Мэфіста

Раман адной кар'еры

Ман Клаўс


І. „Г. М.”

У апошнія гады сусветнай вайны і ў першыя пасля лістападаўскай рэвалюцыі літаратурны тэатр у Германіі меў выдатную кан'юнктуру. У гэты час, нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча краіны, y дырэктара Оскара Х. Кроге ўсё ішло выдатна. Ён кіраваў камерным тэатрам у Франкфурце-на-Майне: у цеснай, поўнай добрага настрою падваліне інтымна збіралася інтэлектуальная грамадскасць горада і перш за ўсё задзірыстая, разварушаная падзеямі, ахвочая да дыскусій і апладысментаў моладзь пасля прэм'ераў п'ес Вэдэкінда альбо Стрындбэрга, Геарга Кайзера, Штэрнгайма, Фрыца фон Унру, Газэнклевера альбо Толера. Оскар Х. Кроге, які і сам быў эсэіст і папісваў гімнічныя вершы, успрымаў тэатр як установу з маральнымі функцыямі: сцэна павінна памкнуць новае пакаленне да ідэалаў, пра якія тады думалі, што вось і прабіў час іх здзяйснення, -- да ідэалаў свабоды, справядлівасці, міру. Оскар Х. Кроге быў патэтычны, даверлівы і наіўны. У нядзелю перад дзённым спектаклем па п'есе Талстога альбо Рабіндраната Тагора, ён даваў казань перад сваёй парафіяй. Часта гучала слова "чалавецтва"; маладым людзям, якія таўкліся ў партэры, ён з надрывам кідаў: "Будзьце мужныя, браты мае!" -- і пажынаў бурy апладысментаў, калі заканчваў словамі Шылера: "Абдыміцеся, мільёны!"

Оскара Х. Кроге вельмі любілі і шанавалі ў Франкфурце-на-Майне і ўсюды, дзе цікавіліся смелымі эксперыментамі інтэлектуальна-духоўнага тэатра. Яго ясны твар з высокім маршчыністым лобам, віхурыстай сівай грывай і дабрадушнымі, разумнымі вачыма за акулярамі ў вузкай залатой аправе часта можна было бачыць на авангардысцкіх рэвю, а тое нават і ў вялікіх ілюстраваных часопісах. Оскар Х. Кроге належаў да самых актыўных і ўдачлівых барацьбітоў на перадавой лініі драматычнага экспрэсіянізму.

Несумненна было памылкай -- і ён сам гэта неўзабаве зразумеў, -- пакінуць свой поўны настраёвасці тэатрык у Франкфурце. Гамбургскі мастацкі тэатр, месца дырэктара ў якім яму прапанавлі ў 1923 годзе, быў, вядома, большы. Таму ён згадзіўся. Але гамбургская публіка была не такая кідкая на палкія і прэтэнцыёзныя экспрыменты, як адпаведна выхаванае кола тонкіх знаўцаў камернага выканаўства ў Франкфурце. У Гамбургскім мастацкім Кроге быў вымушаны ставіць, апрача рэчаў, блізкіх яго сэрцу, усё яшчэ і "Выкраданне сабінянак" і "Пансіён Шэлер". Ад гэтага ён пакутаваў. Кожнай пятніцы, калі зацвярджаўся рэпертуарны план наступнага тыдня, вяліся зацятыя бітвы з герам Шміцам, распарадчым дырэктарам тэатра. Шміц хацеў больш забаваў і ходкіх баевікоў, бо яны давалі манету; а Кроге настойваў на мастацкім рэпертуары. Часцей за ўсё Шміц, а зрэшты ён шчыра і сардэчна дружыў з Кроге і захапляўся ім, быў вымушаны саступаць. Мастацкі тэатр трымаўся мастацкага ж рэпертуару, што, вядома, адбівалася на яго прыбытковасці не ў лепшы бок.

Кроге скардзіўся на індэферэнтнасць гамбургскай моладзі ў прыватнасці і на бездухоўнасць грамадскасці наогул, -- яна цуралася ўсяго новага і высокага.

-- І куды яно ўсё падзелася! -- горка бедаваў ён. -- У 1919 годзе яшчэ стрымгалоў бегалі на Стрындбэрга і Вэдэкінда; у 1926-м -- усім падавай аперэту.

Оскар Х. Кроге быў чалавек патрабавальны, але без дару прадбачання. А то ж бо ці скардзіўся б ён у 1926 годзе, калі б мог уявіць сабе год 1936-ы?

-- Добрыя рэчы сёння не цягнуць, -- бурчаў ён. -- Нават на "Ткачах" учора зала была паўпустая.

-- І ўсё-такі мы выкрyчваемся.

Дырэктар Шміц спрабаваў суцешыць сябра: надта ж бо засмуцілі яго горасныя складкі на дабрадушным, дзіцяча-старым кашэчым твары Кроге, хоць ён і сам меў усе падставы трывожыцца і некалькі маршчын ужо леглі на яго мясісты ружовы твар.

-- Але як! -- Кроге ніяк не даваўся на суцяшэнні. -- Як мы выкрyчваемся? Даводзіцца запрашаць славутых гастралёраў з Берліна -- як сёння ўвечары, напрыклад, -- каб Гамбyрг хадзіў да нас.

Геда фон Гэрцфэльд -- старая Крогава сяброўка і супрацоўніца, яшчэ ў Франкфурце яна была яго дарадчыцай, тэатральным крытыкам і актрысай, сказала:

-- Зноў ты ўсё бачыш у чорным святле, Оскар! Зрэшты, якая ў тым ганьба, што мы запрасілі Дорy Марцін, яна цудоўная, а ўвогуле, Гамбург ходзіць і на Гёфгена.

Называючы прозвішча Гёфгена, фраў фон Гэрцфэльд разумна і пяшчотна ўсміхнулася. Па яе вялікім матава прыпудраным насастым твары з вялікімі, журботна-разумнымі ж вачыма пад залацістымі брывамі прабегла лёгенькае ззянне.

-- Гёфгену мы пераплачваем, -- буркліва сказаў Кроге.

-- Але ж і Марцін, зрэшты, таксама, -- пярэчыў Шміц. -- Супроць яе чараў і шалёнага поспеху не скажу нічога, але тысяча марак за выхад, згадзіся, -- гэта ўжо крышачку ці не занадта.

-- Капрызы берлінскіх зорак, -- пагардліва зазначыла Геда.

Яна ніколі не працавала ў Берліне і бажылася, што ненавідзіць берлінскую сцэну.

-- Тысяча марак у месяц Гёфгену -- таксама завышана, -- выпаліў Кроге. -- І з якога такога часу яму раптам тысяча? -- з выклікам спытаўся ён у Шміца. -- Плацілі васемсот, і таго было больш чым досыць.

-- А што рабіць? -- перапрасіўся Шміц. -- Уварваўся ў кабінет, сеў мне на калені...

Фраў фон Гэрцфэльд з пацехай заўважыла, што Шміц пачырванеў, расказваючы пра гэта.

-- Ён казытаў мне падбародак і ўвесь час паўтараў адно: павінна быць тысяча марак! Тысяча, даражэнькі! Гэта такая кругленькая сума! Што было рабіць, Кроге? Ну, самі скажыце!

Гэта быў звычайны Гёфгенаў прыёмчык: калі яму быў патрэбен аванс альбо падвышка ў ганарары, ён бурай урываўся ў кабінет Шміца. Ён разыгрываў мілыя капрызы, добра ведаючы, што нехлямяжы таўстун Шміц не выстаіць, калі пакудлаціць яму валасы альбо тыцнуць пальцам у жывот. А калі заходзіцца аж пра тысячу, тут можна і на калені ўмасціцца: пачырванеўшы, Шміц прызнаўся і ў гэтым.

-- Ай, усё гэта глупства! -- Кроге гнеўна і заклапочана пакруціў галавою. -- Па сутнасці, Гёфген -- дурны блазан. Усё ў ім фальшывае, пачынаючы з яго літаратурных густаў і канчаючы так званым камунізмам. Ён не мастак, ён камедыянт.

-- Што ты маеш супроць нашага Гендрыка? -- фраў фон Гэрцфэльд змусіла сябе на іранічны тон; насамрэч ёй было не да іроніі, калі яна гаварыла пра Гёфгена, чый добра зрэжысераваны шарм не пакідаў яе раўнадушнай. -- Ён наша найярчэйшая зорка. Парадуемся, калі яго не перацягнуць у Берлін.

-- А і не дужа бедаваў бы, -- сказаў Кроге. -- Проста вопытны правінцыйны актор, у глыбіні душы, думаю, ён і сам гэта добра ведае.

-- А куды гэта ён сёння падзеўся? -- спытаўся Шміц, на што фраў фон Гэрцфэльд ціха ў нос хіхікнула:

-- Ат, y грымёрцы за шырму зашыўся, так мне данёс маленькі Бёк. Ён заўсёды страшэнна хвалюецца і раўнуе, калі наязджаюць берлінцы. "Так высока мне ніколі не скочыць" кажа ён і хаваецца за шырмай, чыстая істэрыка. Асабліва выводзіць яго з сябе Марцін. У Гендрыка да яе такая свайго роду любоў-нянавісць. Сёння ўвечары ў яго, кажуць, быў сапраўдны нервовы прыпадак.

-- Вось вам і комплекс непаўнавартасці! -- усклікнуў Кроге і пераможна агледзеўся вакол. -- Альбо я вам і больш скажу: у душы ён добра ведае сабе дакладную цэну!

Усе трое сядзелі ў тэатральнай кавярні, сталоўцы, якая ў гонар Гамбургскага мастацкага тэатра называлася скарочана "Г. М.". Над столікамі, засланымі бруднымі абрусамі, -- пакрытая пылам партрэтная галерэя: фатаграфіі ўсіх, хто дзесяць гадоў іграў тут. Фраў фон Гэрцфэльд падчас гутаркі часам усміхалася фатаграфіям наіўных і сентыментальных, камічным старых, герояў-бацькоў, маладых любоўнікаў, інтрыганаў і салонных дам; Шміц і Кроге не зважалі на іх.

А ўнізе, на сцэне, іграла Дора Марцін, якая сваім хрыплым голасам, спакушальнай худзізнай эфебскага цела і трагічна шырокімі, дзіцячымі і бяздоннымі вачыма, як ведзьма, зачароўвала публіку вялікіх германскіх гарадоў. Абодва дырэктары і фраў фон Гэрцфэльд пасля другога акта пакінулі сваю ложу. Астатнія з Мастацкага тэатра засталіся ў зале, каб да канца дагледзець берлінскую каляжанку, якую яны і любілі, і ненавідзелі.

-- Група, якую яна прывалакла з сабою, ніжэй усякай крытыкі, -- з пагардай сказаў Кроге.

-- Чаго ж вы хочаце? -- запярэчыў Шміц. -- Дзе ж яна заробіць сваю тысячу, калі возьме з сабою дарагіх актораў?

-- Але сама яна з кожным разам усё лепшая і лепшая, -- сказала разумная Гэрцфэльд. -- Яна можа сабе дазволіць усякую манерлівасць. Як яна гаворыць! Як душэўна хворае дзіця, не -- яна непаўторная!

-- Душэўна хворае дзіця -- някепска сказана, -- засмяяўся Кроге. -- Здаецца, там ужо скончылі, -- дадаў ён, зірнуўшы ў акно.

Людзі падымаліся па брукаванай дарожцы, якая вяла ад тэатра, міма кавярні, да брамы на вуліцу.

Спакваля кавярня запаўнялася. Артысты з падкрэсленай рэспектабельнай сардэчнасцю віталі дырэктарскі столік і кідалі гаспадару, прысадзістаму, моцнаму дзядугану з сівай бародкай кліночкам і шыза-чырвоным носам, жарцікі. Тата Ганзэман, гаспадар, быў для трупы амаль такая ж значная пярсона, як і Шміц, распарадчы дырэктар. У Шміца, калі ён быў у дабрадушлівым настроі, заўсёды можна было атрымаць аванс, а калі ў другой палове месяца канчаліся грошы і авансу не давалі, можна было пазычаць у Ганзэмана пад запіс. Усе хадзілі ў яго пад запісам; казалі, быццам і Гёфген быў яму вінны больш за сотню марак. Ганзэману зусім не было ніякай патрэбы акідацца на жарты несалідных гасцей; з застылым, пагрозліва сур'ёзным тварам ён падаваў каньяк, піва і халодную закyску, за што ніхто не плаціў.

Усе гаварылі пра Дору Марцін, у кожнага быў свой погляд на якасці яе ігры; толькі ў адным усе былі адной думкі: плацілі ёй яўна залішне.

Моц зазначыла:

-- Гэтая зорная хвароба вядзе нямецкі тэатр да пагібелі.

На што яе сябар Петэрсэн з'едліва кіўнyў. Петэрсэн меў амплуа татулі, але замахваўся на ролі герояў; яму хацелася іграць каралёў альбо старых шляхетных дуэлянтаў у гістарычных п'есах. Але на жаль ён не ўдаўся ростам і на такія ролі быў таўсманы, хоць і стараўся кампенсаваць гэтыя хібы статнай і роўнай выстрyнкай. Да яго прастадушнага твару вельмі ўпасавала б сівая шкіперская барада; але як што яе ён не насіў, дык ягоны твар з адвіслай, доўгай верхняй губай і вельмі блакітнымі, ярка блішчастымі, але дyжа маленькімі вочкамі здаваўся занадта голым. Моц любіла яго больш, чым ён яе, гэта ведалі ўсе. Ён кіўнуў, і яна адразу павярнулася да яго, каб у інтымным і поўным значэння тоне сказаць:

-- Праўда ж, Петэрсэн, колькі ўжо мы гаварылі пра гэта грашовае марнатраўства?

Ён шчыра пацвердзіў:

-- Але ж вядома, дарагая! -- і падміргнуў Рахэлі Морэнвіц, якая грyнтоўна ўсталявалася ў ролях пачуццёва-палкіх дэманічных маладых дзяўчат: з чорнай гладкай прычоскай "поні" і падголеннымі брывамі і вялікім у чорнай аправе маноклем тым не меней выглядала дзіця-дзіцём, такім румяненькім, зусім яшчэ не сфармаваным.

-- У Берліне штучкі Марцін, можа, і ўражваюць,-- рашуча сказала Моц, -- але чым яна возьме нас, старых тэатралаў, аб'езджаных коней?

Шукаючы падтрымкі, Моц азірнулася. Яе амплуа была камічная старая баба; часам ёй давяралі і салідных салонных дам. Яна ахвотна смяялася, многа і на ўвесь рот, і тады вакол вуснаў пазначаліся складкі, а ўсярэдзіне праблісквала золата. Цяпер яна была, зразумела, сур'ёзная, амаль суровая.

Нядбала пакручваючы ў пальцах доўгі муштук, Рахэль Морэнвіц сказала:

-- Нельга не прызнаць, што ў нечым Марцін усё-такі няма ладy якая моцная асоба. Гэта ж бо што вырабляе на сцэне: толькі выйшла -- і ўжо ў цэнтры ўвагі... разумееце, пра што я...

Усе зразумелі; але Моц незадаволена страсянула галавой, а маленькая Ангеліка Зіберт высокім, баязлівым галаском абвясціла:

-- А я ў захапленні ад Марцін. Яна такая казачна абаяльная, лічу я...

І сарамліва пачырванела, адважыўшыся на такі доўгі, рызыкоўны маналог. Усе нават крыху расчулена і спагадліва паглядзелі на яе. Ну, проста ягадка гэтая маленькая Зіберт, якая з каротка пастрыжанай светлай галоўкай з роўным левым прадзелам была падобная на трынаццацігадовага падлетка. Светлыя нявінныя вочы не псавала нават яе блізарукасць: сёй-той лічыў, што менавіта манера мружыцца надавала ёй адмысловую абаяльнасць.

-- Наша пацанка зноў у мроях, -- сказаў красун Рольф Банэці і засмяяўся, можа, крыху гучнавата.

У трупе менавіта ён атрымліваў з публікі найбольш любоўных цыдyлак -- можа, менавіта таму ў яго быў ганарысты, стомлена-грэблівы, перанасычаны, мала не агідны выраз твару. А маленькай Ангелікі ён даўно дамагаўся, даўно ўвіваўся вакол яе. На сцэне часта абдымаў, але гэта было па ролі. Па-за роляй яна заставалася недаступнай. З зайздроснай упартасцю яна дарыла сваю пяшчоту таму, ад каго ніяк не магла чакаць yзаемнасці. Кранальная і мілая, яна, здавалася, была створана, каб яе кахалі. Але дзіўная натурыстасць сэрца пакідала яе халоднай і пакеплівай да бурнага націску Рольфа Банэці і прымушала горка плакаць ад ледзяной абыякавасці Гендрыка Гёфгена.

Рольф Банэці з выглядам знаўцы сказаў:

-- Як жанчына твая Марцін y кожным разе не на парадку дня: жахлівая двухполая істота, гермафрадытка -- напэўна, халодная, як рыбіна.

-- А па-мойму, прыгожая, -- ціха, але рашуча сказала Ангеліка. -- Самая прыгожая жанчына, лічу я. -- І ўжо вочы заплылі слязьмі: Ангеліка плакала часта і без важнай прычыны. Яшчэ толькі летyценна дадала: -- Дзіўна, але я бачу нейкае таямнічае падабенства паміж Дорай Марцін і Гендрыкам...

Усе здзіўлена пераглянуліся.

-- Марцін -- яўрэйка. -- Гэта нечакана азваўся юны Ганс Міклас.

Усе ўражана і крыху абyрана паглядзелі на яго.

-- Наш Міклас -- проста золатка, -- парушыла маўчанне Моц і паспрабавала засмяяцца.

Кроге здзіўлена і з нейкай грэблівасцю нахмурыў лоб, фраў фон Гэрцфэльд паківала галавой і пабялела. Калі маўчанне стала пакутлівым, -- юны Міклас, бледны, y позе прыхіліўся да стойкі, -- дырэктар Кроге сказаў даволі рэзка:

-- Што гэта значыць? -- і зрабіў такі гнеўны твар, як толькі мог.

Другі малады актор, які да таго ціха перагаворваўся з татам Ганзэманам, умяшаўся з прымірэннем:

-- Гоп-ля, міма! Кінь Міклас, усякае бывае, а ты ў нас хлопец як мае быць! -- і ён паляпаў зламысніка па плячы і засмяяўся так шчыра, што ўсім адлегла; нават Кроге адважыўся на лёгкую весялосць, хоць і атрымалася гэта крыху нехлямяжа: ён пляскаў сябе па сцёгнах, нагінаўся, задзіраў галаву, -- ну, проста не магу які смех. А Міклас заставаўся сур'ёзны; ён падняў yпарты, бледны твар, злосна сціснуў губы:

-- І ўсё-такі яна яўрэйка.

Ён сказаў гэта так ціха, што ніхто не разабраў яго слоў; пачуў адзін Ота Ульрыхс, які толькі што сваёй прастадушнай непрадузятасцю ўратаваў быў сітуацыю, і цяпер пакараў яго строгім позіркам.

Дырэктар Кроге сваім смехам паказаў, што выхадку юнага Мікласа ён прыняў за вясёлы жарт, і кіўнуў Ульрыхсу.

-- Ах, Ульрыхс, падыдзіце на хвіліначку!

Ульрыхс падсеў да століка дырэктара і фраў фон Гэрцфэльд.

-- Не хацеў бы ўмешвацца ў вашыя справы, далібог не. -- Кроге ўсім сваім выглядам паказваў, што гэтая тэма яму вельмі непрыемная. -- Але вы нешта зачасцілі з вашымі выступамі на камуністычныя сходы. Вось і ўчора, таксама недзе выступалі. А гэта шкодзіць вам, Ульрыхс, і нам таксама. -- Кроге гаварыў ціха. -- Вы ж ведаеце, Ульрыхс, якія яны, буржуазныя газеты, -- настойваў ён. -- Людзі мы і без таго пад падазрэннем. А калі хто адзін з нас раптам засвеціцца палітычна, -- гэта можа загубіць нас, Ульрыхс.

Кроге дапіў свой каньяк, нават пачырванеў.

-- Мне вельмі прыемна, гер дырэктар, што вы загаварылі са мною пра такія рэчы. Вядома, я і сам пра тое думаў. Можа, будзе лепей, калі мы расстанемся, гер дырэктар, паверце, мне зусім не лёгка вам гэта казаць. Але ад сваёй палітычнай дзейнасці я не магу адмовіцца. Я нават хyтчэй ахвярyю працай у тэатры, а гэта немалая ахвяра, бо я даражу тэатрам, -- спакойна адказаў Ульрыхс. Голас y яго быў прыемны, густы і цёплы.

Пакуль ён гаварыў, Кроге з бацькоўскай сімпатыяй глядзеў на яго інтэлігентны, поўны сілы твар. Ота Ульрыхс быў прыгожы мужчына. Яго высокі, прыветлівы лоб, адкінутыя назад чорныя валасы, вузкія цёмнакарыя, разумныя і вясёлыя вочы схілялі на давер. Кроге любіў яго. Таму цяпер амаль раззлаваўся.

-- Што вы, Ульрыхс! -- усклікнуў ён. -- Пра тое і мовы быць не можа. Вы ж добра ведаеце, што я вас ніколі не адпушчу!

-- Мы не можам без вас! -- дадаў Шміц. Таўстун Шміц часам аглyшаў сваім дзіўна вібрыруючым, светлым і прыгожым голасам.

На гэтую заўвагу фраў Гэрцфэльд сур'ёзна кіўнула.

-- Я прашу ў вас толькі пэўнай стрыманасці, -- запэўніў Кроге.

-- Вы ўсе вельмі шчырыя са мною, -- сардэчна сказаў Ульрыхс, -- сапраўды вельмі добрыя, і я буду вельмі старацца не надта кампраметаваць вас.

Гэрцфэльд даверліва ўсміхнулася яму і ціха сказала:

-- Вы самі добра ведаеце, што палітычна мы вам глыбока сімпатызуем.

Чалавек, з якім яна пабралася ў Франкфурце і чыё прозвішча насіла, быў камуніст. Ён быў намнога маладзейшы за яе і пакінуў яе. Цяпер працаваў у Маскве кінарэжысёрам.

-- І шырока! -- падкрэсліў Кроге, павучальна падняўшы указальны палец. -- Хай сабе і не цалкам, не заўсёды. Не ўсе нашыя мары збыліся ў Маскве. Бо хіба могуць мары, спадзяванні і духоўныя запатрабаванні здзейсніцца пры дыктатуры?

Ульрыхс адказаў сур'ёзна, яго вочы зрабіліся яшчэ вузейшыя, у іх паявілася нешта амаль пагрозлівае.

-- Не толькі асобы духоўныя альбо тыя, што сябе такімі лічаць, маюць спадзяванні і патрабаванні. Яшчэ больш надзённыя патрабаванні ў пралетарыяту. У свеце, які ён сёння ёсць, іх можна здзейсніць толькі сродкамі дыктатуры.

Дырэктар Шміц быў здзіўлены. Ульрыхс, каб надаць гаворцы крыху лагаднейшы характар, сказаў з усмешкай:

-- Зрэшты, на ўчарашнім сходзе Мастацкі тэатр быў прадстаўлены сваім самым славутым акторам. Хацеў, праўда, выступіць Гендрык, але ў самы апошні момант, на жаль, яму нешта перашкодзіла.

-- Гёфгену вечна нешта перашкаджае ў апошні момант, калі пад пагрозай яго кар'ера.

Кажучы гэта, Кроге пагардліва скрывіў губы. А Геда фон Гэрцфэльд умольна і заклапочана зірнyла на яго. А Ота Ульрыхс пераканана сказаў:

-- Гендрык -- наш.

Геда з палёгкай усміхнулася.

-- Гендрык з намі, -- паўтарыў Ульрыхс. -- І ён дакажа гэта. А доказам будзе рэвалюцыйны тэатр. Ён хоча адчыніцца ўжо ў гэтым месяцы.

-- Пакуль што яшчэ не хоча, -- злосна ўсміхнуўся Кроге. -- Пакуль што ёсць адны паперы з прыгожым штампам "Рэвалюцыйны тэатр". Але дапусцім на хвілінку, што дойдзе да адкрыцця: вы думаеце, Гёфген адважыцца на сапраўды рэвалюцыйную п'есу?

Ульрыхс даволі рэзка адказаў:

-- Я менавіта так і думаю! Зрэшты, такая п'еса ўжо знойдзена -- можна сказаць, яна рэвалюцыйная.

-- Пабачым, -- з мінай і жэстам стомленага і пагардлівага сумнення сказаў Кроге.

Геда фон Гэрцфэльд, заўважыўшы, як пачырванеў Ульрыхс ад прыкрасці, палічыла патрэбным перамяніць тэму.

-- А што вы скажаце пра фантастычную рэпліку Мікласа? Што гэта -- праўда, што ён антысеміт і водзіцца з нацыянал-сацыялістамі?

Пры словах "нацыянал-сацыялісты" яе твар сказіўся ад агіды, быццам яна дакранулася да здохлага пацука. Шміц пагардліва ўсміхнуўся, а Кроге сказаў:

-- Толькі гэтага нам і бракавала!

Ульрыхс пакасіўся і, пераканаўшыся, што Міклас іх не чуе, прыглушаным голасам сказаў:

-- Ганс па сутнасці добры хлопец, я гэта ведаю, я часта з ім гутарыў. З такім хлопцам проста трэба больш і цярплівей займацца -- і тады ён не прапашчы для добрых справаў. Не думаю, каб для нас ён быў зусім страчаны. Яго зацятая ўпарцістасць, яго агульная незадаволенасць ад няправільнай сарыентаванасці -- вы разумееце мяне?

Фраў Геда кіўнула. Ульрыхс палка шаптаў:

-- У маладой галаве ўсё дагары нагамі, неразбярыха, блытаніна -- і сёння мільёны такіх, як гэты Міклас. У іх на першым месцы нянавісць, і гэта добра, бо гэта важна для існуючага парадку. А пасля не пашанцуе такому хлопцу, трапіць ён у брудныя рукі, і яго добрая, правільная нянавісць загублена. Яму тлумачаць, што ва ўсім вінаватыя яўрэі і Версальскі дагавор, і ён верыць і забывае, хто на самай справе вінаваты ва ўсім і ўсюды. Вось вам і ёсць той абыходны манёўр, і ва ўсіх маладых ачмурэнцаў, якія нічога не ведаюць і не хочуць як след раскінуць мазгамі, ён мае поспех. І сядзіць такая куча няшчасця і шые сябе ў нацыянал-сацыялісты!

Усе чацвёра паглядзелі на Ганса Мікласа, які заняў месца за невялічкім столікам у далёкім кутку каля тоўстай старой суфлёркі фраў Эфой, маленькага гардэробшчыка Вілі Бёка і швейцара сцэны гера Кнура. Пра гера Кнура пагаворвалі, быццам ён носіць пад штрыфелем пінжака свастыку і што яго кватэра ўвешана партрэтамі нацыянал-сацыялісцкіх "фюрэраў", якіх ён не адважваецца павесіць у сваёй швейцарскай. Гер Кнур вёў палкія спрэчкі з рабочымі сцэны камуністамі, якія не хадзілі ў "Г. М.", мелі свой пастаянны стол у суседняй сталоўцы, цераз дарогу, куды да іх час ад часу наведваўся Ульрыхс. Гёфген не адважваўся падсаджвацца за стол да рабочых; баяўся, што хлопцы будуць смяяцца з ягонага манокля. Але пры выпадку жаліўся, што "Г. М." яму абрыд вечнай прысутнасцю там нацыянал-сацыяліста гера Кнура.

-- Пракляты мешчанін, -- казаў пра яго Гёфген, -- чакае свайго фюрэра і збаўцу, як дзеўка хлопца, каб забрухаціў яе! Мяне заўсёды кідае ў жар і ў холад, калі я праходжу міма швайцарскай і думаю пра свастыку пад яго штрыфелем...

-- Што тyт скажаш, у яго было цяжкае дзяцінства, -- сказаў Ота Ульрыхс, усё яшчэ маючы на ўвазе Ганса Мікласа. -- Аднаго разу ён расказваў мне. Вырас недзе ў брудным ніжнебаварскім катуху. Бацька загінуў на сусветнай, маці, мусіць, такая неўраўнаважаная, дурнаватая баба; нарабіла дзікага гвалту, калі хлопец сказаў, што хоча пайсці ў тэатр -- самі разумееце. А ён хлопец славалюбны, старанны, уседлівы, не без таленту; і шмат вучыўся, больш, чым каторае з нас. Спачатку хацеў стаць музыкантам, вучыўся кантрапункту, умее іграць на раялі, займаецца акрабатыкай, танцуе стэп, іграе на губным гармоніку і наогул чаго толькі ён не знае і не ўмее. Працуе цэлы дзень напралёт, а сам жа напэўна хворы -- паслухайце, як кашляе. Яму здаецца, што яго абходзяць, адціраюць, што яго поспех прыніжаюць, даюць кепскія ролі. Думае, што мы ў змове супроць яго за так званыя палітычныя перакананні.

Ульрыхс зноў паглядзеў цераз сталы, пільна і сур'ёзна, на юнага Мікласа.

-- Дзевяноста пяць марак у месяц, -- сказаў ён раптам і пагрозліва зірнуў на дырэктара Шміца, які адразу неспакойна заюрзаў на крэсле, -- цяжка з такімі грашмі заставацца прыстойным чалавекам.

Цяпер ужо і Гэрцфэльд уважліва паглядзела на Мікласа.

Да гардэробшчыка Бёка, суфлёркі Эфой і гера Кнура Ганс Міклас падсаджваўся звычайна тады, калі лічыў, што яго асабліва подла абдзяліла дырэкцыя Мастацкага тэатра, якую ён называў сваім палітычным сябрам "жыдоўскай" і "марксісцкай". І больш за ўсіх ненавідзеў Гёфгена, гэтага "праклятага салоннага камуніста". Гёфген, калі верыць Мікласу, быў зайздрослівы фанабэра; у Гёфгена было памяшанне на велічы, ён хацеў граць усё, і гэта ён перахопліваў ролі ў яго, Мікласа.

-- Гэта подласць, што ён адабраў у мяне Морыца Штыфеля, -- з горыччу гаварыў нявінна пакрыўджаны. -- Ну, добра, калі ўжо ён сам ставіць "Абуджэнне вясны", хай ставіць, але навошта яшчэ і хапаць самыя выйгрышныя ролі? А нашаму брату не застаецца нічога. Гэта подласць! І наогул ён занадта тоўсты і стары на Морыца. Смех будзе глядзець на яго ў кароценькіх штоніках -- плюндрыках!

Міклас злосна паглядзеў на свае ногі, худыя і жылістыя.

Гардэробшчык Бёк, дурны хлопец з вадзяністымі вачыма і светлымі, вельмі шорсткімі коратка стрыжанымі валасамі, шчотачкай, хіхікаў над сваім куфлем: ці тое з Гендрыка Гёфгена, які будзе выглядаць вельмі камічна ў ролі гімназіста, ці тое з бяссілага гневу маладога Ганса Мікласа. Суфлёрка Эфой, наадварот, падтрымала Мікласа, абурылася: дзіва што, канечне -- подласць. Мацярынскі клопат пра маладога чалавека, які ўзяла на сябе гэтая старая тоўстая баба, абяцаў практычныя выгоды. Зрэшты, яна сімпатызавала яму і палітычна. Яна цыравала яму шкарпэткі, запрашала яго на вячэры, дарыла яму каўбасу, шынкі і печыва.

-- Трэба трошкі паправіцца, хлопча, -- казала, пяшчотна гледзячы на яго. Але ёй якраз падабалася яго худзізна, яго трэніраванае, гнуткае, статнае цела.

Калі яго густыя, цёмнарусыя валасы на патыліцы пачыналі иа тапырыцца ўгору, Эфой казала:

-- Ты, як вулічны падшыванец! -- і даставала з сумачкі расчоску.

Ганс Міклас сапраўды быў падобны на вулічнага хлапчука, якому не дужа павялося ў жыцці, але які ўпарта цугляе сваю слабасіласць. Яго жыццё сапраўды было нялёгкае; ён залягаў за трэніроўкамі цэлымі днямі, знясільваючы сваё статнае цела. Ці не таму ён і быў такі натyрысты і крыўдлівы, ці не таму ў яго быў такі да ўсяго гідлівы твар, хваравіта-шэрая бледнасць не красіла яго. Рэзкія скулякі, глыбока запалыя шчокі. Вакол светлых вачэй амаль чорныя кругі. Затое чысты, дзіцячы лоб як бы асвятляўся бледным, пачуццёвым ззяннем; свяціўся і рот, але неяк нездарова, занадта чырвона ў непрыемна пухлых губах: здавалася, у іх згусла збеглая з усяго твару кроў. Пад моцнымі і спакуслівымі губамі, ад якіх суфлёрка Эфой часта адвесці вачэй не магла, дзіўным здаваўся кароткі, кволы падбародак.

-- Сёння раніцай, на рэпетыцыі, ты быў такі бедненькі, такі страдненькі, аж я страхy набралася, -- заклапочана сказала Эфой. -- Гэтыя запалыя шчокі! Гэты кашаль! Такі глухі -- сэрца кроіць!

Міклас не трываў, каб яго шкадавалі; толькі матэрыяльныя формы шкадавання ён прымаў ахвотна, хай і без лішніх слоў. Ён прапусціў міма вушэй жаласлівыя ўсхліпы Эфой, павярнуўся да Бёка, спытаўся:

-- А ці праўда, што Гёфген сёння цэлы вечар у гардэробе хаваўся за шырмай?

Бёк не адмаўляў. Паводзіны Гёфгена здаліся Мікласу такімі недарэчнымі, што ён нават развесяліўся.

-- Я ж казаў, дурань-дyрнем!-- І пераможна зарагатаў. -- І ўсё гэта праз нейкую халдэйкy, у якое галава правалілася ў плечы! -- Ён прыгорбіўся, паказваючы, як выглядае Марцін; Эфой весялілася ад шчыраты сэрца. -- І такое пнецца ў зоркі!

З'едлівы здзек адрасаваўся не толькі Марцін, але і Гёфгену. Абое, на яго думку, няшчырыя немцы, з аднаго бо кагалу.

-- Марцін! -- сказаў ён далей, апусціўшы злосны, пакутлівы, сімпатычны малады твар у худыя, не зусім чыстыя далоні. -- Добра ж ёй малоць салонна-камуністычную лухту за тысячу марак кожны вечар. Банда! Але нічога, прыйдзе і наш час -- змяцём! Гёфгену яшчэ адрыгнецца!

Такіх небяспечных выказванняў звычайна ён асцерагаўся ў кавярні, асабліва калі паблізу быў Кроге. Але сёння ён не даў сабе клопатy стрымацца -- выткнyўся з языком, праўда, не да таго, каб уголас. Проста горача шаптаў. Эфой і гер Кнур згодна кіўнулі, а Бёк толькі лыпаў вадзяністымі вачмі.

-- Настане час, -- сказаў далей Міклас ціха, але вельмі палка, і яго светлыя запалыя ў цень вочы загарэліся гарачкавым бляскам. І закашляўся. Фраў Эфой папляскала яму па спіне і плячах.

-- Зноў глухі кашаль, -- сказала яна са страхам. -- З самай сярэдзіны...

Цеснае памяшканне было ўсё ў дыме.

-- Паветра -- не прадыхнеш, -- паскардзілася Моц. -- Самы дужы мужык не вытрымае. А мой голас! Дзеткі, заўтра вы зноў шyкайце мяне ў гарлавіка.

Нікому не хацелася шукаць яе там. Рахэль Морэнвіц нават іранічна заўважыла:

-- Ух ты, наша каларатура!

І атрымала ў адказ знішчальны позірк Моц, якая так ці гэтак і раней нешта мела супроць Рахэлі. Петэрсэн ведаў, што і за што. Яшчэ ўчора яго засталі ў гардэробе гэтай дэманічнай дзівы, і Моц галасіла. Але сёння яна, відаць, рашыла, што не дасца, каб нейкая фіфа з маноклем і ідыёцкай прычоскай псавала ёй настрой, хай не строіць з сябе нешта там такое што-та я, бо ж невялікае што -- тое "я", -- фігyрyецца мне тyт! Яна склала рукі на жываце і дэманстравала лагоду і душэўны спакой.

-- Божа, як тут міла, -- цёпла сказала яна. -- Што скажаш, татуля Ганзэман?

Яна падміргнула гаспадару, якому завінавацілася 27 марак і які з гэтай самай прычыны ў адказ і вокам не павёў. І калі Петэрсэн заказаў сабе біфштэкс, ды яшчэ з яйкам, яна абурылася:

-- Няўжо дзвюх сасісак мала!

Ад гневу на вочы набеглі слёзы. Моц і Петэрсэн часта сварыліся, праз ягоныя, як яна лічыла, залішнія траты, бо сцэнічны татуля заўсёды заказваў сабе самае дарагое, яшчэ і на чаявыя шчодрыўся раскошна.

-- Ну, вядома, без біфштэкса з яйкам яму астатняе ў гyбy не лезе!-- ледзь не заенчыла Моц.

А Петэрсэн у адказ мармытаў, што прыстойны мужчына павінен і харчавацца прыстойна. Тут Моц, ужо ў поўнай ятры, са злосным сарказмам спыталася ў Морэнвіц, ці не ўзычыў ёй часам Петэрсэн бутэльку шампанскага.

-- О, "Veuve Cliquot" -- гэта клас! -- усклікнула Моц і, пры ўсёй з'едлівасці, вымавіла назву маркі шампанскага з такім шармам, які сведчыў пра яе як пра даму з салонаў вышэйшага свету.

Гэтым разам Морэнвіц сур'ёзна пакрыўдзілася.

-- Я папрасіла б вас!.. -- рэзка ўскрыкнула яна. -- На досціпы вас павяло?

Манокль выпаў з яе вока, яе тоўсты твар заліўся чырванню і страціў усю дэманічную інфернальнасць. Кроге здзіўлена глянуў у іх бок; фраў фон Гэрцфэльд іранічна ўсміхалася. Красунчык Банэці паляпаў па плячы Моц, а заадно і Морэнвіц, якая грозна наблізілася да іх.

-- Не сварыцеся, дзеткі, гадзіцеся! -- параіў ён. Вакол рота сабраліся асабліва мілажальныя складкі. -- Нічога людзкага з гэтага не выйдзе. Згуляемце лепей у карты.

Тут пачуліся глухаватыя выкрыкі, і ўсе павярнулася да дзвярэй. У парозе стаяла Дора Марцін. За ёю стоўкся, як світа каралевы на сцэне, ансамбль, які прыехаў з ёю.

Дора Марцін засмяялася і памахала ўсім, хто тут быў з Гамбургскага мастацкага; сваім хрыплым голасам яна крыкнула, тым славутым манерам, які пераймалі тысячы маладых актрыс па ўсёй краіне, расцягваючы асобныя словы:

-- Дзеткі, нас запрасілі, вельмі нудны банкет, страшна шкада, але мы павінны ісці!

Здавалася, яна парадыравала сваю ўласную манеру гаварыць, так самахоць расцягвала яна доўгія склады. Але ўсім гэта прыпадала да спадобы, нават тым, хто трываць не мог Марцін, напрыклад, амбітнаму Мікласу. Нічога не скажаш -- яе паяўленне эфектy нарабіла. Шырока адкрытыя, дзіцячыя, загадкавыя глыбокія вочы пад высокім і разумным лобам бянтэжылі і чаравалі кожнага; нават татуля Ганзэман нягегла-дурнавата ўсміхнуўся. Фраў фон Гэрцфэльд, колішняя сяброўка Марцін, крыкнула ёй:

-- Як шкада, Дорачка. Але, можа, ты на хвілінку падсела б?..

Тое, што Геда была з Марцін на "ты", толькі падняло яе акцыі ў вачах прысутных. Але тая, распраменіўшы ўсмешкаю твар, адмоўна павяла галавой; твар амаль схаваўся пад паднятым угору каўняром карычневай футры: плечы яна трымала вельмі высока.

-- Вельмі шкада! -- правуркатала яна, страсянуўшы галавой, і яе рыжая грыва свабодна адкінутых валасоў, на якіх яна нічога не насіла, свабодна рассыпалася. -- Мы і так страх як познімся!

Тут нехта ззаду прапхнуўся праз яе світу. Гэта быў Гендрык Гёфген. На ім быў смокінг, y якім ён выступаў на сцэне ў свецкіх ролях, ужо даволі паношаны і зашмальцаваны. Плечы аблягаў белы шаўковы шалік. Гендрык парывіста дыхаў, шчокі і лоб сухотліва гарэлі. Ён нервова і неспакойна смяяўся, тросся, калі схіліўся да ручкі дзівы, не без пэўнай уяўна-ідыёцкай пачцівасці.

-- Прабачце, -- сказаў ён, усё яшчэ над яе рукою і смеючыся. Нейкім дзівосным чынам на ім трымаўся манокль. -- Фантастычна: я так позна, што вы падумалі б пра мяне... чыста фантастыка... -- Ён тросся ад смеху, твар яшчэ больш пачырванеў. -- Але я не магy адпусціць вас, -- тут ён нарэшце выпрастаўся, -- не сказаўшы вам, якую асалоду я атрымаў ад сённяшняга вечара, -- казачна!...

І раптам тое бясконца камічнае, з чаго ён так надрыўна смяяўся, як бы перастала існаваць, і твар яго застыў у абсалютным сур'ёзе.

Але тут ужо прыйшла чарга смяяцца Доры Марцін, і яна чаргі не ўпусціла -- засмяялася хрыпла і асабліва чароўна.

-- Круцель-мyцель! -- усклікнула яна, расцягваючы "у" мала не да бясконцасці. -- Вас жа і ў тэатры не было! Вы хаваліся! -- І яна лёгенька паляпала яго жоўтай скураной пальчаткай. -- Але нічога, -- распрамянілася яна. -- Вы ж такі даравіты.

Гэтая нечаканая заўвага ўразіла і спалохала Гёфгена так, што з яго твару ўся кроў адліла. Аднак амаль адразу ён ялейна сказаў:

-- Я? Даравіты? Гэта пустыя плёткі...

Расцягваць галосныя ўмеў і ён, не адна Дора Марцін. Яго моўнае какецтва мела свой стыль, ён нікога не пераймаў і не парадражніваў. Дора Марцін вуркатала; а ён манерна спяваў. І пры гэтым дэманстраваў ўсмешкy, якyю на рэпетыцыях паказваў дамам, калі разыгрываліся пікантныя сцэны. Гэтая ўсмешка адкрывала зубы і была даволі пошлая і вульгарная. Ён сам называў яе "сцярвознай". "Сцярвозней -- чуеш, мілая?-- яшчэ сцярвозней!" -- прасіў ён на рэпетыцыях Рахэль Морэнвіц альбо Ангеліку Зіберт, і сам паказваў, як гэта робіцца.

Выскалілася зубкамі і Дора Марцін, але пакуль з вуснаў лілося дзіцячае лепятанне, а галоўка какетліва пакручвалася на футры, яе вялікія, разумныя, незамутнёныя і журботныя вочы вывyчалі Гёфгенаў твар.

-- Вы яшчэ пакажаце ваш талент! -- ціха сказала яна, і нейкую секунду сур'ёзным быў не толькі позірк, але і твар. Сур'ёзна, амаль пагрозліва, яна кіўнула яму. Гёфген, які яшчэ чвэрць гадзіны таму назад хаваўся за шырмай, вытрымаў яе позірк. Тады Марцін зноў засмяялася, завуркатала: -- Мы вельмі познімся! -- кіўнула і знікла разам са світай. А Гёфген увайшоў у кавярню.

Сустрэча з Дорай Марцін дзіўным чынам падбадзёрыла Гёфгена; здавалася, цяпер ён быў у самым святочным настроі. Твар азараўся святлом літасці. Усе глядзелі на яго, цяпер амаль гэтак жа багавейна, як перад тым на берлінскае свяціла. Перш чым павітацца з дырэктарам Кроге і фраў фон Гэрцфэльд, ён падышоў да Бёка.

-- Паслухай, Бёк, -- заспяваў ён, прыняўшы спакушальную позу: рукі ў кішэнях штаноў, плечы паднятыя, на вуснах сцярвозная ўсмешка. -- Ты павінен пазычыць мне сама мала сем з палавінаю марак. Я хачу як след павячэраць, і нешта мне падказвае, што сёння татуля Ганзэман зышча з мяне гатоўкаю.

Яго вочы, пералівістыя, як каштоўныя камяні, кінулі косы позірк на Ганзэмана, які звесіў шызы нос над стойкай.

Бёк усхапіўся; ад выбрыку Гёфгена, які і ўлесціў і спалохаў яго, вочы зрабіліся яшчэ больш вадзяністыя, шчокі запунсавелі. Пакуль ён моўчкі і мітусліва корпаўся ў кішэнях, а Ганс Міклас з'едліва і варожа назіраў за ўсім, што адбывалася, да іх паспяшалася маленькая Ангеліка.

-- Гендрык! -- сказала яна нясмела. -- Калі табе патрэбныя грошы, я магу пазычыць пяцьдзесят марак да першага!

У Гёфгена адразу вочы зрабіліся халодныя, як у рыбы. Ён фанабэрыста кінуў цераз плячо:

-- Не ўблытвайся ў мужчынскія гешэфты, малышка. Бёк любіць даваць.

Гардэробшчык ўсхвалявана кіўнуў, а Зіберт адышла з мокрымі вачыма. Гёфген, не дзякуючы, нядбала апусціў Бёкавыя манеты ў кішэню. Міклас, Кнур і Эфой глядзелі на яго змрочна, Бёк збянтэжана, а Ангеліка са слязьмі, пакуль ён віхлява, белы шаўковы шалік усё яшчэ цераз плечы, праходзіў па кавярні.

-- Татуля Шміц хоча замарыць мяне голадам, -- патлумачыў ён, пераможна павярнуўшыся ўсмешлівым тварам да дырэктарскага століка. Адтуль ён быў прывітаны некалькімі "хэло"; нават Кроге прымусіў сябе да крыху шумнаватай і не зусім сардэчнай шчырасці:

-- Ну, стары грахаводнік, як маешся? Добра перанеслі сённяшні вечар?

Вакол яго кашэчага рота пабеглі складкі, як у Моц, за шкельцамі бліснулі фальшывыя вочы. Па ім раптам стала відаць, што ён піша не толькі эсэ пра палітыку і культуру і вершаваныя гімны, але і больш за трыццаць гадоў мае дачыненне да тэатра. Гёфген і Ота Ульрыхс доўга моўчкі і моцна трэслі адзін аднаму рукі. Дырэктар Шміц неспадзявана мяккім, прыемным голасам сказаў нейкі жарт, а фраў фон Гэрцфэльд усміхалася з беспрычыннай іроніяй, прычым яе залаціста карыя вочы, вільготныя ад унутранай цеплыні і амаль умольныя, глядзелі на Гендрыка. Ён пачаў раіцца з ёю над меню, што дазволіла ёй пасунуцца да яго сваімі раздыханымі грудзьмі. Яго сцярвозная ўсмешка, здавалася, зусім не палохала яе: яна да яе прывыкла, яна падабалася ёй.

Калі татуля Ганзэман прыняў заказ, Гёфген загаварыў пра сваю пастаноўку "Абуджэння вясны".

-- Будзе прыстойна, думаю, -- сказаў ён сур'ёзна, а вочы тым часам слізгалі па кавярні, аглядваючы актораў, як вочы палкаводца азіраюць войска. -- Вэндлу Зіберт не сапсуе, Банэці, канечне, не ідэальны Мэльхіёр Габар, але справіцца, наша дэманічная Морэнвіц дасць першакласную Ільзу.

Не часта здаралася, каб ён гаварыў вось так проста, без кепікаў, сур'ёзна і дзелавіта, як цяпер. Кроге паважліва, не без подзіву прыслухаўся. І толькі Гэрцфэльд зноў прыпсавала Гёфгену настрой, калі, саркастычна-падлізліва наблізіўшы вялікі, прыпудраны твар да самага Гёфгена, заўважыла:

-- Ну, а што да Морыца Штыфеля, -- дык тут ужо з самага аўтарытэтнага боку, самой Дорай, запэўнена, што малады актор, якому мы даверылі гэтую ролю, зусім не без таленту...

Кроге няўхвальна нахмурыў лоб. Гёфген як бы нічога і не змеціў.

-- А што б вы сказалі, дарагая, калі б вам даручылі ролю фраў Габар? -- у лоб спытаўся ён у Гэрцфэльд.

Гэта ўжо быў адкрыты і грубы глум. Што фраў Гэрцфэльд бог абдзяліў талентам, ведалі ўсе, і ўсе ведалі, што яна ад гэтага пакутавала. Любілі пакепваць з таго, што разумная дама не магла перасіліць сябе і абмежавацца хоць бы сціплымі ролямі старых матухнаў. На бестактоўнасць Гендрыка яна паспрабавала раўнадyшна перасмыкнуць плячыма, але нават пад грымам было відаць, як густая чырвань з адлівам у фіялетавасць расплылася па ўсёй плошчы яе вялікага немаладога твару. Кроге ўсё гэта бачыў, і ў яго сэрца зашчымела ад жалю, блізкага да пяшчоты: колісь у Кроге быў раман з фраў Гэрцфэльд.

Каб перамяніць тэму ці, правільней, перайсці да той тэмы, якая яго сапраўды сур'ёзна займала, Ульрыхс загаварыў пра рэвалюцыйны тэатр.

Рэвалюцыйны тэатр быў задуманы як серыя нядзельных ранішніх спектакляў у пастаноўцы Гендрыка Гёфгена пад патранажам камуністычнай арганізацыі. Ульрыхс, для якога сцэна ў першую чаргу і перш за ўсё азначала палітычны інструмент, з учэпістай натхнёнасцю ўхапіўся за гэты праект. П'еса, якую падабралі для прэм'еры, бліскуча падыходзіла для адкрыцця тэатра, ён яшчэ раз грунтоўна вывучыў яе.

-- Партыя вельмі цікавіцца нашым праектам, -- заявіў ён і з поўным значэння, змоўніцкім выглядам паглядзеў на Гёфгена, як бы не заўважаючы Кроге, Шміца і Гэрцфэльд, але горды тым, што і яны яго чуюць і што яго словы ўражваюць іх.

-- Яно так, але ці сплаціць мне партыя адшкадаванне, калі добрыя гамбуржцы пачнуць байкатаваць маю ўстанову, -- бурчаў Кроге, якога думка пра рэвалюцыйны тэатр увяла ў скептычна-прыкры настрой. -- Так, -- сказаў ён, -- у 1918 годзе яшчэ можна было дазволіць сабе такія эксперыменты. А сёння...

Гёфген і Ульрыхс пераглянуліся, у іх позірках чыталіся высакамернасць і тайнае ўзаемаразуменне, а таксама пагарда да мяшчанскага мыслення іх дырэктара. Так яны глядзелі доўга, фраў фон Гэрцфэльд бачыла гэта і пакутавала. Нарэшце Гёфген, крыху па-бацькоўску паблажліва, звярнуўся да Кроге і Шміца.

-- Рэвалюцыйны тэатр нам не пашкодзіць, напэўна не, паверце, татуля Шміц! Добрае ніколі чалавека не кампраметуе. Рэвалюцыйны тэатр будзе добры тэатр, бліскучы! Справа, за якою стаіць сапраўдная вера, сапраўдны энтузіязм, пераканае ўсіх -- нават ворагі замоўкнуць перад гэтай маніфестацыяй нашых палымяных ідэй.

Яго вочы свяціліся, крыху касавyрылі і, здавалася, глядзелі ўдалечыню з захапленнем, туды, дзе прымаліся вялікія рашэнні. Падбародак ён трымаў горда задзёртым; на бледным, крыху адкінутым назад, пачуццёвым абліччы ляжаў бляск упэўненасці ў перамозе.

"Гэта сапраўдная захопленасць, -- думала Геда фон Гэрцфэльд. -- Гэтага сыграць ён не можа, хоць і такі таленавіты."

Яна з трыумфам паглядзела на Кроге, які не змог прыхаваць хвалявання. Ульрыхс радасна падняў галаву.

Пакуль усе сядзелі, скаваныя эфектам яго кранальнага энтузіязму, Гёфген раптам змяніў паставу і выраз твару. Ён зарагатаў і кіўнyў на фота трагічнага героя на сцяне над сталом: сурова скрыжаваныя на грудзях рyкі, горды позірк з-пад змрочна насупленых броваў, шырокая барада, старанна распраўленая на нейкай фантастычнай егерскай камізэлі. Гендрык ніяк не мог супакоіцца, убачыўшы сябе такім пацешным тыпам. Пад агульны рогат, і толькі пасля таго як Геда паляпала яго па спіне, -- інакш Гедрык удавіўся б салатам -- ён заявіў, што сам быў вельмі падобны, -- так, амаль не адрозніць -- на гэтага тыпа, калі яшчэ іграў ролі татуль у паўночнагерманскім вандроўным тэатры.

-- Яшчэ хлапчуком я выглядаў такім непамысна старым. І па сцэне хадзіў, згорбіўшыся ад сораму. У "Разбойніках" мне далі старога Моора. Я быў выдатны добры стары Моор. Кожны з маіх сыноў быў гадоў на дваццаць старэйшы за мяне.

Пакуль ён рагатаў і гаварыў пра паўночнагерманскі вандроўны тэатр, ад усіх сталоў збіраліся калегі: усе ведалі, што зараз пойдуць анекдоты, і не якія там сівабародыя, а новыя, і, трэба думаць, даволі дасціпныя -- рэдка бывала, каб Гендрык паўтараўся. Моц, чакаючы асалоды, ужо пацірала рукі, ужо радасна паблісквала золатам зубоў і са змрочнай вясёласцю канстатавала:

-- Зараз парагочам!

І адразу кінула сур'ёзны позірк на Петэрсэна, бо той тым часам заказаў сабе двайны каньяк. Рахэль Морэнвіц, Ангеліка Зіберт і красун Банэці -- усе аж прыліплі да вуснаў Гендрыка. Нават Міклас мусіў прыслухацца, хацеў ён таго ці не: рафінаваныя жарцікі ненавіснага Гендрыка змусілі яго да бурклівага, насуперак волі, дробненькага смяшку. А гледзячы на штyкі любімага злосніка, радавалася і таўстуха Эфой. Пасопваючы, яна пасунула сваё крэсла бліжэй да Гендрыкавага, прамармытала: "Спадарства не супраць?", апусціла на калені недавязаную панчоху і спіцы, прыклала правую руку трубачкай да вуха, каб нічога не ўпусціць.

Вечар удаўся як ніколі. Гёфген быў у форме. Ён чараваў, ён ззяў, як брыльянт. Нібыта перад ім была вялікая публіка, замест некалькіх калегаў, ён крынічыў, велікадушна-душэўна, жартамі, шармам і бясконцымі анекдотамі. Чаго толькі не здаралася на той вандроўнай сцэне, дзе ён іграў татуляў! Моц аж заходзілася ад смеху. "Дзеткі, не магу больш!", крыкнула яна, і як што Банэці пацешна-галантна абмахваў яе хусцінкай, яна не заўважыла, як Петэрсэн зноў заказаў сабе шнапсу. Калі ж Гёфген вісклівым голасам, рэзкімі жэстамі і пачварна касавурачы пачаў паказваць юнацкія сентыментальнасці вандроўнага тэатра, дык нават у татулі Ганзэмана перакасіўся застылы твар, а гер Кнур схаваў ухмылку за насоўкай. Большага трыумфу з сітуацыі, здаецца, і выдабыць было нельга. Гёфген спыніўся. Пасур'ёзнела адразу і Моц, убачыўшы, як наклюкаўся Петэрсэн. Кроге даў знак канчаць. Было ўжо дзве гадзіны ночы. На развітанне Морэнвіц, якой заўсёды прыходзіла ў галаву што-небудзь арыгінальнае, падарыла Гендрыку доўгі муштук -- дэкаратыўную, але, зрэшты, зусім неўжыткоўную рэч.

-- Гэта таму, што ты сёння такі нязвыкла дасціпны і пацешны, Гендрык.

Яе манокль падбліснуў яго маноклю. Убачылі, што ў Ангелікі Зіберт, якая стаяла каля Банэці, ад зайздрасці пабялеў нос, вочы напоўніліся слязьмі і адначасова зрабіліся крыху хітраватыя.

Фраў Гэрцфэльд запрасіла Гендрыка выпіць з ёю яшчэ па кубачку кавы. У пустой кавярні татуля Ганзэман ужо тушыў лямпы. У змроку Геда мела свае выгоды: яе вялікі, мяккі твар з пяшчотнымі, разумна адухоўленымі вачыма цяпер здаваўся маладзейшым ці нават зусім безузроставым. Гэта ўжо больш не было засмучанае аблічча інтэлектуальнай жанчыны, якая старэла. Шчокі больш не здаваліся прыпушанымі, а гладкімі. Усмешка вакол па-ўсходняму абмяклых, паўраскрытых вуснаў больш не была іранічная, а амаль спакушальная. Ціха і пяшчотна глядзела фраў фон Гэрцфэльд на Гендрыка Гёфгена. Яна не думала, што сама выглядае больш міла чым звычайна; толькі таму, што Гендрыкаў твар з напружанай пакутлівай рыскай на скронях і высакародным падбародкам быў бледны і выразна вымалёўваўся ў змроку, яна заўважыла і цешылася гэтым.

Гендрык аблакаціўся на стол і паклаў пальцы выцягнутых рук адна на адну. Гэтую прэтэнцыёзную позу ён дазваляў сабе, як чалавек, у якога прыгожыя, гатычна вострыя пальцы. Але рукі ў Гендрыка Гёфгена ні ў якім разе не былі гатычныя; больш за тое яны, здавалася, хацелі сваёй непрыгожай грубасцю зняхаіць рысы пакуты на скронях. Верх рук быў шырокі і ў рыжых валасах; шырокія былі і даволі доўгія пальццы, кашчавыя, з не дужа чыстымі пазногцямі. Менавіта гэтыя пазногці надавалі рукам непрэзентабельны выгляд. Здавалася, яны былі з менш вартаснай субстанцыі: рыхлаватыя, рассыпчатыя, без бляску, без формы.

Гэтыя недахопы прыхоўваў выгадны змрок. Больш за тое, ён надаваў замроенай касавурасці зеленаватых вачэй нейкую загадкавасць і шарм.

-- Пра што вы думаеце, Гендрык?-- інтымна прыглушаным голасам спыталася Гэрцфэльд пасля доўгага маўчання.

Гэтак жа ціха адказаў і Гендрык:

-- Я думаю, што Дора Марцін памыляецца...

Геда нічога больш не пыталася, не пярэчыла, а ён усё глядзеў паўзверх складзеных на стале рук у цемру.

-- Я не буду апраўдвацца, -- скардзіўся ён. -- Не хачу нічога даказваць. Але я, як чалавек, не адбыўся. Я правінцыял.

Ён замоўк, сціснуў вусны, быццам спалохаўшыся сваёй шчырай адкрытасці, на якую спадобіла яго дзіўная гадзіна.

-- І больш?.. -- з пяшчотным дакорам спыталася фраў фон Геда. -- І больш вы нічога не думаеце? Заўсёды толькі пра гэта?

Паколькі ён маўчаў, яна падумала: "Так, гэта, мабыць, адзінае, што яго сапраўды займае. Тое, што ён там гарадзіў пра рэвалюцыйны тэатр і свой рэвалюцыйны энтузіязм -- тэта толькі камедыя." Гэта адкрыццё напоўніла яе расчараваннем; але ў нечым яна адчувала сябе нейкім дзіўным чынам задаволенай.

Вочы ў яго загадкава блішчалі. Ён маўчаў.

-- А вы хіба не заўважаеце, як мучыце малышку Ангеліку? -- спыталася фраў. -- Не адчуваеце, што вы -- прымушаеце людзей пакутаваць? Дзесьці неяк трэба плаціць за гэта. -- Яна не зводзіла з яго жаласнага, запытальнага позірку. -- Калі-небудзь трэба будзе і пакаяцца -- і пакахаць.

І ёй зрабілася пакутліва ад таго, што так сказалася. Гэта было занадта многа, яна не справілася з сабою. Яна хутка адвяла вочы ад яго твару. На яе здзіўленне ён не пакараў яе ні злоснай ухмылкай, ні пакеплівым словам. Больш за тое, ягоны касавуры застылы позірк свяціўся, звернуты ў цемру, быццам там шукаў адказу на неадчэпныя пытанні, быццам шукаў суцяшэння ў сваіх сумненнях альбо маляваў перад вачыма карціны будучыні, сапраўдным сэнсам у якой было -- стацца вялікім.