Што расьліне спорны дожджык і сонейка, тое чалавеку надзея: ён расьцьвітае, на шчоках румянец, у валасах моцнасьць, у вачах бляск, і сам сабе здаецца як бы памаладзелым на гады й годы. Так і геру супэрінтэндэнту Паўлюсу фон Айцэну, - ага бо, нарэшце, думае ён, заброду-жыду зышчацца скураю, а быў жа праклёнам і атрутай жыцьця, і празь яго, жыдавыя, у гэтым ён гатовы пабажыцца, д'ябальскія чары й змусты, зрэшты, на добры канец прыгажуня Маргрыт абернута ў саламянае пудзіла, якое людзі ставяць на страх птушкам, а была ж упоперак і яму, як пабожнаму хрысьціяніну й слузе дзяржавы.
Спытаны наконт арыштаванага, ён кажа герцагу, які яшчэ ляжыць у ложку й сьнедае, а ён, фон Айцэн, і гер тайны радца Лёйхтэнтрагер чакаюць па левы й правы бок ложка, што, вядома, ня можа быць ніякага сумненьня: блазан і рыначны збродзень, які шлындаўся па ўсёй Еўропе як Вечны альбо Вандроўны Жыд і ўмыкаў у людзей грошы з кішэні з дапамогаю прынцэсы Трапезундзкай, і Пуфэндорфаў жаўнер, які стаяў у службе ў Яго герцагскай мосьці і ў ягонай сьвіце выправіўся ў галандскі паход, і менаніцкі прапаведнік-гарлапан, які ў Цёнінгу, бы вулічны маталыга набраўся нахабства бязь ніякага сораму выступіць сьведкам перад Яго мосьці духоўным судом і перад высакародным і шматшаноўным шталерам герцага й да таго ж яшчэ з дапамогай чорнай магіі ператварыў у гароднае пудзіла ва ўсіх адносінах камплектную і статэчную бабу, - адна й тая самая асоба, а значыцца, подлы дэзертыр, зь якім трэба абыходзіцца па законах ваеннага часу; гер тайны радца, які і ў ранейшыя часы шмат разоў сустракаўся з Агасфэрам, таксама можа пацьвердзіць яго ідэнтычнасьць і ягоную ж службовую ролю ў Пуфэндорфавым войску, у якім прыпісаны А.Агасфэр пазьней быў аб'яўлены прапалым бязь вестак.
Герцаг папярхаецца на кавалку вэнджаніны й пасьля таго, як, крэкчучы й адплёўваючыся, прачысьціў горла, патрабуе ад свайго тайнага радцы далажыць, ці ня было б мудрэй прыгрэць такога штукара-чарадзея, замест каб прапускаць яго праз строй; а што да пудзіла, дык у сваім герцагстве ён ведае процьму баб, якіх, размаляваных і расфуфыраных, хоць цяпер станаві ў любы гарод, так і так яны ўжо пажухлі й перасохлі - на іншы ўжытак негадзяшчыя. Але Лёйхтэнтрагер, зірнуўшы на Айцэна, аж той жахнуўся, кажа герцагу, што арыштаваны, шчыра кажучы, ня ўтрымліваецца пад вартай як чарадзей і чарнакніжнік; за ім проста прыглядваюць і назіраюць; чалавек сядзіць на ланцугу й гадзінамі вядзе нейкія перагаворы зь нейкім рэбэ Ёшуа, гэта жыдоўскі назоў нашага Ісуса.
Герцаг Адальф палохаецца: ад чалавека, які мае такія сувязі й зносіны, лепей трымацца далей, хай ім займаецца супэрінтэндэнт; але Айцэн раіць прыняць справу так, якою яна бачыцца цьвярозаму воку, чалавек быў у войску й больш ня ёсьць, дзе былі б тыя войскі на княскія войны, калі б кожны ўцякаў зь іх, калі яму засьвярбіць? Такое абгрунтаваньне, думае герцаг, нязгорш-такі, і ён бурчыць, што ж хай Агасфэр будзе прапушчаны праз строй іншым на пострах і геру супэрінтэндэнту на ўцеху. І як што герцаг ужо дасьнедаў, піва дапіў, ён ківае слузе, і той прыносіць яму тазік, ён абмывае рукі, доўга й грунтоўна, і кажа:
- Вы пазналі яго, Айцэн, і назвалі яго й паказалі на яго пальцам, дык глядзіце ўжо самі, як яно там далей.
Калі гер супэрінтэндэнт чуе гэта, яму робіцца млосна на сэрцы, ён азіраецца на прыяцеля Лёйхтэнтрагера, ці не паможа ён яму й цяпер; але вочы ў таго як мармур, а твар як ляднік, і калі ён пытаецца ў герцага, колькі ж разоў прапусьціць Агасфэра праз строй, два разы, чатыры разы, восем разоў, і герцаг, цяпер ужо знуджаны, кажа восем разоў, Айцэн ведае, што гэта сьмяротны вырак. Але адначасова таксама думае, ну, вось цяпер і выявіцца: сапраўды Агасфэр - Вечны Жыд ці не й ці праўда ён асуджаны нашым Госпадам Хрыстом жыць да яго канчатковага вяртаньня, яму ўсё адно ў такім разе нічым не абыдзецца, акрамя добрай лупцоўкі; калі ён сапраўдны шавец і цёмны дзялок і махляр, які пасьвіўся на людзкой даверлівасьці ды яшчэ й з Маргрэт вычвараў, што вычвараў, пакуль яна не ператварылася ў саламянае пудзіла, дык так яму й трэба, дык і не заслугоўвае нічога іншага, як быць забітым кіямі да сьмерці. Супакойваючы такім чынам сваё сумленьне, ці што там яшчэ замест яго ён носіць у грудзях, ён наступную ноч ціхамірна сьпіць, пасопваючы каля сваёй жонкі Барбары, і як што яна адчувае пад раніцу замілаванасьць і адпаведна дае яму цыцы й чагосьці яшчэ, гэта яму амаль удаецца; але як толькі яна пачынае варочаць кашчавымі клубамі й яго ўжо добра разьбірае, ён думае, што й на яе шыі нібыта бачыць крывавае колца, і спалохана адсоўваецца й садзіцца на ўскрайку ложка ў нагах, трасучыся і трымцячы й закаціўшы вочы; а яна думае, што яму заклініла штуку, і пытаецца:
- Як там у цябе, усё як сьлед, Паўль, яшчэ здаровы, і на сваім месцы, Паўль?
І ён спазнае, што яна ўсё яшчэ ў целе, хоць і ў худым, і з аднаго кавалка, бо яшчэ ніколі ніхто ня чуў, каб гаварыла адна галава, апрача хіба каня Фалады, але тая была прыбітая. Таму бурчыць, што за дурныя пытаньні й як там са сьняданкам; дзень сёньня будзе цяжкі, бо якраз падчас вячэрні аднаго там прагоняць праз строй, а герцаг хоча, каб ён, як вышэйшы прадстаўнік царкоўнага аўтарытэту аказаўся хлопцу духоўнай падтрымкай. Барбара звоніць служанку, і яны разам гатуюць Айцэну сьняданак, пасьля якога абсмокчаш усе дзесяць пальцаў, мучны кулеш зь яйкам і распушчаным маслам і півам і каўбасой і сьвежым хлебам; але тым ня меней яму нешта ня лезе ў рот, і ён адсоўвае ад сябе сьняданак; так і за рабочым сталом нічога ня йдзе ў руку, ні нядзельная казань, якую ён мяркуе сказаць у саборы паводле Лукаша 18, верш 10, пра пыхлівага фарысэя, які выхваляецца тым, што два разы на тыдзень посьціцца й аддае Богу дзесяціну з усяго, што набывае, тым часам як бедны мытнік можа толькі вымольваць у нябеснага айца літасьці за свае грахі, на што Ісус кажа: Кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца, ані пісьмо да пастара Ёгана Хрысьціяна ў Лёйце, якому Барбара паслала тры дзясяткі яек, бо скардзіцца, што ў яго пяць сыноў і тры дачкі, якім усім хочацца ням-ням, а ў Лёйце так усяго мала, хлеба няма, піва таксама няма, і таму ён цяпер хацеў бы мець яшчэ й кірху ў Боэлі, будзе прапаведаваць карацей, піша ён, два разы па дзесяць запаведзяў было б дастаткова, калі б дарога не такая доўгая, а на сымболе веры і sacramenta ён, так бы мовіць, падхалтурваў бы дадаткова да асноўнай казані. Аполудні Айцэну сапраўдная пакута; як бы ўсмакавала курачка, што яму прапануецца, далікатна запечаная, прыемна духмяная, калі ён думае, што яго чакае наперадзе: гэта першы раз, калі ён афіцыйна прадстаўлены на прагонцы пад шпіцрутэнамі, а ў яго ж душы струны танчэйшыя, чым у большасьці, ён чалавек міру й вучэбнага кабінета, а не гарласты, цьвёрдаступны палявы прапаведнік; але ніяк немагчыма адмовіць герцагу, калі Лёйхтэнтрагер, яго асабісты добры прыяцель і сябар, аж так вельмі прыбліжаны да Іх мосьці.
Так усоўваецца ён, як што ўжо блізіцца трэцяя гадзіна пасьля полудня, у сваю чорную хабіту зь белым каўняром; бярэ з сабой і срэбраны крыжык, каб злачынец, перш чым вырупіцца ў цяжкую дарогу, мог пацалаваць яго, хоць няма пэўнасьці, што жыд захоча рабіць гэта. І прыйшоўшы на рыначны пляц, там ужо вялікі натоўп; такое ўражаньне, быццам стлуміўся цэлы горд Шлезьвіг перад крывавым месцам, - дзеці, мужчыны й старыя, з жанкамі, каб пацешыцца з ваеннай гульні, якая павінна там адбыцца. Сцягнутыя ўжо й жаўнеры, выбраныя паводле росту, каб удары шпіцрутэнамі таксама клаліся ў правільным парадку, каб ня было так, што даўгалыгі злачынец мецьме супраціўнікам ніжэйшага; толькі хлопчыкі тамбурысты, якія павінны будуць сыпаць пошчак падчас працэдуры, у сваіх стракатых куртах, як зласьлівыя гномы, снуюць, скачуць, мацней падцягваюць скуру на барабанах, каб гучаньне было добрае. І жаўнеры, заўважае Айцэн, у кароткіх мундзірах, пры ўсёй скураной сваёй збруі, але бяз зброі; інакш многія зь іх, магчыма, захацелі б, падазраючы, што й іх чакае такая самая доля, як і асуджанага, павярнуць мячы і ўтварыць фронт супроць сваіх капралаў і афіцэраў і супроць гера супэрінтэндэнта. А над усім гэтым вісіць неба, шэрае як сьвінец, з хуткаплыннымі хмарамі, якія ледзь не напаўзаюць на дахі дамоў і не спавяшчаюць нічога добрага.
Тым часам гер прафуз палка, які ўсім камандуе, бачыць гера супэрінтэндэнта й падыходзіць разам з суб-прафузамі, да яго, вітае ветлівымі словамі й запрашае на чарку пасьля выкананьня абавязку.
- Яна вам спатрэбіцца, сьвяты гер доктар, - кажа ён зь лёккім «хо-хо» і «ха-ха», - выгляд у вас ня дужа здаровы.
А суб-прафуз з такім самым «хо-хо» і «ха-ха» ляпае Айцэна па плячы, аж у таго ледзь калені не падсядаюць. Пасьля чаго прафуз дае знак, і афіцэры й капралы становяць сваіх людзей у два рады, адзін рад у трыста футаў даўжынёю, тварам да такога смага другога; маміж імі праход, вуліца, шэсьць крокаў ушыркі, і жаўнеры на невялікай адлегласьці адзін ад аднаго, але так, каб кожны мог добра замахнуцца.
- Ідзіце за мною, сьвяты гер доктар, - кажа прафуз, - гер суб-прафуз стаіць у тым канцы «вуліцы» і пасылае да нас хлопца, каб вы, калі ён дойдзе да нас яшчэ жывы, маглі сказаць яму ваша «пахвалёны будзь».
Прынесьлі дубцоў, сьвежа нарэзаных зь вербаў унізе каля рэчкі Шляй і акораных, чатыры кашы зь пяцьцюдзесяцьцю дубцамі, кожны дубец даўжынёю ў чатыры з палавінаю футы й таўшчынёю зь вялікі палец мужчыны. Прафуз асабіста дастае з каша то адзін дубец, то другі й прабуе яго, прасьвістваючы ім у паветры па драўляным слупе, наверсе якога лунае герцагскі трыкалёр, чырвона-бела-блакітны штандар, каб ён мог чуць, як сьвішчуць дубцы, і бачыць, як яны будуць шморгаць па целе няшчаснага грэшніка, калі ён пабяжыць па вуліцы.
На вежы сабора прабіла тры гадзіны, і шум і галасьня на пляцы ўлегліся і спакваля аціхлі зусім. Адтуль, дзе Гаторпская вуліца ўліваецца ў рыначны пляц, паказаўся эскорт, дванаццаць конных з аголенымі шаблямі, пасярдзіне іх на возе з драбінамі з кучарам-гіцлем, злачынец, стоячы на поўны рост са зьвязанымі рукамі, бледны як сьмерць, але зь цьвёрдым позіркам паўзьверх застылага ў чаканьні натоўпу. Так і едуць яны сярод людзей, праз натоўп, які толькі неахвотна расступаецца перад конямі, аж туды да чалавечай «вуліцы», якую ён павінен прайсьці восем разоў, чатыры разы туды, чатыры разы назад і за кожным разам атрымаць дзьвесьце шпіцрутэнаў па сьпіне, кожны ўдар лічаны й разьмераны, бо за кожнымі двума жаўнерамі стаіць капрал, які сочыць, каб па слабасьці альбо са спагады ня сьвіснуў слабы ўдар. Два слугі прафуза сьпіхваюць ліхамысьніка з воза, і вось ужо яны стаяць адзін супроць аднаго, гер супэрінтэндэнт і Агасфэр, Агасфэр толькі ў кашулі й портках, і неяк раптам Айцэну не стае сілы зірнуць таму ў вочы, ён апускае галаву, і тут бачыць босыя скалечаныя ногі з тоўстымі закарэлымі ступакамі, якімі яны зрабіліся ў жыда за паўтары тысячы гадоў вандраваньняў, і яму на душы так, быццам ён павінен упасьці на калені перад асуджаным і цалаваць яму ногі, але тут прафуз штурхае яго ў бок і кажа:
- Маліцеся, сьвяты гер доктар, маліцеся!
І Айцэн ломкім голасам пытаецца ў Агасфэра, ці ня хоча ён паспавядацца й атрымаць дараваньне, і хоць той стаіць моўчкі, Айцэн лічыць яго маўчаньне за згоду й пачынае:
- Усемагутны Божа, Айцец мілажальны, я бедны, гаротны, грэшны чалавек прызнаю табе ўсе мае грахі й ліхадзействы, якія я ўчыніў помыслам, словам і ўчынкам, чым прагнявіў цябе й заслужыў у цябе кару прысна і навекі вякоў.
Але з гэтага месца далей гаварыць ня можа, бо раптам яму прыходзіць у галаву, што ён, бадай, больш моліцца за сваю шчаснасьць, чым за шчаснасьць ліхамысьніка, і падымае вочы ўгору да неба ў надзеі, што суцяшэньне прыйдзе адтуль, але позірк яго падае на твар Агасфэра, няўмольны й поўны цьвёрдасьці й насьмешкі, і зноў яго забірае злосьць на жыда, які заўсёды рабіў яму насуперак і прагнаў нашага Госпада Хрыста ад сваіх дзьвярэй, калі той толькі хацеў трошкі адпачыць ад крыжа, і ён пасьпешна завяршае, толькі дзеля таго, каб выканаць прафузаў наказ, і камячыць тэкст, як Бог дзеля сваёй міласэрнсьці й дзеля бязьвінных горкіх пакутаў і сьмерці свайго любаснага сына Ісуса Хрыста да нас, бедных грэшных людзей, хоча быць літасьцівым і мілажальным і дараваць нам усім нашыя грахі й даць нам моцнасьці духу дзеля нашага паляпшэньня. Аман.
Пасьля чаго прафуз абвяшчае, што годзе пабожных слоў, і што ваенная юстыцыя і прагны да відовішчаў люд хочуць таксама дастацца да свайго права. Два слугі становяць Агасфэра якраз на пачатку «вуліцы» тварам у яе, і прафуз камандуе, і голас яго гучыць далёка:
- Гатова да прабегу вуліцы - марш!
Агасфэр бачыць перад сабою бясконцую «вуліцу», справа жаўнеры, зьлева жаўнеры, вочы, вочы, вочы, два муры з вачамі, і ўсе глядзяць на яго, і паднятыя для ўдару дубцы, якія далей здаюцца ўсё больш кароткімі, пакуль усё, вуліца й жаўнеры й прылады, ня ўліваецца ў адну чорную пропадзь, якая праглыне яго. Спачатку ён адчувае кожны ўдар так, быццам дубец апаясвае яго, і кожнага разу яму займае дух, і ён адчувае, як набухае й лопаецца скура й выступае кроў, густая і гарачая. Пасьля боль зьліваецца ў хвалі, якія пракочваюцца па ім і душаць, пакуль ён ня ўскрыквае, як зьвер, крык разьдзірае горла, вочы лезуць з вачаніц, мяса на сьпіне лопаецца й рвецца, а канца вуліцы ўсё яшчэ няма. Міласэрнасьці, шэпча ён, і ведае, што ніхто яго ня чуе, а калі б і пачуў, не ўмілажаліўся б, і хістаючыся тупае далей, і зноў удары, зноў посьвіст дубцоў, кляск, які ўжо ён чуе, быццам гэта не ягоная сьпіна, якая прымае ўдары, не свае мускулы, якія разрываюцца валакно за валакном.
Вось, нарэшце, дайшоў. І ўсё яшчэ жыве. Ён дыхае з хрыпам, сэрца ў грудзях дзіка б'ецца, боль вакол яго ўсяго як паліто з жару. Але тут ужо паказваецца гер суб-прафуз і хапае яго пяцярнёй, паварочвае й высьпяткам пасылае назад у вуліцу. Ён спытыкаецца, падскоквае. Што ён яшчэ можа бачыць каменьне пад нагамі, зьдзіўляе яго самога, можа чуць глухое віраваньне барабанаў, думаць можа, столькі крыві, колькі ж крыві ў чалавеку. Яго сьпіна суцэльнае чырвонае месіва: кашуля, скура, чырвонае мяса; скора аголяцца косьці, ясна. Пасьля, калі падымае галаву, каб разгледзецца ў страшнай дарозе, ён бачыць Айцэна, чорнага й малюсенькага ў аддаленьні, але ён робіцца ўсё большы й большы, з кожным крокам падрастае, з кожным ударам, рысы твару робяцца больш пазнавальныя, востры нос, сьцяты рот, маленькія бліскучыя вочы. І калі ён падыходзіць да яго, апускаецца яшчэ апошні ўдар на ягоныя плечы, ён падае на калені перад ім і просіць, кусаючы губы:
- Дайце мне адпачыць крыху каля вас, бо я ў ранах і змогся да сьмерці.
Словы гэтыя Айцэн ведае добра, і раптам яму зноў робіцца страшна і ўжо нічога іншага ня хоча, як толькі адпусьціць жыда з вачэй, з жыцьця, і ён выкрыквае:
- А што вы сказалі, калі наш Гасподзь Ісус прыйшоў да вас з крыжам на сьпіне й папрасіў у вас таго самага.
- Я, - кажа Агасфэр, спрабуючы ўсьміхнуцца, - любіў рабі.
Айцэн крывіць твар; гнеў Госпада адолеў яго за такую жыдаву крамолу:
- Прэч, сказаў ты, і прагнаў нашага Госпада Ісуса ад тваіх дзьвярэй, і ён пракляў цябе...
І змаўкае, бо Агасфэр падняўся і стаіць перад ім, увесь у крыві, і падымае руку й кажа, тым часам як геры прафузы разьзяўляюць пашчы ад зьдзіўленьня:
- Будзьце ж праклятыя і Вы, Паўлюс фон Айцэн, і чорт возьме вас, гэта так жа пэўна, як і тое, што Вы цяпер тут бачыце мяне, і я буду пры тым, калі ён прыйдзе, каб забраць Вас.
Пасьля гэтых слоў ён паварочваецца не марудзячы, назад у вуліцу, і калі на яго падае ўдар, на небе разрываюцца хмары, і ляскае маланка, і падымаецца вецер, і многія кажуць, што Бог даў азнаку, і ліхі будзе канец з Садомай і Гаморай на рацэ Шляі.
Пазьней, калі ўжо ўсё скончылася, пры восьмым праходзе вуліцы, гер прафуз пхнуў ботам труп ліхамысьніка й такім чынам пераканаўся, што той мёртвы да сьмерці, пасьля чаго абвясьціў:
- Атрад - увага! Кара закончана! - і жаўнеры памаршыравалі з трупам на драбінах, і дождж змыў з бруку кроў Агасфэра, і былі спалены шпіцрутэны на вогнішчы на рыначным пляцы, яны гараць дрэнна й дымяць і сьмярдзяць, думае Айцэн, яму здаецца кашмарным сном і ўсё гэта разам і тое, што хлопец быў толькі прахадзімцам і махляром, бо сапраўдны Агасфэр ніколі ня мог бы памерці насамрэч, нават пасьля восьмага праходу вуліцы.