Панароўе

Анталогія апавядання


Тэарэтык

У Тэарэтыка было замілаванне да радыёпрыёмнікаў. Ён сам, як і ягоныя знаёмцы, не звязваў гэтага поцягу са сваёй прафесійнай працай. Ніхто таксама не падумваў пра гэта як пра збачэнства. Вось, так папросту — на кватэры ў Тэарэтыка былі тры радыёпрыёмнікі, па адным у кожным пакоі.

Тэарэтык быў наогул праблемны чалавек, гэта значыць, ад сваіх праблемаў ён не мог адцерабіцца ўсё жыццё. Клопаты закіпцюрвалі Тэарэтыка на працы. Кожны новы тыдзень на радыёвяшчанні пачынаўся ад таго, што яго хацелі адтуль звольніць. Пісьменніку, сябру Тэарэтыка, колькі панядзелкаў даводзілася бачыць яго маркотную постаць і чуць нязменнае: „Дай ты мне чысты спокуй, у мяне паважныя праблемы”.

У фрустрацыю Тэарэтык увальваўся яшчэ і ад цыцатых супрацоўніц, якіх ён кожны дзень пакутліва сузіраў, а дакладней – абсліньваў позіркам іх кароткія шаўковыя сукенкі, што шчыльна аблягалі ўзгібы жаноцкага цела і пры кожным поруху выдавалі ціхі шэлест. Тэарэтыка сіламоц цягнула даследаваць лініі станікаў, што надта ж выразна адзначаліся пад сукенкападобнымі вычварэнствамі сучаснай моды, а да крайняй знямогі даводзілі яго тыя паддоследныя аб’екты, у якіх ён не знаходзіў ні намёку на майткі, хаця б і самыя скупыя. Псіхічна змяжджэраны пасля працяглага дня на працы, ён вяртаўся дахаты і, як умеў, разраджаў свой стрэс. Звычайна, ён запрашаў да сябе знаёмага і выпіваў з ім бутэльку.

Часам кампанію Тэарэтыку сладалі Паэт або Пісьменнік, і тады на адной бутэльцы наогул не канчалася. Такая стрэсаразгрузка спараджала новую праблему — гіганцкае пахмелле, прачмухацца з якога абазначала зноў жа ачнуцца ў іншым пахмеллі. Уся гэтая працэдура, акрэсліваючы поўнае кола, спрацоўвала на працягу нейкага паўгода. Тады надыходзіў час, каб наадрэз адбіцца ад сваіх праблемаў (прынамсі Тэарэтыку так думалася) — ён браў два тыдні водпуску ды клаўся ў шпіталь дзеля медыцынскага абследавання.

Ён любіў паласатую шпітальную апранаху, няспешнае сноўданне па калідорах, простыя і недвухсэнсоўныя анекдоты прыбіральшчыц а палове сёмай, геройскі перакур з пацыентамі аддзелу захворвання лёгкіх, характэрны для шпіталяў пах лізолу і хрумст расціснутага пад шлёпанцам таракана. На жаль, шпіталь яго не супакойваў. Раздражнёнасць нахабна ўкліньвалася ў шпітальнае жыццё Тэарэтыка ў тыя моманты, калі на ягонае аддзяленне заходзілі папрактыкавацца студэнткі медыцынскага факультэта або навучэнкі апошняга класа медыцынскага ліцэя. Першыя (калі надвор’е скварыла, не даючы і ценю надзеі на прахалоду) насіліся ў лёгкіх палатняных нагавіцах і пінжачках. Яны цікаўна прыглядаліся да пацыентаў ды ўважліва слухалі павучэнні спрактыкаваных стажорак. Гутарка звычайна круцілася вакол дыягназаў, а студэнткі і спрактыкаваныя стажоркі падыходзілі прахаладзіцца да шырока расчыненых вокнаў. Завалены ў пасцель Тэарэтык — цяпер сам у ролі паддоследнага аб’екта — бачыў пад святло камлі голых жаночых ног і нешта, што тлумачыў сабе як майткі з карункавымі лямоўкамі ўкруг сцёгнаў і бёдраў. Ён заплюшчваў вочы і далей развярэджваў сябе думкай, што тыя трусікі — ружовыя і мусова празрыстыя.

Зіхоткабелыя і накрухмаленыя да лубкаватасці фартухі медыцынскіх сёстраўліцэістак не прасветліваліся пад сонца. Ні пад рэнтген, пашпітальнаму жартавалася ў думках Тэарэтыку. Да пацыентаў ліцэісткі мелі хутчэй практычны, чым навуковы падыход. Прыбраць нечыстоты зпад нямоглых, засунуць шпрыц у дупу альбо псякрэўскім матам адпудзіць інфантыльнакапрызлівых старэчаў. Чым даўжэй Тэарэтык любаваўся гэтай практычнасцю, тым вышэй разгойдваліся ягоныя нервы. У амярцвелым шпітальным паветры ягонае цела шчымліва ўспрымала павеў нездаровага флуіду ад шпаркага маху гладкіх і пругкіх сцёгнаў пад накрухмаленым фартухом. Лубкаватае палатно заломвалася і шаргацела пры кожным тукітук глянцавітых пантофлікаў. Яму таксама нездаровілася ад таго, што ў іх на нагах былі калготкі — бліскучыя і слізкія, рыхтык у той афіцыянткі з бару „АлёАлё”...

У бар „АлёАлё” Тэарэтык наведаўся аднойчы ў кампаніі Паэта і Пісьменніка. Пасля пятага кухля Тэарэтык адрозніваў Паэта ад Пісьменніка наступным чынам. Паэт скалаціў у сваім жыцці два складныя вершы на літаратурны конкурс, у якім і перамог. Пісьменнік жа не напісаў нічога вартага ўзнагароды дый не мог перамагчыся, каб нешта дзеля такой акалічнасці напісаць. У бары Пісьменнік кінуў заўвагу, у паэтычным стылі, што ў калготках афіцыянткі тоіцца магніт і бляск. Руку сунь ёй міжы сцёгнаў роўна, каб сыпнула ўвокал іскраў поўна — працытаваў Паэт двухрадкоўе са свайго трэцяга і неўзнагароджанага ніякай камісіяй верша.

Сэкс Тэарэтыкам перш за ўсё сузіраўся праз прызму жаночых грудзей ды іхніх практычных памераў. Пік сэксуальных магчымасцяў Тэарэтыка вянчаўся тэлефонам у агенцтва сексуальных паслуг. Тэарэтык заўжды беспаспяхова дапытваўся пра паненак з грудзьмішасьцёркамі. Часам, у парыве мужнасці, размова Тэарэтыка з агенцтвам набывала і такі характар:

— Алёалё, з паняй... можна адзаду?

— У вас на думцы анальны секс?

— Так, аральны, — машынальна адказваў Тэарэтык.

— Са мною напэўна не, але я запытаюся ў каляжанкі.

* * *

Пісьменнік і Тэарэтык стрэліся пасля шпіталю. Пісьменнік зайшоў папытацца пра здароўе. Грукаць у дзверы давялося з паўгадзіны, але Пісьменнік не здаўся, бо ў дзвярным вочку блішчэла святло, а з кватэры даходзіў гук чыёйсьці прывіднай хады ці прысутнасці. „Ааа...” — прывітаўся Тэарэтык. „Ууу...” — адказаў яму Пісьменнік. Прайшлі на кухню. Па дарозе Пісьменнік адзначыў, што ў кожным пакоі гарыць святло ды працуе радыёпрыёмнік. Кожны апарат прыймаў іншую хвалю. На роднай станцыі Тэарэтыка перадавалася багаслоўская гутарка папольску. На ватыканскай частотнасці ішла такая ж гутарка пабеларуску. Трэці апарат лавіў пражскую хвалю, але Пісьменнік не скеміў, пра што была гутарка, бо дзверы ў той пакой былі зачынены. На кухні Пісьменнік з Тэарэтыкам дапілі рэшту з бутэлькі нульсемдзесятпяць. З блытанага расповеду Тэарэтыка Пісьменнік зразумеў наступнае.

Шпіталь Тэарэтык пакінуў па сваёй пісьмовай просьбе. Адхіленняў ад нормы для трыццаці пяці гадоў у яго не выявілі. Тэарэтык у шпіталі пазнаёміўся з дзвюма студэнткаміпрактыканткамі. Цыцкі ў іх былі не шасьцёркі, але даволі прыстойных і практычных памераў. Практыканткі, пераапрануўшыся са службовых палатняных касцюмчыкаў у цесныя шаўковыя сукенкі, ахвотна згадзіліся правесці яго дадому. Па дарозе ўтраіх заскочылі ў начную краму, дзе ўзялі дзве вялізныя пляшкі і буталь сэвэнап. Тэарэтык расплаціўся візай, бо наяўныя разышліся яму яшчэ ў шпіталі на цыгарэты і па канвертах — ён не хацеў спаць з тараканамі на калідоры. На кватэры Тэарэтык і абедзве практыканткі нарыхтавалі сытную вячэру. Пакуль елі і распівалі гарэлку, Тэарэтык моцна хваляваўся — ягонае хваляванне спачатку абярнулася ў здаровую ўзбуджанасць, а затым у хвараблівую эксцытацыю, якая яго канчаткова змарыла. Практыканткі ў выніку заняліся лесбіянствам пад гутарку на пражскай частотнасці. Тэарэтык панаглядаў крыху за іхнімі дзеяннямі, але здаровая ўзбуджанасць ад гэтага не вярнулася. Што да Пісьменніка, дык той павінен быў даць яму, Тэарэтыку, чысты спокуй, бо ў яго былі паважныя праблемы.

Пісьменнік пагадзіўся з Тэарэтыкам і сышоў. Ён, было, падумаў, што шэлест шоўку, бліскучыя калготкі, уяўны іскрапад, неўзнагароджанае двухрадкоўе і практычная шасцёрка, магчыма, неабходныя, каб дабіцца здаровай узбуджанасці ды не праваліцца ў хвараблівую эксцытацыю. Але як у адной кватэры стрываць тры радыёпрыёмнікі на трох розных хвалях?

1997