кірмашу, што шумеў у бараку.
Усе тры перад гітлераўскім путчам належалі да нямецкай камуністычнай партыі, але адзін аднога ня ведалі, нягледзячы на тое, што Ганс і Ота працавалі ў адным горадзе. Пасьля пажару ў Рэйхстагу, калі партыя была заражаная правакацыямі й раскладалася на вачох мільёнаў уласных чальцоў, яна й выслала іх за мяжу; мэта ўцёкаў была толькі адна — названая айчына Дзімітрава, названая айчына ўсіх камуністаў сьвету. Яны ішлі да яе рознымі шляхамі: Ганс — праз Данію, Швэцыю й Фінляндыю, Стэфан і Ота — праз Парыж, Італію й Балканы. Гладка перабіраючыся з краіны ў краіну, яны дзівіліся спраўнасьці эўрапейскіх камуністычных арганізацыяў, а доўгімі начнымі гадзінамі ў перавалачных кватэрах наяве мроілі з таварышамі пра айчыну сусьветнага пралетарыяту, якую спазналі празь ілюстраваную партыйную біблію й апавяданьні пасланцоў адтуль. Нядзельныя партыйныя школкі праходзілі ў першы год тэрору ў Нямеччыне звычайна за горадам, таму ў іхных успамінах усё, што датычыла Расеі, міжволі асацыявалася са сьпелай прыгажосьцю лясоў, палёў і рэк, зь лянівай сытасьцю садоў, з павольным праплываньнем вясновых аблокаў і прыемнай стомай усяго цела, калі, ледзь цягнучы ногі, вяртаесься пад вечар у горад з прагулянкі на ўскрай далягляду.
Ота й Ганс сустрэліся ў 1936 г. на харкаўскай машынабудаўнічай фабрыцы, а Стэфан на той час спрабаваў вучыцца ў Кіеве. Іхныя першыя ўражаньні не былі падобныя да мараў у нядзельных школках, але шмат якія расчараваньні можна было вытлумачыць перашкодамі ў акліматызацыі й несьмяротнасьцю капіталістычнага атачэньня. Ота й Ганс цяжка працавалі, някепска зараблялі й жылі няблага, а вечарамі — калі вывучылі мову — цешыліся ў фабрычным клюбе высокім узроўнем рэфэратаў па „политграмоте”. Першыя спробы адазвацца ў „свободной дискуссии” трохі астудзілі іхны імпэт; Ота цяпер часта ішоў з працы на піва й більярд, а Ганс пачаў праводзіць дахаты маладую ўкраінскую работніцу. Што іх абодвух уразіла й шакавала ў тых „свободных дискуссиях”, дык гэта нястомная хлусьня на тэмат жыцьцёвага ўзроўню на Захадзе. Калі Ганс аднойчы паспрабаваў падчас дыскусіі патлумачыць, што „капіталістычная няволя на Захадзе заснаваная на чымсьці зусім іншым”, яго асадзіла рэзкае пытаньне рэфэрэнта: „Ці выпадкам таварыш прамоўца не хацеў бы вярнуцца туды, адкуль прыехаў, альбо яшчэ раз падумаць?” Ён яшчэ ня ведаў, што азначае гэтае „падумаць яшчэ”, вымаўленае з пагрозаю, і ня меў ахвоты „вяртацца туды, адкуль прыехаў”. З таго часу ён слухаў усё моўчкі й вачыма шукаў у тлуме маладую работніцу, якая аднойчы пры разьвітаньні стала на дыбачкі й сказала яму на вуха, што лепей „не рассуждать, когда докладывают члены правительства”; звыклае месца Ота на палітінфармацыях цяпер пуставала. У сярэдзіне 1936 г. Ганс ажаніўся з маладою ўкраінкаю, выехаў з супольнага пакою й зажыў зь сям’ёю жонкі. Тады й пачуў упершыню гэтае слова. На вясельлі свайго сябра, пасьля некалькіх тостаў старых майстроў, ужо зусім п’яны Ота ўстаў, падняў шклянку гарэлкі і, расставіўшы кароткія ногі, як бык, голасна крыкнуў: „Непобедимый Советский Союз уже dreck”. Прысутныя ўважылі гэтае ядранае слова за нешта кшталту нямецкага „урррра!”, бо, чокнуўшыся шклянкамі, дадалі: „Правильно!” Але Ганс выпхаў Ота за дзьверы й хуценька адвёз дахаты. Стэфан яшчэ не вучыўся ў Кіеве як сьлед, яшчэ давучваў мову, затое быў ганаровым сябрам студэнцкага камітэту й неацэнным прамоўцам на міжнародных мітынгах.
Надыйшоў памятны Трыццаць сёмы год. Вялікая чыстка набліжалася, як навальніца, але пакуль разраджалася бліскавічнымі сполахамі й далёкім водгульлем грому за сямю гарамі й рэкамі.
Ніхто не даваў веры дзіўным пагалоскам, супярэчлівым зьвесткам і таямнічым лістам з Масквы й Ленінграду. Аднак узьнятая хваля нарэшце прарвала засаўкі расейскай плаціны й з аглушальным грукатам уварвалася ва Ўкраіну, захопліваючы па дарозе каго папала, як паводка, што зносіць дахі, бэлькі, пустыя аканіцы, мэблю й стагі сена. Людзі прыходзілі ў канторы, установы, фабрыкі, вучэльні й дамы з адным-адзіным пытаньнем: „Кого сегодня берут?” Бо ў хуткім часе бурапенная плынь паводкі была ўрэгуляваная й бегла толькі па вызначаным рэчышчы. У першую чаргу пайшлі іншаземцы. Ота забралі з фабрыкі, Стэфана — з унівэрсытэту, а Ганса — з хаты. Ён выйшаў, не абняўшы ані агаломшанай жонкі, ані немаўляці, і нягледзячы на законны дазвол на ліставаньне, ніколі не атрымаў ад іх ніводнай зьвесткі.
Сьледзтва было аднастайнае й цэлымі месяцамі круцілася вакол абвінавачаньня ў шпіёнстве. Ганса й Стэфана білі толькі пару разоў і параўнальна нястрашна, затое Ота адбілі нагамі ўсе вантробы й павыбівалі зубы за той п’яны „dreck”. У першыя месяцы 1939г. 570 нямецкіх камуністаў разьмясьцілі ў асобным крыле аднаго з маскоўскіх астрогаў (нягледзячы на ўсе намаганьні, не магу прыгадаць, пра Лубянку альбо Бутыркі гаварыў Ганс), і там у агульнай камэры Ганс і Ота прыгарнулі да сябе перапалоханага Стэфана.
Гэта была ўжо хіба першая палова верасьня, бо нагляднік штодзённа з захапленьнем гаварыў ім пра пераможны паход нямецкай арміі ў Польшчы, калі аднойчы апоўдні з суседняй камэры ім выстукалі, што адзін зь вязьняў знайшоў у прыбіральні кавалак газэты з тэкстам савецка-нямецкага пакту. Навіна пайшла далей і хутка вярнулася з рашэньнем — з наступнай раніцы пачаць галадоўку з патрабаваньнем, каб у турму прыйшоў нямецкі амбасадар у Маскве, прадстаўнік іхнай, цяпер саюзнай, айчыны. Расейцы вытрымалі гэтую гульню толькі тыдзень. Перад заканчэньнем галадоўкі дэлегацыя нямецкіх камуністаў, па адным з кожнай камэры, выйшла на спатканьне з пасланьнікам графа Шуленбурга. Вязьні паставілі толькі адную ўмову: што ня будуць пакараныя за камунізм і нелегальныя ўцёкі з краіны. Астатняе ім было цалкам абыякава, яны былі гатовыя пасьля перасячэньня мяжы хоць паступіць у Вэрмахт. Падчас тае галадоўкі, у якой нямецкія габрэі й некаторыя немцы ўзялі ўдзел толькі на знак салідарнасьці, не жадаючы рэпатрыяцыі, савецкія ўлады ўстрымаліся ад рэпрэсіяў. Расейска-нямецкія перамовы доўжыліся два месяцы, а ўзбунтаванае крыло тым часам цешылася палепшанымі й павялічанымі порцыямі ежы ды штодзённымі шпацырамі ў двары турмы. Нарэшце тую самую дэлегацыю выклікалі, каб выслухалі рашэньне. Расейцы ў прынцыпе пагаджаліся на рэпатрыяцыю нямецкіх камуністаў, аднак пакідалі за сабою права затрымаць некалькі дзясяткаў зь іх у Расеі. Нямецкі чыноўнік дадаў, што паўторная галадоўка нічога ня дасьць, бо амбасада прыняла расейскія ўмовы. Страйкоўцы ня мелі выбару й таксама згадзіліся. У групе тых затрыманых апынуліся Ганс, Ота й Стэфан. У студзені 1940 г., ужо ў іншай камэры, ім зачыталі 10-гадовыя выракі, у лютым іх этапам паслалі ў Ерцава. Пра тых пяцьсот шчасьліўцаў, якім усьміхнуўся лёс, яны нічога ня ведалі.
Калі Ганс скончыў свой аповед, я запытаўся — зьвярнуўшыся да ўсіх трох — ці не мяркуюць яны, што нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры лепшыя за савецкія лягеры працы. Ганс паціснуў плячыма й нешта зьняважліва прамармытаў, але Стэфан, здавалася, цалкам падзяляў гэтае параўнаньне. І тут Ота, які дагэтуль маўчаў, падняў свой вялізны лоб, прашыў Стэфана халодным позіркам і амаль даслоўна сказаў: „Du hast eine Lust zu philosophieren, Stefan, aber Heimat ist immer Heimat, und Russland wird immer ein Dreck sein”. (Ты можаш філязофстваваць колькі хочаш, Стэфан, але Айчына — гэта Айчына, а Расея заўжды будзе гаўном.) І я пакінуў тое „філязафаваньне”. У сытуацыі, у якой мы ўсе чацьвёра знаходзіліся, казаць ім пра жахі гітлерызму абазначала б тое ж самае, што тлумачыць тром пацукам у пацукалоўцы, што дзірка ў сьцяне паблізу вядзе ў такую самую пастку.
На наступным сьвітанку яны пайшлі ў Няндаму. Стэфан пазнаў мяне ля брамы ў натоўпе вязьняў, якія шыхтаваліся ў брыгады для выхаду з зоны, і, узьняўшы руку, крыкнуў: „Auf Wiedersehen, mein Freund!” (Да пабачэньня, дружа!)
У красавіку я атрымаў ад Ганса ліст, які захоўваю дагэтуль. Ён пісаў: „Stefan war hier auf allgemeiner Arbeit. Mir, Hans, ist es allerdings gelungen, hier als Maschinist zu arbeiten. Otto ist noch auf allgemeiner Arbeit im Sägewerk beschäftigt. Wir bekommen nicht einmal von unseren Angehörigen aus der S.S.S.R. Post. Wie traurig sieht hier oben im Norden der Frühling aus, und besonders unter den Bedingungen, unter den wir hier leben”. (Стэфан тут быў на агульных працах. Мне, Гансу, удалося, аднак, працаваць тут машыністам. Ота яшчэ прыпісаны да агульнай працы ў тартаку. Мы не атрымліваем нават пошты ад нашай радні тут, у СССР. Як сумна тут, на Поўначы, выглядае вясна, асабліва ва ўмовах, у якіх мы жывем.)
*
Да 1947 г. я быў перакананы, што іхная аповесьць была праўдзівая, але расейцы з дапамогай нямецкай амбасады ў Маскве разьбілі страйкоўцаў на некалькі групаў, нанова перамяшалі вязьняў і ўсіх „затрымалі па ўласным жаданьні” ў іншым савецкім астрозе. Аднак у Лёндане я пачуў з вуснаў непасрэднага ўдзельніка, спадара С., вядомага венскага камуніста й таварыша юнацкіх гадоў Кёстлера, эпілёг гэтай гісторыі, які разыграўся ўзімку 1940 г. на мосьце праз Буг, у Берасьці — а праз год факты пацьвердзіліся ў кніжцы Маргарэт Бубэр-Нойман. Уночы праз мост над Бугам на той бок прайшла грамада нямецкіх камуністаў, якія без трыюмфальнай аркі рушылі назад у Айчыну, каб пасьля ўсіх савецкіх мітрэнгаў зажыць на Захадзе бязь зьменаў. Сярод іх не было трох маіх таварышаў. Нямецкіх габрэяў, нягледзячы на іхны супраціў, НКВД сілаю аддала ў рукі гестапа. Спадар С. уцёк за Бугам з транспарту й хаваўся ўсю вайну ў Польшчы.