Крок да Гаморы

са зборніка „Трыццацты год”

Бахман Інгеборг


Увесь твор

Апошнія госьці адкланяліся. Засталася сядзець толькі дзяўчына ў чорным пуловеры і ў чырвонай спадніцы, яна ня ўстала разам з усімі. Мабыць, перабрала, падумала Шарлота, вярнуўшыся ў пакой, хоча паталкаваць са мною сам-насам, можа, нешта расказаць, а я да сьмерці стамілася. Нерашуча пастяўшы ў дзьвярах, яна прычыніла іх, каб даць апошняму госьцю яшчэ раз акінуць вокам пакой, прыняла з камоды попельніцу, зь беражка якое зьвісала тонкая плевачка попелу. У пакоі кавардак з крэслаў, на падлозе скамячаныя сурвэткі, задушлівае паветра, спусташэньне, пустэльня пасьля нашэсьця. Ёй зрабілася млосна. Яна ўсё яшчэ трымала непагаслы недапалак, паспрабавала ўціснуць яго ў месіва муштукоў і попелу. З попельніцы пацягнула смуродам. Яна зірнула на крэсла ў кутку, на зьвіслыя валасы, якія адлівалі чырванаватым бляскам, на чырвоную спадніцу, якая, раскінутая як капа, цераз сьцёгны дзяўчыны паўкругам ападала і прыкрывала сабою ногі, дыван і крэсла, дастаючы да самай падлогі. Нават больш, чым самую дзяўчыну, яна ўспрымала гэтыя безгалосыя чырвоныя тоны ў памяшканьні: сьвятло, якое прасочвалася праз чырвоны абажур, утвараючы мігатлівы слуп пылу; штыкет чырвоных каранцоў кніг на паліцы за лямпай; дзікую кашлатую спадніцу і матавыя валасы. Усяго нейкае імгненьне доўжылася так, як больш ніколі ня будзе -- адзін толькі раз сьвет быў чырвоны.

Вочы дзяўчыны, вільготныя, цёмныя, п’яныя аб’екты, пранізвалі ўсё і натыкаліся на вочы жанчыны.

Шарлота падумала: скажу, што блага пачуваюся, што мне трэба йсьці спаць. Толькі адну гэтую ветлівую фразу, якая найбольш пасуе да сітуацыі,-- трэба ж прыдумаць, як выставіць яе. Адбыла гасьціну і -- з Богам!. Чаму ня йдзе? Я ўжо на нагах не стаю, стамілася. Чаму госьці марудзяць, завалыхваюць? Чаму яна ня зьбіраецца з астатнімі разам?

Але момант быў упушчаны: лішне бо доўга прастаяла моўчкі; яна ціха пайшла далей на кухню, высыпала попельніцу, хуценька апаласнула твар, змыла зацягненасьць вечару зь яго бясконцымі ўсьмешкамі, уважлівай дагодлівасьцю, натугай ад патрэбы ўсё мець на воку. Перад вачыма -- шырокая спадніца.

Раскажа нейкую гісторыю. Але чаму акурат мне? Яна засталася, бо хоча пагаварыць са мною. Сядзіць бяз грошай альбо пачуваецца ў Вене ня дужа вальготна, прыбілася адтуль, славенка, паўславенка, з-за мяжы, кожным разам з поўдня, нават імя нейкае тамтэйшае -- Мара. Нешта ж яе ўгрызае, нешта ж ёй далягае, нешта ж павінна ўтачыцца,-- просьба, прыгода нейкая, якою прыспаць мяне хоча. Вядома, занадта самотна ёй тут у Вене, альбо ўліпла ў авантуру. Распытацца заўтра ў Франца пра гэтую дзяўчыну.

Заўтра!

Шарлота спалохалася, адразу ўспомніўшы пра свае абавязкі: заўтра з раніцы зайсьці да Франца, накруціць будзільнік, быць чыстай, быць выспанай, напусьціць на сябе радасьці, дзеля ўражаньня. Таму нельга марна ўпускаць час. Яна хуценька наліла дзьве шклянкі мінералкі і занесла іх у пакой, адну падала дзяўчыне, якая моўчкі выпіла і, адстаўляючы шклянку, грубавата сказала: значыцца, заўтра ён вернецца.

Так, сказала Шарлота. Запозна спахапіўшыся, дадала: Хто? -- Але было позна.

Ён часта ў ад’езьдзе. І тады Вам адзінока.

Часам, ня часта. Але ж Вы гэта ведаеце.

Вы хацелі б, каб я пайшла?

Не, сказала Шарлота.

Мне здалося, што той гаваркі мужчына таксама ахвотна застаўся б...

Не, сказала Шарлота.

Мне так здалося... Мара скрывілася.

Шарлоту забрала злосьць, але яна ўсё яшчэ адказала ветліва: Не, вядома ж не.-- Яна ўстала.-- Я згатую нам кавы. А пасьля выклічу таксі.

Ход удаўся, яна зноў адчула глебу пад нагамі, намякнуўшы дзяўчыне, што сама заплаціць за таксі.

Мара ўскочыла і схапіла Шарлоту за руку.

Не, сказала яна, я не хачу гэтага. Сёньня вы і так набегаліся з гэтай кухняй. Мы маглі б выпіць кавы ў горадзе. Хадземце. Хадземце адсюль. Я там адзін зацішак ведаю. Зойдзем, добра? -- Шарлота вызваліла руку і пайшла, не адказаўшы, па паліто. Яна вывела дзяўчыну за дзьверы. Адчула палёгку. На лесьвіцы, цёмнай і толькі на кожным павароце слаба падсьвечанай вулічным ліхтаром, да яе зноў працягнулася рука Мары, зноў узяла яе за руку. Яна баялася, каб дзяўчына не спатыкнулася, яна і цягнула і штурхала адразу, пакуль ня сышлі да дзьвярэй.

Перад імі ляжала Францысканская плошча, як вясковы пляц, аціхлая. Плёскат фантана, у цішыні. Як добра тут дыхалася і пахла недалёкімі лугамі і лясамі, калі глядзіш угору на месяц, у неба, такое шчытнае і па-начному сіняе пасьля мітусьлівай дзённасьці. Збязьлюдзелая Вайбурггасэ -- ні душы. Яны шпарка пайшлі да Кэрнтэрштрасэ, і раптам Мара, як спалоханае дзіця, зноў схапіла Шарлоту за руку. Пабраўшыся за рукі, яны наддалі хады, быццам нехта ўгоньваўся за імі. Мара перайшла на подбег, і нарэшце яны ўжо беглі, як дзьве школьніцы, быццам інакш ужо ісьці ніяк не выпадала. Марыны бранзалеты дзынькалі, адзін заціснуў Шарлоце локаць, балела, боль падганяў.

У гарачым, задушлівым пярэднім пакоі бара Шарлота нерашуча разгледзелася. Мара адчыніла і прытрымала ёй дзьверы ўсярэдзіну. Зноў, там зноў усё было чырвонае. Цяпер ужо і сьцены, чырвоныя, як у пекле, і крэслы, і сталы, і сьвяцільні, што, як сьветафоры, чакалі збавеньня ад салатавай прозелені неба, цяпер толькі запавольваючы ноч, бо людзям хацелася забавіцца ў начы, пакволіцца ў дыме, у п’янкім чадным смуродзе. Але гэтыя чырвоныя тоны, як што яны спрычыніліся не зь якой-небудзь выпадаковай нагоды, усё-такі слабей западалі ў сьвядомасьць, чым ранейшая сакавітая барвовасьць, яны паслабілі і тое ранейшае ўражаньне, -- Марыны валасы і яе шырокую спадніцу праглынула разьзяўленая пунсовая пашча.

У бары вяла, без ахвоты, папівалі і соўгаліся ў танцы; тым ня меней у Шарлоты было адчуваньне, што яна трапіла ў апраметную, дзе яе будуць смажыць і катаваць раней не вядомымі ёй тартурамі. Музыка, гамана ўжо праціналі яе пакутлівай карай за тое, што яна недазволена пакінула свой сьвет і баялася, каб яе ня ўбачыў нехта, хто яе ведаў. Унурыўшы галаву, яна прайшла сьледам за Марай да паказанага кельнерам доўгага стала, за якім ужо сядзела двох мужчын у цёмных гарнітурах, а крыху наўздальш, маладая пара,-- не падымаючы ні на момант вачэй, яны толькі дакраналіся адзін да аднаго кончыкамі пальцаў. Навакол тлуміліся і плылі танцоры, быццам апаўзаючы з тонучым караблём пад стол, тупталіся па падлозе, на якой ужо і сам стол быў асуджаны на пагібель, быццам усё тут імкнулася ў бездань. Усё хісталася, дымілася, выпаралася ў чырвоным сьвятле. Усё апускалася ўглыб, у абвалачэньні шуму, у нудоце -- глыбей, глыбей...

Шарлота заказала каву і віно. Калі зноў узьвяла вочы, Мара ўстала і пачала, за нейкі метр ад яе, танцаваць. Спярша здалося, быццам яна была адна, але пасьля разгледзела і нейкага мужчыну, які скакаў зь ёю, разгарачанага хліпкага хлопца, ці тое навучэнца, ці студэнта, які матляў клубамі і нагамі, таксама танцуючы як бы сам з сабою і толькі раз-пораз хапаючы Мару за рукі альбо прымаючы яе ў абдымкі, каб тут жа зноў адшпурнуць ад сябе і аддаць на волю яе вынаходлівай рухавасьці. Мара глянула на Шарлоту, усьміхнулася, павярнулася, высока падкінула рукою валасы. Адзін раз падскокнула каля самай Шарлоты і далікатна пакланілася.

Вы дазволіце?

Шарлота суха кіўнула. Адвярнулася, пачала піць маленькімі глыточкамі; яна не хацела заважаць дзяўчыне, назіраючы за ёю. Ззаду да крэсла падышоў мужчына і запрасіў яе. Яна трасянула галавой. Як прыклееная сядзела на сваім крэсьле, прыліп і язык, зноў сухі. Хацела падвесьціся, няпрыкметна зьнікнуць, пакуль Мара не глядзіць. Але яна не пайшла -- а ясна ўсьвядоміла гэта толькі пазьней,-- бо ў яе ні на пробліск ня ўзьнікала адчуваньня, што Мара танцавала, каб толькі не сядзець, альбо што сапраўды хацела танцаваць, каб застацца ці забавіцца з кім-небудзь. Бо тая ўвесь час кідала вокам сюды, дэманстравала свой танец, толькі каб быць на вачах у Шарлоты. Яна ўскідвала рукі і цела, працінала сабою паветра, як ваду, яна плыла, яна выстаўлялася напаказ, і Шарлота, змушаная нарэшце і, каб задаць сваім позіркам адназначна пэўны кірунак, сачыла за кожным яе рухам.

Музыка скончылася. Задыханая, распрамененая Мара села і схапіла руку Шарлоты. Узаемна паглынутыя рукі. Шэпт. Вы сярдуеце? Адмоўны ківок галавы. Дрымучая тупасьць. Зараз жа ўстаць і выйсьці, вызваліцца нарэшце з гэтых маленькіх учэпістых ручак. Шарлота рыўком вызваліла сваю правую, схапіла фужэр, выпіла. Нават віно не канчалася, колькі б яго яна ні старалася выпіць за раз. Час ня сплываў; гэтым зіркам, гэтым рукам -- ім канца ня было, ім зводу ня было і нічога не абыходзіла. Абодва мужчыны за сталом павярнуліся да Мары, пашапталіся зь ёю, усьміхнуліся ёй.

Навядзём масты, фройляйн?

Мара падняла рукі, сыграла з рукамі мужчын кароценькую не вядомую Шарлоце гульню. Не, ні мастоў, ні кладак, марныя забегі! -- усклікнула яна сьмеючыся, павярнулася да мужчын плячыма гэтак жа неспадзявана, як перад тым завялася зь імі, і з ходу нырнула рукамі пад рукі Шарлоты, якія, бледныя і халодныя, ляжалі на стале.

Ах, дамам зарупіла пабыць самім з сабою, сказаў адзін мужчына і дабрадушна ўсьміхнуўся свайму сябру. Шарлота заплюшчыла вочы. Яна адчула поціск Марыных пальцаў і адказала на яго, ня ведаючы чаму і ня хочучы гэтага. Так, так яно было. Вось гэтак і было. Спакваля яна зноў прыйшла да памяці, адчужана ўтаропілася ў стол перад сабою і не варушыцца. Ёй ужо хацелася ніколі не варухнуцца. Цяпер ёй было б усё адно, пойдуць яны ці застануцца, прасьпіцца яна да раніцы, ці не, ці доўжыцьмецца гэтая музыка далей, ці загаворыць зь ёю хто-небудзь, і ці пазнае яе тут хто...

Ну ж, скажы што. Пасьмейся крыху. Ці вытрымаеш там тое, што ў цябе там угары? Я б ня вытрымала, вось так хадзіць, так швэндацца, спаць адной наасобку, адной дзень і ноч працаваць, увесь час практыкавацца... О, гэта жудасна. Гэтага ня вытрывае ніхто!

Шарлота празь сілу сказала: Хадзем.

Яна баялася, што яе прарве, што вось-вось заплача.

Ужо на вуліцы яна ніяк не магла зьвязаць фразу, што ўжо адзін раз яе выратавала. Раней можна было проста сказаць: Я выклічу вам таксі... А цяпер сьлед было б неяк перафразаваць у сказ з “ты”. І ніяк не магла яго скласьці. Яны павольна пайшлі назад. Шарлота засунула рукі ў кішэні. Цяпер, прынамсі, Мара не магла ўзяць яе за руку.

Лесьвіцу на плошчы Францысканцаў гэтым разам Мара знайшла без дапамогі, ня пытаючыся ў цемнаце. Яна паперадзе, нібыта па гэтай лесьвіцы падымалася і спускалася часта. Шарлота ўставіла ключ у замок і застыла. “Нашай кватэрай” гэта ўжо больш не магло быць, калі зараз яна сапраўды адчыніць. Мара больш не пацягне зь лесьвіцы. Я павінна была цягнуць яе, падумала .

У пакоі, ужо празь імгненьне, Мара абвіла яе рукамі за шыю, як дзіця, павісла на ёй. Маленькае трапяткое цельца павісла на яе целе, якое раптам здалося ёй большым і дужэйшым, чым было. Рэзкім рухам Шарлота вызвалілася, выняла з кішэні руку і ўключыла сьвятло.

Яны селі ў пакоі, як і раней тут сядзелі, закурылі.

Гэта вар’цтва, ты звар’яцела, сказала Шарлота, як такое магчыма?... Яна замоўкла, больш не гаварыла,-- такой сьмешнай сама сабе здалася. Яна курыла і думала, што гэтая ноч ніколі ня пройдзе, што гэтая ноч толькі пачалася і магчыма, трывацьме бясконца.

Мусіць, Мара цяпер застанецца тут назаўсёды, а сама яна заўсёды толькі і будзе думаць, што яна нарабіла, што нагаварыла, будзе вінаватая, што Мара была і засталася тут.

Калі яна бездапаможна зірнула на дзяўчыну, убачыла на вачах у Мары сьлёзы.

Але ж ня плач. Прашу цябе, ня плач.

Ты ня хочаш мяне. Ніхто ня хоча мяне.

Прашу цябе, ня плач. Ты вельмі мілая, вельмі прыгожая, але...

Чаму ты ня хочаш мяне? Чаму? -- Зноў сьлёзы.

Я не магу.

Ты ня хочаш. Чаму? Скажы проста, чаму ты мяне ня любіш, і я пайду! -- Мара ўпала на калені; яна павольна апаўзла з крэсла, укленчыла і паклала галаву Шарлоце на ўлоньне. -- І тады я пайду, тады ты атрасешся ад мяне, неабольніцы горкай.

Шарлота не варухнулася, яна курыла і глядзела зьверху на дзяўчыну, вывучала кожную рыску на яе твары, кожны позірк. Вельмі доўга і вельмі пільна ўглядалася ў яе.

Гэта вар’яцтва. Яна яшчэ ніколі... Адзін толькі раз, яшчэ ў школе, надало ёй занесьці гістарычцы сшыткі ў настаўніцкую і ў пакоі нікога ня было, тая ўстала, паклала ёй на плячо руку, пацалавала ў лоб. “Мілая дзяўчынка.” Тады Шарлота, спалохаўшыся, бо настаўніца звычайна была такая строгая, павярнулася і выбегла ў дзьверы. Доўга яшчэ пасьля на сабе адчувала помсьлівыя вынікі гэтых двух пяшчотных слоў. З таго дня яе апытвалі стражэй за ўсіх астатніх, і адзнакі пагоршыліся. Але яна нікому не пажалілася, перацерпела незаслужаны холад; яна зразумела, што за той пяшчотай магла настаць толькі такая страгата.

Шарлота падумала: але ж як мне расчуліць Мару? Яна з таго ж матэрыялу, што і я.-- І памаркоцілася па Францы, які быў у дарозе да яе, цяпер ягоны цягнік, пэўна, якраз на мяжы, і ніхто ўжо ня можа ўтрымаць яго ад паездкі далей, ніхто ня можа засьцерагчы Франца, што, бач, ня едзь ты, чалавеча, не вяртайся дамоў, што іхняя кватэра перастала ўжо быць “нашай кватэрай”. Ці ўсё такі яшчэ была? Усё яшчэ стаяла на сваім месцы, ключ замыкаў, і калі б Мара цяпер з добрага дзіва раптам зьнікла альбо раптам пайшла, тады заўтра ўсё выдалася б толькі нейкай прымарай, відзежам, нечым, чаго якраз ніколі і ня было.

Ну будзь жа ты цаца, прашу цябе. Мне яшчэ трэба выспацца, мне заўтра рана ўставаць.

Я не разумная. Ах, міленькая, міленькая красачка мая, ты крыху-крышуткі падманваеш мяне, праўда?

Чаму? Як гэта? -- Шарлота, сонная, накураная, пустая, ужо нічога ня кеміла, ня цяміла. Яе думкі ўсё яшчэ, як паставыя, валэнсаліся туды-сюды па галаве, чулі варожыя галасы, былі на варце, але не маглі падняць трывогу, зрыхтавацца да адпору.

Ты маніш! О, як ты маніш!

Ня ведаю, пра што ты. Чаму я павінна маніць, і ўвогуле, што ты маеш за ману?

Ты маніш. Ты клікнула мяне, дазволіла прыйсьці да цябе, яшчэ раз узяла мяне з сабою сярод ночы, а цяпер грэбуеш, цяпер ня можаш сама сабе даць веры, што гэта ты мяне паклікала!

Я цябе...

А няўжо ж не, не запрашала? А што ж гэта было?

Шарлота заплакала. Яна не магла суняць сьлёз, якія нагарнуліся так раптам. Я шмат каго запрашаю.

Ты маніш.

Марын мокры твар, мокры яшчэ, калі яна зноў засьмяялася, прыціскаўся да твару Шарлоты, быў пяшчотны, цёплы, і сьлёзы абедзьвюх зьмяшаліся. Пацалункі маленькага роціка, локаны, якія трапяталі над Шарлотай, маленькая галоўка, якая прыціскалася да яе галавы, -- усё было далікатнае, крохкае, ня вартае быць галавою, валасамі, цалункамі, усё так зьнянацку зваліліся на Шарлоту. Яна шукала ў яе пачуццях якога-небудзь указаньня, у руках інстынкту, у галаве зьвеставаньня. Але засталася без арыентацыі.

У дзяцінстве Шарлота часам ад наплыву пачуццяў цалавала сваю кошачку, у маленькі пысак, у вільготнае, халоднае, пяшчотнае нешта, вакол якога ўсё было мяккае і чужое -- ужо тады чужое для цалаваньня. Гэтакія сама вільготныя, пяшчотныя, няпрывычныя былі губы ў дзяўчыны. Пра кошку Шарлота падумала як бы мусам, каб сьціснуць зубы. Але разам з тым сама сабе мусіла і адзначыць, якія гэтыя нязвычайныя губы -- пачуццёвыя.

Такія вось былі губы і ў яе, такімі яны прымалі мужчыну, вузкія, амаль без супраціву, амаль бяз мускулаў -- маленькі пысак, іх ня прымаеш на добрым сур’ёзе.

Пацалуй мяне толькі раз, умольна папрасіла Мара. Толькі адзін разок.

Шарлота зірнула на гадзіньнік на яе руцэ; неяк раптам зарупела з тым яе гадзіньнікам, і ёй хацелася, каб Мара заўважыла гэта.

Каторая ж цяпер гадзіна? -- Нейкі новы тон паявіўся ў голасе ў дзяўчыны, нейкі такі, злы, зьедлівы, якога такога Шарлота раней ніколі ня чула.

Чатыры, суха сказала тая.

Я застаюся. Чуеш? Я застаюся. -- Зноў гэты нізкі тон, пагрозьлівы, падступны. Але сама яна ці ж ніколі нікому не казала: Я застаюся. Сама сабе яна верыла, што ніколі ні з кім не гаварыла ў такім тоне.

Калі ты яшчэ не зразумела: няма сэнсу табе заставацца. А шостай прыходзіць наша служанка.-- Цяпер яна таксама ўзлавалася, даўшы адчуць Мары гэты тон, яна сказала “наша” і тым самым сама схлусіла, бо... выклікала жанчыну толькі на дзевятую гадзіну.

Вочы ў Мары загарэліся. Не кажы, о, не кажы так! Ты злая, такая злая. Каб ты толькі ведала, як ты мяне вярэдзіш... Думаеш, я дапушчуся, каб ты пайшла на вуліцу і вярнулася зь ім! Ён што, добра цябе абдымае? Лепей? Як?

Шарлота маўчала; яна была такая напятая, што не магла вымавіць ні слова.

Кахаеш яго? Не? Кажуць... ах, людзі кажуць, праўда... Яна адмахнулася. Ах, як я ўсё гэта ненавіжду. Як я ненавіджу Вену! Гэтую вучобу -- ненавіджу, балбатуноў, гэтых мужчын, гэтых баб, акадэмію, усё, усіх. Адно ж цябе, як толькі ўбачыла... Ты напэўна іншая. Ты павінна быць іншай. Альбо ты маніш!

Хто там што кажа? Што?

Я б ня прыйшла, век ня прыйшла б... Бажуся.

Але ж гэта... Шарлота не магла гаварыць далей. Яна хістаючыся ўстала. Устала і Мара. Яны стаялі адна перад адной. Мара павольна, ужо калі ўзбуджанасьць пайшла на спад, схапіла са стала шклянку, пасьля другую, пасьля вялікую вазу і шпурнула ў сьцяну, пасьля плэер, зь якога з трэскам вылецелі і пакаціліся касэты і навушнікі.

Шарлота маблізавала ў сабе ўсю сілу на вялікі гнеў, на крык, на шал, на зьнявагу. А сіла пакінула яе. Яна проста па дзяўчыне бачыла, як тая драбок па драбочку на драбкі разбуралася. Разбурэньне гэтае, здавалася, распаўзалася, як пажар, як паводка, як распад. Мара нагнулася раптам, падняла два вялікія чарапкі ад вазы з-пад садавіны, прыклала іх адзін да аднаго і сказала: Якая прыгожая міса. Даруй мне. Мусіць, ты вельмі любіла яе. Даруй мне, калі ласка.

Шарлота пералічыла, без шкадаваньня, абыякава, усе разьбітыя альбо папсаваныя рэчы. Гэта былі нямногія рэчы, але яна ахвотна дадала б да іх усё ў пакоі, калі б можна было дакладней аблічыць памеры разбурэньня,-- было б намнога болей; усё гэтак сама на глум пайсьці магло. Бо яна толькі глядзела, пальцам не варухнуўшы, колькі там чаго ні білася, ні ламалася, усё прымаючы спакойна.

Яна нагнулася і пазьбірала навушнікі, касэты, пазграбала чарапкі, пахадзіла нагнуўшы галаву, каб не падымаць вачэй і ня бачыць Мару; пасьля ўпусьціла некалькі чарапкоў, нібыта ўжо ня мела ніякага сэнсу нешта там прыбіраць. Прысела, усё яшчэ цягнучы маўчаньне, на кукішкі на падлозе. І дала волю вольную пачуццям і думкам.

Яна была свабодная. Нічога больш не здавалася ёй немагчымым. Як гэта яна не павінна пачынаць жыць з сутнасьцю падобнага стану?

Але цяпер Мара укленчыла каля яе, загаварыла, і ўвесь час гаварыла і гаварыла. Мая каханая, ня лічы пабітага, чуеш, мне так шкада, сама ня ведаю, што на мяне найшло, але ты, будзь добрая са мною, я вар’ятка, ведаю, я звар’цела ад цябе, я хацела б, я веру, я магла б...

Шарлота падумала: мне ўсё яшчэ няясна, пра што яна, куды яна гне. Словы ў мужчын былі тыя самыя ў такія моманты, можна было б арыентавацца па іх. Не магу слухаць Мару, яе ацесьлівыя, бязмускульныя словы, гэтыя пустыя, нікчэмныя словы.

Паслухай, Мара, калі ўжо табе закарцела на шчырую праўду. Мы павінны паспрабаваць пагутарыць, па-людзку пагутарыць. Паспрабуй. (Вядома, ніякай праўды яна не хацела, а там яшчэ пытаньне, як тая твая праўда пра нас абедзьюх павінна называцца, чым яна абернецца. Слоў такіх нямашака, каб упасавалі.) Я не магу ўцяміць, пра што ты гаворыш. Вярзеш нешта бязглуздае. Не магу сабе ўявіць, як і чым ты думаеш. Табе ў галаве, мусіць, закаламуцілася.

Бедная мая галава! Паспагадай ёй, пагладзь яе. І замоўкла. Яна ўжо аднаго разу такое чула -- ня словы, тон. Яна ўжо колькі разоў сама сабе казала, асабліва на першым часе з Францам, перад Міланам таксама ўпадала ў гэтакі тон, падсюсюкваючы дзеля аздобы голасу; а той мусіў слухаць бязглузды цвіркат, яна муркала і зашчабетвала яго, крывіла мызачку, яна, слабая, дужала дужага, бездапаможная дурніца задурвала яго, глуздастага, шматкемнага. Яна імітавала такія самыя слабіны, якія Мара цяпер ладзіла перад ёю,-- і мужчына апынуўся ў яе лапках, яна дамаглася ягонай пяшчоты, акурат калі той думаў пра зусім іншае, так, як цяпер гэтага дамагалася Мара, прымушаючы гладзіць яе, быць добрай, разумнай быць прымушаючы.

Толькі ж сёньня яна была ўжо спанатраная ў такіх штуках. Але ўся яе дасьведчанасьць -- гэта пустое і намарна пойдзе. Альбо, можа, усё такі?.. Мабыць, не дапаможа і тое, што яна раскусіла дзяўчыну, бачыла яе наскрозь, таму толькі што ўспомніла самую сябе, раскусіла сябе, убачыла сябе наскрозь. І тут раптам сама сабе здалася адразу пастарэлай, бо вось, гэтая істота перад ёю строіла зь сябе дзіця горкае, нечапайку-непадзьмінку, а зь яе, Шарлоты, -- вялікую і абазнаную -- і ўсё гэта дзеля сваёй мэты. Яна яшчэ раз, нясьмела, павольна, пагладзіла валасы Мары, як бы нешта ёй з ахвоты абяцаючы. Нешта салодкае, кветкі, ноч альбо ланцуг. Проста, каб так, дзеля адчэпнага. Каб яна, Шарлота, нарэшце ўстала і змагла думаць пра нешта іншае; каб агналася ад гэтага настырнага зьвярка. Яна падумала пра Франца і спыталася ў сябе, ці не адчуваў і ён часам яе абрыдласьці, ці не хацелася яму агнацца ад яе, маленькага зьвярка, дзеля свайго спакою.

Шарлота ўстала, заўважыўшы, што не зацягнуты шторы. І ўсё ж яна з куды большай ахвотай пакінула б вокны ў сьвятле, даступнымі для падгляду. Ёй больш ня было чаго баяцца. Гэта павінна было б стацца пачаткам таго, пра што яна думала і разважала, і павінна было б ужо ня мець ніякага значэньня, што нехта маніцца запыніць яе думкі, што, урэшце, ёй дазволена жыць па самахоці.

Калі б яна не пачала жыць з Марай... Тады ўжо лепей аддацца працы, напрыклад. Хоць яна заўсёды любіла працаваць, яе працы заўсёды бракавала клятасьці, прымусу, бязумоўнай неабходнасьці. Акрамя таго трэба было мець некагась вакол сябе, поруч з сабою, за сабою, дзеля каго яна ня толькі працавала б, а дасталася б у сьвет, якому яна задавала б тон, вызначала вартасьць рэчаў, выбірала б яму месца.

Яна агледзелася ў пакоі. Мэблю для яго падбіраў Франц, за выключэньнем лямпы ў спальні, некалькіх вазаў, драбніц. Ніводнай ягонай рэчы ня было ў гэтым пакоі. Ня было чаго і думаць, што нехта нешта будзе рабіць зь ёю ў кватэры, пакуль яна жыла б тут з мужам. Пакінуўшы дом, яна недзе з год пражыла з адным студэнтам, у пакоі зь лямпай пад пыльным шаўковым абажурам, плюшавымі крэсламі і сьценамі, цалкам заклеенымі плакатамі і таннымі рэпрадукцыямі мадэрнага жывапісу. Яна б ніколі не адважылася нешта ў гэтым памяняць; усё гэта было яе асяродзьдзе. Цяпер яна жыла ў сьветлым парадку, які належаў Францу, і пакінь яна Франца, хутка перайшла б у іншы парадак, у старую велягурыстую мэблю, альбо ў мэблю сялянскую, альбо ў калекцыю вайсковага рыштунку, у такі парадак, прынамсі, які ня быў яе парадкам -- зьмяніць яго было б нельга. Дакладней, яна ўжо і сама болей ня ведала, чаго сабе хацела, бо тут і хацець ужо ня было чаго. Натуральна, пры кожнай чарговай куплі Франц пытаўся: Гэта табе пад густ? Як ты думаеш? Ці, можа, лепей у блакітным тоне? І яна казала, што думала, а менавіта: у блакітным. Альбо: стол, можа, крыху ніжшы. Але яна магла выказаць сваё жаданьне толькі тады, калі ён пытаўся. Яна зірнула на Мару і ўсьміхнулася. Наском штурхнула стол. Гэта была абраза. Яна абражала “наш стол”.

Мара магла б падпарадкаваць яе сабе, кіраваць ёю, падсоўваць яе. Яна ахвотна мела б каго-небудзь, хто трымцеў бы ў экстазе перад яе канцэртам, каб трымаў напагатове цёплую кофту, калі яна, спатнелая, выходзіла б з залы, кагосьці, каму важна толькі браць удзел у яе жыцці і каму яна была б мерай усіх рэчаў, кагосьці, каму важней трымаць у парадку яе бялізну, слаць ёй пасьцель, чым задавальняць славалюбства -- перш за ўсё некагась, каму важней думаць аднымі зь ёю думкамі, чым мець адну сваю думку.

І ёй раптам здалося, што яна ведае, чаго ёй усе гэтыя гады бракавала і чаго яна ўпотай шукала: патлатае, кволае стварэньне, на якое можна было абаперціся, якое заўсёды гатовае падставіць плячо, калі ты ў бязраднасьці адчуваеш сябе зьняможанай альбо самаўладнай, каго можна было б паклікаць і прагнаць і каго, дзеля справядлівасьці, трэба было б атуліць сваім клопатам, каго можна было б баяцца, на каго можна было б гневацца. Ніколі яна ня ўмела гневацца на Франца, ніколі не магла яна на яго накрычаць, як гэта часам ён пакрыкваў на яе. Ніколі не вызначала яна. Вызначаў усё ён (альбо абое разам, калі ён што ўхваляў -- але гэта быў заўсёды ён, хто, сам таго не ўсьведамляючы, заўсёды ўсё вызначаў, а яна інакш і не хацела...). Хай ён любіў яе самастойнасьць і яе працу, яе посьпехі радавалі яго, ён суцяшаў яе, калі яна не патрапляла даць сабе рады ў крутаніне паміж працай і хатняй управай, і перапускаў ёй многае, колькі можна было перапусьціць у іхняй суполцы, яна ведала, што ён ня быў створаны на тое, каб дабрахоціць ёй права на яе ж няшчасьце, на самотнасьць. Яна дзяліла ягоныя няшчасьці альбо лісьліва імітавала спагаду; часта ў ёй неразлучна сужываліся лісьлівасьць, каханьне, сяброўскасьць. Але няважна, колькі шчырасьці было ў ёй і колькі прагі ўсё прыцьміць, -- важна было, што толькі яна адна ведала ў сабе гэты пункцік, які часта кіраваў ёю, але яна ніколі не магла знайсьці на яго ўправу.

Высакамернасьць, зь якою на сваё ж няшчасьце яна адстойвала сваё права на адзіноту, заўсёды жыла ў ёй, але толькі цяпер яна прарвалася, расьцьвіла, забуяла, жывым плотам засланіла яе. Нельга было выбавіць, і ніхто не павінен быў важыцца вывесьці яе з-за таго плота, ведаць тысячагодзьдзе, калі чырвонаквяцістае вецце, пераплеценае сваімі кіпцямі, распляцецца і расправіцца, адкрые ёй дарогу на волю. Прыйдзі, сон, прыйдзіце, тысяча гадоў, каб разбудзіла мяне чыясь іншая рука. Ходзь сюды, ходзь, каб прачнулася я, калі ўжо ня мецьме ніякага значэньня -- мужчына ты ці жанчына. Калі гэтаму хоць які канец набрыняе!..

Яна жалобіла па Францы, як па нябожчыку; чуваў ён цяпер ці спаў у цягніку, які мчаў яго дадому, а ўсё адно ж ня ведаў, што ён ужо нябожчык, што ўсё ранейшае было марнасьцю, нават і падпарадкаванасьць, якую яна сама больш за яго практыкавала, бо ён, зрэшты, зусім ня ведаў, што там у ёй было падпарадкоўваць. Так і так ён зашмат сілы змарнаваў, займаючыся ёю з абачлівай аглядкаю на яе. Калі ёй заўсёды здавалася правільным, што яна хацела жыць зь ім, дык жа заўсёды і ўяўлялася жалю вартым, што ён мусіў абцяжарваць сябе ёю, з гэтага нічога добрага не вынікала для яго; яна зычыла б яму такое жонкі, якая клапацілася б пра яго, якая захаплялася б ім, і ня ўбавілася б яго ад гэтага, нішто не магло б яго звузіць, паменшыць -- нават яе дакукі не маглі б, як гэта часам бывала, перабароць яго, але гэтак жа мала яны маглі даць яму і карысьці, бо і карысьць тая была б антыканстытуцыйнай, нявылечнай, непапраўнай прыроды. Ён дабрадушна згаджаўся, што, бач, ведае, як лёгка мог бы ўсё займець, але яму радасна жыць зь ёю: яна спрывычнілася яму, што, зрэшты магло стацца і зь іншай жанчынай; ён быў мудрэйшы за Шарлоту, даўно прызнаў свой шлюб за стан, які мацнейшы за індывідаў, што яго складаюць, які таму іхнюю супольнасьць выяўляе куды ярчэй, чым мог бы выявіць адну яе ў шлюбе або ўвогуле мог нешта ў ёй перамяніць. Як звычайна бывае ў шлюбе -- яна не магла па сваёй волі практыкаваць яго, не магла ўнесьці ў яго чагось новага, ніякай перамены, бо згадзіцца ўступіць у шлюб -- гэта ўжо азначае згадзіцца ўступіць у яго форму.

Шарлота ўздрыгнула ад глыбокага ўздыху, гэта ўздыхнула Мара, і ўбачыла, што дзяўчына заснула. Цяпер яна была адна, чувала над тым, што зрабілася магчымым. У гэты момант яна ўвогуле ня ведала, чаму раней была з мужчынамі і чаму з адным пашлюбавалася. Гэта ж чысты абсурд. Яна засьмяялася сама ў сабе і ўкусіла сябе за руку, каб ня дацца сну. Яна павінна была трымаць начную варту.

Калі зараз стары саюз парвецца? Яна баялася наступстваў разрыву. Неўзабаве яна ўстане, разбудзіць Мару, пойдзе зь ёю ў спальню. Яны скінуць зь сябе вопратку; цягамотна будзе, але так яно і сьлед, бяз гэтага нельга, з гэтага пачынаецца. Гэта будзе новы пачатак. Але як можна агаляцца зь першага разу? Як яно павінна адбывацца, калі нельга паручыцца за скуру і пах, за гадаваную пільнымі пахібамі цікаўнасьць. І як упершыню абудзіць цікаўнасьць, калі яшчэ нічога ёй не запабегла?

Яна ўжо ці раз, паўразьдзетая альбо ў танюсенькай бялізьне, стаяла перад жанчынай. І заўсёды было пакутліва, хоць на момант які: пад душам зь сяброўкай; у жаночай краме, у салоне моды, калі прадаўшчыца дапамагала прымерыць гарсэт альбо сукенку. Але як ёй перад Марай скінуць зь сябе ўсё, апусьціць усё на падлогу, не прапусьціўшы пачатку. Але, можа,-- і раптам ёй гэта здалося цудоўным -- можа, яны абедзьве зусім і не зьбянтэжацца, што на іх аднолькавая бялізна. Яны будуць сьмяяцца, разглядваць адна адну, будуць маладыя, будуць шаптацца. У гімнастычнай зале, у школе, заўсёды была віхура адзеньня, ружовай, блакітнай і белай тонкай бялізны. Яны, дзяўчаткі, заўсёды шпурляліся бялізнай, цаляючы адна адной у галаву, сьмеху ж было сьмеху, скакалі навыперадкі, перахоўвалі адна адной шмоткі -- і калі б небу тады была хоць якая патрэба ў дзяўчатах, яно напэўна перанесла б іх да чыстых крыніц, у пушчы-бары, у гроты-пячоры, і адну зь іх, напэўна ж, выбрала б за Эха, каб зямля заставалася маладая, поўная сагаў-легендаў, якім веку і скону няма.

Шарлота нагнулася над Марай, якая цяпер, у сьне, ужо ня была небясьпечная, пацалавала яе ў бровы, шырока разьлётныя і сьвяточна ўзьнёслыя на бледным твары, пацалавала ў руку, якая зьвесілася з крэсла, а тады потайкам, палахліва нахілілася над бледнымі вуснамі, зь якіх за доўгую ноч зьлізалася ўся шмінка.

Ці магло гэта стварэньне яшчэ раз спакусіцца плодам, яшчэ раз абудзіць гнеў, яшчэ раз адважыцца вярнуцца на зямлю! Перажыць новае прачынаньне, новы сорам! Гэтая істота ніколі ня была пастаянная. Яна давала магчымасьці. Плод ня быў забаронены, сёньня не, сёньня яшчэ не. Духмянасьць усіх пладоў, раўнавартасных пладоў, стаяла ў паветры. Іншая дасьведчанасьць гэта была ў чалавека. Яна была свабодная. Настолькі свабодная, што яшчэ магла быць уведзена ў спакусу. Яна хацела вялікай спакусы -- спакушэньня, заплаціць за яго і быць праклятай, як гэта ўжо аднаго разу было.

Божа мой, думала яна, я жыву ня сёньня, у што толькі не дазваляю ўблытваць сябе, ва ўсё, што вакол робіцца, каб толькі ня даць сабе ўхапіць тое, што мне дадзена. Час вакол мяне распадаецца, рвецца. Я нічыя ня жонка. Я нават проста ня жонка. Я хачу толькі даўмецца, хто я такая, што за адна, хачу мець сабе таксама свой утвор, і хай ім будзе мой цярплівы, вінаваты, ценепадобны саўдзельнік. Я не хачу Мары, бо я хачу мець яе рот, яе пол, хай ён такі самы, як мой. Ані блізка. Я хачу мець свой утвор, і я яго зраблю сабе сама. Мы заўсёды жылі нашымі ідэямі, а гэта і ёсьць мая ідэя.

Калі б яна кахала Мару, усё перамянілася б.

Тады б яна мела істоту, якую магла б прысьвяціць сьвету. Яна адна дасталася б да любога маштабу, любой таямніцы. Заўсёды яна марыла пра магчымасьць перадаваць сьвет і азадачвалася, калі яго перадавалі ёй, зацята маўчала, калі хацелі ёй нешта ўвесьці ў сьвядомасьць, і думала пра той час, калі яна была дзяўчынка і яшчэ ведала, як трэба набірацца мужнасьці, і што няма чаго баяцца, і што можна прадзерціся наперад тоненькім кволым крыкам, за якім толькі трэба ісьці.

Калі б яна магла пакахаць Мару, яна ўжо не пачувалася б вальготна ў гэтым горадзе, у краіне, з мужчынам, з моўным бар’ерам, а была б у сябе. І ўшыкавала б дом дзяўчыне. Новы дом. Яна мусіла б тады зрабіць выбар дома, часу, мовы. Яна ня была б ужо выбранай, і ніколі не магла б быць выбранай пры тутэйшай мове.

Да таго ж, пры ўсіх радасьцях, якія ёй прынесла яе любоў да мужчын, нешта заставалася адкрытым. І хоць яна цяпер, у гадзіну чуваньня, яшчэ верыла, што кахае мужчын, мелася зона, куды нельга было ўступаць. Часта Шарлота дзіву давалася, што людзі, якія жалезна, сталёва і краменна павінны былі ведаць, якія пяшчоты яны маглі б прыдумаць адзін аднаму, былі так блага абазнаныя. У ранейшыя часы лебедзь і залаты дождж яшчэ маглі рабіць алюзію шырокага поля гульні, і ў сьвеце ніяк не магло быць цалкам забыта, што гульнёвае поле было большае, што малая сістэма пяшчотаў, якую сфармавалі і перадавалі, была не адзіная магчымасьць. У маленстве Шарлоце хацелася любіць усё і найперш -- каб яе любілі, каб любіў і вір каля скалы, і гарачы пясок, і бярэмак дроў, і шулячыны крык -- каб зорка ўвайшла ёй пад скуру, каб дрэва, якое яна абдымала, ураслося ў яе -- ад усяго гэтага ў галаве вінцілася. На сёньня яна даўно ўжо абазнаная, дасьведчаная, настаўленая ў каханьні, але ж якою цаною! У большасьці людзей, здавалася, гэта так ці інакш была сумная пакора таму, што яны сабе адзін з адным дазвалялі; яны, мусіць, лічылі гэта мусовым, бо нічога іншага ня мелася, і тады яны, мабыць, спрабавалі верыць, што было правільна, было добра, было якраз тое, чаго яны хацелі. І ўзышло ёй на мысьлі, што толькі адін з усіх мужчын, якіх яна ведала, мусіць, сапраўды быў арыентваны на жанчын. Яна падумала пра Мілана, якому яе заўсёды было мала, якому ўсяго было мала акурат таму, і які таксама ведаў, што і ёй усяго мала і ўсяго неставала, які праклінаў і сябе і яе, бо яе ўжо залішне выштукаваныя цялесы былі перашкодай пры выбуху даволі ўжо прызабытых альбо яшчэ не вядомых пяшчотаў. Яно, цела, было надта даступнае для вобмацку, для абмусольваньня вачыма нават цалкам прысутнае: ап’янеласьць, экстаз, глыбіня, аддача, асалода. Пасьля гэтага яна зноў паразумелася з адным мужчынам на дабрыні, закаханасьці, зычлівасьці, клопаце, апоры, надзейнасьці, абароне, вернасьці, розных праявах павагі, што было ня толькі эскізным накідам, а ўвайшло ў іх ж ыццё.

Так ёй стала магчымым выйсьці замуж, яна прыняла свае перадумовы ўступіць у такі стан шлюбу і так у ім уладзіцца, насуперак прынагодным абурэньням і мяцяжам, насуперак яе ахвоце, падарваць свае ўстоі. Але заўсёды, калі яна спрабавала пахіснуць гэты стан, ёй вельмі хутка даходзіла да памяці, што яна ня ўмела нікім запоўніць узьніклы прагал, што ёй неставала цвярозага глузду і Франц са сваёй усьмешачкай меў рацыю, пазьней спачуваючы ёй. Ёй падабалася жыць зь ягонай саступлівасьцю, пры ягоным патураньні. Але яна ня была ўпэўненая, што яму падабалася жыць пад яе саступлівасьцю і патураньнем, і як яно было б, калі б ён заўважыў, што яна таксама яму патурае. Калі б ён толькі ведаў, што ў душы яна ніколі не магла даць веры таму, што ўсё павінна быць такім, якім яно ў іх было, і што яна найперш не магла паверыць, што ён разумеў яе цела. Яе добры шлюб -- тое, што яна так называла,-- якраз на тым і грунтаваўся, што ён нічога не разумеў у яе целе. Ён, мабыць, заступіў кон у гэтай чужой вобласьці, але ўжо незабаўным часам уладзіўся там, дзе яму было найбольш зручна і ўтульна.

Па руху дзяўчыны, калі тая ў паўсьне працягнула да яе руку, абхапіла пальцамі яе калена, пагладзіла пад каленам ямку, праверыла і абмацала, яна адчула, што гэтае стварэньне нешта пра яе ведае, чаго ня ведаў ніхто, нават сама яна, бо прымала любую такую прыкмету за ўказаньне. Шарлота задрыжала, спалохана адхіснулася назад і перажагналася. Яна баранілася ад новага ўказаньня.

Пакінь мяне, сказала яна няпрыязна. Кінь гэта. Кінь.

Мара расплюшчыла вочы: Чаму?

Але ж бо, чаму, зрэшты? Чаму яна не пераставала думаць, чуваць і хаваць мёртвае? Чаму, калі ўжо зайшло аж так далёка, яна нарэшце ня ўстала, не падняла Мару і не пайшла зь ёю ў ложак?

Мара са змоўніцкім позіркам прашаптала: Я толькі хачу завесьці цябе ў тваю спальню, пакласьці ў ложак, паглядзець, як ты засьнеш. А тады пайду. Я нічога не хачу, толькі падзівіцца, як ты засынаеш...

Калі ласка, цішэй. Не гавары. Цішэй.

Ты проста баішся мяне, сябе, яго! -- Зноў спад тону, які ўсё панізіў, які панізіў і Шарлоту.

А Мара пераможна дадала: Як ты маніш! Якая ты баязьлівая!

Нібыта яно толькі пра тое і вялося! Нібыта павінна было вычарпацца ўступленьнем у забароненае, -- ат, невялічкая дурасьць, дадатковая цікаўнасьць!

Не, толькі адкінуўшы ўсё за сябе, усё спаліўшы за сабою, яна магла вярнуцца ў самую сябе. І прыйдзе царства тваё, і як прыйдзе яно, будзеш ты нявымерная, ня будзеш ты мерана мерай чужою. У тваім царстве панавацьмуць новыя меры і вымярэньні. Там ня можа яно называцца: яна такая а такая, вабная, спакушальная, разумная а неразумная, верная а няверная прыстойная альбо бессаромная, недаступная альбо з’авантураная. А яна тым часам ведацьме, што можна сказаць і якімі катэгорыямі там думаецца, што той альбо іншы здольны сказаць і чаму. Яна заўсёды гідзілася гэтай мовы, любога штампу, які ёй навязваўся і які яна мусіла навязваць камусьці яшчэ -- спроба забойства рэчаіснасьці. Але калі прыйдзе яе царства, тады адпадзе і важнасьць такой мовы, тады гэтая мова сама сябе і спрастуе. Тады яна выйдзе, зможа пасьмяяцца зь любога выраку, і ўжо больш ня мецьме значэньня, хто там і за каго там яе прымае. Мова мужчын, як што яна зьвернута да жанчын, ужо будзе дастаткова паскудная і сумніўная; а мова жанчын будзе яшчэ горшая, няпрыстойная -- Шарлоту ўжо забірала жудасьць, з таго часу, як яна раскусіла сваю маці, пазьней сясьцёр, сябровак і жанчын яе сяброў і адкрыла, што наогул нічога, ні здагадка, ні назіраньне не адпавядала гэтай мове, фрывольным альбо цнатлівым выслоўям, прычасаным і завітым прысудам і меркаваньням альбо зітхлівым ламентацыям.

Шарлота любіла глядзець на жанчын; яны часта краналі яе альбо цешылі вочы, але яна пазьбягала, дзе б тое ні было, гутарак зь імі. Яна адчувала сябе сярод іх адасоблена, ад іх мовы, іх крыжа, іх сэрца.

Але яна навучыла б Мару гаварыць, павольна, дакладна, не падпускаючы ў звычайную гаворку ніякай сьлінявай журбы. Яна яе прывучыла б трымацца нечагась пэўнага, таго, што яна, ужо даўно, не знайшоўшы трапнага слова, называе лаяльнасьцю -- у кожным сэнсе чужым словам. Яна спынілася на іншамоўным слове, бо не магла спыніцца на яшчэ больш іншамоўным. Каханьне, любоў. Бо ніхто ня мог бы яго сабе перакласьці.

Шарлота глянула на Мару, зьверху ўніз; яна захаплялася яе кідкасьцю: уся надзея, якую яна ўскладала на гэтую постаць. Гэтую кідкасьць трэба было б цяпер здолець унесьці ў любое, самае малое дзеяньне, у новы дзень, ва ўсе дні.

Хадзем. Слухай мяне, сказала яна і патузала Мару за плячо. Я павінна ўсё ведаць пра цябе. Ведаць хачу я, чаго ты хочаш...

Мара выпрасталася, з выразам зьдзіўленьня. Яна зразумела. Ці ня было ўжо цяпер задавальненьнем тое, што яна зразумела ў гэты момант! Давай, абы прыдалося! Бо нарэшце разумее!

Нічога, сказала Мара. Я нічога не хачу. Я не палезу ў пастку.

Што гэта значыць, што ты нічога ня хочаш?

Значыць, што значыць. Нешта ж павінна я рабіць. Я таленавітая, кажуць яны, твой муж таксама так кажа. Але мне гэта не абыходзіць. Яны далі мне стыпендыю. А толку зь мяне аніякага. І наогул: мяне нічога ня цікавіць. -- Яна перавяла дых і спытлася: А цябе што-небудзь цікавіць?

О так. Шмат чаго.-- Шарлота адчула, што ня можа гаварыць далей; зноў апалі заслоны. Яна запыкала, замыкала, ня могучы набрацца адвагі выдаць сябе за аўтарытэт, згладзіць гэтую дурную плямкатню і зноў вярнуцца ў свой звыклы тон.

Ты маніш!

Перастань мне, перастань гаварыць так са мною, рэзка сказала Шарлота.

Мара ўпарціста склала на грудзях рукі і бессаромна паглядзела на яе: Музыка, твая прафесія, усё гэта ня можа цікавіць цябе. Гэта ўсё ты сабе так надумала. Любіць, кахаць -- вось і ўсё. Кахаць -- гэта ўсё. -- Яна змрочна і рашуча ўзіралася, ужо больш не бессаромна.

Шарлота зьбянтэжана мармытала: Усё гэта мне абы што. Я хацела пра іншае.

Іншае таксама лухта.

Ты хочаш сказаць, што ты лепш ведаеш, што важна?

Мара спаўзла з крэсла, уладзілася на падлозе па-турэцку і змрочна маўчала. Тады зноў пачала, як нехта, каму на ўме толькі некалькі слоў і хто гэтыя словы так настойліва паўтарае, шукаючы сабе апоры і дапамогі ў іх: Мяне проста нічога ня цікавіць. Я думаю толькі пра каханьне. І таму я табе ня веру.

Мусібыць, Мара і праўда ж не хацела нічога іншага, прынамсі, яна і ня мерылася нечым цікавіцца, яна была дастаткова сумленная, каб прызнаць гэта; і, мусібыць, яна мела рацыю, а многія іншыя, хто гэтага не прызнаваў, толькі ашуквалі сябе, старанна руплівіліся гэтым у розных кабінетах, на фабрыках і ва ўніверсітэтах.

Здаецца, Мары ўспаўзло нешта на думкі; яна нясьмела падсела: Я чула цябе па радыё, тыдзень таму. З таго канцэрта. Ты была вельмі эфектная, думаю.

Шарлота, як бы баронячыся, перасмыкнула плячмі.

Вельмі добра, сказала Мара і кіўнула. Можа, ты і сапраўды на нешта здатная, і, можа, ты любіш славу...

Шарлота бездапаможна запярэчыла: Я гэтага ня ведаю. Але можна назваць гэта і так...

Ня быць злою! -- Мара выпрасталася, нечакана абвіла рукамі Шарлоту за шыю. -- Ты цудоўная. Я зраблю ўсё, паверу ва ўсё, чаго ты хочаш. Толькі кахай мяне! Кахай мяне! Я зьненавіджу ўсё ад рэўнасьці, музыку, фартэпіяна, людзей, усё чыста. Адно буду ганарыцца табою. Дазволь толькі застацца з табою. -- Яна задумалася, апусьціла рукі. -- Так, рабі, што хоч, і як хоч. Толькі не праганяй мяне. Я ўсё дзеля цябе зраблю, буду будзіць раніцай, падаваць табе каву, браць пошту, адказваць на тэлефон, я магу табе гатаваць, з паўслова слухацца цябе, зьняць зь цябе ўсе клопаты. Каб ты лепей магла рабіць, што хочаш. Толькі кахай мяне. Кахай толькі мяне.

Шарлота схапіла Мару за локці. Вось яна, тут, яна яе мае, што і хацела мець. Яна аблічыла сваю здабычу, трафей быў ужыткоўны, быў якасны. Яна знайшла свой утвор.

Гэта была перазьменка, і цяпер яна магла пераняць увесь сьвет, назваць сваіх спадарожнікаў, устанавіць правы і абавязкі, адмяніць старых ідалаў і з ходу змакетаваць новыя. Бо гэта ж быў сьвет ідалаў, вобразаў, які, калі вымецена ўсё, што зьняцэнена і адабрана ў полаў і нагаворана пра іх, яшчэ застаецца сьветам. Ідалы засталіся, хоць роўнасьць і няроўнасьць і ўсе спробы вызначэньня іх прыроды і іх праўнасьці даўно зрабіліся пустаслоўем і заменены новым пустамалотам. Тыя ідалы, тыя вобразы, якія, нават калі збляклі фарбы і паявіліся плямы, усё яшчэ трымаліся і давалі пачатак новым вобразам. Вобраз паляўнічай, вялікай Маці і вялікай курвы, самарыцянкі, завабнай птушкі з глыбіні і яе ж, узьнесенай да зорак нябесных...

Я не ўрасла ні ў які ня ў вобраз, думала Шарлота. Таму мне і горка ад абвалу. Таму я хацела б антывобраза, і я хацела б сама яго ўсталіць. Яшчэ бязь імя. Яшчэ без. А спачатку -- зрабіць скачок, усё пераскочыць, толькі тады завяршыць свой выхад, толькі тады пад пошчак барабанаў, калі пачне падымацца чырвоная заслона і ніхто ня ведацьме, чым усё скончыцца. Са сваёй надзеі збудаваць царства. Ня царства мужчын і ня царства жанчын.

Ні тое, ні другое.

Яна не магла ўжо нічога бачыць; цяжка і стомлена абвісьлі яе павекі. Яна ня бачыла ні Мары, ні пакоя, у якім была, а бачыла толькі свой апошні нелегальны пакой, які яна цяпер павінна будзе зачыніць назаўсёды. У гэтым пакоі лунаў ён, сьцяг зь лілеямі, сьцены былі белыя, і рос гэты сьцяг. Мёртвы быў муж Франц і мёртвы быў муж Мілан, мёртвы быў Луіс, мёртвыя ўсе сямёра, чыё дыханьне яна чула над сабою. Яны выдыхаліся ўсе, шукаючы яе губоў, і каго яна прыняла ў сваё цела. Мёртвыя былі яны, і ўсе падораныя кветкі жухла шалясьцелі ў зморшчаных руках; яны былі аддадзены назад. Мара не даведаецца, ніколі ня зможа даведацца, чым быў пакой зь нябожчыкамі і пад знакам чаго яны былі забітыя.. У гэтым пакоі яны прапалі на самоце, тут луналі толькі іх духі. Яна любіла сваіх нябожчыкаў і прыходзіла сюды ў тайныя адведзіны. Бэлькі патрэсквалі, столь вось-вось праваліцца пад завываньне ранішняга ветру, дах распаўзаўся. Ключ да пакоя, гэта яна яшчэ ведала, яна насіла пад кашуляй... Яна сьніла, але яшчэ ня спала. Ніколі Мара ня зможа спытацца пра гэта, інакш яна таксама будзе сярод нябожчыкаў...

Я мёртвая, сказала Мара. Я больш не магу. Мёртвая, аж такая я мёртвая.

- - - - - - - - -

Вы даўно хацелі б, каб я пайшла, жалілася Мара.

Не, сказала Шарлота горача. Заставайся. Выпі са мною. Я проста зьнемагаю ад смагі. Застанься.

Не, ужо не, сказала Мара. Я больш не магу піць, не магу ўжо ісьці, стаяць. Я мёртвая.

- - - - - - - - - -

Ды турніце ж мяне адразу!

Шарлота ўстала; яе спаралізаванае, ператомленае цела ледзьве слухалася. Яна ня ведала, як ёй дайсьці да дзьвярэй, да свайго ложка. Яна таксама больш не хацела, каб Мара заставалася. І не хацела даваць ні сабе, ні ёй часу на роздум.

Час -- гэта ня час на роздум. У вокнах была ўжо раніца зь першым, яшчэ не ружаватым сьвятлом. Чуліся першыя шолахі першых машын, крокаў -- гулкія, цвёрдыя крокі, яны аддаляліся.

Калі яны абедзьве былі ў пакоі, Шарлота ведала, што ўжо на ўсё было позна. Яны скінулі зь сябе вопратку і леглі поруч -- дзьве прыгожыя соньніцы ў белыў абліплых кашулях. Абедзьве яны былі мёртвыя і нешта забілі. Адна пагладжвала другую па плячах, грудзях. Шарлота заплакала, павярнулася, пацягнулася па будзільнік, наставіла яго. Мара абыякава глядзела на яе. Пасьля яны абрынуліся ў сон, у навальнічныя сны.

Чырвоная спадніца ляжала пакамячаная і няпрыглядная каля ложка.